Адкрыцьцё амбасады Эўрапейскага Саюзу, паступовае пацяпленьне стасункаў зь некаторымі эўрапейскімі дзяржавамі, павелічэньне таваразвароту з ЭС чарговы раз абуджаюць у пэўнай часткі беларускага грамадзтва надзею на эўрапейскую будучыню для нашай краіны, якая бачыцца найперш у пэрспэктыве сяброўства ў Эўрапейскім Саюзе. Такая прага Эўропы сталася для дэмакратычай супольнасьці беларусаў настолькі звыклай і натуральнай, што большасьць зь іх перастала задавацца пытаньнем пра мэтазгоднасьць гэткага кроку для краіны. У гэтым невялічкім эсэ я паспрабую паказаць, што пытаньне пра эўрапейскую інтэграцыю Беларусі зьяўляецца нашмат больш складаным, чым падаецца на першы погляд, і што на пачатку гэтага шляху мы мусім самім сабе адказаць на цэлы шэраг няпростых пытаньняў, каб потым не апынуцца там, дзе апынацца мы зусім не плянавалі.
Інтэграцыя: інтэлектуальная мода ці нацыянальная традыцыя?
Беларусаў апанавала мода на інтэграцыйны дыскурс. Бадай кожны выступ маладых і ня надта маладых незалежных і залежных беларускіх дасьледчыкаў падчас навуковых канфэрэнцыяў пачынаецца з фразы «Ва ўмовах глябалізацыі...» ці «Сусьветныя інтэграцыйныя працэсы патрабуюць...». І гэтак ня першы год. Палітычныя эліты постсавецкіх дзяржаваў гэтаксама схільныя пераацэньваць важнасьць працэсаў інтэграцыі ў міжнародных дачыненьнях, што можа быць вытлумачана фантомным болем, які застаўся пасьля распаду СССР. І хоць прайшло багата часу, савецкая рэчаіснасьць паціху забываецца, разбудоўваюцца інстытуты новых незалежных дзяржаваў, усталёўваюцца міжнародныя стасункі, прага інтэграцыі не пакідае галовы і сэрцы людзей, што прымаюць палітычныя рашэньні, і тых, хто пра гэтыя рашэньні толькі марыць. Інтэграцыя гэтая можа быць разнавэктарная і нават шматвэктарная, але яна абавязкова прысутнічае ў публічным дыскурсе.
Інтэграцыю, як вядома, можна разумець дваіста: як збліжэньне паміж дзяржавамі ў розных сфэрах жыцьця, інтэнсіфікацыю эканамічных, палітычных, культурных і іншых сувязяў або як удзел у наднацыянальных аб’яднаньнях або арганізацыях, што прадугледжваюць абмежаваньне сувэрэнітэту ў пэўных галінах. У нашай частцы Эўропы дамінуе менавіта другое разуменьне інтэграцыі. Калі ўжо інтэгравацца, дык да канца. І калі не з Усходам, дык з Захадам. То бок з Эўропай. Але абавязкова інтэгравацца. Гэта дастаткова дзіўна для краінаў, якія толькі-толькі вызваліліся з аднаго інтэграцыйнага аб’яднаньня і дэкляруюць неабходнасьць захоўваць незалежнасьць і сувэрэнітэт.
Некаторыя беларускія дасьледчыкі сьцьвярджаюць пра наяўнасьць у беларускім мэнталітэце гэтак званай унійнай традыцыі, якая прымушае беларусаў, якія маюць небагатую на рэсурсы тэрыторыю і транзытнае геаграфічнае становішча, уключацца ў больш вялікія палітычныя канструкцыі, каб падвысіць узровень уласнай бясьпекі і дабрабыту. Такая рыса нашага мэнталітэту прымушае нас, у прыватнасьці, уступаць у адносіны неэквівалентнага абмену з Расеяй («газ у абмен на пацалункі») або дамаўляцца з Украінай пра мытны саюз.
