A R C H E П а ч а т а к № 4 (67) - 2008
Пачатак  Цалкам Форум


4 — 2008

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура

 


эсэістыка

  Аляксей Бацюкоў

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2008)
   ARCHE (1-2’2008)

   ARCHE (12’2007)
   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Бацюкоў
Эсэ пра беларусаў

Пішу эсэ. Набраў. Сьцёр. Набраў. Сьцёр. Паніка. Для аўтара няма нічога горшага, чым адсутнасьць сублімацыі. Нішто не выходзіць празь мяне, я перастаў быць зьвяном паміж космасам і людзьмі. Я перастаў належаць ім адначасова! Я чалавек. Значыць, у мяне ёсьць несьвядомае. Значыць, яно сублімуецца. Значыць, празь мяне нешта пачынае выходзіць.

Набраў.

Калі ірляндцы дбалі пра сваю нацыянальную ідэю, яны бачылі яе ў элінізацыі сваёй культуры. Ніяк не адкручуся ад гэтай думкі. Скіраванасьць у будучыню заўсёды бывае такой — у выглядзе культурнага праекту з дакладна ўсьвядомленымі гістарычнымі каштоўнаснымі элемэнтамі. Калі ірляндцы захацелі стаць нацыяй, ім спатрэбілася стаць элінамі, а значыць, перастаць быць ірляндцамі. Калі беларусы не задаволеныя сабой, ім трэба перастаць быць сабой, а стаць іншымі. Таксама элінамі, напрыклад. У іх усё роўна гэта ня выйдзе, другіх элінаў быць ня можа. Але беларусамі яны перастануць быць, стануць іншымі. Будуць глядзець на сябе і зьдзіўляцца, радавацца, знаходзіць у сабе новае. А значыць, палюбяць сябе. І ім стане да аднаго месца, ці любяць іх іншыя. Гэта вычварны нарцысізм — любіць сябе за тое, што ты спадабаўся камусьці яшчэ.

І хрэстаматыйная беларуская гасьціннасьць — гэта толькі счарсьцьвелая корка на глыбінным нарцысізьме беларуса. Мы любім падабацца іншым, мы хочам падабацца, мы падабаемся ім, наталяючыся сваёй лагодай. «Мы — ваша туга па нашай шчырай радасьці вас бачыць». Першым словам зь вялікай літары, хочаце ня хочаце, тут было Мы. Як і любы, беларускі нарцысізм у сваёй прыродзе мяшае шляхотную фанабэрыю з эгаізмам, за часы супраціву зь невысакароднымі супернікамі завуаляванымі ў сялянскую пачцівасьць. Вось толькі за гэтую фанабэрыю беларусаў чакала помста — асьляпленьне масаў, згуба сувязі паміж першаснай задачай традыцыйнай маны іншага і захапленьнем ад эфэкту гэтай маны. Яшчэ — навязваньне комплексу гнутых сьпінаў.

Не, мы хочам, хочам быць іншымі, толькі дзьве нашыя душы выюць на розных мовах кожную эпоху кожная пра свой шлях. Лацінства і бізантызм, або ліцьвінства і русінства — гаспадарліва думаем мы — так татальна супярэчаць адно аднаму, што проста неабходна ўтрымаць іх у сабе. І, утрымаўшы, застаўшыся сам-насам, дастаём іх са свайго неспакойнага нутра і травім іх паміж сабой, пляскаючы ў далоні.

Нішто так не супакойвае, як кубачак малака зь пячэньнем.

Тое, чаго так дбалі ірляндцы, здабылі нарэшце мы. Хіба яшчэ няясна, што менавіта мы і ёсьць той сумны фінал элінаў, што распусьціліся па сьвеце і вярнуліся самі да сябе ў сваіх супярэчнасьцях.

Сьцёр.

Беларусы як дух сьвяты ў нашай усходнеславянскай тройцы. Ніхто не разумее, што ён робіць.

Беларусь гэта Галятэя. Кожны, хто пра яе дбае, — Пігмаліён. Пігмаліёны абляпілі яе мармуровае цела, і труць, стукаюць. І расчароўваюцца — нежывая! А што ад іх залежыць? Жыцьцё Галятэі мусяць даць не Пігмаліёны, а багі. А ад Пігмаліёнаў залежыць, якою будзе Галятэя пасьля, калі багі дадуць ёй жыцьцё, — прыгожая ці не.

Расчараваньне эпохай — яна зьменлівая. Расчараваньне Беларусяй — яна выцякае скрозь пальцы. Яна існуе, яна бытуе, але ніхто ня ведае, што за субстанцыя забясьпечвае гэтае бытаваньне. Космас, Бог, людзі?

Магчыма, Беларусь стала вынікам чыйгосьці валявога намаганьня. Тады справядлівасьці няма ў сэнсе яе жыцьця, а ёсьць толькі інэрцыя. Гнаная валюнтарыстамі, яна коціцца па зямлі, падскокваючы на купінах і пэцкаючыся ў калюжынах. Не-не, яе спрабуюць зачапіць бутсай гульцы каманды-суперніка. І ўвесь сэнс гульні — забіць гол, атрымаць сатысфакцыю, спраўдзіцца на сьвет цэлы. Беларусь вымушаная апраўдваць сваё існаваньне, дацягваючыся да нябёсаў. Магчыма, калі б на працягу гадоў пяці ніводная беларуская зборная, і ніводны беларускі спартсмэн, і ніводны беларускі музыка, і ніводны беларускі ніхто не перамог бы дзе-небудзь, дзе былі б ня толькі беларусы, а наадварот, заўсёды яны займалі б толькі апошнія месцы, гэта паставіла б у грамадзтве пытаньне пра мэтазгоднасьць існаваньня самой нацыі? Калі так, то беларусы — гэта цудоўны, проста фантастычна цудоўны матэрыял для нацыятварэньня, бо лёгка адмаўляючыся ад свайго, ён лёгка прымае чужое, а значыць, сваё ён лёгка пачынае ўважаць за чужое, якое ў сваю чаргу лёгка зможа прыняць як сваё. Запісваю ў штодзёньніку на наступную пятніцу — трэба гэтым сур'ёзна заняцца.

Я думаю, што кожнаму сьвядомаму беларусу трэба ўзяць на сябе дадатковы грамадзянскі абавязак і стварыць аднаго-двух сапраўдных беларусаў. Для гэтага можна ўзяць любога звычайнага чалавека і праводзіць зь ім вопыты. Трэба часта зь ім бачыцца, да такой ступені часта, каб выведаць у ім усё, асабліва думкі. Трэба выклікаць яго на размовы пра культуру і каштоўнасьці, і запісваць яго рэакцыі ў адмысловы журнал. Гэты журнал неабходна будзе пастаянна перачытваць, каб заўважаць асноўныя тэндэнцыі ў зьменах яго сьветапогляду. Пасьля абагульненьня падобных назіраньняў вялікай колькасьці выхавацеляў зьявіцца магчымасьць распрацаваць агульныя мэтадычныя рэкамэндацыі, што палегчыць і пашырыць падобную практыку ў грамадзтве. Адзін-два беларусы на год — атрымай грамату. А калі тыя ў сваю чаргу выхаваюць аднаго-двух, табе мэдаль. Гэта ж можа атрымацца цэлая нацыянальная піраміда.

Праўда, для гэтага беларусам патрэбны свой ордэн езуітаў, свая масонская ложа. Таемная арганізацыя Пігмаліёнаў.

Вернемся.

Калі кажуць, што беларусы гэта, сутнасна, русіны ВКЛ, то я ня бачу ніякай супярэчнасьці, калі адначасова іншыя сьцьвярджаюць, што беларусы гэта спадчыньнікі ліцьвінскай славы. Таму што, нагадваю, беларусы як хамэлеоны, сёньня русіны, заўтра ліцьвіны. Русінамі больш нецікава, хлоп, і Міцкевіч наш. Дзе што дрэнна валяецца, беларусы падбяруць, абдуюць, паставяць на палічку. Падыдзе хто іншы, скажа: «Гэта маё!», а беларусы яму: «Цьху, чорт, на, забірай» — і вачыма па падлозе. Нішто так не ўзбуджае беларуса, як чужое, якога яму захацелася.

За беларусамі трэба заўсёды сачыць. То выйграюць што, то народзяць каго. Здаецца, нічога ў іх такога гэткага няма, а тут раз, на табе 2:0.

Магчыма, Беларусь і беларусаў стварыў Бог. Калі ўдумацца, мы працягваем яго праект. Калі дапусьціць думку, што пачынальнікі эўрапейскай цывілізацыі гэта не эліны ўсё ж, а габрэі, то зноўку на табе — на нас эўрапейскі сьвет клінам у выніку і сышоўся. Ёсьць яшчэ ўкраінцы, якія маглі б на гэта прэтэндаваць, скажаце вы, але ж не, украінцы гэта не адзін народ, а два, тады як беларусы — адзін. Імі толькі займацца трэба і даглядаць, каб не запаўзьлі куды.

Усё, вырашана. Трэба ордэн пігмаліёнаў. Якія прапановы?

  (нар. у 1977 у Магілёве) — эсэіст, журналіст і пісьменьнік. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова, асьпірантуру БДУ. Працаваў на Магілёўскай абласной тэлевізіі, цяпер старшы выкладчык Беларуска-Расійскага ўнівэрсытэту. Сталы аўтар газэты «Наша Ніва» і часопісу «ARCHE».
   
Яшчэ трэба правесьці конкурс на ўзорнага беларуса. Няхай гэта будуць гістарычныя пэрсанажы, сучасьнікі не заслужылі. Зянон? Ён уцёк.

Можна Каліноўскага, але будуць праблемы. Яшчэ я прапанаваў бы селяніна, удзельніка казацкага паўстаньня, якога схапілі шляхцюкі ў палон. Пра яго тут¹ піша Вітальд Бярнацкі: «чым больш яго мучылі, тым менш гаварыў і папросту, зубы сьцяўшы, маўчаў». Вось чаму. Я прапанаваў бы яго, бо ён ваяваў і загінуў за народ. Не за дзецюкоў у палацава-замкавых комплексах, якія заўтра-пасьлязаўтра стануць пшэкаць, калі яшчэ не пачалі, і нос вярцець ад мужыка, а за гэтага самага мужыка. Да таго ж гэта просты і мужны чалавек, яго мужнасьць будзе зразумелая кожнаму.

Дзеля чаго гэта ўсё. Пры наступным пэрманэнтным канцы часоў сыдуцца ў вырашальнай бітве захад і ўсход. Будзе іх усіх пароўну, адны толькі беларусы застануцца пасярэдзіне, не далучаныя ні да каго. І пачнецца бітва. І беларусы ўздымуць зброю. А калі ня стаць ім на чыйсьці з бакоў, біць гэтай зброяй прыйдзецца сябе. Разам з тым — а можа, так і трэба?

¹ Бярнацкі В. Паўстаньне Хмяльніцкага: Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648-1649 гг. // ARCHE. 2008. № 1-2. С. 63.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (67) 2008

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/11/18