A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (67) - 2008 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Яўген Мірановіч | ||||
Яўген Мірановіч Ці патрэбна Беларусь Еўропе? Адказ на пастаўленае ў загалоўку пытанне на першы погляд здаецца досыць простым: Беларусь як палітычны суб’ект да 1991 г. не была патрэбна Еўропе, бо ніколі не выступала ў гісторыі апошняй у такой якасці. Выключэннем можа быць хіба што перыяд ранняга сярэднявечча і эпоха Полацкага княства, якое на працягу больш як ста гадоў паспяхова супраціўлялася інтэграцыі ў рамках агульнаўсходнееўрапейскай дзяржавы — Рускага каганату, які ў сучаснай гістарыяграфіі фігуруе пад назвай «Кіеўская Русь». Полацк быў не толькі ўдзельнікам еўрапейскай палітыкі, але і важным цэнтрам эканамічнага жыцця кантынента. Яго магутнасць грунтавалася на пасярэдніцтве ў гандлі паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Захоп у канцы XII — пачатку XIII ст. вусця Дзвіны нямецкімі рыцарамі-крыжаносцамі прывёў да маргіналізацыі палітычнага значэння Полацка. Полацкае княства, гэтак жа як і Кіеўскае, было дзяржавай скандынаўскіх князёў і мясцовых славянскіх эліт. Пра Вялікае Княства Літоўскае, што потым узнікла на беларускіх землях, беларускія інтэлектуалы часта гавораць як пра форму ўласнай дзяржаўнасці, якая адстойвала беларускія нацыянальныя і палітычныя інтарэсы. У гістарыяграфіі, аднак, бракуе фактаў, якія пацвярджалі б гэты тэзіс. Ад пачатку свайго існавання ВКЛ было дзяржавай літоўскіх і жамойцкіх княжацкіх родаў, якія рэалізоўвалі свае мэты без уліку інтарэсаў рускіх князёў. Міндоўг быў паўнаўладным суверэнам над праваслаўнымі прынёманскімі землямі. Прымаючы ў 1250 г. ад вялікага магістра Лівонскага ордэна каралеўскую карону разам з хрышчэннем у лацінскім абрадзе, ён не пытаўся меркавання праваслаўных наваградскіх баяр, якія кармілі і ўзбройвалі яго дружыну. Міндоўгавы наступнікі бесперашкодна дзялілі беларускія княствы паміж сваімі сынамі і братамі. За часамі Гедыміна і Альгерда цяжка назваць хоць які лапік беларускай зямлі, што знаходзіўся б пад суверэнным панаваннем рускіх князёў. Падкрэсліваны гісторыкамі довад, што мовай справаводства і дыпламатыі ў Вялікім Княстве Літоўскім была старабеларуская, а таксама тое, што Вільня была насычана помнікамі руска-візантыйскай культуры, зусім не мяняе літоўскага характару дзяржавы. Мова і дзяржаўна-юрыдычная культура рускіх гарадоў былі пераняты «кунігасамі» чыста інструментальна, для разбудовы дзяржаўнай структуры. Гэтаксама ў старажытнасці мова і культура пакораных рымлянамі грэкаў стала трывалым элементам рымскага інтэлектуальнага жыцця, хоць ніхто не прыпісвае Рымскай імперыі, якая ўвабрала ў сябе ўвесь эліністычны свет, грэчаскіх рысаў. Нічога не вынікае і з таго, што мовай справаводства і дыпламатыі Польскага каралеўства шмат стагоддзяў была латынь. Занадта імпэтна такім элементам, як культура і мова, у выпадку Вялікага Княства Літоўскага надаецца сучаснае значэнне індыкатара культурнага характару дзяржавы ці самасвядомасці яе жыхароў. Беларуская гістарыяграфія, нават за савецкім часам, з гордасцю пісала пра перамогу рускіх, польскіх і літоўскіх войскаў над немцамі ў 1410 г. Між тым пад Грунвальдам, дзе пад сцягамі Тэўтонскага ордэна змагалася рыцарства з усёй каталіцкай Еўропы, вырашаўся перш за ўсё лёс літоўскай дзяржавы. Без Аўкштайціі і Жамойці, якія былі буферам паміж Літвой і Лівоніяй, цяжка ўявіць захаванне літоўскага дамінавання на рускіх землях. Перамога над Тэўтонскім ордэнам адсунула ад самой Літвы небяспеку, што пагражала ёй на працягу двух стагоддзяў. Пры падтрымцы саюзнай Польшчы літоўскія роды Гарадзельскім прывілеем ад 1413 г. надалі сабе выключнае права панаваць над усімі рускімі землямі, што забяспечыла ім велізарныя надзелы і вырашальную палітычную перавагу над праваслаўнымі князямі. Спроба бунту і рэалізацыі ўласных палітычных амбіцый з боку Свідрыгайлы закончылася поўным крахам. Беларуская эліта з усіх гледзішчаў апынулася ў падпарадкаваным стане. Імкнучыся трапіць у вышэйшыя слаі, яна шукала сваяцкіх сувязяў з літоўцамі або ўцякала пад маскоўскую апеку. У любым выпадку гэтаму спадарожнічала прызнанне чужога панавання і адмаўленне ад уласнай самастойнасці. Беларускія землі сталі прадметам спярша літоўска-маскоўскага, а затым польска-расійскага спаборніцтва і аб’ектам каланізацыі. Ідэя Рэчы Паспалітай была з энтузіязмам успрынята рускімі феадаламі як шанец на ўраўнаважанне літоўскіх уплываў. Фактычна гэта была унія польскіх і рускіх эліт, скіраваная супраць літвінаў. У новай дзяржаве вельмі хутка адбылася асіміляцыя як рускіх, так і літоўскіх феадалаў у польскай культуры. Бясспрэчна, Рэч Паспалітая была імперыяй, якая належала палякам. Спробы затрымаць палітычны заняпад Вялікага Княства Літоўскага праз заключэнне уніі са Шведскай імперыяй, якія рабіліся ў сярэдзіне XVII ст. Радзівіламі, скончыліся няўдачай. Ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу 1654-1655 гг. і нападу на Рэч Паспалітую казацкіх і маскоўскіх войскаў беларускія эліты ўпершыню ў новай гісторыі акрэслілі беларускае пытанне ў міжнародным маштабе. Палкоўнік Канстанцін Паклонскі, імкнучыся засцерагчы Магілёўшчыну ад грабяжоў і гвалту з боку казакаў наказнога гетмана Івана Залатарэнкі, выступіў як саюзнік цара Аляксея Міхайлавіча ад імя шляхты Белай Русі — не Літвы і тым больш не Рэчы Паспалітай. Расіі ў той час, аднак, не быў патрэбны ніякі суверэнны ці нават паўсуверэнны беларускі анклаў. Пасля войнаў з казакамі, маскавітамі і шведамі, што цягнуліся ад 1648 да 1658 гг., Літва, па сутнасці, перастала ўяўляць самастойную палітычную сілу. У 1791 г. польская шляхта прыйшла да высновы, што патрэба ў такой фікцыі, як Вялікае Княства Літоўскае, канчаткова адпала. Яго эліты думалі і гаварылі па-польску. Хто ж мог чакаць, што ліквідацыя саюзнай дзяржавы выкліча актыўнае супраціўленне гэтых самых паланізаваных эліт? Дзяржава, што існавала цалкам у рэчышчы польскай палітыкі, зрабілася, аднак, самакаштоўнай вартасцю для яе шляхты. У выніку на Таргавіцкай канферэнцыі было пастаноўлена, што гарантам існавання ВКЛ стане расійская імператрыца Кацярына II. Але Расійскай імперыі, што імкнулася да экспансіі, самастойная Літва была патрэбна выключна на час яе інкарпарацыі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі — там, дзе захавалася праваслаўе, — склаліся спрыяльныя ўмовы для русіфікацыі. На захадзе, дзе дамінавалі рыма- і грэка-каталіцызм, і ва ўмовах расійскага панавання — ад часу Паўла I аж да паўстання 1830-1831 гг. — узмацняліся польскія ўплывы. Нават дзекабрысты, якія марылі пра пабудову расійскай нацыянальнай дзяржавы — свайго роду «Расіі для расійцаў», — заходнюю частку Беларусі, дзе жыло акаталічанае і апалячанае насельніцтва, хацелі папросту аддаць Польшчы. Толькі пасля паўстання 1863-1864 гг. расійскія палітыкі звярнулі належную ўвагу на гэтую частку колішняй Рэчы Паспалітай. «Захадняросы», поруч з «велікаросамі» і «маларосамі», павінны былі скласці адно з адгалінаванняў рускага народа. Для праваслаўных эліт, якія процістаялі каталікам, гэта была вельмі прывабная канцэпцыя. Разам з магутным саюзнікам у іх з’яўлялася перспектыва атрымання дзяржаўных пасад і пашырэння ўласнага ўплыву на сваёй зямлі. Расійскія ўлады і ўсе, хто мысліў падобна да аднаго з праваслаўных беларускіх шляхціцаў Міхаіла Каяловіча, былі зацікаўлены ў тым, каб каталіцызм у Беларусі заставаўся сімвалам польскасці і чужароднасці. Беларускі нацыянальны рух, які зарадзіўся ў канцы XIX ст., не меў нават тэндэнцыі да пастаноўкі беларускага пытання ў міжнародным маштабе, як гэта спрабавалі зрабіць, напрыклад, галіцкія ўкраінцы. Усе палітычныя памкненні беларускіх эліт да 1915 г. абмяжоўваліся максімум патрабаваннем аўтаноміі ў складзе дэмакратычнай Расіі. Зрэшты, і такія патрабаванні расцэньваліся як недарэчныя нават самымі ідэйнымі расійскімі дэмакратамі. На пачатку XX ст. у праграме Польскай сацыялістычнай партыі, асабліва ў канцэпцыі Юзафа Пілсудскага, для Беларусі сапраўды прадугледжвалася нейкае асобнае месца ў палітычнай сістэме, якую мела збудаваць Польшча. Але, ацэньваючы гэтыя дэкларацыі з гледзішча пазнейшай палітычнай практыкі лідэра санацыйнага рэжыму, можна смела канстатаваць, што яны былі толькі інструментамі бягучай палітыкі. Істотна, аднак, тое, што беларускі фактар упершыню стаўся аб’ектам увагі польскай палітыкі і прынамсі на ўзроўні дэкларацый быў закліканы адыграць у ёй нейкую ролю. Упершыню ў палітычных раскладках на абшарах паміж Польшчай і Расіяй з’явілася Беларусь. Украіна, якая да таго часу заставалася ў аналагічным становішчы, павінна была, у сваю чаргу, адыграць ключавую ролю ў германскіх і аўстра-венгерскіх планах пабудовы новага парадку ва Усходняй Еўропе. Адасабленне Украіны ад Расіі і ўключэнне яе ў нямецкую сферу ўплыву магло, па сутнасці, радыкальна змяніць палітычную карту Еўропы. Дзякуючы Германіі расло таксама палітычнае значэнне Літвы як аднаго са складнікаў так званай «Mitteleuropa» і подступу да даўнейшай Курляндыі і Лівоніі. Кавалкі беларускай тэрыторыі павінны былі задаволіць амбіцыі палітычных эліт, праектаваных немцамі сумежных краін — Літвы і Украіны. Існавання Беларусі як асобнага дзяржаўнага ўтварэння не прадугледжвалася. Заняўшы ўлетку 1915 г. землі заходняй Беларусі і Украіны, а таксама ўсю Літву, немцы пачалі рыхтаваць глебу для рэалізацыі сваіх планаў. Прапановы братоў Луцкевічаў наконт аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага як супольнай дзяржавы беларусаў, літоўцаў, яўрэяў і палякаў, якія з восені 1915 г. знайшлі падтрымку часткі віленскіх яўрэяў, былі праігнараваны немцамі, літоўцамі і палякамі. Немцы, хутчэй за ўсё, не верылі, што ў эпоху ўсё мацнейшых нацыяналізмаў магчыма ўзнікненне і функцыянаванне такой федэрацыі. Палякі і літоўцы, у сваю чаргу, хацелі будаваць уласныя нацыянальныя дзяржавы. Узнікненне ў канцы 1917-га — пачатку 1918 г. літоўскіх і ўкраінскіх дзяржаўных структур падштурхнула беларускія эліты пайсці тым самым шляхам. Аднак наколькі намаганні літоўцаў і ўкраінцаў былі падтрыманы немцамі, настолькі Беларуская Народная Рэспубліка ўзнікла насуперак іх волі. Брэсцкі мірны дагавор пакінуў Беларусь у межах Расіі, адарваўшы ад яе на карысць Украіны значную частку Палесся. Абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларусі адбылося ў выніку развіцця ўнутранай сітуацыі і эвалюцыі палітычнага мыслення часткі эліт пад уплывам няўдалых спроб прызнання аўтаноміі ў межах Расіі, спачатку з боку Часовага ўрада, а потым бальшавікоў. Дзяржава без арміі і саюзнікаў не мела вялікіх шанцаў