№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

№18: Некаторыя любяць паэзію

20 ліпеня 2017

№18: Некаторыя любяць паэзію

Шукаючы назву для новага нумару “ПрайдзіСвета”, мы прыгадалі адзін з вершаў польскай набеліяткі Віславы Шымборскай, чые творы друкаваліся ў нас раней.

Некаторыя —
значыць не ўсе.
Нават не большасць, а меншасць.
(Пераклад А. Хадановіча)

 

Так пачынаецца гэты верш. І мы, канечне, пагаджаемся з паэткай і самі часам наракаем, што ніхто цяпер не чытае літаратуру, а паэзію і пагатоў. Але ўсё адно мы трымаемся за яе, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

І, канечне, даць магчымасць і вам прайсці гэты шлях з кожным вершам.

 

Адкрываецца новы нумар рубрыкай “Клуб рыфмароў”. Сябрамі клуба, створанага ў 1890 годзе ірландцам Ўільямам Батлерам Ейтсам, былі тагачасныя лонданцы Эрнэст Доўсан, Артур Сайманз, Лаянэл Джонсан і іншыя паэты. Оскар Ўайлд таксама наведаў некалькі паседжанняў клуба.

Упершыню на старонках “ПрайдзіСвета” друкуецца пераклад з санскрыту — урывак з паэмы “Увяльбенне Багіні”, а таксама артыкул пра гісторыю перастварэння санскрыцкіх тэкстаў па-беларуску ад перакладчыка Ігара Кулікова. Яшчэ адна гістарычная цікавостка — урывак з “Кентэрберыйскіх аповедаў” Джэфры Чосэра.

Сучасную беларускую паэзію ў нумары прадстаўляюць Альгерд Бахарэвіч, Сабіна Брыло,Таццяна Нядбай і Віялета Пачкоўская. Пра беларускую паэзію, а таксама пра ўласны паэтычны досвед разважаюць Яраслава Ананка і Генрых Кіршбаўм, Сабіна Брыло, Аксана Данільчык, Вальжына Морт  і Сяргей Прылуцкі.

Сярод твораў замежных паэтаў ХІХ стагодзя — урывак з паэмы Генрыха Гайнэ, вершы Ўолта Ўітмэна.

Паэзія мінулага стагоддзя ў новым нумары гучыць разнамоўнымі галасамі Паўля Цэлана, Алфрэда Эдварда Хаўсмэна, Станіслава Ежы Леца, Антоніі Поцы, Эн Сэкстан  і Элізабэт Бішап. Ва ўрыўку з казкі “У Трыдзявятым каралеўстве” Алан Аляксандр Мілн таксама звяртаецца да паэтычнай тэмы.

А сярод імёнаў сучаснай еўрапейскай літаратуры ў нумары — Міндаўгас Валюкас, Джон Глендэй, Алена Стэпаненка, Ярамір Тыплт і Павел Шыдэл.

У тэарэтычным блоку новага “ПрайдзіСвета” Серж Мінскевіч аналізуе пераклады санета Оскара Ўайлда на беларускую і рускую мовы, Ганна Янкута разглядае гісторыю перакладаў амерыканскіх рамантыкаў, а ў перакладным артыкуле Дэніэл Мендэлсан разбіраецца, кім жа напраўду была паэтка Сапфо.

 

Нумар атрымаўся сапраўды вялізным. Ці любіце вы паэзію так, як яе любім мы?

Нумар “№18: Некаторыя любяць паэзію” можна чытаць не толькі онлайн. Яго можна спампаваць цалкам у трох фарматах:

.MOBI

.FB2

.EPUB.


927