A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


кніга

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Джэрам Чарын
Чарнавокая задумлёнка
з Магілёва

[ І. Ліст з Магілёва ]   [ II. Бэмбі ]   [ III. Лішай ]
[ IV. Дзіця пустыні ]   [ V. Мадам Кюры ]   [ VI. Уаят Ірп ]

 ІI
Бэмбі

Джэрам незадоўга да пачатку гісторыі. З прыватнай калекцыі

Атрымаўшы вестку ад Мардэхая, мама зноў заўважыла мяне. „Які ты худзенькі, маленечкі мой“. Яна пракінулася са свайго хваравітага забыцця і ўзгадала, што ўжо цэлы месяц не хадзіла па крамах. Пакупкамі займаўся „маленечкі“. Калі мне трэ было з мамінага кашалька расплаціцца з мясніком, я паслугоўваўся ўласнымі пальцамі замест лічыльніка і вучыўся таргавацца як багатыр. Я ўсё яшчэ не ведаў азбукі, не ўмеў дзяліць ні цэлыя, ні дробы. Вайна рабіла з мяне непісьменца, і чарнавокая задумлёнка сама ўзялася за маю адукацыю. Раз Бронкс не парупіўся пра чыннасць пачатковай школы, яна заснуе яе сама.

Мы вывучалі азбуку на пару. На вячэрніх курсах яна была найлепшай вучаніцай у класе, марыла стацца вучонай, як мадам Кюры. Яна зберагла вясельны падарунак аднакласнікаў — асобнік „Бэмбі“. У гэтай кнізе мы і шукалі схову. Той лес, што заселены гаворачымі звярамі і даймальнымі птушачкамі, выводзіў нас за межы Бронксу, і паступова Фэйгеле ўзнавіла ў памяці калюкасты абшар ангельскай мовы, забыты ёю пасля таго, як яна кінула вячэрнія курсы.

Мы мусілі засяроджвацца на кожным слове, катаць і катаць яго на языку, пакуль яно не ўпакорвалася і адтаемнівалася нам. Словы, прывязаныя тросам, падлётвалі, што чаўны на ўсшумелым моры, і нам, бы капітанам дальняга плавання, належала быць чуйнымі, калі мы хацелі ўсё-такі навучыцца чытаць. На тое, каб адолець першую старонку, нам спатрэбіўся цэлы тыдзень; надатны компас у нас меўся (слоўнік, знойдзены мной у баку для смецця), аднак, як выявілася, компас не дужа надзейны, амаль гэткі ж складаны для чытання, як і „Бэмбі“, пакуль мы не разабраліся ў пэўных яго зазнаках. І тады ён выкіраваў нас на глыбокую плынь кнігі, і мы абое расплакаліся: гэткім памоцным выявіўся эліксір, які даваў змогу прачытаць гісторыю маленькага аляняняці і ягонай мамы, на месцы якіх выдатна маглі б быць Фэйгеле і я.

Калі Бэмбіна мама загінула ад рук паляўнічых, схаваных пад імем „Ён“, наша чытанне перапынілася на цэлы месяц. Мы не маглі прадаўжаць плаванне, нават з компасам. Бацька заспеў нас у слязах. „Вар’яты, — сказаў ён. — Толькі вар’яты даюць веры таму, што напісана ў кнізе“.

Тата быў не чытач. Да яго не даходзіла, як можна правіць жалобу па тых, хто гіне на паперы. А нам Бэмбі і яго мама былі даражэйшыя за ўласную кроў, за ўласныя косці. Калі смутак адлёг, мы вярнуліся ў кнігу і ўжо вельмі абачліва апрацоўвалі словы, бо нам, пачаткоўцам, можна было толькі пакрысе ўбольваць сваё сэрца. Мы стараліся паводзіцца так, быццам пільнуючы, каб не сапсаваць добрага настрою сяржанта Сэма, але мы да рэштачкі былі адданыя Бэмбі. Я выдатна разумею, што казаць так жорстка, аднак я не заўважыў ані драбку падабенства паміж маім татам і татам Бэмбі, старым пушчанскім валадаром, які, нягледзячы на сваю веліч, так горача любіў Бэмбі. Сэм са сваёй каскай, нарукаўнай павязкай і бравай хадой мог хіба быць адным з паляўнічых, што выкасоўвалі жывёлінаў у іхных лясных жытлішчах або прыручалі іх. Як на мой розум, гэта быў чалавек са зброяй.

Мы з мамай сшалелі ад радасці таго дня, калі Бэмбі адваяваў у двубоі маладую самічку і заўчашчаў да Фаліны. Фэйгеле смяялася і мацала маю галаву ў пошуку гузоў на чэрапе.

„А Джэромавы рожкі дзе?“

Ды рожкаў у мяне і быць не магло: я быў малым хлапчаняткам, змушаным разам з Фэйгеле павольна-павольна агорваць сваю першую кнігу. Бэмбі зняможваў нас: урэшце, нас пачала браць злосць. Мы не мелі ніякай сілы ўзяцца за новую кнігу, нашы душы так і заставаліся ў лясных нетрах. Я глядзеў, як Фэйгеле запальвае цыгарэту, наўздагад разгортвае кнігу, прапусціўшы старонкі праз пальцы, і нараспеў выводзіць: „Бэмбі перасмыкнуў нагамі і рынуўся на Роні (маладога самца, які дужа цікавіўся Фалінай)“.

— Мама, — кажу я, — а што такое перасмыкнуў?

— Гэта калі пераскокваюць цераз смык.

— Але ж у лесе смыкі не валяюцца, мама.

— Тады гэта таямніца.

— А давай папытаемся ў Чыка?

Мой „дзядзька“ перастаў прыязджаць да нас. Ён ведаў, што тата зноў улез у хамут паветранага чувача. А Чык не любіў прыходзць з задняе брамы. Раз ён не мог прыехаць „кадылакам“, дык ён лічыў за лепшае зусім не з’яўляцца. Мець дзядзьку на чвэрць стаўкі, які выказвае вам знакі ўвагі толькі тыдзень ці два ў год, было данемагу: Чык падобніўся да старога пушчанскага валадара, гордага і пачцівага, але заместа рагоў у яго былі харчовыя карткі.

 
   

 
Мама ніколі б не стала сама шукаць Чыка, але яе самую заінтрыгавала слова „перасмыкнуць“. Яна ўзброілася купай касметычных цюбікаў і ўзялася наводзіць красу перад люстэркам; затым мы сышлі ўніз па лесвіцы і пешшу рушылі ў „Сумныя арлы“. Вялікі беларускі абед закончыўся гадзіну таму. Заля „Сумных арлоў“ абязлюдзела. Па рэстарацыі быццам прайшоўся ўраган. На сталах не заставалася ані пірагоў, ані піражочкаў з кіслай капустай. Зніклі ўсе кававыя цесткі з шакаладнай глазурай. Сотня пустых шклянак у срэбных падшклянках гасподзілі побач з апустошанымі вазачкамі са слядамі трускаўкавага сочыва. Калі мама ўвайшла, Чык сядзеў за бакавым столікам за шкляной пасярэбленай перабойкай і глядзеў у пустату. Ён быў кепска паголены. Сівыя валасы неўчасаныя. У каго іншага гэта мо было б і не заўважна, але ў Чыка, які замаўляў сабе гарнітуры ў Фаермана & Маркса, сама выкшталцонага краўца ў Верхнім Мангетэне, варта было аднаму чаравіку аказацца наглянцаваным меней дбайна, чым другому, як гэта адразу надавала яму выгляд бадзягі.

Ён жвава ўскочыў з-за стала ў сваім гарнітуры ад Фаермана, зашпіленым на гузікі з аранжавымі крыжыкамі. Аранжавая была і кішэнькавая насоўка, і запінкі таксама былі з аранжавым.

— Фэйгеле! Няўжо твой сяржант зараз дзесьці на моры?

— Марак тут ні пры чым, — паклала яна на стол „Бэмбі“.

Чык не злез з афіцыянта, пакуль той не прынёс шклянкі чырвонай, бы кроў, гарбаты і апошняе ўва ўсім Бронксе рускае кававае цестачка. Затым ён зноў уссеўся на месца, схіліўся над кнігай з падзёртым каранцом і зацёртай вокладкай, на якой галаву Бэмбі ўпрыгожвала карона рагоў, падобных да касцяных нажоў і відэльцаў.

„Кніга так кніга. Я чытаў яе сваім дочкам“.

Сваім дочкам? Чык ніколі не згадваў пра сваіх дачок у маёй прыстунасці. Ягоная заўвага балюча ўдарыла мяне. Выходзіць, яшчэ да знаёмства з Фэйгеле ў яго была жонка і адна ці дзве дачкі. Дык вось чаму мама не выйшла за яго замуж.

Яна паказала яму тую фразу ў кнізе.

„Перасмыкнуў“, — у задуменні прамармытаў ён. Чык вучыўся на юрыста, але напрыканцы першага курсу кінуў вучобу. Самы важлівы дыплом, як любіў ён казаць, яму выдалі ў Сынг-Сынг.

— Чыкі, а Рузвельт можа перасмыкнуць нагамі, ці не?

— Пры чым тут Рузвельт? Бэмбі можа перабіраць нагамі, сцяць мускулы, а Рузвельта з аленем навошта ж параўноўваць?

— Перасмыкнуць гэта перасмыкнуць, — падсумаваў я, а ён рассмяяўся.

Чык быў нашым тутэйшым Машэкам, ён патрошыў багацеяў і адзяляў бедных. Зрэшты, насамсправе нікога ён і не адзяляў… Дакладней сказаць, ён рабіў бедным вялікія скідкі, прадаючы ім вываркамі масла па сабекошце. Аднак ён умяшаўся ў справы іншага Машэкі, Дарсы Стэйплза, дантыста на службе ў Эда Фліна, вялікага бронксаўскага боса. Дарсы быў месцаахоўнікам Фліна, яго правай рукой, і ён, ірландскі пратэстант у габрэйскім акіяне, княжыў на Грэнд-Конкарс як ва ўласным княстве. Ягоным штабам была Дарсы-Армз, мекка, якой ён надаў сваё імя. Мекка, збудаваная са шклаваты, іржавага кабелю і нейкага губчатага цэменту, аднаго разу была ўжо рухнула. Пацукі выжралі шклавату, пакладзеную ў сцены, і падаліся сцякаць крывёй у лёхі будынку Дарсы. Чалавек гэты, як і Чык, займаўся махінацыямі з харчовымі карткамі і ваеннай кантрабандай, гэтаксама як Чык. Часта яны працавалі супольна. Аднак Дарсы заманулася пакараць Чыка. Ад сквапнасці, зайздрасці, звычайнай дакукі? Пяцігадовы хлопчык ніколі не патрапіў бы разгадаць прычыны падобнага суперніцтва. Дарсы валодаў значнай дзеллю паставак харчовых картак і таму браў Чыка за горла. Ён даводзіў, што ўрад устанавіў назіранне за ягонай штаб-кватэрай, што яму цяпер цяжка пастаўляць карткі і што Чык павінен ездзіць па іх сам.

— Ён заб’е мяне, Фэйгеле. Такія тыпы здатныя на ўсё.

— Мяне забіць ён не адважыцца.

— Гэта чаму?

— Ён мой дантыст.

 
   

 
Дарсы быў усіхным дантыстам. Пасядзець у ягоным крэсле прыязджалі пацыенты з Вэстчэстэру і з Лонг-Айленду. Чым ён і карыстаўся. Усе яго інтарэсы заключаліся ў воблачку эфіру і хлараформу. Так ён труціў сваіх ворагаў ці, наадварот, падбадзёрваў вяселячым газам якога сябра. Сядзіба Дарсы была сапраўдным перавалачным пунктам Бронксу. Там з усёй сваёй світай з’яўляўся і сам бос Флін, другі пасля Ф.Д.Р. чалавек на ўсходнім узбярэжжы. Бягучыя справы ён перадаручаў Дарсы. А той са сваёй бандай мог сяму-таму і чарэпаўку струшчыць, калі таго вымагала справа. Ён найбольш наймаў за грошы „бобікаў“, і тыя падзараблялі, дагаджаючы свайму зубному. Ён быў і маім дантыстам, ён частаваў мяне спецыяльнымі цукеркамі, ад якіх зубы не псуюцца. Прыгожы мужчына з сівінкай у валасах. Яго я любіў не так моцна, як Чыка, але я не меў большай уцехі, як на разе ўладкавацца ў ягоным крэсле. Дарсы казытаў у маім роце доўгай металёвай зубачысткай, загнёны кончык якой мякка пашалёхваў па маіх малочных зубах. Яму і не наўме было перадаручыць мяне будзь-каму са сваіх асістэнтаў: як жа, малы Чарын, собскі вучань чарнавокай задумлёнкі-настаўніцы.

Мы хадзілі да Дарсы, не запісваючыся папярэдне: каб дамаўляліся пра прыём праз сакратарку, давялося б чакаць таго некалькі тыдняў.

„Фэйгеле, — сказаў Чык, — я ўжо гатовы падарваць пад халеру Дарсыну камору. Не гуляй з ім у кошкі-мышкі. Зразу кажы, чаго прыйшла. Дамажыся ад яго тавару для Чыкі“. Аднак усё было не так проста. Дарсына камора месцілася акурат побач з адміністрацыйным цэнтрам Бронксу, і людзі без упыну снавалі між судом і сядзібай Дарсы. Кожны судзеец, які дбаў пра сваё заўтрае, мусіў звяртацца да дантыста. У выніку нам давялося сядзець у пачакальні ў таварыстве судзейцаў і паліцыйных старшынаў, пакуль зубы лячылі Дарсыны месцаахоўнікі. Чалавек дзесяць-адзінаццаць чакалі сваёй калейкі папераду нас, але калі Дарсы выглянуў з кабінету, ён падаў знак зайсці менавіта нам, не зважаючы на суддзю. Я падбег да крэсла і з аднаго падскоку апынуўся ў ім: седала было значна старэйшае і за Дарсы, і за боса Фліна; з дапамогай невялікага колца яго можна было і падвысіць, і паніжыць.

— Ах, спадарыня Чарын, я так рады бачыць вас. Ну што, у малючка зубкі забалелі? Ану, Бэбі, разяў роцік!

—Тут не звычайны зубны боль, — сказала мама.

— У такім разе, сядайце побач з Бэбі, займуся вамі абаімі запар.

— Зубы баляць у Чыка, доктар.

Дантыст крыху пазмрачнеў.

— Не, ён проста геній. Знайшоў сабе вярблюда.

— Так, — сказала мама, — я вярблюд.

„Вярблюд“ было паняццем у Бронксе, у асяродку дзялкоў чорнага рынку ўжываным. Вярблюды пастаўлялі кантрабандны тавар — у адным гарбе ці адразу ў абодвух.

— Я зайздрошчу Чыку. Мець справу з такім „вярблюдам“, як вы, адна асалода.

— Што, за сцяной сядзяць фінінспектары, што вы так гаворыце?

— Ну, вы што, хочаце, каб я абразіў сваю кліентуру? Што могуць падумаць мае пацыенты?

— Чым правінаваціўся Чык?

— Развёў дабрачыннасць у мяне пад носам. Цэны збівае. Прадае тавар адно галоце, якая ні з лесу ні з поля ва ўсіх сваіх бедах чамусьці пачынае вінаваціць мяне. Хоць чаго яны хочуць? Дык яны ж у Чыка ўсё амаль бясплатна бяруць. Але вартавы тут я, галоўны тут я, і ліміты цэнтаў тут, і ніжні, і верхні, вызначаю я, а не Чык. Перадайце яму гэта, дарагая Фэйгеле.

— Дам ведама, — сказала мама са сваім выглядам дасведчанай настаўніцы.

Дарсы даў ёй скрынку з-пад абутку, поўную харчовых картак, якую не трэ было хаваць у гарбе. Такая скрынка з’яўлялася своеасаблівай пазнамкай зубнога. Тэчкі былі ў Бронксе рэдкасцю. У 1942-м скуры было не дастаць. Яна значылася ў пераліку нармаваных тавараў. У судзе тут жа ўзяліся малпаваць валадара Грэнд-Конкарс: усе свае паперы яны таксама сталі насіць у запятай гумкаю абуткавай скрынцы. Каўчук таксама быў пад норму, і тыя зашпілкі адвакацкія былі не меней каштоўныя, чым малако, мяса і золата.

Мы вярнуліся ў „Сумныя арлы“, амаёмленыя абутковай скрынкай. Чык да рэштачкі страціў кантроль над сабой. Ён скакаў на сталах, усё папалудне піў гарэлку. Яго белыя валасы блішчэлі ў цёмных кутках пры самай столі.

— Ах, маляткі мае, — галёкаў ён са сваёй высокай курасадні і, як шаленец, ціснуў да грудзей абутковую скрынку, — сёння гуляем усе, Чык я ці не Чык?

— Як гэта гуляем? Мне трэба мыць картоплю, гатаваць для Сэма рагу.

— Я настойваю, Фэйгеле.

— Настойвай сабе, — сказала мама, — табе што, у цябе няма мужа, які есць, бы валоў шэсць.

— Дарагая, я папрашу повара, і ён згатуе яму абед.

— Толькі не называй мяне дарагой.

— Гэта ў мяне вырвалася, — сказаў Чык, абмінаючы сталы і выводзячы нас з рэстарацыі. Абутковую скрынку ён даверыў несці мне, а сам няцвёрда сунуўся побач. Мама ніколі не саромелася Чыкі. Яна ўзяла яго пад руку, каб падтрымаць у хадзе, і мы з спадарожным ветрам пераправіліся на іншы бок Грэнд-Конкарс, апынуўшыся пад паветкай нейкага кінатэатру.

 
   

 
Мы з Фэйгеле не былі дурнямі гатовымі. Па радыё можна было даведацца процьму ўсяго ўсялякага. Пра „Бэмбі“ быў і фільм зняты, але скуль мы маглі ведаць, што тая экранізацыя — найвялікшы поспех Галівуду? Угледзеўшы імя Бэмбі на паветцы, мы нават не ўсміхнуліся. Было такое адчуванне, быццам у нас захапілі тэрыторыю нашай кнігі, раптоўна вырвалі кнігу ў нас з рук. Мы і Чык зайшлі ў кінатэатр.

Калі на экране з’явіўся Бэмбі, мы страшэнна занепакоіліся, бо ведалі ж, які лёс чакае ягоную маму. Лес быў густы, змрочны, там і хаваліся паляўнічыя ды іх сабакі. Бэмбіна мама загінула, але ў нас не было слёз, каб аплакаць яе, бо з першага кадру нас перапаўняў ягоны смутак і жаль.

Чык, здаецца, разумеў прычыну нашага зацятага маўчання. „Чароўна, — сказаў ён, — але да кнігі яму ўсё адно далёка“. Мы вярнуліся дахаты без Чыка. Відаць, мы ўсё яшчэ былі пад уплывам фільму, бо нам мроілася, што мы на экране і вось-вось аднекуль з заканурку выскачаць паляўнічыя. Што сапраўды і адбылося. Яны напалі на Чыка каля самых „Сумных арлоў“, заўладалі пакункам з карткамі — вырвалі, а Чыка збілі. Іх было чацвёра — дзецюкоў з тварамі, заматанымі хусткамі. Ніхто пра іх нічога не сказаў пасля ў рэстаране, хоць не з неба ж яны ўпалі. Іх манеры небяспечна нагадвалі павадкі паліцыянтаў, якія потайкі працавалі на дантыста. Дарсы збавіўся-такі ад свайго суперніка на чорным рынку. Што не замінала яму заставацца нашым добрым прынцам: ён сам расплаціўся за пакой, у якім жыў у „Ліванскіх кедрах“ Чык. Вось як тыя Машэкі абыходзіліся адзін з адным.

Каб спатайка пабыць у шпіталі, мы з Фэйгеле мусілі высачыць момант, калі там не было жонкі Чыка і дачок. Маме не дужа прыемнілася яе роля падпольнай таечкі, але Чыка яна кахала і не намервалася здраджваць яму, пакуль ён, на шпітальным ложку, з чорнымі кругамі пад вачыма, плыў па сваім змрочным моры. Белыя валасы яго прыжоўклі. Нос і рот былі забінтаваныя. Мама спякла ў духоўцы кававае цестачка з міндальнымі арэшкамі і чорным шакаладам, як любіў Чыкі. Ён запіхнуў кавалачак пад бінты.

— Пікантна, — сказаў ён.

Чыкі балела, калі ён размаўляў, але я не мог не папытацца: „А што такое “пікантна”?“

— Кіславата і смакоўна, — выціснуў ён з сябе.

Нам трэ было сысці адсюль да прыходу ягонай жонкі. Я ўсё больш і больш даведваўся пра яе. Жонка ў яго была жах святы, звалі яе Марша, яна скончыла Гантэр Коледж і выкладала ангельскую мову ў коледжы Ўільям Говард Тафт, тым самым, што з’яўляўся неад’емным складнікам Грэнд-Конкарс. Яе баялася ўся вучэльня. Марша брала горлам. Яна магла абрынуць на чалавека процьму вымоваў, пры гэтым адначасова працягваючы цытаваць якога-небудзь класіка. Я зайздросціў Маршы, выкладчыцы ангельскай мовы, і мучыўся пры думцы, што калі-кольвечы сутыкнуся з ёю. Яна ж магла што хоч нам з мамай зрабіць, раз яна так магутна, так пікантна валодала мовай.

Аднак, выходзячы з палаты Чыка, мы сутыкнуліся зусім з іншай пачварай. З Дарсы Стэйплзам у плашчы з футравым каўняром, з шаўковым шалікам на шыі і букетам васількоў „вушкі д’ябла“ ў руцэ. Яго суправаджаў звыклы эскорт — суддзя і трое „бобікаў“.

— Добры дзень, Фэйгеле… Ах, вы праведалі ўжо Чыка. Якое паскуднае здарэнне! Каб чацвёра басякоў напалі на дзелавога чалавека… Да ўсяго, нават не тутэйшыя. Але яны паплацяцца за тое. Я ўжо распарадзіўся.

Мама выняла насоўку, склала яе і, як маскай, закрыла ёю перад дантыстам твар.

— А я, Дарсы, таксама нетутэйшы хлопец? — запытала яна, падштурхоўваючы мяне да выйсця.

Аднак з Бэмбінага лесу ўцячы немажліва. Сабакі паляўнічых ішлі за намі следам да самага дому. Сяржант Сэм ляжаў у пасцелі, апанураны, на руцэ ў яго была таўсцючая павязка, падобная да паружавелай ад крыві баксёрскай рукавіцы. У жаданні як мага хутчэй удаволіць патрэбы чарговага адмірала, які замовіў кажушныя куфайкі, тата ледзьве не адцяў сабе палец. Цяпер майстэрня мусіла падшукаць іншага майстра, які замяніў бы яго, пакуль гоіцьмецца пацяты палец. Ваеннае міністэрства не магло чакаць вяртання сяржанта Сэма. Адцяпер ён меў права на кампенсацыю за страту здароўя, але тая выплата была нашмат мальшай у параўнанні з пабочным прыбыткам, які ён атрымліваў звычайна. Дый іншае яго грызла. Адміралы спадзяваліся на яго, а ён праз гэты недарэчны выпадак не спраўдзіў іхнага даверу. Занадта заспяшаўся выкраіць той футравы каўнер, а лязо дрэнь, вось рука і схібіла.

Праз тыдзень ён вылез з ложка і надзеў чувачовую каску. Тата перамерваў вуліцы з рукой у скрывавелай „баксёрскай рукавіцы“, якую мусіў насіць на падвязцы, бо вольнай рукой трымаў вялізны ліхтар. Ён, пэўне, вельмі рамантычна глядзеўся тымі цёмнымі зімовымі начамі — людзі пачалі менаваць яго „Графам Монтэ-Крыста“. Тата ж пачуваў сябе зусім не рамантычна. Ягоны мозг апаноўвалі ўсялякія відзежы, нашэптваючы яму, што яго звольняць, што ён ужо ніколі больш не будзе старшым майстрам. Нават пераднавагодняя прэмія, якую перадаў яму патрон, не здолела заспакоіць сяржанта Сэма. Звычайны спосаб збавіцца, казаў ён, прагонныя, развітальны падарунак. „Бэбі, я паміраю. Патрымай мяне за руку“.

Я браў яго за руку. „Ды што ты, тата, не, няпраўда“.

Тым не менш, ён спакваля давёў сябе да такой дохлі, што ўжо не мог рухацца. Я мусіў учэсваць яго, пасабляць яму надзяваць жалезную каску, іначай ён перастаў бы спраўляць і свае чувацкія абходы. А дзе была Фэйгеле? Ён выпаў з кола яе зацікаўленняў. Выдавала на тое, што задумлёнка не намервалася ўдзельваць яму і найдрабнейшай крыхоткі свайго сэрца. Аднаго разу я павёў Сэма ў яго апорны пункт, лаўку на Шэрыдан-Авеню, які ўсе менавалі „Царквой“. Насамсправе ён і блізка не нагадваў царквы. Яго вітрына была зацемнена доўгай бруднай запавесінай. Мне мірсцілася, што я трапіў у грот. На сцяне віселі календары з выявамі аголеных жанчын, аднаСССС     к мне мажлівілася разгледзець толькі нейкую цьмяную бялёсасць, адну-дзве смуглявыя сісі. „Царква“ была мэблявана канапай без падушак, кандэлябрам, святло якога ледзьве давала разгледзець ягоны абрыс, і двума крэсламі, шэрай мэталёвай стойкай ды пісьмовым сталом у дадатак, за якім, як на троне, панавала нейкая жанчына. Яна, відавочна, распараджалася, каму дзе што рабіць. Падстрыжана яна была коратка, пальцы ў яе былі тоўстыя, а цыгарэты яна паліла па-мужчынску. Звалі яе Мірыям, і была яна невераемна тоўстая. На стале перад ёю ляжаў план нашага кварталу: вуліцы там глядзеліся як вузенькія чорныя роўчыкі.

— Чарын, — сказала яна пры зіхоткіх попелінках цыгары, якія ў дзіўных прыцемках гэтага гроту нагадвалі жывыя ранкі. — Я ж магу і каго іншага падшукаць заместа цябе. Табе няма ніякай патрэбы мучыцца, пакуль рука скалечаная.

— Са мной паходзіць Бэбі, — сказаў тата.

У „Царкву“ з вялікімі мяхамі за плячыма зайшлі яшчэ нейкія двое чувачоў. Яны павіталіся з сяржантам Сэмам і вывернулі змесціва мяхоў на стол. Мне не ўсё было відно, але я гатовы запрысягнуць, што ўгледзеў радыёпрыймач і тостэр. Тыя людзі былі „вярблюдамі“ ў касках. Яны карысталіся каменданцкай гадзінай дзеля пастачання ўласнага тавару. А ці часам і не дамушнікі яны, падумалася мне. Што ім у цемры залезці праз вакно на першы паверх і абабраць адну-дзве гасцёўні цягам свайго чування?

— Небагаты ўраджай, — сказаў першы, звяртаючыся да Мірыям.

— Не вярзі глупства пры хлопчыку, Джэкі.

— Малы ж не дурны, — сказаў другі.

 
   

 
Я выйшаў на вуліцу следам за Сэмам і, успіраючы ліхтар на клуб, шарыў ім па дахах; тата ж глядзеў строга перад сабой: Граф Монтэ-Крыста.

Увесь ранак ён быў у глыбокай задуме. Ляжаў і не кратаўся. Сям’ю залівала шырокая рака бацькавага смутку. Дзед загінаўся ў глухім прытулку. Браты паміралі ў курчах. Нічым не ўдавалася ўмовіць Сэма падняцца. Мне ж трэ было весці задумлёнку ў „Ліванскія кедры“.

На Чыка найшоў шаленец.

— Дантыст абабраў мяне да ніткі. Скраў увесь мой тавар. Ніводнай вываркі з маслам не засталося, ніводнай панчошкі, — стагнаў ён з-пад бінтоў.

— Паходзіш голы. Скуль дантыст ведаў, дзе ты ўсё трымаеш?

— Дык усё ж ляжала ў „Сумных арлах“, у адзаднім пакоі.

— Чорны рынак у рэстаране? Я там больш не буду есці.

І ўсё-такі мы пайшлі ў кантору Дарсы. Дантыст адразу ж прыняў нас. Нават не прапануючы мне сесці ў крэсла.

— Ну што, дарагая Фэйгеле, пагаворым пра справу?

— Пра махлі, дарагі Дарсы. Хацелася б, каб вы не былі ажно гэткім скнарам. Вярніце спадарова шпіталізаванаму спадару.

— Я патуль не дам яму спакою, пакуль ён не здохне… Ці пакуль ты не пяройдзеш працаваць на мяне.

— Вы маеце патрэбу ў асістэнтцы, якая танчыла б галячком?

— Не, кабарэ — гэта не маё, — сказаў Дарсы. — А вось картачны стол я трымаю. Выключна легальна. Кожную пятніцу папалудні на гульню да мяне прыходзяць судзейцы, цырульнікі і акруговы старшыня.

— І я павінна буду раздаваць ім канапкі?

— Я хачу, каб ты раздавала ім карты.

— Я не гулец.

— Во-во. І людзі давярацьмуць прыгожай жанчыне з пяцігадовым хлопчыкам.

— Яму хутка шэсць.

— Фантастыка. Прыходзь з Бэбі. Мне не патрэбна прафесіяналка. Мне патрэбна такая жанчына, якая здольна глядзець мужчынам наўпрост у вочы, нават калі яна за цэлы вечар раздасць ім толькі дзве двойкі.

— Вы сказалі, папалудні.

— Я вольна абыходжуся са словамі, дарагая Фэйгеле, але не з табою. Твой муж хварэе. Я не магу вылечыць яго, аднак прапаную табе сто даляраў за адно папалудне; звыш таго, я самаруч перанясу ўвесь Чыкаў базар у яго зашмальцаваны рэстаран.

— Беларускі рэстаран з найлепшай у свеце кухняй.

— Наконт меню я нічога кепскага не скажу. Ну што, згодна працаваць на мяне?

— І вы зробіце так, што ў Бронксе ўжо аніхто не кране Чыка?

— Пакуль я жывы.

— Тады я раздавацьму карты… А што такое дзве двойкі?

Дарсы зарагатаў. „Госпадзе, я закаханы ў гэтаую жанчыну“.

Ён павытурваў рэшту пацыентаў, выштурхаў іх з кабінету; усё папалудне мы гулялі ў покер у Дарсынай прыватнай гасцёўні.

Я хадзіў з задумлёнкай не на кожны ўрок гульні ў покер. Мне трэ было рупіцца і пра бацьку. Яна гатавала яму, мяняла перавязку, спала з ім у адным ложку, аднак, здавалася, думкі яе блукалі за блізкім светам ад сяржанта Сэма. Мама нашмат абагнала мяне па веданні англійскіх словаў. Дарсы навучаў яе круп’ерскай мове. Цяпер яна ўмела лічыць і раздаваць жэтоны, спрытна здаваць карты на аксамітавы настольнік, пры кожнай здачы прыспеўваць: „Флаш, любыя пяць картаў… пара тузоў… фул“.

Мама ўзяла мяне з сабой на сваю першую партыю. Яна апранулася ў блакітную сукенку. Гульцы не маглі адвесці ад Фэйгеле вачэй.

— А бадай цябе ліха! — усклікнуў Фрэд Р.Лаенз, акруговы старшыня. — Ты ў самое сэрца б’еш, Дарсы. Ты не маеш права гэтак узбройвацца на покер. Гэта несумленна. Пры ёй я ніколі не наважуся ачоліць флаш каралём.

— Вы жадаеце, каб я замяніў банкамётку, спадару Лаенз?

— Спрабуй толькі, зразу на той свет адпраўлю. Здавацьме яна, і толькі, і павек вякоў.

— Гэта не цыркавы звярок, спадар Лаенз. Яе завуць Фэйгеле, і прашу вас звяртацца да яе на імя.

— Фэйгеле, Фэйгеле, — прамармытаў бронксаўскі старшыня. — Джаан Кроўфард, я ж не сляпы.

— Кроўфард, Джаан Кроўфард, — падтакнулі астатнія гульцы.

— А я вам кажу, што яе завуць Фэйгеле. Я ніколі не прыняў бы Джаан Кроўфард у гэтым доме. Што да хлапчаняці, дык гэта малючок Чарын. Для сяброў папросту Бэбі.

Між іншым, Фрэд Р.Лаенз не памыляўся. Мама магла б сысці за меншую блізнючку-сястрычку Джаан Кроўфард. Абедзьве былі чарнавокімі задумлёнкамі. Адную клікалі Люсыль Лё Сюёр, і нарадзілася яна ў Сан-Антоніё, у Тэхасе. Другая звалася Фані Палей і родам была з Беларусі. Адна, перш чым стацца цудоўнай задумлёнкай M.G.M., была прыма-танцоркай у мюзік-холе і круп’еркай у Дэтройце. Другая была сірата і дасканаліла сваю ангельскую мову ў сама шыкоўным коле бронксаўскіх гульцоў.

Дарсы любіў казаць, што я ягоны шэрыф і што менавіта я сама надзейна ахоўваю Фэйгеле. Але мама не мела патрэбы ў шэрыфе. Я ўскарабуньваўся на высокі табурэт з прыступкамі, па якіх я мог сам і залазіць туды, і злазіць. Аб’ядаўся чыпсамі. Адказваў на тэлефанаванні Дарсы. Зубамі раздзіраў цэлафанавую абгортку новай картачнай калоды, а мама тым часам паліла цыгарэту за цыгарэтай і адзіна моцай сваіх чорных вачэй кантралявала гульню. Пры патрэбе яна ляпала якога-кольвечы гульца па руцэ.

„Не падглядвайце ў карты суседа, спадару суддзя“.

Ніхто не прававаўся з ёю, ніхто не абураўся. Фэйгеле была гаспадыняй гульні. Па скорым часе людзі аж за грудкі браліся, каб сесці згуляць у покер за яе сталом. Гульцы заўсёды давалі ёй „гасцінца“, прычым ніколі не скупавалі. А я тыя жмукі пяці- і дзесяцідаляравых банкнотаў старанна запіхваў у кішэньку кашулі. Мы блізка што не сталіся багачамі той другой ваеннай зімой. Сяржант Сэм мог спакойна сядзець удома са сваім скалечаным пальцам. Цяпер яму не трэ было болей дрыжаць над кампенсацыяй.

 
   

 
Мама і Чык сталі працаваць супольна. Больш не было каму пастаўляць яму тавар. Пасля картачнай гульні яна на чорным лімузіне бронксаўскага старшыні праставала ў „Сумныя арлы“, каб даць распараджэнні Чыкавым „вярблюдам“ (хатнім гаспадыням і пенсіянерам-кажушнікам), што і куды належылася ім паставіць. Надвечар шэф рыхтаваў кошык з есцівам, які яна, з Бэбі вобак, несла ў „Ліванскія кедры“. Я кантрабандна, у нейкай Дарсынай абутковай скрынцы, праносіў у шпіталь маленькія пляшкі шампанскага.

Фэйгелін дзялок амаль паправіўся, бінты з яго рота і носа пазнімалі. Сінякі пад вачыма парабіліся бледна-зялёнымі. Крыху балела толькі рассечына на губе. Мы зачынілі дзверы Чыкавага пакоя і прымасціліся па краях ложку. Я наліў шампанскага. Ікра нагадвала малінавыя зярняткі кітайскіх яблычкаў. Мама падагрэла на радыятары бліны. Наш рускі кававы пірог мы елі з трохі цёплай шпітальнай гарбатай. Фэйгеле была наўзвеселі; не ад шампанскага, ад нервовага ўздыму, неабходнага, каб кантраляваць поўную гульцоў залю. Вочы яе пачалі мігацець. Яна туліла да сябе то Чыка, то мяне. Яна нават пайшла б у скокі з намі на ложку, выканала б нешта нейкае накшталт агнявічнага бронксаўскага канкану, але дзверы раптам адчыніліся, і ў пакой зайшла нейкая жанчына амаль таго ж веку, што і мама, даўганосая, на выгляд — невыразная пярэстарка. Яна цягнула ўласны кош з есцівам і дзвюх даўганосых дзяўчатак з невыразнымі вачамі. Не трэ было мець забагатае ўяўленне, каб здагадацца, хто гэта. Марша Айзанштат, святы жах Уільяма Говарда Тафта, і яе дочкі, Кардэлія і Анабэль Лі.

Чык жахнуўся, але на маіх вачах тут жа — ісцівы дзялок — узяў сябе ў рукі.

— Марша, — спакойна сказаў ён, — дазволь пазнаёміць цябе з маёй кампанкай, спадарыняй Палей-Чарын.

— Палеі з Парк-Авеню? — спыталася Марша.

— Не. З рогу Шэрыдан-Авеню і з Беларусі.

— Ах, тая Палей-Чарын! Круп’ерка і яе нібэнімэкалік.

— Вайна, — сказала мама, наможваючы ўсе свае граматычныя веды. — Пачатковыя школы зачынены. Не зневажайце майго сына, калі ласка.

Марша паглядзела на маму і ўбачыла, што яна зусім не з тых бронксаўскіх гулёначак, з якімі мог бы вадзіць шуры-муры яе муж цягам сваіх чорнарынкавых гастроляў. Чаранавокая задумлёнка вывела яе з раўнавагі, і Маршын матор адразу стаў даваць збоі. Фэйгеле была па-за дасягам артылерыйскіх снарадаў яе слоўнікавага запасу.

— Быдла, цыганы, — буркнула яна.

Шляхетныя жанчыны, што праўда, гэтак не мовяць. І яна выйшла з пакою ў купе з дочкамі, якія нават не чмокнулі таты.

— Клянуся табе, Фэйгеле, — сказаў Чык, — гэты шлюб адно дзеля прыліку.

Мама ўзялася збіраць рэшткі нашага абеду. Пустыя пляшкі з-пад шампанскага яна пакідала ў абутковую скрынку, рэшткі ж ікры выставіла на начны столік Чыка.

— А якія яшчэ шлюбы бываюць? — спыталася яна.

— Шлюб з табой.

— Ага. І жылі б мы ў лесе разам з Бэмбі і ўсімі, хто гандлюе на чорным рынку.

І мы, прыхапіўшы абутковую скрынку, пайшлі, і больш ужо ні разу не праведвалі Чыка ў шпіталі.

 

далей — да часткі III „Лішай“           

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000