A R C H E П а ч а т а к № 12 (63) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


12 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • эсэістыка • гісторыя • літаратура

 


палеміка

  Аляксей Бацюкоў

Вокладка «ARCHE» №12
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксей Бацюкоў
Найноўшае ліцьвінства як праект карэкцыі сучаснасьці
Вазьміце шклянку вады. Насыпце туды солі, цукру, соды. А пытаньне ня ў тым, якой будзе на смак вада. Ясна, якая. Пытаньне — ці зможаце вы цяпер яе зрабіць толькі салодкай ці салонай, дадаўшы яшчэ солі ці цукру? Альбо — ці зможаце вы зь яе дастаць адну толькі соль, пакінуўшы вадзе кіславатую слодыч, а ў асобнай шклянцы гэтую соль разьвесьці?

Дый годзе, нічога зь ёй не рабіце. Піце.

Цяпер аб’ектам нашага аналізу стануць тыя з вас, хто ў мяшаным смаку гэтай вады захапляецца адной толькі інтанацыяй, лічачы, што астатнія яе толькі псуюць і прагнуць-такі вызваліць яе, каб наталяцца ёй у чыстым выглядзе. Іх можна зразумець — нясмачна ж.

Каб завершыць мэтафару, уявіце, што ў гэты стакан соль, цукар, соду насыпалі ня вы. Ён быў пастаўлены такім на ваш стол. І больш нічога піць у цэлым сьвеце няма і ня будзе.

Калі на досьвітку незалежнасьці Беларусь шукала сабе цывілізацыйнае апраўданьне, рамантызацыя ВКЛ і спадчынныя прэтэнзіі на гістарычных ліцьвінаў сталіся для беларускага культурнага поля сьмелай і пасьпяховай навацыяй, арыентаванай на карэкцыю ўсёй нацыянальнай традыцыі. Цяпер па інэрцыі звычайны паспаліты чытач паблажлівы да якіх-кольвек ліцьвінскіх праектаў, лічачы іх працягам той рамантычнай барацьбы за спадчыну ВКЛ, не заўважаючы часам, што для ідэолягаў і носьбітаў гэтых праектаў панятак «ліцьвін» даўно адасобіўся ад «беларускай прапіскі», ператварыўшыся ў альтэрнатыўны беларускаму нацыяналізму культурны (з прэтэнзіяй на этнічны) праект.

Гісторыя Беларусі ўсе часы, напэўна, была тым унікальным полем для экспэрымэнтаў, на якім спрактыкаванаму сафісту бязь цяжК.Сьцяў можна як даказаць, гэтак і абвергнуць любую з супярэчнасьцяў. Вы пытаецеся, ці Беларусь — гэта Эўропа? Калі ласка вам пратэстантызм Радзівіла Чорнага. Ці Беларусь — гэта Расія? Чалабітныя магілёўскіх мяшчан расійскаму цару Аляксею Міхайлавічу падыдуць? Ці Беларусь — гэта Польшча? Польскі патрыятызм Каліноўскага яшчэ не абверглі. Ці Беларусь — гэта балцкая дзяржава? Ёлы-палы, такі-та навукоўца даказаў, што ў нас балцкі генафонд. Ці Беларусь гэта Беларусь? Саламон Рысінскі!

Ледзь не забыў: ці Беларусь — гэта Азія? Што ў кніжкі лазіць, схадзіце пагаварыце ў пятніцу вечарам з рабятамі чацьвёртай брыгады нашага магілёўскага «Лаўсанбуду» пра іх стаўленьне да дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Гісторыя Беларусі — гэта той наратыў, у якім:

1) ад волі дасьледчыка знакі ператвараюцца ў сымулякры;

2) любы палемічна функцыянальны аргумэнт мае палемічна функцыянальны контраргумэнт.

Пісаць гісторыю Беларусі шчыра, таму, хутчэй за ўсё — пісаць гісторыю станаўленьня яе гісторыі.

Адсутнасьць агульнапрынятай нацыянальнай мэтатэорыі, якая надавала б Беларусі статус канстанты, незалежнай ад любых палемічных праекцый, застаецца ў такіх умовах галоўным недахопам нацыянальнай ідэі. Можна заспрэчыць, што мэтатэорыя ёсьць, і яна ўключае асноватворнай канцэпцыю размаітасьці Беларусі. Аднак размаітасьць па-іншаму — шматковасьць, а шматковасьць развальваецца на кавалкі пры перавазе цэнтрабежных сілаў над цэнтраімклівымі, што дэвальвуе такую мэтатэорыю. Падобная ж перавага пры моцнай цэнтральнай уладзе назіраецца ў маргіналізаваных колах, што таксама тлумачыць, чаму ліцьвінства вырасла як альтэрнатыва беларускаму нацыяналізму, але па паходжаньні першапачаткова выступала як адна з крайніх яго праяваў, ужо ў працэсе эвалюцыі ператвараючыся ў антыбеларускую канцэпцыю.

Мэтатэорыя — гэта тое, што навучыла б Вас ня толькі адрозьніваць інтанацыі смаку ў вашай шклянцы вады, але і — прыняць і ўрэшце палюбіць гэты букет, ня прагнучы адмаўляць ці абіраць у ім штосьці.

Але цяпер мэтатэорыі няма, а ёсьць такая кольК.Сьць унікальных праекцый гістарычнай мінуўшчыны сучасных беларускіх земляў, якая набліжаецца да кольК.Сьці гісторыкаў. Улічваць гэта неабходна, каб зразумець той урадлівы інтэлектуальны фон, на якім спачатку нарадзіўся, а потым меў глебу для далейшага афармленьня і здабыцьця сувэрэнітэту адносна беларускага нацыяналізму фантом ліцьвінскай ідэі.

  філёзаф, выкладчык Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту, які разьмясьціўся ў Магілёве. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — агляд «Палемічныя праекцыі вялікага Лімітрофа» (10/2007).
   
Матэрыялаў па сучаснай ліцьвінскай канцэпцыі надзвычай небагата, і найчасьцей яны маюць форму маніфэстаў. Збольшага яны пералічаныя ў артыкуле Аляксея Янковіча «Анталогія літвінізму: крыніцы, ідэя, рэалізацыя»1. Гэтая малатыражная, але больш-менш пастаянная газэта «Літва» (выдаецца з 1995 г.), буклет «Вызвольны камітэт Літвы» (1999—2000 гг.), альманах «Літванія» (2000 г.), артыкул у «ARCHE» № 8 за 2000 год Антонія Запалоты ««Litvanija» ci Europa?». Таксама сюды можна дадаць такія інтэрнэт-рэсурсы, як сайт «Манархія»2 і манархічная суполка ў «Жывым Журнале»3, блог гісторыка Алеся Белага «Gorliwy Litwin»4. Аднак, нягледзячы на такую слабую рэпрэзэнтаванасьць на інфармацыйным полі, а таксама нягледзячы на тое, што ліцьвінскі праект практычна не выходзіць за межы гістарычных і культуралягічных дасьледаваньняў і ня мае іншых сацыяльных праяваў, ягоная пры гэтым жыцьцяздольнасьць і спарадычная прысутнасьць на старонках аналітычных выданьняў кшталту «ARCHE» і «Палітычнай сферы» вымагае ставіцца да яго болей сур’ёзна, чым да эксцэнтрычнага дзівацтва. Гэта варта ўлічваць, калі зьвярнуць увагу на тое, што ліцьвінізм пазыцыянуе сябе да беларускай нацыянальнай ідэі ня як субпрадукт, а як контрапрадукт.

Што такое ліцьвінізм для яго носьбітаў? У А. Янковіча знаходзім:

Ліцьвінізм як зьява вырастае непасрэдна зь дзяржаўнага самавызначэньня шляхты Вялікага Княства Літоўскага на ўсёй яго тэрыторыі, у часе яго існаваньня і пасьля ліквідацыі, ажно да пачатку ХХ стагодзьдзя.

Пры гэтым «шляхта як палітычны народ на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (...) мела падвойны ўзровень сьвядомасьці: «польскі» для ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай і «ліцьвінскі» для ВКЛ». На працягу XIX — пачатку XX стст. ліцьвінства як варыяцыя польскай «краёвасьці» праяўлялася ў паасобных чынах носьбітаў старой шляхоцкай мэнтальнасьці на заходнебеларускіх землях. Такіх, як стварэньне «ліцьвінам» Люцыянам Жалігоўскім у Вільні Сярэдняй Літвы як альтэрнатыўнага ўсім сучасным дзяржаўнага праекту. Лёс якога, што праўда, цалкам залежаў ад палітычнай волі польскага кіраўніцтва і для ацэнкі якога нельга ігнараваць яго скіраванасьць на дыскрэдытацыю незалежнай Літвы.

Сучаснае ліцьвінства рэдка акцэнтуе ўвагу на гэтай арганічнай прапольсК.Сьці5 яго ідэйных продкаў, а рэкамэндуе разумець прапольсК.Сьць ня як прагу да зьмены этнічнай самаідэнтыфікацыі, а як прагу да зьмены цывілізацыйнага і культурнага коду.

 

1 Палітычная Сфера. 2006. № 6.

2 manarchija.org.

3 by_monarchist.

4 gorliwy-litwin.

   

Тыя, хто акрэсьлівае сябе ліцьвінам, адназначна ўважаюцца за прадстаўнікоў лацінскай цывілізацыі. Гэта падтрымліваецца цэласнай гістарычнай парадыгмай, згодна зь якой адвечнай місіяй ліцьвінаў на гэтых землях было нясеньне сьвятла лацінскай цывілізацыі6.

У такім сэнсе тэарэтыкі сучаснага ліцьвінства бачаць яго альтэрнатывай азіяцкай/цюрскабізантыйскай культурнай мадэлі, якая выглядае прыярытэтнай у часе ўсяго незалежнага беларускага дзяржбудаўніцтва. Наколькі беларускім зьяўляецца цывілізацыйны выбар палітычных эліт, савецкіх па сваёй мэнтальнасьці, што праўда, не праблематызуецца. Яно зразумела — сучасныя «ліцьвіны» бачаць сябе ідэалягічнымі нашчадкамі палітычнай нацыі, каталіцкай шляхты ВКЛ, у той час як беларусаў — нашчадкамі іх падданых. Прычым стаць носьбітам шляхоцкае велічы цяпер куды лягчэй, чым трыста гадоў таму. Імі змогуць стаць усе

тыя, хто пачынае самаазначацца нацыянальна, аўтаматычна выключаюць сябе зь ліку неўсьвядомленых і пачынаюць ужываць для сябе новаабраны этнонім «літвіны» ў процілегласьць да наданага астатнім этноніма беларусы7.

Часам беларусы («найноўшыя ліцьвіны» часьцей пагардліва называюць іх «беларусцы», падкрэсьліваючы гэтым, што яны нібыта недалёка адышлі ад сваіх «ідэйных продкаў», масквацэнтрычных беларусцаў XVI—XVII стст.) на старонках адзначаных баявых лісткоў — гэта ідэалягічныя ворагі, якія пагражаюць незалежнасьці і самавызначэньню «ліцьвінаў».

Крэўская унія 1385. Калі для беларусцаў дзень 14.08.1385 сімвалізуе ўзмацненне прыгнёту (да літоўскага, маўляў, дадаліся польскі і ватыканскі), дык для літвінаў, наадварот, гэты дзень і гэтая падзея сімвалізуюць набыццё святла Праўдзівай Веры і сапраўдны Акт Стварэння літвінскай нацыі, — піша на старонках газэты «Літва» ў № 22 за 2003 г. вядомы на абшарах беларускага сеціва Mann Kurt.

Сярэдняя Літва 1920—1922. У ацэнцы гэтай дзяржавы мы разыходзімся з усімі суседзямі. Для сучасных беларусцаў і літоўцаў, якія байкатавалі Сярэднюю Літву, яна была інструментам польскай агрэсіі. Для палякаў з Кароны, пасля няўдачы федэрацыйнага праекту — крокам для поўнай інкарпарацыі ў Польшчу. Для нас гэта правобраз самастойнага існавання.

І далей:

Вось толькі некалькі зь безьлічы гістарычных фактаў і датаў, у ацэнцы якіх мы разыходзімся настолькі істотна, што пра існаванне адной нацыі казаць не даводзіцца. 1648, 1863, 1944, 1994. Тое самае і са знакавымі гістарычнымі асобамі і міфічнымі героямі, многіх з якіх мы з беларусцамі ацэньваем дыяметральна процілегла. Хіба Афанасій Філіповіч і Андрэй Баболя — пакутнікі адной нацыі? Такое ўяўленне можа існаваць толькі ў постмадэрнісцкай галаве, прамытай крэтыністычнымі СМІ. А наколькі мы разыходзімся ў ацэнцы Каролічкі-Стахічкі, Месіі шчырых люццоў, які ці то мусіць прыйсці, ці то ўжо прыйшоў да беларусцаў, каб выбавіць іх ад нас8? Немагчыма прымусіць нас жыць разам. Гэта гвалт супраць абодвух.

  5 Але і не ігнаруе яе — у тым самым артыкуле А. Янковіча чытаем: «Адкуль жа чэрпаюць ліцьвіны тую энэргію, якая дазваляе ім, яўнай меншасьці сярод беларусаў, ня даць загаснуць ліцьвінскаму культурна-духоўнаму кантэксту ня толькі на землях Літваніі, але і ў Літвінскай Русі. Без сумневу, з Польшчы, зь вялікай духоўнай аўры Рэчы Паспалітай».

6 Янковіч, А. Анталогія літвінізму: крыніцы, ідэя, рэалізацыя // Палітычная сфера. 2006. № 6. С. 15.

7 Тамсама. С. 16.

   

Што праўда, ідэя імкненьня «беларусцаў» панішчыць усіх «ліцьвінаў» — радыкальная нават для найноўшага ліцьвінства і сустракаецца хіба толькі ў пададзенай вышэй цытаце.

Таксама адна з варыяцый ліцьвінства, у якой ліцьвіны ўжо ня проста надбудоўваюцца над беларусамі, а ператвараюцца ў самастойную «этнічную»9 супольнасьць, якая існуе паралельна зь беларусамі, ёсьць у развагах сп. Алеся Белага. Яны мінімальна выкладзеныя ў дасягальных чытачу крыніцах пад сапраўдным імем аўтара, нават блог гэтага гісторыка ўтрымлівае хіба некалькі бяздоказных згадак, зь якіх можна меркаваць, што памыляецца той, хто лічыць «быццам бы Літва (славянская, у межах РБ) і Русь (Падняпроўская) — гэта адно і тое ж»10.

Гэты элемэнт, які ўдакладняе ліцьвінскі праект думкай аб неўсьвядомленым, аднак актуальным унутраным падзеле беларускай зямлі на два спрадвечныя рэгіёны, у межах якіх цягам стагодзьдзяў рэалізуюцца розныя цывілізацыйныя ўстаноўкі, выглядае найбольш палемічна пэрспэктыўным з усяе масы складовых сучаснай ліцьвінскай ідэалёгіі. Ён, гэты элемэнт, пакуль далёка не апанаваў сучасную палемічную публіцыстыку ў Беларусі і наогул выглядае незаслужана ігнараваным. Ня-цэласнасьць, дыхатамічная разарванасьць Беларусі на Ўсход і Захад як вынік працяглага суперніцтва лацінства зь бізантызмам дасьледчыкамі рэдка атаесамляюцца з канкрэтнымі гістарычна-культурнымі рэгіёнамі. Найноўшая публікацыя на гэты конт — артыкул А. Белага ў «ARCHE» № 10 за 2007 год «Як разьмежаваць Літву ад Русі?».

У аўтара заходняя частка Беларусі, Літва — гэта рэгіён, адрозны ад Русі цэлым шэрагам культурных адметнасьцяў на працягу амаль усяго гістарычнага далягляду. Сярод такіх адметнасьцяў — цывілізацыйны выбар на карысьць «лацінскай зьменлівасьці» замест трыманьня за «рускую» старыну, характэрнага на ўсходзе. Асаблівасьці структуры землеўладаньня, непрыняцьце К.Сьцёла на ўсходзе Беларусі, розьніца ў стаўленьні да воінскай павіннасьці, нераўнамернасьць пашырэньня магдэбурскага права, нават нетрываньне габрэйскага насельніцтва ў Магілёве, на думку дасьледчыка, сыгналізуюць пра істотныя рэгіянальныя адметнасьці на беларускіх землях у гістарычнай пэрспэктыве. Абсалютызаваць гэты падзел, аднак, аўтар не сьпяшаецца, пра што сьведчыць безьліч такіх агаворак, як «мабыць», «верагодна», «магчыма» па тэксьце і таксама выснова аб неабходнасьці «далейшай распрацоўкі з (...) выкарыстаньнем сучасных мэтадаў апрацоўкі статыстычнай інфармацыі» праяваў гэтага падзелу.

Калі гэтая далейшая распрацоўка будзе праведзеная аб’ектыўна і дасьць неаспрэчныя доказы істотных рэгіянальных адрозьненьняў у Беларусі, можна не сумнявацца пра атрыманьне тэарэтыкамі найноўшага ліцьвінства яшчэ аднаго аргумэнта. Аднак аргумэнта не бясспрэчнага, бо рэгіянальныя адрозьненьні ў гістарычным мінулым далёка не вынікаюць у нацыябудаваньне, нават такое экзатычнае, як «найноўшы ліцьвінскі сэпаратызм». Акрамя таго, доказу і прыкладаў патрабуе думка, што рэгіянальныя адрозьненьні былі сучаснымі нейкаму рэгіянальнаму ідэйнаму супрацьстаяньню, што яны прасочваліся «па гарызанталі» больш выразна, чым «па вэртыкалі», і шмат іншага.

Акрамя адзначаных вышэй ліцьвінскіх праектаў, элемэнты дасьледаванай тут ідэалёгіі прасочваюцца таксама ў асяродках балтафілаў-нэапаганцаў, аб’яднаных вакол «Цэнтру этнакасамалогіі KRYUJA» і альманаху «DRUVIS», аднак з разгляданай намі тэмы крыўска-балцкі праект выпадае, з тае прычыны, што палітычнай ангажаванасьці ня можа мець, бо немагчыма на аснове генэтычных дасьледаваньняў давесьці, чаму людзі, напрыклад, павінны галасаваць на выбарах так, а не іначай. Разам з тым нельга выключаць, што ідэя балцК.Сьці беларусаў дадаткова напаўняе патэнцыяй любую ліцьвінскую канцэпцыю11.

  8 Вылучана мной. — А. Б.

9 Хутчэй, канечне ж, культурную, аднак пры мізэрнай сацыяльнай прадстаўленасьці ліцьвінаў розьніца перастае мець значэньне.

10 Запіс за 28.11.2007, які, між іншым, стаўся рэакцыяй сп. Белага на мой артыкул у ARCHE ў № 10 за 2007 г.

   
Крыўска-балцкі праект таксама заняты выяўленьнем з масіву сучаснай і гістарычнай беларускай культуры (як духоўнай, так і матэрыяльнай) элемэнтаў, інтэрпрэтаваных як балцкія, што ў прынцыпе бяскрыўдна, калі ўспрымаць гэты працэс як этнаграфічнае дасьледаваньне.

Адзначым таксама, што ўсе вышэйадзначаныя ідэалягічныя праекты «ліцьвінаў» маюць агромністыя базы доказаў, што нескладана сабраць пры шматзначнасьці паняткаў, ужываных як этнонімы ці палітонімы адносна насельніцтва сучаснай Беларусі ў гістарычнай пэрспэктыве.

Большасьць ліцьвінскіх праектаў скіраваныя на карэкцыю сучаснасьці і наракаюць на непаўнавартаснасьць рэпрэзэнтацыі ў сучаснай беларускай нацыянальнай канцэпцыі ліцьвінскай спадчыны. У прыватнасьці, сучасныя «ліцьвіны» зазначаюць, што такія мэнтальныя рысы, як эўрапейсК.Сьць і талерантнасьць гістарычных ліцьвінаў, засталіся незасвоенымі сучасным беларускім грамадзтвам12, прычым яны ўспрымаюць гэта як віну беларусаў.

Аднак беларусы, такія заганныя, як ёсьць, — існуюць, а «ліцьвінаў» жменя, што выклікае ў сэрцах апошніх заканамерны гнеў, бо валодаючы рэалістычным, а не рамантычным поглядам на працэс беларускага нацыябудаваньня13 ў XIX—XX стст., «ліцьвіны» не разумеюць (а калі разумеюць, дык не згаджаюцца прыняць), чаму зь верагодных этнічных праектаў «бацькі нацыі» свой час выбралі менавіта беларускі, а не ліцьвінскі, і таксама — чаму вонкава падобны шлях да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў і ліцьвінаў прывёў да неаднолькавага выніку. Такі дзяржаўны праект, як згаданая Сярэдняя Літва, успрымаецца імі як зьява, што мусіла даць ня меншы цывілізацыйны імпульс для паўстаньня на мапе Эўропы ліцьвінаў, чым БНР у справе беларускага нацыябудаваньня. Гістарычныя заканамернасьці тут бачацца імі як праявы валюнтарызму, а значыць — як гістарычная несправядлівасьць, што ў сваю чаргу вымушае найноўшых «ліцьвінаў» будаваць тэарэтычныя мадэлі паўстаньня такой сучаснасьці, дзе пасіянарнасьць гістарычных ліцьвінаў і іх мэнтальнае багацьце аказаліся б не расьцярушанымі па сьвеце, а клапатліва сабранымі ўдзячнымі продкамі ў моцны і высакародны народ. Пры ўсёй прывабнасьці гэтай жаданай мадэлі сучаснасьці яна мае прэтэндаваць на рэалізацыю ў пэрспэктыве роўна да таго моманту, да якога звычайна існуе рамантыка — да моманту сутыкненьня з рэальнасьцю.

11 Характэрна, што адзін з улюбёных аб’ектаў крытыкі для «найноўшых ліцьвінаў» — гэта Мікола Ермаловіч, які настойваў на славянскасьці гістарычнай Літвы.

12 «Легенда пра «беларускую талерантнасьць» насамрэч паходзіць менавіта з Новай Літвы, — піша ў сваім блогу А. Белы. — Уласна ж Белая Русь (...) зьяўляецца цытадэльлю ксэнафобіі, беларускага шавінізму нацыянал-сацыялістычнага кшталту».

13 Прызнаем, што нярэдка ў беларускай публіцыстыцы працэс фармаваньня беларускай нацыі падаецца як дзіва дзіўнае, што ня можа не дадаваць скепсісу ў веры ў нацыю.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 12 (63) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/03/30