Як бы там ні было, але інтэграцыйны вірус (або ген) прымушае нас шукаць кірунак для аб’яднаньня. Дэмакратычная супольнасьць пастанавіла: «Беларусь — у Эўропу».
Матывы
Ня мы першыя задаемся пытаньнем, навошта далучацца да Эўрапейскага Саюзу. Гэты шлях ужо прайшлі многія эўрапейскія нацыі, а некаторыя праходзяць яго цяпер. Але матывы далучэньня ў тых, хто ўжо там, крыху адрозьніваюцца ад матываў тых, хто яшчэ на парозе ці толькі зьбіраецца з духам пагрукаць у эўрапейскія дзьверы. «Старая» Ўсходняя Эўропа кіравалася на шляху эўраінтэграцыі наступнымі матывамі:
— далучэньне да заходняй цывілізацыі і рэалізацыя жаданьня «вярнуцца» ў Эўропу;
— уступленьне ў Арганізацыю Паўночнаатлянтычнай дамовы дзеля атрыманьня гарантыяў бясьпекі (у першую чаргу ад ЗША);
— канчатковы і незваротны выхад з расейскае сфэры ўплыву.
Палітычныя эліты (у выпадку Беларусі — контарэліты) краінаў «новай» Усходняй Эўропы маюць троху адрозныя матывы:
— канчатковае разьвязаньне праблемы геапалітычнай ідэнтычнасьці праз уваходжаньне ў эўраатлянтычныя структуры;
— завяршэньне працэсу фармаваньня нацыяў праз далучэньне да шматнацыянальнай Эўропы;
— выхад з расейскага культурнага і інфармацыйнага поля;
— паляпшэньне стану эканомік пры дапамозе датацыяў Эўрапейскага Саюзу;
— атрыманьне гарантыяў бясьпекі.
Як бачым, фундамэнтальная розьніца ў інтэграцыйных памкненьнях «старой» і «новай» Усходняй Эўропы палягае ў сфэры каштоўнасьцяў. Калі Польшча, Чэхія, Вугоршчына і іншыя дзяржавы апошніх дзьвюх хваляў пашырэньня цалкам падзялялі каштоўнасьці заходняй цывілізацыі і разглядалі «вяртаньне ў Эўропу» як самамэту і аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці, то для Малдовы, Украіны і Беларусі інтэграцыя ў ЭС уяўляецца ў большай ступені інструмэнтам вырашэньня ўласных эканамічных і палітычных праблемаў.
Ні для каго не сакрэт, што Эўропа ў беларускага абываталя асацыюецца перадусім з эўрарамонтам і купюрай эўра, якая даражэйшая за даляр. Недалёка ад такога разуменьня адышлі і дэмакратычныя палітыкі, якія агітуюць электарат інтэгравацца з гэтай самай Эўропай. Яны мяркуюць, што дэмакратычная Эўропа стабілізуе за іх беларускую палітычную сыстэму, што заможная Эўропа падыме за іх беларускую эканоміку, што мультыкультурная Эўропа выратуе за іх беларускую мову і культуру, што бясьпечная Эўропа гарантуе за іх бясьпеку беларускіх грамадзянаў. Мабыць у гэтым ёсьць рацыя, але што да яе Эўрапейскаму Саюзу?
Каштоўнасьці,
або Эўропа як постмадэрны канструкт
У якасьці прычынаў, паводле якіх ЭС абавязкова павінен далучыць да сябе Беларусь, прыводзяцца некалькі асноўных меркаваньняў. Па-першае, Беларусь геаграфічна знаходзіцца на эўрапейскім кантынэнце, і безь яе канчатковы праект эўрапейскай інтэграцыі ня можа быць завершаны; гэтаксама Беларусь гістарычна належыць да эўрапейскай цывілізацыі і мае далейшыя пэрспэктывы разьвіцьця толькі ў яе кантэксьце. Па-другое, Беларусь займае важнае геапалітычнае становішча, і кантроль над гэтай тэрыторыяй дае магчымасьць кантраляваць стратэгічны транзыт з Усходу на Захад. Па-трэцяе, інтэграцыя Беларусі мае важнае значэньне для бясьпекі аб’яднанай Эўропы, бо эўравыбар Беларусі аўтаматычна зьніжае бясьпеку Расеі, адначасова ўсталёўваючы кантроль над дастаткова значным паводле ўсходнеэўрапейскіх мерак вайсковым патэнцыялам.
Гэткая матывацыя мела б сэнс, калі б яна ўспрымалася як дастатковая рацыянальная ў самім Эўрапейскім Саюзе. Але палітычныя практыкі ЭС выразна нам дэманструюць, што там далёка не заўсёды кіруюцца патрабаваньнямі рэальнай палітыкі, а часта дзейнічаюць насуперак сваім стратэгічным інтарэсам. Абвяшчэньне незалежнасьці Косава яскравае таму сьведчаньне.
Прыклады апошніх пашырэньняў і перамоваў у межах палітыкі пашырэньня паказалі, што Эўрапейскі Саюз зьяўляецца постмадэрнісцкім канструктам, які фармуецца на базе сумесных каштоўнасьцяў. Перадусім гэтымі каштоўнасьцямі зьяўляюцца правы чалавека, лібэральная эканоміка, дэмакратыя. Пры гэтым эканамічныя і геапалітычныя крытэры ёсьць другаснымі. Адпаведна, прыём новых сябраў адбываецца менавіта на падставе супольнай ідэнтычнасьці і падзяляных сумесных каштоўнасьцяў. Для ЭС цяпер ня важна, дзе геаграфічна разьмешчаная краіна-кандыдат і ці ўпісвалася яна ў эўрапейскую цывілізацыю сярэднявечча. Нашмат большае значэньне мае тое, ці датрымліваюцца ў ёй дэмакратычных стандартаў, і наколькі моцна яна хоча быць Эўропай. Беларусь сёньня ня мае ні таго, ні другога, і таму шлях у ЭС для яе закрыты. Ці будзе ён адкрыты ў будучым, такім чынам, ніяк не залежыць ад пастаянных якасьцяў самой краіны (геаграфія, гісторыя, этнічны склад і інш.), але залежыць толькі ад палітыкі ўраду гэтай самай краіны. Таму эўрааптымісты могуць спаць спакойна — усе мы там будзем. Пытаньне толькі ў тым, навошта нам гэта трэба?
Навошта нам гэта трэба?
Пра моду на інтэграцыю я ўжо напісаў. Таму ў будучым нам ніяк не абмінуць маштабных і жорсткіх дэбатаў пра тое, ці трэба Беларусі далучацца да ЭС, і калі трэба, то навошта. Тут жа я паспрабую вельмі каротка і без прэтэнзіяў на паўнату пералічыць магчымыя выгады ад інтэграцыі.
Па-першае, далучэньне Беларусі да ЭС дазволіць гарантаваць далейшае дэмакратычнае разьвіцьцё краіны. Наднацыянальныя органы ЭС будуць выконваць ролю дадатковых супрацьвагаў для беларускай палітычнай сыстэмы. Эфэктыўнасьць такіх супрацьвагаў мы мелі магчымасьць назіраць на прыкладзе Аўстрыі некалькі гадоў таму.
Па-другое, сяброўства ў Эўрапейскім Саюзе дазволіць паправіць эканамічнае становішча, правесьці рэформы ў гаспадарцы, дасьць доступ да эўрапейскіх фондаў разьвіцьця. Як з розумам выкарыстаць магчымасьці, што надае ЭС, трэба будзе павучыцца ў Ірляндыі, якая за адносна невялікі прамежак часу ператварылася ў адну з найбагацейшых краінаў Эўропы.
Па-трэцяе, уступленьне ў ЭС дазволіць захаваць беларускую мову і культурную спадчыну, дасьць шанец пазьбегнуць канчатковай русіфікацыі, падключыўшыся да кардынальна іншай інфармацыйнай і культурнай прасторы, заснаванай на разуменьні важнасьці культурнай разнастайнасьці.
Па-чацьвёртае, сяброўства ў ЭС азначае канчатковы выхад са сфэры палітычнага ўплыву Расеі і далучэньне да эўраатлянтычных структураў бясьпекі. Іншымі словамі, Беларусь атрымлівае гарантыі бясьпекі ад Эўрапейскага Саюзу.
Можна пералічваць і далей, але, па вялікім рахунку, гэтыя выгады ад сяброўства ў ЭС зьяўляюцца найважнейшымі. Вядома, каб гэтыя выгады атрымаць, спачатку трэба нечым ахвяраваць. Напрыклад, прыняць іншыя (эўрапейскія) палітычныя і прававыя стандарты, адмовіцца ад часткі сувэрэнітэту ў прыняцьці ўнутрыпалітычных рашэньняў і інш.
Адваротны бок
Нельга забывацца, што ў любой зьявы ёсьць і адваротны бок. Ёсьць ён і ў Эўрапейскага Саюзу, нягледзячы на жаданьне многіх (у тым ліку і беларускіх дэмакратычных палітыкаў) бачыць у ім ідэал.
Галоўным выклікам для краіны-кандыдата зьяўляецца, безумоўна, неабходнасьць адмовіцца ад пэўнай часткі дзяржаўнага сувэрэнітэту на карысьць наднацыянальных органаў ЭС. На сёньняшні дзень гэтая частка сувэрэнітэту ўсё больш пашыраецца, ахопліваючы ня толькі эканоміку, але і ўнутраную палітыку і нават, часткова, замежную палітыку і бясьпеку. Калі для заходнеэўрапейскіх краін дэлегаваньне сувэрэнітэту адбылося вельмі паступова разам з разьвіцьцём самаго Эўрапейскага Саюзу, то новым краінам-кандыдатам прапануецца зрабіць гэта адначасна і ў большым памеры, чым гэта было на раньніх этапах пашырэньня Саюзу. Для Беларусі, якая толькі нядаўна атрымала дзяржаўную незалежнасьць і намагаецца (пакуль ня вельмі ўдала) пабудаваць эфэктыўныя дзяржаўныя інстытуты, сяброўства ў ЭС азначае пераход з адной залежнасьці ў іншую, хай сабе і не такую жорсткую.
Апрача гэтага, плата за сяброўства ў ЭС новых краінаў нашмат вышэйшая, бо яны ня ўдзельнічаюць у выпрацоўцы «правілаў гульні», а вымушаныя адаптаваць для сябе тыя тысячы старонак aquis communitaires, якія прыняў Эўрасаюз за час ягонага разьвіцьця. Гэта пакідае новым сябрам вельмі мала магчымасьцяў для манэўраў.
Колькі б там ні казалі пра роўнасьць і дэмакратыю ў ЭС, і там ёсьць краіны, якія раўнейшыя за іншых. Менавіта яны прымаюць рашэньні пра магістральныя кірункі разьвіцьця ЭС і кіруюць бягучай палітыкай, часта не прымаючы пад увагу інтарэсаў «малых» краінаў Эўропы. Прыклады, якія на слыху, — пабудова Паўночна-эўрапейскага газаправоду, сустрэча нямецкага амбасадара сп. Вайса з Лукашэнкам і інш.
Яшчэ адзін непрыемны момант, зь якім сутыкнуліся новыя сябры Эўрапейскага Саюзу, — гэта знакамітая брусэльская бюракратыя, якую некаторыя нават параўноўваюць з савецкай намэнклятурай празь яе інэртнасьць і непаваротлівасьць. Гэтая аграмадная машына перашкаджае хутка і эфэктыўна вырашаць надзённыя праблемы Саюзу — а на яе ўтрыманьне ідзе значная частка эўрасаюзаўскіх грошай.
Не спрыяе падвышэньню канкурэнтаздольнасьці ЭС і звышрэглямэнтацыя і зарэгуляванасьць тых сфэраў жыцьця, якія адносяцца да кампэтэнцыі цэнтру. Такі спосаб мэнэджмэнту ўсё больш і больш нагадвае плянавую эканоміку за саветамі. Дадайце сюды яшчэ й традыцыйна вялікія сацыяльныя адлічэньні ў большасьці эўрапейскіх краінаў, датаваньне сельскай гаспадаркі, і тады стане зразумела, чаму ЭС ня можа дагнаць ЗША па канкурэнтаздольнасьці...
Вялікую занепакоенасьць выклікае і праводжаная Эўрасаюзам і асобнымі яго сябрамі палітыка ў дачыненьні да мігрантаў — у прыватнасьці, з мусульманскіх краін і былых эўрапейскіх калёніяў. Ні для каго не сакрэт, што мігранты ўжо цяпер утварылі колькасна значныя этнічныя меншасьці ў такіх краінах, як Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Швэцыя. Гэтыя групы збольшага захоўваюць сваю культуру і не зьбіраюцца інтэгравацца ў грамадзтвы, якія іх прынялі. Больш за тое, усё часьцей чуваць галасы пра неабходнасьць палітычнага прадстаўніцтва гэтых іншаэтнічных груп і забесьпячэньне іх права разьвіваць сваю культуру і жыць паводле сваіх законаў. Пры тым, што далёка не паўсюль мігранты паводзяць сябе паважліва ў дачыненьні да краіны, якая дала ім прытулак. Патураньне гэтым групам, якое выдаецца за палітыку талерантнасьці і мультыкультуралізму, у стратэгічым пляне можа стацца самазьнішчальнай палітыкай для аб’яднанай Эўропы — і на сёньня ўжо генэруе цэлы комплекс праблемаў унутры яе.
Гэта толькі некаторыя элемэнты адваротнага боку аб’яднанай Эўропы. Але ўжо толькі яны могуць прымусіць задумацца над пытаньнем: ці вартае патэнцыйнае вырашэньне беларускіх праблемаў праз эўрапейскую інтэграцыю таго, каб ублытвацца ў яшчэ большыя праблемы?
Што рабіць?
Прымаючы пад увагу, што ў сёньняшніх палітычных варунках Беларусь ня мае ніякіх шанцаў далучыцца да ЭС і афіцыйны Менск не артыкулюе такога жаданьня, а таксама тое, што Эўрапейскі Саюз пастанавіў узяць паўзу ў працэсе пашырэньня, Беларусь мае вельмі добрую магчымасьць для таго, каб заняцца разьвязаньнем унутраных праблемаў, галоўнай зь якіх ёсьць дабудова нацыі. Бяз гэтага мы ня будзем здольныя зрабіць канчатковага геапалітычнага выбару, бо ня будзем здольныя ўсьвядоміць свае нацыянальныя інтарэсы.
Варта таксама памятаць, што вяртаньне ў Эўропу неабавязкова азначае ўступленьне ў Эўрапейскі Саюз. Вяртаньне ў Эўропу можа азначаць усьведамленьне сябе як эўрапейскай нацыі. А ўсьведамленьне сябе нацыяй немагчымае без аддзяленьня ад «іншага», якім можа быць як Расея, гэтак і ЭС або ЗША. І гэта цалкам нармальна. І ўжо пасьля замацаваньня ідэнтычнасьці можна весьці гутарку пра далучэньне ці недалучэньне да хаўрусаў. У гэткім кантэксьце паўза ў эўраінтэграцыі і аўтарытарны момант у беларускай унутранай палітыцы могуць стаць тым спрыяльным часам, які варта выкарыстаць для гартаваньня нацыянальных сілаў дзеля дабудовы беларускай нацыі ў клясычным эўрапейскім разуменьні гэтага слова. Будзем жа над гэтым працаваць.