A R C H E | H a b r e j s k i n u m a r | №
3 (8) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Джэрам Чарын
|
Джэрам Чарын (1937) — выкладчык эстэтыкі кіно і паліцэйскага раману ў Амэрыканскім унівэрсытэце ў Парыжы. Піша па-амэрыканску. Прыкметны пісьменьнік, шмат перакладаны на эўрапейскія мовы. Аўтар дваццатка кніг, сярод якіх раманы, эсэ (пра Нью-Ёрк і пра Галівуд), дзіцячыя кніжкі, коміксы. Аўтабіяграфічны раман „Чарнавокая задумлёнка з Магілёва“ (Dark Lady from Moguilev) (1997) апавядае пра магічнае дзяцінства аўтара, якое прайшло ў Бронксе, і пра ягоныя беларускія габрэйскія карані. |
Вяртаючыся дадому, беручыся з пагорку на пагорак, яна ўся трымцела. Ішла яна, як п’яная. Менавіта гледзячы на маму, я ўведаў, якую пагібельную моц маюць успаміны. Ёй мажлівілася выжыць толькі пры ўмове атрымання вестак з Магілёва, але ў разгар вайны да яе не дападала стуль аніводнага слоўка; адно скрыні знежывелых лістоў уздымаліся між Беларуссю і Бронксам, як горы. Яна пачала паліць цыгарэты. Я мусіў навучыцца гасіць сернікі, якія падалі ў яе з рук, спохвату заляпваць далоньмі языкі полымца, якое, здавалася, спараджалася самой яе ступою. Я зганяў пыл са сценаў памялом, сачыў за мамінай гуссю, адчыняў духоўку і тыкаў у птушку зубатым відэльцам, каб упэўніцца, што яна ўжо такая, як любіць бацька: карычневая, хрумсткая, нежавальная. Я ставіў на стол віскі, наліваў бацьку чарачку і ўсчынаў безупынную балбатню, задаваў яму найдурнейшыя пытанні, якія адно прыходзілі мне да галавы, з адзінай мэтай — перакрычаць маміна маўчанне. Але як толькі ён сыходзіў з дому, яна пачынала паводзіць сябе так, бы ёй тэлефанаваў ейны брат з Магілёва (хоць у нас нават не было тэлефона): яна то смяялася, то плакала, а руская мова яе гучала настолькі мілагучна, што, ужо дарэшты збіты з панталыку, я прасякнуўся верай, што мова — заўсёды — нараджаецца ў нейкай прывіднай тэлефоннай слухаўцы. Ангельская ж маміна мова была вызбыта ўсялякай музыкі; такая няпэўная, урывістая, быццам крывым языкам вымаўленая. Ды я быў кемлівы смаркач. Я ўскараскваўся на тыя фразы, як на шурпатыя калоды, і выкладаў сусвету ўласныя сказы-песні: „У моры, мам, патопла шмат разбіты карабель“. Я ніколі не быў у моры. Але мне зусім нескладана было ўявіць сабе неаглядную Атлантыку, дзе, падобныя да кракадзілаў, марадзёрылі нямецкія падлодкі. Мама абяцала звазіць мяне ў Мангетэн, па той бок мосту, каб паглядзець на прышвартаваныя на Гудзоне параплавы, няздатныя ваяваць. Аднак ліст з Магілёва зацьміў усе яе мары, яна няздольнілася задумаць нават маленькае падарожжа. |
„Кавы, спадарыня Чарын?“ — пытаўся ён. А кава, між іншым, даставалася няпроста. А я ласаваўся цукеркамі і кубачкамі шакаладу, ад якога таксама вакол рота заставаліся вусы. Ды мама зусім заняпала духам. Боль усё мацней пазначваў яе рытуал. — Ліст з Магілёва? — Прыйдзе, прыйдзе, спадарыня Чарын. Рускія лісты гэтым і адметныя. Яны заўжды ідуць марудна, аднак абавязкова даходзяць. Яго пантофлі прытанчвалі вакол яе, ён кідаў суворыя позіркі на падначаленых, піруэціў з каўнічкам у руцэ, але мама амаль не заўважала яго. Бо зусім не дзеля заўсёдніцтва ў ягонай гасцёўні яна дзень пры дні кідала выклік расчараванню. Каб прычараваць яе, не выстарчыла б ніякіх смакошчаў свету. Сам я, можна сказаць, згубіўся ў моры. Я мусіў усюды быць побач з мамай, мусіў распранаць яе, мусіў смажыць гусь для бацькі. Аднак, мне шанцавала таксама. Мне можна было не хадзіць у школу. Бронксаўскія пачатковыя школы былі зачынены. Страшэнна не ставала настаўнікаў, і нехта даўмеўся, што пяцігадовай малечы накшталт мяне найлепей пільнавацца дому, гуляць з кубікамі ды ляпіць з пластыліну. Але ляпіць з пластыліну мне папросту не было калі. Мне патрэбна было дбаць пра маму. Я мусіў даглядаць маму, мусіў чыніць цуды спакусы, толькі б яна пачувала сябе лепей, мусіў даводзіць бацьку, што яна здаровая, як дуб. Я паіў Сэма віскі і джынам. Калі ён уставаў з-за стала, ягоныя вочы былі ўжо, як шарыкі лато. Ён задаваў маме пытанні, але адказваў на іх я, і раз, і другі, і трэці, аж покуль не зарабляў лупня. „Не лезь не ў сваё проса, Бэбі“. Бэбі — толькі так ён і менаваў свайго сынка, чым моцна ўбольваў яго. Я не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, аднак умеў слухаць радыё. Я вычуваў усе зводкі ваенных паведамленняў, ведаў, што брытанскія дэсантнікі выселі ў Афрыцы на танках-амфібіях, углыбіліся ў пустыню, з двух бакоў атачылі афрыканскі корпус Гітлера і добра далі яму пытлю. Я прасіў бацьку, каб ён называў мяне „радавым“ ці „малодшым сяржантам“, аднак ён так і не назваў мяне „радавым“ ні разу. Сяржантам быў тата, а не я. Шыццё кажушкоў для процьмы адміралаў пасобіла яму ўхіліцца ад выправы на вайну, але ў яго ўсё-такі мелася свая ўніформа: белая каска накшталт сатэйніка і белая нарукаўная павязка, аздобленая мудрагелістым знакам адрознення (блакітным кругам з чырвоным трыкутнікам пасярэдзіне і мноствам белых палосак). Бацька прымаў чынны ўдзел у Грамадзянскай абароне, выконваў абавязкі паветранага чувача. Ён меў званне сяржанта і начным часам хадзіў па вуліцах ды сачыў за тым, каб кожнае вакно ў межах яго акругі было належна замаскавана чорнай запавесай. Калі з вакна праточвалася святло, ён свістком барабаніў у аканіцу і галёкаў: „Гей, разумнічак, зараз жа выключы святло! Каменданцкая гадзіна!“ Калі таго не выстарчала, ён падклікаў „бобікаў“ альбо выклікаў правінаваўцу ў штаб Грамадзянскай абароны. Мой бацька быў бездакорны чувач, няўмольны з кожным, хто час-часам замахваўся на яго мізэрную ўладу, гатовы бясстрашна сустрэць гнеў сваіх сяброў, суседзяў, усіх, хто не выконваў правілаў. Крый бог было яму заспець вас на вуліцы пад час вучэбнай трывогі, тут жа б запраторыў у першае-лепшае сутарэнне. Адныя не зважалі на яго, іншыя абураліся, чубіліся, валілі яго долу, пакуль не набягалі іншыя чувачы ці не выручаў які „бобік“. Не дзіва, што яшчэ ў 1942-м, на сыходзе толькі першага году свайго шчыравання, ён ужо ўдастоіўся медаля з рук спадара мэра Лагвардыі, начальніка Грамадзянскай абароны. Я пачуў Лагвардыю па радыё: „Мы маем у Брукліне і Бронксе ўласных ваяроў, бяззбройных адважнікаў, якія надзейна ахоўваюць тыл ад усякіх сабатажнікаў ды антыпатрыётаў. Што б я рабіў без сваіх чувачоў?“ А калі тата вяртаўся дахаты з сінюшна зацеклым вокам, зламаным свістком і моцна пагнёнаю белай каскай, даводзілася менавіта мне, Бэбі, ламаць галаву, дзе адшукаць меркурахром, пакуль апанаваная роспаччу мама неварухліва сядзела ў гасцёўні і мроіла пра рускую пошту. У такія моманты ўласнай пакуты ён выяўляў значна большую абыходлівасць, і тады яго перапэцканы твар ставаўся амаль павабны. Ён сціскаў мне руку і глядзеў на партрэт Франкліна Дэлана Рузвельта на сцяне, пакуль я ватным тампонам прамываў яму вока. — Як думаеш, Бэбі, можа мне варта Прэзідэнту напісаць? — Ён дужа заняты, тата, ён завалены пісьмамі. Чувач не мае права скардзіцца. Ягоныя скаргі выглядалі б як данос, праўда? І праз цябе пра Бронкс пайшла б кепская слава. Зразумелая рэч, я не мог выказвацца так гладка і прыгожа. У мяне прагучала ўсё прыблізна гэтак: „Ды кінь ты, тата, Прэза. У яго пісем хоць заежся. Лепш не рыпацца. У Бронксе стукачоў кокаюць“. Тата выдатна разумеў мае нацякі. „Ты дзе гэта ўбачыў стукача?“ |
Ды тата і не змог бы напісаць Рузвельту. Ён быў гэткі ж непісьменны, як я, гэтаксама бездапаможны перад асадкай. Ён ледзьве патрапляў накрэмзаць пару слоў у сваіх рапартах у Грамадзянскай абароне. Таму ён моўчкі пакутаваў і залізваў раны; і ў Святыя Дні, калі мы спраўлялі госці ў офісе, ягоны твар усё яшчэ быў у сіняках. Мне трэ было апрануць маму, упэўніцца, ці не пацякла туш. Мы хадзілі не ў Адат Ісраэль, храм на Грэнд-Конкарс з белакаменнымі калонамі і вялізнымі бранзаванымі дзвярыма. У Адат Ісраэль хадзілі ўсе дактары ды адвакаты, усё мільянеры. Набажэнства там правілася па-ангельску. Памочнікам рабіна ў Адат Ісраэль быў мастак і паэт у адной асобе. Увечары ён вучыў малечу нашага кварталу. Мы клікалі яго Ленам. Ён быў закаханы ў чарнавокую задумлёнку. З тае прычыны ён і падхвальваў мяне, з тае прычыны і залічыў мяне ў свой клас. Ён хацеў, каб мы перайшлі ў Адат Ісраэль, але бацька сказаў, што нагі ягонай не будзе ў святыні, дзе няма кантара. Вось у чым недахоп ангельскай мовы: кантару не было чаго спяваць там, дзе правілася па-ангельску. Мы хадзілі ў старую сінагогу ля ўзбярэжжа, стараветнае збудаванне, з якога вывальвалася цэгла. Са скляпенняў на людзей сыпаўся дробны друз. З пачатку вайны ў сінагозе адбыліся ажно тры пажары, і над „самазапальнай бомбай“, як мы менавалі яе, паўсякчасна вісла пагроза закрыцця. Затое ў нас меўся Гілбэрт Раговін, які некалі быў тут харыстам, а пасля вывучыўся ў пеўчай школе ў Цынцынаці, у штаце Агаё. Наш кантар мог бы зарабіць невядома колькі, калі б спяваў на Пятай Авеню, але ён трымаўся Бронксу. Ён быў шышкай Цынцынацкай Оперы. Калі ён не спяваў у нас, ён іграў іспанскіх цырульнікаў і мараканскіх каралёў-вар’ятаў. Ён пашлюбіўся з Мэрылін Краўс, зоркаю оперы, і заўсёды прыводзіў яе за сабой у нашу развалюху-сінагогу. Была яна нейкай геркулесавай прыгажосці, росту метр восемдзесят. Рукі ў яе былі, як у рэгбіста, а статура гамотная і рыхлая. Калі яна ўздымалася па сходках, што вялі на жаночую галерэю, лесвіца так і лекацела пад яе ступой. На галерэі яе сустракаў натоўп фанатак оперы, якія віталі Мэрылін крыкамі „Дэздэмана, Дэздэмана“, а я сабе думаў, ці часам не была і Дэздэмана яшчэ адной чароўнай задумлёнкай з Беларусі. Я меў прывілею, мне дазвалялася сядзець у купе з мамай ды іншымі жанчынамі, з увагі на тое, што мне было толькі пяць гадоў. Дэздэмана важка плюхнулася вобак нас на вузкую банкетку, усклала свае магутныя рукі на жывот і, як адзінаўладная каралева, запанавала на галерэі. Яна памахала кантару рукой; той быў у белым стыхіры, ён быў памкнуўся гэтаксама махнуць ёй, ды раптам заўважыў жанчыну, што сядзела вобак жонкі. Такое ўражанне, што яму заняло духі. Як тым пажарнікам, што ўпершыню пабачылі маму. Заблуканая ва ўласным сусвеце паштовых скрынак, мама нават не ўсміхнулася яму. Кантар быў адзін-адным; ён не здольваў пранікнуць за павалоку той пабожнасці, што засцілала яе чорныя вочы. Ён як стаяў у атачэнні дзетак-харыстаў, так і заспяваў. Не, ён быў не такі, як паштар, што танчыў у пантофлях. Ён быў ахоўца музыкі наагул. Першымі ж гукамі ён вырваў маму з яе одуму. Адна жанчына самлела. Мяне паслалі па нюхальную соль для яе… Ён, з цыгарэтай у зубах, абапіраўся на парэнчу. Кантарам не давалі паліць у вялікія святы. Але Раговін меў права на ўсё. Дэздэманы з ім не было. Ёй прыйшлося вярнуцца ў іх нумар-люкс у „Конкарс Плаза“. Мы з мамай пайшлі з сінагогі следам за нашым сяржантам Сэмам, героем мясцовага значэння, знаным з увагі на свае подзвігі пры выкананні службовых абавязкаў авіячувача. Ён быў супрацоўнікам паліцыі спецыяльнага прызначэння, і на твары ў яго заставаліся сляды раненняў. Кантар павітаўся з ім. „Сяржанце, я хачу найняць вашага хлопчыка“. Ніхто з нас ніколі не бачыў кантара так зблізку; з носу ў яго тырчэлі кароткія белыя валасінкі. А пахла ад яго дзіўна, як ад адной чырвонай кветкі ў заасадзе Бронксу. — Тое вялікі гонар для мяне, — сказаў тата. — Але чым я магу ўслугаваць вам? Хлопчыку ўсяго пяць гадоў. Працаваць яму яшчэ нельга. Азбукі ж ён таксама яшчэ не ведае. — Гэта сумная гісторыя. Мая старэнькая мама проста нажом мяне рэжа, каб я завёў сабе дзіцёнка. Мне нічога не заставалася, як прыдумаць, быццам у мяне ўжо ёсць малое. — Вы нахлусілі ёй, настаўніку? — О, сорам. Але мама амаль сляпая, яна жыве ў бронксаўскім прытулку для састарэлых. Я абавязаны яе ашчаслівіць, пакуль яна яшчэ жывая. Раговін затуліў твар насоўкай і зарыдаў. Я ніколі не бачыў, каб кантар плакаў. Яго слёзы былі такія буйныя, як маміны крышталёвыя завушніцы. Тата прайняўся жалем да яго. „Настаўніку, прашу вас… Мы пазычым вам нашага Бэбі“. Ён разгублена і ўгневана абярнуўся да мамы. „Ды зрабі ты хоць што! Як можна стаяць і глядзець, як кантар плача!“ |
А мама тым часам уляпіла Раговіну яшчэ адну аплявуху. Раговіна тое ніколечкі не збянтэжыла. Я заўважыў, што ён усміхаецца, затуляючы рот рукой. Бацька сціснуў кулакі. „Я заб’ю цябе“, — сказаў ён задумлёнцы. — Сяржанце, — сказаў кантар, — не варта ажно гэтак правакаваць пані. Бо яна яшчэ мацней улепіць мне. — Не разумею, — патрос галавою тата. — Ды ўсё вельмі проста. Мая законная сядзела на трыбуне побач з пані. Размова завялася пра мяне… — Трыбуна? Законная? Нічога не разумею. Я таксама нічога не цяміў. Я не пачуў ад Дэздэманы і жаднага слоўка… — Ёлуп, — сказала мама тату. — Ніякага прытулку няма, ніякай сляпой маці. Яго мама і жарэ, і жлукціць, як конь. — Нічога не разумею. Мама ўхапіла Раговіна за вялікі палец і тыцнула ім сабе пад грудзі. — Цяпер ясна? Кантар юрлівы і пажадлівы. Раговін нагнуўся да мяне і пацалаваў мне ручку — рыхтык які еўрапеец ці богведама хто — і рэтыраваўся ў свой гатэль. Мой бацька так шчыра вырабляў кажушныя камізэлькі, што ягоны шэф выправіў яго на тыдзень адпачываць у Флорыду. Людзі за ваенным часам рэдка ездзілі на вакацыі: армія і флот манапалізавалі чыгунку дзеля пастачання людзей і прыпасаў. Тату выдалі спецыяльны пропуск, падпісаны самім Фрэнкам Ноксам, сакратаром Міністэрства Флоту. Пагудкі пра Флорыду дайшлі да мяне, бадай, крыху пазней — Маямі-Біч быў раем для кажушнікаў, і фабрыканты і іх лепшыя рабачаі раз у год цешыліся адпачынкам у таварыстве тамтэйшых выляжанак ды наезных чарнавокіх задумлёнак з Гаваны і Нью-Арлеану. І калі слова „выляжанка“ нарэшце ў мае шэсць ці сем гадоў стала для мяне нешта значыць, тады мне сталася ўцямная і прычына сварак паміж мамай і сяржантам Сэмам у звязку з ягонымі адведкамі гатэлю „Флеглер“. Яна папускала яму ў галаву туфлі, выплюхвала на зямлю парфуму, якую ён прывозіў ёй з Флорыды, шпургала ў агонь здымкі, прыхаваныя ім у патайной кішэні сваёй валізкі. Кожным разам ён вяртаўся невераемна загарэлы: рыхтычак вінавата-ўсмешлівы Кларк Гейбл. Ды ў 1942 годзе чароўная задумлёнка не заўважыла б і сапраўднага Гейбла. Мама нават не зірнула, як ён пакаваў рэчы. Гэты абранец флоту так спяшаўся на вакацыі, што не ўзяў нават сваёй белай чувачовай каскі, мне ж на тыя дні, пакуль яго не будзе, даў на кішэнныя траты ажно пяць аднадаляравых банкнотак, цэлы скарбік. Я быў шчаслівы, што ён паехаў. Мне ўжо не патрэбілася прыгожа ўбіраць маму, павабліва вычыпурваць яе дзеля таты, хаваць ад яго яе тугу, смажыць яму гусь, падліваць яму віскі, каб ён не заўважыў зацятага мамінага маўчання. У той жа дзень, калі тата паехаў, прыехаў мамін уздыхач. Я не ведаю, як інакш менаваць яго. Ён выдаваў сябе за майго дзядзьку, аднак у яго не было ані нашых скулаў, ані нашых слынных татарскіх вачэй. Ён не мог належаць да таго племені мангольскіх габрэяў, якое наводзіла жах на ўвесь Каўказ, аж пакуль яго не зваяваў Вялікі Тамэрлан. Чык Айзэнштат быў вясёлым рыжым мацаком, які некалі разам з мамай працаваў у жаночым атэлье ў Мангетэне. Яна была краўчыхай да замуства. У яе была закаханая ўся майстэрня, з Чыкам улучна, але адзіна ён дагэтуль захаваў повязь з ёю яшчэ з тых даўняў, калі крамка спыніла сваё існаванне. Перад самай вайной ён балаголіў. Чык быў адзіным маім „сваяком“, які сядзеў у турме Сынг-Сынг. Зусім няблага мець у сям’і сякога-такога рэцыдывіста. Ён ведаў процьму ўсякіх баек пра самых слынных бандытаў. Як быў абазнаны і ў распарадку працы майго бацькі. І з’яўляўся акурат тады, калі сяржант Сэм быў у ад’ездзе. Ён забраў нас пакатацца ў сваім „кадылаку“. Паводле закону, Чык не павінен быў ездзіць легкавіком. Бензін выдавалі пад норму, а паездкі без пільнай неабходнасці забараняліся. Але Чык купляў на чорным рынку і соваў генералам ды чыноўнікам флоту шаўковыя панчохі для іхных жанок. У яго мелася пасведчанне, якое ўпаўнаважвала яго вазіць „важных асобаў“, дактароў, да прыкладу, ці магнатаў ваеннай прамысловасці. Паліцыянты паглядалі на „кадылак“, коратка — на маму, усміхаліся і называлі мяне „Рузвельтавым піянерчыкам“. |
Ён ніколі не важыўся падкупляць мяне, ніколі не дарыў мне дарагіх падарункаў, якія б выклікалі ў мяне пагарду да таты. Аднак ён завёў нас у адзіны беларускі рэстаран на Грэнд-Конкарс, у „Сумныя арлы“, дзе нам з усіх бакоў дагаджалі ягоныя хаўруснікі; ён так і млеў за тым сталом, абедаючы ў купе са сваёй падпольнай сям’ёю. Сынг-Сынг моцна высівіла ягоныя валасы, і выглядаў ён як намарнелы на вайне шляхціц. Ён пільна паглядзеў на маму, якая разгублена ўталопілася ў сваю талерку з пірагамі, і сказаў: „Нешта не так, Фэйгеле?“ Маму звалі Фані, але ўсе яе адаратары і сябры клікалі яе Фэйгеле, што, паводле майго татарскага слоўніка, азначала „птушачка“. — Магілёў, — сказала мама. Адно слова, і Чыку ўсё стала ясна. — У цябе ж там брат-настаўнік. Ад яго няма лістоў. І ты ўжо думаеш немаведама што. — Магілёў захапілі нацысты, — сказала яна. — У радыё казалі, Чыкі. Чык пазіраў на маміну маркоту. — Радыё почасту хлусіць, ты ж ведаеш. Гэта называецца прапагандай. — Немцы плацяць радыё, каб яно хлусіла? — Я не сказаў „немцы“. Можа, і Белы дом. Прэзідэнту і плаціць не трэба. Не разумееш? Прэзідэнт паведамляе пра адступленне, хоць ніякага адступлення не было. Тады Гітлер расслабляецца і пачынае верзці ўсякую лухту. Ну, а тады мы яго цоп, і ў карак. Мне не хацелася пярэчыць Чыку. Той, хто гандлюе на чорным рынку, ведае, што да чаго. Але я не верыў, што Рузвельт здольны хлусіць наконт Магілёва. — Калі ліст існуе, Фэйгеле, я табе знайду яго. Па абедзе мы рушылі на пошту. Загадчык хадзіў у пантофлях і скоса паглядаў то на маму, то на спекулянта, які гэтаксама шматзначна пазіркваў у адказ. — Ці магчымае такое, спадару, каб нехта з вашых падначаленых паквапіўся на карэспандэнцыю? — Немажліва, — сказаў паштар, — а Чык тым часам пхаў яму ў кішэні шаўковыя панчохі. — Тады, можа, я пасоблю вам пашукаць той ліст. Недзе ж ды павінен