№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гіём Апалінэр (Guillaume Apollinaire)

1880 - 1918

Гіём Апалінэр
Французскі паэт, празаік, крытык, наватар, пачынальнік сюррэалізму, адзін з найбольш уплывовых дзеячаў мастацтва пачатку ХХ ст.

Нарадзіўся Вільгельм Альбэрт Уладзімір Аляксандр Апалінар Кастравіцкі (сапраўднае імя паэта) 26 жніўня 1880 году ў Рыме, паходзіў па кудзелі са шляхецкага роду герба Вонж. Хто быў бацькам паэта, дакладна не вядома, магчыма, італьянскі афіцэр, арыстакрат швейцарскага паходжання Франчэска Флюджы д'Аспэрмонт. Маці паэта, Анжаліка Кастравіцкая, была дачкой афіцэра расійскага войска Міхала Апалінара Кастравіцкага. Родавы маёнтак Кастравіцкіх знаходзіўся на Беларусі і быў сканфіскаваны ў дзеда паэта за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, пасля якога той быў вымушаны эміграваць. Паводле найноўшых звестак, двор Кастравіцкіх Дарожкавічы месціўся на Дзісненшчыне (раней лічылася, што сядзіба Кастравіцкіх Дарашковічы была пад Наваградкам, але існаванне маёнтку з такой назвай у ваколіцах Наваградку аніяк не пацвердзілася). Гіём Апалінэр зрэдчас жартаваў, што ён сын расійскага генерала, наогул жа гісторыя паходжання паэта даволі заблытаная; для яго самога яна была вельмі важным пытаннем, гэта адлюстравалася ў ягонай творчасці, гэтаксама як і цікавасць да славянскага свету.

Гіём і ягоны малодшы на два гады брат Альбэр нарадзіліся ў Рыме, але Анжаліка Кастравіцкая не адразу прызнала іх за сваіх дзяцей. Дзяцінства Апалінэр правёў у Італіі, у 1897 годзе сям'я пераязджае ў Манака, Гіём вучыцца ў Канах і Ніцы. Гэтыя гады – час заўзятай рэлігійнасці, пакрыху будучы паэт пачынае цікавіцца літаратурай, перадусім паэзіяй сімвалістаў. У гэты перыяд ён напісаў свае першыя творы, якія выдаваў у рукапісным часопісе разам са сваім сябрам Анжам Тусэнам-Люка пад псеўданімам Гіём Макабр. У 1899 годзе маці з сынамі пераязджае ў Парыж. Апалінэр працуе за літаратурнага негра. Але яму ўдаецца знайсці працу хатняга настаўніка у сям'і дэ Мілё, разам з якімі ў 1901–1902 гг. ён жыве на Рэйне, дзе з'яўляецца цыкл “Рэйнскія вершы”, ездзіць па розных гарадах Германіі і Аўстрыі, наведвае Прагу, і ўсё гэта на фоне нешчаслівага кахання да ангелькі Ані Плэйден, гувернанткі сям'і дэ Мілё. У гэты час нараджаюцца некаторыя вершы для будучых “Алкаголяў” (Alcools), нешта друкуецца ў перыёдыцы пад імем Гіёма Кастравіцкага. У сакавіку 1902 году ў друку з'яўляецца апавяданне “Ерасіярх” (L'Hérésiarque) падпісанае псеўданімам Гіём Апалінэр, які склаўся з двух французскіх варыянтаў імёнаў паэта, да таго ж, другое імя – Апалінар – насіў ягоны дзед. У той жа час Апалінэр працуе журналістам. У 1902 годзе ён вяртаецца ў Парыж і пакрыху пачынае ўваходзіць у літаратурныя колы. Паэт быў адным з самых вядомых удзельнікаў мастацкай суполкі “Манпарнас” (Montparnasse). Яго сябрамі і калегамі па мастацкай справе былі Пабла Пікаса, Андрэ Брэтон, Андрэ Дэрэн, П’ер Рэвэрдзі, Жан Както, Марк Шагал, Анры Русо ды іншыя, невыпадкова мастакі любілі маляваць партрэты Апалінэра. У 1910-я ён актыўны публіцыст, крытык, піша пра сучасны жывапіс, у 1912–1913 разам з Андрэ Білі рэдагуе часопіс “Суарэ дэ Пары” (Soirées de Paris). Апалінэр першапачаткова быў звязаны з фавістамі, пазней з кубістамі, праторваў сцежку сюррэалізму (менавіта ён прыдумаў гэты тэрмін). 7 верасня 1911 году паліцыя арыштавала Апалінэра па падазрэнні ва ўдзеле ў крадзяжы “Моны Лізы” з Луўру, але праз тыдзень паэта адпусцілі.

У 1911 годзе зборнікам з цудоўнымі ілюстрацыямі Рауля Дзюфі выходзіць цыкл “Бестыярый, або Картэж Арфея” (Le Bestiaire ou le cortège d’Orphée).

У 1913 годзе выходзіць зборнік паэзіі “Алкаголі” (Alcools) – плён працы пачынаючы з 1898 году. Гэта зборнік, у якім суіснуюць старая і новая паэзія, раннія вершы, напісаныя ў больш традыцыйным ключы, пад уплывам у першую чаргу сімвалістаў, і пазнейшыя творы, выкананыя ў цалкам новай паэтыцы. Сучаснікі адразу ж адрэагавалі на наватарскі характар зборніка (адсутнасць знакаў прыпынку, барокавыя вобразы, перапады тону).

У 1914 годзе, хутка пасля пачатку Першай усясветнай вайны, пайшоў добраахвотнікам у войска, шмат у чым дзеля таго, каб атрымаць жаданае французскае грамадзянства, служыў у артылерыі. 17 сакавіка 1916 году, праз тыдзень пасля таго як дачакаўся-такі грамадзянства, Апалінэр быў паранены ў скронь кавалкам снараду. За два гады да гэтага мастак Джорджа дэ Кірыко піша партрэт Апалінэра, пазначаючы на ім скронь паэта чымсьці накшталт мішэні. У 1916 годзе таксама выходзіць зборнік навэлаў “Забіты паэт”, які распачынае трагічная аўтабіяграфія-містыфікацыя, у якой Апалінэр фактычна напрарочыў сабе смерць.

Прозе Апалінэра (раманы “Адзінаццаць тысяч палак” (Onze mille verges, 1907), “Подзівігі маладога Дон Жуана” (Les Exploits d'un jeune Don Juan, 1911), “Рым пад уладай Борджа” (La Rome des Borgia, 1913)) шмат у чым уласцівыя рысы лібертынажу. Ён разгарнуў шырокую дзейнасць за выданне забароненых кніг, адкаментаваў і выдаў маркіза дэ Сада, склаў анталогію “Пекла Нацыянальнай бібліятэкі” (L’Enfer de la Bibliothèque nationale, 1913).

У прадмове да драмы “Грудзі Тырэсія” (Les mamelles de Tirésias, 1917) упершыню прагучала слова “сюррэалізм”; у прадмове Апалінэр акрэсліў мастацкія прынцыпы гэтага метаду.

У 1918 годзе з'явіўся зборнік “Каліграмы. Вершы міру і вайны” (Calligrammes, poèmes de la paix et de la guerre), з прысвячэннем аднаму з сяброў паэта Рэнэ Далізу, што загінуў на вайне. Гэты зборнік часткова папярэднічаў аўтаматычнаму пісьму сюррэалістаў. Тэрмін “каліграма” прыдумаў сам паэт, ім ён называў вершы, якія запісваў у выглядзе пэўных малюнкаў, у нейкай ступені гэтая ідэя была пазычана з паэзіі барока.

9 лістапада 1918 году саслаблы ад ранення Гіём Апалінэр памірае, захварэўшы на гішпанку. Дзіўным і поўным вар'яцтва былі не толькі жыццё і творчасць паэта, але і сама смерць. 13 лістапада, калі з царквы выносілі цела, парыжскія вуліцы былі запоўненыя людзьмі, але тыя сабраліся не з прычыны смерці Апалінэра, а з прычыны заключэння перамір'я, яны крычалі “Далоў Гіёма!” Гэтымі словамі, звернутымі да імператара Вільгельма, народ мімаволі праводзіў Паэта.

Партрэт: cultured.com

Чытайце таксама

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Шэрвуд Андэрсан

Шэрвуд Андэрсан

Амерыканскі празаік, аўтар раманаў і апавяданняў.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

2047