A R C H E | П а ч а т а к | № 10 (61) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Алена Гапава | ||||
Алена Гапава
Жанчыны застаюцца пад кантролем, альбо Ці могуць прыгнечаныя гаварыць?
Жанчыны выходзяць з-пад кантролю: Беларускае жаночае апавяданьне / Наталка Бабіна, Вольга Бабкова, Зося Баброўнік і інш. — Менск: І. П. Логвінаў, 2007. — 248 с. (Кнігарня «Наша Ніва»).
Баюся мешаніны стыляў, напрыклад — рэнэсансу сацрэалізму. Станіслаў Ежы Лец¹
Гэтая кароткая кніжная рэцэнзія мае ў сваёй назве «культавую» фразу «Ці могуць прыгнечаныя гаварыць?», якая на самай справе ёсць назвай эсэ² амерыканскай даследчыцы індыйскага паходжання Гаятры Співак. Эсэ «Can a Subaltern Speak?» (1986) сталася адным з устаноўчых тэкстаў посткаланіяльнай і фемінісцкай тэорыяў, таму што паклала фундамент пад паняцце «іншасці». Пад «прыгнечанымі» Співак разумее, услед за італьянскім марксістам Антоніё Грамшы, усіх, каго можна вызначыць як «іншых». Іншыя — гэта тыя, якія адрозніваюцца ад групы, што (у сілу гістарычных і сацыяльных прычынаў) складае ці вызначае канон. Іншымі могуць быць беларускамоўныя — калі канонам лічыцца расейская мова, альбо людзі з каляровай скурай — калі канонам стаўся «белы чалавек», альбо геі — калі канонам ёсць гетэрасэксуальная норма, альбо жанчыны — таму што гістарычна пад «чалавекам» разумеўся мужчына і г. д. Іншасць — гэта вечнае адрозненне; пастаянная апазыцыя; «прыгнечаны» заўсёды ёсць тым і толькі тым, чым ён не ёсць «нармальным». Сэнс пытання, што паставіла ў сваім эсэ Гаятры Співак, у наступным. Ці могуць, пісала яна, іншыя («прыгнечаныя») быць пачутымі? Ці здольныя яны растлумачыць сябе? Каб данесці сваю праўду, трэба спачатку прайсці праз самаасэнсаванне і выпрацаваць сваё калектыўнае «мы», пачаць размаўляць «сваім голасам», у той час як «ведаў пра сябе» ў «каланізаваных» няма, бо яны бачаць сябе вачамі «каланізатара», які заўсёды гаворыць пра іх адрозненне. Фармальна яны гавораць, але, загаварыўшы, кажуць «не сваё», таму што (рэ)прадукуюць сваё адрозненне. Ці могуць прыгнечаныя размаўляць, калі за іх, ад іх імя заўсёды гаворыць нехта іншы, хто «ўкладае» ў іхныя вусны свой тэкст? Ці могуць прыгнечаныя гаварыць, падумала я, пачаўшы чытаць кніжку з канцэптуальнай назвай «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю. Беларускае жаночае апавяданьне», што выйшла на пачатку лета ў серыі «Кнігарня «Наша Ніва». У ідэале такая падзея магла б сведчыць пра зрухі як у беларускім грамадстве, так і ў мастацтве, бо «выхад жанчын з-пад кантролю» ёсць сацыяльнай з’явай, што адбываецца на пэўных ступенях ва ўсіх складаных грамадствах. Там з шэрагу прычынаў людзі пачынаюць па-новаму атаясамліваць сябе і канструяваць сваю ідэнтычнасць, «успамінаючы», што яны жанчыны, альбо геі, альбо прадстаўнікі нейкай этнічнасці, рэлігіі ці культуры, і такое «асэнсаваньне сябе», знаходжанне свайго голасу адбываецца праз выхад як у палітычнае жыццё, так і ў мастацтва. Таму публічныя «размовы» на гэтыя тэмы ёсць сведчаннем адпаведных мадэрнізацыйных працэсаў, эстэтычнага шматгалосся і складанага інтэлектуальнага жыцця. Аднак кніжка пакідае ўражанне, што ўзнікла яна зусім не з тых працэсаў, пра якія я ўзгадала, і асэнсавання на самой справе няма, а ёсць імкненне зрабіць выгляд, што ў нас так, «як там». Скапіяваць заходні прадукт. Але «там» такія праекты робяцца ўсё ж такі іначай, як паводле формы, так і зместу. І таму спачатку я вельмі коратка скажу, чаму «там» выходзяць зборнікі жаночых тэкстаў і якая ў тых праектаў філасофія. Тады, можа быць, зробіцца зразумела, чаму яны маюць інтэлектуальнае права на існаванне, а грамадства ставіцца да іх сур’ёзна. Пра жаночы тэкст, пісьмо, жаночае аўтарства як з’явы і ці яны ўвогуле існуюць можна спрачацца, бо жанчыны зусім не заўсёды бачаць пол сваёй галоўнай ідэнтычнасцю і пісаць могуць па-рознаму: як і мужчыны, якія могуць не лічыць, што перш за ўсё вызначаюцца праз пол. Але нават калі жанчыны праз свой пол не думаюць, пра гэта доўга думаў «каланізатар», бо існавалі забароны як на жаночую адукацыю, так і на прафесійныя заняткі, і таму гісторыя жаночага пісьменства можа разглядацца як гісторыя барацьбы за тое, як стацца пачутымі. Пра гэта пісала фемінісцкі семіётык Тэрэза дэ Лаўрэціс:
Мільёнамі слоў жанчыны пісалі кнігі, не гаворачы пра дзённікі і лісты, аб тым, праз што трэба прайсці, каб проста пісаць, і колькі жанчын не маюць нават гэтага. Мы пісалі пра наша пісьмо (пісанне?) і пра падаўленне гэтага пісьма; мы пісалі пра наша маўчанне і наша вар’яцтва, пра нашую маргінальнасць і нябачнасць, пра адмаўленне нас і наша адрозненне...³ |
дырэктарка Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Яе апошняя публікацыя ў сёлетнім «ARCHE» выйшла пад назваю «Пошук сэнсу перанесеных пакут» (5/2007). 1 Лец, C. Е. Избранные сочинения, 1933—1966 / Пер. с польск. А. Базилевского. М.: «Рипол Классик», «Вахазар», 2000. C. 323. 2 Spivak, Gayаtri. Can the Subaltern Speak? Скарочаны пераклад А. Горных: Спивак Гайятри Чакраворти. Могут ли угнетенные говорить? // Жеребкин С. В., ред. Введение в гендерные исследования. Ч. II: Хрестоматия. Харьков: ХЦГИ, 2001; СПб.: Алетейя, 2001. С. 649—670.
|
Першыя прафесійныя пісьменніцы імкнуліся стацца часткай літаратурнага канону і часта бралі сабе мужчынскія імёны (Жорж Санд ці Джордж Эліёт адразу прыходзяць на розум), каб лягчэй друкавацца. Менавіта жаночыя тэксты тых часоў часта з’яўляюцца прадметам аналізу, і ў гэтым ёсць рацыя: аўтарства, абумоўленае пэўнай сацыяльнай сітуацыяй, вымагае даследавання, бо дазваляе зразумець як саміх аўтараў, гэтак і іх час. Акрамя таго, зборнікі такіх тэкстаў робяцца, каб знайсці і захаваць тое, што ёсць невядомай часткай гісторыі чалавечай культуры. Паступова «субкультуры каланізаваных» маюць тэндэнцыю паўставаць супраць канону, які вымагае іх «наступаць на горла ўласнай песні», і пачынаюць «атакаваць» традыцыйныя мастацкія каштоўнасці і стандарты пісьма, патрабуючы прызнання свайго творчага суверэнітэту. Яны пачынаюць гаварыць пра свае праблемы і рабіць намаганні стацца пачутымі як носьбіты асаблівага досведу — прыблізна так, як рабіў гэта Шолам Алейхем, які першым прыцягнуў увагу да габрэйскага жыцця, габрэйскай крыўды і імкнення людзьмі звацца. Зборнік, складзены з жаночых тэкстаў такога кірунку, мае сэнс, бо ёсць сведкам пэўнага сацыяльнага досведу і пошуку ідэнтычнасці (акрамя таго, што гэта добрая літаратура). З цягам часу і сацыяльных зменаў тая частка «каланізаванай групы», што бачыць сваёй галоўнай ідэнтычнасцю пол (альбо мову, альбо рэлігію, альбо сэксуальнасць і г. д.) «адкрывае» сябе як самастойных актораў і пачынае шукаць сродкі самавыяўлення, свабодныя ад усялякіх аглядак на каноны і іх гаспадароў. Яна паўстае, каб тварыць свой канон, забудоўвае сваю ўласную прастору, займаецца пошукамі сваёй мовы і выпрацоўвае свой голас. Быццам бы вычарпаўшы магчымасці звыклай мовы і выразных сродкаў, паставіўшы пытанне, «ці могуць прыгнечаныя гаварыць?», ці могуць яны сказаць сваю праўду на «старой» мове, аўтаркі вынаходзяць раней забароненыя тэмы, эксперыментуюць і руйнуюць табу. Часам такія тэксты лічаць самастойным «жаночым пісьмом», якое існуе «на самай мяжы» творчых эксперыментаў. Гэта мае права на існаванне яшчэ і таму, што не пытае ў нас, быць яму ці не: яно ёсць і яно добра бачна. Здаецца, што зборнік «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» не падпадае ні пад адну з апісаных тэндэнцыяў і даходзіць іншай мэты, далёкай ад выкрыцця менавіта жаночых праблемаў аўтарства. Кніжка з назвай «Беларускае жаночае апавяданне» на самай справе ёсць зборнікам апавяданняў, што былі надрукаваныя ў газеце «Наша Ніва» за апошнія прыблізна дзесяць гадоў. А гэта ўжо зусім іншая справа. Таму што, па-першае, апавяданняў у газеце друкуецца не вельмі шмат увогуле (гэта перш за ўсё інфармацыйны рэсурс) — і такім чынам кола выбару атрымліваецца абмежаваным. Па-другое, як і кожнае выданне, «Наша Ніва» мае пэўную арыентацыю, і ў яго «свае» аўтары. Не добрыя ці кепскія, а больш-менш «свае». Такім чынам, кніжка ёсць зборнікам «жаночых» апавяданняў газеты «Наша Ніва»: яна выйшла ў кніжнай серыі, прысвечанай яе стагоддзю. Увогуле, гэта нармальна: калі газета хоча выдаць свае матэрыялы — яна мае на гэта права. Калі яна знаходзіць на гэта грошы — добра. Калі ж яна робіць выгляд, што прадстаўляе «беларускае жаночае апавяданне», атрымліваецца падман чытацкай грамадскасці. Такія рэчы не адбывацца проста так. Яны заўсёды маюць прычыну і мэту, адносна якіх можна рабіць здагадкі: чаму газэта, што выходзіць мізэрным тыражом (што часткова ёсць рэзультатам палітыкі дзяржавы адносна незалежных выданняў), робіць выгляд, што друкуе рэпрэзэнтацыйны том. Урэшце калі ўрад прымаў пастанову адносна таго, хто можа карыстацца ў назвах словамі «беларускі» і «нацыянальны», ён меў пэўную рацыю. Складальнікі зборніку праз гэтую рацыю пераступілі, выкарыстаўшы назву «беларускія» дзеля сваіх мэтаў. Я не ведаю, якімі менавіта тыя мэты былі. Можа, стваральнікі імкнуліся такім чынам павялічыць значнасць сваёй газеты альбо свой уласны сацыяльны капітал. Можа быць і так, што яны і сапраўды ўяўляюць, што гавораць «ад імя і па даручэнні» (з інтэлектуаламі такое адбываецца). Можа, яшчэ што, але гэта толькі мае здагадкі. Рэдакцыя — у тэлефоннай размове — не хавае, што друкуе «свае» апавяданні і, мне падалося, не бачыць у гэтым аніякай нестыкоўкі. Другая рэч, што бянтэжыць адразу: у кніжцы адсутнічае рэдактар, складальнік альбо іншы «афарміцель дыскурсу». Такім чынам, складваецца ўражанне, што мы маем справу альбо са з’явай прыроды (кніжка ўзнікла сама сабой, як жыццё з кучы смецця ў Арыстоцеля), альбо з народным — жаночым — эпасам ці калектыўным розумам. Можа, жанчыны, якім баліць выказацца, сапраўды выйшлі з-пад кантролю, сабраліся разам (колькі іх было? якая ж была патрэбна плошча?) і ў адзіным парыве склалі зборнік, адабралі творы, бо кожны, самы дэмакратычны, спіс усё ж ёсць актам сэлекцыі, напісалі даведкі пра саміх сябе ў трэцяй персоне (альбо адна на адну? як адбіралі, хто на каго напіша?), знайшлі аўтарку для прадмовы (цікава, каго прапанавалі і як праходзіла галасаванне? можа, аднагалосна?) і заказалі вокладку? Дарэчы, такая салідарнасць сапраўды яе заслугоўвае, бо ёсць рэзультатам важнага працэсу самавызначэння. Можа, падобныя рэчы здараюцца ў лепшым з сусветаў, але ў нашым нехта ўсё ж рэдактарскія функцыі выконвае. Культурны прадукт не існуе ў вакууме, а ёсць часткай сацыяльнай прасторы: выбраць тэксты, вызначыць аўтарак «хрысціянкамі», «непахіснымі змагаркамі» альбо «сапраўднымі прыгажунямі», задаць перспектыву чытання праз прадмову і малюнак на вокладцы — вось спосабы ўключэння кніжкі ў гэтую прастору. І тым самым, адначасова, і спосабы канструявання той прасторы — сацыяльнай рэчаіснасці. Такім чынам, нам кажуць, што беларускія жанчыны ёсць змагаркамі альбо хрысціянкамі і што гэта пажадана. Але цікава, наколькі аўтаркі згодныя з тымі дэфініцыямі і ці хочуць выглядаць перад сусветам менавіта так? Наколькі лічаць, што тыя рысы іх вызначаюць? Асабліва тая, пра якую напісана: «Аўтарка моцна ўкрыўдавала на «Нашу Ніву», якая не мела грошай, каб выплаціць ёй ганарар» (с. 215). Я асабіста лічу — не трэба так рабіць. Не падабаецца тэкст альбо паводзіны — не друкуйце. Вы ж прадаяце гэты зборнік за грошы? Прынамсі я яго купляла. Вось і яна хоча прадаваць сваю працу. Усе мы павінны, паводле Маркса, перш за ўсё піць, есці і апранацца. Але вернемся да канструявання сацыяльнай рэчаіснасці ўвогуле і катэгорыі «жанчыны» праз іх рэпрэзентацыю ў прыватнасці. Наколькі малюнак на вокладцы, таксама невядома чый, зроблены спецыяльна ці адкуль-небудзь «запазычаны», адпавядае няхай не агульнаму настрою беларускіх жанчын, а хоць бы аўтарак? Ці згодныя яны з тым, што рэдактар уклаў ім меч у рукі? Ніводзін з тэкстаў зборніка «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» не сведчыць пра выхад з-пад кантролю.Ці сапраўды яны паўсталі? Супраць чаго? Ці выйшлі з-пад кантролю? І як гэта можна пабачыць, бо ніводзін з тэкстаў зборніка не сведчыць пра выхад з-пад кантролю. Ёсць нязгодныя, а вось такіх — з паднятым мячом — у кніжцы няма. Ці такіх на Беларусі ўвогуле няма, і тады цікава, чаму так, ці «Наша Ніва» такіх не друкуе — не ведаю. Таму здаецца, што рэдакцыя, калі ўжывае ваяўнічую вокладку, на самай справе не вельмі дбае пра адлюстраванне жаночых пачуццяў, а выконвае зусім іншую сацыяльную замову. Гэтае ўражанне робіцца яшчэ больш моцным, калі, перагарнуўшы пазбаўленую інфармацыі вокладку, чытач прыступае да прадмовы, якую напісала Іна Кулей. І гэты факт таксама не выпадковы, ён таксама працуе на тую ідэю, якую рэдактары хочуць пранесці з дапамогай кніжкі, нібыта сфакусаванай на жанчынах. У прадмове гаворыцца, што «У Беларусі — жаночае імя». А таксама, што «менавіта жанчына можа і мусіць быць стваральніцай і вартаўніцай пачуцця прыналежнасці да сваёй зямлі» (с. 6). І што «з большасці выпадкаў менавіта ад маці чалавек выходзіць у свет з выхаваным пачуццём адказнасці за сябе і за бацькаўшчыну» (тамсама). Але ж Іна Кулей не толькі маці, а яшчэ і палітык? Чаму яна не піша, што жанчыне ёсць месца ў палітыцы і як ёй там пачуваецца? І як мусіць адчуваць сябе мужчына, якому кажуць, што ў яго краіны «жаночае імя»? Што яму там няма месца — бо ён мужчына? Ці яшчэ што? І чаму менавіта жанчына мусіць быць стваральніцай і г. д.? А мужчына не мусіць? Ён толькі гарматнае мяса? І што тады рабіць з Багдановічам і Купалам, якія, здаецца, таксама нешта зрабілі дзеля гэтага пачуцця? І дзеля чаго ўвогуле патрэбна тая «хвалебная песня» жанчынам, бо на самай справе мы не лепшыя і не горшыя за мужчынаў? Чытаць гэта няёмка, а няёмка яшчэ і таму, што я нешта такое калісьці чытала. У іншыя часы, у іншай краіне. Толькі тады гаварылася пра жанчын як будаўніц камунізму. А так было ўсё тое самае: выкарыстанне «жанчын» у чужым, але не ў іх уласным, праекце. У якасці інструмента для дасягнення пэўнай мэты, згодна з планамі партыі і ўраду. |
3 De Lauretis, Teresa. Feminist Studies/Critical Studies: Issues, Terms and context // Teresa de Lauretis, ed. Feminist Studies/Critical Studies, Bloomington: Indiana University Press, 1986. P. 5.
|
Што тычыцца ўласна тэкстаў зборніка, яны няроўныя, як напісала ў рэцэнзіі4 Ганна Кісліцына, і не вельмі зразумела, чаму былі сабраныя разам (як ужо адзначала Марыя Мартысевіч5). Каб паказаць, што жанчыны «таксама пішуць»? А нешта ж мы не людзі? У школе не вучыліся? Некаторыя з тэкстаў цяжка аднесці да апавяданняў, як, напрыклад, вельмі прыемныя і іранічныя, але газетныя нататкі Зосі Баброўнік пра жыццё ў Лунінцы. Некаторыя пакідаюць уражанне мыльнай оперы — як «Каханьне і мальвы» Алены Пушчынай. Я дапускаю, што ёсць людзі, якія бачаць жыццё менавіта так. Але, здаецца, літаратура як сродак асэнсавання рэчаіснасці да пачатку XXI ст. прыйшла ўжо да больш складанай карціны сусвету, і тыя, хто чытае кніжкі, каб такім чынам асэнсоўваць свой час і сябе ў ім, наўрад ці змогуць вярнуцца ў «наіўнае пісьмо», уласцівае часам «Беднай Лізы». Некаторыя, як два апавяданні Наталкі Бабінай, пакідаюць уражанне такой няпраўды і фальсыфікацыі, такога сацыялістычнага рэалізму (але, здаецца ён цяпер не сацыялістычны, а... які? На якую ідэю працуем?), накіраванага «на паказ жыцця ў яго рэвалюцыйным развіцці», што міжволі згадваецца І. Бабкоў, які напісаў аднойчы, што беларуская савецкая літаратура пісала на мове, якой не было, пра рэчаіснасць, якая не існавала6.
Але ёсць у кніжцы іншыя тэксты. Здаецца, іх аўтаркі — Ева Вежнавец, і Джэці, і некаторыя іншыя — нешта вельмі важнае адчуваюць... задумаліся... маглі б сказаць... але чамусьці не гавораць. Нешта ім замінае. І тут я ўспомніла размовы са сваімі маладзейшымі калегамі (не называю імёны свядома), якія «маюць дачыненне» да беларускамоўных апазыцыйных і літаратурных колаў. Некалькі разоў у нас заходзілі размовы пра гендэрныя адносіны ў тых асяродках, і іх расповеды пра стаўленне да маладых незамужніх жанчынаў былі разгубленымі. Іерархія існуе, казалі яны, і яна часткова ўмацоўваецца праз «сэксуалізацыю» жанчын. Нам імкнуцца паказаць, што мы менавіта жанчыны, што значыць — нам адводзяць пэўную ролю «пры мужчынах». Часам лезуць пад сукенку, казалі яны. Не можа быць, адказвала я, дайце прыклады. Гэта цяжка патлумачыць, адказвалі яны, але гэта вісіць у паветры... Але прыклад нечакана з’явіўся, калі даволі вядомы беларускі паэт і рэдактар літаратурнага часопіса прапанаваў у сваім блогу друкаваць вершы нашых маладых паэтак разам з іх фотаздымкамі ў стылі «лёгкай эротыкі». Дзеля прапаганды, як ён напісаў, беларускай паэзіі. Не буду зараз называць імя: гісторыя тая абмяркоўвалася вельмі шырока, але ўжо адгарэла. Цікава, што газета «Наша Ніва» надрукавала тую прапанову вельмі аператыўна. І даволі доўга на сайце газеты віселі імёны маладых паэтак, рэальных людзей, што пішуць і друкуюцца, якіх было публічна прапанавана распрануць (разам з каментарамі, што вось такую не трэба — яна ўжо не маладая, і глядзець будзе не вельмі прыемна) на карысць роднай літаратуры. Усе жадаючыя дадавалі да гэтага спісу імёны і абмяркоўвалі яго ў інтэрнеце. Думка, што жанчыны ёсць такімі ж людзьмі, як ён сам, і таму з імі нельга рабіць тое, што ён сам рабіць не хоча (а ён адмовіўся распранацца на карысць беларускае паэзіі), і ўвогуле выкарыстоўваць іх як сродак, інструмент, была для яго непад’ёмнай. Таму я не вельмі здзівілася, калі, прапанаваўшы ў адзін інтэлектуальны часопіс вядомы жаночы літаратурны тэкст (напісаны на іншай мове), які меў назву «Катэгорыя станіка» і быў узорам асэнсавання свайго цела і сэксуальнасці, пачула ад жанчыны, што выконвала тады абявязкі галоўнага рэдактара: «Гэта друкаваць нельга. Што скажуць мужчыны? Я дала прачытаць той тэкст сваім каляжанкам, і яны сказалі, што калі б гэта было надрукавана, ім усім было б сорамна. Яны адчувалі б сябе распранутымі». Я разумею, чаму тыя жанчыны «шарахаюцца» ад размоў пра тое, што на самай справе адрознівае іх ад мужчынаў, — пра сваё цела. Я таксама разумею жаданне скарыстаць «жанчын» (тое, што яны сабой увасабляюць у папулярным уяўленні) на карысць мэты, якую «Наша Ніва» лічыць для сябе галоўнай. І менавіта таму я сцвяржджаю, што жанчыны застаюцца пад кантролем. Сістэмы, якая іх выкарыстоўвае. Звацца гэтыя сістэмы могуць па-рознаму, але гэта нічога не мяняе. А зборнік апавяданняў стаўся добрым таму доказам. Ён адлюстроўвае зусім не тыя працэсы, што існуюць там, дзе жанчыны сапраўды «выходзяць». Не абавязкова з-пад кантролю, але заўсёды дзеля таго, каб гаварыць сваім уласным голасам. |
4 annahonda (LJ). 5 Мартысевіч, Марыя. З адкрытым забралам і сталёвым кордам // ARCHE. 2007. № 6. С. 64—68. 6 Бабкоў, Ігар. Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў. Менск: Выдавец І. П. Логвінаў, 2005. С. 44.
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 10 (61) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |