A R C H E П а ч а т а к № 5 (56) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


5 - 2007

 



крытыка • гісторыя • эсэістыка • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

 


літаратура

  Марыя Мартысевіч

Вокладка «ARCHE» №5
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Марыя Мартысевіч
Апісаньне ляндшафту сучаснай беларускай паэзіі
Картаграфічны этуд

З тэмы пэйзажаў пяро надта часта сасьлізгвала ў сфэры легендаў і гісторыі. Я нават сабе не магу патлумачыць сувязі, якая існуе паміж краявідамі Грэцыі, яе мастацтвам і веравань­нямі. Толькі моцная інтуіцыя падказвае, што грэцкі храм, грэцкая скульптура і грэцкі міт арганічна вырастаюць зь зямлі, мора і гораў.

Зьбігнеў Гэрбэрт,
«Спроба апісаньня грэцкага краявіду».

У лістападзе 2006 г. наведнікам парталу litara.net паступіла нечаканая прапанова. Карыстальнік, які прадставіўся чалавекам, што мае ўплыў на ўкладаньне першай аталёгіі сучаснай беларускай паэзіі на кітайскай мове, папрасіў «літаранцаў» дапамагчы яму падрыхтаваць шорт‑ліст жывых клясыкаў паэтычнага радка. Як толькі актыўныя ўдзельнікі дыскусіі, кожны зь якіх высунуў сваіх намінантаў, пераканаліся, што зь іх пажартавалі, загадкавы юзэр зьявіўся зноў і сказаў, што анталёгія — не містыфікацыя, а шорт‑ліст аўтараў ужо складзены. Публікацыя сьпісу выклікала чарговае ўзрушэньне: адзін з паэтаў, заяўленых у сьпісе, нават урачыста «ўзяў самаадвод» на карысьць незгаданага генія са свайго асабістага пантэону… І неістотна, была «кітайская прапанова» розыгрышам ці чыстай праўдай (галоўны недахоп самых вар’яцкіх ідэяў акурат у тым, што яны зьдзяйсьняюцца). Наўмысна ці выпадкова «беларуска‑кітайская анталёгія» паказала: кожны дзяяч літаратурнага працэсу глядзіць на яго са сваёй, збудаванай паводле ўласнага праекту, званіцы. Валянцін Акудовіч калісьці запусьціў у абарачэньне мэтафару «архіпэляг Беларусь». Я ж паспрабую амаль літаральна апісаць «ляндшафт сучаснай беларускай літаратуры», зірнуўшы на літаратурныя прасторы са сваёй званіцы. Яна вышынёй зь дзевяціпавярховік, стаіць у амаль гістарычным цэнтры вялікага індустрыйнага гораду, звонку па‑позьнесавецку шэрая, а зь сярэдзіны адэўрарамончаная, але толькі зьлёгку. Сьцены аздаблялі самі: вось гэты групавы партрэт Моны Лізы, Мэрлін Манро і Барбары Радзівіл прыцягнуў сябар‑дызайнэр, няёмка выкінуць; а гэты саматканы дыванок я прывезла зь вёскі, ад бабулі. На падушках IKEA, што густа засыпалі падлогу, валяюцца кніжкі Акудовіча, Хадановіча, Андруховіча й Жадана, «Найноўшы філязофскі слоўнік» (для віду і крыху па вучобе), раздрукоўкі інтэрнэт‑прозы віртуальных сяброў і польскія глянцавыя часопісы.

Экалёгія новых мікрараёнаў

Аднойчы на навуковай канфэрэнцыі кабета паважнага веку зачытала нам поўны патасу і лірызму, але пазбаўлены якой‑кольвек аналітыкі тэкст пра Яўгенію Янішчыц. Задаючы пытаньне пасьля выступу, я ўжыла словазлучэньне «творчасьць паэткі». Янішчыцазнаўца зрэагавала вокамгненна: маўляў, як вы можаце называць паэтэсу — паэткай??? Яўгенія Янішчыц нашае ўсё, а вы яе… «паэткай‑канфеткай» абазвалі. Гэтае абурэньне важнае тым, што адлюстроўвае агульную, але разам з тым самую істотную клясыфікацыю сучаснай беларускай літаратуры. «Паэтэсам» і «паэткам» тут адпавядаюць «традыцыяналісты» і «мадэрністы». Гэтая клясыфікацыя пакуль не атрымала грунтоўнага тэарэтычнага апісаньня і існуе хіба што на інтуіцыйным узроўні, але досыць часта ўжываецца крытыкамі і, як мы маглі пераканацца вышэй, носіць ацэнкавы характар. Я нэрвуюся, калі яе ўжываюць пры мне, бо яна нагадвае мне біблійнае аддзяленьне зерня ад мякіны.

Паводле нямецкай горадабудаўнічай мэтодыкі, сьцежкі каля новых дамоў у спальных раёнах пракладаюць не адразу, а чакаюць, пакуль жыхары самі іх пратопчуць. Афіцыйнае беларускае літаратуразнаўства вельмі падобнае да савецкага будаўніча‑мантажнага ўпраўленьня: яно задоўга да пачатку будоўлі вызначыла, дзе быць сьцежкам каля навабудаў, і перапыняе ўсе спробы жыхароў хадзіць сваімі шляхамі. Падчас красавіцкіх суботнікаў пратаптаныя сьцяжынкі разрыхляюцца рыдлёўкамі, засейваюцца траўкаю, а то і засаджваюцца кусьцікамі. Мадэрністам жа нязручна хадзіць на станцыю мэтро па пэрымэтры, і таму яны ўпарта топчуць прыгожыя траўнікі і клюмбы, нарываючыся на грамадзкую зьнявагу і адміністрацыйныя штрафы. Прасьцей кажучы, сучаснай беларускай літаратуры крыху цяжка разьвівацца, бо ёй даволі ясна і падрабязна тлумачаць, як гэта рабіць.

Абагульняльныя тэрміны «мадэрнізм», «мадэрністы» пазначаюць ня толькі наватарства як такое, ня толькі кірункавую тройцу «мадэрнізм‑постмадэрнізм‑авангард», з дапамогай якой маладзейшыя дасьледчыкі падступаюцца да асэнсаваньня сучаснага літпрацэсу. У беларускай культурнай прасторы гэтымі паняткамі можна акрэсьліць усё, што па‑за традыцыяй. А па‑за традыцыяй — любое іншае стаўленьне да беларускай традыцыі, апроч шанаваньня. Уласна, атрымліваецца, што традыцыяналісты — гэта працяг, мадэрністы — апэндыкс. І, па вялікім рахунку, так яно і ёсьць. На маю думку, ісьціна, як заўсёды, — у залатой сярэдзіне, удалым балянсе паміж сваім і чужым, старым і новым. Хоць такі падыход, натуральна, выклікае вострую крытыку як аднаго, так і іншага лягеру.

Перафразуючы вядомую тэзу Тэадора Адорна пра тое, што паэзія пасьля Асьвенцыму немагчымая, можна было б задацца пытаньнем, ці магчымы традыцыяналізм пасьля Белавескай пушчы. І адказ ня будзе відавочным. Беларусь — тая краіна постсавецкай прасторы, дзе народніцкая, чыстая, як сьляза, паэтыка пачатку ХХ ст. яшчэ ня хутка здасьць свае пазыцыі. Гэтаму спрыяе як афіцыйнае літаратуразнаўства, што захавала адданасьць (сац)рэалізму, так і кансэрватыўныя густы беларускамоўнай меншасьці, гадаванай на ідэалёгіі адраджэньня 1990‑х гг. Калі‑нікалі здаецца, час і сапраўды спыніўся ў Беларусі; кіданьне каменьчыкаў у стрэлкі гадзіньніка стаецца крыніцай шуму, але ня рухае іх зь месца.

Заганныя наступствы мэліярацыі

У беларускай мове існуе каля трыццаці словаў, якімі можна назваць балота (прыкладна тое ж у эскімосаў са сьнегам ці ў бэдуінаў зь вярблюдамі). Насуперак адмоўным канатацыям, зьвязаным з архетыпам балота ў іншых культурах, беларус балота любіць. Мая палеская цётка Марыя колісь уразіла мяне сшыткам сваіх наіўных вершаў, у якім я знайшла абсалютна рамантычныя радкі замілаваньня багнай, дзе месьціўся хутар яе дзяцінства. Беларускае балота — гэта не застой і згуба, а стыхія, якая гартуе сапраўдных герояў. Такімі былі для мяне ў малодшыя школьныя гады героі дзіцячай аповесьці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны», а ў падлеткавым веку — героі раману Івана Мележа «Людзі на балоце». Яшчэ пачынальнік беларускай мадэрністычнай літаратуры Максім Багдановіч заўважыў: «Украінская стыхія — стэп, у нас наша стыхія — лес і балота»1. Тое ж, што апошнім часам адбываецца ў беларускай эсэістыцы, нельга назваць інакш як балотным бумам2. Менавіта балота бачыцца мне ляндшафтным адпаведнікам мадэрнізму ў беларускай літаратуры. Бо, як піша Пятро Васючэнка, «варта ведаць адну ўласьцівасьць балота: на ім немагчыма што‑небудзь трывалае збудаваць. Але і дарэшты разбурыць немагчыма»3.

  (нар. 1982  г.) — літаратуразнаўца, перакладніца, эсэістка. Вучыцца ў асьпірантуры БДУ. Летась у выдавецтве «Логвінаў» у ейным перакладзе выйшаў раман Антаніна Баяі «Зваўчэньне. Раманэта пра ваўкоў, людзей і знакі».
   
У савецкія часы каля 60 % беларускіх балотаў асушылі бязглуздай мэліярацыяй. Цяпер па беларускай тэлевізіі круцяць экалягічны ролік «Балоты — лёгкія Эўропы: беражыце балоты!». Як мэліярацыя адбілася на клімаце маёй краіны, гэтак жа шматгадовае змаганьне афіцыйнага літаратуразнаўства з мадэрнізмам узьдзейнічае на беларускі літаратурны клімат. Здавалася б, што нетрадыцыйнага ў наступным урыўку зь верша Андрэя Хадановіча:

Выйдзеш на вуліцу — вецер гвалтуе дзяўчатак.
Вушы прадзьме — і гамон, і  камэдыі фініш.
Галасаваць не ідзі, безнадзейны занятак:
Як ні старайся, ніводнай машыны ня спыніш!4

Але на сайце газэты «Наша Ніва», дзе надрукаваны гэты верш, нечакана зьявіўся ананімны камэнтар: «…ніколі ў беларускім вершы не прагучыць слова «згвалціць». Магчыма, у далёкай будучыні, калі людзі канчаткова паставяць усё з ног на галаву. Але ня сёньня… Вэрсыфікатарам можна стаць і навучыцца гэтаму, а вось паэтам… Паэтам можна толькі нарадзіцца… і прарасьці». Гэты камэнтар, магчыма, кампрамэтуе беларускую крытыку ў вачах усясьветнай тэорыі літаратуры. Аднак ён дазваляе адчуць кантэкст, у якім існуе Міхась Баярын, які стрэліў на апошняй мяжы стагодзьдзяў практыкаваньнем у гермэтызьме паводле мэтаду Стэфана Малярмэ, густа замешанага на антычных і старажытнабеларускіх алюзіях («Дым айчыны салодкі» — напэўна ёсьць фразай Нэрона)5, альбо мэдытацыйны вэрлібрыст Андрэй Адамовіч, заклапочаны ці то цывілізацыйным, ці то эстэтычным выбарам: «Лотас ці Latte»6, альбо Сяргей Прылуцкі, які ў сваім вершы «Арфэй» асэнсоўвае Беларусь як «змрочнае царства Аіда», куды Арфэй‑чаўнок непазьбежна вяртаецца «пад бок да сваёй каханай» пасьля заканчэньня тэрміну польскай візы. «Як і заўжды, на Варшаўскім мосьце выходзіш з машыны»7, — беларуска‑польская мяжа бачыцца паэту‑жыхару памежнага Берасьця пераправай Харона праз Стыкс, а падарожныя — гэта «няўяўныя зборышчы душ  (…) каля шапікаў з дрэнным фаст‑фудам»8. Альбо «тоненькая як твае вейкі» паэтка і перакладчыца Леанарда Коэна, Рафала Ваячка і эратычнай амэрыканскай лірыкі Вальжына Морт, якая ў 2004 г. атрымала літаратурную ўзнагароду «Крышталь Веленіцы» ў Славеніі, а за год да таго была пазбаўленая гран‑пры на беларускім конкурсе маладых літаратараў за наяўнасьць у апавяданьні «Гопнікі» слова з трох літараў9.

Ня ведаю, на жаль ці на шчасьце, але па‑за межамі беларускага дыскурсу гэтая сытуацыя мала адчувальная, бо сувязь беларускай літаратуры з вонкавым сьветам адбываецца акурат праз наватарскую паэтыку.

Расклад руху прыгараднага транспарту

Наступная праблема, ускосна зьвязаная з традыцыяналізмам і мадэрністычнасьцю беларускай літаратуры, хоць і ня тоесная ёй, — гэта апазыцыя «горад — вёска». Вакол яе дагэтуль вядуцца вострыя калялітаратурныя дыскусіі. Як адзначае Валер Булгакаў, ужо літаратуры беларускага нацыянальнага адраджэньня канца ХІХ — пачатку ХХ стст. быў уласьцівы скрайні антыўрбанізм10. Дый пазьней загадчыкам літпрацэсу ў Савецкай Беларусі з ідэалягічных ці нейкіх іншых прычынаў было істотна, каб літаратура прадукавала і няспынна падтрымлівала стэрэатып «беларусы — вясковая нацыя». Ён не здае пазыцыяў і да нашага часу. Герой клясыкі белліту — паэмы «Новая зямля» — дзядзька Антось едзе па фінансавых справах у Вільню. Некалькі разьдзелаў апісваюць прыгоды селяніна, жыхара лесьнічоўкі, у вялікім горадзе, захапленьне яго прыгажосьцю і боязь мітусьні. Міхась Стральцоў у апавяданьні «Сена на асфальце» стварыў знакамітую мэтафару гараджаніна ў першым пакаленьні. Рэфлексіі героя з нагоды сталічнай касьбы траўнікаў — сена, што сохне намарна, — стаюцца падставай для філязофскага абагульненьня11. У апавяданьні Наталкі Бабінай «Шкельцы, шкельцы…» — вясковая дзяўчына, што выйшла замуж у сталіцу, вар’яцее пасьля 10 гадоў гарадзкога жыцьця. Родная вёска вяртае жанчыне псыхічнае здароўе12. Аднак з таго ж пачатку ХХ ст. беларускую традыцыю пранізвае тонкая, у некалькі месцах (натуральна, 1930‑я гады) парваная мадэрністычна‑ўрбаністычная нітачка. Што тычыцца найноўшай сытуацыі, калі большасьць маладых літаратараў — гараджане ў другім пакаленьні і ў літаратуры наступіла пара ўрбанізму не эпатажна‑наўмыснага, як яшчэ ў 1990‑х (суполкі «Тутэйшыя», «Бум‑Бам‑Літ», «Schmerzwerk»), а натуральнага, літаратурны вобраз вёскі стаецца не ўкарэненым, як у папярэдніх генэрацыяў, а адчужана‑пастаральным. Гэта хутчэй аб’ект эстэтычнага асэнсаваньня, чым «мілы родны кут».


Калі ўдзень я скошаным полем іду,
мне не хапае асфальту,
каб пабачыць, як варыцца паветра.
Калі я гляджу на аблокі,
Мне бракуе вострых суворых формаў,
каб адарвацца ад сваіх думак  (…)
Калі вяскоўцы зьбіраюць сена,
мне бракуе словаў, каб апісаць,
як конь у зубох трымае сухую траву13, —

Андрэй Адамовіч, «Падчас чаканьня букалічнай элегіі».

  1 Ластоўскі, Вацлаў. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу // Вацлаў Ластоўскі. Выбраныя творы. Менск: МФ «Беларускі кнігазбор», 1997. С. 195.

2 Гл.: Хатэнка, Антаніна. Балота // Слоўнік Свабоды. ARCHE. 2000. № 7. С. 24—25; Клімковіч, Ірына. Чортавае вока // Дзеяслоў. 2003. № 7. С. 199—211; Балота — ад д’ябла і Бога // Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ сагодзьдзе). Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2006. С. 76—80.

3 Васючэнка, Пятро. Беларус вачыма беларуса: Беларус міфалагізаваны, гістарычны, рэальны // ARCHE. 2004. № 4. С. 126.

4 Хадановіч, Андрэй. Сто лі100ў на tut.by. Мн.: Логвінаў, 2007. С. 78.

5 Баярын, Міхась. Шалёны вертаградар (Вянок на магілу Ёзэфа Кнэхта). Менск: БГАКЦ, 1998. С. 81.

6 Аўтарскі рукапіс.

7 Прылуцкі, Сяргей. Арфэй / Poetinis Druskininkш ruduo 2006: almanachas. Vilnius: Vaga, 2006. С. 319.

8 Тамсама.

9 Морт, Вальжына. Я тоненькая як твае вейкі. Менск: Логвінаў, 2005. С. 98.

10 Булгакаў, Валерка. Мой Багушэвіч
// Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт‑Пецярбург: Невский простор, 2003. С. 334.

11 Стральцоў, Міхась. Выбранае: Проза, паэзія, эсэ. Мінск: Мастацкая літаратура, 1987. С. 100—115.

12 Жанчыны выходзяць з‑пад кантролю: Беларускае жаночае апавяданьне. Менск: І. П. Логвінаў, 2007. С. 7—19.

   
Яшчэ 20 гадоў таму малады паэт хутчэй апісаў бы свой актыўны ўдзел у сенакосе, а не пасіўнае назіраньне.

А яна, як і ўсе — на падлозе каменнай скорчылася,
скамянела. Гадала: заб’юць —  не заб’юць. Бля,
я схапіў яе й вынес адтуль, як з палаючай хаты
селянін выносіць цяля14.

Павал Сьвярдлоў, «Знаёмства ў бібліятэцы».

«Вёска» ў гэтым вершы‑блёкбастэры фігуруе выключна як экзатычная мэтафара.

Калі б Езус радзіўся ня ўзімку, а ўлетку
я б Раство сустракаў на зялёных палетках
у таварыстве паўголых дзяўчат.
Ты, Гасподзь, быў бы дзеўкам тым рад15.

Сяргей Прылуцкі, «Хрыстос‑чырвоны нос».

На мой погляд, на сучасным этапе варта казаць не пра супрацьпастаўленьне «гарадзкога» і «вясковага», а пра ўзаемадачыненьне «ўрбаністычнага» і «пастаральнальнага» ў беларускай літаратуры.

Вышэйпрацытаваныя творы маладых літаратараў напісаныя ў 2005—2006 гг. падчас літаратурна‑мастацкіх пленэраў імя Язэпа Драздовіча. Паэтычныя пленэры — новая для беларускага літпрацэсу практыка, якая яшчэ раз пацьвярджае: у апазыцыі «горад — вёска» варта быць не за адно ці за другое, а за спраўнае функцыянаваньне прыгараднага транспарту.

Прыкладная тапаграфія Міжзем’я

Гаворачы пра сучасны стан беларускай літаратуры, немагчыма абмінуць палітычнага аспэкту яе разьвіцьця: так склалася, што амаль любое публічнае дзеяньне жыхара Беларусі ў тым ці іншым сэнсе стаецца палітыкай. Выбар, з кім і дзе бавіць вольны час, што апрануць, які сайт зрабіць стартавым у сваім браўзэры, тавару якой фірмы аддаць перавагу — усё гэта палітыка. Выбар мовы паўсядзённага ўжытку — таксама палітыка. Палітыкай ёсьць і любая творчасьць, асабліва на беларускай мове. Нават падкрэсьленая апалітычнасьць беларускамоўнай творчасьці ў Беларусі — палітыка. Калі ты не ідзеш на мітынг, мітынг пакрыўджана грукаецца ў дзьверы і дасылае табе абураныя эсэмэскі. Наступная «гісторыя ў тэму» адбылася не ў інтэрнэце і не на літаратуразнаўчай канфэрэнцыі, а на іншай, мала звыклай да чаго‑кольвек беларускага тэрыторыі — у грамадзкім транспарце. У позьнім аўтобусе па дарозе дамоў, у вышэйапісаную званіцу, да мяне зьвярнуўся беларускамоўны дзядок — сытуацыя для Менску рэдкая, для сярэднестатыстычнага жыхара гораду яна цягне на падзею і падлягае фіксацыі ў культурнай памяці. Я, натуральна, адказала яму той жа ласкай. «Размаўляеце на беларускай мове?» — усьцешыўся мой выпадковы суразмоўца. «Горш, — саркастычна адказала я, — я на ёй пішу». Старэчая рука, якая была працягнула мне з авоські апазыцыйную ўлётку, стрывожана застыла ў паветры: «А ў якім вы саюзе?» — пасьпяшаўся ўдакладніць дзядуля.

Для старэйшага, ускрай палітызаванага пакаленьня, якое ў 1990‑я гг. сталася баявым атрадам новага адраджэньня, падзел сучасных пісьменьнікаў на «прарэжымных» і «шчырых» вельмі прынцыповы. Ім надзвычай важна пашыхтаваць «таленавітую моладзь» у дзьве калёны; перш як мець справу з тваім талентам, ім абавязкова трэба высьветліць, «піянэр» ці «скаўт» стаіць перад імі. Я ж адношу сябе да той «творчай моладзі», якую супрацьстаяньне саюзаў мала непакоіць. Чаму? Бо і першы, «шчыры», і, пагатоў, другі, «прарэжымны», апэлююць хутчэй да ідэалёгіі творчасьці, не кранаючы пытаньняў чыстай паэтыкі і яе мадэрнізацыі — галоўнага і, можа быць, адзінага клопату той самай маладой беларускай літаратуры, калі яна хоча выжыць у ХХІ ст. Саюз Чаргінца варты сьмеху, як любая іншая батлейка, але і «шчыры саюз», на мой погляд, ня мае ніякага копірайту на такія маральныя аўтарытэты для сучаснай «творчай моладзі», як, скажам, Уладзімер Арлоў, ці Ўладзімер Някляеў, ці Алесь Разанаў, ці Андрэй Хадановіч. Кожны з гэтых пісьменьнікаў, як і ўсе сапраўдныя аўтары, сам сабе саюз. «Ні ў якім, — адказала я. — Я — сама сабе саюз!» Пасьля пэўных ваганьняў улётку з «усёй праўдай пра нафта‑газавую вайну Пуціна і Лукашэнкі» ўсё‑ткі мне прапанавалі, але я ад яе ветліва адмовілася. «Не пашэнціла дзеду, — рэзюмаваў наступнага дня мой сябар, паставіўшы на паўзу чарговы фільм пра вампіраў, — ён блукае па начным горадзе ў пошуку сьвежых ахвяраў, а трапілася яму ты, ужо даўно пакусаная, прычым вупыром з варожай яму групай крыві»… Тут мой аповед канчаткова пазбаўляецца ад прывязкі да рэальнай мясцовасьці і сягае ў іншую модную ў сучасным беларускім мысьленьні мэтафорыку, дзе культурная прастора асацыюецца з фэнтэзійным змаганьнем выдуманых істотаў, а беларусы, аднак, часьцей бачацца розным аўтарам хобітамі, уцягнутымі ў міжземныя разборкі эльфаў і гоблінаў16.

  13 …І адчуеш — Радзіма. ХІІ пленэр Язэпа Драздовіча: Літаратурна‑мастацкі каталог. Мінск, 2006. С. 10.

14 Тамсама. С. 38.

15 http://pistonczyk.livejournal.com/16689.html.

16 «Беларусы — хобіты еўрапейскага лесу, што хаваюцца ў цень ад саміх сябе. Яны спадзяюцца, што гэты цень іх схавае. І што гэты цень потым дапаможа ім выйсці з ценю. Бо ім выгадней, каб іх рэальнага быцця не заўважалі». Васючэнка, Пятро. Беларус вачыма беларуса: Беларус міфалагізаваны, гістарычны, рэальны // ARCHE. 2004. № 4. С. 122; «Але існуе й суцэльна іншая Беларусь. Віртуальная краіна,  (…) якая стала радзімай такога ж віртуальнага народу, як, скажам, эльфы альбо, хутчэй, хобіты  (…). Народу, што, як і хобіты, вынік з рамантычнай веры ў чалавека, з наіўнага й мудрага перакананьня аўтара ў тым, што якім бы вялікім і трагічным ні выглядаў сусьвет, якімі б малымі й бездапаможнымі ні выглядалі мы ў ім, аднак ад нас усё адно шмат чаго залежыць. Нават ад хобітаў. Нават ад беларусаў». Хадановіч, Андрэй. Уладзімер Караткевіч і філязофскі камень // ARCHE. 2006. № 1,2. С. 106.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (56) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/26