№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гіём Апалінэр

Знікненне Анарэ Сюбрака (La Disparition de Honoré Subrac)

Апавяданне

Пераклад з французскай Алесь Асташонак


Нягледзячы на самыя карпатлівыя пошукі, паліцыі так і не ўдалося разгадаць таямніцу знікнення Анарэ Сюбрака.

Ён быў маім сябрам, і, ведаючы праўду пра тое, што адбылося, я палічыў сваім абавязкам расказаць паліцыі сутнасць здарэння. Следчы, якому я даваў паказанні, гутарыў са мною гэтак дзіўна-ветліва, што ў мяне не заставалася аніякіх сумненняў: ён лічыць мяне псіхічна хворым. Я сказаў яму пра гэта. Ён зрабіўся яшчэ больш пачцівы, потым узняўся і правёў мяне да дзвярэй; я ўбачыў, што ягоны сакратар сціскае кулакі, гатовы адразу ж кінуцца на мяне, калі раптам у мяне пачнецца прыпадак.

Я не настойваў на тым, каб мае паказанні былі ўзятыя пад увагу. Здарэнне з Анарэ Сюбракам насамрэч настолькі дзіўнае, што паверыць у мною выкладзенае ўяўляецца неверагодным. З газетных артыкулаў стала вядома, што Сюбрак лічыўся вялікім арыгіналам. І ўзімку, і ўлетку ён быў апрануты толькі ў шырокі плашч, а на нагах у яго былі адныя пантофлі. Ён быў вельмі багаты, і паколькі тое, як ён апранаўся і абуваўся, дзівіла мяне, я запытаўся аднойчы, у чым прычына такой адметнай звычкі.

— Гэта дзеля таго, каб можна было, у выпадку неабходнасці, хутчэй распрануцца, — адказаў ён. — Дарэчы, да гэтага лёгка прызвычайваешся. Можна выдатна абыходзіцца без бялізны, панчох і капелюша. Я хаджу так з дваццаці пяці гадоў і аніводнага разу яшчэ не хварэў.

Такі адказ выклікаў у мяне яшчэ большую цікаўнасць.

“А навошта, — думаў я, — яму трэба распранацца хутка?”

У пошуках разгадкі чаго толькі я не надумаў...


***

Аднойчы ўначы, калі я вяртаўся дамоў, — была, напэўна, гадзіна, можа, чвэрць на другую, — я пачуў, як нехта нізкім голасам прамовіў маё імя. Голас, здавалася, ішоў ад сцяны мура. Збянтэжаны, я спыніўся.

— Нікога няма на вуліцы? — запытаўся голас. — Гэта я, Анарэ Сюбрак.

— Дзе ж вы? — усклікнуў я, азіраючыся: куды толькі мог ён схавацца!

На тратуары ляжалі ягоны знакаміты плашч і не менш вядомыя пантофлі.

“Гэта, мусібыць, той выпадак, — падумаў я, — калі Анарэ Сюбраку давялося распрануцца імгненна. Зараз нарэшце ўведаю разгадку ягонай таямніцы”.

І я сказаў гучна:

— Вуліца пустая, дарагі сябра, вы можаце з'явіцца.

Раптам Анарэ Сюбрак усё роўна як аддзяліўся ад сцяны, — а я ж яго раней не прыкмячаў! Ён быў зусім голы і адразу апрануўся ў плашч, дбайна зашпіліўшы яго на ўсе гузікі. Потым абуўся і, правёўшы мяне да дзвярэй майго дому, расказаў вось якую гісторыю.


***

— Вы, вядома, збянтэжыліся, затое цяпер разумееце, чаму я апранаюся гэтак незвычайна. Аднак вы не зразумелі, чаму не маглі ўбачыць мяне. Усё дужа проста. Гэта ўсяго толькі феномен мімікрыі... Прырода — адмысловая маці. Тых сваіх дзяцей, якім пагражаюць усялякага кшталту небяспекі і якія занадта слабыя, каб абараніць сябе, яна надзяліла дарам змешвацца з тым, што іх атачае... Вы ведаеце пра ўсё гэта: матылі падобныя да кветак, некаторыя вусякі — да лістоў, хамелеон мяняе свой колер так, каб яго цяжэй было распазнаць, баязлівы палярны заяц стаў белы, што снег вакол яго, — у выніку яго амаль немажліва разгледзець на неабсяжнай раўніне.

Такім чынам усе гэтыя слабыя істоты ратуюцца ад шматлікіх небяспек, што падсцерагаюць іх увесь час.

Вось і я падобны да іх: мяне няспынна пераследуе вораг, ад якога я няздатны абараніцца, і ад страху я па волі сваёй магу змешвацца з наваколлем.

Упершыню я інстынктыўна скарыстаў гэтую сваю здольнасць некалькі гадоў таму. Мне было тады дваццаць пяць. Жанчыны, у большасці сваёй, лічылі, што я прывабны. Адна, замужняя пані, мела да мяне такую прыхільнасць, што я не ўстояў. Фатальная сувязь!.. Аднойчы ўначы я быў у яе. Муж папярэдзіў, што з'ехаў на некалькі дзён. Мы былі зусім голыя, калі раптам дзверы расчыніліся, і з'явіўся яе чалавек з рэвальверам у руцэ. Перапалохаўся я страшэнна, і ў мяне — я заўсёды быў баязліўцам і застаюся ім цяпер — узнікла адзінае жаданне: знікнуць. Прытуліўшыся да сцяны, я пажадаў: зліцца з ёю. І гэта адразу ж у мяне атрымалася. Цела маё і твар набылі колер шпалераў, я расцягнуўся і сплюшчыўся так, што мне пачало здавацца: я зліўся са сцяною і больш мяне ніхто ніколі не ўбачыць. Так яно і было. Раўнівец шукаў мяне па ўсім пакоі, жадаючы забіць. Ён жа бачыў мяне — ну толькі што вось! — і ўцячы я нікуды не мог. Ён стаяў падобны да вар'ята і, выплюхнуўшы ўсё сваё шаленства на жонку, забіў яе шасцю стрэламі з рэвальвера ў галаву, а потым пайшоў, лямантуючы ў адчаі. Праз нейкі час цела маё інстынктыўна набыло ранейшыя колер і форму. Я апрануўся і ўцёк, так што ніхто мяне не ўбачыў... З таго часу я валодаю гэтай выратавальнай для мяне здольнасцю... Ён не забіў мяне, аднак вырашыў прысвяціць усе свае астатнія дні, колькі б іх ні было, выкананню гэтай задачы. Ён пераследуе мяне па ўсім свеце, і я вырашыў, што схаваюся ад яго ў Парыжы, гэта ж велізарны горад! Але вось нядаўна, за некалькі імгненняў да таго, як падышлі сюды вы, я ўбачыў яго. Ад страху ў мяне аж зубы заляскаталі. Я ледзьве паспеў распрануцца і зліцца са сцяною. Ён прайшоў паўз мяне, кінуўшы цікаўны позірк на плашч і пантофлі на тратуары. Цяпер вы разумееце, наколькі правільна я раблю, апранаючыся гэтак лёгка. Я не змог бы скарыстаць свой дар, калі б быў апрануты як усе. Не змог бы распрануцца гэтак хутка, каб уратавацца ад майго ката... А ператварацца апранутым, самі разумееце, марна: адзежа выдасць, як ні знікай...

Гэтая здольнасць напраўду ратавала Сюбраку жыццё, і я пазайздросціў яму...


***

Усе наступныя дні я думаў адно пра гэта і напружваў усю сваю волю, спрабуючы змяніць свае форму і колер... Аднак усе мае намаганні былі марныя. Воля мая была недастатко¬ва моцная, да таго ж мне, бадай, не хапала пачуцця страху, сапраўднае небяспекі, падобнае да той, што абудзіла ў Анарэ Сюбраку ягоную незвычайную здольнасць.


***

Нейкі час я не бачыўся з ім. Аднойчы ён прыбег да мяне, выгляд у яго быў што ў вар'ята.

— Гэты чалавек, мой вораг, — сказаў ён мне, — цікуе за мною ўсюды. Тры разы, скарыстаўшы сваю здольнасць, я змог уратавацца ад смерці, але я баюся, я баюся, дарагі сябра.

Я ўбачыў, што ён моцна схуднеў, аднак не стаў яму нічога казаць.

— Вам застаецца адно, — параіў я. — Каб уратавацца ад такога бязлітаснага ворага, едзьце адсюль! Схавайцеся дзе-небудзь у вёсцы. Я паруплюся аб вашых справах, а вы кіруйцеся адразу ж да найбліжэйшага вакзала.

Ён паціснуў мне руку, сказаўшы:

— Праводзьце мяне, я вас малю: мне страшна!


***

Мы моўчкі ішлі па вуліцы. Анарэ Сюбрак пастаянна круціў галавою, выгляд ён меў дужа занепакоены. Раптам ён закрычаў і пачаў скідваць з сябе плашч і пантофлі. Я ўбачыў, што да нас падбег нейкі чалавек, і паспрабаваў яго запыніць. Але ён адштурхнуў мяне. У ягонай руцэ быў рэвальвер, ён цэліўся ў Анарэ Сюбрака. Той дабег да доўгага мура казармы і знік — як у казцы.

Ашаломлены, чалавек з рэвальверам спыніўся, потым, ашалеўшы, завыў і, нібыта жадаючы адпомсціць муру, усё роўна як той схаваў у сабе ягоную ахвяру, разрадзіў рэвальвер, страляючы ў тое месца, дзе знік Анарэ Сюбрак. А потым уцёк...

Вакол сабраліся людзі. Паліцэйскія загадалі ім разысціся.

Я паклікаў майго сябра. Але ён не адказваў.

Калі я памацаў мур — ён быў яшчэ вільготны, — то заўважыў, што з шасці куляў тры ўвайшлі ў яго на ўзроўні чалавечага сэрца, а тры іншыя падрапалі гіпс вышэй — мне здалося, я разгледзеў там цьмяны контур твару.


Упершыню — у часопісе "Крыніца", 2001, № 11-12 (71).

Пераклад з французскай – Алесь Асташонак © 2013

Чытайце таксама

Томас Стэрнз Эліят

Томас Стэрнз Эліят

Амерыканска-ангельскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў XX ст.

Ігнацы Карповіч

Ігнацы Карповіч

Польскі празаік, перакладчык з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў, падарожнік

Анджэй Стасюк

Анджэй Стасюк

Польскі празаік, паэт, драматург.

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

630