A R C H E П а ч а т а к № 4 (27) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42003
» да Зьместу «

 


ЧЭСКІ АЛЬБОМ
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


запісы

 

(81Kb) Вокладка ARCHE 4-2003. ЧЭСКІ АЛЬБОМ. Дызайн Зьмітра Герасімовіча.

   Мінулыя нумары:

   Pax Americana
   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Вячаслаў Адамчык
 
 
Дзённік 1998

Працяг. Пачатак у № 3 за 2003 год.
 

Серада, 1 ліпеня 1998 году.

7.00. Сёння ноччу запісаў на полі старога часопісу з дзённікамі Твардоўскага: “Прачнуўся ў 2.30 ад невыносна моцнага галаўнога болю. Шукаю таблеткі (клафелін і берліпрыл)”.

Галава цяжкая і цяпер. У дадатак левы бок ніжай рэбраў працінае востры, як іголкі ці лязо брытвы, падазроны агонь. Нырка, посік? Не разбяру, што баліць.

Хацеў паскардзіцца Ніне, але ёй ужо слова не скажы. Крыўдуе за кожную дробязь, наракаючы на сваю старасць. А яна, старасць, і праўда ўжо чуецца і ў нашых бясконцых хваробах, і [ў] недакладных рухах, калі ўсё падае з рук, і ў страце памяці, калі іншы раз ідзеш, забываючыся, куды і па што ідзеш.

Сарваўшыся з электраправадоў, на чарэшню ў нашым двары злятае цэлая грумадка пісклявых драздоў. Ягад на ёй ужо няма. Тую жменю, што яны яшчэ не падзяўблі, я ўчора абабраў. Але ім напэўна помніцца, што (днямі) надоечы яны добра тут ласаваліся. Пазаўчора іх апярэдзіла сойка. Яна сядзела на дрэве, не баючыся нават Нінінага крыку.

Рэч простая — кожная істота хоча жыць. А раз жыць, то і жывіцца.

Калісьці Жорж Сімэнон не мог гаварыць з Андрэ Жыдам пра яго кніжкі, бо ніводнай з іх, апрача дзённікаў, да канца дачытаць не мог. А ўсё, як прызнаваўся Сімэнон, праз яго стыль — занадта правільны і занадта элегантны.

Але ж і заскарузлы і зусім не элегантны, а хутчэй — абшарпаны і галеча-жабрачы стыль нашых раманаў я не магу ўспрымаць. Душа вымагае дакладнасці, інтэлігентнасці, элегантнасці, нарэшце, пісьменнай літаратурнай мовы, прасеянай хоць збольшага на першае, негустое сіта ад русізмаў (урон), дыялектызмаў (ейны і ягоны) і ўсечаных наркомаўкай ненатуральных слоў (зроблен).
 

Чацвер, 2 ліпеня 1998 году.

14.20. Патэлефанаваў у Мінск Ніне. І што ні дзень, то найгоршая навіна: Міраславу не далі ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць, Наташу выганяюць з працы ў Доме літаратара. Не дзіва, што нашы кніжкі могуць скласці касцёр на Круглым пляцы. Бібліятэку ў суполцы літаратараў ліквідуюць. Там загаспадарылі тры невядомыя срулі і кіргізка Іпатава. Ці ім да нацыянальнай беларускай культуры?

Рука сапраўды ўжо шукае гранату ці спуск у гранатамёце. І шкада, што іх у мяне няма. А наўкруга — бандытызм, хабарніцтва, распуста, махлярства і здрадлівыя лукашэнкі з малафейкінымі /.../

21.10. Як хвалюецца, як шапоча, як кіпіць раскалыханы і ўзбунтаваны ветрам наш малады сад. Як шугае, густа шуміць, раскалыхвае з парыпваннем франтон (веранды) мансарды парыўны вецер. Ён дзьме з-пад сівых, набрынялых дажджом, ацяжэлых хмараў, што засцяць неба. Мільгае лямпачка, нібы папярэджваючы, што ноччу электрыкі не будзе. Яна то прыгасае, свецячы толькі чырвонымі валаскамі, то ўспыхне ярчэй, ператварыўшыся ў сонца...
 

Субота, 4 ліпеня 1998 году.

9.15. Учора дзікая гульба на праспекце: бубны, гармоні і электрагітары. Гурты п’янай моладзі. З магазінаў прывезлі не толькі гарэлку, а чамусьці сантэхніку: ракавіны і ўнітазы. Наш пад’езд заблакавалі скрынямі каньяку. Я нават паскардзіўся паліцэйскаму. На кветніках пад ліпамі валяліся смяротна п’яныя мужчыны.

Сапраўды, пір у часе чумы.
 

 
   

10.30. Схадзіў на паштамт і палучыў нарэшце пенсію.

У свой пад’езд, сёння застаўлены скрынямі з двума бусламі, прарваўся дзякуючы міліцыянеру. Каб не ён, то алкашы з бурачковымі тварамі і наглыя дзявулі скрыні не адсунулі б.
 

Нядзеля, 5 ліпеня 1998 году.

Учора — ізноў дзікая гульба. П’яная гурма ў сінім дыме ад шашлычных жароўняў пад гукі ўзмацняльнікаў ляніва, як чэрві, варушылася на праспекце насупраць банку.

Ледзь не лопалі перапонкі, калі я прайшоў міма чорных скрыняў, з якіх выляталі рытмы тамтамаў.

На пляцы Якуба Коласа не мог дачакацца тралейбуса — праспект быў заняты шнурамі задыханых, спацелых бегуноў.

На крос выйшлі і дзяды, і ўнукі. Каб так на касьбу, ворыва і жніво.

Ніна ў касцёле. А ўкленчыць яна не можа — баляць калені.
 

Панядзелак, 6 ліпеня 1998 году.

7.30. Захмаранае, з ледзьве прыкметнымі ясна-блакітнымі (на гарызонце) і густа-сіняватымі (у зеніце) азярынкамі, неба. Кружэнне бясконцае чорных вастракрылых стрыжоў. Іржава-карычневыя дахі беднага, недагледжанага гораду. Гэта калі не зазірнуць у брудныя засмечаныя двары з ямамі пабітага асфальту, засыпанага ружаватым нязмеценым пяском. Старыя, ссутуленыя ад холаду кабеты, што вывелі на выгульванне сабак, і зарослыя бародамі клышаногія бамжы, што цягнуцца да кантэйнераў са смеццем, дадаюць душы яшчэ больш чорнасці і смутку.
 

Аўторак, 7 ліпеня 1998 году.

7.20. Непрадукцыйны я чалавек — трачу час на дробязі. Ужо гадзіну як капашуся ў шуфлядах стала і тумбачкі, перабіраючы лякарствы.

Большасць (баляшыня, як казала маці) нашага жыцця ідзе на дробязі. Каб мы маглі разлічыць кожны свой крок, колькі было б карысці.
 

Пятніца, 10 ліпеня 1998 году.

9.00. Учора нарэшце скончыў рэдагаваць і аддаў (хлопцам) сынам для набору сваю “Развітальную аповесць”. Ёсць шмат (агульнага) адэкватнага паміж дзённікамі, апавяданнямі і аповесцю.

Гэтыя паўторы варта было б зняць, ва ўсякім выпадку прыглушыць.

З офісу, куды я ледзьве падняўся пад вялікі дождж, сыны мяне запрасілі ў “Ракаўскі бровар”. Гэта ўжо ў гонар Валодзевага ад’езду (на адпачынак) у Гішпанію.

Потым была яшчэ Міраславава кватэра, нарэшце агляд іхняга новага офісу. Трохпакаёвая кватэра, у якой толькі пастаўлены новыя сцены і ўсланы паркет, мне спадабалася, але ж першы паверх...

Абыдзецца яна дарагавата.

Дарэчы, у ёй ужо ўстаўлены новыя вокны (пакеты), няма толькі дзвярэй.
 

Нядзеля, 12 ліпеня 1998 году.

У старожцы, хватаючы слухаўку — тэлефоны спараныя, — не даюць пагаварыць бамжы, якіх тут пасяліў, узяўшы за старажоў, ранейшы старшыня таварыства. Я адчыніў дзверы старожкі і ўбачыў на калодцы п’яную маладзіцу, яна нешта барматала ў чорную тэлефонную трубку.

І машыны да іх прыязджаюць пад № /.../ КХ і /.../ МХ. Значыць, тут збіраецца цэлая зграя зладзеяў, што абіраюць дачы.
 

Панядзелак, 13 ліпеня 1998 году.

Кручаны

— Бог назваў святло днём, цемру — ноччу. А як мне назваць сабачку? Я купіла яго без імені. Ішла на рынак па іншай патрэбе, і ў пераходзе метро стаяла жанчына, трымаючы на руцэ, сагнутай у локці, лапавухае шчанятка з выпуклымі і неразумна-наіўнымі вачамі. Я мінула гэтую худую, высокую, як жардзіна, жанчыну, з гарбаватым носам і тонкімі губамі, а ў памяці засталося шакаладнага колеру чорна-сінявокае шчаня. Я, вядома, вярнулася.

А шчаня аднойчы згубілася і прывяло ў кватэру чорнага, як асмалак, і гэтакага жылістага, кручанага, як асмалак, Тодара.
 

Аўторак, 14 ліпеня 1998 году.

Гул, грукат і вуркат самалёта, што глухне за ўздыбленым гарбом лесу, затканага сіняватаю смугою, нясе мае ўспаміны на надрэчныя алешыны і вербы Варакомшчыны, да даўняга, можа, дваццацігадовага лопату верталёта, што чамусьці лятаў над далінаю Ятранкі, да тых людзей, якіх ужо няма, якія спяць пад глыбамі пяску сярод марных, чэзлых і замшэлых хвоек. І чамусьці ў галаве пайшоў такі падлік: каму было дзесяць — сёння яму трыццаць, каму было трыццаць — сёння пяцьдзесят, каму пяцьдзесят — таму сёння семдзесят, каму семдзесят — той адышоў.
 

 
   

А верталёт, трымаючыся за празрысты круг прапелера і падняўшы хвішчаваты хвост, усё лапоча над зялёным алешнікам і сінявата-сталёвым рваным паскам Ятранкі. І густа стаіць сіваваты, ацяжэлы ад расы авёс на гарбатых боханах далёкіх і блізкіх грудоў. Палявыя межы і дарогі горка і вязка пахнуць белым рамонкам, упрыгожаным лёгкімі, сінімі, як матылькі, валошкамі...
 

Серада, 15 ліпеня 1998 году.

9.00. Адстаяў, ці, праўдзівей, прагаварыў чаргу па малако з ліпкім Спрынчаном. І заварыў сабе манную кашу. Чакаю Ніну. Але наўрад пад марасісты дождж, што крадком пасыпаў і разышоўся, пабольшаў, яна прыедзе.

Надвячоркам разгортваў Брыля, але чытаць яго куртаценькія, кволыя, націнныя апавяданні не мог. У свой час, працуючы ў “Мінскай газеце”, іх, напэўна, адрэдагаваў Антон Адамовіч. Бо тое, што было ім выбракавана, выпраўлена і надрукавана ў той жа газеце — цыкл дзіцячых навелак, — выдатна.
 

Чацвер, 16 ліпеня 1998 году.

Прыгадалася мая астатняя сустрэча, праўдзівей, гутарка па тэлефоне з Кандратам Крапівою, ці, па-нашаму ды, можа, і па-ўздзенскаму, — Крапівом. Блізілася яго 90-годдзе. Але пра гэта трохі ніжэй...

З ім, ужо даволі сталым, хворым на вочы (катаракта), я сустракаўся і гутарыў не раз. Як памятка пра гэтыя кароткія сустрэчы застаўся блакітны, пасярэбраны на карашку пяцітомнік з тым няроўным дарчым подпісам, які яму, невідушчаму, даўся даволі цяжка. Ён доўга і навобмацак, адцягнуўшы сярэднюю шуфляду стала, шукаў стрыжань:

— Недзе ж тут.

Я прапанаваў сваю аўтаручку.

— Дзякую. Знайду. Павінен быць, — яго доўгія пальцы таропка кешкаліся на днішчы шуфляды і нарэшце знайшлі белую кантовую ручку, прымітыўна-простую, шарыкавую.

Ён ганарыста падняў свой старэчы, хударлявы, перакрэслены зморшчынамі, але яшчэ ружаваты твар і, зморшчыўшы нос і прыўзняўшы (закапыліўшы) верхнюю губу, як гэта робяць падслепаватыя людзі, пераможна паглядзеў на мяне. Вядома, праз складаныя лінзы акуляраў. Не ведаю, ці ўбачыў ён мой твар, бо доўга, на вобмацак, пэўна, ішоў адчыняць дзверы, накінуўшы на плечы ці не байкавы бальнічны халат, як гэтак жа, абапіраючыся растапыранаю рукою аб сцяну, вяртаўся ў свой кабінет з калодаю вычасанага красналюдка ці лесавіка і стэлажамі беларускіх кніжак, асобна ад расійскіх, якія стаялі злева і ў цэнтры, нібы намёк на інтэграцыю.

— Чытаю ваш раман. Толькі ўжо зрок слабы — губляю радкі. Ого, колькі вы ведаеце зёлак. Але ў адным месцы ўсё ж паўтарыліся.

Ён быў карэктны, а можа, трохі афіцыйны. Але помніцца, калі з нагоды залатое зоркі мы сфатаграфавалі яго на лаўцы ў акадэмічным садзе ў сівым старамодным капелюшы і збіраліся былі развітацца, ён нечакана запрасіў да сябе на кватэру.

Мне было няёмка і сорамна, і я знайшоў адчэпку:

— У грыбы сабраўся.

— Ідзі, пасядзі за сталом, грыбы падрастуць, — ён, падняўшы абедзвюма рукамі і перакінуўшы за борт сваю правую нагу, пачаў паволі выбірацца з машыны.

І перад гэтым таксама жартаваў, учуўшы, як на зялёнай выспе сярод нерухомага азярка гарланіць певень.

— Во, чуеце, спявае.

— А што, тут і пеўні ёсць? — здзівіўся наш шафёр.

— Усяго адзін. А курыцу на лодцы яму не падвезлі, таму і крычыць.

Астатняя ж наша гутарка аказалася не толькі не жартаўлівай, а нейкай адчужана-невясёлай, калі не сказаць горкай.
 

 
   

Патэлефанаваўшы Крапіве — дзякуй Богу, слых у яго, як і памяць, быў яшчэ не скарэжаны старасцю, — я папрасіў яго, папярэдне, вядома, распытаўшы пра здароўе, напісаць зварот да моладзі: часопіс “Бярозка”, дзе я працаваў тады на пасадзе рэдактара, меўся прысвяціць яму некалькі сваіх сціплых разгорткаў (разваротаў).

Але ў слухаўцы зацягнулася падазронае маўчанне, патрэсквала разрадамі толькі правадная адлегласць, дарэчы, кароткая — наўскос праз праспект — ад Дому друку, дзе знаходзілася рэдакцыя часопісу, да магазіну “Сінтэтыка”, над якім ён жыў.

Нарэшце пачуўся яго слабы і ўжо даволі глухаваты голас. Мяне кінула ў недаўменне яго кароткая, трохі нават асцярожная, але катэгарычная фраза:

— Тут ёсць нюанс.

— А ў чым справа, Кандрат Кандратавіч? Танк, напрыклад, у свае семдзесят нам напісаў.

— У семдзесят можна, а ў дзевяноста...

І раптам нечакана страшнае і крыўднае, напэўна, да болю ў скронях, раздражнёнае запытанне:

— Хіба вы жадаеце мне смерці, што вымагаеце гэты зварот ці запавет?

Я, мусіць, таксама доўга маўчаў, пераводзячы дых.

Было, вядома, і маё прабачэнне і за трывогу, і за тэлефонны званок, і за сваю, мусіць, неабдуманую прапанову і некарэктнасць.

— Даруйце яшчэ раз, — нарэшце я змогся ў сваёй мальбе і просьбе.

— Нічога, бывае, — адклікнуўся ён, як мне здалося, паспакайнелым, а ўсё ж пакрыўджаным, недаравальным тонам у голасе.

З гадамі, успамінаючы гэты выпадак, я чую нейкую невымоўна цяжкую, незразумелую і невытлумачальную віну перад Кандратам Крапівою. Але ў чым яна, дабраць і асэнсаваць не магу.

Што ён, як казаў Дастаеўскі пра Пушкіна, забраў з сабою нейкую вялікую таямніцу, то, мусіць, не. Крыўду, то, напэўна, так. Але ж пражыў нямала — 94 ці 96. То ў чым жа яна?
 

Пятніца, 17 ліпеня 1998 году.

Мой самаробны флюгер, мільгаючы срэбна-бляшаным прапелерам, паварочваецца на поўнач.

Гнуцца ўстрывожана-непакорныя, раскалыханыя ветрам, маладыя танканогія яблынькі-прышчэпы, і на сетку доўгімі сівымі косамі, нібы ў актыніі, навальваецца вербалоз.

Неба спрэс сівае, з дымам ірваных цемнаватых хмар, што сплываюць за цёмна-зялёны гай. Адна да аднае ў знямозе ці ў жалобе туляцца, нагадваючы нечым усходніх жанчын, затуленых чадрою, гнуткія бярэзіны. Сівыя дымкі ад нізкіх хмар перапаўзаюць высокую спіну шмат’яруснуга лесу.

За акном пад застрэшкам франтону гудзе і віхрыць вецер.
 

Субота, 18 ліпеня 1998 году.

7.00. Прачнуўся пад гул, шэпт і падвыванне віхурнага ветру, ад якога парывала і стагнала мансарда. Як вынік гэтых парываў — недзе зблытаныя электраправады — святла няма.

Сад трапеча, кіпіць, варушыцца, гнецца доўгімі маладымі галінамі ледзьве не да зямлі.

Сівыя воблакі рваных хмараў, пераплыўшы праз зубчаты хрыбет лесу, спадаюць у лагчыну.

Дуб, падняўшы круглую крону, нібы амёба шчупальцамі, варушыць ёю, плыве супраць ветру.

І вал за валам сіва-дымных нізкіх хмараў коціцца за прылізаны, нібы павернуты спінаю да ветру, ссутулены гай.
 

 
   

Успомніўся гэтак захмараны, дажджлівы і ветраны май, калі я, прыехаўшы ў Варакомшчыну, хадзіў на поле, дзе была Папушчына, сасновы лес, высечаны калгасам (старшыня — антыхрыст Каско), шукаць сунічнік, праўдзівей — яго кветкі. Каля каменняў, нассованых з поля, каля іхніх лежбішчаў, што нагадвалі прыморскія лежбішчы маржоў, нага наступіла на сухія сасновыя шышкі. Я ажно зніякавеў і падняў іх як прыкмету, як знак, што некалі тут шугалі і ўздымаліся да неба стрункія сосны.

Наўкруга на боханістых грудах ляжала лілова-карычневая ралля з кволымі жаўтлява-зялёнымі ўсходамі ячменю ці аўса. І душу высмоктваў смутак, і сэрца сціскала жальба, што ўсё мілае і знаёмае змалку — зацішная сцяна хвоек з падлескам крушыны, берасклету і цёмна-зялёных купчастых елачак з чырвоным агнём і лопатам цецерукоў — так беззваротна адышло.

Быў лес, прытулак... А цяпер я стаяў нібы расхрыстаны ці бессаромна голы сярод голага, бязлесага і нібы чужога поля. О, як гэта цяжка: хаваць не толькі чалавека, але і родны лес, што прыветна цягнуў да цябе выгнутыя галіны з ёршыкамі зялёных ігліц і лашчыў душу мяккім цёплым шэптам.

Які бязбожны, нечысцівы і шкодны чалавек, бывае, народзіцца на зямлі.
 

Субота, 18 ліпеня 1998 году.

15.00. Парывісты вецер (заходні ці нават заходне-ўсходні), перагонамі дождж, як у глыбокую восень. Дзень схіліўся на вечар, а сонца яшчэ і не прабілася праз тоўшчу сіва-белаватых хмар. І Ніна мусіць расіцца ў мокрых кустах, каб назбіраць вядзерца парэчак.

Дачнікі паціхеньку ўцякаюць у горад. Балазе з’явілася электрыка, а то і мы, як кажуць, навастрылі лыжы. Паедзем заўтра.

Няўжо ж не распагодзіцца?

Праз авёс, вядома ж мокры, з пустымі кашамі, бо памахвае імі, прэцца на дачы грыбнік. Апрача баравікоў, лісіц, асавікоў і падбярозавікаў высыпалі ўжо апенкі — асеннія грыбы. І сіўцоў (ваўчакоў) поўна.

Грузавік гудзе. Мусіць, нейкая “Татра” ці “МАЗ”, што з жвіровішча пад Заслаўем (бяруць) возяць пясок.
 

Нядзеля, 19 ліпеня 1998 году.

7.15. Пагодны, ветраны ранак. Але на ясна-блакітнае неба наплываюць кудзеркі белых хмарак. Адна за адною. А на небасхіле белая рабізна іх.

Мігціць осцямі, выпусціўшы колас, жаўтлява-зялёны ячмень пад кучарава-зялёным дубам. Па загонах бульбы засвяціліся пяцікутна сонечна-жоўтыя кветкі гарбузоў.

Ніна ў гародзе з пучком цыбулі (пер’я). Збіраемся ў Мінск, нарыхтаваўшы ў дарогу па вядзерку чырвоных і чорных парэчак (смародніку).
 

Серада, 22 ліпеня 1998 году.

18.50. На градусніку +30 °С. Але ён на сонечным баку і нагрэўся за дзень. Усё ж на праспект не высунуцца — ідзеш як па Афрыцы і цябе прыціскае да асфальту.

Вярнуўшыся з Масквы, заходзіў Міраслаў. Заўтра ці паслязаўтра ён прынясе карэктуру “Развітальнай аповесці”, майго зборніка прозы.

Учора, сустрэўшы Сашу Станюту ў аптэцы, я падмовіў яго купіць маці, вядома, за мае, бутэльку до пурпара (мал. віно).

Спадарыня Стэфанія, напэўна, была бясконца рада. Бо хто ж успомніць пра шаноўных людзей, калі не я.
 

Аўторак, 28 ліпеня 1998 году.

Цікавае апісанне кветак у польскіх даведніках. Напрыклад, у кнізе “Пажыткі пчол”. Пра кіпрэй, ці па-расійску іван-чай, у нас — кудзеля, гаворыцца простаю, нават трохі паэтычнаю моваю: цвіце ў ліпені і жніўні. Кветкі велікаватыя, кармінавыя, сабраныя [ў] стажковую гронку.

А пра цвет мядункі: найперш чырвона-ружова, а пазней — блакітна, нябеска. Расце пераважна ў лесе. Цвіце ад пачатку сакавіка да пачатку мая. 30 см вышыні.

Медуніцу ў нас называюць смактухаю, па-расійску — медуніца цёмная.

Мацяжанка. Ці не <мыцердушка>? Выдае араматычны пах. Кветкі ружова-ліловыя. Нарэшце здагадаўся — ліловы, поўны пчол наш чабор. Гаркаваты, цёпла-густы яго пах заводзіць у роце. Ён заўсёды поруч з жоўтым расходнікам. Гэтымі жоўта-ліловымі стракатымі дыванамі былі ўсланы нашы сухія ялавіны ці пералогі. Яшчэ між іх сівавата-варсістыя, але мяккія лісцем, стрымбулі жоўтай ад кветак мядова-пахучай дзіванны, а ўвосень, калі згасне дыван, на ім закалышуцца, махаючы сіва-ліловымі галоўкамі-шышкамі, сціплыя, сарамлівыя каткі.

У суботу, калі мы са сватам ехалі на дачу і з дачы на яго шарым, ужо стараватым “мерседэсе”, нас на адхонах шашы віталі сінія, праўдзівей, блакітныя лёгкія матылькі, толькі не ўзляталі, — кветкі мацаўніку (цыкорыі), што абляпілі яго ледзьве не голыя бадылі.

Па-восеньску ўжо суха шапаціць, калышацца і сыпле першае жоўтае і пажухлае, дзіравае лісце наш яшчэ не стары садок. Але ўжо з чэзлымі ад марозу і раку замшэлымі яблынямі. Дрэвы гінуць цераз адно.

Неба замурзалася валакністай рэддзю белаватых высокіх воблакаў. Кіпіць, варушыць кожнаю галінаю круглаверхі дуб.

За блакітна-сіваватай капустай, за жоўтымі ад цвету патысонамі ці кабачкамі гнуцца зялёныя высокія зараснікі тапінамбуру (земляное грушы, ці канадскай бульбы). Ён яшчэ не цвіце.

 

 
   

Серада, 29 ліпеня 1998 году.

7.30. Вяртаючыся ў падлеткавыя гады (ажно страх казаць — паўвека назад), перачытваў пад шапаткі вечаровы дождж спіленькую ружавата-злінялую кніжачку Змітрака Бядулі з тымі змалку вядомымі яго апавяданнямі “Пяць лыжак заціркі”, “Малыя дрывасекі”, “Летапісцы”, “Віхор”.

Наіўна-замілаваная, простая проза, якая так прыйшлася даспадобы маладой душы, сёння трохі выклікае не злы, добры смяшок.

Найлепш напісана, нягледзячы на арнаментальнасць і часам літаратурныя шкляныя званочкі, навела “Віхор”. Добра, даверліва ўспрымаеш і гэты паўтор з ледзь улоўным тонам у голасе местачковага балагола: “Ах ты-ы-ый... Баламут! І-ха-ха”. І чуеш гэты тоненькі і дробны смех, і бачыш, як дзедава дрыготкая шурпатая рука гладзіць аксамітную шыю свайго гадунца. І нават уяўляеш, як сівыя мяккія губы жарабка бяруць з дзедавай далоні чорствы хлеб.

Каб не наіўная, занадта ўжо фантастычная канцоўка — жарабок прывозіць на сабе свайго злодзея, беспрытомнага канакрада, што “бразнуўся лбом аб хвою” і чамусьці не зваліўся, ушчаперыўся пальцамі ў гарачую густую грыву, — навела была б беспадобнай, проста зіхатлівай іскрынкай нашай, не такой ужо і багатай на класічныя шэдэўры, нацыянальнай прозы.
 

Пятніца, 31 ліпеня 1998 году.

Дзіва, але Міцкевіч у эпілогу “Пана Тадэвуша” Наваградчыну/Польшчу называе “краем шчаслівым, убогім і цесным”.

“Ptak małego lotu”.

Выраз Міцкевіча: “Павінна і там быць жыццё, дзе маскаль тне сякераю”.
 

Субота, 1 жніўня 1998 году.

Праз тыдні два будзе пяты год/якраз роўна пяць гадоў, як мой малодшы брат Янак не чуе ні плачу за сцяною ўнука, ні вадаспаднага ліўню за акном, ні пошуму старых дрэў у блізкім парку, ні рыкання кароў у цаглянай пабеленай аборы, ні лопату блакітнага калёснага трактара на вуліцы і не прыедзе да мяне, каб убачыць у росным садку паружавелы зялёны яблык на абвіслай галіне той яблынькі-прышчэпкі, якую ён калісьці прывёз з Пружаншчыны, дзе спачывае сам недалёка ад старой бярозы з зажуранаю сасною, і якую, выкапаўшы ямку, пасадзіў мне на ўспамін.

У аўторак 17 жніўня 1993 года на лістку адрыўнога календара я запісаў няроўным, нервова-дрыготкім почыркам: “Сёння, у 5.30 раніцы, памёр мой брат — Ян Адамчык”.

Недзе ў шэсць пасля навальнічнага дажджу мне з Каштанаўкі (былы панскі двор пад Пружанамі) патэлефанавала Аня, яго жонка, сказаўшы каротка: “Памёр Іван. Вось толькі што. Уключыў святло і паклікаў мяне з мацераю: “Будзьце пры мне, не адыходзьця!” Мы запалілі свечку. Ён заплюшчыў вочы — і памёр”.
 

Нядзеля, 2 жніўня 1998 году.

Не мог прысесці за стол, успомніўшы Яна, яго заўчасную, у 49 гадоў, пакутную смерць.

У гэтакія парныя ліпеньска-жнівеньскія дні я наведаў яго яшчэ жывога, схуднелага, як Хрыстос, з вялікімі ўмольна-вінаватымі вачамі. Колькі было наіўнай просьбы ў гэтых дзіцячых сіняватых вачах, калі мы развітваліся.

А перад гэтым была задушлівая ноч з перуном, водгуллем грому, шчодраю навальніцаю і яго сухім, раз за разам, нямоцным кашлем за перагародкаю...

Дарога дадому/да чыгуначнай станцыі праз залатое ўжо збожжа — палавое жыта і бурштынавыя аўсы — у кабіне жоўтага малакавоза ад белай фермы поруч [з] двухпавярховым сілікатным домам з ражнамі і крыжавінамі антэн на шыферным даху і... акном у ім, завешаным белымі фіранкамі, у тыльным пакойчыку з пластмасавым прыёмнікам на падлозе пры ложку, на якім, я ўжо ведаў, ён застаўся дажываць апошнія дні.

І мне на калдобістай палявой дарозе помніліся вялікія сіняватыя вочы ў кучаравых густых вейках і акно, зашморгнутае белымі фіранкамі...

Працяг у ARCHE-5’03.

Публікацыя
Уладзімера Адамчыка

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (27) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/09/23