на выжыванне. Для вялікіх дзяржаў, якія вырашалі ў Парыжы лёс народаў Еўропы, Беларусь была нейкай новай праблемай, якая магла быць развязана толькі з удзелам Польшчы і Расіі. Калі б не бальшавікі, беларускае пытанне, безумоўна, залічылі б да ўнутрырасійскіх, але неабходнасць процістаяння камунізму прымушала пагадзіцца з рэалізацыяй польскіх імперыялістычных планаў на ўсходзе. Лёгкасць, з якой палякі занялі землі заходняй і цэнтральнай Беларусі, вяла да пераканання не толькі сярод мясцовых памешчыкаў, але і ў лагеры Пілсудскага, што няма патрэбы лічыцца з якім бы там ні было голасам беларусаў. Надараліся, праўда, некаторыя мясцовыя кампрамісы, накшталт арганізацыі беларускіх школ на Міншчыне, але комплекснае развязанне праблемы абяцала настаць пасля заканчэння вайны, якая вялася без удзелу Беларусі як самастойнага палітычнага суб’екта. Не было ніякіх сведчанняў, што нехта з польскага боку збіраецца ўвасабляць ранейшыя федэралісцкія планы. Наадварот, на практыцы з самага пачатку рэалізоўвалася інкарпарацыйная палітыка, якая нішчыла ўсякія структуры, што ствараліся беларускімі незалежнікамі. Бальшавікі, хочучы стрымаць працэс распаду імперыі Раманавых, які ў канцы 1917-га — пачатку 1918 г. ішоў яўна паводле этнічных межаў, былі вымушаны прызнаць нацыянальнае пытанне важным інструментам унутранай палітыкі. Утварыўшы Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (напачатку ў шэрагу варыянтаў), яны прычыніліся да таго, што беларуская дзяржаўнасць фармальна стала прадметам міжнароднай палітыкі. Хоць межы і лад гэтай дзяржавы вынікалі з бягучых палітычных патрэб кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, усё ж культурна-этнічная адметнасць Беларусі ўпершыню была прызнана расійскай цэнтральнай уладай. У гэты пераломны перыяд еўрапейскай гісторыі суверэнная Беларусь была патрэбна дзяржавам, якія ўзнікалі ў падобных абставінах і лёс якіх быў гэткі ж няпэўны, — Украіне, Літве, Латвіі, Арменіі, Грузіі. Найболей Беларусь была патрэбна Украіне, якая на ўсходзе цярпела ад атак бальшавіцкай Расіі, а на захадзе вымушана была ісці на цяжкія кампрамісы з Польшчай коштам часткі сваіх зямель і некалькіх мільёнаў супляменнікаў-галічан, найбольш, дарэчы, адданых ідэі ўласнай дзяржаўнасці. Урад Украінскай Народнай Рэспублікі, які сам знаходзіўся ў цяжкай сітуацыі, гатовы быў нават фінансава паспрыяць захаванню беларускай дзяржаўнасці. У паверсальскай Еўропе Ліга Нацый патрабавала ад уладаў другой Рэчы Паспалітай утварэння той ці іншай формы аўтаноміі для галіцкіх украінцаў. Украінскія пратэсты супраць польскай палітыкі падымалі на ногі дыпламатыю Брытанскай імперыі, лідэры якой марылі ачысціць усход кантынента ад камунізму і вялікія надзеі ў сувязі з гэтым ускладалі на развіццё ўкраінскага сепаратызму. Затое аб правах беларусаў у Польшчы, хоць бы на культурную аўтаномію, ніхто ў Еўропе не ўспамінаў. Пратэсты беларускіх дзеячаў супраць дыскрымінацыі, як таго і хацелася польскім уладам, Ліга Нацый лічыла інтрыгамі сіл, звязаных з Камінтэрнам. Пэўнай праблемай для Польшчы ў 1920-я гг. была Савецкая Беларусь, беларусізацыя грамадскага жыцця ў якой абуджала велізарныя сімпатыі з боку беларускіх насельнікаў другой Рэчы Паспалітай. Сімпатыі, у сваю чаргу, нараджалі волю да барацьбы за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з рэспублікай, кіраванай беларускімі камуністамі. БССР у руках бальшавікоў стала надзвычай эфектыўным інструментам уплыву на ўнутраную сітуацыю ў Польшчы. Толькі знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі ў Савецкай Беларусі сталася для санацыйных уладаў сігналам, які адкрываў дарогу для радыкальных метадаў вырашэння беларускага пытання ў Польшчы. У канцы 1930-х гг. у міжваеннай Польшчы практычна перастала існаваць беларускае грамадскае жыццё. Ураду ўдалося нават царкву зрабіць бязвольнай выканаўцай уласных асімілятарскіх планаў. У другой палове 1930-х гг. супалі інтарэсы Трэцяга Рэйху і ўсіх народаў, якія адчувалі сябе пакрыўджанымі або дыскрымінаванымі ў паверсальскай Еўропе. Германія была надзеяй і для польскіх украінцаў ды беларусаў. Немцы ж планавалі выкарыстаць беларускае пытанне ў сваёй палітыцы як адносна Польшчы, так і адносна СССР. Польскі ўрад, ліквідуючы беларускія нацыянальныя структуры ў Польшчы, не мог, аднак, прадухіліць стварэння антыпольскіх і пранямецкіх арганізацый за яе межамі. Не мог гэтаму даць рады і савецкі ўрад, які пад канец 1930-х гг. звёў Беларусь выключна да геаграфічнага і этнаграфічнага паняцця. У пачатку 1939 г. урад фашысцкай Германіі спрыяў узнікненню розных беларускіх арганізацыйных структур на эміграцыі — напрыклад, беларускіх рэгістрацыйных камісарыятаў, афіцыйнай задачай якіх мела быць стварэнне нацыяльных цэнтраў, неафіцыйнай жа — падрыхтоўка беларусаў на эміграцыі да выканання місіі на ўсходзе. У студзені 1939 г. у Берліне ўзнікла «Беларускае бюро даверу», мэтай якога было ўзаемнае збліжэнне беларусаў, якія жылі ў Трэцім Рэйху, а таксама спрашчэнне іх кантактаў з нямецкімі афіцыйнымі органамі. Кіраўніком «Бюро» быў Лявон Сапега — нямецкі палкоўнік у адстаўцы, кіраўнік беларускай дыпламатычнай і вайсковай місіі пад эгідай Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларускі фактар рабіўся адным з палітычных элементаў падрыхтоўкі Германіі да вайны і стварэння «новага парадку» ў Еўропе. Нямецкія вучоныя даследавалі праблемы Беларусі паабапал рыжскай мяжы гэтак жа інтэнсіўна, як і ўкраінскую праблематыку. Няма сумневу, што немцы ўспрымалі беларускую праблему з чыста інструментальнага гледзішча. Дагэтуль не з’явілася ніводнага даследавання, якое пераканаўча паказала б, што немцы мелі нейкі план утварэння хоць бы марыянетачнай беларускай дзяржавы. Яны стваралі ілюзію для нацыянальных дзеячаў, у часе вайны давалі ім пасады ў цывільнай адміністрацыі ці ў паліцыі, але рашуча знішчалі ўсіх, хто рабіў нешта, што выходзіла за рамкі звычайнай калабарацыі (як у выпадку каталіцкага святара Вінцука Гадлеўскага). Другі Усебеларускі кангрэс, праведзены ў канцы чэрвеня 1944 г., нельга лічыць крокам да рэалізацыі нейкіх беларускіх памкненняў. Гэта была спроба стварэння антысавецкай структуры, закліканай нейкім чынам затрымаць прасоўванне Чырвонай Арміі на захад. У 1939 г. Масква, шукаючы ідэалагічнай базы для будаўніцтва новай імперыі, зноў сталася выразнікам волі так званага беларускага народа. Да Савецкай Беларусі былі далучаны заходнія землі, пра якія ніколі не марылі нават самыя радыкальныя нацыянальныя дзеячы. У час вайны Сталін на перамовах з саюзнікамі атрымаў іх згоду на ўстанаўленне паваеннай граніцы з Польшчай паводле этнічнага крытэру. Беларусь, разам з СССР і Украінай, стала адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, выступаючы як асобнае дзяржаўнае ўтварэнне. Зрэшты, гэта мела толькі сімвалічнае значэнне: пасля 1945 г. Беларусь зрабілася адным з самых надзейных звёнаў савецкай дзяржавы. На працягу наступных дзесяцігоддзяў пра вольную Беларусь, як і пра заняпад СССР, не думаў ніхто ні ў Еўропе, ні ў свеце, паколькі да гэтага не было ніякіх перадумоў. Цяпер ужо менавіта Савецкі Саюз уплываў на ход падзей на палове тэрыторыі зямнога шара, у тым ліку і на ўзнікненне ці заняпад дзяржаў на ўсіх кантынентах. Выключэннем быў выдаваны ў Парыжы (з 1954 г.) польскімі эмігрантамі часопіс «Kultura». Ежы Гедройць здзейсніў крок, які прынёс яму шмат ворагаў на эміграцыі, але адначасова запачаткаваў гістарычны паварот у польскай палітычнай думцы. Некалькі наступных дзесяцігоддзяў польскія эліты прызвычайваліся да канцэпцыі выдаўцоў «Kultury», паводле якой неад’емнай умовай незалежнасці Польшчы было здабыццё суверэнітэту і правасуб’ектнасці яе ўсходнімі суседзямі. Каб заахвоціць літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў да выхаду з-пад маскоўскай апекі, логіка гэтага праекта прадугледжвала дэкларацыю аб адмаўленні Польшчы ад прэтэнзій на землі, якія ўваходзілі ў склад польскай дзяржавы да 1939 г. Цяжка адназначна сказаць, у якой ступені пад уплывам «Kultury», а ў якой — у выніку ўласных разваг да падобных высноваў прыйшла таксама польская антыкамуністычная апазіцыя. Пасля вялікага палітычнага пералому 1989 г. ідэя падтрымкі незалежніцкіх рухаў у суседніх савецкіх рэспубліках была ўжо досыць пашыраная сярод польскіх палітычных эліт. Аднак сярод членаў чарговых кабінетаў Рэспублікі Польшчы не было гатоўнасці ні паглыбляцца ў працэсы, што адбываліся за ўсходняй граніцай, ні тым больш несці нейкія ахвяры, хоць бы ў выглядзе рэсурсавай ці матэрыяльнай падтрымкі тамтэйшай апазіцыі. Палітычныя эліты ў Польшчы, як, зрэшты, і ва ўсёй Еўропе, з асцярогай прыглядаліся да працэсу распаду СССР. Праўда, у адрозненне ад Еўропы, у Польшчы значная частка палітыкаў з надзеяй вітала з’яўленне новых дзяржаў як буфера, які аддзяляў іх краіну ад спрадвечнага канкурэнта ці ворага — Расіі. Такое стаўленне, аднак, зусім не было ўласціва польскім інтэлектуальным элітам. У літаратуры і публіцыстыцы ў дачыненні да Беларусі і Украіны пераважаў пагардлівы, насмешлівы, часам здзеклівы тон. Шмат з якіх публікацый у беластоцкім друку можна было скласці ўражанне, што суверэнная Беларусь уяўляла сабой большую небяспеку для Польшчы, чым некалі Савецкі Саюз. Артыкул у беларускім літаратурным часопісе пра Армію Краёву выклікаў лавіну палемічных публікацый і палітычных спекуляцый наконт палітыкі постсавецкай Беларусі. У жніўні 1991 г. амаль усе еўрапейскія краіны прызналі суверэнную дзяржаву Беларусь. Усеагульнае прызнанне Беларусі ў 1991 г., вядома ж, не было вынікам дыпламатычнай дзейнасці надзвычай некампетэнтных уладаў рэспублікі. Еўропа некалькі дзесяцігоддзяў жыла з пачуццём савецкай пагрозы. Таму ўсе новыя палітычныя суб’екты, якія ўзнікалі на руінах зніклай імперыі, у тым ліку і Беларусь, рабіліся сімваламі надыходнай міжнароднай бяспекі. Еўропа прымала кожную новую дзяржаву на ўсходзе кантынента, якая не прыносіла ёй клопату і абвяшчала пра намер будаваць дэмакратыю. Такой дзяржавай, вядома, была і Беларусь. Адмова Беларусі і Украіны ад ядзернай зброі яшчэ больш узмацняла пачуццё бяспекі ў Еўропе. Надалей уладальнікам ядзернага арсеналу заставалася Масква, а з ёй на Захадзе ўжо навучыліся сяк-так ладзіць. З’яўленне ў 1994 г. Лукашэнкі трохі разбурыла вобраз Усходняй Еўропы, якая рухаецца ў кірунку дэмакратыі, свабоднага рынку і дабрабыту. Разнастайныя праекты аднаўлення саюзу з Расіяй абуджалі асаблівую трывогу ў суседніх краінах — Польшчы і Літве. На невялікім лапіку Еўропы на працягу некалькіх гадоў была адроджана логіка савецкага палітычнага ладу, пры адначасовым захаванні досыць шырокай свабоды эканамічнай дзейнасці, а таксама значных вольнасцяў у светапогляднай сферы. Сёння ніхто ў Еўропе не ставіць пад сумненне патрэбы існавання беларускай дзяржаўнасці, але ўсе палітычныя сілы вымагаюць іншай Беларусі. Польшчы найменш выгадная Беларусь, якая застаецца ў расійскай палітычнай і вайсковай прасторы, інакш кажучы, з’яўляецца працягам Расіі. Для Польшчы, як вынікае з аналізу яе дзеянняў, што прадпрымаюцца ў апошнія гады, аптымальнай была б Беларусь, звязаная з Польшчай ці з Захадам і якая б выконвала ролю буфера паміж ім і Расіяй. Мяркую, што ў такім выпадку нават сучасная палітычная сістэма Беларусі магла б быць прызнана не дыктатурай, а спецыфічнай ці «абмежаванай» дэмакратыяй, бо і пры ёй жа адбываюцца выбары, нават з некалькімі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта. Германію, як і большасць краін «старой» Еўропы, не надта страшыць візія Беларусі, якая застаецца ў сферы расійскіх уплываў. Дыскамфортам для гэтай часткі Еўропы з’яўляецца затое парушэнне Беларуссю дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека. Менавіта яно абумоўлівае цяперашняе стаўленне гэтых краін як да беларускага рэжыму, так і да апазіцыі. Вербальная крытыка і сімвалічная падтрымка ўсё слабейшай апазіцыі ды непрыманне ў сваіх салонах прадстаўнікоў беларускай улады — вось усё, што Еўропа можа зрабіць, часам прызнаючы нават такую сваю пазіцыю занадта радыкальнай. Раз-пораз Лукашэнка атрымлівае сігналы аб гатоўнасці Еўропы прызнаць яго спецыфічную сістэму ўзамен на больш лагоднае абыходжанне з апазіцыяй і хоць бы фармальнае ўшанаванне дэмакратычных прынцыпаў, асабліва свабоды слова. Склалася, аднак, такая сітуацыя, што хутчэй Еўропе патрэбна Беларусь, чым Беларусі Еўропа. Еўропе, асабліва Германіі, Беларусь патрэбна як стабільная і бяспечная прастора з добрымі дарогамі, па якіх можна было б перавозіць тавары з Расіі і ў Расію. Усё гэта Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі гарантуе Еўропе. Таму ў сапраўднасці краіны, якія вызначаюць палітыку Еўрапейскага Саюза, не будуць прыкладаць ніякіх намаганняў ці тым больш ісці на ахвяры дзеля змянення ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, паколькі невядома, якія вынікі гэта можа выклікаць на стратэгічным кірунку паміж Усходам і Захадам. З ідэалагічнага гледзішча Еўропа, вядома, шчыра зацікаўлена і ў дэмакратызацыі гэтага абсягу нашага кантынента. Таму запэўніванні ў маральнай падтрымцы ўсіх апанентаў Лукашэнкавага рэжыму застануцца асноватворным канонам паводзін у дачыненні да Беларусі. Пытанне русіфікацыі ці знішчэння нацыянальнай культуры ў выніку палітыкі, што праводзіцца рэжымам Лукашэнкі, у Еўропе не выклікае ніякіх эмоцый. Для сярэдняга немца ці чэха, які стараецца больш дасканала гаварыць па-англійску, чым на сваёй роднай мове, рускамоўная Беларусь выглядае цалкам нармальнай з’явай. У свеце, што імкнецца да глабалізацыі, страта культурнай ідэнтычнасці не ўяўляецца нечым заганным. Беларусь, нават як не ў поўнай меры суверэнная дзяржава, з’яўляецца цяпер элементам нейкага дастаткова стабільнага палітычнага ўкладу ў Еўропе. Мяркую, што ліквідацыя такой дзяржаўнасці і ўключэнне Беларусі ў склад Расіі, як некалькі гадоў таму прапанаваў прэзідэнт апошняй Уладзімір Пуцін, парушыла б гэты стабільны ўклад. Еўропа як супольнасць, перш-наперш з гледзішча ўласнай бяспекі і нежадання да аднаўлення нават зменшанай копіі Савецкага Саюза, зацікаўлена ў захаванні Беларусі нават у сучаснай палітычнай форме. Суверэнная Беларусь, мабыць, найбольш патрэбная Украіне. І прычына гэтага, як і ў 1918 г., не ў палітычных сімпатыях ці культурна-цывілізацыйнай роднасці двух народаў, а ў геапалітычным становішчы. Незалежная Беларусь — гэта ў вялікай ступені гарантыя незалежнай Украіны. Аднак няшмат было жэстаў з боку паўднёвай суседкі Беларусі, якія сведчылі б пра жаданне збудаваць найбольш адпаведныя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі, асновай якіх была б супольная палітыка ў дачыненні яе да Усходу, так і да Захаду. З часу Чарнавіла ніхто ва Украіне не разважаў у такіх катэгорыях. Яўна лягчэй можа быць рэалізаваны прарасійскі саюз з удзелам Беларусі і Украіны, але ён магчымы толькі ў выпадку апанавання ўкраінскага палітычнага жыцця лагерам Віктара Януковіча і да яго падобных. Бачнасць суверэннай Беларусі сталася патрэбная і Расіі. Беларусь як фармальна незалежная дзяржава ў апошнія гады выконвае важную функцыю ў расійскай замежнай палітыцы. Пры пасярэдніцтве Беларусі, якая мае ў свеце кепскую рэпутацыю, Расія магла досыць доўга падтрымліваць Ірак, сёння — Іран, уплываць на палітыку Венесуэлы, прадаваць зброю ў краіны, абкладзеныя эмбарга. Апошнім часам Федэральная служба бяспекі Расіі, выкрываючы сетку польскіх шпіёнаў у Беларусі, дэманструе свету, якую пагрозу для стабільнасці ў Еўропе ўяўляе палітыка Варшавы. Расіі, насуперак некаторым дэкларацыям, патрэбна таксама прадказальная Беларусь, дзе добра забяспечваліся б расійскія інтарэсы. Прыбытковае функцыянаванне расійскіх банкаў, нафтаперапрацоўчых і газатранспартных прадпрыемстваў патрабуе стабільнага палітычнага падмурку, які так ці інакш гарантуе прэзідэнт Лукашэнка. Такіх гарантый тым часам не дае апазіцыя, хоць, як вынікае з розных паведамленняў у сродках масавай інфармацыі, частка гэтай апазіцыі гатова ўзяць на сябе і такую ролю. Уяўляецца, што ў выпадку Беларусі пры ацэнцы яе статусу ў Еўропе пануе свайго роду згода як на Усходзе, так і на Захадзе. Найбольш каштоўнай вартасцю гэтай краіны лічыцца стабільнасць і бяспека транзіту тавараў. Рэжым, у сваю чаргу, не настолькі брутальны, каб яго абавязкова трэба было замяняць нейкім іншым ладам. Бясспрэчна, краінай, найбольш зацікаўленай у зменах у Беларусі, з’яўляецца Польшча, у тым ліку і з прычыны наяўнасці тут вялікай польскай меншасці: прэзідэнт Лукашэнка абыходзіцца з палякамі, як і з іншымі сваімі грамадзянамі ці падданымі, што ў Польшчы выклікае страшныя эмоцыі.
З польскай мовы пераклаў Сяргей Петрыкевіч паводле аўтарскага рукапісу. Пераклад гэтага тэксту на англійскую мову змешчаны ў гадавіку «Annus Albaruthenicus. Год Беларускі». № 9. 2008. Крынкі: Аб’яднаньне Villa Sokrates.
|
гісторык, загадчык катэдры беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту. У 1980 г. закончыў факультэт гуманітарных навук філіялу Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Беластоку. Доктарскую дысэртацыю на тэму «Беларуская нацыянальная меншасьць у Народнай Польшчы (1944-1949)» абараніў у 1990 г. на факультэце журналістыкі й палітычных навук Варшаўскага ўнівэрсытэту, а габілітацыю «Нацыянальная палітыка Польскай Народнай Рэспублікі» ў 2000 г. на факультэце гістарычных навук Варшаўскага ўнівэрсытэту. Рэдактар «Беларускага гістарычнага зборніка» («Białoruskie Zeszyty Historyczne»). Апошняя кніга — «Białorusini i Ukraincy w polityce obozu piłsudczykowskiego» (Białystok: Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007). |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (67) 2008 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |