A R C H E | H a b r e j s k i n u m a r | №
3 (8) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Джэрам Чарын
|
„Ваенная тайна“, — адказала яна. Патрон паехаў у Вашынгтон, у ваеннае міністэрства, на сустрэчу з флоцкімі чынамі, ды тата не меў патрэбы ў яго інструкцыях. Ён начапіў на сябе сіні хвартух, і гэты ягоны візіт на фабрыку аказаўся паспяховы. Падміргваючы жанчынам, падбадзёрваючы мужчын, ён карагодзіў вакол стала і панаваў над усімі кравецкімі машынамі Каралеўскай Кажушнай Кампаніі. Вызвалены са сваёй маркоты, тата зноў пераісточваўся ў Кларка Гейбла. Пакуль тата быў на працы, я сядзеў удома, і ягоная хворасць перайшла на мяне. Мама займалася сваёй новай працай, тата — дзяжурствамі, а ў мяне была адна толькі абшарпаная кніга. Я не мог вечна харчавацца лясным аленем. Мне трэ было ствараць сваё жыццё, але ў мяне не мелася нават школы, куды пайсці вучыцца. І я пачаў даймаць маму. Аднаго разу, калі яна нашыхоўвала свае вусны і вочы на покер, я знянацку спытаў яе. — Мама, а чаму б табе не запісаць мяне ў падрыхтоўчы клас? — Я ўжо запісала была цябе ў пачатковую школу, а толку з таго. — Ну і што мне рабіць, як жа я пайду ў школу? — Я завяду цябе туды ў ліпені і пагавару з дырэктарам. — У ліпені школы зачынены, Фэйгеле. — У такім разе нешта іншае прыдумаем, — сказала мама. І мы, узброеныя калодай картаў, рушылі насустрач нашаму лёсу, да дантыста. Цудоўная задумлёнка ўжо была не проста круп’еркай. Пасля гульні яна разам з Фрэдам Р.Лаензам ехала ў „Конкарс-Плаза“. Дарсы бываў там толькі час-часом. А спадар Лаенз у „Конкарс-Плаза“ жыхарыў стала. Ён не меў таго бліску, які вылучаў Дарсы. Гэта быў летны неахайны мужчынка ў зашмальцаваным капелюшы і прыкамечаным чорным гарнітуры. Ён не займаўся гандлем на чорным рынку, як дантыст, і, каб не бос Флін, яго б ніколі не абралі, аднак якраз ён насамрэч валодаў калітой Бронксу. Акурат ён збіраў грошы, неабходныя акруговым уплывоўцам, карыстаў Дарсыных падручных, калі ў тым узнікала патрэба, і з вышыні свайго малінавага фатэлю адзяляў абранцаў скупенькай прыласкай: рыхтычак уцэнены Папа Рымскі. Цудоўная ж задумлёнка надавала спадару Лаензу драбок вабы і шляхетнасці. Дарсы забавязаў маму складаць кампанію акруговаму старшыню і наглядаць, каб ён не зашмат піў. Мама мусіла запамінаць яго рахункі, каб чалавеку, адказнаму за касу, не пакідаць у сябе на дарозе запісаў-слядоў. Яна згладжвала ягоную грубасць і прыступы раздражнення, не давала яму нарабіць шкоды Дарсынай арганізацыі. У Амерыцы за ваенным часам існавала дзве сталіцы: Бронкс і Вашынгтон. Ф.Д.Р. кіраваў краінай са свайго крэсла-возіка ў Белым доме, аднак якраз бос Флін гарантаваў яму той пост, мабілізуючы электарат і не зводзячы вока з іншых уплывовых людзей. „Мангетэн?“ — любіў гаркнуць Лаенз так, бы ён быў асабістым папугайчыкам боса Фліна. „Ці не там гэта, дзе жыхараць рэспубліканцы?“ Мэрам Мангетэну быў рэспубліканец Лагвардыя, але ў Бронкс Флін яго не дапускаў. Ён не падначальваўся мэрыі і трактаваў Бронкс як уласную дзедзіну. Ён не выяўляў ані драбка шацунку да Фіярэла Лагвардыі. Бо меў за сабою плечы — Ф.Д.Р. і ўласнае войска. Паліцыянты, пажарныя і дворнікі аддана слугавалі Фліну. Дый хто б наважыўся пайсці ў дубкі з чалавекам, які мог пры жаданні пераначаваць у Белым доме і згуляць у покер з самім Ф.Д.Р.? Нават Лагвардыя слухаўся Фліна і пазбягаў з’яўляцца ў Бронксе… саступаючы яго спадару Лаензу. Лаенз, бабыль, жыў у нумары люкс „Конкарс-Плаза“. Па суседстве з ім падчас бейсбольнага сезону жыла каманда „Нью-Ёрк Янкіз“ (стадыён „Янкі“ месціўся акурат побач). Літаральна ўсе праглі бачыць Джо Дымаджа, але Джо пайшоў на вайну, і мы мусіліся здаволіцца Чарлі „Кінг-Конгам“ Келерам, адзіным нападнікам, які застаўся ў Янкі. Келер стаўся асноўным відовішчам „Конкарс-Плаза“. Пастаяльцы тлумна аточвалі яго з воклікамі „Кінг-Конг! Кінг-Конг!“ і выпрошвалі аўтограф. Дарсы, насамрэч, наняў маму — не дзеля таго, каб яна нянчыла акруговага старшыню, а каб падкапацца пад „Кінг-Конга“. Задумлёнка ўсё часцей і часцей прысутнічала ў таварыстве Дарсы і спадара Лаенза на балюшках, наладжваных у Бронксе. Яна не магла браць з сабой мяне на банкеты ці начныя застоліцы ў гонар боса Фліна. Тата почасту абедаў на кажушным рынку, і я, як дзікі звярок, мусіў вучыцца сам даваць сабе рады. Я ўскарабуньваўся на кухонны зэдлік і гатаваў сабе шакаладны пудынг. Я быў прыпяты да мамы і не хадзіў у школу, таму сяброў у мяне не было. Я адчуваў сябе дзіцем, умерзлым у лёд, якому магчымілася вярнуцца да жыцця толькі пры адной умове — калі пачаліся б заняткі ў школе. Я купіў сабе пярэчнік, вялікую скрынку каляровых алоўкаў, белы бутлік клею. І сакаліным позіркам узіраўся ў каляндар. Я не мог папусціцца, каб час адбрыкваў назад і строіў з мяне кепікі. Аднак каляндар толькі і ведаў, што цвеліўся. Неяк надвечар, калі тата не працаваў звышурочна, а ў задумлёнкі не было чарговай балявіцы ў таварыстве спадара Лаенза, мы гуртам, утраіх, сядзелі за сталом і абедалі. Тата перапіў віскі і завёўся з мамай. Ці праз спадара Лаенза і Дарсы, ці праз маміных „вярблюдаў“, ці праз татавых таечак у Маямі і на фабрыцы. „Гэты дантыст, — вырвалася ў таты, — ды яго зладзюжная шайка“. Тата быў сябрам Ліберальнай партыі, якая адкалолася ад дэмакратаў, каб дабіцца абрання Лагвардыі. — Фіярэла і паткнуцца ў Бронкс не можа. — А што яму тут рабіць? — сказаў тата. — Тут жа адны спекулюгі. Ад злосці яны сталі шпурляць адно ў аднаго талеркі. Але зусім не з-за Фіярэла, не з-за мэра чубіліся яны. І мама, і тата, кожны па-свойму, ухіляліся ад супольнай арбіты і ўжо не патраплялі вярнуцца на яе. Тата шпурнуў апошнюю талерку, і, пэўна, да яго дайшла дарэмнасць таго руху, бо ён усміхнуўся а-ля Кларк Гейбл, глянуў на наступствы перастрэлкі, якія ліпелі на маіх валасах, на белыя і блакітныя аскепкі патрушчаных талерак, і прапанаваў усім схадзіць у кіно. Не сцерусіўшы друзу, які ляжаў у нас на плячах, мы развярнулі шыхт і падаліся ў „Люксор“ глядзець ваенны фільм „Бессмяротны салдат“. Ён распавядаў пра брытанскіх дэсантнікаў у пустыні. Дагэтуль помняцца іх сытыя мардуленцыі, сеткі на касках ды ўсякія прыгоды ў пясках. |
Так і стаялі мы, як тыя сумныя дэсантнікі, на рагу нейкай вуліцы, і не было нідзе пустыні, каб схавацца. Я ўжо задаўно ўчашчаў да Дарсы і спадара Лаенза, а таму разумеў, што такое палітыка. Я мог адказаць толькі адзінае: „Я аднолькава люблю абаіх вас, тата“. Але не змог. Я занадта баяўся страціць цудоўную задумлёнку. Тата зноў паўтарыў сваё пытанне. „Каго ты любіш болей?“ — Маму, — адказаў я. — Фэйгеле. Я марыў пра пустэльню, дзе б не было ні дэсантнікаў, ні „вярблюдаў“, нічога, толькі выдмы, падобна да Бронксу. Ссамотненае хлапчаня ў касцы чувача, асуджанае караскацца па выдмах з каляровымі алавікамі і бутлікам клею ў кішэні, які працякаў у штонцы, з гэтымі прахлымі складнікамі маёй уласнай прышласці. Тата ніколі больш не згадваў тую размову каля „Люксору“, але я ведаў, што ён будзе злаваць на мяне да рэшты дзён сваіх. Я прычаліў да супрацьлеглага боку яго прыхільнасцяў, я стаўся чужым у ягоным доме. Сын чувача супроцьпаветранай абароны перастаў хадзіць разам з бацькам на дзяжурства, не насіў больш яго ліхтара, не прамацваў змрок дахаў, шукаючы там сабатажнікаў і карліка-нацыста, які мог прызямліцца дзе тут, пераляцеўшы Атлантыку на крахатулечным паветраным балоне. Я туліўся да друкаваных радкоў „Бэмбі“, ужываўся ў белыя прамежкі, што раздзельвалі словы, высільваўся, бы кравец, каб скраіць сабе слоўнік. Я мусіў быў падрыхтаваць сябе ў першы клас. Я па-ранейшаму горда сядзеў на ўслоне, пакуль задумлёнка тасавала тузы ды каралі, па-ранейшаму хадзіў з ёй у „Конкарс-Плаза“, аднак не пераставаў мроіць, як я сядаю за парту разам са сваімі аднагодкамі, якія будуць гаварыць не пра „флашы з каралём“ ці масла на чорным рынку. Прамінулі чэрвень і ліпень; на другім тыдні жніўня ў мяне страшэнна засвярбела галава. Мама заспела мяне, калі я чухрыўся, і сказала, што гэта крапіўная ліхаманка. Тое ўласціва ўсім Палеям. Варта панервавацца, і сып забяспечаны. — Я не нервуюся, мама. — А то ж. Ты баішся першага класу. Свярбела ўсё мацней. Я ажно раздзіраў скуру пад валасамі, і на скорым часе яна пачала крывавець. Мама ляпала мяне па руках. „Бэбі, калі ты яшчэ раз чуханешся…“ Але мая воля ўжо не мела ніякага значэння. Валасы сталі сыпацца. У шэсць гадоў у мяне на галаве ўжо стаў плех. Мама павяла мяне да доктара. Ім аказаўся той самы вясёлы спадар, які пасобіў Чыку напісаць ліст з Магілёва. Асабісты лекар Мэера Ланскі. Клікалі яго Кацам. Пасвечваючы сабе, як ліхтарыкам, флюарэсцэнтнай лямпай, ён уважліва агледзеў усю маю чарэпаўку. А калі надзеў белыя пальчаткі і пагаліў мне галаву, я заплакаў. У люстэрку я выразна ўбачыў чырвоныя, бездакорна круглыя струпы. Бронксаўскі паморак. — У нашай сям’і ні ў кога не было паршы, — сказала мама. — Хлопчык заўжды чысты. Я самаруч шарую яго двойчы ў тыдзень. — Гэта грыбок, Фэйгеле. Такое можа здарыцца з любым хлопчыкам. — У сірочых дамах, так. На гульнявых пляцоўках. У гамузе. А гэты хлапчук не ведае нават, што такое гуляць. Гэта бібліятэчнае мышаня. — Адзінае ў свеце бібліятэчнае мышаня, якое не ўмее чытаць, мама. Доктар змазаў мне ўсю скуру на галаве нейкай чорнай вадкасцю, якая тхнула дзёгцем. Потым захутаў галаву марляй і надзеў на яе бейсбольную шапачку. Ды бейсболка не магла схаваць лысіны. Нішто не змагло б схаваць лысіны. Навіна распаўзлася, як агонь на сухой траве. Нашы суседзі высільна заўдавалі, што яны па-ранейшаму прыязныя, аднак ужо не дазвалялі сваім дзецям падыходзіць да мяне. Іншыя дзеці з крыкамі „паршывы, паршывы“ папускалі ў мяне з вокнаў і дахаў вадзяныя пукаўкі. Пукаўкі былі кардонавыя; калі яны бабахалі, ад груку блізка што не пукалі барабанныя перапонкі. Але найбольш я цярпеў ад бронксаўскіх „марскіх пчол“*, хеўры васьмі- і дзевяцігадовых хлапчукоў, якія багомілі флот і марылі будаваць браняносцы, плаўбазы і масты. Яны здзіралі з мяне бейсболку, змушалі мяне праходзіць цераз строй, выкарыстоўваючы замест палак тронкі мётлаў і дубінкі, зробленыя са скручаных газет, перавітых дротам. Пакуль я сіліўся аберагчы свой плех, яны з маху таўклі мяне ў плечы, ногі і азадак, і метал балюча ўядаўся мне ў цела. * „Seabees“ (анг.) — так званыя „марскія пчолы“, інжынеры, адказныя за будаўніцтва мастоў і пантонаў, сваёй мянушкай былі абавязаны працы на патрэбы флоту. — Заўвага перакладчыка. Іхнымі вадарамі былі блізнюкі Раткарты, Ньютан і Вэл, асабліва злыя рыжыкі з неймаверна высокім каэфіцыентам інтэлектуальнага развіцця. Яны жылі на Альбатросе, у квартале багатыроў. У цэнтры Альбатросу быў сад, а абгароджаны квартал быў плотам з пазалочанымі наканечнікамі. Ньютан і Вэл былі сынамі слыннай мастачкі Размунды Раткарт, чыю серыю малюнкаў з нумару ў нумар публікавала „Дэйлі Мірар“. Серыя мела назоў „Чалавек-Пацук“ і распавядала пра аднаго са скандалам спісанага на бераг марака, старшага матроса Лансэлота Пэры, які гараваў сваё гора ў Шарк-Бэі, горадзе з усімі прыкметамі Бронксу — бульварам, падобным да Грэнд-Конкарс, адміністрацыйным цэнтрам, бейсбольным стадыёнам, батанічным садам. Лансэлот Пэры гандляваў хот-догамі на стадыёне і жыхарыў разам з пацукамі за скрыняй для смецця. Яго нявеста, Эма Марцінз, была медсястрой, яна намагалася вярнуць чалавека-пацука на правільны шлях, далучыць яго да цывілізацыі. Нягледзячы на сваё гаротнае жыццё, ён быў патрыётам. Калі грымнула вайна, Лансэлот узяўся вылоўліваць немцаў ды японцаў, якія з’яўляліся з заліву і хаваліся ў тунэлях пад бейсбольным стадыёнам. Армія і флот прапаноўвалі яму вялікую грашовую ўзнагароду, аднак чалавек-пацук не жадаў ні іхныя грошы браць, ні вяртацца на флот, каб служыць там у абяцаным чыне капрала. Ён здавольваўся продажам хот-догаў. Большасці тэкстаў таго коміксу я не разумеў, але я разбіраў досыць, каб вырашыць, што нікога і ніколі мне ўжо не будзе так шкада, як Лансэлота Пэры, чалавека-пацука. Я ўшчыраверніўся яму і целам і душой навекі. Ён унікаў пастак палітыкі і лёсу. Чалавек-пацук ні да чаго не імкнуўся. Ён не паляваў бы і на шпіёнаў, каб не вайна. Мама чалавека-пацука, Размунда, згадзілася даваць урокі малявання ў Адат Ісраэль, храме, які месціўся на Грэнд-Конкарс. Яна пасабляла Лену, памочніку рабіна, які запісаў і мяне ў свой клас. Я заняў месца ў кутку, бо ніхто не хацеў сядзець са мной побач. Палову „марскіх пчол“ прынялі на гэтыя заняткі, з блізнюкамі Раткартамі ўлучна, ды яны і мезенцам не маглі зачапіць мяне. Першага ж, хто выкрыкнуў бы „паршывы“, выгналі б з класу. Размунд Раткарт была значна бялейшая, чым Бэці Грэйбл, значна зграбнейшая, чым Разалінда Русэль, а ногі ў яе былі яшчэ даўжэйшыя. Нават у акулярах яна была амаль гэткая ж прыгожая, як задумлёнка. А калі яна эскізна змалявала на дошцы Лансэлота Пэры — з сінімі, як Гудзон, вачамі, чорнымі і замурзанымі шчокамі, цьмяна ружовымі вуснамі — я закахаўся ў яе па вушы. „Паслухайце, дзеці, — сказала яна, — крэйда — гэта толькі прылада, рыхтык як рапіра ці пісталет“. Я занадта саромеўся свайго невуцтва, каб папытацца, што такое рапіра. „Яна павінна выконваць распараджэнні, і толькі, падначальвацца відзежам, якія дыктуе ёй уява. Найвялікшыя мастакі почасту малююць з заплюшчанымі вачамі“. |
Заплюшчваючы вочы, я намаляваў неймаверна файнецкую бялянку, у акулярах і з доўгімі нагамі. Спадарыня Раткарт уважліва паглядзела на мой малюнак, затым на шапку ў мяне на галаве, і нешта шапнула на вуха Лену. Пасля ўрока той падышоў да мяне. — Я больш не магу пускаць цябе ў клас, Бэбі. Спадарыня Раткарт адмаўляецца весці заняткі, калі на іх з’яўляцьмешся і ты. Яна кажа, што ты заразны. — Але я ж у шапцы, Лен, я ж забінтаваны. Доктар скаламазіў мне ўсю галаву. — Мне вельмі шкада, але заняткі ж вядзе яна. Цэлы тыдзень я самотна праймаўся тым болем, а потым расказаў усё маме. — Яна не дыктатар, — сказала мама. — Фарбы ў цябе ёсць. Вяртайся ў клас. — Не магу, мама, — пані-мастачка супраць. — Яна перадумае. — Яе малюнкі друкуе „Мірар“, яна сапраўдная зорка, мама. — Паслухай, Бэбі, я магу спапеліць любыя, і найбольшыя зоркі. Мне цяжка было ўявіць Фэйгеле піраманкай; тым не меней, я ўзяў усе свае фарбы і зноў пайшоў на заняткі. Гнеў цудоўнай бялянкі быў вялікі. Яна асыпала Лена лаянкай, абазвала яго баязліўцам, няздольным выгнаць нейкага пацана. Яна перасадзіла мяне да акна. І пазбавіла права на мясную паперу. Я мусіў толькі глядзець, як малююць іншыя хлапчукі. Але тут раздаўся стук у дзверы, і ў клас, прыціснуўшы да грудзей капялюш, увайшоў Дарсы разам са спадаром Лаензам і двума целаахоўнікамі. Была з імі і мама, вочы ў яе, як належыць круп’ерцы, былі падмаляваныя, а вейкі — натушаваныя. Першы загаварыў не акруговы старшыня, а Дарсы Стэйплз. — І што, усё тое законна, спадар Лаенз? Што выкладчыца малявання выступае ў ролі суддзі і практыкуе дыскрымінацыю ў стасунку да сваіх вучняў? — Гэта, мякка кажучы, антыдэмакратычна. — А можа выклікаць яго на допыт? Трубы ў храме працякаюць… Урокі прыватныя… — Я маю дазвол, — прамармытаў Лен. — Дакумент, падпісаны службоўцамі мэрыі і аддзелу народнай адукацыі. — Службоўцамі мэрыі? Паперы, выдадзеныя ў Мангетэне, тут не маюць ніякай сілы. Вам, дружа Лене, патрэбна бронксаўская пячатка. — Камедыя, — сказала спадарыня Раткарт. — Ды вам не запалохаць мяне. Вы звычайныя гангстэры, вось вы хто, усе… разам са сваёй курыцай. — Гэта з якой такой курыцай, мадам? — падвысіў тон Дарсы. — Дазвольце пазнаёміць: спадарыня Фэйгеле Чарын, маці ахвяры вашага астракізму. Мама ўсміхнулася дзівоснай усмешкай шакалкі. — А вось зараз тая курыца і высмаліць вам вочы, — і яна шчоўкнула запальнічкай. — Бэбі, лічы да трох. Я адмовіўся лічыць. Нават калі Размунда была здольная маляваць Лансэлота па відзежы ўявы, я не мог пайсці на такую рызыку. — Я блізкая сяброўка пана мэра, — выгукнула Размунда. — Я знаёмая з міністрам юстыцыі Злучаных Штатаў! — Таратата, — сказаў дантыст. — І ўсё ж бронксаўская пячатка патрэбная абавязкова. — У гэтага дзіцяці лішай. Яно не павінна прысутнічаць на лекцыях. — Яно ж не танчыць з дзецьмі, наколькі мне вядома, — сказала мама. — Яно не ціскаецца з імі, не трэцца сваёй галавой аб іхныя. Ці вы мяркуеце, што ў яго і фарбы хворыя? Мой сын багоміць вас, і малюнкі вашы багоміць. Мы ўсе багомім вас. Дарсы, хіба вы прамінулі калі хоць якую частку „Чалавека-Пацука“? — Я без Лансэлота жыць не магу. — Так, Лансэлот — гэта вам не якісьці Дык Трэйсы або Дональд Дак, — уставіў акруговы старшыня. Не ведаю, што мацней паўплывала на спадарыню Раткарт — лёсткі ці згрозлівыя маміны вочы, не ведаю, што насамсправе ўратавала мяне. Але мяне зноў прылучылі, і я без адкладу закрэмзаў па папяровай шмаціне з яткі. Мы вырашылі адзначыць нашу перамогу, лыкнуўшы ў „Конкарс-Плаза“ шампанскага. Дарсы, спадар Лаенз, мама і я. Афіцыянт не меў права падаваць алгакольныя напоі шасцігадоваму дзіцёнку. Але „Конкарс-Плаза“ фактычна належаў Дарсы, і той настояў, каб выпіў і я. — За здароўе Фэйгеле, — сказаў Дарсы, — і здароўе прысутнага тут спадара мастака, нашага новага юнага Рэмбранта. — Прынамсі, Рэмбранта, — удакладніў спадар Лаенз і далікатны келіх труснуў у яго ў жмені. Гэта лічылася прыкметай удачы. Аднак у 1943-м мне станаўко не шэнціла. Спадарыня Раткарт узяла адпачынак і перастала весці заняткі. Лен палічыў за лепшае зачыніць свае класы малявання і не здабываць ніякай бронксаўскай пячаткі. А я зноў апынуўся ў краіне пусткі. З вадзянымі пукаўкамі ў якасці адзіных сяброў. „Марскія пчолы“ па-ранейшаму кралі ў мяне шапкі; Ньют і Вэл няўтомна здзекаваліся з мяне. — Паршывы, гэта ты скасаваў нашы ўрокі малявання. Твая мама курыца і нахлебніца. — Што такое нахлебніца? — Фіфа, якая любіць лізаць хлеб на чужых сталах, — сказаў Ньют. — І спаць з усімі, раз усе палітыканы трахаюць яе. — Што такое трахаць? |
„Добрай ночы, Паршывы, — сказаў Вэл, а Ньют тым часам штомоцы біў мяне па плячах. — Цудоўных табе сноў“. Было папалудні, і я ў чарговы раз страціў сваю бейсболку. Раптам поруч са мной з’явіўся нейкі чалавек з капялюшнай кардонкай у руцэ. Гэткі, так бы мовіць, шляхетны бадзяга. Такі гарнітур, як у яго, мог бы вісець і ў шафе, калі б не абтрэпаныя рукавы ды штаны, якія спраку веку не ведалі, што такое прас. Яго туфлі былі спрэс заляпаныя белым, а на падбароддзе паналіпала вапна. Цені акрэслівалі ягоны твар, рыхтык бы ў Лансэлота Пэры. Чалавек-пацук настолькі вабіў мяне, што я ўскрыкнуў: „Лансэлоце, ты?!“ Чалавек-пацук зарагатаў. Толькі тут я заўважыў сівыя валасы, што тырчэлі з-пад яго фетравага капелюша, і пазнаў былога матчынага кампана, Чыка Айзэнштата, спекулянта, які месяцамі жыў у „Ліванскіх кедрах“. Побыт у шпіталі змізэрніў яго, у яго прапаў нюх. — Бэбі, — сказаў Чык. — Цяпер мяне завуць Паршывым. Ён адчыніў кардонку з-пад капелюша, даверху напханую бейсболкамі ды іншым таварам „чорнарынкавага“ паходжання. У яго была цэлая партыя бейсболак, але на ўсіх іх стаяла „Сент-Луіс Браўнз“ — назва каманды, якая адроду не ўдзельнічала ў „Сусветнай серыі“. Ніводзін бронксаўскі хлопчык не згадзіўся б насіць бейсболку нейкіх задрыпаных „Браўнаў“. Месца „браўнам“ было ў апраметнай. Калі ў Нью-Ёрку гуляў „Сент-Луіс“, стадыёну „Янкіз“ прыходзілася раздаваць квіткі дарам. — Чыкі, ты ж ведаеш, я не магу надзець такую бейсболку. Мяне адразу ж арыштуюць бобікі. — Слухай, я табе купіў цэлы камплект. Цяпер няхай тыя нягоднікі крадуць твае бейсболкі хоць дзесяць разоў на дзень, у цябе заўжды будзе новая наўзамен. — А хто табе сказаў, што ў мяне лішай? — Доктар Кац. Мне таксама сказалі, што на твае бейсболкі часта замахваюцца. Тут я і падсачыў партыю кепак. Чык скінуў капялюш і надзеў бейсболку „Браўнаў“. Я пабаяўся адпусціць яго вось так самотна бадзяцца па Грэнд-Конкарс у такім галаўным уборы. І я засунуў руку ў скрынку, і над маім ілбом таксама навіс нягімкі казырок „Сент-Луіс Браўнз“. Мы з Чыкам былі, як двое сіротаў. Людзі, бачачы нас у тых бейсболках з доўгім казырком, напэўна, думалі, што мы ўцяклі з нейкай вар’ятні. Крэдыт Чыка ў „Сумных арлах“ змалеў амаль да нуля. Мама сустракалася з усімі былымі Чыкавымі „вярблюдамі“ ў дантыста. Канечне ж, яна не магла дараваць яму, што ён дапусціў, каб яго жонка заспела нас у „Ліванскіх кедрах“. Хоць у тым, што Марша Айзэнштат абазвала мяне невукам, ніякай Чыкавай віны не было. Але ў чарнавокай задумлёнцы было нешта бацькава. Выбачаць было не ў яе натуры. Чык цяпер таксама стаўся „вярблюдам“. Ён самаруч пастачаў усё, што належала пастачаць — у капялюшнай кардонцы альбо пад кашуляй. Каб нейк стачыць канцы з канцамі, ён стаў і маляром. Ягоныя дзеці дорага абыходзіліся яму, гэтаксама як і жонка. Ён фарбаваў жыллё на Конкарс, плямячы „Браўнаўскую“ бейсболку на галаве ды прыцвілыя на спіне гарнітуры. Часам Чык браў і мяне на сваю якую-кольвечы будаўнічую пляцоўку. Мы елі сэндвічы пад лескамі, слухалі радыё, пілі гарбату, якую ён прыносіў у вялізарным тэрмасе. Чык любіў фарбаваць таўсцючым пэндзлем. Ён залазіў на рыштаванні, выцягваў руку і подаўж, зверху ўніз наносіў на сцяну жаўтлявае бяліла, пры чым густа плямілася і мая бейсболка. Ён дазваляў і мне пафарбаваць які-кольвечы куточак маленькім пэндзлікам, які не мог нарабіць вялікай шкоды. А потым смяяўся і папраўляў маё малярства. Працаваў ён вельмі ўвішна. Па хуткім часе мы ўжо абодва былі спрэс у аднолькавых белых плямах. Ён быў мне і татам, і мамай, і я задумваўся, як бы ўсё павялося, калі б Чык пабраўся з цудоўнай задумлёнкай, а не з „жахам святым“ Уільяма Говарда Тафта. Ці еў бы ён з сваім сынам пад рыштаваннямі, ці прыводзіў яго ў свет, прапахлы бензолам і засыпаны тынкоўкай. Не, небяспечна гэтак старанна выдумляць сабе яшчэ аднаго бацьку і ствараць новую галерэю продкаў. Мне пад завязку ставала і аднаго племені Палеяў-Чарыных. Чык быў маім вялікім сакрэтам. Я не мог прызнацца маме, што ўкінуўся ў новыя курсы малявання. Але як імпэтна Чык ні шараваў нашай вопраткі шкіпінарам, мы заставаліся дзвюма скамечанымі істотамі. І хутка мама заўважыла мае плямы. — Бэбі, у каго гэта ты ператварыўся, у леапарда ці ў жырафу? — І ў таго, і ў таго, — адказаў я, ня дужа цямячы, што сказаць. — Цяпер хмары такія, мама, што ў Бронксе ўжо ліюцца малочныя дажджы. Наступным разам, калі я зноў прыйшоў фарбаваць з Чыкам, я жвава ўскараскаўся да яго на рыштаванні, і мы запрацавалі тандэмам, гатовыя акрыць жаўтлявым бялілам усю планету, ды пад нашымі рыштаваннямі раптам выявіўся госць. Чарнавокая задумлёнка, апранутая па-круп’ерску, убачыла, якім імпэтам гараць нашы вочы. „Бедныя мае сумныя арлы, — сказала яна, — якім так даспадобы лунаць пад самай столлю“. Мы злезлі з рыштаванняў. Чык са сваім квачом, я са сваім. Мама пачала сварыць яго. „Спадар Айзэнштат, вы ніколі не чулі пра законы, што забараняюць дзіцячую працу?“ Мамін экс-кампан пачуўся абражаны. — Фэйгеле, хіба я ўжо недзе на вуліцы згубіў сваё імя? Мяне завуць Чык. — Той Чык, якім я яго помню, не злоўжываў бы ажно гэтак малым хлапчуком, хворым на лішай. — Ён не зрабіў мне нічога кепскага, мама. Чык купіў мне аж дзесяць тузінаў бейсболак, каб я не гуляў лысы. — Лепей быць лысым, — сказала мама, — чым забіваць свае лёгкія пылам і нажываць сухоты. Дзіцяці неабходна чыстае паветра. — Яму задорага абыходзіцца тое чыстае паветра, Фэйгеле. — Чыстае паветра бясплатнае. — Добра бясплатнае, калі пацанва куляе яго і здзірае шапкі з галавы. — Я не жамонька, — сказала мама. — Я сама паўпраўляю мазгі тым падшыванцам. І мама забрала мяне ад дзядзькі Чыка, выхапіла разам з маёй заляпанай бейсболкай.
далей — да часткі IV „Дзіця пустыні“
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (8) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |