A R C H E П а ч а т а к № 3 (66) - 2008
Пачатак  Цалкам Форум


3 — 2008

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • палеміка • гісторыя • рэцэнзіі

 


палеміка

  Васіль Аўраменка

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1-2’2008)

   ARCHE (12’2007)
   ARCHE (11’2007)
   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Васіль Аўраменка
Новыя межы:
чыіх рук справа?

Дзякуй айцу Віктару Місевічу (№ 12 за 2007 год) за ўважлівае прачытаньне і крытыку майго опусу «Самагубства і эўтаназія». Думаю, што менавіта крытыка найлепшым чынам спрыяе самаўдасканаленьню і пошуку ісьціны. Не хацелася б пачынаць філязофскую дыскусію, стаўшы ў позу праваслаўнага ці якога іншага атэіста, бо катэгарычна адмаўляць існаваньне Вышэйшай Сілы я не магу, гэтак жа, як і прывесьці пераканаўчыя доказы яе існаваньня. Калі ж мяне карціць ужо неяк абазваць, то дакладней будзе сказаць «агностык», слова даўно вядомае ў філязофіі і не такое спалітызаванае, як «атэіст», за якім цягнецца змрочны сьлед зь мінулага стагодзьдзя.

Адмаўляць існаваньне Бога гэтак жа бессэнсоўна, як існаваньне ў чалавека здольнасьці думаць і верыць. Калі з чалавека «выняць» Бога, то чалавек ператворыцца ў абярэмак хаатычных цытат, разбэрсаных памкненьняў і прымітыўных рэфлексаў. Гэтак жа і Бог, пасьля зьнікненьня апошняга чалавека, стане нікім не адчувальны, няісны і непатрэбны. Бадай тое самае і з рэлігіяй: адмаўляць яе ролю ў гісторыі можа толькі той, хто тае гісторыі ня ведае. Мы ўсе (беларусы) трывала стаім на плячох хрысьціянства, як яно ў сваю чаргу на плячох юдаізму і паганства. Любая канфэсія, любая рэлігія — гэта спосаб упарадкаваньня сацыяльнага і асабістага жыцьця, апрабаваны часам і досьведам многіх пакаленьняў.

У савецкую эпоху быў папулярны лёзунг: «Рэлігія — опіюм для народу». Аднак яшчэ старажытныя заўважылі, што атрута і лек — ёсьць адной субстанцыяй, а справа бадай толькі ў дозе. Тое, што народ, пазбаўлены духоўных лекаў, становіцца хворым, мы бачылі ў савецкія часы. Але ж ці будзе здаровым перасычаны імі? Вопыт хрысьціянскага фанатызму, ісламскага фундамэнталізму ды іншых рэлігійных празьмернасьцяў дае нам адказ і на гэтае пытаньне. Вось тут і паўстае праблема межаў — дабра і зла, карысьці і шкоды, дазволенага і недазволенага, асабістай годнасьці і відавога эгаізму чалавека.

Былі часы, калі на гэтыя пытаньні меліся ясныя, адназначныя адказы і манаполія сьвятарства тут была агульнапрызнанай. Праўда, мэтамарфозы дабра і зла існавалі заўсёды і, напрыклад, рабаўладальніцтва ў свой час было зьявай прагрэсіўнай, а многія першабытныя плямёны прасіліся ў рабства, каб займець ў гаспадара сталае жытло, харч, абарону, працу, доступ да новых тэхналёгій. Добра вядомы біблійны прыклад, калі супляменьнікі Язэпа, сына Ізраіля, з ахвотай пайшлі «гастарбайтарамі» ў Эгіпет ды й засталіся там на доўгія часы. Гэтак жа і фэадалізм у наступную эпоху быў станоўчай зьявай ня толькі ў эканамічным, але і культурна-духоўным сэнсе. І было тое ня так даўно, бо, напрыклад, аўтар рамантычных пастараляў, апявальнік ідыліі між панамі і прыгоннымі сялянамі, наш зямляк Дунін-Марцінкевіч жыў якіхсьці 150 гадоў назад. Гэта сёньня з «вышыні» постындустрыяльнага часу (і пад уплывам марксізму-ленінізму) мы можам ганіць і рабства, і прыгон як абсалютнае зло, але ў свае часы яны былі нармальным станам грамадзтва, асьвечаным, між іншым, і царквой. Дарэчы, нашчадкі даўніх рабоў-глядыятараў ёсьць і сёньня — тыя самыя прафэсійныя баксэры, хакеісты, футбалісты, якіх і прадаюць-перапрадаюць, і трымаюць, канечне, не ў ланцугох, але ў пэўных межах кантрактаў і дамоваў. Але ж колькі ахвотных пайсьці дарогай Ляховіча, Зыдана і Глеба! Вось так «зло» былога рабства ператварылася ў «дабро» сёньняшняга, і ўжо раб-прафэсіянал эксплюатуе мільёны аматараў — нявольнікаў спартовых відовішчаў, зарабляючы на іх грошы, якія і ня сьніліся ранейшым рабаўладальнікам. Аднак гэта адзін, бадай анэкдатычны, прыклад парадоксаў сучаснага грамадзтва. Існуюць і больш сур’ёзныя, глыбінныя зрухі ў нашым жыцьці, на якія няма і не магло быць адказу ў тэкстах, створаных 2 ці 3 тысячы гадоў назад.

Вядома, Біблію можна чытаць і тым больш тлумачыць па-рознаму.

Яскравы ўзор таму — гісторыя сьведкаў Еговы. Калісьці адэптамі гэтай рэлігійнай супольнасьці адна з цытатаў Бібліі, у якой ішла гаворка пра кровазьмяшэньне, была трактавана як забарона на пераліваньне крыві. Вядома, у старажытнасьці ні пра якія гематрансфузіі ніхто не казаў. Але ж гэтая «памылка» была выпраўленая зусім нядаўна, і многія вернікі — сьведкі Еговы, хто згубіў сваіх блізкіх (часам дзяцей) праз адмову ад выратавальнага пераліваньня, задаюцца сёньня пытаньнем: хто вінаваты ў іхніх трагедыях і ці былі патрэбны гэтыя ахвяры. Хацелі б мы таго ці не, аднак ужо відавочна — многія зьявы, што раней былі прэрагатывай Бога (паводле іншай вэрсіі, прыроды), сёньня сталі даступныя і для чалавека. Вось іх кароткі пералік:

а) пазбаўленьне жыцьця (спароны, самагубствы, эўтаназія),

b) стварэньне жыцьця (штучнае апладненьне, сурагатнае мацярынства, кланаваньне),

c) штучны працяг жыцьця (перасадкі, кланаваньне і пратэзаваньне органаў, ствалавых клетак, тэхналёгія падтрымкі вітальных функцый пасьля клінічнай сьмерці або сьмерці мозгу, замарозка чалавека),

d) імітацыя жыцьця (штучны інтэлект, віртуальнае «жыцьцё» пасьля фізычнай сьмерці і г. д.)

Што зь іх ёсьць дабром, а што злом? Што вядзе да выратаваньня асобнага чалавека, а што да дэградацыі супольнасьці або ўсяго віду homo sapiens? І ці дэградацыі толькі біягенэтычнай, альбо і сацыяльнай, і духоўнай? Пытаньняў шмат, і пры іх вырашэньні непазьбежна ўзьнікнуць супярэчнасьці між традыцыяналістамі (у першую чаргу адэптамі цэркваў) і наватарамі (навукоўцамі, бізнэсоўцамі ад біятэхналёгій), між кансэрватарамі і лібэраламі, ідэалістамі і прагматыкамі, нават канфлікт асобнага чалавека з інтарэсамі грамады. А паколькі большасьць з вышэй згаданых праблемаў маюць ня толькі маральны і фізыялягічны, але і прававы, эканамічны, сацыякультурны і тэхналягічны аспэкты, то ў абмеркаваньні мусяць узяць удзел ня толькі сьвятары і мэдыкі, але і юрысты, палітыкі, сацыёлягі, філёзафы, навукоўцы. Відаць, прыйсьці да агульнага рашэньня ў многіх пытаньнях будзе няпроста. Вопыт барацьбы супраць спаронаў сьведчыць, што катэгарычна забараніць новыя мэтады ўплыву на жыцьцё і сьмерць наўрад ці ўдасца, але абмежаваць іх, паставіўшы пад грамадзкі і заканадаўчы кантроль, цалкам магчыма. Трэба толькі зь цярпеньнем і павагай ставіцца да любога меркаваньня, хай яно зыходзіць ад верніка, агностыка ці нават зацятага атэіста. Урэшце, рацыя даказваецца словамі, а правяраецца справамі і самім жыцьцём. Тое, што застаецца жыць і дае жыцьцё іншаму, і ёсьць праўдай. Праўда — яна ў жыцьці.

І напрыканцы яшчэ колькі словаў пра эўтаназію. Я не вялікі прыхільнік гэтай практыкі і сам ня меў да яе дачыненьня, як мо падалося сп. Місевічу. Больш за тое, мяркую, што ў Беларусі гэтая зьява ня мае права на існаваньне з адной простай прычыны: у нас няма сталых дэмакратычных традыцый і грамадзкага кантролю нават над элемэнтарнымі сацыяльнымі працэсамі — выбарамі, выкананьнем законаў, дзейнасьцю мясцовай улады. У дзяржаве, дзе ўсё вырашае тэлефоннае права і самавольства начальства, а праз карыстаньне беларускай мовай адпраўляюць у псыхлякарню, можна ўявіць, якіх «дроваў» наламаюць гаспадары «высокіх тэлефонаў» у такой далікатнай справе, як эўтаназія. У прасунутых дэмакратычных краінах, дзе існуюць празрыстыя мэханізмы прыняцьця рашэньняў, рэальна дзейнічаюць законы, а грамадзяне сьвядома і звыкла нясуць адказнасьць за свае ўчынкі і перакананьні, такая практыка ў выключных выпадках, абумоўленых законам, мэдычнымі паказаньнямі і выяўленьнем волі самога хворага, думаю, магчыма. Зноў-такі, гэта больш па-людзку, чым вымушаць невылечных пакутнікаў засільвацца ў ложку ці труціцца чым папала. Хоць вядома, і ня менш трагічна, як і любая чалавечая сьмерць. З маральнага боку самае цяжкае тут тое, што частку «віны» паміраючага вымушаны браць на сябе суўдзельнікі працэсу эўтаназіі — мэдыкі, юрысты, сваякі, палітыкі (аўтары адпаведных законаў). Але калі падлічыць, колькі ў гісторыі было малых і вялікіх уладароў, законьнікаў, судзьдзяў, катаў і проста людзей з натоўпу, што крычалі «распні!» і так ці йнакш прычыніліся да сьмерці да сябе падобных, і колькі людзей працягвае забіваць «братоў нашых меншых», а ўсе астатнія рэгулярна «прычашчаюцца» тым целам, то сытуацыя не падасца такой унікальнай і жахлівай. Грамадзтва даўно навучылася дзяліць адну вялікую віну на мноства дробных правіннасьцяў. (А калі «вінаватыя ўсе»— то віны проста няма!) Апошнім чалавекам, які ўзяў на сябе ўсю адказнасьць, здаецца, быў Адам. З таго часу мы проста шараговыя (часьцей дробныя) грэшнікі, і эўтаназія мала што тут зьменіць. Тым больш, што гэтая зьява будзе не такой пашыранай, і ў маштабах нашай краіны стане вымярацца ня сотнямі, а мо нават і не дзясяткамі выпадкаў. Думаю, у савецкія часы сьмяротных пакараньняў было больш, чым магчымых сёньня эўтаназійных эпізодаў. Мо ў гэтым ёсьць нейкая гістарычная заканамернасьць: калі людзі прыходзяць да разуменьня шкоднасьці вымушана-гвалтоўнай сьмерці, то пачынаюць задумвацца над сьмерцю вымушана-добраахвотнай.

Ёсьць над чым падумаць і паспрабаваць намацаць тыя межы, да якіх мы сёньня гатовы дайсьці і за якімі канчаецца тое, што завецца сучасным чалавекам.

прафэсійны лекар, жыве й працуе ў Магілёве.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 1-2 (64-65) 2008

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/06/18