ён ляжаць. Яны перашарылі ўвесь пакой за перабойкай, пераверылі змесціва ўсіх сумак, аднак ліста з Магілёва нідзе не было. „Мне вельмі шкада, спадарыня Чарын, — сказаў паштар. — Лісты з Расіі час-часам даходзяць да нас, а вось каб з Беларусі, дык і на показ не бывае“. Фэйгеле захварэла. „Арлы вы мае сумныя“, — мармытала яна, вобмельгам паглядваючы то на Чыка, то на мяне. Агульны ўпадак. Яе агледзеў асабісты доктар Чыка і сказаў, што ён бяссілы перад разбітым сэрцам і стомленасцю пачуццяў. І параіў ёй з’ездзіць у дом адпачынку ў Кэтскілз, куды ён выпраўляў сваіх сама хворых пацыентаў. — Док, — сказаў Чык, — яна не хворая. Фэйгеле — дзівосная жанчына. Яна чакае ліста з Магілёва. — Дык вы ж чарадзей. Шаўковыя панчохі ў вас у руках проста родзяцца. Дык у чым справа, нейкі там ліст… За чым, урэшце, затрымка? Хто там у яе, каханак застаўся? — Брат, — сказаў Чык. У доктара вочы палезлі на лоб. „Вам не здаецца ненармальным, што ёй ажно ў такой ступені не стае брата?“ Чык схапіў яго за каршэнь. Мне шкада, што я тады не ведаў, як рызыкуе Чык пры гэтым. Доктар быў і асабістым доктарам Мэера Ланскі. Ён на заказ мафіі струціў ужо не аднаго чалавека. Гэта быў сама высокааплатны лекар у Бронксе. |
„Ды мне ж і так нічога не пагражае, пакуль я тут, з табой“, — заціналася яна. Тады ён — а ён быў сухі, як жэрдка, усякчас на валаску ад сухотаў — заліваўся слязьмі. І ў 1927-м яна выехала ў Амерыку. Ён паабяцаў, што праз паўгоду далучыцца да яе, аднак так і не прыехаў. Яна ўлілася ў шэрагі ўцекачоў у Мангетэне, жыла з бацькам і мачыхай, якая папікала яе кожным кусам хлеба. Вучылася на вячэрніх курсах, працавала на краўца і няспынна думала пра Мардэхая. З бацькавага дому яна мусіла сысці. Акурат тады і ўзнік Сэм, кажушнік, які за ўвесь перыяд Вялікай Дэпрэсіі і дня не праседзеў без працы. Фэйгеле выйшла за яго замуж, аднак нішто не магло ўдаволіць яе — ні дзеці, ні Бог, ні каханне — нішто, апроч лістоў, якія пабожліва ішлі з Магілёва. Доктар смачна аблізаўся. — Чыкі, ну, праўда, баба дзівосная, але пры чым тут ты? Ты ж ёй не муж, не брат, не бацька гэтага хлопчыка? — Тое вас не абыходзіць, — сказаў Чык, які ўжо ап’янеў. — Я запаўняю пустоты, і гэта мяне задавальняе. — Калі ты хочаш вярнуць яе да жыцця, дружа, табе трэба папросту падрабіць ліст… Так выштукаваць яго, нібы для царскай паліцыі. — Сам ліст падрабіць не штука. А дзе я вазьму рускія маркі? Доктар паляпаў мяне па галаве. „Дзе маміны лісты, малое?“ Я адвёў іх наўпрост да драўлянага куфэрка, прывезенага мамай з Беларусі; лісты ляжалі там. Чыка найбольш цікавілі маркі, якасць паперы, почырк Мардэхая. Доктар жа ўзяўся чытаць лісты: ён быў родам з Кіева і яшчэ збольшага памятаў рускую мову. — Ды гэты чалавек — паэт, Чыкі. Ён зачытаў некалькі абзацаў, аднак Чык спыніў яго. — Самі сабе прачыталі, і добра, док. — Ты што, дурны? Вершы пішуць для ўсіх. — Так, але гэтыя лісты пісаліся толькі для Фэйгеле. Кожная марка была па-свойму выяўная. Я ўбачыў беларускага беркута; татарскіх князёў і каралёў; бацюшку народаў Сталіна, які з галавы рыхтык нагадваў маржа. Доктар выняў з сумкі нажнічкі, каб выстрыгчы некалькі марак, але Чык не даў. Ён не мог нарабіць шкоды нечаму, што належала маме. „Мне пара“, — сказаў доктар, калі мы з Чыкам рушылі ў паперню; там я пасобіў яму выбраць блакітны канверт і пачак аркушоў, якія маглі б сысці за рускія. Затым мы пешшу вярнуліся ў „Сумныя арлы“, адшукалі чалавека, які падахвоціўся абмяняць рускія маркі са свайго сямейнага альбому на масла, яйкі і калумбійскую каву. Чык улёг у працу, намагаючыся перайняць почырк Мардэхая. Час быццам загус вакол яго і ліста, які ён мерыўся напісаць. Доктар забыўся і пра жонку, і пра рэшту сваіх пацыентаў з Мэерам Ланскі ўлучна, каб скласці ліст з Магілёва, які меў пабачыць свет у Бронксе. Я гатаваў ім гарбату і насіў з „Сумных арлоў“ кававыя цесткі. Чыку спатрэбілася цэлая гадзіна, каб почыркам Мардэхая ўдала вывесці па-руску „Дарагая Фэйгеле“ і прыступіць да першага абзацу. А як што Чык не збіраўся абцяжваць ліст жахлівымі падрабязнасцямі, трэ было асцярожна абысці тэму вайны. „Толькі трохі голад мучыць, — напісаў ён на выкшталцонай рускай гаворцы і падпісаўся Мардэхаем. Ён заадрасаваў канверт, я наклеіў маркі, і мы тут жа, у гасцёўні, і пазасыналі, кожны ў сваім фатэлі. Праз сон мне пачулася, што нехта стукае ў дзверы. Я ўстаў і з похісткам пайшоў адмыкнуць. Там, у пантофлях, з лістом у руках стаяў загадчык пошты. Ён быў немаладу як усхваляваны. „Спадарства, прыйшоў. Цуд, ісцівы цуд“. Чык пачаставаў яго нашым надзвычайным кававым цесткам, аблітым чорным шакаладам. „Смаката“, — сказаў ён. Ніхто не падзячыў яму за ліст, які прыйшоў у белым, моцна пакамечаным канверце без ніводнай маркі. Паштар пайшоў. Чык разарваў канверт, і мы рушылі наверх будзіць маму, каб уручыць ёй новы ліст з Магілёва. Лёгкая, як сірэна (я ніколі не бачыў сірэнаў, дык мушу сабе выдумаць яе), яна ў начной кашулі падхапілася з пасцелі. Яна ела ліст вачыма, аднак адмовілася чытаць яго, пакуль не прыгатавала нам гарбаты. Доктар не мог ацяміцца ад перамены, што адбылася з ёю. На Фэйгеліны шчокі вярнулася чырвань. Яна схавалася ў сваім пакоі і зачыніла дзверы. „Анёлы маглі б пазайздросціць такой істоце“, — прамовіў доктар. Мы, як сіроты, сядзелі і чакалі, калі мама зноў выйдзе да нас. Яна не пажадала дзяліцца з намі весткамі ад Мардэхая. „Усё настаўнічае, — сказала яна пад развязку. — Але школы няма. Разбамбілі“. Доктар вярнуўся да сваіх пацыентаў. Чык мусіў пакінуць горад. Бацька прыехаў з Маямі загарэлы, бы кіназорка, ды Фэйгеле выглядала куды больш ярка. Ён надзеў сваю каску і вярнуўся да патрулявання вуліц. Я ўяўляў, як ён за каменданцкім часам цікуе, ці не праточыцца скуль непакорнае святло. Бедны сяржант Сэм, які так і не здолеў завалодаць ані цудоўнай задумлёнкай, ані ейным бліскам.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (8) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |