A R C H E | П а ч а т а к | № 9 (49) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
Заканчэньне. Пачатак у №4, №5. VУ чацьвёртым – самым вялікім – разьдзеле будучай кнігі «БСГ у дакумэнтах і матэрыялах» разьмесьцяцца ўспаміны і артыкулы (або іх фрагмэнты), прысьвечаныя гісторыі БСГ.Усе матэрыялы будуць надрукаваныя ў храналягічнай пасьлядоўнасьці. Самы першы сярод іх – фрагмэнт артыкулу А. Луцкевіча «Национальное возрождение белорусов». Яго рукапіс захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Літоўскай АН (Ф. 21. Спр. 336). Наверсе першае старонкі рукою А. Луцкевіча пазначана: «Slovansky Přehled». Čislo 4, Leden, Ročnik XІ, 1909». Пра гэтую публікацыю пісаў Я. Журба ў «Лістах з Украйны» (Наша Ніва. 1909. 7(20) траўня). Артыкул пад загалоўкам «Национальное возрождение белорусов» друкаваўся таксама ў «Московском еженедельнике» (1909. № 9), а пад загалоўкам «Odrodženie narodowe Białorusinow» – у часопісе «Lіtwa» (1909. № 4). Супастаўленьне чэскае, расейскае і польскае публікацыяў пакуль што не праведзенае. Артыкул быў, наколькі вядома, першаю спробаю А. Луцкевіча апісаць і асэнсаваць гісторыю беларускага руху пачатку ХХ ст. Адрозна ад артыкулу «Белорусы» (1910), у якім, можна сказаць, пытаньне аб дзейнасьці БСГ зацямняецца, у працы, прызначанай для чэскіх чытачоў, наўпрост сьцьвярджаецца, што БСГ «работает вплоть до настоящего времени», г. зн. і ў 1909 г. Артыкул «Белорусы», што публікаваўся ў зборніку «Формы национального движения в современных государствах» (Санкт-Пецярбург, 1910) і ў кнізе А. Луцкевіча «Да гісторыі беларускага руху», ува ўкладзеным мною зборніку таксама будзе прапаноўвацца фрагмэнтам. З нашаніўскіх публікацыяў А. Луцкевіча нельга ня вылучыць рэпліку «Данос», надрукаваную 16 жніўня 1913 г. Гэта адказ на артыкул у газэце «Россия», якая вінаваціла «Нашу Ніву» ў рэвалюцыйнай дзейнасьці. Называючы аўтара артыкулу агентам-правакатарам, А. Луцкевіч піша, што той «стараецца абвінаваціць чыста культурную, спакойную работу «Нашай Нiвы» ў «рэвалюцыу», каб яе адмiністрацыя зачыніла». Палемізуючы з аўтарам даносу, Луцкевіч выкарыстоўвае недакладнасьці ў ягоным артыкуле і сам высьвятляе некаторыя моманты з гісторыі беларускага руху. З Луцкевічавых працаў у кнігу ўвайшлі таксама ўрывак з артыкулу «Жыцьцё i праца Iвана Луцкевiча» (1920), артыкул «Дваццатыя ўгодкі БРГ» (1923), праца «Дваццацiлецьце Беларускае Сацыялiстычнае Грамады» (1925), фрагмэнт артыкулу «Роля моладзі ў пачатках адраджэнскага руху» (1927), успаміны «За дваццаць пяць гадоў» (1928), тое, што засталося ад артыкулу «Да гiсторыi Беларускае Рэвалюцыйнае (пасьля Сацыялiстычнае) Грамады. Даты i факты» (1930-я) і фрагмэнт уласнаручных паказаньняў НКУС БССР, напісаных 30 кастрычніка 1939 г. Усе гэтыя тэксты друкаваліся з камэнтарамі ў кнізе «Да гісторыі беларускага руху». Шмат пісаў пра гісторыю БСГ Зьміцер Жылуновіч. У задуманай кнізе нельга не зьмясьціць ягоныя публікацыі ў «Полымі»: «Два бакі беларускага руху» (1923. № 3–4), «Уступамі да Акцябра» (1923. № 5–8), «Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.» (1924. № 1), урыўкі з артыкулаў «Арганізацыя сіл (да гісторыі Савецкае Беларусі)» (1924. № 2) і «Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце» (1926. № 6), «Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (1928. № 10) і артыкул «Алесь Бурбіс (Рэвалюцыйная характарыстыка)» (1927. № 2). Вядома, ніяк нельга абысьціся і без артыкулу «Люты–кастрычнік у беларускім нацыянальным руху». Ён апублікаваны ў зборніку нарысаў гiсторыi, эканомiкi, культурнага i рэвалюцыйнага руху «Беларусь» (1924) і папярэднічае артыкулу «Ўступамі да Акцябра». Пры публікацыі пэўных працаў З. Жылуновіча паўстае праблема: ці друкаваць іх гэтак, як у «Полымі», ці зьвесьці ў адзін артыкул? Я маю на ўвазе такія творы, як «Уступамі да Акцябра» і «Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.». Як вядома, артыкул «Уступамі да Акцябра» падзелены на дзьве часткі, адна зь якіх мае падзагаловак «Да гісторыі Савецкае Беларусі», а другая – «Матар’ялы да гісторыі Савецкай Беларусі». Артыкул жа «Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.» пазначаны як трэцяя частка і таксама мае падзагаловак «Да гісторыі Савецкае Беларусі». Агульны падзагаловак, а таксама тое, што кожная публікацыя пададзеная як частка, наводзяць на думку: перад намі разьдзелы аднае працы «Да гісторыі Савецкае Беларусі». Калі гэтыя творы зводзіць у адзін, то першыя дзьве часткі павінны атрымаць падзагаловак «Уступамі да Акцябра», а трэцяя – «Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.». Натуральна, што іх трэба друкаваць у цесным суседзтве з артыкулам «Люты–кастрычнік у беларускім нацыянальным руху», «Арганізацыя сіл (да гісторыі Савецкае Беларусі)» і «Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі». Складальнік зборніка «БСГ у дакумэнтах і матэрыялах» ня можа абмінуць увагаю і іншыя публікацыі З. Жылуновіча. Я маю на ўвазе ягоны выступ на Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 г. у дыскусіі па дакладзе Максіма Гарэцкага. Гэты пісьменьнік, публіцыст і гісторык літаратуры апынуўся ў шэрагах тых, хто ўбачыў у «Нашай Ніве» шавінізм. Праўда, самога слова ў тэксьце ягонага дакладу на канфэрэнцыі няма, але выступ З. Жылуновіча сьведчыць: яно прагучала. Востра крытыкуючы М. Гарэцкага, З. Жылуновіч, у прыватнасьці, сказаў: «Няхай ён [Гарэцкі] не забывае, што кіраўніцтва «Нашаю Ніваю» цалком знаходзілася ў руках сацыял-дэмакратаў, як: А. Навіна, Ян Луцкевіч, А. Бурбіс і інш., і вялікая большасьць пісьменьнікаў нашаніўцаў таксама належалі да гэтае партыі, як-то: Ц. Гартны, С. Палуян, Ф. Шантыр, А. Гурло, Х. Чарнушэвіч, Я. Лёсік і да іншых сацыялістычных партый – А. Гарун, Л. Лобік, Л. Гмырак і інш. Як-то магло стацца, як бы яны былі шавіністамі ў час, калі ўвесь беларускі рух укладаўся выключна ў рамкі рэвалюцыйнасьці. Гэта тайна тав. М. Гарэцкага...»1. |
Ня зможа гісторык БСГ прамінуць і ўспамінаў З. Жылуновіча «Дваццаць гадоў назад», у якіх аўтар апавядае пра сваё першае асабістае знаёмства зь сябрамі рэдакцыі «Нашай Нівы». Менавіта словы пра тое, што яго «цягнула да Антона Луцкевіча», што ў гутарках з Луцкевічам «удалося пераканацца, што ён сьвядомы марксісты», і паслужылі зачэпкаю для палітычнага перасьледу З. Жылуновіча. Прыгадалі З. Жылуновічу і ягоныя словы на Акадэмічнай канфэрэнцыі.
У электроннай вэрсіі кнігі «БСГ у дакумэнтах і матэрыялах» рэпрэзэнтаваныя таксама і іншыя аўтары. Гэта Алесь Бурбіс з «Кароткім аглядам беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху»2, Зігмас Ангарэціс з тэндэнцыйным артыкулам «Беларуска Соціалистычна Громада» в 1905–1906 гг. (По архивам КП Литвы)»3 (публікуецца ўрывак), Яўген Хлябцэвіч з успамінамі «Цётка»4 (таксама друкуецца ўрывак) і Аляксандар Шлюбскі з артыкулам «Да гісторыі БСГ»5. Партыйны друкар Фэлікс Стацкевіч тройчы зьвяртаўся да гісторыі БСГ. 17 красавіка 1923 г. ён апублікаваў у «Беларускім звоне» артыкул «Успаміны і думкі», а ў 1937 г. – успаміны «3ь мінуўшчыны беларускага руху»6. У апошнія гады жыцьця Ф. Стацкевіч напісаў свае «Ўспаміны». Яны захоўваюцца ў БДАМЛіМ (Ф. 55/4. Воп. 1. Адз. захав. 1). Тут упершыню друкуюцца ўрыўкі зь іх (выкарыстаныя арк. 31–60). 7 жніўня 1990 г. у газэце «Літаратура і мастацтва» надрукаваны тэкст Ф. Стацкевіча «З маіх успамінаў» з прадмоваю Вячаслава Адамчыка. Паміж тэкстам зь «ЛіМу» і пэўнаю часткаю «Ўспамінаў», што захоўваюцца ў БДАМЛіМ, ёсьць падабенства, але існуюць і адрозьненьні. На жаль, у тыднёвіку не паведамляецца, паводле якога арыгіналу друкуецца фрагмэнт і дзе захоўваецца гэты арыгінал. Не пашанцавала арыгіналу ўспамінаў А. Бурбіса «Колькі слоў аб беларускім тэатры і хоры»: ён недзе зьнік. Гэтыя ўспаміны цікавыя ня толькі тым, як дзеячы БСГ спрычыніліся да стварэньня беларускага прафэсійнага тэатру, але й інфармацыяй, што першая беларуская тэатральная пастаноўка ў Пятроўшчыне (цяпер частка Менску)7 «мела на мэце прыдбаць крыху грошай дзеля працы 1-га Краёвага Камітэту Беларускай Сацыялістычнай Грамады й на рэвалюцыйную агітацыю на вёсцы». На шчасьце, дасьледчык Рыгор Семашкевіч у свой час перадрукаваў гэтыя ўспаміны на машынцы, і я магу імі пакарыстацца, за што вялікі дзякуй Рыгоравай жонцы Натальлі. |
1 Працы Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14–21 лістапада 1926 г. / Пад. рэд. С. Некрашэвіча і У. Ігнатоўскага. Менск, 1927. С. 373. 2 Вестник Народного комиссариата просвещения. 1921. № 1–2. 3 Вперед. 1923. № 2–3. 4 Полымя. 1924. № 3. 5 Полымя. 1925. № 5. 6 Беларускі летапіс. 1937. № 6–9.
|
Р. Семашкевіч у сваім бліскучым эсэ «Сьвітка Буйніцкага» паведамляе, што «ў падпольных гуртках Вільні» А. Бурбіс меў мянушку «Рыжы»8. І ні слова – пра крыніцу інфармацыі. Потым дасьледчык піша, як А. Бурбіс, апавядаючы аб рэвалюцыйных падзеях 1905–1906 гг., казаў: «Некалісь мы зь Цёткай Пашкевічанкай хадзілі па менскіх фабрыках і заводах, звалі ўсіх работнікаў да забастовак»9. Але каму ён казаў тыя словы – з тэксту даведацца нельга, і дасюль зь іншых крыніцаў пра гэтыя вусныя ўспаміны А. Бурбіса нічога высьветліць не ўдалося.
Няшмат засталося ад некаторых машынапісаў і рукапісаў, што дачакаліся нашага часу. Вельмі не пашанцавала «Кароткаму агляду беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» А. Бурбіса: ад машынапісу гэтае каштоўнае працы засталіся толькі два аркушы (НАРБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. захав. 7. Арк. 2–3). Дзесьці зьніклі 20 аркушаў (з 26) артыкулу А. Луцкевіча «Да гісторыі Беларускае Рэвалюцыйнае (пасьля Сацыялістычнае) Грамады: Даты і факты». Чым растлумачыць гэтыя страты? Нядбайнасьцю архівістаў-музэйнікаў? Ці наўмысным зьнішчэньнем дакумэнтаў? Што яно адбывалася, мне падказвае лёс архіву БСГ і пратаколаў сходаў Петраградзкай арганізацыі партыі, на якія спасылаецца З. Жылуновіч, у прыватнасьці, у сваіх артыкулах «Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.» і «Арганізацыя сіл». Дзе падзеліся лісты А. Бурбіса, на якія, зноў жа, спасылаецца З. Жылуновіч? Сьпішам гэтыя страты на акупанта? Ці ёсьць надзея, што дакумэнты захоўваюцца ў справах ГБ і некалі ўбачаць сьвет? Публікацыі чакаюць і тыя крыніцы, датычныя БРГ і БСГ, што захоўваюцца ў архівах Польшчы і Літвы. А яны там ёсьць. І на іх спасылаецца, у прыватнасьці, Ю. Туронак. Нарэшце, трэба падумаць пра перадрук асноўных матэрыялаў зь цяжкадасяжнае цяпер партыйнае газэты «Грамада» і з газэты «Hramadzianin».
VIДва апошнія разьдзелы падрыхтаванай кнігі «БСГ у дакумэнтах і матэрыялах» складаюць біяграма і нэкралёгі.Біяграма захавалася адна, і ўтрымлівае яна зьвесткі пра жыцьцё А. Бурбіса. Былі пэўныя падставы думаць, што гэты тэкст А. Луцкевіч пісаў для міжваеннае «Літоўскае энцыкляпэдыі». Аднак энцыкляпэдычны артыкул пра Бурбіса адрозьніваецца ад Луцкевічавага рукапісу. Ня выключана, што біяграму адрэдагавалі ў адпаведнасьці з вымогамі «Літоўскае энцыкляпэдыі». Антон Луцкевіч таксама склаў шэраг нэкралёгаў. Першы зь іх – «Памяці Вінцука Тубіса (У гадаўшчыну сьмерці)» – надрукаваны ў «Нашай Ніве» 15 (28) снежня 1911 г. Магчыма, спрэчным было б зьмяшчэньне ў кнізе «БСГ у дакумэнтах і матэрыялах» нэкралёгу «Памяці Юзюка Пашкевіча»10, але згадаем, што менавіта ў кватэры братоў Пашкевічаў праходзіла чэрвеньская партыйная канфэрэнцыя 1906 г. І можна зрабіць выснову, што Ю. Пашкевіч быў калі ня сябрам БСГ, дык яе сымпатыкам. |
7 Спэкталь па п’есе Маркі Крапіўніцкага «Па рэвізіі» з дэклямацыяй недрукаваных Купалавых вершаў адбыўся ўвесну 1906 г. 8 Гл.: Семашкевіч Р. Выпрабаваньне любоўю. Менск, 1982. С. 16. 9 Тамсама. С. 18–19. Відавочна, што інфарматар пры пераказе Бурбісавых словаў памыляецца: Цётка і Бурбіс маглі разам хадзіць па фабрыках у 1905 г. у Вільні. У 1906 г. Бурбіс працаваў у Менску, а пра знаходжаньне ў той год у Менску Цёткі зьвестак няма.
|
Празь няпоўны год пасьля брата гэты сьвет пакінула Цётка. Яе памяці А. Луцкевіч прысьвяціў два нэкралёгі: «Алёйзія Пашкевіч-Кейрысовая»11 і «Памяці Цёткі (У гадаўшчыну сьмерці)»12.
У партыю ўваходзіў і Максім Багдановіч. Да гэтага паэта ў А. Луцкевіча было асаблівае стаўленьне. І хоць вестка пра сьмерць «песьняра чыстай красы» прыйшла ў Вільню толькі ўвосень 1917 г., А. Луцкевіч палічыў неабходным ушанаваць свайго таварыша. Нэкралёг «Памяці Максіма Багдановіча» надрукаваны ў «Гомане» 9 кастрычніка 1917 г. У 1918 г. партыя і беларуская культура страцілі яшчэ аднаго творцу. Яго памяці А. Луцкевіч прысьвяціў нэкралёг «Каганец (Пасьмертны ўспамін)»13. Апошні зь вядомых мне нэкралёгаў, напісаных А. Луцкевічам і прысьвечаных таварышам па партыі, – «Аляксандар Бурбіс»14. А. Бурбіса ўшанавала ў нэкралёгу «Памяці А. Бурбіса» і вядомая сацыялістка-рэвалюцыянэрка Палута Бадунова15.
* * *Такія крыніцы да будучай гісторыі БСГ, вядомыя на сёньняшні дзень. Зразумела, гэта не азначае, што пошук ня трэба працягваць. Неабходна працаваць у віленскіх архівах, працаваць з дакумэнтамі, што засталіся ад царскай ахранкі і царскіх судоў, якія судзілі дзеячаў БСГ. Як я ўжо адзначаў у сувязі зь невядомым лёсам архіву З. Жылуновіча, многае можа захоўвацца ў архівах ГБ. Нарэшце, ніхто не дасьледаваў менскіх, піцерскіх і маскоўскіх газэтаў і часопісаў 1905–1907 і 1917–1918 гг. Але нават наяўнага матэрыялу, мусіць, дастаткова, каб нехта з гісторыкаў пачаў пісаць гісторыю БСГ з новае старонкі – адкінуўшы напластаваньні, нагрувашчаныя бальшавіцкімі «байцамі ідэалягічнага фронту» і вярнуўшыся да першакрыніцаў.❏
УСПАМІНЫ16 |
10 Гл.: Наша Ніва. 1915. 21 лютага. 11 Гл.: Homan. 1916. 15 лютага. 12 Гл.: Homan. 1917. 6 лютага. 13 Гл.: Homan. 1918. 7 чэрвеня. 14 Гл.: Беларускі Звон. 1922. 22 красавіка. 15 Гл.: Адраджэньне: Літаратурна-навуковы весьнік Інстытуту беларускае культуры. Сш. першы. Менск, 1922.
|
У Шчучыне бліжэйшы надзор за маёй асобай меў станавы прыстаў, па паходжаньню остзэйскі барон, ажаніўшыся з полькай, дзеці якога вучыліся ў маёй маці па яе праграме. Зразумела, што надзор гэты не сьцясьняў маіх рухаў, прынамсі, у бліжэйшай ваколіцы. Местачковыя жандармы таксама мелі нагляд за мной. Здарылася так, што я нейкі час пражываў у якасьці вучыцеля ў суседнім маёнтку, вёрст за 20 ад мястэчка. Жандарм, доўга ня бачыўшы мяне, прыйшоў да прыстава, пытаючыся, гдзе я знаходжуся. Прыстаў не захацеў даць яму ніякіх выясьненьняў. ...Таго ж лета, быўшы настаўнікам у маёнтку Грабіцкіх, на маёўцы і вечарыне ў маёнтку аднаго татарына я пазнаёміўся зь Цёткай Пашкевічанкай, пазьней Кейрысовай. Шмат пазьней яна казала, што гаварыла са мной у беларускай справе, але я ня помню аб гэтым. Магчыма, аднак, што гэта гутарка пакінула свой сьлед. Жывучы той год на бацькаўшчыне, я пачаў задумывацца над тым, што хаця палякі і ксяндзы хочуць пераканаць тутэйшага селяніна, што ён паляк, а царскае чынавенства і частка рускага грамадзянства лічыць яго рускім, ён застаецца самабытным – беларусам. Аднак у сваёй польскасьці я не сумляваўся. На вясну 1902 году, атрымаўшы «высочайшее повеление», я быў прымушаны пакінуць бацькаўшчыну, куды перад гэтым быў сасланы. Прабыўшы чатыры месяцы ў Марыупалі пры Азоўскім моры, на восень я паехаў у Пецярбург станавіцца да воінскай павіннасьці. Атрымаўшы сіні білет («ратник ополчения 2-го разряда), я дабіўся ў дэпартамэнце паліцыі дазволу на пражываньне ў Пецярбурзе. У тую ж восень ад знаёмага студэнта-паляка, пэпээсаўца Станіслава Хрушчынскага, з карэннай Польшчы, я даведаўся, што сярод студэнтаў ёсьць група беларусаў. Ён жа і пазнаёміў мяне зь імі. Са зьдзіўленьнем я ўбачыў сярод іх сына аднаго ўласьніка надалёкага ад Шчучына маёнтку – паляка Іваноўскага. Яны тлумачылі, што польская шляхта на Беларусі – гэта спольшчаныя беларусы. Я лёгка згадзіўся зь імі і з таго часу стаў беларусам. Гурток студэнтаў-беларусаў у Пецярбурзе быў невялікі, зь іх ліку я ўпомніў толькі братоў Луцкевічаў, Іваноўскага і Малецкага. Тагды ж і заснавалася Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, якая пазьней ператварылася ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Вясной 1903 г. я быў прымушаны дзеля заработку выехаць на гідратэхнічныя работы на прыладаскіх каналах і прабыў там да вясны 1905 г., перарваўшы сувязь зь беларускім рухам. Вараціўшыся ў Пецярбург на вясну 1905 г., я атрымаў ад таварышаў з Грамады прапанову паехаць у Кракаў на друкарскую навуку і, вярнуўшыся, працаваць у партыйнай друкарні на працягу паўтара году. Атрымаўшы на дарогу 90 руб., пры помачы пэпээсаўца д-ра Міхайлоўскага я пераехаў у г. Чанстахове расейска-нямецкую граніцу па пропуску на выдуманае прозьвішча, якія выдаваліся пагранічным жыхарам праз гмінныя ўправы на двухтыднёвы побыт за граніцай. У Кракаве на працягу аднаго месяца я работаў як наборшчык у ўнівэрсытэцкай друкарні. Там жа я пазнаёміўся з работай на ручной друкарскай машыне-«амэрыканцы». Назад я варочаўся ўжо іншым шляхам: недалёка ад Кракава пехатой цераз аўстрыяцка-расейскую граніцу ўначы з кантрабандыстамі сьпірту. У часе кароткага побыту ў бацькоў прыехаў да мяне ў Шчучын Бурбіс, зь якім я дагэтуль ня быў знаёмы. Цераз пасрэдзтва мясцовага Бунду позным вечарам быў скліканы за мястэчкам сход, на якім прысутнічала некалькі батракоў князёўскага маёнтку17 і некалькі чалавек бундаўскай моладзі. Прамаўляў, галоўным чынам, Бурбіс. Ён зьдзівіў мяне талентам прамоўцы-агітатара. Тым болей, што сам ён быў хлапчук 17–18 лет18, ня скончыўшы рэальнага вучылішча, па паходжаньню сын чыноўніка інтэнданцтва ваеннага ведамства, неказісты на від. |
16 Друкуюцца фрагмэнты.
Фэлікс СТАЦКЕВІЧ |
У Вільні, гдзе ўжо пачаўся ўздым рэвалюцыйнага руху ў сувязі з чыгуначнай забастоўкай, зь ліку таварышаў я застаў толькі Цётку і Бурбіса, іншыя, пераважна студэнты пецярбурскіх вышэйшых вучылішч, яшчэ не прыехалі ў Вільню.
У Гарадзкой Думе відную ролю гуляў радны Ўмястоўскі, бацька Пранука і Вітольда. У яго доме па Варшаўскаму перавулку адбываліся нашы сходкі, але ў масавай рабоце ён не прымаў удзелу. На адным пасяджэньні Гарадзкой Думы з удзелам прадстаўнікоў розных палітычных, дагэтуль падпольных, партыяў, дзе яны выступалі з партыйнымі дэклярацыямі, прадстаўніком Рэвалюцыйнай ці то ўжо Сацыялістычнай Грамады давялось быць мне. Пасьля разгону дэманстрацыі19 і напярэдадні паховін ахвяраў расстрэлу мы сабраліся ўтрох зь Цёткай і Бурбісам, каб выдаць адозву. Пастанавілі пісаць кожнаму паасобку, а тагды ўлажыць адну. Найлепшай аказалася Цётчына, якая тут жа была надрукавана на шапірографе пры помачы малодшай Цётчынай сястры Вэрці20. З прыездам у Вільню Луцкевічаў21, Умястоўскіх, Уласава і іншых студэнтаў ажывілася дзейнасьць Грамады: партыйныя сходкі на кватэры Ўмястоўскага і выступленьні сябраў Грамады на публічных мітынгах, адбываўшыхся пераважна ў тэатральнай салі «Лютні»22 і ў клюбе чыгуншчыкаў. Асаблівы посьпех мелі выступленьні Цёткі і Пранука Ўмястоўскага. Актыўнымі сябрамі былі два вучанікі праваслаўнай духоўнай сэмінарыі: Хлябцэвіч, а прозьвішча другога не прыпомню. Здаецца, пры іх помачы ў тую ж восень адбыўся вучыцельскі зьезд (у якім, бадай, прымаў удзел Якуб Колас). Прыпамінаю адно паседжаньне ў садзе-цмэнтарыку пры касьцёле сьв. Мікалая23. Па дагаворанасьці з ППС я паступіў на работу ў іхняй друкарні. Яны мелі памешканьне (па вул. Бакшта, № 7, 9 ці 11), тэхніку і свайго работніка, а за маю помач Грамада атрымлівала права выдаваць свае адозвы і іншыя друкі. Ад пэпээсаў я атрымаў і фальшывы пашпарт. Памешканьне з двух пакояў, прыхожай і кухні, з прызваітымі мэблямі, у тым ліку шафай для машыны і камодай для наборных касаў, было абстаўлена пры помачы транспартнай канторы Ваявудзкага. Кожную раніцу прыходзіла нанятая жанчына для ўборкі памешканьня. Час быў гарачы, работы многа, прыходзілася абодвым адначасна рабіць набор, працаваць да познага, а часам і ўначы. Побач з адозвамі друкаваліся і рэвалюцыйныя вершы Цёткі, як
На ўсход сонца красна неба, – |
17 Гаворка пра шчучынскі маёнтак князя Ўладзіслава Друцкага-Любецкага. 18 У 1905 г. А. Бурбісу споўнілася 20 гадоў. 19 Дэманстрацыя ў Вільні адбылася 16 кастрычніка 1905 г. 20 Ува ўспамінах «3 мінуўшчыны беларускага руху» аўтар пісаў: «Найлепшая [адозва] выйшла Цётчына, напісаная ў паэтыцкай форме, якую бязь зьмен і прынялі. Тут жа мы яе і адбівалі, здаецца, на цыклястылі...» Гаворка пра верш «Пад штандарам». Акрамя таго, была выпушчана ўлётка «Да салдатаў!». Вэрцяю аўтар, пэўна, называе Карольцю (Караліну) Пашкевічанку. 21 Як піша А. Луцкевіч, ён прыехаў у Вільню, «здаецца, 2 лютага 1906 году»; І. Луцкевіч знаходзіўся там са студзеня 1906 г. 22 «Лютня» – польскі тэатар. 23 У артыкуле «Палітычны працэс Якуба Коласа і тт.» А. Луцкевіч піша, што зьезд адбыўся ўлетку 1906 г. тамсама.
|
Пэпээсаўцы выдалі нават некалькі адозваў на яўрэйскай мове25. Друкарня мела «амэрыканку». Тут і прыдалася мая навука ў Кракаве. Пры націсканьні ручкі машыны ў час адбіваньня друкаў атрымліваўся штуршок, які выклікаў пэўны гук і ўстрас падлогі. Каб аслабіць гэта, пад табурэтку, на якой стаяла «амэрыканка», падкладалася кошма, аднак зусім ухіліць гэтыя зьявішчы нельга было, і, відаць, яны выклікалі пэўнае зацікаўленьне кватарантаў памешканьня, знаходзячагася пад намі. Да таго ж падчас выезду майго таварыша ў Варшаву аднойчы пасьля работы па набору шрыфту ўначы я забыўся схаваць у камоду наборную касу. Ня ведаю, якое гэта зрабіла ўражаньне на нашай уборшчыцы, хаця пасьля гэтага здарэньня друкарня трывала яшчэ больш двух тыдняў, але друкарні пагражала небясьпека. Усё гэта змусіла да ліквідацыі яе, што і было памысна праведзена пры помачы той жа канторы Ваявудзкага ў канцы сьнежня. Усяго працаваў я ў гэтай друкарні два месяцы. Мой таварыш-друкар, які паказваў мне, як трэба кідаць бомбы, пазьней загінуў сам, кідаючы сапраўдную бомбу пры нейкім замаху ў Польшчы. У Шчучыне і яго ваколіцы актыўным работнікам тады і пазьней быў вучыцель Шчучынскай пачаткавай школы Ненартовіч. Значную помач у пашырэньні адозваў на рынках і інш. аказваў яму малодшы брат, хлапчук 12-гадовага веку. У студзені і лютым 1906 г. у Вільні падгатаўлялась тэхніка для собскай друкарні пад назовам «Аганёк». Гэтая тэхніка была куды прасьцейшая – яе складалі: зялезная рама, у якую заціскаўся набраны шрыфт, з рэльсам па даўжэйшых бакох, драўляны вал, дапасаваны да рэльсаў, і гумовы ролік для намазываньня набору фарбай. Прадукцыйнасьць далёка меншая. У той час як на «амэрыканцы» за дзень можна было зрабіць звыш 2 тыс. адбітак, на гэтай друкарні найбольш 400. Акурат 1 сакавіка я паехаў у Менск, застанавіўшыся на кватэры Лянкоўскага, па мянюшцы Япончык. Праз пару дзён я знайшоў кватэру на Нізкім рынку па Тарговай вул., 40, якая фактычна прадстаўляла адзін пакой, разьбіты перагародкамі на кухонку і тры пакойчыкамі26, зь якіх адзін сьляпы. Перабраўся я толькі са сваімі асабістымі рэчамі, крэсьлярскай дошкай і зьвіткамі плянаў. Гаспадаром я зарэкамэндаваўся як тэхнік, працуючы пры чыгунцы. Выйшаўшы ў горад, я пакінуў чамадан незачынены, спадзеючыся, што яны зацікавяцца маімі рэчамі. |
24 Верш Цёткі «Хрэст на свабоду». У «Выбраных творах» паэткі (2001) апошні радок у іншай рэдакцыі: Што больш цара не патрэба. 25 Далей выкасаваныя словы «дзеля чаго». Гаворка, мабыць, павінна была ісьці пра наборшчыка, які размаўляў толькі на ідышы. Пра яго ёсьць зьвесткі ўва ўспамінах аўтара «3 мінуўшчыны беларускага руху»: «Колькі дзён працаваў у нас і наборшчык габрэй, які набіраў пэпээсаўскія адозвы ў жаргоне (так называлі ідыш. – А. С.)».
|
Друкарскую тэхніку я перавёз толькі праз пару тыдняў. Абсталяваньнем друкарні займалісь – Лянкоўскі, Зяменцкі Браніслаў, пазьней адзін з пэпээсаўскіх лідэраў, і Віктар Зелязей. Апошні, здаецца, былы с.-р., быў бібліятэкарам гарадзкой Пушкінскай бібліятэкі, карэнны жыхар Менску. Бацька яго калісь быў мяшчанскім старастам. Прозьвішча ягонай сям’і дало назоў Зелязееўшчыне – частцы прыгараду ў раёне Кальварыйскага касьцёлу. Касу для шрыфту давялося заказаць мясцоваму надзейнаму столяру. Празь нейкі час дачка ўласьніка дому прызналася: «Мы думалі, што вы афішкі друкуеце». Уласьнік дома, яўрэй, сам нелегальна пражываў у сваім доме, маючы судовую справу за ўмысны падпал свайго дому. Пад маёй кватэрай знаходзілась чайная, якая гандлявала гарэлкай. Уласьнік чайной трымаў у цёмным пакойчыку маёй кватэры запас гарэлкі. Зь сям’ёй домаўласьніка я падтрымліваў добрыя адносіны. Езьдзіў у Заслаў на шлюб аднэй із дачок гаспадара. Аднойчы быў на вясельлі іхных знаёмых. Каб падтрымліваць сваю «благонадежность», кожную нядзелю я хадзіў у касьцёл і выстойваў суму (урачыстую імшу).
Пачаткова пільнаваліся кансьпірацыі, але пазьней так усё часьцей спатыкаўся з таварышамі. Арганізацыйна Грамада была падзелена на два Краёвыя Камітэты: 1-шы ў Вільні і 2-гі ў Менску27. |
26 Так у рукапісе.
|
У склад ІІ Камітэту ўваходзілі: Бурбіс, Віктар Зелязей, Браніслаў Зяменцкі, пазьней адзін зь лідэраў ППС у Польскім Сойме, адвакат Антон Шабуня, Уладзімер Самойла з пазьнейшым літаратурныі псэўдонімам Віс, Лянкоўскі, студэнт факультэту ўсходніх моваў, Скандракоў, былы афіцэр, Яноўская (мянюшка Параска), дачка менскага доктара, выйшаўшая пазьней замуж за Скандракова, паэт Кастравіцкі з псэўдонімам Карусь Каганец, Міхась Кардэцкі, адзінаўтробны брат Кастравіцкага, і можа яшчэ я каго прамінуў. Зь іншых актыўных сяброў Грамады, зь якімі мне даводзілась стыкацца, былі: дачка сьвяшчэньніка, па прозьвішчу, здаецца, Красільнікава, брат Віктара Зелязея Зыгмусь, заводзкі рабочы, сьлесар, сястра яго, быўшая лучніком друкарні, і маці Зелязеяў. На вёсцы выдатны працаўнік быў Гула, сам сялянскага паходжаньня.
Сябра Грамады Станіслаў Кукель зь мянюшкай Апанас пражываў тады стала ў мястэчку Івянец, вядомым вырабам кахляў, дзе ён меў школку звыш дзясятка хлапцоў і дзяўчат, якіх падгатаўляў да экзамэну за чатыры клясы гімназіі. Затое я бываў частым госьцем у сям’і яго маці ўдавы, пражываўшай у Менску з малалетнімі дочкамі. Спатыкаўся з Брантам, аб якім я чуў, што ён прымаў удзел у вызваленьні з турмы Веры Засуліч. У 1929 г. я спаткаўся зь ім у Вільні на паседжаньні акружнога суда, гдзе ён быў старшынёй судзейскага камплекту, а я абаронцам абвінавачанага ў прыналежнасьці да КПЗБ. Ён, прыпомніўшы наша знаёмства, пусьціўся ў прыватную гутарку, амаль не пытаючы аб маім здароўі. |
27 Было якраз наадварот.
|
На кватэры Самойлы, які выдаваў першы зборнік Купалы «Жалейка»28, я адзін раз спаткаўся зь Янкай Купалай, які тады выглядаў вясковым хлапчуком гадоў 18.
Зь іншымі таварышамі пры ўмовах пэўнай кансьпірацыі мне не давялось спатыкацца або не засталося аб іх памяці. Да ліку найбольш актыўных сяброў Грамады належаў Бурбіс. Ён арганізаваў адзін з буйнейшых у Менску прафсаюзаў шавецкіх чаляднікаў, а такжа саюз цырульнікаў, які складаўся амаль выключна зь яўрэяў. Прымушаны пакінуць Менск і перайшоўшы на працу на вёсцы, ён прымаў удзел у арганізацыі забастовак батракоў і сялян пры работах у маёнтках, якія былі праведзены летам 1906 году ў Меншчыне ў шырокіх маштабах і дабіваліся значнага посьпеху ў сваіх дамаганьнях. |
28 Уладзімер Самойла меў намер выдаць гэты зборнік, аднак кніжнае таварыства «Мінчук», ня маючы патрэбных сродкаў, перадало рукапіс у суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца». |
Пад восень 1906 г. ён быў арыштаваны29 пасьля разгрому манаполькі. З турмы ён высылаў таварышам даўжэнныя інструкцыі аб працы ў прафсаюзах.
Пазьней я спаткаўся зь ім у 1919 годзе ў Бабруйску. Ён працаваў тады па ліквідацыі прыватных маёнткаў і быў ужо ажаніўшыся. Больш ужо я нічога аб ім ня чуў. Праца друкарні складалася з выпуску адозваў палітычнага характару, першамайскіх, у справах прафсаюзных, фармуліроўцы эканамічных дамаганьняў, у прыватнасьці, працаўнікоў вёскі, падчас забастовак на Меншчыне ў 1906 годзе і інш. Між іншым друкаваліся рэвалюцыйныя вершы Каганца, Выбарская адозва дэпутатаў Дзяржаўнай Думы30. |
29 А. Бурбіса арыштавалі 24 жніўня 1906 г.
|
Пры рэжыме сталыпінскіх галстухаў31 заўважыўся адыход ад партыі як спачуваючых, падтрымліваючых яе матар’яльна, так і актыўных работнікаў. Дайшло да таго, што ў расклейваньні першамайскай адозвы 1907 г. прыйшлось прымаць удзел мне, рызыкуючы правалам друкарскай тэхнікі. У ноч на 1-е мая мы ўтрох зь Віктарам Зелязеем і Красільнікавай расклейвалі адозвы, здаецца, на Траецкай гарэ: адзін намазваў сьценку клеем, другі наклейваў адозву, а трэці быў караульным.
З грашовымі сродкамі таксама было ўжо цяжка. Прыйшлося шукаць сродкаў у экспрапрыяцыі. Разам зь нейкай групай анархістаў летам 1907 г. уначы вёрст за 15 ад гораду быў зроблены напад на зборшчыка вінных манапольных крамаў. Нашы абапал дарогі стралялі ў коней. Зборшчык стрэліў, здаецца, адзін раз. Пры страляніне зборшчык застаўся цэлы, а адзін зь сяброў Грамады, былы паштовы ўрадовец, прозьвішча якога не прыпомню, быў ранены ў нагу, магчыма нат ад кулі сваіх жа. Нейкі селянін пад пагрозай рэвальвэра давёз раненага да гораду, магчыма, разам з другім сябрам нападу. У Менску ранены дабраўся, ці яго давёў хто з учасьнікаў нападу, да прыватнай лячэбніцы доктара яўрэя, прозьвішча якога таксама не прыпомню. Там яму зрабілі перавязку і палажылі ў лячэбніцы. Але доктар, прачытаўшы ў газэце аб нападзе, спалохаўся і выправіў раненага на вуліцу. Ранены дабраўся да кватэры Шабуні, у якога ён працаваў за сакратара. Шабуня ў той час быў выехаўшы на вёску. Даведаўшыся аб гэтым, мы зь Зелязеем і Кардэцкім падвечар пайшлі на кватэру Шабуні па Турэмнай вуліцы. Крыху пазьней мы выйшлі на вуліцу быццам п’яная кампанія і паклікалі возьніка везьці на Навакрасную вуліцу, гдзе месьцілісь публічныя дамы. Дарогай мы ўвесь час разыгрывалі п’яных. На Навакраснай, адпусьціўшы возьніка, мы правялі раненага вакольнай дарогай на кватэру Зелязея, якая знаходзілась на глухой акраіннай вуліцы. Для лячэньня раненага прыйшлось везьці аж зь Ліды доктара Кастравіцкага, брата Каганца. На кватэры Зелязея ранены прабыў пару тыдняў, і калі ён троху паправіўся, яго адправілі да Катовіча, аднаго з братоў Шабунінай жонкі, у маёнтак Берда Ігуменскага ўезду. Там ранены вылечыўся, але, дужаючыся са сваім гаспадаром, ізноў зламаў тую ж нагу. Прыйшлось ізноў яе залечваць. Зусім паздаравеўшы, ён вараціўся ў Менск да Шабуні. Гуляючы зь дзецьмі Шабуні, ён спаткаўся з гарадавым, які прыносіў да Шабуні, як адваката, судзейскія паперы. Той зьвярнуўся да яго: «Што ты тут робіш? Цябе ж шукае паліцыя. Уцякай хутчэй!» Прыйшлось яму ізноў хавацца. Празь нейкі час яго выслалі ў Амэрыку пры помачы нейкай эміграцыйнай агентуры. Матар’яльна, пасьля падзелу з саюзьнікамі, экспрапрыяцыя дала дзьвесьце рублёў. Пры гэткіх умовах прыйшлось ліквідаваць друкарню і наогул спыніць працу. Найбольш рэвалюцыйна настроены Віктар Зелязей прапанаваў для фіналу пэўнай нядзелі ўзяць па рэвальвэру і днём страляць па паставых гарадавых. Аджа яго прапанова была адхілена. Той жа Зелязей чамусьці намагаўся, каб Грамада была фармальна зачынена. Быў скліканы Зьезд прадстаўнікоў абодвых Краёвых і Цэнтральнага Камітэту ў Докшыцы, «заштатным» горадзе, фактычна мястэчку, значна меншым за Шчучын. Там пражываў у той час швагер Луцкевічаў, акцызьнік, прозьвішча якога ня помню, які матар’яльна падтрымліваў Грамаду. Прадстаўнікамі ЦК і І Краёвага Камітэту былі абодвы Луцкевічы і Ўласаў, ІІ Краёвы Камітэт прадстаўлялі мы зь Віктарам Зелязеем. Ці быў яшчэ хто ад ІІ Камітэту, не прыпомню. На спацыры за мястэчкам адбылася пастанова аб зачыненьні Беларускай Сацыялістычнай Грамады32. |
30 Гаворка пра адозву «Народу ад народных прадстаўнікоў», прынятую 10 ліпеня 1906 г. у Выбаргу дэпутатамі распушчанай царом І Думы. Дэпутаты заклікалі народ не даваць «ні капейкі ў казну, ні аднаго салдата ў армію». Супраць іх распачалі крымінальную справу. 31 «Сталыпінскімі гальштукамі» называлі вяроўкі на шыбеніцах.
|
Пазьней я даведаўся, што абодвы Зелязеі – Віктар і Зыгмусь – былі арыштаваны. У іх знайшлі склад аружжа33. Віктар быў сасланы на Ленскія прыіскі, дзе прымаў удзел у бунце, аб якім шмат пісалі ў газэтах34. Аб далейшым яго лёсе нічога ня ведаю.
У Шабуні таксама пазьней шукалі аружжа і не знайшлі, хаця яно і было захавана. Гэта быў таксама адзін з найбольш актыўных і рэвалюцыйна настроеных сяброў Грамады. У яго габінэце, апроч партрэтаў Маркса і Энгельса, вісеў партрэт Пуліхава, замахоўцы на менскага губэрнатара пасьля расстрэлу дэманстрацыі ўвосень 1905 г. Памёр ён у 1920 г. у Менску. Захварэў ён на воспу, празябіўшыся ў дарозе зь вёскі, апрануўшы пры моцным марозе бурку свайму падарожнаму кампаньёну. Пахаваны ён на магільніку, але без удзелу духавенства. Труна была прывезена на простым возе. На паховінах былі толькі: адзін ізь яго братоў, жанчына, якая апошнім часам вяла яго гаспадарку, і я. На працягу існаваньня друкарні было і некалькі небясьпечных мамэнтаў. Аднойчы, ужо пасьля некалькіх месяцаў ад прыезду, лежучы ў ложку каля гадз. 11-й уначы, я пачуў цяжкія крокі некалькіх чалавек па вонкавых драўляных сходах, якія вялі да другога паверху і карыдору, скуль быў уваход да маёй кватэры і кватэры шавецкай майстэрні ў канцы карыдору. Туды і скіраваліся гэтыя крокі. Аднак неўзабаве пачуўся стук і ў мае дзьверы. Я запаліў сьвечку. Увайшоў паліцэйскі афіцэр. Ён запытаўся, хто я такі і чым займаюся. Седзючы на ложку ў сподняй бялізьне, я адказаў, што я тэхнік і працую ў начальніка чыгуначнай дыстанцыі такога-то. Прозьвішча начальніка бліжэйшай дыстанцыі я даведаўся раней, ня быўшы зусім зь ім знаёмы. Падумаўшы і, відаць, убачыўшы, што ўсе мае рэчы складаюцца са стала і некалькіх крэслаў у 1-м пакоі, а ў маёй спальні з ложка і кухоннай шафкі, заваленай рулонамі плянаў, – ён задаволіўся маім тлумачэньнем. Пасьля гаварылі, што паліцыя шукала нейкага шавецкага чалядніка па праступству ў Вільні. Аднойчы, ужо шмат пазьней, уласьнік чайной, які звычайна з большага пакою заходзіў у цёмны чулан з гарэлкай, заглянуў і ў маю спальную, якая была адначасна і рабочым пакоем. Я быў якраз за работай. Я выйшаў да яго ў першы пакой, але адносна таго, што ён бачыў у маёй спальнай, у нас не было ані тады, ані пазьней ніякай гутаркі. Аднойчы позным вечарам я варочаўся дамоў Ніжняй Ляхаўкай. Мой тулаў быў абвёрнуты, як гарсэтам, паперай для друку. Але папера пачала спаўзаць, замінаючы мне хаду. Вуліца была пустая, і я затрымаўся за аднэй неабгароджанай хатай, каб падняць паперу. Аднак з хаты выйшла жанчына, і я, не пасьпеўшы паправіць свой гарсэт, прымушаны быў сунуцца далей, пакуль не дабраўся да вуліцы, гдзе наняў возьніка. Ужо блізка да канца існаваньня друкарні на зборцы ў кватэры Шабуні ўчасьнікаў намечанай экспрапрыяцыі аднаму з таварышаў спатрэбілася мая шапка. Варочаючыся дамоў, я купіў новую шапку. На верхнім пляцыку сходаў пры ўваходзе ў карыдор я застаў гарадавога, які хутка счэзнуў пасьля майго прыходу. Незадоўга ўжо да канца існаваньня друкарні газэтчык, які штодня прыносіў мне газэту, папрасіўся пераначаваць. Ён спаў на падлозе ў першым пакою пры дзьверы ў маю спальню. Раніцай а гадз. 5-й ён падышоў да шафкі, на якой між іншым ляжаў гадзіньнік. Калі я парухаўся ў ложку, ён адышоў да сябе. Ня ведаю, ці яму трэ было паглядзець на гадзіньнік, ці ён меў іншую мэту. У апошні дзень ліквідацыі друкарні, калі я паліў у печы друкі, якіх сабралася досі многа, у коміне загарэлась сажа. Суседзі заўважылі гэта, але, зачыніўшы дзьверку і ўюшку, удалося загасіць агонь. Усё ж такі друкарня ўтрымалася на працягу году і чатырох месяцаў – ад 1 сакавіка 1906 году да ліпеня 1907 году, калі была ліквідавана самой партыяй. Такім чынам, улічваючы два месяцы работы ў пэпээсаўскай друкарні, я адбыў умоўлены паўтарагадовы тэрмін сваёй працы. Пасьля ліквідацыі друкарні, атрымаўшы свой пашпарт ад Антона Луцкевіча, каторы нейкі час карыстаўся ім у Вільні, я паехаў дахаты ў Шчучын.
Падрыхтоўка да друку і камэнтары Анатоля Сідарэвіча
|
32 Фактычна БСГ не спыняла сваёй дзейнасьці. 33 В. Зелязея, у якога знайшлі партыйную зброю і партыйную пячатку, вырабленую К. Каганцом, арыштавалі на пачатку 1908 г. 34 Гаворка ідзе пра падзеі на Ленскіх залатых капальнях у сакавіку–красавіку 1912 г., якія завершыліся забойствам 270 і раненьнем 250 рабочых (г. зв. Ленскі расстрэл).
АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ гісторык, даўны аўтар «ARCHE». Укладальнік кнігі «Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху» (Менск, 2003). Падрыхтаваў да друку чарговыя два томы твораў Антона Луцкевіча. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 9 (49) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |