A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (28) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Алесь Мемус
|
Вось паспрабуйце пераказаць словамі ўжо славутыя шаржы сп. Кукса, скажам, на Бугаёва, Вайняровіча, тых жа Гніламёдава і Зуёнка (у Кукса ён не нагадвае, як у Вяч. Адамчыка, нават Валошына), Мысьліўца, Шаўні, Шамякіна... Вы атрымаеце нешта больш “абразьлівае”, чым пэрсанальныя партрэты з “Сучасьнікаў” ці замалёўкі з натуры аўтара “Дзёньніка 1998”. Відаць, справа ў тым, што маляваны шарж даўно ў нас жанр клясычны, а вось шарж літаратурны, так бы мовіць, яшчэ немаўля. Немаўля, але кусаецца — во зараза!.. Мастакоўскі дар Адама Глёбуса, відаць, і справакаваў яго “Сучасьнікаў” (цыкл друкаваўся раней пад вельмі трапнымі назвамі “Нашы тутэйшыя”, “Цёткі”). Што ж тычыцца “візуальнае” адоранасьці яго бацькі, раю яшчэ раз перачытаць той самы “Дзёньнік 1998”, каб пераканацца ў каляровым багацьці сьвету ў Вячаслава Адамчыка. Гэты дар “злыдня” Адамчыка — ці ня знак яго любові да зямнога, якую крытык Абрамовіч так недарэчна паспрабаваў звузіць да абсурду. У шаржы-сатыры, як маляваным, так і слоўным, мяжа паміж прыязным і варожым бывае вельмі хісткаю (як цярпімасьць кожнага з нас да крытыкі). Успрыманьне гледачом-чытачом мае тут сваю спэцыфіку, калі ацэньваецца не мадэль (аб’ект), што прыцягнула ўвагу мастака, але выяўленчае майстэрства творцы. Хваравітае ўспрыманьне шаржу яго правобразам ці блізкім яму чалавекам — знак недаразьвітасьці бачаньня твору, яго выяўленчых сродкаў. Вось тут і прарастае эфэкт “абразы”, бо абражаны перакідвае ўвагу з твору на сябе. Яму няўцям, што ён быў толькі носьбітам вобразных рысаў, што натхнілі сатырычны дар мастака. Але ў слоўным шаржы (сатыры) прысутнічае яшчэ і гучаньне выяўленчае палітры (і ёсьць словы, страшнейшыя за пісталет...). Творца захапляецца гэтай забойчай сілаю слова і, бывае, пераходзіць мяжу “дазволенага”. І бяскрыўдна сьмешнае для аднаго бывае амаль сьмяротным для іншага! Вось жа Абрамовіч цытуе: “дрыготкія рукі Зуёнка”, “тонкія губы Бураўкіна”, “сьнежнага чалавека, шыракаплечага і грузнага Гніламёдава”, “каратышку Іпатаву”... Але паспрабуйма выправіць “абразу” і ўявім гарэзьліва-таўстагубага Бураўкіна, цыбатую бамбізу Іпатаву, вузкагрудага слабака Гніламёдава, Някляева, што кідаецца наўцёкі ад прывабнае кабеткі... Што, палягчала? Тонкае ёсьць тонкім, шырокае шырокім, а прывабнае — нясьцерпна прывабным. Цяжка намаляваць нас горшымі, чым ёсьць мы на самай справе. Ну а тым, хто зробіць нас (хай на хвіліну) цікавымі для іншых, раю быць удзячнымі, а то выходзіць зусім ужо сьмешна: такі я добры, а яны... Беларуская традыцыя шанаваньня “знакамітасьцяў” як “жыхароў неба” абяскровіла нашу літаратуру. Ці не таму “Сучасьнікі” Адама Глёбуса чытаюцца з такім азартам, бо робяць з “муміі” нешта яшчэ абнадзейліва жывое. |
Шмат што і шмат каго Вячаслаў Адамчык выкрасьліў ці абмінуў увагаю як нявартае ўвагі. Тых жа, хто застаўся ў яго “Дзёньніку” (пакрыўджаных асабліва), трэба павіншаваць, бо вартыя ўвагі і застануцца жыць. Як ні дзіўна, супрацьлеглыя высновы ў адрас аднае асобы збольшага бываюць праўдаю. I адны, і другія. Хто, скажыце, ня чуў у свой адрас: сволач, падонак, хам..., а разам з тым: любачка, мілы, найлепшы!.. I вось жа! Аб’ект гэткіх парадаксальных вызначэньняў падсьвядома прымае і адно, і другое, бо па прыродзе ён і такі, і гэткі. Выбар Вячаславам Адамчыкам пэрсаналіяў дзёньнікавых рэфлексіяў вызначалі драматызм жыцьцёвага кантэксту і атмасфэра апазыцыйнасьці грамадзкаму ладу жыцьця. Аблога, у якую патрапіў ён і яго блізкія (гл. запісы дзёньніка), пагаршэньне стану здароўя, разбурэньне вынашаных жыцьцём і творствам ідэалаў абвастрылі яго ўспрыманьне тых, хто напаўняў ягоную жыцьцёвую прастору. Падзел на сваіх-чужых у гэтым выпадку непазьбежны. Сёньня, калі паміж Вячаславам Адамчыкам і многімі яшчэ жывымі яго сучасьнікамі пралёг пэўны пласт часу і боль пісьменьніка (схаваны адыходам) не вярэдзіць суайчыньнікаў, яго дзёньнікавыя запісы многіх прывялі ў стан шоку. Сьведкі і ахвяры іх непасьлядоўнасьці (назавем гэта так) ужо няма, а дух антаганізму абнародаваны. Як тут ня ўзьняць “высакароднага” ляманту, як не абурыцца, бо я ня я. Маралісты адразу засьпявалі пра чыстыя ідэалы дабра і справядлівасьці, забываючыся на тое, што чужая бяда белымі ручкамі не разводзіцца. Але мараліст абураецца і пад уплывам свайго “высакароднага абурэньня” робіць высновы: “Сэрца пісьменьніка перапаўняла зло і нянавісьць...”, “Пагарда і зьнявага да суайчыньнікаў, любоў да сям’і...”. У тым жа дзёньніку адносна размовы з К. Крапівою чытаем: “Было, вядома, і маё прабачэньне і за трывогу, і за тэлефонны званок, за сваю, мусіць, неабдуманую прапанову і некарэктнасьць (Адамчык прасіў Крапіву ў дні яго 90-гадовага юбілею напісаць зварот да моладзі, ад чаго той катэгарычна адмовіўся. – Аўт.). Даруйце яшчэ раз, нарэшце я змогся ў сваёй мальбе і просьбе. ...З гадамі, успамінаючы гэты выпадак, я чуў нейкую невымоўна цяжкую, незразумелую і невытлумачальную віну перад Кандратам Крапівою...” Вось прыклад найдалікатнейшых адносінаў Вячаслава Адамчыка да сучасьніка і субрата па літаратуры, на якія была здольная яго душа. У тым жа дзёньніку далей: “Учора, сустрэўшы Сашу Станюту ў аптэцы, я падмовіў яго купіць маці, вядома за маё, бутэльку до пурпара (мал. віно). Спадарыня Стэфанія, напэўна, была бясконца рада. Бо хто ж успомніць пра шаноўных людзей, калі ня я”. Такая вось “пагарда і зьнявага да суайчыньнікаў”... Але кожны чытае і бачыць толькі тое, што запраграмаваў убачыць. Разумны чалавек павінен быць больш плястычным ува ўспрыманьні і сьвету, і чалавека, і чалавечага творства. Выснова, характарыстыка, рэфлексія, што выказвае чалавек да чалавека, творца да творцы, заўсёды мае свой кантэкст адносінаў, а зразумець менавіта кантэкст дадзена ня кожнаму. Любоў і нянавісьць — катэгорыі паўнаты жыцьця, у якіх свая мараль і свае ідэалы. Усё жывое імпульсіўна выказвае сябе. Вось іду па вуліцы, несучы пад носам белыя вусы, а з боку сустрэчных чую: то “Якое страхоцьце!”, то — “А мне даспадобы” (дзьве дзяўчыны, усьміхаючыся, абмяркоўваюць мае вусы). Можна, канечне, выдаць апошнім па ганарару, а да першага кінуцца з палкаю... Нашто тады розум, скажыце? Гэтак жа дваіста будзе, вядома, прынята і маё пісаньне. Адзін скажа: “Стары мудры яўрэй”, другі ўпэўнена: “Сам, мусіць, навалач страшэнная...” Так і жывем, бо вецер і сьпераду, і ззаду (а значыць, дыхаць яшчэ ёсьць чым). Калі нехта загігікае ад словазлучэньня “вецер ззаду”, значыць, жывы... Віцебск
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (28) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |