A R C H E П а ч а т а к № 10 (61) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


10 — 2007

 



аналітыка • крытыка • гісторыя • гутарка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  Аляксей Знаткевіч

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Знаткевіч

Чорныя кветкі

«Вёску нашую тады ўжо спалілі. Перад Радаўніцай. Мы прыехалі, а ўсе хаты папаленыя. Загад такі быў, каб у зону не вярталіся. Там усё счарнела ад сажы. Тады якраз сады цьвілі, дык нават кветкі былі чорныя... Нашыя мужыкі, па сорак-пяцьдзясят гадоў, на калені станавіліся, плакалі...»

Алена гаворыць спакойна і павольна, дастае цыгарэту, і я падношу ёй запальніцу. У гэты момант Андрэй шырока ўсьміхаецца, гледзячы некуды ўбок, у напрамку барнай стойкі. Яны сядзяць за столікам насупраць мяне, таму мне не відаць, што так узрадавала Андрэя.

Вытрымаўшы паўзу, я крыху паварочваюся і бачу каля стойкі дзяўчыну ў кароткай чорнай маечцы ды джынсавай спаднічцы вышэй за калені на добрыя паўмэтра. У яе сапраўды дужа доўгія ногі, амаль такія самыя доўгія чорныя валасы і прыгожая ўсьмешка. Усьміхаецца яна, гледзячы на Андрэя. Каля дзяўчыны бокам да нас стаіць русявы хлопец, худы і ніжэйшы за яе ростам — праўда дзяўчына на высокіх абцасах. Хлопец трымае ў руцэ гаманец, расплачваецца з бармэнам.

Я зноўку паварочваюся да Алены: «Табе яшчэ чаго купіць?»

«Не, дзякуй, я пакуль гэтага не дапіла. Ты заўтра на першую пару зьбіраесься?»

Тая даўганогая дзяўчына праходзіць каля нашага століка, на Андрэевым твары зноўку ўсьмешка, і ў гэтую ўсьмешку ўразаецца піўны куфаль — раз, другі, трэці —худая жылістая рука рухаецца нібы шалёны турнікет у менскім мэтро ня круціцца б’е бо ня кінуў жэтона толькі мацней цяжэй нашмат Андрэевы валасы мокрыя па твары цячэ кроў у шчацэ кавалак шкла але ён ня падае не крычыць нават ня стогне і ўвогуле ціха нават дэбільная песенька з барнага прайгравальніка толькі што муляла вушы «а любовь маліны слашчэ» цяпер нібы змоўкла гук схаваўся я сяджу здранцьвелы кроплі піва на стале і на маім твары.

Першай ачуняла Алена — яна крычыць, ускоквае, і тады русявы, ня кідаючы шчарбатага куфлю, другой рукой хапае даўганогую за запясьце і цягне да выхаду. Я падымаюся празь некалькі сэкундаў, раблю крок за імі, але мяне спыняе ці страх, ці розум, ці Аленін голас: «Макс, звані ў хуткую, у мяне мабілы няма».

* * *
«Гэтаму гаду далі толькі два гады «хіміі». Ну нічога, як ён выйдзе, я яго знайду — будзе шкадаваць, што так мала сядзеў».

На Андрэевай левай шчацэ кароткі шнар. Але выглядае ён ня страшна, і сківіца, здаецца, зраслася нармальна. Я больш за паўгоду ня быў у горадзе і на судзе таксама ня быў. Сьведкаў хапала: некалькі чалавек заўважылі, што гэты прыдурак кінуўся на Андрэя зь нічога. Алена хадзіла сьведчыць — казала мне, што і даўганогую на суд выклікалі, але тая на ўсе пытаньні адказвала, што ні халеры ня бачыла.

«Ведаеш, Максе, тут яшчэ такая засада — я цяпер спаць нармальна не магу. Гэтая твая сяброўка, Алена, яна тады расказала пра чорныя кветкі, і цяпер я гэтую дурасьць увесь час сьню. Ну, ня ўвесь час, але часта. Такія звычайныя кветкі, на іх чорная сажа, а глядзець страшна, быццам адтуль нейкая гідота зараз выскачыць».

«Мо да доктара схадзі? Ёсьць жа нейкія лекі ад нэрваў».

«Ладна, нешта я разныўся. Само пройдзе».

Я вяртаюся дадому, у кватэры ціха і спакойна. Дапіваю халодную зялёную гарбату, што засталася са сьняданку, чышчу зубы і кладуся ў ложак. Калі думкі сыходзяць, я бачу твой твар і ўсьміхаюся ў сьне.


Справядлівы суд

Ня ведаю, навошта было разьбіваць лямпачкі. Але звычайныя грушападобныя кідалі аб сьценку, а даўгія з калідору трушчылі нагамі. Мужыкі ўжо добра напіліся і, пэўна, помсьцілі гэтаму месцу. Добра хоць шыбы ў інтэрнаце не пабілі.

«Васіль, у цябе, здаецца, гандоны былі?» І вось Харытончык зь Юрчэнем, наліўшы вады ў прэзэрватывы і стаўшы на зэдлік, невядома для чаго прывязваюць гэтыя здаравенныя шары да патронаў пад стольлю — там дзе былі лямпачкі, цяпер толькі дзюркі. Я нічога вясёлага тут ня бачу, але відаць, гэта сапраўды салодкая помста.

Вось ужо вахтоўка вязе па немалых калдобінах нашую брыгаду ўсё далей ад гэтага сібірскага мястэчка, дзе амаль усе спрабавалі падмануць нас, а мы іх. У нагруднай кішэні ў мяне добры пачак грошай. Кожны тут мае свой салідны стос купюраў, так што настрой лепшае з кожным кілямэтрам да аэрапорту, дзе нас чакае самалёт дадому-дахаты. Квіткі мы таксама ўжо маем.

Вып’ем жа за Юрчу,
Юрчу дарагога,
Сьвет яшчэ ня бачыў
П’яніцы такога,
Юрча, Юрча, пі да дна,
Мы нальем яшчэ віна.
Юрча выпівае, Скібу налівае...

Пасьля Юрчэні Скіба застаўся апошні, пра астатніх ужо прапяялі. Мы цягнем у трынаццаць глотак — проста сьпяваем, у вахтоўцы ніхто ўжо ня п’е.

Скіба — сапраўднае прозьвішча, а не мянушка. Худы, невысокі, маўклівы мужык гадоў трыццаці пяці сядзіць рабаціністым тварам да нас усіх і сьпінай да кабіны, сьпераду фургону.

Песьня скончылася, і тут Андрэй Мяжэвіч, чыё месца побач зь Юрчэнем проста насупраць Скібы, паварочваецца да ўсіх: «Мужыкі, вы ж знаеце, што Скіба з бабай тут жыл? Так-так, пака мы тут мучылісь, оныёябал».

Скіба сапраўды пасябраваў з інтэрнацкай кастэлянкай — непрыгожай хваравітай жанчынай гадоў на дзесяць за яго старэйшай — і апошні месяц жыў у яе пакойчыку.

Мяжэвіч паварочваецца да Скібы і кажа зьдзекліва: «Прызнайся, Скіба, тыжыёябал? Пака мы ўсе как мужыкі ў кулак, тыыёябал. Пазор».

Дванаццаць пар вачэй глядзяць на Скібу, той змучана ўсьміхаецца — бачу, што пачувае ён сябе няёмка. Здаецца, нават крыху пачырванеў: «Да ладна, мужыкі...»

Мяжэвіч не спыняецца, ён увогуле любіць пацьвяліцца: «Так-так, тыыёябал, гдзе справядлівасьць?»

«Ладна, Межык, хопіць», — кажа яму Харытончык.

Але Мяжэвіч паўтарае варыяцыі на тэму распусных і некалектывісцкіх Скібавых паводзінаў яшчэ хвілін пяць. На Скібавым твары ўсё тая самая змучаная ўсьмешка, і час ад часу ён паўтарае: «Да ладна, мужыкі...» На сваім месцы ён выглядае, як падсудны, Мяжэвіч паказвае на яго пальцам, нібы пракурор, а мы астатнія атрымліваемся ў ролі судовага журы.

Суд скончыўся, калі на адной з калдобінаў вахтоўку трасянула так, што Юрчэня ледзь ня ляснуўся галавой аб сьценку. Каб утрымацца, ён схапіўся за Межыкаву кашулю і незнарок вырваў зь яе гузік. Наступную гадзіну ён прасіў у Мяжэвіча дараваньня, прапаноўваў прышыць гузік проста тут у вахтоўцы, нават аддаць сваё адзеньне, каб кампэнсаваць пашкоджаньне. Мяжэвіч, якога згуба гузіка, здаецца, ня надта засмуціла, з кожным прабачэньнем злаваўся ўсё болей. Але кожная Межыкава прапанова спыніць апраўданьні надавала Юрчэню ўпэўненасьці, што ён сьмяротна зьняважыў чалавека, і натхняла на новыя просьбы дараваць яму такую жахлівую правіну.

Але не пабіліся — беларус беларуса не пакрыўдзіць, асабліва па дарозе на Радзіму.


Да жыдоўскага пытаньня

«Не был бы я евреем, запісался бы в Ку-клукс-клан».

Віця кажа гэта, глыбока зацягваецца і перадае мне касяк. Трава ў яго файная, таму я пачуваюся, нібы ў маленстве, калі сьвет яшчэ нечаканы, рэчы не замацаныя вачыма, гукі сьвежыя, сакавітыя, і сёе-тое бачыш ды чуеш упершыню.

На насьценным календары жанчына з рудым сабакам стаяць на трамвайным прыпынку пад сьвятлом двух ліхтароў, блішчыць сьнег, трамвай з нумарам 18 ці то прыехаў забраць іх адсюль, ці то ад’яжджае — і тады яны спазьніліся. У нас каліфарнійскае лета, на вуліцы +35, але ў Віцькавым доме халадок і можна мроіць зацішны зімовы вечар, пакуль Віцька апавядае, як яго «дасталі нігеры», калі ён працаваў грузчыкам у супэрмаркеце. Маўляў, ні халеры ня робяць, звольніць іх немагчыма, даводзіцца за іх працаваць, а калі пачнеш выступаць, яшчэ і ў пысу можна атрымаць, і на нож нарвацца.

Я не зьбіраюся тут нічога казаць, хоць сам ужо год жыву ў мурынскім раёне і пакуль ніякіх праблемаў ня меў. Толькі спачатку не разумеў, чаго ад мяне хоча хлопец, які вечна швэндаецца па скрыжаваньні каля майго дома і ўсё пытаецца: «You lookin’?» Потым зразумеў, што ён прадае траву. Але прадаюць і белыя, ды ўвогуле трэба ж некаму прадаваць, калі мы яе цяпер палім?

Чорныя завуць адно аднаго
«Брат» і «сястрычка»
Палічыце й мяне
Бо на мяне забыліся
Я бачыў як колеры
Зьмяняюцца пацалункам
Запытайцеся ў майго брата
І маёй сястры...

Пэры Фэрэл выкрыквае гэтыя словы з прайгравальніка, басы лупяць слэпам, як буйныя градзіны па голай скуры. Гэтай песьні я веру, ён, пэўна, сапраўды бачыў такое, але гэта так проста, так натуральна — любіць свае колеры і ненавідзець чужыя.

Калі нам было па 13, мы разам хадзілі ў «качалку» цягаць штангі-гантэлі. Аднойчы мажны вусаты дзядзька гадоў трыццаці без дазволу ўзяў штангу, зь якой нешта быў рабіў Віцька, і пачаў ставіць большую вагу. Гэта было супраць этыкету, і Віцька паспрабаваў пратэставаць.

— У цібя какая нацыанальнасьць? — раптам спытаўся дзядзька.

— Рускій, — адказаў Віця.

— Какая твая фамілія?

— Губерман.

— Га-га-га, Губерман і рускій!

Я ўжо ведаў, што Віця жыд, але не разумеў, чаму ён назваўся расейцам, а тым болей як нейкія мудзілы могуць так пытацца ў нашым інтэрнацыянальным БССР.

* * *

«Я жіда от еврея отлічу по ушам».

Гэтак некалі казаў мой дзед. «Жідом» ён лічыў акадэміка Сахарава — іншых ня памятаю, гэтаксама як і прыклады добрых «евреев».

Яшчэ дзед дужа паважаў Сталіна. Хрушчова не любіў, але пэўна верыў, што чым хутчэй усе мы загаворым па-расейску, тым хутчэй пабудуем камунізм. Позна ўвечары ў ложку часта слухаў заходнія радыёгаласы, «каб ведаць ворага».

Ён вырас без бацькоў — гадаваў яго дзед. Зьехаў хлопцам зь вёскі на шахты, прайшоў вайну танкістам, атрымаўшы маёра ды торбу ўзнагародаў, дайшоўшы да Бэрліну. Але пра ўсё гэта нам, малым, не расказваў — мяне па праўдзе тады й ня дужа цікавіла. Толькі салодка было зазірнуць у куфэрак пад ложкам, застаўшыся адным у вясковай хаце, падзівіцца з выцьвілых каляровых аблігацый 50-х гадоў, узяць у руку вялікую небясьпечную брытву з шчарбатым лязом або дастаць набоі, набіць старую вінтоўку ды хоць пацэліць.

Зь дзедавымі ордэнамі-мэдалямі зусім малы любіў я гуляцца ў вясковай хаце: зьняць які з параднага пінжака ды схаваць некуды. Потым усе на мяне крычалі, але дзед толькі сароміў. А як неяк прыбег я дахаты, атрымаўшы цаглінай па галаве, і кроў залівала вочы, хоць роў больш зь пераляку, чым ад болю, дзед спакойна працёр мне галаву «Шыпрам» і добра забінтаваў.

Калі ён гукаў мяне, часта было сорамна, але ніколі страшна.

Дзед вучыў мяне секчы дровы і ня класьці хлеб «галавой долу». І ў памяці голас ягоны побач з халоднай вадой са студні, сумётамі чыстага сьнегу і мяккай смалой маладых вішняў ды сьліваў, якую так прыемна было пажаваць увесну, уцягваючы п’янкое сырое паветра саду.

Кажуць у нас, што старыя, як малыя. Даўно злуюць мяне казкі пра дзяцінства —найшчасьлівейшы час. Але ж старым, пэўна, яшчэ нашмат горш адчуваць залежнасьць, калі памятаюць маладую ды сталую сілу сваю і самастойнасьць. А яшчэ калі сьмерць прыходзіць загадзя і сьціскае балюча, гуляецца, быццам кацяня на сонечным вясковым двары — прыдушыць мышку і адыдзе крыху, пазіраючы ўважліва. Вось для каго сапраўды няма ані эліна, ані юдэя — бярэ ўсіх, забрала й дзеда, нагуляўшыся.

Калі нехта яго там паклікаў, спадзяюся, яму не было страшна.

папулярны беларускі журналіст. Аўтар артыкула «Грудзі Курнікавай — канец гісторыі» ў спэцыяльным нумары «ARCHE», прысьвечаным фэномэну Аляксандра Лукашэнкі (4/2004). Апошняга разу яго лірыка друкавалася ў «ARCHE» 4/2005.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (61) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/01/13
8