A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (44) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
ЮРЫ ПАЦЮПА | ||||
Tahafut al-Tahafut Почет писание твоея любве, яже аще и медмено бысть, почюдихся и, въ чин въспомяновения приник зѣло, дивихся благоразумию твоему, возлюбленный ми о господе брате Фомо. Имать писание твое наказание с любовию к нашему тщеславию...* Клімент Смаляціч. «Ліст да Фамы»Не пасьпеў высахнуць атрамант мае зацемкі «Куды вядзе лёгіка балцкага аўтахтанізму?», як на стол ужо лёг спрытны адказ спсп. Дзерманта і Санька — маіх адрасатаў і... нібыта апанэнтаў. Яны нават падзякавалі («былі вельмі ўсьцешаныя») за нагоду шырэй разгарнуць свае пагляды. Але, чытаючы, я неўзабаве пераканаўся, што падзяка гэтая хутчэй рытуальная. І разгортваць свае пагляды яны таксама не зьбіраюцца, прынамсі, адну з такіх нагодаў акурат упусьцілі. Затое зьнішчыць свайго ўяўнага праціўніка (само сабою — рытуальна) не прамінулі. Чытаючы першую частку, я з прыемнасьцю ўсьміхаўся: гэта ж трэба, гэтулькі імпэту патраціць на драбязу! Чытаючы другую і пачатак трэцяе — кісла крывіўся: што тут яны мне прыпісваюць? І толькі пад канец адчуў знаёмае палемічнае хваляваньне, калі здаецца, быццам ты кавы перапіў. Найболей зьдзівіў настрой адказу: ніякіх перамоваў і кампрамісаў! Як бы гэта лепш яго схарактарызаваць... Агонь на поўнае зьнішчэньне? Татальная «зачыстка»? Хіба так. Сьцісла кажучы, я толькі задаў пытаньне: «Што вы мелі на ўвазе?» І пачуў ветлівы адказ, які можна перафразаваць: «Сам дурань!» Наўрад ці разумна даводзіць сваю «разумнасьць», нават калі сам у гэтым хоць трохі бачыш праўды. На жаль, мушу нешта казаць! Хаця б дзеля часопісу... І тут мне ўспомнілася адна сытуацыя. Некалі іранскі містык Аль Газалі, гэткі мусульманскі Бэрнар Клервоскі, напісаў трактат «Tahafut al-Falasifa», што значыць аспрэчаньне, ці, даслоўна, зьнішчэньне філязофіі. З Гішпаніі, новым трактатам, яму адказаў Ібн Рушд: «Tahafut al-Tahafut» — зьнішчэньне зьнішчэньня. (У лацінскім перакладзе ХІІІ ст. — «Destructio philosoforum» ды, адпаведна, «Destructio destructionis».) Вельмі хораша гучыць, усё роўна, як кот фуфыкае! А мо й я фуфыкну? УДАРЫМ ДЭКАНСТРУКЦЫЯЙ ПА ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ?Усё ўдае на тое, што аўтары надумаліся пахаваць мяне пад заваламі цытатаў. Дзеля гэтага былі ўзятыя на ўзбраеньне Гэракліт, Арыстотэль, Ф. Ніцшэ, Ж. Дэлёз, Ф. Гватары дый ці мала яшчэ хто... І не шкада ж ім чытача! (Праўда, апэляваць да чытача яны мне катэгарычна забаранілі.) Тады спытаемся, дзеля чаго ўся гэтая буйная артылерыя? Навошта гэтая эсэнцыялісцкая і постмадэрнісцкая «контра»? Выяўляецца, я моцна схібіў: спаслаўся на здаровы розум. Ах, спадарове, і ахвота ж вам страляць з тае буйной артылерыі па вераб’ёх? Дый няўжо я такі аплэвух, каб ня ведаць, што кажу? Гадоў гэтак дваццаць, пятнаццаць таму, калі мне асабліва імпанаваў Зэнон Элейскі, я, далібог, ня схібіў бы. А цяпер... то да кінікаў, то да сафістаў зьвяртаю пагляд... Міжволі ўспамінаецца стары савецкі анэкдот:
Здае студэнт экзамэн з марксізму-ленінізму. Пра што яго ні запытаюць — нічога ня ведае. Уздыхнуў прафэсар дый кажа: Што было асабліва прыемна: аўтары амаль дакладна вызначылі маю «кодлу», а таксама арыентацыю (у пэўнай ступені) на рыторыку, а не на філязофію. Але, спадарове, здаровы розум вы ўсё ж не чапайце. Так, я думаў: ужываць гэтае выслоўе ці не? І чакаў, што вы за яго ўчэпіцеся. Адно не спадзяваўся на такую колькасьць спэкуляцыяў. Тым горш для вас. Няўжо вы не разумееце, што гэтым самым пераходзіце на асобы? Калі я задаю вам шэраг пытаньняў і скептычна ацэньваю адзін з сэгмэнтаў вашай тэорыі, дык вы ў адказ пачынаеце дэканструкцыю ўсяго майго дыскурсу. Хораша, нічога ня скажаш! А каб я на канфэрэнцыі задаў падобныя пытаньні? Вы мне морду пабілі б? І чым вы лепшыя за тую «навуковую даму», якую я ўспамінаў? Толькі плюс на мінус памянялі? На шчасьце, ня ўсе філёзафы ганяць здаровы розум. Мантэнь, Кант, якіх я вельмі цаню, апэлявалі да здаровага розуму. Джордж Бэрклі пісаў: «Я за «здаровы розум». І гэта ж не замінала яму адмаўляць існаваньне матэрыяльнага сьвету! Затое скрайне антыпатычны мне Гэгель выказваў зьнішчальную крытыку здаровага розуму. Марксісты ставіліся да цьвярозага глузду дваяка, і, прыкладна як і Санько ды Дзермант, прывязвалі да пабытовага мысьленьня. Але ці абмяжоўваецца той побытам? Думаю, не! Нават падазраю, што ўсё якраз наадварот: у побыце людзям найчасьцей бракуе праўдзівага цьвярозага глузду. А вось у навуцы здаровы розум, як тая нітачка Арыядны, ніколі не дае зьбіцца з дарогі. Здаровы розум — гэта нашая здольнасьць, што дазваляе знаходзіць аптымальнае выйсьце з усякага наяўнага становішча. Трэба выйсьці з хаты — і мы, «не задумваючыся», ідзём празь дзьверы. Але калі ў хату б’юцца ворагі, калі пажар, ізноў жа, «не задумваючыся», уцякаем праз акно, праз гарышча, праз комін і г. д. Калі б нашыя веды былі вычарпальнымі, як у Бога, даволі было б «чыстага розуму», але з увагі на абмежаванасьць нашага досьведу — лепей усё ж карыстацца «здаровым». Здаровы розум большы за нас самых. Гэта толькі пыха філёзафаў яго адпрэчвае. А варта было б не адпрэчваць, а вывучаць. Здаровы розум — гэта тая Божая іскра, якая дазваляе рухацца ў «цемры быту», і рухацца з найменшай колькасьцю гузакоў. Ён нейкім цудам дазваляе імгненна схапіць тое, што ня схопіш нават па доўгіх развагах. А найперш — гэта лягічна ясны розум. Наагул жа, пры чым тут крытыка здаровага розуму? Хіба гэтая фраза, якую я ўжыў сьведама, нават правакацыйна, — падстава да ігнараваньня праблемы? Успомнім казку пра голага караля і краўцоў, якія сшылі яму «найтанчэйшае» адзеньне. Аб тым, што кароль голы, першым загаварыла дзіця. Дык можа, здаровы розум і ёсьць тое «дзіця», якое выгукнула праўду? А што адказваюць мае апанэнты? Ня слухайце! Гэта толькі дзіця! Навошта малечу слухаць! Не, спадарове, так ня пойдзе. Супярэчнасьці застаюцца супярэчнасьцямі, і зглуміўшы мяне, вы ўхіліліся ад адказу. Гэта горш, чым я спадзяваўся — адказ выяўляе эсэнцыялісцкую лёгіку аўтараў і іх карпарацыйную (лічы племевую!) закрытасьць. А апэляцыя да Гэракліта ці Арыстотэля, і, наадварот, супроціны з сафістамі, якія на думку Карла Попэра былі першымі ідэолягамі адкрытага грамадзтва, толькі пацьвярджаюць гэта. Чамусьці спсп. Дзерманту і Саньку заманулася крытыкаваць мяне як постмадэрніста. Яны нават шчодра ўсыпалі сваю палеміку цытатамі з майго даўнейшага тэксту, які зусім не датычыць нашага спакмяня. Заўважу, цытавалі ці няўважліва, ці аблудна: спачатку мой антыэгалітарызм падалі як эгалітарызм, у іншым месцы ўчынілі мантаж. І ўсё гэта яны назвалі дэканструкцыяй. Але калі б спадары ўважлівей прачыталі той тэкст, дык маглі б заўважыць, што мяне куды больш цікавіць крытычны рацыяналізм. І мэта мая была сьціплейшая і, адначасна, сур’ёзьнейшая: вызначыць контуры фальсыфікацыі тэорыі балцкага аўтахтанізму, пакуль што адно контуры! Тая неадэкватнасьць рэакцыі, якую мне спрабуюць прыпісаць шаноўныя аўтары, пасуе акурат ім. Гэта называецца: ударым дэканструкцыяй па фальсыфікацыі! Каб упэўніцца, што ўсё гэта vanitas vanitatum, параўнайма, што казаў я:
Здавён лічыў сябе прыхільнікам канцэпцыі балцкага субстрату і ніколі ня думаў, не гадаў, што мне давядзецца выказваць запярэчаньні на даную тэму. На жаль, Аляксей Дзермант ды Сяргей Санько так старанна даводзілі балцкае паходжаньне беларусаў, што ўпершыню прымусілі мяне засумнявацца ў слушнасьці гэтае ідэі. Зрэшты, яны не пахіснулі маіх ранейшых паглядаў, а хутчэй прымусілі задумацца над абсягамі тарнаваньня данае тэорыі. Мала таго, я нават не прэтэндую на тое, каб аспрэчваць іхныя меркаваньні, бо не лічу сябе досыць кампэтэнтным для падобнае крытыкі.
І таксама параўнайма, што мне закідваюць спадары:
Раней пад аналягічнымі лёзунгамі («нацыяналістычная дывэрсія супраць адзінства ўсходнеславянскіх народаў») рэпрэсаваліся дасьледаваньні балцкай асновы этнагенэзу беларусаў, таму ёсьць усе падставы засьцерагацца, ці ня трапяць сюды ж, прыкладам, штудыі беларускіх балтызмаў, якія непазьбежна будуць выяўляць іх усё большую колькасьць і, такім чынам, «псаваць» славянскае аблічча беларускае мовы?
Адбываецца нейкая падмена ўсяго на сьвеце: мяне заклікаюць «зьмяніць сваю «прыродную ўстаноўку» на крыху больш крытычную» і пад тое крытыкуюць як постмадэрніста, нібыта забываючыся, што постмадэрнізм менш за ўсё «прыродны», адказваюць на крытычныя заўвагі ў форме дэканструкцыі і адначасна бяруць на ўзбраеньне тых самых постмадэрністаў. А ўрэшце раяць «пахадзіць па зямлі» (відаць, вярнуцца да прыроды). Ну, далібог, circulus vitiosus! Чаго вы хочаце, панове?! А цяпер рацыяналізуем рыторыку і лёгіку маіх апанэнтаў:
1. Інтэлектуальная гістэрыка, жаданьне зьвінаваціць апанэнта ў «квазіаб’ектыўнасьці» і «ўесьці» як мага мацней. Гэта робіцца ўскосна, празь Ніцшэ: «Усякі напад на сябе ён лічыць нападам на мараль... Ён умее дыскрэдытаваць сваіх супернікаў...». І наўпрост: «Маніцца надаць сваім разважаньням форму навуковай аргумэнтацыі». (Хто вельмі «маніцца» — відаць па колькасьці спасылак.) А ўсё дадзенае папуры карануе роспачнае «Не судзеце...». І гэта гаворыцца ад імя навукі? Ці мо гэта шантаж? (Заўважым, беручы пад увагу П. К. Фаерабэнда, навуку нельга ўважаць адзінай слушнай судзьдзёй, але калі ідзецца пра навуку, дык «Не судзеце...» заступае іншае: «Крытыкуйце! Толькі карэктна».) 2. Маніпуляцыя паняткамі, жаданьне прыпісаць апанэнту тое, чаго ён не казаў. Спачатку ў віну закідваецца здаровы розум, зь яго выводзіцца як вінавачаньне (!) абыдзённы розум, а апошні чамусьці зьясьняецца як практычны розум. Хацеў бы заўважыць спадаром: і ў схалястыцы (у тым ліку беларускай), і ў Канта практычным розумам называлася этыка, але гэта зусім не падстава, каб ставіць знак роўнасьці паміж этасам і этыкай. А «небясьпечная рыторыка» няхай застаецца на вашым сумленьні, бо я пакінуў за сабою алібі: тыя тэрміны, якія ўжываў іранічна, узяў у дзьвюхкосьсі (дапамог досьвед постмадэрніста). 3. Апрыярызм тэорыі, а як вынік — неадрозьненьне ідэалёгіі ўва ўласным дыскурсе і пільнае вышукваньне ў чужым. Пішучы свой тэкст, я старанна разьмежаваў крытыку навуковую і крытыку ідэалягічную. Апошняя — і гэта зразумела — выказана больш эмацыйна (я ня маю звычкі хаваць свае эмоцыі). Але, адначасна, да гэтае крытыкі я стаўлюся з моцнаю доляй іроніі, таму там гэтулькі дзьвюхкосьсяў. І ўсё ж аўтары знайшлі «геніяльнае» выйсьце: надумалі пакапацца ў маёй галаве (лепш бы сваёй заняліся) і там перамяшаць навуку з ідэалёгіяй. А ўдарыўшы па ідэалёгіі, адразу пачалі цешыцца, як «ня толькі спэцыялісты, але й некаторыя беларускія інтэлектуалы» падтрымваюць «балцкую ідэнтычнасьць беларусаў». І хіба гэта довад для навукі? Ці ўсё ж для ідэалёгіі? Дарэчы, можаце й мяне запісаць да сваіх сымпатыкаў, толькі крытычных. Ня хочаце сабе крытычнага сымпатыка? Не? Шкада! А наагул, я перакананы, што ад ідэалёгіі, як і ад мэтафізыкі, ня вольны ніхто. Яе нельга элімінаваць з выказваньняў, але можна легалізаваць, а на падставе легалізацыі ўчыніць дэмаркацыю розных інтэнцыяў. Той жа, хто адмаўляецца ад легалізацыі, мае наіўную, «дакрытычную» паставу або сьцігуе патаемныя ідэалягічныя намеры. Ідэалёгіяў не бывае слушных і абмыльных, але ёсьць прыдатныя і непрыдатныя, горшыя і лепшыя. І, само сабою, з усякаю ідэалёгіяй трэба ўсталёўваць дыстанцыю іроніі. Праўда, татальная іронія часамі небясьпечнейшая за саму ідэалёгію, бо ў сваім лягічным канцы даўнімае татальную дэсакралізацыю ўнівэрсуму. Урэшце, не забываймася: жыцьцё не аднамернае, яно ляжыць на вялікім адцінку — паміж урачыстасьцю і карнавалам. І яшчэ мяне асабліва пацешыла запытаньне:
Чаму ніяк не была пракамэнтаваная досыць падрабязная і забясьпечаная адпаведнай бібліяграфіяй частка нашага тэксту, прысьвечаная асаблівасьцям антрапалягічнага аблічча сучасных беларусаў і іх продкаў?
Чаму? Бо sub speciae aeternitatis, нічога ня маю супраць! У мяне, з грунту, няма ўласнай альтэрнатыўнай канцэпцыі этнагенэзу, я стаўлю ўзьніклыя пытаньні, не сьцьвярджаю. Але спсп. Дзермант і Санько не адказваюць, а шукаюць «блохі» ў маёй галаве, мала імкнучыся пачуць, што ж я пытаю. А тую частку няхай камэнтуюць антраполягі, генэтыкі, археолягі1. У мяне няма прэтэнзіяў на ўсёзнайства, пачынаючы ад археалёгіі і сканчаючы квантавай касмалёгіяй. З чаго ўсё пачалося? Прачытаў я тэкст у «ARCHE» ды на хвалі сваіх балцкіх сымпатыяў і павагі да сп. Санька (гэта не рытуальная заява! І нават мэтафара пра караля — палемічны ход, ні ў якім разе не ацэна!) меўся прапанаваць узяць удзел у адным праекце. А потым перачытаў колькі слабых месцаў ды наважыўся выказаць сумневы....
|
паэт, дасьледнік мовы і літаратуры, выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. * Прачытаў я твой зычлівы ліст і хоць забавіўся, але падзівіўся зь яго, думкі мяне надта пранялі, дзівіўся я кемлівасьці тваёй, каханы мой дзеля Госпада браце Фамо! Ёсьць у лісьце тваім зычлівае наўпамінаньне да нашага славалюбства...
|
Але сустрэўшы такі адказ, наўрад ці захочаш больш «камэнтаваць». Калі аўтары прагнулі дабіцца толькі такога выніку, дык я іх віншую з посьпехам! Яны ўспамінаюць пажаданьне Дубаўца зрабіць прывабнай балцкую тэорыю. Баюся, што гэтак балтафілы парастрачваюць сваіх апошніх сымпатыкаў. Каб я хацеў здыскрэдытаваць сваіх апанэнтаў, дык не зрабіў бы гэта лепш за іх. Само сабою, тэорыя не вінаватая, калі яе носьбіты не гатовыя весьці адкрыты дыялёг, калі тэмпэратура спрэчкі ўздымаецца да таго градусу, дзе зьнікае розьніца паміж асабістым і агульным, дзе скепсіс тлумачыцца як балтафобія, дзе клопат пра беларускую мову (гэта адзінае месца, у якім я дазволіў сабе эмоцыю) падаецца як дыскрэдытацыя іх навуковай аб’ектыўнасьці. Усё разам гэта можна абазначыць як люстэркавы сындром, калі ўласная агрэсіўнасьць праектуецца на аб’ект крытыкі, а аб’ект застаецца па-за ўвагаю. Якая тут рада? Люстэрка на люстэрка: тахафут ут-тахафут!
У ЛЮСТРЫ АНТЫНОМІЯЎКолькі ні разважаў я над «балцкай палемікай», мяне абы час не пакідала пытаньне: у чым палягае прынцыповая нязгода паміж мной ды спсп. Дзермантам і Саньком? Урэшце я прыйшоў да некаторых высноваў.
1. Нам рупяць зусім розныя рэчы: a) яны настойваюць на балцкім паходжаньні беларусаў, тым часам я нэўтральны да балцкай праблемы; b) я настойваю на старажытным характары беларускае мовы, тым часам яны, відаць (самыя ж заяўляюць), катэгарычна супраць.
2. Формулы беларускасьці, адпаведна, таксама розныя: a) іхная: балты & славянскасьць → беларусы; b) мая: балты & славяне → беларусы (колькасьць % — ?). Але... і тут ня ўсё адназначна. Яны мне прыпісваюць тую формулу, якую я адпрэчыў зь першае старонкі: c) савецкая: славяне → беларусы (успомнім «навуковую даму»). (Таксама няясна: ці гэтую формулу яны мне прыпісваюць a) шчыра, зь непаразуменьня, ці b) сьведама, дзеля шальмаваньня апанэнта, ці c) эмацыйна, ад пакрыўджанага самалюбства?) Мне (а таксама А. Казакевічу) падаецца, што формула Дзерманта—Санька выраджаецца ў наступную: d) «літоўская»: літоўцы & славянскасьць → беларусы². |
1 Сьведуньні дысцыплінаў, якімі я не займаюся, я ўспрымаю прыкладна гэтаксама, як бальшыня людзей тэорыю Капэрніка: мушу верыць. А «балцкую тэорыю» я закранаю толькі ў тых аспэктах, дзе яна дачыняецца да лінгвістычнага матэрыялу.
|
3. Пагадненьне можна знайсьці пры ўмовах: a) я «прызнаю» балцкі субстрат (якога я і не адмаўляю!); b) яны прызнаюць «беларускасьць» старабеларускае мовы.
Ведама, пагадненьне знайсьці можна, але такі пакт ніколі ня выйдзе за рамы ідэалёгіі. У ідэале, незалежна ад таго, на чыім баку праўда, ён застанецца самападманам. Мала таго, абодва бакі ў нечым прайграюць. Дык якая зь яго карысьць? Насамрэч, карысьць, як гэта ні дзіўна, таксама ёсьць. Згода, хоць бы адносная, зэканоміць сілы: a) ня трэба будзе бясконца даводзіць, хто добры, а хто благі; b) ня будзе спакусы рэагаваць на кожны выступ іншадумца; c) ня будзе спакусы вышукваць дробныя хібы ў іншадумца; d) ня трэба будзе чакаць неаб’ектыўнае крытыкі збоку; e) пры патрэбе заўсёды можна будзе паяднаць сілы.
Тут дарэчы ўспомніць дужа павучальную гісторыю палемікі Канта і яго вучня Гэрдэра. Вучань надумаўся зьняпраўдзіць філязофію свайго папярэдніка. Настаўнік узяўся паставіць на месца нахабнага вучня. І ў выніку апошнія гады жыцьця Канта былі запоўненыя мала плённай палемікай, якая не дазволіла яму напісаць шэраг прац, а Гэрдэр, сваім парадкам, толкам не раскрыўся як філёзаф. Гісторыя гэтае палемікі тым больш дзіўная, што той самы няўступлівы Кант дапамог беларуска-габрэйскаму філёзафу Майману напісаць і выдаць крытыку на яго самога, Канта, бо ўбачыў, што Майман згледзеў найслабейшыя месцы ягонае «рэчы ў сабе». Імя Канта якраз вельмі дарэчы, бо цяпер засталося высьветліць тыя антыноміі, якія нас разьядноўваюць і ў найбліжэйшай пэрспэктыве не гатовыя да сынтэзу на грунце навукі (пактаў тут не бывае і быць ня можа). Спсп. Дзермант і Санько шукаюць нашы вытокі ў мітапаэтычнай памяці і, пэўныя ў сваёй праўдзе, кажуць:
Дык чаму мы павінны скептычна ставіцца да сьведчаньняў гэтай самай памяці, калі ідзецца пра нашую этнічную мінуўшчыну?
Я, сваім парадкам, шукаю нашы вытокі ў даўнейшых тэкстах і магу сказаць амаль тое самае:
Дык чаму мы павінны скептычна ставіцца да сьведчаньняў старажытнага пісьменства, калі ідзецца пра беларускую мову?
Вось дзе завязваецца той вузельчык, дзе этнагенэз супярэчыць глётагенэзу! Але разьвязацца ён мае ня тут, а ў больш канкрэтным кантэксьце. А пакуль што, перш чым працягваць развагі, я б папрасіў, каб спадары пракамэнтавалі ў сьвятле свае тэорыі наступнае выказваньне Я. Карскага:
Народ ніколі ня помніць свайго паходжаньня; яно для яго схаванае мрокам няведанасьці або нікне ў міталягічных генэалёгіях, створаных за шмат пазьнейшым часам. Ня ведае ён таксама й свайго мінулага культурнага стану³. |
2 Казакевіч А. «Druvis»: праект балцкае ідэнтычнасьці // ARCHE. 2006. №1–2. С. 56.
|
Гэта далёка не апошняя праўда, але... пэўнае эпахе для «мітапаэтычнага» мэтаду... Адылі можа падацца, што прагматычныя ўстаноўкі ў нас ускрай супраціўныя, але з грунту й гэта ня так. Я імкнуся ня толькі і ня столькі вывучаць нашу даўніну, а перш-наперш актуалізаваць яе, зрабіць свойскаю для сучаснага беларуса, каб ён пачуваўся там, як у сваім доме. Я не прэтэндую на навуковасьць не таму, што іду ў абход навукі, хутчэй наадварот, гатовы пільна рэагаваць на ўсякае адкрыцьцё. Але, адначасна, я іду далей за навуку. Гуманітарныя навукі зарыентаваныя толькі на фіксацыю фактаў, таму ў сваім закончаным выглядзе чысты навуковец падобны да філятэліста, які зьбірае маркі дзеля ўласнага задавальненьня або наагул ня ведае, дзеля чаго ён усё робіць. І, як вынік такога становішча — зьнікае крытэр навуковасьці, нельга нават правесьці лінію дэмаркацыі паміж прыгожым пасьянсам катэгорыяў і запраўдным навуковым адкрыцьцём, паміж вар’яцкай гіпотэзай, забясьпечанай навуковым апаратам, і новай пэрспэктыўнай галіной дасьледаваньня. Навукоўцы звычайна хаваюць тую супярэчнасьць, перш-наперш ад свайго сумленьня, бо зацікаўленыя ў фінансаваньні ўласных праектаў, але за цынізм рана ці позна даводзіцца плаціць. Узьнікае пытаньне, каму ад гэтага лепш, а каму горш? Больш за ўсё такое становішча цешыць постмадэрністаў. Вось дзе можна рыбку палавіць у мутнай вадзе! А больш за ўсё засмучае крытычных рацыяналістаў. Адзінае, што тут прыходзіць на дапамогу, гэта той самы здаровы розум, а сьледам за ім і практычны (усё ж гэта розныя рэчы, бо здаровы розум можа лякалізавацца ўнутры тэарэтычнага, а практычны — толькі пасьля). Практыку актуалізацыі даўніны я б назваў моўнай інжынэрыяй. Заўважу пад тое: інжынэр ня будзе будаваць дом насуперак навуцы, бо рана ці позна такая канструкцыя абрынецца. Калі ж спсп. Дзермант і Санько кажуць, што зусім ня супраць таго, каб забясьпечыць балцкай тэорыяй новага прэзыдэнта, яны таксама не цураюцца практычнага розуму4. |
3 Карский Е. Ф. Белорусы. Т. ІІІ. Очерки словесности белорусского племени: 1. Народная поэзия. Москва, 1916. С. 5.
|
А адсюль — рукою дастаць да ідэалягічных наступнасьцяў нашых практык і адпаведных антыноміяў. Спсп. Дзермант і Санько ўпікаюць мяне, быццам я імкнуся падвысіць прэстыжнасьць беларускае мовы за кошт падаўжэньня яе старажытнасьці. Першае (яшчэ раз скарыстаю іхную ж аргумэнтацыю): а чаму я павінен адмаўляцца ад гэтага, калі тая старажытнасьць для мяне ня менш відочная, чым аўтахтоннасьць для маіх апанэнтаў? Другое: каму патрэбная мова, якая ўзьнікла толькі ўчора, а ўжо сёньня стаіць на мяжы зьнікненьня? Чаму для людзей так важная старажытнасьць іх інстытутаў? Я ня ведаю. Гэта рэч іррацыянальная, але гэта факт. Я шмат пра яе думаў, толькі тут ня месца для падобных разважаньняў. Мой дзед некалі расказваў показку: аднаго хлопца запыталіся, а навошта ў мужчынаў цыцкі? Той думаў цэлую ноч, а пад раніцу звар’яцеў. Таго ж кшталту і праблема даўніны. Мае апанэнты цьвердзяць: многім рупяць нашы вытокі, асабліва суседзям з усходу, а я дадам: многім рупіць старабеларуская мова, асабліва суседзям з усходу, а найболей з поўначы, якія часам ня супраць сказаць: гэтая мова такая ж ваша, як і наша. Што б запраўды вымагала дэканструкцыі ў працах «аўтахтонаў», дык гэта той спэцыфічны патас, які нельга не заўважыць. Зьвярнуў на яго ўвагу (зусім зь іншае нагоды) і А. Казакевіч. «Настойлівасьць у прасоўваньні «балцкасьці» часам зьдзіўляе», — заўважае ён у рэцэнзіі на зборнік «Druvis», а ніжэй дадае: «Здаецца… «беларусы — славянамоўныя балты», а не «славянамоўныя літоўцы». Рэагуючы на «Этнагенэз беларусаў» спсп. Дзерманта і Санька, я не палічыў патрэбным гэта акцэнтаваць, але пры такой нагодзе ўсё ж чапну. «Наперад, змагарна наперад!..» — вось тон публікацыі. Ніякіх сумневаў! Крытыкаваны імі К. Рэзьнікаў (якому я менш за ўсё спачуваю) выстаўляе «генэтычныя» довады славянскасьці, а яны — антрапалягічныя, ён называе канкрэтныя вынікі дасьледаваньняў, а яны яму — «папярэдні і фрагмэнтарны характар» тых фактаў. Дык, можа, лепш усё ж пачакаць канчатковых вынікаў і не сьпяшацца? Прынамсі, патас зьмякчыць. Усё, што працуе на канцэпцыю «балцкага аўтахтанізму», ашчадна зьбіраецца ў скарбонку, а што супярэчыць яму — адпрэчваецца, часта не без снабізму і аплёмбу. Часам нешта замоўчваецца, як, прыкладам, альтэрнатыўныя меркаваньні наконт пары ўзьнікненьня аканьня. Ня ведаю, ці варта называць працы на дадзеную тэму, бо ў дасьведчанасьці сваіх апанэнтаў не сумняюся (прынамсі, яны ня могуць ня ведаць хоць бы нядаўна выдадзенай па-беларуску «Гістарычнай фаналёгіі беларускае мовы» П. Вэксьлера)5. У іншым месцы яны закідаюць мне ў віну «маральны аргумэнт», нібыта выкарыстаны супраць іх, хоць гэтага й блізка не было, але самыя ня грэбуюць такімі самымі аргумэнтамі ў дачыненьні да расейскіх аўтараў. Прабачце ўжо, што мушу станавіцца на гэты грунт, але вы першыя з сваёй «дэканструкцыяй» адхіліліся ад тэмы! |
4 Параўн.: «Гэтае «практычнае» як (пачаткова, відаць, рытуальнае) папярэднічае ўсялякаму «тэарэтычнаму» што, як перадумова й мажлівасьць апошняга» (Санько С. Культура як тэзаўрус фрэймаў (папярэдняя публікацыя) // Vieda: Працы Беларускага інстытуту Эўропы. Вып. 1. Менск, 1993. С. 71).
|
Выказваючы трывогу з нагоды лягічных наступнасьцяў «балцкага аўтахтанізму», я меў на ўвазе толькі непрадуманую пасьпешлівасьць у прасоўваньні больш чым сумнеўных гіпотэзаў паходжаньня нашае мовы, але ні ў якім разе ня «шкодніцкую» дзейнасьць аўтараў6. Тым больш ні пра якую чысьціню славянскасьці ня дбаў, нідзе не казаў, нібыта балтызмы «псуюць» славянскае аблічча мовы». Затое тэарэтыкі «аўтахтанізму» балцкую цнатлівасьць пільнуюць аж занадта. Я ім кажу, што для навукі этнічная «праўдзівасьць» ня вартая яйка выедзенага. А яны мне даводзяць, што навука вельмі нават цікавіцца паходжаньнем, а не цікавіцца гэтым ідэалёгія. Але, спадарове, дзе я казаў, што навука не цікавіцца паходжаньнем? «Паходжаньне» і «праўдзівасьць» («чысьціня») — зусім ня тое самае. Ад такой аргумэнтацыі хоця-нехаця пачнеш падазраваць, што аўтараў запраўды не цікавіць паходжаньне, а толькі «чысьціня», — натуральна, апрыёрная, тая, якую вызнаюць «ідэалёгіі пэўнага кшталту». Навукова карэктны фасад — яшчэ не паказьнік7. «У кожным беларусу «сядзіць» балт, хочам мы таго, ці ня хочам», — кажуць прыхільнікі «аўтахтанізму». І я з гэтым не спрачаюся. Па-дзеля мяне — няхай хоць болт сядзіць, а як там насамрэч, пакажуць далейшыя дасьледаваньні праблемы. Але, з улікам існага стану рэчаў, цяжка паверыць у гэткіх «шчырых арыйцаў». Мова, як птушыны грып, не пераносіцца варонамі. А ўцямнае карціны славянізацыі балтаў германцамі («мэтаэтнічнымі вайскова-гандлярскімі карпарацыямі «русі», сярод якіх пераважалі выхадцы з Скандынавіі») спсп. Дзермант ды Санько так і не намалявалі. Мо’ забыліся, захапіліся дэканструкцыяй? А калі так — дык рана яшчэ гаварыць пра «чысьціню» ды пра тое, што «шлюбныя кантакты зь мясцовым насельніцтвам нязначныя». Пакуль што глётагенэз супярэчыць этнагенэзу і няма падстаў адмаўляцца ад традыцыйнага меркаваньня, што мы былі славянамоўныя раней, чым думаюць мае апанэнты. Нават «дамінаваньне» балцкага тыпу яшчэ не адмаўляе славянаў цалком. Тутака вельмі дарэчы аўтары нагадалі «прынятую бальшынёй лінгвістаў тэорыю пра разьвіцьцё славянскіх моў з пэрыфэрыйных балцкіх дыялектаў або нават клясыфікацыю праславянскай мовы як адной з заходнябалцкіх». Няўжо яны не разумеюць, што гэты момант анігілюе балта-славянскі «канфлікт», а ўвесь балцкі патас ператварае ў таўталёгію? Бязь іх санкцыі я б пабаяўся скарыстоўваць такі довад, дык жа дзякуй! А калі сур’ёзна, усё ўдае на тое, што хоця-нехаця балтафілам давядзецца перайсьці да больш «мяккага» варыянту балцкай тэорыі.
ПРА «НІТАЧКУ МОВЫ» І «ПАЦЕРКІ СЛОЎ»Другое, што мяне даймала ня менш за тую нязгоду: у чым жа прынцыповая абмыла спсп. Дзерманта і Санька што да беларускае мовы? На шчасьце, яны мне самыя падказалі, дзе шукаць. Вось як бачаць гісторыю беларускае мовы мае апанэнты:
Балтызмы — гэта ня ўзятыя звонку словы, а часьцінкі, што «ўтрымаліся» ў мове пасьля «вымываньня» з-пад яе балцкай асновы. Балцкі складнік беларушчыны — нібы «нітка», на якую нанізаныя славянскія «пацеркі».
На гэтым грунце яны й разгортваюць наступную аргумэнтацыю:
Што да кірунку славянізацыі «горад» — «вясковая акруга», то за гэта могуць сьведчыць дадзеныя і 10 тамоў «Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы».
Нічога такога ня сьведчаць гэтыя тамы!8 Тут я магу таксама адказаць словамі маіх апанэнтаў: балтызмы — факт, але іх месца і роля — гэта ўжо інтэрпрэтацыя, якая залежыць шмат ад якіх чыньнікаў. (І ня трэба, спадарове, шчыра адкопваючы свае балтызмы, падмалёўваць мне рогі ды хвост, «асьцерагацца рэпрэсіяў», выдумляць нейкую нялюбасьць да балтызмаў, нават балтафобію!) Мае апанэнты лучаюць у досыць хітрую тэарэтычную ці, хутчэй, мэтадалягічную, пастку. Рэч у тым, што колькасьць далёка не заўсёды пераходзіць у якасьць, а ў якасьць вышэйшага парадку — бадай ніколі9. Ілюзія таго, быццам якасьць можна падмяніць колькасьцю, дзе адна аўтаматычна пераходзіць у другую, — ня толькі абмыла дыялектыкі. Гэта досыць пашыраная ілюзія нашага мысьленьня. Мова — сыстэма, а ня куча друзу, ці, як сказалі б спадары, гароху, якая, калі да яе падсыпаць боб, адымаючы гарох, ператворыцца ў кучу бобу. Калі тая «нітачка» славянская, дык колькі на яе ні нанізвай балтызмаў, яна ня стане балцкаю, і наадварот. Наагул, гэтая мэтафара крыху хібіць, бо дзе ў мове «нітачка», а дзе «пацеркі» — вялікае пытаньне. Стараангельская мова на 50 % (а месцамі і на 80 %) складалася з англасаксонскіх словаў. Сучасная ангельская мова мае толькі 30 % гэтага пласту. І ўсё ж яе адносяць да моў германскіх. Калі ўжо мадэляваць мову, дык я б сказаў, што гэта герархічная стужка Мёбіюса, якую можна апісаць праз тры характарыстыкі, уяўляючы іх увадначас: 1. Мову складаюць герархічныя роўні: 1) фанэмны, 2) марфэмны, 3) лексычны, 4) сынтаксычны. 2. Кожны ровень мае два пляны: зьместу і формы. 3. Тое, што ўтварае зьмест ніжэйшага роўню, служыць формаю для вышэйшага. Першы пункт агульнаведамы і зразумелы, другі — ведамы, але не заўжды адэкватна зьясьняны, а трэці прымушае па-іншаму глянуць на сама звыклыя зьявы. У прыватнасьці, калі спсп. Дзермант і Санько спрабуюць мне нагадаць такія шкалярскія рэчы, што лексыка становіць сабою больш рухомы ровень мовы, а фаналёгія і сынтакс, наадварот, больш устойлівыя, дык я адкажу, што гэта так і не зусім так. А ўласна, што такое лексычны склад? Калі голыя словы, дык збольшага гэта так. А калі браць пад увагу іх сэмантыку, дык лексыка так шчыльна пераплятаецца з ідыяматыкай (словаспалучэньнем), з аднога боку, і дэрывацыяй (словаўтварэньнем), зь іншага, што пра рухомасьць не выпадае гаварыць. (Зрэшты, у кантэксьце данай спрэчкі тэза пра рухомасьць лексыкі мне больш на карысьць, ніж на шкоду.) Падступную ролю і ў разьвіцьці, і ў вывучэньні мовы адыгрывае сэмантыка. Гэта, можна сказаць, адваротны бок Месяца. Месяц да Зямлі ўвесь час павернены толькі адным бокам. Гэтаксама й мова — заўжды відаць толькі з боку формы. А ў выніку аб сэмантыцы існуюць уяўленьні або сама дзікія, або ніякіх. Яна зьясьняецца як хімэрычныя канцэпты, як міталягізаваныя вобразы і пад. Чым ніжэйшы пласт, тым часьцей у ім адмаўляюць сэмантыку, а то й наадварот, перагружаюць фантастычным сымбалізмам. Ведама, усё гэта ня мае беспасярэдняга дачыненьня да нашае тэмы, але менавіта на гэтым грунце, нават у найвыдатнейшых навукоўцаў, часта ўзьнікаюць абмылы ды хібы. Самае падступнае ў сэмантыцы тое, што яе мы ўспрымаем рэчыўна, а тым часам сэмантыка задаецца не рэфэрэнцыяй, а самою сыстэмаю мовы, якую мы тарнуем падсьведама. Гэта, можна сказаць, «правілы гульні словам». Даную лёгіку я й паспрабую прасачыць. З кампаратывістыкі мы ведаем: якасная падобнасьць адзінак, прыналежных да розных сыстэмаў, не гаворыць пра іх генэтычную тоеснасьць, затое рэгулярнасьць адменаў пры пераходзе з аднае сыстэмы ў другую якраз пацьвярджае такую тоеснасьць. Праўда, у мовах вельмі блізкіх захоўваецца і падобнасьць, і рэгулярнасьць. Але гэта далёка ня ўсё, што характарызуе адзінкі сыстэмы. Ня менш, калі не сказаць больш, важную ролю адыгрывае сэмантыка адзінак10. Яна недаступная воку і вуху, але шчыльна ўплятае іх у сыстэму мовы. Адпаведна, устойлівасьць сэмантыкі гаворыць пра ўстойлівасьць мовы як сыстэмы, а няўстойлівасьць, наадварот, пра эвалюцыю, выкліканую тымі ці іншымі чыньнікамі, зазвычай канвэргентнымі працэсамі. Вось жа, пры канвэргенцыі часта здараецца, што захоўваецца вонкавая тоеснасьць адзінак, але вымываецца іх аўтэнтычная сэмантыка. Каб патлумачыць, што я маю на ўвазе, зробім некалькі простых параўнаньняў: 1) бел. урода ‘ураджай’, польск. uroda ‘краса’, чэск. úroda ‘ураджай’, рас. урод ‘пачвара’, баўг. урод ‘пачвара’; 2) бел. пазор ‘добры выгляд’, польск. pozór ‘відомасьць, уяўнасьць’, чэск. pozor ‘увага’, сэрб. позор ‘увага’, рас. позор ‘ганьба’, баўг. позор ‘ганьба’. Пры перакладзе ня доўга й абмыліцца, бо чэская dobrá zpráva, па-беларуску — добрая вестка, а ня добрая справа, параўнайма расейскае — справляться ‘даведвацца’. І гэтакіх прыкладаў куды больш, чым можа падацца на першы пагляд. Вось жа, апрычонасьць мовы залежыць не ад яе матэрыяльных носьбітаў, а ад нутраной сэмантычнай структуры, яе «сэмантычных палёў».
|
5 Вэкслер П. Гістарычная фаналогія беларускае мовы. – Мінск, 2004. 6 Зрэшты, «вучні і пасьлядоўнікі» доўга ня бавяцца з высновамі. Улічваючы, што я крытыкую тэорыю, а не спсп. Дзерманта і Санька, варта нагадаць, як «тэарэтызуе» адзін з аўтараў «Druvisа» В. Корбут (падаю ў арыгінале): «Тот же белорусский – явление в языковой палитре мира сравнительно новое. (...) Славянский, или русский, язык на наших просторах стал распространяться вместе с письменностью и новой религией – христианством. Впоследствии к русским добавились ещё и польские языковые влияния. В результате смешения этих стихий возник белорусский язык (если пользоваться современной терминологией, например, в более древние времена этот язык также называли литовско-русским, что отражает его сущность). (...) Белорусский язык всегда был языком села. Город и здешняя, «тутэйшая», элита никогда не говорили на языке простого народа. Мифы о том, что, к примеру, литовские князья, начиная с Ягайлы, «размаўлялі» по-белорусски, совершенно не состоятельна. В те времена языка такого не было. Разве что на востоке Белоруссии пользовались некоей смешанной литовско-русской речью. А на западе так и вовсе славянская стихия утвердилась в последние века» (Корбут В. Как всем угодить и никому не навредить // Советская Белоруссия. 2003. 16 мая). Што тут скажаш? Рэінкарнацыя пані Мачульскай, пра якую яшчэ ледзь ня сто гадоў таму М. Арол пісаў: «Напісана безь ніякіх пацьверджаньняў – от так, што сьліна да губы прынясла».
7 Пра тое, што шуканьне «істы» далёкае ад навукі, сьведчыць наступная заўвага: «Мы яшчэ помнім, якая вялікая значнасьць надавалася ў свой час як чысьціні расы, так і чысьціні мовы» (Щерба Л. В. О понятии смешения языков // Щерба Л. В. Избранные работы по языкознанию и фонетике. Т. 1. Ленинград, 1958. С. 40). Параўн. таксама: «Мала імаверна, што ў фізыцы ўзьнікла б нешта вартае, калі б хто-колечы пачаў замест разьвязаньня пэўнае фізычнае праблемы паляпшаць панятак адначасовасьці праз высьвятленьне яго «істы» (Карл Попэр). А вось што старанна даводзяць спсп. Дзермант і Санько: «Балцкая іста беларусаў знаходзіць пацьверджаньне...» 8 Параўн.: «Як бы ні была зьмешаная мова, заўжды ёсьць нейкая адна мова, якая складае яе аснову» (Щерба Л. В. О понятии смешения языков // Щерба Л. В. Избранные работы... С. 42). 9 Тут пад вышэйшай якасьцю даўнімаецца сыстэма, а пад ніжэйшаю – набор элемэнтаў, якія маюць скласьці сыстэму.
|
Але дарма сэмантыку зьвязваць адно зь лексыкай. Прыкладам, і ў беларускай, і ў расейскай мовах ёсьць фарманты -уха, -ушка, а іх сэмантычна-функцыянальныя парамэтры — зусім розныя. Па-беларуску -ушка не ўжываецца як любосны суфікс — рас. девушка, Ленушка, а бел. дзевухна, Аленачка. Затое ад слова пяюха можна ўтварыць пяюшка, ад нясуха — нясушка. Тым часам беларуская «гендэрная» пара носьбітаў уласьцівасьці — бягун — бягуха, крыкун — крыкуха, а расейская — бегун — бегунья, крикун — крикунья. Праўда, і тут трэба пільнавацца, бо ёсьць расейскія «міта-абстракцыі» бытовуха, мокруха, чернуха, якія ня маюць нічога супольнага зь беларускай мовай. Зрэшты, іх ня цяжка пазнаць — яны не ўтвараюць мужчынскіх параў (*мокрун, *чернун). Па-беларуску падобныя пэрсаніфікацыі маюць фармант -іца: багавіца, бліскавіца, касавіца, пільніца (але адначасна — завіруха, мадуха, мытуха). Усё гэта (амаль што няўлоўнае) і стварае той непаўторны мысьлёвы лад, які ўсмоктваецца з малаком маці, які можа адчуць толькі носьбіт мовы і які робіць мову тоеснай сабе самой. Дзівосы пачынаюцца пры моўных кантактах. На адной з апошніх стадыяў асыміляцыі ўзьнікае фэномэн, ведамы як «адна мова з двума тэрмінамі»11. Якраз тады міжмоўныя амонімы ды паронімы зазнаюць наймацнейшы ціск. У сучаснай беларускай мове адбываецца акурат гэты працэс, які дае два супраціўныя вынікі: адна частка аўтэнтычных слоў адмірае, прыкладам, канечны (рас. необходимый), пазорны (рас. благолепный), харошы (рас. красивый); другая — мяняе сэмантыку: адмена (рас. разновидность, а не отмена), бачны (рас. осторожный, а не видимый), вопыт (рас. опрос, а не опыт), затым (рас. потому, а не потом), перабываць (рас. терпеть, а не пребывать), узрост (рас. возростание, а не возраст). Вось жа, ад старажытнасьці да нашых дзён падобных працэсаў беларуская мова ня зьведвала. А гэта кажа пра тое, што канвэргентныя працэсы, якія ў ёй ішлі, былі нязначныя. Затое цяпер мы маем справу ня зь нейкай абстрактнай «славізацыяй», як кажуць мае апанэнты, а сама шчырай расеізацыяй. Як бачым, сам зь сябе жадны элемэнт мовы нічога ня значыць. Толькі забясьпечаны пэўнай сэмантыкай, ён можа разглядацца як паказьнік тае ці іншае сыстэмы. Калі сыстэма разьвіваецца інэрцыйна, бяз моцнага ўплыву звонку, дык ні матэрыяльныя роўні мовы, ні іх сэмантычны падклад не зазнаюць істотных менаў. Калі ж моўная сытуацыя спрыяе канвэргенцыі, тады ўзьнікае падобнасьць у сынтаксе, марфалёгіі, нават у фанэтыцы. Гэтак утвараюцца моўныя хаўрусы. Мовы, прыналежныя да аднаго хаўрусу, назапашваюць супольны пласт культурных слоў, але розьняцца элемэнтарнаю лексыкай. На кожным роўні розныя элемэнты па-рознаму паддаюцца асыміляцыі. Ёсьць рэгіянальныя лексычныя адзінкі, якія захоўваюцца стагодзьдзямі (ведама ж, калі не адбываецца вялікіх пэртурбацыяў), бо нават пры канвэргентных кантактах сыстэма мовы ня страчвае тоеснасьці. Фактычна, спсп. Дзермант і Санько даводзяць нешта накшталт моўнае «пэрманэнтнае рэвалюцыі», якая нібыта доўжылася тут цэлыя стагодзьдзі. Калі ж паспрабаваць рацыянальна зразумець іх мэтафару пра «нітку» і «пацеркі», дык можна сказаць, што заміж беларускае мовы яны абгрунтоўваюць нейкі «глётагенэтычны кацёл», які, маўляў, «кіпеў» стагодзьдзямі. Тым часам жадных піджынаў і кайнэ, нават у «кантактных зонах», ніхто й ніколі не фіксаваў. Насамрэч, я дапускаю актыўную піджынізацыю ў пару славянскае калянізацыіі тутэйшых земляў як адну з імаверных гіпотэзаў, але ўсё гэта адбывалася ў дапісьмовыя часы, бо тыя ўскосныя і беспасярэднія зьвесткі, якія даносяць да нас помнікі пісьменства, гавораць пра ўстойлівасьць беларускае мовы як сыстэмы ў дыяхраніі. Нават нечаканую ўстойлівасьць, зважаючы на неспрыяльныя экстралінгвістычныя чыньнікі. Гэта й ёсьць довад супраць «катла» ці «лябараторыі». Калі сур’ёзна гаварыць пра канвэргентныя працэсы на тэрыторыі Беларусі, дык мала неадменна цьвердзіць «аўтахтоны», «субстрат» нібы «халва-халва» ды бяздумна фіксаваць балтызмы. Трэба паставіць пытаньне: дзе мы маем справу з субстратнай канвэргенцыяй, а дзе з кантактнай і, адпаведна, дзе ўплывы глыбінныя (субстрат), а дзе паверхневыя (адстрат). Адылі, калі ўжо даўнімаць моўны хаўрус, дык нельга не зважаць на тое, што менавіта сынтакс пры дачыненьнях розных моваў асабліва паддаецца канвэргенцыі12. Я ўжо не гавару пра тое, што нельга вывучаць нашы балтызмы, маючы нейкае абстрактнае і прыблізнае ўяўленьне пра славянізмы. Калі спадары гавораць пра ўплыў царквы, дык яны мусяць усьведамляць, якая гэта была мова і дзе сьляды яе ўплыву. Калі гавораць пра іншыя славянізмы, дык, зноў жа, ня трэба сыпаць «боб з гарохам» у адно рэшата, не адрозьніваючы паўднёва-, усходне- і заходнеславянскія элемэнты, а таксама месца і час іх засваеньня (заўважу: пры ўсёй умоўнасьці падзелу славянскіх моў, іх маркеры далёка ня ўмоўныя). |
10 Параўн. напр.: «Моўнікі вельмі схільныя ўстанаўляць гукавыя падобнасьці слоў і куды менш тыя падобнасьці, якія адносяцца да разьдзелу сэмантыкі» (Щерба Л. В. О понятии смешения языков // Щерба Л. В. Избранные работы... С. 45). 11 «Мабыць, нават было б недакладна гаварыць, што людзі, пра якіх ідзецца, ведаюць дзьве мовы: яны ведаюць толькі адну мову, але гэтая мова мае два спосабы выражэньня, і ўжываецца то адзін, то другі» (Щерба Л. В. О понятии смешения языков // Щерба Л. В. Избранные работы... С. 48).
|
А цяпер спусьцімся зь неба структураў на зямлю людзей. Балцкі чыньнік у разуменьні нашай гісторыі, само сабою, вялікі крок наперад. Каб яго разгарнуць, як слушна зазначыў А. Казакевіч, «быў патрэбны дастатковы археалягічны і лінгвістычны матэрыял, які зьявіўся толькі пасьля Другой сусьветнай вайны». Але, як заўжды бывае, і мы гэта бачым: безь перабольшаньняў ды скрайнасьцяў ніколі не абходзіцца. «Балцкі рамантызм» можна было чакаць. Але адкуль такая «сьлепаглуханемата» што да беларускае мовы? Па-мойму, даны чыньнік таксама акурат дасьпеў, і менавіта за апошнія гады, абазначыць яго можна як адчужэньне ад мовы яе ж носьбітаў ці, шырэй, атрафія традыцыі (тое, што яна ідзе побач з гіпэртрадыцыяналізмам — ня дзіва, інакш і быць не магло). Можна зразумець, калі, прыкладам, літоўцы (ці расейцы, палякі), знаёмячыся з «Статутам», іншымі даўнейшымі тэкстамі, не пазнаюць беларускасьці іх мовы. Тут сытуацыя такая, якую колькі гадоў таму апісаў у «Нашай Ніве» С. Шупа: землякі Кучмы, даючы інтэрвію, на пытаньні журналіста адказвалі па-беларуску, але пазнаць гэта мог толькі беларус. Бо ўкраінцы іх маўленьне маглі ўспрымаць як «украінскі дыялект», а расейцы ды іншыя і пагатоў мала адчуваюць розьніцу, дзе ўкраінскае, дзе беларускае. І калі спсп. Дзермант ды Санько «шыюць» мне грознае (бо вельмі ж навукаватае), але, як разабрацца, сумнеўнае ды мала зьмястоўнае вінавачаньне «рэпрэсіўнасьць інтэрпрэтуючай рэтраспэкцыі», дык я б адказаў на іх адрас іншым дыягназам у іхным стылі: «дыстрафія рэцэпцыі інтэрпрэтатара». З грунту, яны вызнаюць «аўтахтанісцкую» тэорыю, але не распазнаюць беларускіх тэкстаў як «сваіх», таму ня маюць алібі аўтахтонаў13. На жаль, усё больш і больш беларусаў засвойваюць беларускую мову з кніг і частакроць — у сталым веку. «Роднай» яна можа лічыцца толькі ў плашчыні аксіялёгіі, а не псыхалёгіі. А дадамо сюды сусьветны чыньнік, глябальную ўрбанізацыю і... робіцца сумна. Цікава, што пры вытручэньні аўтэнтычнай сэмантыкі частакроць назіраеш, як вонкава лексычны пласт нават «багацее», становіцца больш арыгінальным. Але пурыстычныя інтэнцыі набываюць форму аплікацыяў у сфармаваным узусе «адной мовы з двума тэрмінамі». Таму, калі мова беларускіх пісьменьнікаў XIX — пачатку XX стст. паказвала, адкуль тыя паходзілі, дык у сучасных паказвае, якія слоўнікі яны чытаюць (для такога аналізу асабліва цікавы ідыялект самога сп. Санька (а таксама яго эвалюцыя), але баюся, у даным кантэксьце гэта зноў будзе эскаляцыяй «пераходу на асобы», бо маўленьне — адна з інтымнейшых рэчаў). Тут важна іншае: зразумець сацыяльную (ды псыхалягічную) прычыну тае «абэрацыі зроку». Яшчэ адзін пабочны чыньнік, які мог спрычыніцца да зьяўленьня балцкай утопіі, чыста працоўны: доўга займаючыся балтызмамі, міжволі пачнеш перабольшваць іх ролю. У пазнаньні заўжды ёсьць небясьпека ці спакуса — гіпастазаваньне мэтаду. Цалкам апраўданы ды зразумелы мэтадалягічны атамізм (як і рэдукцыянізм) нярэдка набывае анталягічны статус. Тады й пачынаецца «гульня ў пацеркі». А цяпер самы час разабраць контраргумэнты, выстаўленыя на мой адрас. Спсп. Санько і Дзермант пішуць:
Смаленскія граматы зь іх лексычнымі, сынтаксычнымі і фанэтычнымі асаблівасьцямі — гэта гістарычны факт. Але тое, што пісаны яны на смаленскай адмене старабеларускай мовы, якой у побыце паслугавалася бальшыня жыхароў Смаленскага краю, — гэта, даруйце, вельмі праўдападобная, але інтэрпрэтацыя.
Цудоўна сказана! Толькі я дадам ад сябе: інтэрпрэтацыя не мая, а прыдуманая Саньком ці Дзермантам у выніку інтэрпрэтацыі майго ж тэксту. Я нідзе не казаў, што гэта менавіта тая мова, якой «паслугаваліся ў побыце». Я толькі называў яе беларускай, «у ісьце», як сказалі б мае апанэнты. Давайце ж паспрабуем перапісаць па-сучаснаму той урывак з Клімента Смаляціча (ізноў Смаленск!), які я ўзяў за эпіграф. Думаю, ён застанецца царкоўнаславянскім, хоць ты лацінкай, хоць арабіцай яго перапісвай. Патрэбны пераклад, бо тэкст запраўды не беларускі, чаго ня скажаш аб грамаце. А вось наколькі гэтая мова «канцылярская» — варта падумаць. Бо кадыфікаванай канцылярскай мовы тады, як я зазначаў, яшчэ не было. Зрэшты, ня буду такім прыдзірлівым, хай сабе й так. Тут, хутчэй за ўсё, мы маем справу зь першымі спробамі стварыць такую мову, але, на жаль, спсп. Дзермант і Санько (якія ўсё ведаюць!) маўчаць аб галоўным: што ж паслужыла матэрыялам да мовы граматы? Адкуль яна ўзялася? З паветра матэрыялізавалася? На жаль, іх тэорыя заняла ўсяго адзін сказ: «Роля адміністрацыйнага рэсурсу была прынцыповай» (роля ж царквы пачала патроху адпадаць: «Рэлігійны чыньнік наўрад ці даў бы назіраны вынік»). І яшчэ, я не разумею, навошта сп. Санько, слова ў слова, перапісвае аргумэнты аб балцкіх уплывах (з тымі самымі прыкладамі, тымі ж спасылкамі), якія ён тарнаваў у артыкуле за 1999 год і якія наагул (!) не датычаць цытаванага мною тэксту?14 |
12 «Лінгвістычныя рысы могуць перасякаць моўныя межы, шырыцца праз мовы розных падгруп і нават розных сем’яў, як гэта відаць на прыкладзе сэрбскахарвацкае, грэцкае і альбанскае на Балканах і суседняе зь імі турэцкае мовы. (...) Нягледзячы на тое, што адпачатку асноўная ўвага надавалася дыфузіі лексычных адзінак, Санфэльд паказаў, што яна пашыраецца таксама й на сынтаксычныя, марфалягічныя і фаналягічныя характарыстыкі» (Леман В. П. Новое в индоевропеистических исследованиях // Вопросы языкознания. 1991. № 4. С. 11). Гл. таксама: Нерознак В. П. Языковой союз // Лингвистический энциклопедический словарь. Москва, 1990. С. 617–618. 13 Параўн.: «Мы заўжды мусім зьвяртацца да сьведамасьці індывіда, які гаворыць на дадзенай мове (...) і іншага жарала, апрача яго сьведамасьці, у нас наагул няма – таму для лінгвіста такія дарагія ўсе, хоць бы найнаіўнейшыя назіраньні тубыльцаў – яны ў бальшыні разоў, пры належнай іх інтэрпрэтацыі, маюць куды больш цаны, чым назіраньні навукоўцаў-дасьледнікаў, прыналежных да іншае моўнае групы» (Щерба Л. В. Субъективный и объективный метод в фонетике // Избранные работы... С. 110–116).
|
Балцкіх каранёў «аканьня» ды пераходу w у u (хоць ёсьць і іншыя вэрсіі) я не зьбіраюся адмаўляць15. Але марна спадары спрабуюць атрымаць зыск з свайго (усё ж аднабаковага!) зьясьненьня смаленскае граматы. Калі быць самакрытычным, дык найсумнеўней у маім цытаваньні выглядае «дзеканьне». І ўсё ж рэч ня ў гэтым, аўтары забываюцца, што я раблю не транскрыпцыю, а адаптацыю, таму, збольшага, гэта праблема тэксталёгіі, а не гістарычнае фаналёгіі. Я ўжо ўспамінаў, дзей ня меншыя тэксталягічныя праблемы, зьвязаныя з творамі ХІХ ст. Магу нагадаць, як асабліва праблематычныя тэксты, «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча і верш Ф. Савіча «Там блізько Піньска на шыроком полю...», напісаныя на адменах палескіх гаворак, якім, нібыта (?), не адмаўляюць у беларускасьці. Тут маім апанэнтам забракла, хутчэй за ўсё... звычайнага пачуцьця гумару. У нас часам так «застаражытніваюць» бедныя тэксты, атачаюць такімі «табу», што тыя апынаюцца па той бок чалавечнасьці, нібыта ня людзі іх пісалі. Таму, ахвяруючы дэталямі, я спрабую аказаць цэлае. Гэты парадокс можна параўнаць з оптыкай імпрэсіянізму: чым пільней мы ўглядваемся ў тэкст, тым у большай ступені ад нас зьнікае сэнс. Зь нястачы машыны часу хіба што ідэальнае выйсьце — мена ракурсаў: арыгінал, аналіз, адаптацыя, пераклад і г. д. Адзін зь першых аб «правох» беларускае мовы на яе ўласную даўніну загаварыў Ф. Багушэвіч:
Чытаў я ці мала старых папераў па дзьвесьце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася.
Багушэвіч быў праўдзівым аўтахтонам, а таму й меў пачуцьцё «свайго». Зрэшты, нашы мовазнаўцы і І. Насовіч, і В. Ластоўскі, і інш., кожны па-свойму, з увагаю ставіліся да старабеларускіх тэкстаў. Але запраўды прарыў у паяднаньні «канцоў і пачаткаў» зрабіў Я. Станкевіч. Варта пагартаць яго «Беларуска-расійскі (вялікалітоўска-расійскі) слоўнік», каб у гэтым упэўніцца. Часамі, пры вывучэньні даўніны, беручы пад увагу мноства пераходных тэкстаў, перад лінгвістамі паўстае праблема дэмаркацыі беларускага і царкоўнаславянскага. Насамрэч, калі не зважаць на дэталі, гэтую праблему за нас разьвязалі ўжо даўно. Старабеларускія лексыконы вельмі дакладна паказваюць, дзе адзінкі беларускія, а дзе не. А адштурхоўваючыся ад гэтага, параўноўваючы розныя тэксты ды сучасныя гаворкі, можна аналізаваць далей. Смаленская грамата 1229 году каштоўная для нас тым, што ў ёй вельмі рана і нечакана поўна адбіліся жывыя гутарковыя элемэнты (прашу ня блытаць з моваю ў цэлым). Ужо той даўно ведамы факт, што пэрфэкт тут ужываецца бязь зьвязкі быть, вельмі пра многае кажа. Пазьней, пры кадыфікацыі літаратурнае мовы, адбываецца частковы рэгрэс у бок кніжнасьці. І толькі ў XVII ст., у «Прамове Мялешкі», «Лісьце да Абуховіча» жывая гутарковая стыхія, як ніколі раней, пачынае адваёўваць свае правы. Але, так ці гэтак, зьвязкі з жывой гутарковай стыхіяй ніколі не перарывалася. Той факт, што не існавала граматык «простае» мовы, таксама ўскосна сьведчыць аб блізкасьці мовы літаратурнае й мовы народнае. Рэч у тым, што граматыкі даўней пісалі як дапаможнікі для зразуменьня кніжных моваў. (Граматыка І. Ужэвіча пісалася ня тут і не для тутэйшых.) І хоць пакуль што неразьвязаных пытаньняў паддастаткам, ужо сёньня можна рабіць верагодныя выракі аб арэальнай атрыбуцыі паасобных тэкстаў к. XVII — пач. XVIII стст. на падставе іх лексыкі. Пра гэта я маюся напісаць адумысна, а тут адно зьвярну ўвагу на некаторыя даўнейшыя лексычныя адзінкі, якія лучацца з сучаснымі гаворкамі і, наадварот, дыялектныя, якія сягаюць сівой даўніны. Пачну з тае самае смаленскае граматы.
УЗДУМАЦЬ. Сучасны узус гэтае слова тарнуе завужана і, часьцей за ўсё, з адмоўнай канатацыяй. У народным жа маўленьні яно мае безьліч адценьняў. Спатыкаецца яно ў К. Марашэўскага, М. Гарэцкага, а найраней — у грамаце 1229 г.: Таго лета, калі Альбрахт, уладыка рыскі ўмёр — уздумаў князь смаленскі, Мсьціслаў Давыдаў сын, прыслаў у Рыгу сваёга луччага папа Ерамея і зь нім вумна мужа Панцялея із сваёга горада Смаленска. Цікава, як бы пісар напісаў па-царкоўнаславянску? Пэўна што, помыслилъ ‘надумаўся’, ці положилъ, вменилъ ‘пастанавіў’. А па-расейску гэта гучала б — решил. Між іншым, апошняе, сваім парадкам, разьвілося з царкоўнаславянскага ршить ‘разьвязаць’, а ўжо пад уплывам яго ўзьнікла й беларуска-савецкае вырашыць. Пра гэта я пісал двойчы. Цяпер толькі зазначу: думаць, уздумаць, надумаць — адзінкі з таго ж самага сэмантычнага поля. НАПЯРОД. Гэта яшчэ адзін прыклад, дзе ў смаленскага аўтара мы можам павучыцца беларускасьці. Помню, мяне як токам ударыла, калі я прачытаў: Метаці жэрабі, каго напярод везьці ку Смаленску. Запраўды, у нас на Лідчыне гаварылі напярод, упярод. Гэты тэкст актуалізаваў мой дзіцячы досьвед (у нейкім сэнсе генную памяць) і... вельмі дапамог. Рэч у тым, што многія артыкулы РБС будаваліся ў свой час без картатэкі, няйначай, як на перакладзе рэмарак расейскіх тлумачальных слоўнікаў. І менавіта пад уплывам граматы (нават, я б сказаў, на яе матэрыяле) мне ўдалося ўкласьці артыкул да расейскага-беларускага слоўніка, які выглядае гэтак: прежде 1. нареч. (раньше) упярод; 2. нареч. (сначала) напярод, перш; 3. предл. уст. (до чего) да (чаго); (перед чем) перад (чым); ~ отпуска да адпачынку, перад адпачынкам; 4. предл. (раньше) раней, перш; прийти ~ всех прыйсьці раней (перш) за ўсіх; <> ~ всего перадусім, насамперш, перш‑наперш. ДЗЯРЖАЦЬ. На першы пагляд гэтае слова можа падацца зусім не беларускім (дзяржаці русі з лацінскім языком). Аднак і тут ня ўсё проста. Некалі я надумаўся спраўдзіць у Я. Станкевіча, як будзе лепш: атрымваць ці атрымоўваць. Бо атрымліваць, як ведама, кепска — фармант -ліва- пры дзеясловах не ўжываецца. Я перагарнуў увесь слоўнік, але адзінак з гэтым коранем не знайшоў наагул. А пазьней выявілася, відаць, Станкевіч дзеяслоў трымаць уважаў за палянізм, таму ў слоўніку ў яго чытаем: дзяржаць, адзержваць, дадзержаць. У нас на Лідчыне ёсьць і атрымваць і дзяржаць. Відаць, абодва маюць права на існаваньне — ведама, калі іх разьмежаваць стылёва. НАДАБЕ. Тут акурат тая адзінка, якую можна ўважаць арэальным маркерам «у зародку». На беларускім абшары ёсьць два канкурэнтныя прыслоўі: надабе і трэба. Калі першае характэрнае для паўночна-ўсходняга арэалу, дык другое — найболей для паўднёва-заходняга. Першае прыслоўе тарнавалася ў вельмі раньніх беларускіх тэкстах, той жа смаленскай грамаце: Аже лацінскі госьць б’ецца міжы сабою ў рускай зямлі, люба мечам а люба дзеравам, — князю то ня надабе міжы сабою судзіці; у Судзебніку Казімера Ягайлавіча: А над злодзеем міласьці ня надабе; дык другое — стала нормаю сучаснае літаратурнае мовы. Тое, што надабе трывае толькі ў пэўных дыялектах, таксама ня мала нам кажа. Пакуль існуе сыстэма — захоўваюцца яе маркеры. ВЕК: ДА ВЕКУ. А таксама: да канца веку; зь вякоў; на вяку; на схiле веку; па век; у веку; у квеце веку; цэлы век. Устойлівыя спалучэньні з кампанэнтам век у беларускай мове досыць пашыраныя, некаторыя зь іх перабылі шмат стагодзьдзяў, некаторыя — маладзейшыя, але асаблівую загадку становіць выслоўе да веку, якое ўсплывае перш у 1229 г: Пра сей мір трудзіліся добрыя людзі: Ральф із Кашэля дваранін, Тумаш-смалянін, аж-бы мір быў — і да века. А потым... у У. Караткевіча «На Беларусі Бог жыве», — // І няхай да веку жыве. Можна сказаць, дзей Караткевіч як пісьменьнік-гісторык узяў яго з граматы, і годзе. Але гэта не здымае праблемы, бо нешта падобнае знаходзім у Ф. Багушэвiча: Хоць бы не зьнямець мне i да канца веку! Вельмі цікавая апазыцыя ёсьць у А. Гурыновіча: Мужык слухаў яго // Ад веку да веку, // І дажыўся таго, // Што папаў ў апеку. Я. Станкевіч, спасылаючыся на М. Гарэцкага, піша ў сваім слоўніку гэты выраз як адно слова: давеку. І, урэшце, у слоўніку Ластоўскага, на старонцы 88, знаходзім: Еж напаўсытна, пі напаўп’яна, пражывеш давеку. Дык можа да веку аж з тае пары бытуе на Аршаншчыне? Прынамсі, яго структура цалком беларуская, параўнайма: дадушы, дапраўды, дазваньня і г. д. Можна яшчэ шмат цікавага заўважыць у смаленскай грамаце, як, прыкладам, наўсьпяць (параўн. наўсьлед, наўкол, наўза ‘соты’), колы (параўн.: калёсы ‘воз’), але пяройдзем да іншых прыкладаў... ЗАЕСЬЦІ. У «Баркалабаўскай хроніцы» ёсьць такі сказ: Жарабя воўк заеў. Дзеяслоў тут ужываецца з тым рэдкім народным адценьнем заесьці ‘загрызьці да сьмерці’, зь якім яго й цяпер сустрэнеш на Лідчыне, кажуць: Дальбог, заядуць камары! Гэта ня кніжнае слова і не абстрактнае «славянскае», а тутэйшае, беларускае. ТАКРОК. У лідзкіх гаворках склалася рэдкае словаўтваральнае гняздо: такрок ‘летась’, такрошні ‘леташні’, пазатакрак ‘пазалетась’, пазатакрашні ‘пазалеташні’. А ў «Баркалабаўскай хроніцы» знаходзім да яго «этымалягічны матэрыял»: Бо тот рок вары мала было, толька грыбы: леднікі, апенькі елі. Зрэшты, такі самы прыметнік існаваў ужо ў 1600 г. у запісах Менскага гродзкага суду: Статку дзей у яго было: конь адзін, карова адна, падцёлак такрочны. Ня ведаю, ці ёсьць тут якія адпаведнікі ў польскай мове, але няма сумневу: данае гняздо разьвілося на тутэйшым грунце.
|
14 Гл.: Санько С. Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю... // Фрагмэнты. 1999. № 1–2. С. 103–104. 15 Сумнеўны ня ўплыў субстрату, а тыя высновы, якія робяць мае апанэнты ў галіне глётагенэзу.
|
КУБАРКА. Гэтае слова на роднай Лідчыне я чуў зь дзяцінства, прыкладам: Вазьмі кубарку з-пад канцэрваў. Таму і ўжыў яго ў вершы: Мой час, нібы жардзіна плоту, доўгі, // зялёны — сасьлізьнеш і ад гультайства // іржавую кубарку падфутболіш. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі ў слоўніках «старажытнарускае» мовы мне пачало трапляцца на вочы кубара. Выявілася, што паходзіць яно ад грэцкага κουμβαρα ‘пасудзіна, карабель’16. Сама цікава, што славяне пазычылі гэтае слова не пазьней за Х ст., яшчэ да заняпаду насавых галосных, відаць, грэцкую лексэму яны вымаўлялі як kąbara, а пасьля пераходу [ą] у [u] тая пераагучылася як kubara. У сваім канчальным выглядзе слова мае тое агучваньне, якое прынята называць «усходнеславянскім». Дык якім жа ветрам яго занесла на Лідчыну? Дарэчы, слова вельмі патрэбнае! Некалі падобнага забракла Алесю Аркушу, дык ён прыдумаў уласнае — кансэроўка — і таксама ўжыў у вершы: У кансэроўцы зварухнулася траска, пра што расказваў мне ў 1988 г. на Іслачы. ЗНАК: анi знаку; даць знак; давацца ў знакi; для непазнаку; знакам тым; мець знак; няма знаку; не засталося знаку; толькi знак. Пэўна што, гэта ня ўсе беларускія ідыёмы, дзе ёсьць кампанэнт знак, але й таго паддастаткам, каб пераканацца ў сыстэмнасьці данага сэгмэнту мовы. А дзеля прыкладу я прытачу яшчэ колькі кантэкстаў, найбольш багатых на жыцьцёвыя рэаліі і, мусова, за розныя стагодзьдзі: Макі, гарохі, бабы, проса, рэпа — то ўсё згола пагінула. А каторыя малацілі яр, зерня — толькі знак. А калі зьмелець, сьпячэць, — то ў печы сьпячэцца, а з лапаты ў печ ня зложыць. Зь печы аж апалонікам выбярэць. Такжа і жыта вельмі было неўмалотна. А калі муку жытнюю ў хлебе сьпякуць, то цеста печанае салодка, а за скарыну хаця ложкі кладзі, а ў печы не пячэцца («Баркалаб. хр.»). Глянуць на нас [апенек], сьмеху варта, камель, як лазiна i шапка, — зжалься Божа, — толькi знак той! — А ў яго [баравiка] галава з салятырку i нага, як выварацень (У. Галубок). Андрэй Аўсянiк паказваў перада мною, возным, i стараною шляхтаю ручнiцу пташую ўсю аббiту, ложа пашчапана ў штукi, а замку знаку не было, адна рура застала (Акты 1603 г.). Ужо добра вечарэла — сонца анi знаку; над зямлёй плыў блеск, як скурка пячонага раку (А. Паўловiч). Смакуйце, спадарове, водар жывой мовы — не абстрактнай «балцкай» і не «славянскай», а беларускай, «сваёй уласнай», як пісалася ў Статуце, і якая ўжо не адно стагодзьдзе мае «свой твар», г. зн. — сыстэму. Дый што тут казаць! Тут ледзь ня ў кожнай фразе я чую свае, лідзкія словы: злажыць ‘пакласьці’, пашчапаны, абабіты... Сама цікава, што існавала гэта ўсё праз цэлыя стагодзьдзі, а ў наш час — занікае. Чаму б гэта? Ці не таму, што толькі ў наш час пайшла эрозія сыстэмы мовы? Старабеларуская мова часамі падкідвае загадкі, якіх найлепшыя знаўцы не даюць рады разьвязаць, але... яна іх разьвязвае сама. Дзеля прыкладу параўнаем невялікія ўрыўкі з Статуту 1588 г. Арыгінал:
А бортнікам вольна на лезіва лык альбо луб’я на лазьбень і на іншыя патрэбы, што бортнікам на патрэбы іх бортніцкія прыслухаець, тыле, іле ім патрэба будзець, узяці што можаць на сабе занесьці, а ня возам вывезьці (Разьдз. X; арт. 3).
Пераклад:
А бортнікам дазваляецца драць лыка на свае рабочыя прылады і на іншыя патрэбы, якія спатрэбяцца бортнікам, столькі, колькі ім будзе трэба і колькі на сабе можа вынесьці, а ня возам вывезьці17.
Наколькі блякла выглядае пераклад супраць арыгіналу! Але рэч ня ў гэтым. Некалі Я. Станкевіч гэты сказ улучыў у свой слоўнік дзеля слоў лазьбень і лезіва, якія зусім праігнараваў сучасны перакладнік. Станкевіч патлумачыў, што лазьбень — гэта «кораб да зьбіраньні мёду», а насупраць слова лезіва паставіў пытальнік. І ўсё ж зьясьненьне гэтага загадкавага тэрміну мы знойдзем у «Тураўскім слоўніку»: лезіва ‘пад’ёмнае прыстасаваньне для пчаляроў’ (лезіво — така дошчэчка з дзіркамі і вороўка доўга, кіне ее за сук, вороўку цягне і сам себе цягне) — можна сказаць, бортніцкі «ліфт». А калі мы паспрабуем параўнаць паасобныя адзінкі арыгіналу і перакладу, дык сучасная мова зноў выглядацьме несамавіта, добрыя беларускія словы заступаюць расеянізмы: шпег — лазутчык; вож — праваднік; шкода дзеецца — наносяць шкоду; таўталёгіі: непатрэбны і паражнуючы — непатрэбны і бескарысны; паслуга і пажытак — карысьць і прыбытак; недакладнасьці: чыніць паслугу — прыносіць карысьць; уставуем — устанаўліваем; шматслоўе: злое — дрэнная справа і г. д. Нават архаічныя адзінкі замяняюцца такімі няўдалымі расеянізмамі: іж — паколькі; суць — зьяўляюцца, што ці ня лепей ужо пакінуць, як ёсьць? Затое палянізмы застаюцца нечапанымі: панства, непрыяцельскі, належачы. Ведама, вінаватая ня мова, а перакладнікі. Тое, што асноўныя рысы беларускае мовы ў XVI ст. былі сфармаваныя, паказвае пераклад некаторых беларускіх праўніцкіх тэрмінаў у расейскім «Саборным улажэньні 1649 г.», прыкладам: красьць — воровать, зладзейства — воровство, абмовіць — оговорить, забойства — убийство, словы сарамоціць — обесчестить словом, а горла прыправіць — смерти предать, на горла сказаць — приговорить к смертной казни18. ПЭЙЗАЖ ЗЬ БЯРЭЗЬНІКАМСпсп. Дзермант і Санько ў якасьці балцкіх мясьцінаў успомнілі Эйшышкі Лідзкага павету 1529 г., а ў якасьці сучасных балцкіх анкляваў — Пелясу ды Радунь прыкладна таго самага рэгіёну. Дык жа маё дзяцінства й прайшло ў тых краёх. Заўжды, пакуль я стаяў у Лідзе на прыпынку і чакаў яўсевіцкага аўтобуса, мне мазоліў вочы аўтобус «Ліда—Пеляса». А неўзабаве прыходзіў наш і — вёз мяне ў бок Радуні, праз Крупава, дзе заварочваў на Яўсевічы. Але я сходзіў раней, на прыпынку «Запольле», і шыбаваў у свае Дамэйкі — насамрэч ад прыпынку да Запольля далей як да Дамэек. (Назоў Эйшышкі я таксама помню з маленства — ці там нехта паходзіў «з-пад Эйшышак»... ці нехта туды паехаў... ці яшчэ нешта...) Калі выйсьці зь дзедавай хаты на падворак, дык тварам упрэсься ў лес. Далёка на ўсходзе, за бароўскім лесам (у Бароўцы быў маёнтак цешчы польскага маршала Рыдз-Сьміглага) разьмясьцілася Ліда. У летнія туманныя ранкі чуваць, як далёка, наўзбоч Ліды, у Гудах, гудуць цягнікі (тады, малым, я ня ведаў, што «гудамі» беларусаў называлі літоўцы і выводзіў найменьне ад дзеяслова гудзець). Недзе справа ад мяне ў паўднёвым кірунку ляжыць вёска Хрулі, за імі — Бельскія, Дайнавб. Крыху на паўднёвы захад — Запольле, якое некалі трымалі сваякі Ігната Дамэйкі. Ззаду за дзедаваю хатаю на поўдзень — Рапэйкі, Янцавічы, Казічы і, нарэшце, бабуліна радзіма — Яўсевічы, за імі яшчэ — Мальгі. У бок на паўночны захад — Крупава, дзе мой прадзед ставіў касьцёл. Недзе ў тым кірунку былі маёнткі, панішчаныя саветамі: Баяршчына, Сукурчы. У Сукурчах, дзед казаў, адзін з будынкаў быў вельмі стары, на бэльцы там нібыта прачыталі дату XVI ст. А за Крупавам, калі крыху пад’ехаць, зараз будзе й Радунь. Запраўды ў нашых мясцінах, туды пад Радунь ці каля Яўсевічаў, жывуць літоўцы, іх мясцовыя жыхары называюць барцякі. Праўда, найменьне гэтае з адмоўнай канатацыяй, накшталт кацапы, хахлы. Тутэйшыя, да якіх належаць і мае найбліжэйшыя сваякі, адрозьніваюць сябе ад барцякоў, яны больш схіляюцца да польскасьці, але гавораць, як самыя прызнаюцца, папросту. Мая прабаба нябожчыца Юзэфа, якая паходзіла зь Яўсевіч, расказвала: «Бывала, як выйдуць касіць, па адзін бок Дзітвы нашы, а па другі — барцякі. Нашы хлопцы кашулі ў порткі ўдзявалі, а барцякі зьверху падпяразвалі. Таму барцяка адразу пазнаеш». А баба Марыя, калі ганіла чый густ, казала: «Адзелася, як барцянка!» Лічылася, што барцянкі апранаюцца ярка і безгустоўна. Барцяком не адмаўлялі ў заможнасьці, працавітасьці, яны трымалі шмат скаціны, птушак, але казалі, дзей у барцякоў брудна ў хаце, што яны могуць у хаце трымаць скаціну, курэй. Нашы таксама бралі жыўнасьць у хату, але толькі ў вялікія маразы. Шлюбы паміж нашым бокам і барцякамі былі ня частыя, але звыклыя. Казалі: «За барцяка пайшла». Або: «Барцянку ўзяў». У нас у Дамэйках жыла адна барцянка, з-пад Радуні, і адзін барцяк. Барцянка была замужам за дзедавым хросным сынам, кожны дзень прыходзіла да нас па ваду і называла дзеда «крышчоны». Барцяк жыў на другім канцы вёскі, меў кепскі характар, і часам я чуў ад бабулі: «От бэрць халерны!» Яшчэ трэба заўважыць, што паміж барцякамі і рэштаю тутэйшага насельніцтва зусім няма рэлігійных адрозьненьняў. У нашых ваколіцах карэнных праваслаўных няма наагул. Была адна, зь іншага боку Лідчыны, дык яе (бо не каталічка) называлі «саветкаю». А калі мая маці выйшла замуж за бацьку, які паходзіў з Касьцюковіцкага раёну, тады ўсе казалі: «Пайшла за кацапа». Спадзяюся, тут зразумелая дэскрыпцыйная дыстанцыя (хоць ад маіх апанэнтаў можна чакаць якіх заўгодна «псыхааналізаў»). Аб’ект я апісваю зь сярэдзіны калектыву і — толькі з «польскага» боку, убачыць яго з «барцяцкага» ў мяне няма змогі. Дарэчы, мясцовае насельніцтва гэткае «патайное», што звонку сягнуць углыб «мэнтальнасьці» бадай што немажліва. Існуе пэўная «герархія даверу», якую можна апісаць паступенна: 1) «палякі»; 2) католікі («палякі» і «барцякі»); 3) тутэйшыя (у купе з праваслаўнымі); 4) чужыя («саветы», «немцы» і г. д.). Раман расейскага пісьменьніка Багамолава «Момант праўды», паводле якога зьняты ведамы фільм «У жніўні 1944», досыць дакладна апісвае сытуацыю на Лідчыне, але... вачыма «савета», які лучае ў нецікавае становішча. Заразом самаідэнтыфікацыя («паляк», «літовец», «беларус» і пад.) моцна залежыць ад асьветы. Дарэчы, між «барцякоў» самаазначэньне «палякі» досыць частае, праўда, цяпер, можна меркаваць, усё больш пашыраюцца брэнды «беларусаў» ды «літоўцаў». Ад самаідэнтыфікацыі не залежаць сымпатыі. У цэлым, яны паўтараюць тую самую герархію даверу. Але ёсьць і індывідуальныя адрозьненьні. Прабаба Юзэфа, уважаючы сябе за «палячку», этнічных палякаў, «варшавякаў», не любіла, бо польскія жаўнеры спрабавалі ўлезьці ў яе хату, пазьбівалі замкі, але не адолелі хітрай сялянскай «збвалкі». Затое, падвучыўшы яшчэ ў Першую сусьветную вайну нямецкую мову, цудоўна ладзіла зь немцамі. Дзед Браніслаў недалюбліваў этнічных літоўцаў зь Літвы, вінаваціў іх у слугаваньні як немцам, так і саветам. А да савецкіх салдат, хоць яны ў яго й стралялі, ставіўся спакойна, хваліў: галодныя, але падзеляцца апошнім. Баба Марыя была зацятая, «закалёная», як у нас казалі, палянафілка, а «савет» у яе гучала як лаянка, дый ня дзіва, энкавэдысты адбілі прадзеду Баляславу лёгкія, дапытваліся пра АК. Запраўды сярод барцякоў з кожным пакаленьнем станавілася ўсё больш беларускамоўных. Але беларусізацыя адбывалася ў форме «змаганьня моваў» — жаднае піджынізацыі ані духу не было. Так, казалі, быццам барцякі, гаворачы папросту, «расьцягвалі словы», ня ведаю, не заўважаў. Затое гаворку Яўсевічаў нельга не пазнаць, яна вельмі мэлядычная, можа, тыя ж акут і цыркумфлекс тут можна адшукаць? Ня ведаю... Тым часам у Далекіх (адкуль паходзіла прабаба па дзеду) гавораць вуўк ‘воўк’, дуў ‘даў’ (тое, што нагадваюць апанэнты). Гэта рэчы ў дыялекталёгіі даўно ведамыя, на жаль, мала вывучаныя. Думаю, ставіць пытаньне толькі ў адной плашчыні — «славянізацыя балтаў» — не зусім рацыянальна, нават з увагі на разнаякаснасьць зьяваў, назіраных у розных вёсках. Чаму б не задумацца над тым, што «славянізаваныя балты» і «збалтызаваныя славяне» могуць суіснаваць і праяўляцца па-рознаму — тыя ж «гуды», «дайнава»? Разьвязваньнем прыватных пытаньняў, а не шуканьнем «істы» розьніцца, паводле К. Попэра, мэтадалягічны наміналізм ад эсэнцыялізму. На жаль, у мяне складваецца ўражаньне, што мае апанэнты досыць абстрактна ўяўляюць моўную сытуацыю, калі пішуць пра насельнікаў кантактных зонаў: «зьбеларусізаваліся або спалячыліся канчаткова», а таксама — «тут чыньнік каталізацыі ўжо ня можа быць недаацэнены». Практычна, тут ніхто й нідзе не спалячваўся ў моўным пляне, можна гаварыць толькі пра культурнае спалячваньне. У тых жа Яўсевічах яшчэ да рэвалюцыі існавала падпольная польская школа, у якую хадзіла мая прабаба (школу нават спрабавалі разганяць казакі), але людзі як гаварылі «папросту», так і працягвалі гаварыць. Таксама падобна, што мае апанэнты не разьмяжоўваюць паняткаў дыглясія і білінгвізм, бо ўжываюць іх па чарзе як сынонімы. Калі ж падыходзіць распадзельна, дык тут можна гаварыць пра беларуска-літоўскі білінгвізм і, толькі з пэўным вараваньнем, пра польска-беларускую ды польска-літоўскую дыглясію. Дзеля ясьнейшага апісаньня сацыялінгвістычнае сытуацыі ў даным рэгіёне хацеў бы прытачыць адзін аўтэнтычны маналёг, які я запісаў у 1989 г. у вёсцы Яўсевічы ад Галены Рамэйкі (будучы студэнтам, я яго транскрыбаваў як матэрыял курсавой працы):
Некалі жылі ў хатах старых... Велькія дружыны былі! А мы некалі — малыя. Гулялі... А ўжо ўвечары — седзімо. Лучына паліцца. Такі велькі сярод хаты павешаны...
А дзед усё верацёньне тачыў, прасьнічку павесіўшы. Сьнегу наверне многа. Гурбы велькія. А дзед нам кажа:
Гэта, дзеткі, на ігрышча йдуць маладыя...
А як цяплом, вясною... Пагонім пасьвіць каровы. Цёпла. Кветкі цьвітуць. Пташкі сьпяваюць... Зараз воўк і зашалахціць, калі гэтта! Тут ужо хочуць аблову рабіць — на воўка! Яны, гавечкі, зьляталіся... А бывала — і ўхопіць каторую...
Вечаркі былі... Ужо як папрыходзяць... З калаўродкамі!.. У танцы кінуцца! А цяпер... Усё пуста. Нічога няма!
Едуць цераз гуліцу тут задзіцьвяне... А дзед прасьнічку такую зрабіў. Кажа:
— От, глянь! Гэта ж барцяк згубіў!
А мне ўжо ўцехі было!..
Аднаго ж разу, як украўся воўк у гэтую... У хлеў. Былі гавечкі. А ён хвост усунуў — як зашавяліў! — яны ў кучу зьбіліся...
І тэраз бывае такое — улез... гавечкі пабіў... Таксама зь вялікім задавальненьнем зьвярну ўвагу на некаторыя балтызмы, якія шырока бытуюць у беларускіх гаворках Лідзкага раёну.
ТОШЧЫ. Нядаўна Э. Мазько нагадаў мне даўную спрэчку: «А ты меў рацыю!» Выявілася, гадоў дзесяць таму я спрачаўся з сваім навуковым кіраўніком А. М. Пяткевічам і даводзіў, дзей слова тошчы, якое сустракаецца на Лідчыне, аўтэнтычнае. А. М. запярэчваў, маўляў, гэта русізм. Я не пагаджаўся: «Які русізм! Яно такое арганічнае, што й думкі такой нельга дапусьціць. Наагул, у нас у асноўным толькі палянізмы ёсьць». А. М. настойваў: «Значыць, зь бежанства беларусы прынесьлі!» «Ды не было ў нас бежанства!» Так мы й не дайшлі да праўды. І, нарэшце, высьветлілася, беларускае тошчы мае літоўскі адпаведнік: tuриias ‘пусты’. У нас гавораць: Дай мне тошчы ворак. Гляджу, а ў збане зусім тошча. Менавіта сэмантыка сыгналізуе: гэта не расейскае слова, што відаць, калі прытачыць антонімы: бел. тошчы — поўны, рас. тощий — толстый, полный. У расейскай мове яно захавалася толькі ў пераносным сэнсе, у нас, наадварот, у скразным — пра худога чалавека нельга сказаць «тошчы». Цікава тут успомніць паралелі з стараславянскае: тъщетьнъ ‘марны’, тъщета ‘шкода, уйма’, а таксама артыкулы старабеларускіх лексыконаў: тщание — спешение; тщетно — порожне; тщуся — спешуся. КАЛБАЦІЦЬ. У Дамэйках часта гавораць: Памалу, сьмятану скалбоціш. От, трохі закалбаціла, і ўжо гатова. Перакалбаціла і выліла. А гэта яйко калбатун. Відаць, усе даныя словы сягаюць літоўскага kalbлti ‘гаварыць’, параўнайма расейскія сэмантычныя адпавенікі болтать 1) ‘балбатаць’; 2) ‘трэсьці’. Мушу зацеміць, што словы калбаціць ‘моцна трэсьці’ і боўтаць ‘павольна перамешваць, гойдаць’, а таксама балбатаць ‘няўцямна гаварыць’ маюць адрозную сэмантыку і таму суіснуюць паралельна. Думаю, і ў літаратурнай мове кожнае зь іх спатрэбілася б. НЕРАПА. У слоўніку Т. Сьцяшковіч і, адпаведна, у этымалягічным гэтае слова падаецца як нярэпа ‘ненаеда’ ад літоўскага nлrepa, у Дамэйках яно мае іншы націск — нерапа. Гавораць: От гэты хлопец некі нерапа! З улікам таго, што ў сучаснай беларускай мове кепска ўладкаваныя адпаведнікі да расейскага обжора, я наважыўся зьмясьціць дадзеную лексэму ў слоўніку, над якім колькі часу працую: обжора м., ж. разг. жарло м., ж.; обл. гродн. нерапа м., ж., мог. мярло м., ж. І ўсё ж, як бы ні вабілі балтызмы, славянізмы на Лідчыне маюць, відаць, працяглую традыцыю. Калі глянуць цьвяроза і разважыць тым жа здаровым розумам, дык з XVI ст. моўная сытуацыя памянялася менш, чым падаецца на першы пагляд. Як жылі пад Эйшышкамі літоўцы (ці карэктней балты?), так і жывуць, можа, паменшала балтамоўных ды, адпаведна, пабольшала славянамоўных. А тое, што апошнія былі таксама — мае апанэнты падказваюць цытатаю зь іхнага ж прыкладу. БЯРЭЗЬНІК. Што такое бярэзьнік, я ведаў яшчэ ад малых гадоў. Бярэзьнік — бярозавы гай. Ён пачынаўся адразу за кухонным акном. Улетку кожную раніцу я зьбіраў грыбы ў бярэзьніку і чуў словы: Ідзі, глянь, можа, у бярэзьніку грыбоў нарасло. Або: Во тут, у бярэзьніку! І таму вельмі прыемна было ў цытаце за 1529 г., ды яшчэ той, якая дачыняецца блізкага мне рэгіёну, прачытаць: Он мі ўказаў сьведкаў у бярэзьніку. Ці ня з вуснаў таго Пётры Сумарока слова заляцела ў ліст дэцкага? Бо занадта яно спэцыфічнае, каб быць простым складнікам нейкае абстрактнае канцылярскае мовы. А калі так, выходзіць, за колькі стагодзьдзяў калі што й памянялася тут, дык больш колькасна, ніж якасна? Быў і тады беларускамоўны люд у Лідзкім павеце.
|
16 Гл.: Якубинский Л. П. История древнерусского языка. Москва, 1953. С. 335. 17 Цыт. паводле: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. камент. – Мінск, 1989; Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. – Мінск, 2002. 18 Трофимович Т. Старорусская и старобелорусская деловая писменность в истории русско-белорусских языковых контактов // Беларуска-руска -польскае супастаўляльнае мовазнаўства і літаратуразнаўства: Зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Ч. 3. Віцебск, 1997. С. 469–472.
|
Дык якая тут «пэрманэнтная рэвалюцыя»? Ніякай! Стагодзьдзямі змагаліся дзьве мовы, суіснавалі дзьве сфармаваныя сыстэмы. Мае апанэнты зазначаюць: «Бальшыня беларускіх балтызмаў — гэта словы, што азначаюць рэаліі сельскагаспадарчага жыцьця, навакольнага асяродзьдзя або датычаць сфэры міжасабовых адносінаў», — і маняцца вывесьці з гэтага нейкую «балцкую істу». А між іншым, дадзены факт кажа зусім ня тое, што ім хацелася б. Што мы тут маем? У беларускай мове 1) элемэнтарная лексыка (абазначэньні частак цела, зьяваў прыроды, жывёлаў і да т. п.) — збольшага славянская, 2) рэаліі сялянскае культуры — шмат у чым балцкая і 3) рэаліі цывілізацыі — кніжны стыль (палянізмы), абстракцыі, тэхнічныя тэрміны (германізмы ды лацінізмы). Карыстаючыся мэтадалёгіяй Ф. Шпэхта, мы атрымваем у напластаваньнях мовы храналягічны зрэз, падобны да ведамых біялягічных напластаваньняў (адлогі на дне мора, гадавыя кругі на дрэвах, ракавінах, рагах), які «балцкасьці» адводзіць толькі пэўна вызначанае месца. Усё гэта пацьвярджае тое, што беларуская мова разьвілася на грунце праславянскага дыялекту19. На нейкім этапе яна ўвайшла ў цесны кантакт з балцкімі гаворкамі. Міграцыянісцкая мадэль этнагенэзу беларусаў, якой пільнуюцца многія сур’ёзныя навукоўцы, досыць добра кладзецца на даную схему. Відаць, славяне, калянізаваўшы балцкія абшары, расьсяліліся ў балцкім асяродку так, што славянскія выспачкі перамяжаліся і доўга суіснавалі з балцкімі, пакуль славяне дарэшты не засымілявалі тубыльцаў. Шмат радзейшыя калёніі славянаў былі ў паўночна-заходняй частцы Беларусі, таму й асыміляцыя там ішла куды павальней. У гэтую схему можна ўносіць шмат удакладненьняў, але я ня бачу падставаў для яе перагляду і для элімінацыі славянскага чыньніку з этнагенэзу беларусаў20. Я крытыкаваў і крытыкую тэорыю «аўтахтанізму» з гледзішча глётагенэзу. Таму хацеў бы атрымаць адказ на пытаньні, зьвязаныя менавіта з гэтаю праблемаю: 1. Адкуль «выхадцы з Скандынавіі» несьлі славянскі элемэнт? 2. Чаму яны самыя былі «славізаваныя», а не «германізаваныя»? 3. Што ў мове паказвае на сьвецкі ўплыў, а што на царкоўны? 4. Як «славізаваліся» іншыя «рускія» землі? 5. Які наагул быў мэханізм «славізацыі»? Сумняюся, каб на гэтыя пытаньні тэорыя «мела» рацыянальны адказ, а калі я яго запраўды пачую, дык мушу прызнаць, што ідэя балцкага аўтахтанізму мае пад сабою грунт, а ня голую фантазію. Ня ведаю, што скажуць гісторыкі, але як па-дзеля мяне, дык тэорыя была б утрая больш пераканаўчай, каб мае апанэнты не рабілі на падставе яе такіх фантастычных глётагенэтычных высноваў. ДЗЕ НАРА ЛІСІЦЫ?Вось дапісваю сваё запярэчаньне, а пачуцьцё вельмі прыкрае. Тэкст мае першае рэплікі быў менш зьмястоўны, але, далібог, цалком памяркоўны. У мяне не было мэты «зьнішчыць» (і тым больш не было жаданьня сабе «дурыць галаву» разборамі). Хацелася ўбачыць, як спадары разгорнуць «экзатычную» тэорыю шырэй. А выявілася — разгортваць няма чаго? Ці я памыляюся? Цяпер, мушу прызнацца, тон адказу перадаўся і мне, як я ні супраціўляюся — не магу пахваліцца памяркоўнасьцю допісу. Фактычна, гэта крок назад у пляне культуры дыскусіі. Не разумею, навошта замест таго, каб гаварыць аб справе, выкарыстоўваецца гэтая дымавая завеса, якая падаецца як навука, апэлюе да філязофіі, а насамрэч ёсьць чыстай рыторыкай? Мяне зусім ня вабіць аналіз казуістыкі ды сафістыкі, якім я мусіў займацца. Што ж... Лісіца заўжды стараецца адвесьці лаўца ад нары! Шкада, што сама ідэя балцкіх каранёў беларусаў набывае тупіковы і бяссэнсавы ракурс. Праблема не аналізуецца — проста любой цаной даводзіцца «балцкая іста». У маіх апанэнтаў ёсьць жаданьне прапагандаваць уласную тэорыю, але не відаць імкненьня разьвіваць выказаныя ў ёй тэзы. Дык ці варта спрачацца, калі спсп. Дзерманта і Санька не цікавяць праблемы? Дарэчы, мяне зачапіў адзін момант: чамусьці аўтары з гонарам назвалі «крыніцамі» тое, што звычайна называецца «дасьледаваньнямі». Гэта выпадковая абмова? Яны ня ведаюць, што такое крыніца? Ці стыль мысьленьня — падагнаць разьвязаньне пад загадзя ведамы адказ? І ўсё ж... Калі заўтра нейкі славянскі ўтапіст пачне адмаўляць балцкі субстрат, я зь ім буду спрачацца з такой самай палкасьцю, як сёньня спрачаюся з балцкімі ўтапістамі. Скрайнія пазыцыі вельмі прадукцыйныя ў чыстай тэорыі, а ў пазнаньні эмпірыкі яны мала што даюць. Чым ламаць дзіды над тым, што пакуль цяжка спраўдзіць, ці ня лепей было б супольна зьезьдзіць дасьледаваць балцкія мясьціны? А спрачацца?.. Няма жаданьня! Асабліва пра дэканструкцыю. Лепш пачуць новых людзей... |
19 Параўн.: «Што да дыялектаў, то яны былі амаль такія ж, як у XIX–XX стагодзьдзях. Але мы ня маем непасрэдных крыніц, зь якіх можна было б даведацца пра ўсходнеславянскія дыялекты прыкладна ІХ–Х стагодзьдзяў. (...) Дыялект, на якім пабудавана сёньняшняя беларуская мова, узьнік вельмі рана, не ў XIV стагодзьдзі, а дзесьці на пачатку нашай эры. Што да старажытнай беларускай мовы, то яна была пабудавана не на дыялектнай аснове, а непасрэдна зьвязана з кніжнымі ўплывамі і таму нельга сказаць, што гэта адна і тая ж мова. Новая беларуская мова пабудавана на найбольш старажытным народным дыялекце» (Мартынаў [В.] Канцэпцыя трохмоўнай калыскі не вытрымвае крытыкі: [Інтэрвію] // Наша слова. 1994. № 9). Гл. таксама: Мартынов В. В. Язык в пространстве и времени. К проблеме глоттогенеза славян. Москва. 2004. Цікава, што меркаваньне В. Мартынава шмат у чым «радыкальнейшае» за выракі Я. Станкевіча, гл. яго: История белорусского языка // Тамсама. С. 373–385. 20 Хацеў бы заўважыць, што М. Ермаловіч, якога з гэткаю непавагай адшпурнулі мае апанэнты, якраз стварыў свайго роду гештальт, зьмяніў оптыку, ці, як кажа А. Краўцэвіч, «на аснове ўласнага аналізу даўно вядомых дасьледчыкам крыніц ён давёў магчымасьць новых падыходаў да вырашэньня гэтай праблемы» (Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. С. 6.). Ермаловіча, як, прыкладам, Ластоўскага, лёгка крытыкаваць і, з грунту, трэба, але эпітэты «роўны нулю» лепш патрымаць за зубамі. У выпадку цытаваньня яго для мяне важная была «рэльефнасьць» выказанае думкі. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 4 (44) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |