№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Год 2011: Хто, што, з якой мовы

3 студзеня 2012

Год 2011: Хто, што, з якой мовы
У 2011 годзе выданне перакладных кніг у параўнанні з папярэднімі трошкі ажывілася. Кнігі, так ці іначай звязаныя з перакладам (як на беларускую, так і з беларускай), выйшлі ў многіх выдавецтвах: у “Логвінаве”, у выдавецтве Змітра Коласа, у “Кнігазборы”, “Мастацкай літаратуры”, “Беларускай навуцы” і іншых, а таксама за мяжой. Прапануем вашай увазе агляд самых цікавых, на думку рэдакцыі, перакладных выданняў 2011 году.

Кнігі

Амб’ёрнсэн, Інгвар. 23-я палата. Раман / пер. Лідыі Ёхансэн. — Мінск: Зміцер Колас, 2011.

Выхад біяграфічнага рамана нарвежскага пісьменніка Інгвара Амб’ёрнсэна (нар. 1956) зрабіўся, мабыць, самай вялікай нечаканасцю гэтага году. Ні аўтар (узнагароджаны, дарэчы, у 1995 годзе значнай нарвежскай прэміяй “Брагі”), ні перакладчыца не былі дагэтуль знаёмыя беларускаму чытачу. І калі пра выхад чатырохтомніка Чэслава Мілаша ці чарговых выданняў пра мумітроляў многія чытачы ведалі і даўно іх чакалі, то гэты раман, перакладзены да таго ж з рэдкай для нашых шыротаў мовы, аднойчы проста нечакана з’явіўся на паліцах кнігарняў.

У творы расказваецца пра сістэму псіхіятрычных лякарняў Нарвегіі 70-х гадоў, аднак, у адрозненне ад рамана “Над зязюльчыным гняздом” Кена Кізі, ён не падымае тэмаў бунту і нонканфармізму, а хутчэй заклікае задумацца над ганебнай спадчынай — мінулым і, магчыма, сучаснасцю. Герой рамана едзе працаваць у лякарню і спачатку спрабуе змагацца з ветракамі, аднак хутка прызвычайваецца нават да самых жахлівых у сваёй працы рэчаў. Такое чытанне нельга назваць лёгкім, але тое, што кніга такога кшталту будзе ў нас не лішняй, не выклікае ніякага сумневу.

Гесэ, Герман. Стэпавы воўк / пер. Васіля Сёмухі. — Мінск: Зміцер Колас, 2011.

Раман Германа Гесэ выйшаў у той жа серыі “Littera scripta”, што і “23-я палата” Інгвара Амб’ёрнсэна, аднак, у адрозненне ад апошняга, дадатковых рэкамендацыяў не патрабуе. Цікава, што на сённяшні дзень Герман Гесэ можа лічыцца надзвычай перакладаным аўтарам: асобнымі выданнямі выйшлі “Гульня шкляных перлаў” (пер. В. Сёмухі) і “Сідхартха” (пер. А. Арашонка), пераклады асобных вершаў зрабілі В. Сёмуха і Ул. Папковіч. Раман належыць да “залатога фонду” сусветнай літаратуры, а таму застаецца радавацца, што цяпер яго можна прачытаць не толькі ў інтэрнэце, але і на паперы.

Мілаш, Чэслаў. Выратаванне: выбраныя вершы і паэмы / уклад. А. Хадановіч. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011.

Зборнік вершаў Чэслава Мілаша “Выратаванне” — вынік працы беларускіх перакладчыкаў з паэзіяй польскага нобелеўскага лаўрэата і падсумаванне ўсіх іх дасягненняў. Бо пераклады вершаў Мілаша выходзілі і раней: як у літаратурных часопісах (такіх як “Крыніца” і “Дзеяслоў”) і анталогіях (“Галасы з-за небакраю” Міхася Скоблы), так і асобным выданнем — кнігай “Іншага канца свету не будзе”, якая выйшла ў 2007 годзе і зусім нядаўна была перавыдадзеная. У новым зборніку можна знайсці не толькі перадрукі старых перакладаў, сабраных з самых розных крыніц, але і цалкам новыя працы, якія былі падрыхтаваныя спецыяльна для гэтага выдання і нідзе раней не друкаваліся.

Кніга “Выратаванне” раскажа беларускаму чытачу пра Мілаша шмат новага. Бо і тры трактаты — “Маральны”, “Паэтычны” і “Тэалагічны”, — і паэма “Свет”, якая змушае згадаць “Песні цнатлівасці і досведу” Ўільяма Блэйка (і што згадкі гэтыя невыпадковыя, пацвердзіць “Зямля Ульра”), і многія іншыя творы — гэта не зусім той Мілаш, якога мы ведалі з папярэдніх беларускіх публікацыяў. Ён трошкі больш разнастайны і нечаканы, чым здавалася (і выдавалася) дагэтуль, і гэта значыць, што 100-годдзе пісьменніка святкавалася ў нас зусім не дарэмна.

паводле svaboda.org

Мілаш, Чэслаў. Даліна Ісы / пер. Марыі Пушкінай; Нобелеўская лекцыя / пер. Яўгена Бурага. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011.

Калі зборнік вершаў Чэслава Мілаша змяшчае пэўную колькасць перакладаў, якія беларускі чытач мог бачыць раней, то тры празаічныя кнігі чатырохтомніка — абсалютныя і стоадсоткавыя навінкі. Кніга “Даліна Ісы”, апроч гэтага, — яшчэ і адзін з найлепшых сёлетніх дэбютаў, першая праца перакладчыцы-паланісткі Марыі Пушкінай.

Апроч аднайменнага рамана том змяшчае Нобелеўскую лекцыю Чэслава Мілаша ад 8 снежня 1980 у перакладзе Яўгена Бурага.

У творчасці Чэслава Мілаша “Даліна Ісы” (1955) займае адмысловае месца. Гэта не толькі спроба асэнсаваць — дый проста згадаць — сваё дзяцінства ў Шатэйнях (якія ў кнізе ператвараюцца ў міфічную даліну вельмі падобнай да Нявяжы ракі Ісы ў Азёрным краі), але і спроба перажыць душэўны крызіс, звязаны з неабходнасцю жыць у эміграцыі і складанымі стасункамі з суайчыннікамі, і, як казаў сам аўтар, багаслоўскі трактат.

Але міфалогія даліны Ісы вельмі своеасаблівая. Гэта не дакладна выбудаваны і прадуманы свет Правека, створанага Вольгай Такарчук (чамусьці падчас чытання рамана Мілаша адразу прыгадваецца перакладзены нядаўна Марынай Шодай “Правек і іншыя часы”), а спантанна выдуманая рэальнасць, кожны факт якой імкнецца зрабіцца міфам. А праз гэта твор нібыта перашкаджае аналізаваць сябе і не дае адказу на самыя простыя пытанні: гэта казка ці ўспамін? Назіранне за хісткім светам, што існуе па законах магічнага рэалізму, ці спроба псіхалагічнага аналізу дзіцячай свядомасці? Але няма сумневу, што “Даліна Ісы” пісалася для сябе і толькі для сябе, а таму чытач можа спакойна разгортваць кнігу, ведаючы, што знойдзе там сапраўднага Мілаша — і не толькі і не столькі ў вобразе Тамаша Сурконта. Ну і, безумоўна, большую, чым дзе-колечы, колькасць д’яблаў.

паводле svaboda.org

Мілаш, Чэслаў. Зямля Ульра / пер. Марыны Казлоўскай; Руіны і паэзія / пер. Марыі Мартысевіч. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011.

“Зямля Ульра” Чэслава Мілаша — гэта эсэ пра духоўныя пошукі, спроба асэнсаваць свае літаратурныя карані і зыходныя пункты сістэмы каардынатаў. І перш за ўсё гэта кніга пра самога Чэслава Мілаша — такога, якім ён бачыў сябе ў 1970-х гадах (першае выданне “Зямлі Ульра” пабачыла свет у 1977 годзе). Творчасць пісьменнікаў ХХ і ранейшых стагоддзяў ён разглядае, абапіраючыся на свой жыццёвы досвед (а часам і на досвед асабістага знаёмства, як у выпадку з Гамбровічам), і дзякуючы гэтаму дае чытачу магчымасць паглядзець на творчасць гэтых пісьменнікаў зусім па-новаму — вачыма Чэслава Мілаша. І чытач можа ў сваю ахвоту спрачацца з аўтарам, калі толькі не паверыць яму раптам на слова і не захопіцца яго дзіўным, часам досыць бессістэмным і заўсёды вельмі суб’ектыўным аповедам так, што пачне чытаць “Зямлю Ульра” як раман пра лёсы сусветнай літаратуры.

Адмысловае месца ў мілашаўскам літаратурным пантэоне, а можа, бестыярыі займаюць Оскар Мілаш, Адам Міцкевіч, Эмануэль Сведэнборг і Ўільям Блэйк. Менавіта з апошняга ўзятая назва твора. Зямля Ульра — чужая краіна, пустэча, у якой бадзяецца дух аўтара і не можа знайсці свайго месца, бо адзіная праўда, якая там прымаецца, — праўда навуковая, і паэту і філосафу месца ў той краіне няма. Усвядоміўшы сябе жыхаром зямлі Ульра, Мілаш не можа з гэтым змірыцца — і ў выніку выносіць культуры ХХ ст. далёка не станоўчы вырак.

Апроч усяго іншага ў кнізе можна проста прачытаць безліч цікавага пра творцаў розных эпохаў. Але як бы там ні было, нідзе і ніколі нельга рэкамендаваць яе як падручнік па сусветнай літаратуры.

паводле svaboda.org

Мілаш, Чэслаў. Родная Еўропа / пер. Марыны Шоды. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011.

У кнізе “Родная Еўропа” Чэслаў Мілаш сумясціў прыемнае з карысным: расказаў пра гісторыю роднай яму Еўропы, упісаўшы ў гэтую гісторыю ўспаміны пра сваё мінулае.

Цяжка сказаць, што ў гэтым творы першаснае: ці то войны і рэвалюцыі адбываюцца на фоне сталення будучага нобелеўскага лаўрэата, ці то Чэслаў Мілаш мужнее на фоне сусветных катаклізмаў. Але пра што б ні расказваў аўтар — пра свае пастаянныя пераезды і звязаныя з імі адчуванні, пра габрэяў Вільні і палітычнае жыццё горада, пра сваё наступнае парыжскае існаванне, усе яго аповеды пакідаюць адчуванне няўлоўнай загадкі, якую загадала ХХ стагоддзе і якую Мілаш спрабуе разгадаць. І колькі б ні спрачаліся сёння гісторыкі і мілашазнаўцы адносна яго інтэрпрэтацыі падзеяў, нельга не пагадзіцца з тым, што перш за ўсё ён — іх сведка, які, нягледзячы на суб’ектыўнасць, ведае, пра што гаворыць. І хаця мілашаўская Еўропа — як і мілашаўскае Вялікае Княства Літоўскае — не існуе на геаграфічнай карце, літаратура ад гэтага зусім не прайграе.

Апроч усяго іншага, у кнізе “Родная Еўропа” можна проста прачытаць безліч цікавага пра гістарычныя падзеі. Але нідзе і ніколі нельга рэкамендаваць яе як падручнік па еўрапейскай гісторыі.

паводле svaboda.org

Мілаш, Чэслаў. Іншага канца свету не будзе / пад рэд. Андрэя Хадановіча. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011.

Зборнік вершаў Чэслава Мілаша “Іншага канца свету не будзе” выходзіў у 2007 годзе ва Уроцлаве і тады даехаў да Беларусі ў вельмі абмежаванай колькасці, амаль адразу зрабіўшыся бібліяграфічнай рэдкасцю. Перавыданне гэтай кнігі ў 2011 годзе, абвешчаным годам Чэслава Мілаша, было вельмі лагічным крокам: сёння гэтая кніга даступная любому беларускаму чытачу і прадаецца ў мінскіх кнігарнях. Чэслаў Мілаш — відаць, адзіны замежны паэт, чые вершы выходзілі па-беларуску некалькі разоў, прычым не тонкімі кнігамі, а важкімі і аб’ёмнымі тамамі. Аматары гэтага творцы мусяць быць задаволеныя — большага на сённяшні дзень і жадаць немагчыма.

По, Эдгар. Маска Чырвонае Смерці: выбраныя навелы, вершы, эсэ. — Мінск: Кнігазбор, 2011.

Зборнік перакладаў выбраных навелаў, вершаў і эсэ Эдгара По зрабіўся дэбютнай кнігай “ПрайдзіСвета”, якая адкрыла серыю “PostScriptum”. У кнізе змешчаныя працы шэрагу перакладчыкаў, што супрацоўнічаюць з інтэрнэт-часопісам і наведваюць перакладчыцкую майстэрню пры Беларускім калегіюме: Кацярыны Маціеўскай, Юлі Цімафевай, Аляксея Арцёмава, Марыны Дзергачовай, Наталлі Лабанавай, Кацярыны Дубоўскай, а таксама маладых літаратараў, якія даслалі пераклады твораў Эдгара По на конкурс ПЭН-Цэнтра: Юліі Шадзько, Веранікі Сідарэнка. Такая колькасць дэбютантаў не робіць выданне менш сур’ёзным і грунтоўным, а хутчэй наадварот — дэманструе магчымасці новага пакалення перакладчыкаў, якія трапілі пад адну вокладку з Сяргеем Шупам, Алегам Мінкіным, Уладзімірам Шчасным, Лявонам Баршчэўскім і Андрэем Хадановічам. Расказваць пра творчасць самога амерыканскага пісьменніка наўрад ці мае сэнс — ён даўно заняў сваё месца ў гісторыі сусветнай літаратуры, аднак у гісторыі беларускага перакладу ён урэшце зрабіў вялікі (калі не сказаць сямімільны) крок наперад. А заяўленая “ПрайдзіСветам” серыя дае спадзявацца, што кніга Эдгара По — гэта толькі пачатак.

паводле svaboda.org

Сыракомля, Уладзіслаў. Выбраныя творы / укл. Кастуся Цвіркі. — Мінск, “Беларуская навука”, 2011.

Калі чытаеш такіх аўтараў, як Уладзіслаў Сыракомля, не адразу згадваеш, што гэта яны таксама перакладныя — у беларускай культуры яны ўспрымаюцца як свае, хай сабе і іншамоўныя. Чарговае выданне з серыі “Беларускі кнігазбор” прапануе самую поўную калекцыю твораў Сыракомлі, перакладзеных на беларускую мову, у тым ліку творы, якія раней на беларускую мову не перакладаліся. І як бы ні ставіліся да працаў старэйшага філалагічнага пакалення перакладчыкаў, нельга не прызнаць, што выданне кожнага тому “Беларускага кнігазбору” (асабліва калі ён звязаны з перакладамі, што бывае не так ужо і часта) — гэта вартая згадкі падзея году.

Фростэнсан, Катарына. Чыстая краіна: вершы / пер. Дзмітрыя Плакса. — Мінск: “Медысонт”, 2011 (серыя “Бібліятэчка Дзеяслова”).

Зборнік перакладаў Катарыны Фростэнсан улучыў прадмову перакладчыка і дзесяць вершаў і стаў першай нечаканай перакладной падзеяй гэтага году. Многія беларускія чытачы ўжо былі знаёмыя з вершамі паэткі, і зборнік падсумоўвае гэтае знаёмства, сабраўшы пад адной вокладкай усе перакладзеныя на сённяшні дзень творы. Выхад асобнага зборніка вершаў замежнай паэткі, прычым паэткі з не надта вядомай нам краіны, — гэта добры знак. Спадзяемся, такія кнігі будуць выходзіць у нас усё часцей і часцей.

Шміт, Катрын. Ты не памрэш: раман / пер. Альгерда Бахарэвіча. — Мінск: “Макбел”, 2011.

Калі б не нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш, раман “Ты не памрэш” Катрын Шміт, лаўрэаткі прэміі за найлепшую нямецкую кнігу 2009 году, мог бы зрабіцца самым “зорным” выданнем 2011-га. Пераклад на беларускую мову папулярнага нямецкага (дый проста папулярнага) аўтара — справа досыць рэдкая, якая перадусім ускладняецца неабходнасцю выкупіць аўтарскія правы. Кніга прыйдзецца даспадобы аматарам сучаснай літаратуры і тым, хто хоча быць у курсе апошніх еўрапейскіх тэндэнцыяў. Зрэшты, выданне творцаў, што зрабіліся лаўрэатамі буйных літаратурных прэміяў, — гэта нармальная выдавецкая практыка, і вельмі прыемна, што 2011 год адзначыўся выданнем хаця б адной такой кнігі.

Янсан, Тувэ. Камета над далінай мумітроляў / пер. Насты Лабады і Алесі Башарымавай. — Мінск: Зміцер Колас, 2011.

Над перакладам другой кнігі з серыі казачных аповесцяў пра мумітроляў шведскамоўнай фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан працавалі адразу дзве перакладчыцы, для адной з якіх, Алесі Башарымавай, кніга стала дэбютнай. “Камета над далінай мумітроляў”, шчыльна заселеная абаяльнымі хемулямі, скрутамі, кнютамі і іншымі стварэннямі, уяўляла сабой сур’ёзны выклік для перакладчыкаў — беларускія істоты мусілі атрымацца не менш сімпатычнымі за сваіх фінска-шведскіх субратоў, цікавымі для дарослых і простымі для дзіцячага ўспрыняцця. І, здаецца, так яно і атрымалася: мумітролі і іх перакладчыцы перамаглі ўсе складанасці шведскай і беларускай моваў.

паводле svaboda.org

Янсан, Тувэ. Капялюш чарадзея / пер. Алесі Башарымавай. — Мінск: Зміцер Колас, 2011.

Трэцяя кніга муміяды таксама паспела выйсці сёлета. У ёй расказваецца пра тое, што можа здарыцца, калі аднойчы чарадзей згубіць свой капялюш, і той апынецца ў лапках абаяльных жыхароў Мумідола, а таксама пра тое, як трэба лавіць мамлюка і як ператварыць дом у сапраўдныя джунглі. Яшчэ ў ёй даюцца базавыя веды па мове тофслаў і віфслаў. А яшчэ расказваецца пра прыгоды “Прыгоды” і пра тое, што можа рабіць на бязлюдным, але зусім не бесхаціфнатным востраве. Як і папярэднія выданні серыі, кніга “Капялюш чарадзея” змяшчае ілюстрацыі, зробленыя самой аўтаркай, і мае каляровую вокладку, зробленую ў адпаведнасці з арыгінальным выданнем мумітроляў.

Часопісы

ARCHE-Пачатак: Уяўляючы Балканы. 2011, №4.

Нумар часопіса, прысвечаны Балканам — іх гісторыі, сучаснасці і літаратуры, — быў укладзены і адрэдагаваны Сяргеем Сматрычэнкам і збольшага складаецца з перакладаў, зробленых з самых розных, славянскіх і неславянскіх, моваў. Цэнтральная літаратурная публікацыя нумара — кніга харвацкага пісьменніка Міленкі Ергавіча “Сараеўскае Мальбара”, перакладзеная Сяргеем Шупам. Вядомы як прынцыповы перакладчык прозы, Сяргей Шупа здзівіў у гэтым нумары яшчэ адной публікацыяй — перакладам падборкі паэзіі харвацкай паэткі Тацяны Громача, і хаця ў інтэрв'ю “ПрайдзіСвету” перакладчык і казаў, што часам ён спрабуе “брацца і за паэзію — калі яна без рыфмы і памеру”, чытач нячаста мае магчымасць заспець спадара Шупу за такімі спробамі.

У балканскім нумары часопіса змешчаныя таксама пераклады эпасу паўднёвых славянаў, ліст сербскага нобелеўскага лаўрэата Іва Андрыча, новы (відаць, ужо чацверты) беларускі пераклад “Фугі смерці” Паўля Цэлана і шмат іншых аўтараў, многія з якіх прадстаўленыя па-беларуску ўпершыню.

ARCHE-Пачатак: Аўстрыя: ад імперыі да нацыі. 2011, №9

Яшчэ адзін нумар часопіса “ARCHE” (падрыхтаваны зноў жа Сяргеем Сматрычэнкам) прысвечаны Аўстрыі і ў значнай меры аўстрыйскай літаратуры: у часопісе прадстаўленыя творы Франца Кафкі (пер. Л. Баршчэўскага), Артура Шніцлера (пер. Ул. Папковіча), Інгеборг Бахман (пер. Н. Бойкі), урывак з рамана нобелеўскай лаўрэаткі Эльфрыды Елінэк (пер. В. Гронскай), вершы Райнэра Марыі Рыльке і Тэадора Крамера (пер. К. Маціеўскай і Г. Янкута), а таксама пераклады вялікай колькасці іншых мастацкіх, аналітычных і навукова-папулярных твораў. Аўстрыйскі, як і балканскі, нумар часопіса дазваляе хутка прабегчыся па разгледжаным рэгіёне і атрымаць пра яго пэўнае ўяўленне — роўна на 450 старонак, а гэта зусім не мала.

Дзеяслоў. 2011, № 55.

Новы нумар часопіса “Дзеяслоў” змяшчае вялікую падборку твораў з афрыканскага нумару “ПрайдзіСвета”: творы пісьменнікаў з Паўднёвай Афрыкі, Нігерыі, Сенегала, Заходняй Сахары, перакладзеныя з афрыкаанс, ангельскай, французскай і гішпанскай моваў, а таксама апавяданне “Аванпост прагрэсу” ангельскага пісьменніка-неарамантыка Джозэфа Конрада. Апроч гэтага ў нумары змешчаныя казкі з экватарыяльных рэгіёнаў і агляд ранейшых беларускіх перакладаў з афрыканскіх літаратураў. Гэтая публікацыя ў “Дзеяслове” (як і сам афрыканскі нумар “ПрайдзіСвета”) можа лічыцца самым сур’ёзным даследаваннем літаратуры чорнага кантынента ў Беларусі, а таксама самай экзатычнай перакладчыцкай публікацыяй году.

Аўдыёкніга

Чалавек шматпавярховы / Андрэй Хадановіч чытае Чэслава Мілаша. — Аўдыёкніга. — 2011.

Аўдыёкніга вершаў Чэслава Мілаша дазваляе паглядзець на нобелеўскага лаўрэата новымі вачыма, а дакладней, паслухаць новымі вушамі. Перакладчык вершаў Мілаша Андрэй Хадановіч чытае творы пад музыку гурта “Рацыянальная дыета”, напісаную спецыяльна для гэтага праекту. У аўдыёкнігу ўвайшло 25 вершаў розных перыядаў творчасці паэта.

З аднаго боку, можна сказаць, што і музыка, і прачытаныя перакладчыкам тэксты навязваюць слухачу пэўнае ўспрыняцце твора, даюць гатовую эмоцыю ці хаця б спрыяюць яе ўзнікненню. У гэтым плане традыцыйная кніга дае чытачу больш свабоды. З іншага боку, інтэрпрэтацыя прафесійнага перакладчыка і прафесійных музыкаў таксама вельмі цікавая: слухач атрымлівае магчымасць паслухаць “чужога” Мілаша і зразумець, што ў ім пабачылі іншыя. І, можа, нават пагадзіцца з імі і падзяліць іх захапленне. Ды і проста паслухаць добрыя пераклады паэзіі пад добрую музыку.

паводле svaboda.org

Частка кнігі

Мартысевіч, Марыя. Амбасада: вершы свае і чужыя. — Мінск, “Кнігазбор”, 2011.

Адно з самых чаканых паэтычных выданняў году — зборнік “Амбасада” ад аўтаркі кнігі “Цмокі лятуць на нераст” — адразу намякае на тое, што не апошнюю ролю ў ім адыгрываюць пераклады. У адрозненне ад звычайнай практыкі выдзялення перакладаў асобным раздзелам, Марыя Мартысевіч змясціла іх побач з уласнымі творамі — і такі падыход сёння, калі імя перакладчыка ўсё часцей выносіцца на першы план і ставіцца побач з імем аўтара, выглядае больш чым лагічным. У зборніку змешчаныя пераклады вершаў К. І. Галчыньскага, Б.-І. Антоныча, С. Жадана, І. Бродскага, Д. Томаса, Т. Ўэйтса, Т. Ўільямса і Б. Лесьмяна.

Данільчык, Аксана. Сон, які немагчыма забараніць: вершы. — Мінск, “Кнігазбор”, 2011.

Каля траціны кнігі складаюць пераклады з італьянскай мовы — як ні дзіўна, гэтая мова не нашмат папулярнейшая ў нас за нарвежскую, — якія, у адрозненне ад папярэдняй кнігі, традыцыйна вынесеныя асобным раздзелам. Улічваючы, што апошняя анталогія італьянскай паэзіі — гэта, відаць, “Ад вежаў Ферары”, якая выйшла ў 1974 годзе (бо не будзем жа мы лічыць сур’ёзнымі перакладамі з італьянскай мовы тое, што час ад часу выдае Ул. Скарынкін), пераклады Аксаны Данільчык уяўляюць цікавую спробу зборніка ў зборніку.

***

Як відаць, год для перакладу выдаўся някепскі: шэраг выданняў лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша, пераклад нарвежскага рамана, зборнік класіка амерыканскай літаратуры Эдгара По, кніга папулярнай нямецкай пісьменніцы — лаўрэаткі прэміі за найлепшы нямецкі раман Катрын Шміт, дзве дзіцячыя аповесці фінскай аўтаркі Тувэ Янсан, культавы раман Германа Гесэ, некалькі зборнікаў перакладной паэзіі, а таксама паэзіі беларускай, але з дадаткам перакладаў і шмат чаго іншага. З Новым годам усіх чытачоў, пісьменнікаў і перакладчыкаў, і хай 2012 год будзе яшчэ больш багатым на добрыя кнігі.
 

Ганна Янкута

Чытайце таксама

Яраслава Ананка, Генрых Кіршбаўм

"Беларуская мова": генетычны перфарматыў

Бабруйскія паштоўкі

Бабруйскія паштоўкі

А вы бывалі ў Бабруйску? У горадзе, дзе адказваць пытаннем на пытанне — норма. Дзе збудаваны з цэглы Розенберга дом "Порт-Артур" экскурсаводы параўноўваюць са Сцяной плачу. А мясцовыя жыхары негабрэйскага…

Адрывак з Ай-Кітабу

Ян Станкевіч

Адрывак з Ай-Кітабу

Гэты матэрыял быў надрукаваны ў часопісе “Крывіч”, № 2(8), 1924. Ён змяшчае ўрывак з Ай-Кітабу, падрыхтаваны да друку Янам Станкевічам, а таксама яго суправаджальны артыкул пра прынцыпы транскрыпцыі...

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Ва Украіне днямі быў прэзентаваны фотапраект Расціслава Шпука "Літаратары ў вобразе бамжоў". 31 траўня ў львоўскай арт-кавярні "Кватэра 35" адкрылася выстава аўтара пад назвай "Без адзнак мастацкага жыцця".…

824