A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (33) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ВОЛЬФ РУБІНЧЫК | ||||||
|
Вольф Рубінчык
|
палітоляг, выдавец незарэгістраванага часопісу «Шахматы плюс». |
Дзве кнігі, дзве спробы наблізіцца да разумення «феноменаў»2 . Метады, ужытыя аўтарамі, дэманструюць больш падабенстваў, чым адрозненняў. І Шарамет з Калінкінай, і Нудэльман цытуюць афіцыйныя біяграфіі сваіх герояў, ставячы іх пад сумнеў. Робяцца экскурсы ў дзяцінства, зварот да радаводу – нібыта гіпотэзы пра «цыганскае» або «яўрэйскае» паходжанне Лукашэнкі, «камуністычнае мінулае» бацькоў Шчаранскага могуць нешта растлумачыць у кар'ерным росце герояў. Палітычнай псіхалогіяй тут не пахне – хутчэй, чытачам імпліцытна навязваецца вобраз «чужынца», ад якога меней шанцаў дачакацца нейкіх дабротаў. Аўтары кніг пра Лукашэнку і Шчаранскага чапляюцца і за дэталі аблічча сваіх герояў, што таксама мусіць дадаваць апошнім хтанічнага каларыту: «На трыбуне малады чалавек дзіўнага выгляду, чырвоны нібы рак, запінаючыся, штосьці хрыпіць…» («ВП»). «Ростам ён не большы за 160 сантыметраў. Ён лысы, коснаязыкі на ўсіх мовах, на якіх гаворыць…» («ШчБМ»).
Нават зважаючы на ўжо паказаныя асаблівасці, можна сцвярджаць, што кнігі адрасаваны масаваму чытачу, які бачыцца ня здольным растлумачыць тое, што тлумачаць паважаныя аўтары. Аднак роля экспертаў кепска ўдаецца і Шарамету з Калінкінай, і Нудэльману, дарма што на вокладцы «ВП» С. Калінкіна заяўлена як «адзін з самых кампетэнтных экспертаў па сітуацыі ў Беларусі», а Нудэльман на прэзентацыі сваёй кнігі заяўляў: «Да мяне ніхто і ніколі гэтак грунтоўна не вывучаў жыццёвага шляху Шчаранскага»3. Аўтарам яўна бракуе памкнення да аб'ектыўнасці. Шарамет з Калінкінай часткова здымаюць з сябе адказнасць за якасць свайго «аналітычнага праекту» агаворкай «гэта наш асабісты погляд»4. У Нудэльмана даследаванне мяжуе з «расследаваннем» і спалучана з абвінавачаннем героя кнігі не толькі ў падмане выбарцаў, але і ў нанясенні шкоды дзяржаве Ізраіль5. Тое самае паўторана ў іўрыцкім варыянце «ШчБМ», які выйшаў адначасова з расійскамоўным.
|
1 «Шчаранскі. Герой нашага часу» – назва кнігі М. Гілберта, біёграфа У. Чэрчыля, выдадзенай яшчэ ў час зняволення Шчаранскага (1984 г.) 2 «Лукашэнку трэба вывучаць як феномен» – загаловак інтэрв'ю з С. Калінкінай у «Независимой газете» (22.12.2003). Выяўляецца, «з яго смяяліся, а пара падумаць, чаму гэта адбылося і што з гэтым рабіць». Інтэрв'ю было ўзятае якраз з нагоды выхаду кнігі «Выпадковы прэзідэнт». Пра гэткую ж «фенаменальнасць са знакам мінус» піша і Ю. Нудэльман: «Мала хто разумее, што феномен, імя якому «Шчаранскі», – яшчэ адна прыкмета разбуральных працэсаў, што адбываюцца ў Ізраілі». |
Намёкі на супрацоўніцтва героя кнігі з расійскімі спецслужбамі сталі падставай для пазову ад імя Шчаранскага, у выніку чаго ў 2003 г. кніга «Шчаранскі без маскі» была забаронена для распаўсюджвання ў Ізраілі як «паклёпніцкая». У Шарамета з Калінкінай абяцаная праўдзівасць («не ўся праўда, але толькі праўда») усцяж абарочваецца чуткамі і дадумкамі кшталту «кажуць… ён тады пакінуў маладую жонку з дзіцем на руках. Але хто ведае?..». «Махровы антысемітызм беларускага лідэра вядомы ўсім» (тутсама высвятляецца, што аўтарам ён вядомы са слоў неназванага кіраўніка расійскай піваварнай кампаніі). Безумоўна, карыстанне сумнеўнымі крыніцамі інфармацыі (накшталт былой старшыні Нацбанку Т. Віннікавай, якую аўтары называюць «жанчынай абаяльнай, какетлівай, але крутой і каварнай у бізнесе») не дадае кнізе аўтарытэту. «Дакументы знішчаны або захоўваюцца ў недаступных для грамадскасці месцах» – так аргументуюць сваю пазіцыю аўтары ў канцы кнігі.
Кніга Нудэльмана, падрыхтоўка якой зацягнулася больш як на тры гады (у адрозненне ад кнігі пра Лукашэнку, напісанай, паводле прызнання С.Калінкінай, за некалькі месяцаў у 2003 г.), абапіраецца на сведчанні знаных асобаў, чыю рэпутацыю няпроста паставіць пад сумнеў, – былых дысідэнтаў і «адмоўнікаў», жыхароў Ізраілю і Расіі. Праўда, дакументальная база і тут кульгае: як тлумачыць Нудэльман, яму «давялося складаць аб'ектыўную карціну з асобных фраз, недагаворак, намёкаў, іншасказанняў». Вядома ж, апошнія – зброя слабых. Аўтар прызнае, што многія яго суразмоўцы не пажадалі дзяліцца інфармацыяй пра Шчаранскага, будучы, на яго думку, запалоханымі… Нягледзячы на стэрэатып аб Ізраілі як краіне, дзе свабода друку захоўваецца ў большай ступені, чым у Беларусі, версія Нудэльмана можа мець пад сабой грунт: у час візіту ў Мінск восенню 2002 г. славуты антысаветчык 1960–1970-х гг., былы паплечнік Шчаранскага Эдуард Кузняцоў прызнаў, што ў Ізраілі цяжка казаць аб незалежнай расійскамоўнай прэсе, бо «Шчаранскі ўсіх купіў». Аднак жа праз недагаворкі нудэльманаўская праца падвісае ў паветры, і вывады пра тое, што «яго [Шчаранскага] праваабарончая дзейнасць выдуманая, яго клопаты аб новых рэпатрыянтах фальшывыя, яго ізраільскі патрыятызм ненатуральны», могуць разглядацца – і разглядаліся ў кулуарах партыі «Ісраэль ба-алія» – як звядзенне рахункаў з удачлівым навічком ізраільскай палітыкі. Кніга пра Лукашэнку выглядае яшчэ менш скрупулёзнай працай, чым «ШчБМ». Па сутнасці, яе сэнс зводзіцца да налепкі пяцігадовай даўніны «Stop Luka» або ўлёткі пачатку XXI ст. «Он должен уйти». Дзесяцігоддзе існавання Лукашэнкі ў вялікай палітыцы (з моманту прызначэння «гэтага гарлапана» старшынёй антыкарупцыйнай камісіі ў парламенце) давала значна больш рэлевантнага матэрыялу для стварэння «палітычнага партрэту», чым тыя калейдаскапічныя фрагменты, што вынесены на суд чытачоў. Кідаюцца ў вочы фактычныя недакладнасці, якія сведчаць пра павярхоўнасць раскрыцця тэмы: Язэп Бролішс названы «Якавам» (с. 39), адстаўка Чыгіра адбылася ў лістападзе 1996 г., а не ў жніўні (с. 49), «шанцаў перамагчы… у дзвюх-трох газет, што засталіся, з кожным годам усё меней» (с. 92–93; маюцца на ўвазе беларускія незалежныя выданні, але ж іх не два-тры). Можна казаць аб супярэчнасці паміж загалоўкам кнігі і яе зместам: не можа «выпадковы прэзідэнт» дамінаваць на працягу 200 з лішнім старонак. Або ён нікчэмнасць і дэталі яго біяграфіі не заслугоўваюць нават згадкі, або ён не ёсць «выпадковым» і, значыць, давер да працы аўтараў зніжаецца з першай хвіліны знаёмства з кнігай. Турэмныя дзённікі Шарамета толькі «разбаўляюць» даволі пануры аповед пра маладыя гады першага прэзідэнта РБ ды яго расправы з паплечнікамі. Той, хто прачытае кнігу, не зразумее, чаму ж чалавек «з нізоў», «з бруду», «з вуліцы» (аўтары не шкадуюць слоў для вызначэння «плебейскага» паходжання першага прэзідэнта РБ) выявіўся запатрабаваным і наменклатурай, і «маладымі кар'ерыстамі». Дзе ж карані феномену Лукашэнкі6 ?
|
3 Юлій Нудэльман іміграваў у Ізраіль з Масквы ў 1971 г. Быў вайсковым хірургам, браў удзел у войнах. Спрабаваў дабіцца поспеху ў палітыцы, яшчэ ў 1970-я гг. уваходзіў у выбарчы спіс цяперашняга прэм'ер-міністра А. Шарона. У 1980-я гг. выкрываў негатыўныя з'явы ізраільскай медыцыны ў кнігах з красамоўнымі назвамі «Праліццё крыві ў медыцыне», «Медыцынская мафія ў карупцыйнай дзяржаве». Займаўся журналісцкімі расследаваннямі. У 1990-я неаднакроць папярэджваў ізраільцянаў пра небяспеку «флірту» з кіраўніцтвам Расіі, аб правакацыйнай ролі «расійскіх партый» у Ізраілі. 4 Пазней П. Шарамет дадаў, што ён «далёкі ад палітычнай барацьбы» і «ўвогуле не займаецца палітыкай» («Народная воля». 2004. 29 мая), хоць заангажаванасць АНТ, дзе ён працуе, у расійскі палітычны працэс сумневу не выклікае. 5 У адрозненне ад беларускіх аўтараў, Нудэльман, які меў давер да судова-паліцэйскай сістэмы сваёй краіны, паспрабаваў прыцягнуць Шчаранскага і некаторых яго паплечнікаў да юрыдычнай адказнасці, але пацярпеў паразу. |
Шарамет з Калінкінай мала клапоцяцца пра навуковасць ды гістарычнасць свайго «асабістага погляду». Наагул, дыскурс аўтараў дужа неахайны. Чаго вартыя сцверджанні пра Беларусь: «краіна, дзе не было і не магло быць міжнацыянальных канфліктаў… дзяржава, у якой няма геапалітычных рычагоў ціску на знешні свет». Нібыта Беларусь да прыходу Лукашэнкі была Эдэмам, «ціхім балотам», не здольным ні на што ўплываць. Не хочацца верыць, што аўтары імкнуцца зноў наблізіць гэткі «Залаты век» Беларусі, але… «Група дэпутатаў, «з маладых ваўкоў», зладзіла ў парламенце дэбош». «Раней у апазіцыі былі нацыяналісты, Беларускі народны фронт… Выявілася, што палітыку Лукашэнкі не падтрымліваюць вельмі і вельмі сур'ёзныя людзі». «Па сутнасці, Лукашэнка адрадзіў БНФ да жыцця». Вось жа, амальгама «нацыяналісты – гэта бээнэфаўцы» характэрная якраз для праўладнага дыскурсу. Паколькі БНФ паказаны з патэрналісцкіх пазіцый як несамастойная, слабасільная групоўка, расійскаму чытачу, найхутчэй, прышчэпваецца думка аб «несур'ёзнасці» нацыяналізму ў Беларусі, аб тым, што «да Лукашэнкі ўсё спакойна было». Нездарма на фотаўкладцы выяўляюцца сутыкненні дэманстрантаў з міліцыяй з подпісам «Звыклыя сцэны сучаснага Менску» – улічваючы вышэйпададзенае, застаецца толькі крок да высновы ў духу летапісу: «Парадку на нашай зямлі няма… Прыходзьце кіраваць намі». Бо парадак Лукашэнкі – «не той», з рознымі «кідалавамі»… Апошні выраз з крымінальнага лексікону належыць аўтарам і ўжываецца пры апісанні ўзаемадачыненняў Лукашэнкі з Булахавым. Моўныя абароты накшталт «Віктар Сцяпанавіч Чарнамырдзін асабіста засведчыў…», мабыць, сведчаць аб патаемнай павазе аўтараў да расійскага кіраўніцтва, якое можа памыляцца (Ельцын прымаў «непрыгожыя, але цвёрдыя рашэнні»), але нібыта няздатнае на тое самае «кідалава»…
У параўнанні з беларусамі Нудэльман больш стрыманы ў выбары моўных сродкаў. Дэмістыфікуючы вобраз Шчаранскага, ён надае менш увагі «ахвярам» свайго антыгероя, а болей – супярэчнасцям у заявах і дзеяннях Шчаранскага як палітыка ды грамадскага дзеяча. Зрэшты, і беларусы, і ізраільцянін скарыстоўваюць гэты прыём – даць слова самому протаганісту, а потым пакпіць з яго слоў. Пэўная контрпрапагандысцкая логіка тут ёсць, але пачуццё меры часам адмаўляе аўтарам. Шарамет з Калінкінай у адным месцы даюць Лукашэнку слова аж на чатыры старонкі, што наводзіць на думку аб захапленні красамоўствам першага прэзідэнта РБ. Зрэшты, ён паўстае як ізаляваны «ўлюбёнец журналістаў», самотная постаць на тле зачышчанай палітычнай сцэны… Нудэльман зрабіў крыху болей намаганняў, каб пазнаёміць чытача з палітычнай кухняй сваёй краіны. Ён прызнае своеасаблівую веліч Шчаранскага, які, будучы «пешкай», здолеў прайсці «ў ферзі», зрабіўшы са сваёй адседкі трамплін для ўпэўненай кар'еры на волі. Пры гэтым Нудэльман імкнецца адказаць на галоўнае пытанне «Каму выгадны феномен Шчаранскага?», называючы расійскія спецслужбы, амерыканскі яўрэйскі істэблішмент, крайне правыя і ультрарэлігійныя колы Ізраілю, г. зн. «капае» глыбей за беларусаў, пафас якіх зводзіцца да зручнага «Лукашэнка – гэта не мы! Мы не нясём адказнасці за сваіх кіраўнікоў!» Нудэльман акрэслівае кола зацікаўленых у стварэнні міфу пра Шчаранскага – выяўляецца, што і «правыя», і «левыя» ізраільскія палітыкі мелі аб'ектыўную патрэбу ў перакладанні адказнасці за няўдачы інтэграцыі новых імігрантаў на плечы саміх «няўдачнікаў». Аўтары ж «ВП» інфантыльна ізалююцца ад «дзіўнаватага дырэктара саўгасу», «гарлапана», забываючыся на тое, што Лукашэнка прыляцеў не з Марсу. Нельга не пагадзіцца з іхнім пасланнем «Беларускі народ заслугоўвае лепшага» (зрэшты, кожны народ заслугоўвае лепшых кіраўнікоў), але, пакуль рэальнай палітычнай асобе будуць прыпісвацца дэманічныя якасці7, шанцы на рацыяналізацыю палітычнага працэсу застануцца мізэрнымі. Па сутнасці, кніга Шарамета і Калінкінай – чарговая праява «сіндрому непераможнага ворага». Справядліва адзначаліся хібы гэтага сіндрому, які «накідвае няшкодныя для ворага спосабы барацьбы»8.
|
6 Між іншым, з поля зроку аўтараў выпадае цікавая згадка пра Лукашэнку ў нашумелым калісьці рэакцыйным артыкуле БелТА «Пена на хвалі перабудовы» (Гл.: Вечерний Минск. 1988. 27 октября), дзе малады дырэктар саўгасу як заўзяты «перабудоўшчык» процістаўляецца «псеўдадэмакратам», «нефармалам». Ясна, што з'яўленне імя Лукашэнкі ў інфармацыі агенцтва БелТА – прапагандысцкага рупару ЦК КПБ – не было выпадковым і, значыць, стаўка на яго асобу была зроблена ўжо ў другой палове 1980-х гг. Заслугоўвае ўвагі адносна ранні погляд на феномен Лукашэнкі У. Мацкевіча ў кнізе «Белорусская демократия: вопреки очевидности» (Мінск: Агенцтва гуманітарных тэхналогій, 1996). Дарэчы, аўтары «ВП» не падаюць бібліяграфіі пра Лукашэнку, тады як у «ШчБМ» маецца пералік артыкулаў і кніг, прысвечаных Шчаранскаму. |
Наступствы з'яўлення кніг пра Шчаранскага і Лукашэнку былі непадобныя. «ВП» застаўся амаль незаўважаным на тле іншых антылукашэнкаўскіх твораў9, выклікаўшы хіба крытычныя заўвагі ad marginem10. Пасля выхаду «ВП», як прызналася С. Калінкіна, яна «з прэзідэнтам добра пагутарылі хвілін 40. Пра мяне, пра яго, пра ягонае атачэнне. «Ну што вы там падаяце ўсялякія неправераныя факты? – лагодна дзівіўся Лукашэнка. – Вы што, мне не можаце патэлефанаваць, раз вам мае чыноўнікі не даюць інфармацыі?»11 Кніга Нудэльмана пацягнула доўгі судовы працэс, які давёў да галечы аўтара, але кінуў цень на «светлы вобраз» героя, які, у свой час змагаўшыся за свабоду слова, праз чвэрць стагоддзя аказаўся бліжэйшым да афіцэра КДБ-ФСБ Пуціна12, чым да герояў яўрэйскага супраціву ў познім СССР (Іда Нудэль і інш.), што ў іерусалімскім судзе падтрымалі Нудэльмана.
1. І ў Ізраілі, і ў Беларусі ў нядаўнім мінулым стаў магчымым прыход да ўлады нетрывіяльных асобаў, што сваімі неарыстакратычнымі паводзінамі даюць падставы для грэблівага чмыхання прадстаўнікоў традыцыйных эліт, маніпулююць свядомасцю сваіх прыхільнікаў і перапісваюць гісторыю «пад сябе». Такім чынам, інстытуты ўлады ў абедзвюх краінах – пры ўсёй рознасці рэжымаў – маюць часткова адкрыты, але ў той жа час эзатэрычны характар. Можна пагадзіцца з разуменнем феномену «выскачак», «папулістаў» як з аб'ектыўным паказчыкам дэградацыі традыцыйных эліт, што страцілі ідэалагічныя арыенціры. 2. І ў Ізраілі, і ў Беларусі вербальным адказам на гэткае ўварванне ва ўладу становіцца хутчэй іронія, чым сур'ёзны аналіз з боку людзей, блізкіх да «традыцыйнага» ўспрыняцця ўладнага ўніверсуму: «хлопчык з вёскі з просценькай біяграфіяй» («ВП»), «ах ты, герой… Гераічны ты які хлопец» («ШчБМ»). Патэрналісцкія стэрэатыпы прыводзяць апанентаў «моцных асобаў» да тэндэнцыйнасці, пошуку «ліха» нават у бяскрыўдных учынках апошніх. У выніку змяшання важнага і няважнага пафас гэных апанентаў – незалежна ад намаганняў, прыкладзеных для «выкрыцця антыгерояў», – б'е міма мэты. 3. І ў Ізраілі, і ў Беларусі ў апанентаў існага парадку захоўваецца даволі наіўная вера ў тое, што яго мажліва радыкальна змяніць або нават разбурыць з дапамогай Логасу (больш дакладна – заклёну), не падмацаванага рэальнымі рэсурсамі. Так, у беларускіх крытыкаў Лукашэнкі назіраецца недаацэнка «суперніка-выскачкі», які нібыта не ведае «правілаў гульні», парадаксальна спалучаная з яго дэманізацыяй як «каварнага і небяспечнага праціўніка, у якога яшчэ вельмі многа планаў на будучыню». 4. І ў Ізраілі, і ў Беларусі ірацыянальная падмена аналізу «кавалерыйскім наскокам» на непрыяцеля, даследавання – расследаваннем, як правіла, не выклікае энтузіязму ў чытацкай аўдыторыі, для патрэбы якой гэтае спрашчэнне робіцца. «Развянчанне міфаў» і ў 1999 г., і ў 2003 г. мала цікавіла людзей, якія ўжо перажылі багата развянчанняў (Сталіна, Брэжнева, Гарбачова, Ельцына, Шарэцкага і г. д.). Наўрад ці ў расіянаў пасля прачытання «Выпадковага прэзідэнта» зменіцца стаўленне да Лукашэнкі, навязанае іхняй палітычнай элітай («сукін сын, але наш сукін сын»), гэтаксама як у «расійскіх ізраільцянаў» – да Шчаранскага, квазіафіцыйна прызнанага «заступнікам расійскамоўных у Ізраілі» як ізраільскім ды амерыканскім, так і расійскім істэблішментам. Дык ці варта чытаць такія кнігі? Думаецца, варта. У пэўным сэнсе яны не проста адзначаны духам фельетоннай эпохі, а з'яўляюцца яе ўзорамі. Гэта творы пра драматычнае несупадзенне аўтарскіх магчымасцяў і амбіцый. Вось жа, і беларусы, і ізраільцяне – жыхары краінаў, дзе кантроль за «парадкам» стаў ледзь не нацыянальным спортам, – маюць важную патрэбу ў назіранні за назіральнікамі. Выхад такіх кніг актуалізуе пытанне пра маральнасць не толькі ў палітыцы, а і ў пісанні пра палітыкаў і палітыку, падштурхоўвае да самастойнага мыслення пра ролю асобы ў гісторыі, пра выбар сродкаў для дасягнення мэты. Урэшце, гэтыя кнігі закладваюць падмурак для сапраўды дзейснага асэнсавання феноменаў лідэрства незалежна ад нацыянальных межаў.
|
7 Гэтым грашаць не толькі журналісты, але і палітыкі: успомнім Уладзіміра Ганчарыка з яго параўнаннем прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. з бітвай Дабра і Зла. 8 Жукоўскі Д. Пасткі на хайвэі постмадэрнізму // ARCHE. 2001. № 4. С. 13. 9 Гл. агляд некаторых з іх у артыкуле А. Казвіча «Тры метады палітычнае тэрапіі» (ARCHE. 2003. № 4), а таксама «антылукашысцкі» сайт www.batke.net. 10 Рэцэнзія Алега Цішкова на сайце www.belarusmedia.com, 28.11.2003. 11 Независимая газета». 2003. 22 декабря. 12 На www.ijc.ru/natan.html працытаваны цікавы дыялог паміж Пуціным і Шчаранскім у час урадавага крызісу ў Ізраілі (2000 г.): «Пуцін: Прывітанне, Натан! Мы з цікавасцю сочым за Вашай кар'ерай! Шчаранскі: Прывітанне, спадар Прэзідэнт! Мы таксама з цікавасцю сочым за Вашай кар'ерай. Калі паўтара году таму Вы, будучы кіраўніком ФСБ, раскрылі перада мною тэчкі маёй справы, я адразу зразумеў, што Вы далёка пойдзеце. Пуцін: Мы Вас любім, Натан, але Вы Барака [тагачаснага прэм'ер-міністра Ізраілю] усё-такі не крыўдзіце. Ён слаўны малец» і г. д. Нават калі такога дыялогу не адбылося, паказальны ўжо факт прыпісвання Шчаранскаму «дзяржаўнымі яўрэямі» (сайт www.ijc.ru належыць Расійскаму яўрэйскаму кангрэсу) сяброўскіх кантактаў з высокапастаўленым расійскім спецслужбоўцам.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (33) – 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |