A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  УЛАДЗІМЕР МАЦКЕВІЧ

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Уладзімер Мацкевіч
Тры бакі «моўнае спрэчкі»:
не сьпяшайцеся хаваць тое, што заўтра расквітнее


«З гэтым трэба нешта рабіць!» – упершыню падумаў я напрыканцы 1970-х гадоў, чарговым разам вяртаючыся з вакацыяў ува ўнівэрсытэт у паўночным горадзе, які ў той час называўся Ленінградам. Нядоўгія вакацыі я праводзіў у Горадні, дзе тады ўпершыню за шмат дзесяцігодзьдзяў у Калоскай царкве адкрылася філія музэю рэлігіі і атэізму. Наведаўшы гэты музэй, згадаўшы пра нашую славутую мінуўшчыну, я зноў перавёў увагу на сумную сучаснасьць. Горадня якраз адзначала 850 гадоў свайго існаваньня, сваёй гераічнай і шматпакутнай гісторыі. На той момант у Горадні былі добрыя музэі, тэатар, рыхтавалася адкрыцьцё ўнівэрсытэту. Толькі ні ў тэатры, ні ў вышэйшых навучальных установах не гучала беларуская мова, не было беларускай газэты, ніводнай беларускай школы. Горадня ўяўляла сабою звычайны савецка-расейскі горад сярэдніх памераў. Калі русіфікацыя дасягнула такіх памераў у заходняй, на чвэрць польскай Горадні, то што робіцца ўва ўсходняй Беларусі? «З гэтым трэба нешта рабіць!» – падумаў я і нават напісаў ліст з гэтымі думкамі самаму знакамітаму з тагачасных гарадзенцаў Васілю Быкаву. Я ня быў зь ім асабіста знаёмы, таму ня ведаў, што ў яго самога ў той час былі вялікія праблемы з уладамі з нагоды тых самых думак. Адказу на свой ліст я не дачакаў.

У 1970-я гады ў Беларусі па-беларуску ня толькі не гаварылі, а нават і думаць па-беларуску было небясьпечна. Быкава, Карпюка і іх сяброў патроху заціскалі за тое, што яны больш думалі і дбалі пра беларускае, а не пра «новую историческую общность людей – советский народ».

Шмат хто ўжо забыўся пра тыя часы, калі беларуская мова была амаль мёртвая. Калі і сама Беларусь амаль зьнікла, здавалася нейкай уяўнай мінуўшчынай, прыкладна такой, як скіфы, сарматы, яцьвягі ці крывічы.

Каб зразумець сучасны стан Беларусі, неабходна памятаць пра Беларусь эпохі Машэрава ці часоў «разьвітага сацыялізму». Тое, што мы бачым сёньня, у параўнаньні з тымі часамі – гэта цуд, гэта паўстаньне зь мёртвых. Пасьля словаў «Жыве Беларусь» больш ня трэба ставіць «?», а сьмела можна ставіць «!». Больш за тое, можна проста ставіць кропку, бо яна, Беларусь, сапраўды жыве і не зьбіраецца паміраць. Толькі барані нас Божа забыцца пра тое, што яшчэ 25–30 гадоў таму Беларусь была ў стане клінічнай сьмерці.

Мне, напэўна, гэта відаць лепш, чым іншым. Я добра памятаю 1970-я гады, памятаю свой сум і жаль з нагоды поўнага заняпаду беларушчыны. А потым я дваццаць гадоў жыў за межамі Беларусі. Я ня бачыў пачатку Адраджэньня ў 1980-я гады, нават ня ведаў і не здагадваўся пра гэта. Тое, што даходзіла да мяне ў Ленінградзе зь беларускай культуры, ня сьведчыла пра наяўнасьць Адраджэньня. Збольшага гэта былі п’есы Аляксея Дударава «Парог» і «Радавыя» ў БДТ, фільм «Белыя росы» з расейскімі акторамі ў галоўных ролях, кнігі Сьвятланы Алексіевіч ды Алеся Адамовіча ў суаўтарстве з Даніілам Граніным, лубочныя «Песьняры». Не мянялі гэтага ўражаньня ні «Дзікае паляваньне караля Стаха» на шырокім усесаюзным экране, ні цікавасьць выдатных рэжысэраў Ларысы Шапіцькі ды Элема Клімава да якаснага беларускага літаратурнага матэрыялу ў фільмах «Сотнікаў» і «Ідзі і глядзі». Былі, праўда, і невялікія радасьці, напрыклад, калі прыдбаў альбом Арлена Кашкурэвіча або калі хтосьці прывозіў зь Беларусі новую кніжку Конана ці Падокшына. Нават напрыканцы перабудовы агіднае ўражаньне ад чарнасоценнай пісаніны Бегуна і Боўша не пераважвалася захапленьнем ад лідэрскіх дзеяньняў Алеся Адамовіча.

Так, мне не пашанцавала ўдзельнічаць у пачатку Адраджэньня. Але ж лёс літасьцівы: праз гэта я чыстым, незаангажаваным зрокам убачыў вынікі Адраджэньня, калі вярнуўся на радзіму ў 1994 годзе. Можа, таму я бачу ўсё гэта лепш, чым тыя, хто браў непасрэдны ўдзел у Адраджэньні, ці тыя, на чыіх вачах Адраджэньне разгортвалася і рабіла маленькія посьпехі, якія, можа, і не заўважныя як такія, але ж уражваюць, калі бачыш іх у падсумаваным выглядзе.

Трэба, напэўна, згадаць некаторыя найяскравейшыя ўражаньні. Напрыклад, навуковая канфэрэнцыя ў сьнежні 1993 году, дзе я быў яшчэ «маскоўскім госьцем», на якой амаль палова выступаў была на беларускай мове. Уражаньне, праўда, трохі змазалася тым, што прафэсар Самсонаў аблаяў мяне «маскалём» – я не пакрыўдаваў, палічыўшы гэты выпадак простай недарэчнасьцю і патлумачыўшы яго асабістымі рысамі характару прафэсара. Другі прыклад – 1994-ты, Гомель. Я быў запрошаны выступіць на абласной жнівеньскай пэднарадзе. Усе гомельскія выступоўцы, пачынаючы ад мэра Сьвятланы Гальдадэ, гаварылі па-беларуску. Лета 1994 году было пікам беларусізацыі, ужо з восені пачаўся адваротны працэс. Але ж тое грунтоўнае, што было зроблена да таго часу, ужо ня зьнікне. Праўда, ня ўсё, што было зроблена, было грунтоўнае, таксама было шмат тлуму і сьмецьця.

Як бы мы ні ставіліся да стану беларускай культуры сёньня, яе сучасны стан не ідзе ні ў якое параўнаньне з тым, што было 25–30 гадоў таму.

Прыйдзе час, і на тым грунтоўным, што было створана на першым этапе Адраджэньня, як на падмурку, можна будзе працягваць будаваць Беларусь. А што рабіць з тым тлумам? З тымі глупствамі, якія таксама засталіся з тых часоў?

Цяпер Адраджэньне перапынена на 12 гадоў. Але ж я не магу лічыць гэтыя 12 гадоў толькі заняпадам. Грунтоўная праца працягвалася і працягваецца. Пішуцца кнігі, распрацоўваецца навуковая лексыка, складаюцца вершы. Па-беларуску часам гавораць на навуковых канфэрэнцыях, усё часьцей на набажэнствах у розных цэрквах, на дыпляматычным узроўні. Чаго варты той факт, што цяперашні амэрыканскі амбасадар навучыўся гаварыць па-беларуску і зьвяртаецца да грамадзянаў Беларусі на нашай роднай мове. Дый я сам пачаў гаварыць і пісаць па-беларуску акурат у гэты час. Натуральна, мой асабісты досьвед і прыклад не пераканаўчы для ўсіх. Тады падлічыце частку беларускамоўнай рэклямы ў параўнаньні з той, што была раней. Не, гэты этап у беларускім Адраджэньні нельга лічыць цалкам страчаным. Проста ён не папулісцкі, беларусізацыя павольна цячэ на глыбіні, што не заўжды відаць звонку.

У 1980-я – 1990-я гады беларускамоўная частка агульнабеларускай культуры гадавалася, а цяпер яна ўжо канкуруе ў шмат якіх галінах з расейскамоўнай. Да пачатку Адраджэньня толькі беларускамоўная мастацкая літаратура і тэатар былі тым сэгмэнтам, дзе культурная лідэрства безумоўна належала беларускай мове. Сёньня гэта можна назіраць у частцы гуманітарных навук, у моладзевай музыцы. У філязофіі беларускамоўныя часопісы і выкладаньне канкуруе з расейскамоўным.

І яшчэ адзін момант мне падаецца істотным, хоць, можа, і праблемным. Гэта тычыцца трасянкі. Зьявай якой моўнай рэчаіснасьці трэба разглядаць трасянку? Відавочна, што трасянка – гэта не дыялект, не арго, ня слэнг. Гэта варыяцыі маўленьня. Але гэта маўленьне носьбітаў якой мовы? Доўгі час лічылася, што трасянкай гавораць носьбіты беларускай мовы ў расейскамоўным асяродзьдзі і пры зьмене моўнага субстрату. Здаецца, апошнім часам трасянкаю загаварылі расейскамоўныя жыхары нашай краіны. Расейская мова ў Беларусі пачала зьмяняцца пад уплывам беларускай, і гэты ўплыў увесь час мацнее. Інтуіцыйнае адчуваньне гэтага працэсу сустракаецца шмат у каго, а Ігар Бабкоў сфармуляваў гэтае адчуваньне ў прапанове называць расейскую мову, распаўсюджаную ў Беларусі, «руским языком», менавіта так: «руским языком» з адной літарай «с», у адрозьненьне ад «русского языка», якім карыстаюцца ў Расеі. Здольнасьць моваў уплываць на іншыя сьведчыць, напэўна, пра жыцьцяздольнасьць гэтых моваў. Хоць у гэтым пытаньні варта было б дачакацца спэцыяльных лінгвістычных дасьледаваньняў, дый, можа быць, патрэбная была б разгорнутая тэарэтычная дыскусія ў беларускім мовазнаўстве і славістыцы.

  філёзаф, мэтадоляг. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» выйшла пад назвай «Перамога над рэжымам або сьмерць нацыі: дылема будучых прэзыдэнцкіх выбараў» (4/2005).
   
Калісьці мне давялося сфармуляваць тэзу пра адасобленае існаваньне моваў і людзей (Особенности национальных отношений на фоне культурных катастроф // Белорусский климат. 1997. № 4;)*. Мовы разьвіваюцца і эвалюцыянуюць у сваёй рэчаіснасьці, а людзі дзейнічаюць у сваёй. Хоць з гэтых сваіх паралельных рэчаіснасьцяў яны істотна ўплываюць адно на аднаго. Але ж мовы ня лічацца зь меркаваньнямі і пажаданьнямі людзей, а людзі часам дзейнічаюць насуперак тэндэнцыям разьвіцьця моваў. Гэта як з надвор’ем: яно не залежыць ад таго, як мы яго абмяркоўваем, не залежыць нават ад шаманскіх заклёнаў. Можа, параўнаньне мовы з надвор’ем падаецца перабольшаньнем, але гэтае параўнаньне адлюстроўвае адзіны прынцып. Гэтым прынцыпам я кіруюся ў дачыненьні да моўнага пытаньня ўжо шмат гадоў. (Беларусь: вопреки очевидности // Культурная политика. 1994. № 0;) Адначасова я разумею, што адасобленае жыцьцё моваў і людзей паводле прынцыпу можна канстатаваць у тэорыі ды філязофіі, а калі на практыцы існуе моўная палітыка, то палітыка – гэта ўжо справа людзей. Людзі робяць палітыку, у тым ліку і моўную. Але і тут трэба адрозьніваць палітыку як такую і культурную палітыку, часткай якой трэба разглядаць моўную палітыку. Менавіта гэтаму і быў прысьвечаны згаданы вышэй тэкст у часопісе «Культурная политика».

Коратка і проста можна сказаць, што пакуль мы каардынуем дзеяньні і намаганьні людзей, уплываем на грамадзкія сувязі, арганізуем супольныя рухі, выхоўваем дзяцей і моладзь на пэўных каштоўнасьцях і рухаемся праз гэта ў адпаведным кірунку – мы займаемся культурнай палітыкай, у прыватнасьці, моўнай. Іншая рэч, калі мы пачынаем падзяляць людзей на прыхільнікаў адных ці іншых каштоўнасьцяў, на асобныя супольнасьці, супрацьстаўляць іх адну адной – так мы трапляем у звычайную палітыку. А калі мы робім гэта ня вельмі ўдала і карэктна, дык ня проста трапляем у звычайную палітыку, а займаемся бруднай палітыкай.

Магу спаслацца на два яскравыя ўзоры таго і другога. Досыць тыповым прыкладам культурна-палітычнае зьявы я прапанаваў бы лічыць завочную камунікацыю, якую арганізавала рэдакцыя «ARCHE» (2004, № 5), а досыць характэрным прыкладам пераходу з моўнай палітыкі да палітыкі звычайнай я лічыў бы апошнюю дыскусію летам 2005 году (яна разгарнулася на старонках розных выданьняў, але сайт «Наше мнение» надаваў ёй, здаецца, найвялікшую ўвагу). Менавіта параўнаньне выказваньняў інтэлектуалаў у першым выпадку і ў другім яскрава сьведчыць пра тое, які розны падыход да моўнага пытаньня ў рамках культурнай палітыкі, з аднаго боку, і звычайнай палітыкі, зь іншага боку. Ня буду (можа, пакуль) выносіць канчатковага вэрдыкту аб выніках гэтых дыскусіяў, зьвярну ўвагу на некалькі акалічнасьцяў.

Я б адзначыў розьніцу ў дыскурсе і танальнасьці выказваньняў тых, прозьвішчы каго можна бачыць сярод удзельнікаў абедзьвюх вышэйпазначаных дыскусіяў. Так, Сяргей Панькоўскі ў першай дыскусіі піша:

Таму на пытаньне пра дзьве дзяржаўныя мовы пакуль я б адказаў хутчэй «так». Іншая рэч, трэба думаць аб захадах, якія б забясьпечылі рэальнае раўнапраўе дзьвюх моваў, з паступовым ростам прэваляваньня беларускай. Гэта значыць, на мой погляд, натуральна, у ідэале галоўнай мовай павінна быць беларуская. Але ігнараваць расейскую, мне здаецца, цяпер проста культурна і палітычна немэтазгодна. І ня трэба сьпяшацца. Рэвалюцыі заўсёды рэч небясьпечная.

А вось так заканчваецца артыкул на сайце «Наше мнение», палітыку якога Сяргей Панькоўскі вызначае:

Важно понять, что белорусское общество обречено быть двуязычным, обречено на стигмату культурной трещины. Исходить нужно именно из этого. Возможен ли здесь какой-нибудь удачный симбиоз? Один такой «удачный креольский симбиоз» нами уже получен. С его «формообразующей» фашизоидной трасянкой. Не думаю, что повторный эксперимент будет более удачным. Посему нам необходимо не столько молиться на перспективы «единства», сколько пытаться договориться о минимальных правилах мордобоя. Пусть они будут написаны на двух языках.

У першым выпадку гаворыцца пра «паступовы рост прэваляваньня беларускай», а ў другім – пра тое, «что белорусское общество обречено быть двуязычным, обречено на стигмату культурной трещины».

Адразу ж падкрэсьлю, што лічу Сяргея Панькоўскага адным з найбольш разважлівых, грунтоўных, адукаваных мысьляроў сярод тых, хто часта зьяўляецца ў мэдыях. Цалкам пагаджаюся з такімі яго словамі з адказаў на пытаньні «ARCHE»:

Пытаньне пра нацыянальную мову павінна стаць прадметам шырокай грамадзкай дыскусіі, удумлівай, далікатнай, сьвядома арыентаванай не на разьмежаваньне, а на гатоўнасьць і жаданьне знайсьці ў грамадзтве згоду, больш ці менш кампраміснае рашэньне, на разуменьне таго, што мы – адзін народ, адрозны ад іншых, і сярод нас, «сваіх», павінны імкнуцца з павагаю і дэмакратычна ставіцца адно да аднаго. Адзінства не азначае выключэньня адрозьненьняў. На жаль, цяпер пануючы палітычны стыль накіраваны на здушэньне альтэрнатываў, распальваньне недаверу і супярэчнасьцяў унутры грамадзтва, трактоўку адрозьненьня як варожасьці.

Сапраўды: на жаль! Таму што «пануючаму палітычнаму стылю» аддаюць перавагу ў камандзе, якая пануе на сайце «Наше мнение». Ня ведаю, ці належыць да гэтае каманды Сяргей Панькоўскі, але вось як пра гэта гаворыць Янаў Палескі, сапраўднае прозьвішча якога выпадкова таксама Панькоўскі: «Я отношу себя к команде «кантианцев» по той преимущественно причине, что с ними меня объединяет игра против патологии национального чувства, столь чуждого либерально-демократическому этосу» і «полагаю, что я не погрешу против командной стратегии». Тое, што гэтая «каманда» называецца «кантыянскай», лібэральна-дэмакратычнай, касмапалітычнай і гэтак далей, ня робіць яе чымсьці іншым, чым адным з бакоў у супрацьстаяньні, якое адбываецца ў атмасфэры «пануючага палітычнага стылю», які «накіраваны на здушэньне альтэрнатываў, распальваньне недаверу і супярэчнасьцяў унутры грамадзтва, трактоўку адрозьненьня як варожасьці».

Спрошчаныя філязофіі гісторыі сьцьвярджаюць, што супрацьстаяньне палітычных партыяў можна патлумачыць нейкім адным прынцыпам, напрыклад, «стаўленьнем да сродкаў вытворчасьці» ці больш агульнымі эканамічнымі ды ідэалягічнымі катэгорыямі. Практыка ж паказвае, што палітычнае супрацьстаяньне і распальваньне варожасьці паміж рознымі групамі ў грамадзтве можа ўзьнікнуць на любой, нават выпадковай падставе, як парадыйныя сўіфтаўскія «тупаканечнікі і востраканечнікі». Разьмежаваньне з пабудовай адпаведнай барыкады можа ўзьнікнуць паміж супраціўнікамі ці прыхільнікамі абортаў з такім самым посьпехам, як і паміж каталікамі і пратэстантамі, паміж лібэралістамі і кейнсіянцамі. Асабліва тады, калі гэтаму спрыяе стан палітычнай культуры, тым больш, калі гэтае супрацьстаяньне стымулюецца тымі, каму яно на карысьць.

У чым карысьць канфліктаў паміж беларуска- і расейскамоўнымі ў Беларусі? Хто можа быць зацікаўлены ў эскаляцыі гэтых канфліктаў? Можа, тыя, хто занепакоены сучасным становішчам беларускай мовы ў самой Беларусі? Мяркую, што не. Занепакоеныя сучасным становішчам мовы і яе разьвіцьцём зацікаўлены ў тым, пра што Панькоўскі піша ў «ARCHE», што «пытаньне пра нацыянальную мову павінна стаць прадметам шырокай грамадзкай дыскусіі...» і што «адзінства не азначае выключэньня адрозьненьняў». Можа быць, у варожасьці зацікаўленыя прыхільнікі русіфікаціі? Гэта ўжо хутчэй, але ж не яны ўдзельнічалі ў дыскусіі, пра якую вядзецца гаворка. Ніводны з удзельнікаў не пазначыў сябе такім чынам.

Існуе звычайная практыка, амаль ад старажытнарымскіх часоў («падзяляй і валадар»), што ў палітычных канфліктах, асабліва безвыніковых, у эскаляцыі варожасьці зацікаўлены трэці бок, які праз гэта імкнецца замаскаваць, схаваць сапраўдныя супярэчнасьці.

Мне падаецца, што абвастрэньне моўнае дыскусіі летам 2005 году – гэта тыповы «перавод стрэлак», як гэта гучыць на чыгуначным жаргоне, каб накіраваць цягнік у нейкім іншым кірунку. Я пісаў пра гэта ў адным з аспэктаў, хоць існуюць і іншыя.

Мне падаецца, што перад інтэлектуаламі ў Беларусі, і беларускамоўнымі, і расейскамоўнымі, паўстала катэгарычнае пытаньне: ці мы, абодва бакі адзінай супольнасьці, зацікаўленыя ў вэрбалістыцы і схалястыцы або, усё ж такі, мы зацікаўленыя ў практычным вырашэньні культурна-палітычных праблемаў, у тым ліку і моўнай? Калі першае, то мы можам працягваць сварыцца паміж сабой, захоўваючы сёньняшні «пануючы палітычны стыль» і дыктатуру. Калі другое, то нам патрэбны дыялёг і, галоўнае, супрацоўніцтва і адзінства ў пераадоленьні перашкодаў на шляху вырашэньня культурна-палітычных праблемаў, і моўнай праблемы ў тым ліку. Другое – цяжэйшае. Вэрбалістыка – прасьцейшая. Што выбіраюць інтэлектуалы? І чым кіруюцца інтэлектуалы ў сваім выбары? Здаецца, што ў моўным пытаньні беларускія інтэлектуалы нічым не адрозьніваюцца ад перапалоханых «обывателей».

Пры абмеркаваньні будучыні немагчыма кіравацца здаровым сэнсам, статыстыкай ці наіўным рэалізмам. Нагадаю, што калі б нехта ў 1970-х прагназаваў лёс беларускай мовы на падставе статыстыкі яе ўжываньня, то, напэўна, вымушаны быў бы лічыць, што ёй засталося існаваць гадоў 10–20. Ні здаровы сэнс, ні статыстыка не маглі прадказаць культурнай рэвалюцыі другой паловы 1980-х, калі беларуская мова адрадзілася.

Нэакантыянец Конрад Лётцэ казаў: «Тое, што мае быць, зьяўляецца падставай таго, што ёсьць». Акурат гэтым прынцыпам вызначаецца стаўленьне інтэлектуала да сучаснасьці, менавіта кіруючыся гэтым прынцыпам мы здольныя ўбачыць парасткі будучыні ў сучаснасьці. Наша будучыня зьвязаная зь беларускай мовай, таму і сёньня мы павінны ставіцца да моўнага пытаньня з пункту гледжаньня будучыні. Наш догляд, наш клопат, нашая ўвага найперш патрэбныя таму, што павінна квітнець у будучыні. Зь дзьвюх моваў, распаўсюджаных сёньня ў Беларусі, наш клопат, догляд і ўвага належаць беларускай мове. Толькі ня трэба блытаць клопат і догляд зь мітусьнёй і енчаньнем. Енчыць трэба пры пахаваньні. Не сьпяшайцеся хаваць тое, што заўтра расквітнее.

  * VI. Раздельная жизнь людей и языков.

Стало банальным утверждать, что каждое меньшинство вносит свой вклад в богатство страны. Культурное и этническое разнообразие есть благо для народа и неоценимое достояние. Культура жива только в трансляции и реализации себя. Для трансляции нужны преемственность традиции, фольклора, ремесел, образа жизни, нужны семейные связи и длинные цепи семейных поколений, необходимо знание языков. Люди в Беларуси жили отдельно от традиции, от преемственности семей, от языков.

За два века в Беларуси несколько раз сменилась доминирующая конфессия: исчезли автохтонные протестанты, зато стали распространяться харизматические течения, завезенные из Америки, сократилась численность католиков, уничтожено униатство, прекратилась традиция иудейства с хасидизмом после исхода евреев.

Через каждые несколько поколений жители Беларуси начинали говорить на другом языке. Поэтому они с недоверием относятся к свидетельствам прошлого, как чуждым. Да и потребность обращаться к этим свидетельствам почти отсутствует. Крестьянам это не нужно, а длина цепочки поколений горожан редко превышает два-три звена.

Поэтому утверждение о том, что сто лет назад Беларусь населял тот же народ, что и теперь – весьма сомнительная гипотеза. Во всяком случае, доказать ее будет трудно.

   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/24