A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


кніга

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Джэрам Чарын
Чарнавокая задумлёнка
з Магілёва

[ І. Ліст з Магілёва ]   [ II. Бэмбі ]   [ III. Лішай ]
[ IV. Дзіця пустыні ]   [ V. Мадам Кюры ]   [ VI. Уаят Ірп ]

 VI
Уаят Ірп

Як і Ўэст, Іст меў сваіх тытанаў. Але тут не было ні палітыкаў, ні дантыстаў, каб кокаць чарэпаўкі. Уводдалі ад Конкарс палітыка не прымалася ў разлік. Тут не было нават адпаведнага храму, дзе я мог далей навучацца малявання. Мы жыхарылі на нейкай анархічнай выспе, у сяродку якой знаходзіўся нэгр, Гейнз, кансьерж-ахоўнік нашага будынку. Усе менавалі яго Сьержам. Яму было блізу пяцідзесяці пяці гадоў, аднак выглядаў ён значна маладзейшым ад майго бацькі. За часам першай сусветнай вайны ён быў пехацінцам у палку чарнаскурых, якога ашукна ўлучылі ў французскае войска і выправілі ваяваць у Аргонскія лясы. Ягонае цела было ўсё ў шнарах ад тых баёў. Пасля вайны ён застаўся ў Францыі, насіў форму жаўнера французскай дывізіі; калі і форма стала распаўзацца па швох, ён вярнуўся ў Бронкс. У Гейнза былі жонка, каханка, чацвёра дзяцей і ўнучка; усе яны купай жылі ў падвале. Сьерж крыху выдаваў на Бэта Мастэрсана і Ўаята Ірпа. Ён сачыў за парадкам у квартале, які не вызначаўся павагай да законаў.

Гейнз не належаў да банды рэкеціраў. Ён нічога не браў у лавачнікаў, да якіх яго выклікалі, калі трэ было ўправіць мозгі якому піяку, які там усё трыбушыў. А калі крамкі, узятыя пад апеку Гейнзам, рабавала нейкая банда, яна неўзабаве ўсё скрадзенае вяртала, іначай ім пагражала страта „дазволу“ вольна хадзіць па вуліцах. Гейнз змагаўся са злачыннасцю яшчэ эфектыўней, чым Том Д’юі. Калі ён уломваўся ў логава якой-кольвечы банды, дык трушчыў там мэблю і квасіў морды важакам. Калі ж ірландскія ці італьянскія бацькі бандзюганаў самі знаходзілі Сьержа ў яго паўпадвальным жытле, дык выходзілі адтуль ужо значна памудрэлымі і ўгамаванымі. Гейнз хапаў іх пачкамі па шэсць чалавек, біў у карак, грыз за вушы; а калі які хросны бацька насмельваўся заявіцца з пісталетам, Гейнз адбіраў пушку, трушчыў аб сцяну і змушаў таго бацьку з’ядаць тое, што ад зброі заставалася.

„Бобікаў“ у Ісце было нягуста, і гандляры з Паўднёвага Бульвару і Бостан-Роўд выдатна цямілі, скуль вецер дзьме; іхная бяспека залежала толькі ад франтавіка Гейнза. Ён цураўся іхных грошай, цураўся любога хабару, аднак ім не забаранялася рабіць падарункі ягонай сям’і. Франтавік жыў бедна, і ўсё ж такі ўнучка яго мела калыску, усё ж такі яго жанкі і дзеці не мерзлі зімой. Большага ён не патрываў бы. Ён нагадваў мне чалавека-пацука, Лансэлота Пэры, які багоміў цёмныя куткі і ніколі нікога не пакрыўдзіў дзеля ўласнай карысці.

 
   

 
Надзвычай абыходліва ён паводзіўся і з Фэйгеле і яе хлапчанятам, тым самым, што хадзіла ў бейсболцы „Браўнаў“. Сьержу прыемна было, што і Фэйгеле, і сам ён іншаземцы — еўрапейцы, як ён казаў. Выгнанцы. Хоць ён не быў еўрапейцам. Ён нарадзіўся ў Бронксе. У Францыі ў яго была другая сям’я, жонка і дзіця, якіх ён вымушаны быў кінуць, калі па яго прыйшлі жандары (ён краў, каб жыць). Гейнз часта прымаў мяне за свайго страчанага сына. Вяртаючыся са школы, я спускаўся з ім у сутарэнні і пасабляў яму кідаць вугаль у топку. На ягоным твары заўсёды ігралі водбліскі ад ахопленага полымем вуголля. Ён працаваў голы да пояса, і ваенныя раны, шнары на яго целе былі падобныя да скурчаных падскурных пальцаў. Ён не клікаў мяне Бэбі, казаў, што я застары для такога імя.

— Не падлабуньвайцеся, Сьерж. Мне толькі сем гадоў.

— І што, раз вам сем гадоў, я мушу сюскаць з вамі, як з немаўлём? У вас жа імя ёсць — Джэрам.

— Гэта імя для школы, — казаў я. — Тата, мама, мой брат і ўсе мае сябры клічуць мяне Бэбі.

— Колькі ў вас сяброў, спадару Джэрам?

— Зараз адзін. Вы.

— Вось бачыце, я маю рацыю. І ўсё ж сумнавата, што адзіны ваш сябар — дзед і калека.

— Хацеў бы я быць такім калекам, як вы. Вы франтавік. Наскі Ўаят Ірп.

Гейнз зарагатаў.

— Ну, дагадзіў. Параўноўваць мяне са злодзеем і чалавекагубцам!

— Сьерж, а хто такі чалавекагубца?

— Што я вам цяпер, яшчэ й настаўнік, спадар Джэрам?.. Чалавекагубца значыць той, хто народжаны, каб забіваць.

— Але ж Уаят Ірп быў прадстаўніком улады. У Арызоне. Там, дзе жыве мой брат.

— Бачыце, якое супадзенне. А вось, уявіце сабе, я сустрэўся з гэтым чалавекам, калі рабіў насільшчыкам на цэнтральным вакзале ў Лос-Анджэлесе. Мне давялося волакам валачы яго з цягніка, гэткі ён быў п’яны; такі п’яны, што насцаў у порткі.

— Уаят Ірп?

— Ён хацеў, каб яго клікалі Ірпі. Ён не мог самастойна зайсці ў прыбіральню. Сказаў, што дасць мне даляр, толькі б я пасобіў яму. У яго так моцна трэсліся рукі, што ён не мог прарэх расшпіліць. Я сказаў яму, што ніколі не згаджуся, каб Уаят Ірп даваў мне даляр, і што будзе некарэктна, калі людзі заспеюць яго ў прыбіральні для белых у гэткім стане. Ірпі пагадзіўся са мной. Я адвёў яго ў прыбіральню для насільшчыкаў і, як змог, адчысціў. Вось тады ён і расказаў мне пра свае прыгоды ў якасці pistolero. Аказваецца, ён не працаваў шэрыфам у Арызоне. Ён быў ахоўнікам і дэтэктывам ва „Ўэлз Фарга“.

— Хто такі Ўэлз Фарга?

— Чаго толькі вучаць вас у школе! Уэлз Фарга — гэта сама буйная кампанія ў свеце па перавозе грошай і золата. Дык вось, згаданы Ўаят, падобна, прыхапіў сабе ладную дзель тых грошай і кокнуў двух ці трох чалавек.

— Я ведаю, што вы не хлусіце, Сьерж, а ўсё адно не магу даць веры.

— Дык мо хоць гісторыі дасцё веры. Гляньце на „Ўаят Ірпа“ ў цыклапедыі. Вы ўмееце чытаць, спадару Джэраме? А кім вы хочаце стаць?

— Адвакатам, — сказаў я.

Сэр зноў рассмяяўся.

— Адным з тых шэльмаў, што панеюць на карку ў галоты?

— Я б не круцельствамі займаўся. Я абараняў бы вас, калі б вас пасадзілі ў „Магілы“.

— Я ўжо сядзеў у „Магілах“, Бэбі. І адзінае, чаго мне там было не трэба, дык гэта адваката.

— Я не Бэбі. Я Джэрам.

І з прыцярушанай вугальным пылам галавой я выбег з лёху.

 
   

 
Эканоміка квітнела, але тата, ахвяра сваіх уяўных немачаў, усё часцей і часцей сядзеў удома, і мама знайшла сабе працу на цукеркавай фабрыцы. Яна гадзінамі ўзапар мачала вішні ў чан з шакаладам. Прадпрыемства месцілася ў пратхнулым квартале Эджуотэр-Роўд, дзе кішма кішэлі пацукі, якія зграямі вандравалі ад складу да складу. Гейнз прапанаваў маме, што будзе сустракаць і праводзіць яе дадому ў тыя вечары, калі яна будзе позна вяртацца з працы.

Часам ён браў з сабой і мяне, і я не мог не заўважыць, як людзі на вуліцы інстынктыўна ўхіляліся ад сустрэчы з ім. Ростам быў Гейнз невысокі. Але ішоў ён спружыністай ступой акрабата, а вочы меў цёмныя, якія, на маё ўяўленне, мусілі быць ува Ўаята Ірпа. Аднаго разу з-за складской сцяны выскачылі трое дзецюкоў і паспрабавалі вырваць з рук Фэйгеле сумку (дзе тады якраз ляжаў канверт з яе заробкам): і я ўбачыў Сьержа ў дзеянні. Ён толькі разок крутануўся на месцы. Ягоныя рукі імгненна ўзляцелі ў паветра, затулілі Фэйгеле і запрацавалі на пысах дзецюкоў. Тыя збіліся ў купу і так і не патрапілі завалодаць сумкай, якая зноў апынулася ў Фэйгеле пад пахай.

Аднак рыцарскія подзвігі Гейнза маме ўсё ж нечага каштавалі. Ягоная каханка Ніта — мулатка, падобная да Ліны Горн, найпрыгажэйшай у Амерыцы жанчыны, — вельмі раўнавала яго. Ніта была цудоўнай дзікункай нашага дому. Гейнзава жонка Мэцці хварэла на сэрца і ніколі не выходзіла са свайго сутарэння. А Ніта так і цікавала на сходах, то быццам бы каб падмесці, то каб памыць, і не давала праходу малому жыльцу, шчытна прыціскаючы яго да парэнчаў і горача шэпчучы ў самае вуха.

— Скажы сваёй маме, каб яна пакінула ў спакоі майго чалавека.

Ніта ўжо насіла ў сабе дзіця, Гейнзава дзіця, і ганарылася гэтым. Палова нашых суседзяў была закаханая ў Ніту Браўн; другая палова ўважала яе грымучай змяёй, здольнай высмактаць з чалавека ўсю кроў. А я быў звычайным гаўнючком са спярэшчанай шнарамі чарэпаўкай, але калі б у мяне дзесьці меўся ўласны сад, я пасяліў бы там Ніту Браўн як унікальна-дзівосную грымучую змяю.

— Ніта, — сказаў я, — мая мама не Мата Гары. Яна ніколі не фліртавала са Сьержам. Яна ні разу нават за руку не ўзяла яго. Я сведак. Я быў там. Ён сустрэў яе на фабрыцы і добра зрабіў, бо тры басякі спрабавалі скрасці ў яе заробак.

— Басякі? — буркнула Ніта, адным ківам галавы папраўляючы апалыя валасы. — Чарнажопыя ці белажопыя?

— А хто такія белажопыя?

— У каго скура белая.

— Значыць, белажопыя.

— Тады ён сам іх, безумоўна, і падаслаў… Ён заўсёды пасылае белажопых, калі хоча некага ўразіць, а пагатоў прыгожую кошачку.

— Мама не кошачка, — сказаў я.

— Хадзі-но сюды, Бэбі, — сказала Ніта і ўзяла мяне на рукі.

Я сядзеў у яе на чэраве, бачыў кароценькую залатавусую поўсць яе вусікаў, удыхаў водар, што ўздымаўся між горамі грудзей.

— Чуеш, як батуе?

— Хто?

— Мой малышык… Дынаміт. Я назаву яго Дынамітам.

Мне адчыніўся рай; ён знаходзіўся ў Бронкс-Ісце. Аднак усё скончылася занадта хутка. Ніта апусціла мяне на падлогу. Такі сама залатавы пух рос у яе і на руках.

— Я, бадай, магла б стацца тваёй Матай Гары, — сказала яна, і ў блакітнай блюзцы, з жыватом, які ўжо выдаваўся ўперад, паводзячы плячыма, яна пакіравала ў падвал.

А я лунаў між небам і зямлёй, уцягваў ноздрамі духмяны Ніцін пот. На школу я пляваў як на чарговы нешацунак: мае аднакласнікі былі зусім адсталыя, яны ніколі не бывалі на Конкарс, ніколі не бралі ўрокаў малявання. Я быў у класе маленькім геніем, як ніхто іншы ўмеў разважаць пра палітыку Бронксу. „Рузвельта пераабраў толькі Бронкс“, — казаў я (Ф.Д.Р. акурат распачынаў сваю чацвёртую рату кіравання ў Белым доме). „Бос Флін і спадар Лаенз як ёсць кіравалі ўсёй кампаніяй з „Конкарз-Плаза“. Гэта яны і разбілі спадара Д’юі. Зладзілі яму ў Бронксе сапраўдную бойню“.

З важнецкім выглядам я швэндаўся па вуліцах і марыў пра Ніту Браўн, калі раптам заўважыў, што адзін прадавач рагалікаў акурат насупраць школы дзіўным чынам нагадвае мне кагосьці. Ён калупаўся ў зубах пазалочанай зубачысткай, рыхтык бы гангстэры ў „Сумных арлах“, насіў гарнітур з шаўронамі, які яўна паходзіў ад Фаермана & Маркса, а на туфлях цьмяна праглядваліся дробныя белыя плямкі.

„Як маешся, Парша?“ — сказаў ён, каб уразіць мяне. Ён больш не насіў накладной барады і выглядаў найшляхетнейшым гандляром рагалікамі, які толькі можа быць.

— Не варта было ажно гэтак мучыць маму, дзядзька Чыкі. Ты што, не мог паслаць ёй паштоўку, не мог паведаміць, што ты яшчэ жывы?

— Паштоўкі могуць навесці на след.

— І яшчэ, не кліч мяне Паршой. Гэта незычліва.

— Але ж мусіў я нейкім чынам звярнуць на сябе тваю ўвагу. Ты ішоў такі летуценны.

— Што ты робіш у Бронкс-Ісце?

— Я ўцёк сюды, як і Фэйгеле з табой.

— Уцякач-прадавач рагалікаў?

— Гэта неблагі маскарад. За мной ганяецца мільён гарылаў, з Мэерам Ланскі ўлучна. Нехта ўвеў Малюху ў вушы, што я залез у касу за тым часам, калі кіраваў малярным прадпрыемствам.

— А тое праўда?

— Я ніколі нічога не скраў у Ланскі. Ніколі… Ах, Бэбі, як добра, што я пабачыў цябе. Пацалуеш Фэйгеле ад мяне?

 
   

 
Я расказаў маме пра новага прадавача рагалікаў у нашым квартале, мяркуючы, што яна нічога, апроч пагарды, да Чыка не мае і не пагодзіцца сустрэцца з ім нават у імя добрых былых часінаў. Аднак рэакцыю цудоўнай задумлёнкі немагчыма прадбачыць. Калі б Чык зрабіў сабе ў Ісце кар’еру, калі б ён стаўся рэкецірам ці апаратчыкам у злачынным сіндыкаце, мама б ухілілася ад сустрэчы з ім. А вось прадавач рагалікаў быў ёй да душы.

І я наладзіў іхнае спатканне, добра цямячы, што замужняй жанчыне непрыстойна сустракацца з дзіўным гандляром рагалікаў на вачах усіх лавачнікаў Бостан-Роўд. Я абраў муніцыпальную бібліятэку, размешчаную ў квартале чарнаскурых, куды камерсанты ніколі не завітвалі. Дзядзька Чык прыйшоў з кашом рагалікаў і чырвонай ружай. Тое, што ён учыніў раней, не мела ніякага значэння, гэта быў шчыраверны мамін рыцар. Убачыўшы цудоўную задумлёнку, ён заліўся слязьмі.

— Дурань гатовы, — сказала мама, — мы ж у публічнай бібліятэцы.

Што не шкодзіла ёй моцна абняць таго колішняга маляра і з добрую хвіліну, пакалыхваючы, не выпускаць яго са сваіх абдоймаў.

— Я вінаваты, — сказаў ён, — я стаў прадаваць рагалікі дзеля цябе.

— Боўдзіла дурное, — сказала мама. — Кажы мне тут салодкія казачкі.

— І ўсё-такі гэта праўда. Я найняў аднаго гарылу, каб ён адшукаў мне ўсіх Фэйгеле, якія толькі ёсць у Бронкс-Ісце; болей за тое, я крыху і сам пагуляў у выведку, а потым выстараўся дазволу на гандаль рагалікамі побліз Бэбінай школы. Я разважыў, што, урэшце, ён абавязкова нагабае мяне.

— Чаму ты не прыйшоў да мяне дадому?

— Я не магу рызыкаваць. Мяне вышукваюць.

Бібліятэкарка з відочнай цікаўнасцю запаглядала на яго, і дзядзька Чык вывеў нас на вуліцу. Мы зайшлі да аднаго чарнаскурага прадавача марозіва і замовілі сабе па малочным кактэйлі з шакаладам. Мабыць, мама, Чык і я нарадзіліся пад адной зоркай, раз нам усім траім так смакавала ўсё, што з шакаладам.

Чык нідзе стала не жыў. Ён перабіраўся з пакою ў пакой, каб збіць са следу віжоў Ланскі. Адзінай у свеце рэччу, якой ён валодаў, быў кош з рагалікамі. І ўсё-такі ён не забываў пра свае прадпрыймацкія здольнасці. Ён узяўся гуртаваць іншых гандляроў рагалікамі, каб разам змусіць паставачоў знізіць кошт рагалікаў. Яму давялося скарыстацца чужым імем: Мішэль Строгаў; так звалі нейкага сібірскага туза. Аднак пастаўшчыкоў не дужа вабіла перспектыва скарачэння прыбытку дзеля нейкага там Мішэля Строгава. Яны найнялі мясцовую банду pistoleros, каб тыя далі пытлю дзядзьку Чыку. Але яны не ўлічылі Гейнза…

Франтавік узнік акурат у той момант, калі пісталеры мерыліся сцерці з зямлі і Чыка, і ягоныя рагалікі. Яны ўжо зжэрлі ўсе рагалікі і распранулі Чыка дагала. Галюткі Мішэль Строгаў апынуўся ў самым сэрцы Сібіры: у зімнім Бронкс-Ісце. Праблемы прадавача рагалікаў Гейнза не абыходзілі. Ён папросту рабіў абход у сваім квартале, рупіўся пра спакой у ім, не больш таго. Ён абрынуўся на пісталераў з такімі грымакамі ды выспяткамі, так заперыў іх і пад бок, і пад галаву, што баявыя воклічы банды прыглухлі. Ён выдзер з куламесы і Чыка, і кош, а пісталеры здаліся ў палон і прапанавалі Чыку грошы за з’едзеныя імі рагалікі.

— Лічыце, што вы адцяпер пад хатнім арыштам, — сказаў ім Гейнз. — Каб я вас больш на вуліцы не бачыў.

Наўрад ці франтавік сказаў хоць слова Чыку; ён нават не пацікавіўся, як таго завуць. Ён пасобіў Мішэлю Строгаву апрануцца. Мамін сібірскі туз выцягнуў кашалёк, каб аддзячыць, але франтавік адмовіўся.

— Вось калі тут ісціме мая нявеста, прапануйце ёй рагалічак… толькі не той, не раскіслы, што спраку веку ляжыць наверсе, добра? А свежанькі, з-пад сурвэткі.

— Ды як жа я пазнаю вашу нявесту?

— О, Ніту вы ні з кім не зблытаеце. Гарантую вам, яна і самая з вамі знаёмства завядзе.

 
   

 
На тым і павінна была б закончыцца гісторыя; аднак яна мела свой працяг. Хрышчоныя бацькі пісталераў прыйшлі ў шаленства. Наймацней іх ятрыла тое, што франтавік прымусіў іхных сынкоў вярнуць грошы нейкаму там гандлярчыку. Яны перамовіліся з паставачамі, тыя перамовіліся з прадстаўніком сіндыкату, дачынным да аднаго з „эскадронаў смерці“ Мэера Ланскі, а эскадронны вадар перамовіўся з самім Малюхом. Рэшта ўжо не мела нічога агульнага ні з рагалікамі, ні з пісталерамі. Эскадрон выкрыў, кім сапраўды быў Мішэль Строгаў. Малюх не мог стрываць, каб нейкі домаахоўнік, нейкі чарнамазы шэрыф-аматар прыйшоў на помач тыпу, унесенаму ў яго ўласны чорны спіс.

І вось эскадрон — двое пірожнікаў-палякаў з бронкс-істаўскай Тынтан-Авеню — гвалтоўна, а трэцяй ночы, узброеныя пісталетамі, нажамі і бейсбольнымі бітамі, уламаліся ў падвал; яны выдзерлі Сьержа з пасцелі і загадалі выбіраць: або ціхая смерць, або вэрхал і тады — пакуты яшчэ й кабетаў і дзяцей. Гейнз зарагатаў, бы шакал. „Вы ў любым разе пазабіваеце ўсіх…“ Яны з двух бакоў пыралі Сьержа нажамі, уляпілі яму дзве кулі, праламалі чэрап, аднак ён і калена не прыхіліў. Ён наскочыў на пірожнікаў і выгрыз ім насы…

Жывымі выграбліся з падвалу толькі франтавік і яго сям’я. Прыехалі „бобікі“, сталі занатоўваць паказанні. Усё, што іх цікавіла ў той справе, зводзілася да аднаго: якім такім чынам чарнаскуры домаахоўнік здолеў выжыць у запраграмаванай злачынным светам расправе. Яны накрылі пірожнікаў бруднай прасціной і выклікалі санітарную машыну для Гейнза.

Але пасля таго Сьерж ужо не быў ранейшым Сьержам. Ён выйшаў са шпіталю з металёвай пласцінкай у чэрапе. Лічыць ён мусіў цяпер на пальцах і болей не ўмеў нават назваць літараў свайго імя. Тым не менш, ён заставаўся адзіным маім сябрам. Вугальным шуфлем ён развучыўся карыстацца, і, як я ні тлумачыў, мне так і не ўдавалася навучыць яго трымаць шуфель у руках. Ён хаваўся ў вугальную скрыню і адварочваўся да сцяны.

— Паслухайце, Сьерж, вы па-ранейшаму наш Уаят Ірп.

— Угу, — казаў ён. — Здатны толькі смактаць ляндрынкі ды сцаць у порткі. Рыхтык як Ірп.

Ніта спарожыла чэрава. Мама даглядала яе, клала на лоб вільготныя кампрэсы, ухутвала ўсім, чым толькі можна ўхутаць.

— Спадарыня Фані, — у гарачцы шаптала Ніта, — дазвольце нам з Сьержам пайсці жыць на неба, да анёлаў.

— Ніякіх анёлаў, — сказала мама. — Зарана яшчэ.

Мама была ў страшэннай маркоце; яна ніяк не магла даўмецца, чаму двум пірожнікам з Тынтан-Авеню раптам заманулася забіць Гейнза. Тое мусіў патлумачыць нам Чыкі. Ён перастаў быць Мішэлем Строгавым. І кошык свой з рагалікамі здаў. Мы сустрэліся ў бібілятэцы, і ён давёў да нашага ведаму, хто стаяў за пірожнікамі. Ланскі, Малюх.

— І ты што, не мог папярэдзіць Сьержа? —Цяпер заплакала ўжо мама.

— Гэта было ўжо fait accompli*, Фэйгеле.

* Здейснены факт, фр. — Заўв. пер.

Нават мне не трэ было пытацца, што такое fait accompli. Нешта такое, што ўжо не можна было спыніць, як перст лёсу.

Мама ўзняла руку над бібліятэчным сталом і пляснула Чыка па шчацэ. Гэта была самая сумная поўха, якую мне давялося бачыць у сваім жыцці.

— Вось табе мой fait accompli, дарагі… Сьерж жыццё табе выратаваў. Ты жывы, і гэтым ты абавязаны яму.

— Я не мог, Фэйгеле… Я надта баяўся. Да таго ж, я не ведаў, ні што Малюх мае зрабіць, ні дзе.

Мама ўзяла мяне за руку, і мы пакінулі дзядзьку Чыка ў бібліятэцы. Яна несла сваю дзель віны за ўсё, што здарылася з Сьержам. Каханне да яе, якім Чык поўніўся, прывяло яго ў Бронкс-Іст у абліччы прадавача рагалікаў. А Гейнз праз тыя самыя рагалікі здзяцініўся.

— Цяпер ужо вы можаце клікаць мяне Бэбі, спадару Джэраме.

Я не мог. У маіх вачах ніякім дзіцём ён не быў. Гэта быў паранены жаўнер.

 
   

 
Гейнз яшчэ ляжаў у шпіталі, калі памёр Рузвельт. Кровазліццё ў мозг спасцігла яго ў малым Белым доме ва Ўорм-Спрынгз, у Джорджыі. Я не магу казаць пра ўсю Амерыку, а вось Бронкс-Іст аплакваў яго пагалоўна. Жыццё кварталу як прымёрла. На вуліцы ніводнага тралейбуса. Крамы абязлюдзелі. З вокнаў звісалі сцягі з партрэтамі Ф.Д.Р. у плашчы. Мамай апанавалі жахлівыя пакуты, бо яна і любіла Рузвельта, і ненавідзела яго за тое, што ён прадаў дантыста, здаў яго Д’юі.

— Бэбі, я не галасавала за Ф.Д.Р. І гэтым сурочыла яго.

— Мама, мама, ды мільёны людзей не галасавалі за Рузвельта.

— Але не ў Бронксе, — сказала яна. — Тут адна я была такая. О, я так любіла яго, Бэбі, а д’ябал скарыстаўся тым і абрынуў маю нянавісць у ліхую маланку, якая і ўлучыла ў мозаг Прэзідэнту.

З мяне ніколі не выйшаў бы адвакат. Я быў няздольны давесці маме, што яна не забівала Ф.Д.Р. Два тыдні яна не ўставала з ложку, а потым зноў падалася на цукеркавую фабрыку. Яе патрон не зрабіў ёй ніякай заўвагі. Мама была найлепшай у горадзе мачальшчыцай. Дый шмат іншых жанчын па смерці Рузвельта самаволяй не выйшлі на працу. Аднак Фэйгеле не магла дазволіць сабе хварэць. Ёй трэ было памагаць Ніце Браўн.

Той прыйшлося стацца нашай новай домаахоўніцай, іначай бы Гейнз страціў права на жытло ў падвале, і Мэцці з дзецьмі апынуліся б на вуліцы. Ніта яшчэ не пачувалася дастаткова дужай, каб самаруч дагледзець увесь дом; мама з дзецьмі прыбіралі агульныя пляцоўкі, а я пасля ўрокаў займаўся грузавым ліфтам. Мне вельмі падабалася быць намеснікам домаахоўніцы. Нам трэ было ўводзіць Ніту ў зман. Пасля таго як Сьерж страціў дзель свайго мозгу, яна сталася яшчэ больш эксцэнтрычнай. Вугаль яна шуфлявала вылучна галяком. Мне тое было ні ў пяце ні ў галаве, аднак кватаранты пачалі скардзіцца. Яна не дбае пра свае абавязкі, казалі яны. Спакусніца. Сядзіць на сходках і песціць сабе цыцкі.

Домаўладач выклікаў яе да сябе і даў тыдзень часу на тое, каб яна выбралася разам з франтавіком і ўсім ягоным вывадкам. Фэйгеле накінула чарнабуркавае манто, спырскалася найлепшай парфумай, выярчыла вусны, і мы рушылі ў госці да домаўласніка, Гары Гаркінза, у яго офіс на Ўэст-Фармз-Роўд. Мама баялася пакідаць Гейнза аднаго ў вугальнай скрыні, аднак і ўзяць яго з сабой таксама не было як. Гэта толькі настроіла б домаўладача супраць нас.

Гаркінз валодаў і распараджаўся стапяццюдзесяццю незгаральнымі дамамі ў Бронкс-Ісце. Нам давялося цярпліва вычакаць цэлую гадзіну, перш чым ён прыняў нас, але, калі мы зайшлі ў яго кабінет, ён ужо не мог адвесці ад мамы вачэй. Вочы ў яго былі сумныя і бляклыя. Мы назваліся, і Гаркінз пацалаваў маме руку.

— Я дыяманта вам не пашкадую, Фэйгеле… адпраўце малога дадому.

Мама ласкава паляпала яго па шчацэ.

— Як вам не сорамна, Гары. Я хацела б, каб вы зноў узялі на работу Ніту Браўн.

— Гейнзаву вядзьмарку? Немагчыма. Яна не мае права заставацца ў доме. Калі яна застанецца, мы будзем разглядаць гэта як самавольнае засяленне.

Ніяк не паддаваўся Гары Гаркінз, нічога не магла зрабіць ні маміна ўсмешка, ні парфума, ні баявая размалёўка. З Уэст-Фармз-Роўд мы беглі рыссю, і на Конкарс рушылі аўтобусам. Упершыню за колькі месяцаў пасля пераезду я зноў ішоў па Конкарс. Толькі што капітулявалі немцы, і на Конкарс панаваў святочны настрой. Храм Адат Ісраэль быў завешаны сцягамі і электрычнымі свечкамі. Цяпер ужо аніхто не баяўся, што аднойчы Гітлер заявіцца палуднаваць у Бронкс.

Дамы купаліся ў срэбным святле, якое залівала Конкарс, як быццам дзесьці ў нябёсах адразу ўзышлі і месяц, і сонца і разам заззялі над Бронкс-Уэстам. Але мама спяшалася, і нам не было калі прыпыняцца да прыгадваць былое. Мы заспелі спадара Лаенза ў холе „Конкарс-Плазы“. Ён сядзеў у сваім пурпуровым фатэлі, аточаны світай, і так і ўпіўся ў Фэйгеле сваімі шэрымі палітыканскімі вачыма.

— Прэч адсюль, шлюшка. Каб вы тут больш не з’яўляліся: ні ты, ні твой пархуцік.

— Бэбіна галава загоілася, я вам ужо казала.

— А ён усё адно носіць гэтую тупую бейсболку „Сент-Луіс Браўнз“… Прэч адсюль.

— Вы старшыня маёй акругі, — сказала мама. — Я маю права на сустрэчу з вамі.

— Божа барані. Ты не дэмакратка. Мы выключылі цябе з нашых шэрагаў. Калі бос празнае, што ты прыходзіла сюды, мне больш не відаць свайго крэсла ў радзе. Без спадара Фрэнкліна мы ўсе асірацелі, Фэйгеле.

— Мне патрэбна ваша дапамога.

— Не можа быць і мовы.

— Патэлефануйце Гары Гаркінзу і скажыце яму, што вам вельмі падабаецца Ніта Браўн.

— Якая такая Ніта Браўн?

— Домаахоўніца ў Сібэры-Плэйс.

— Сяброўка Ўаята Ірпа, — дадаў я.

Спадар Лаенз скоса зірнуў на нас.

— Ясна. Таго шэрыфа, які ледзьве не ўсіх людзей Ланскі перабіў. З прыемнасцю пазнаёміўся б з ім. Але чаму ты хочаш, каб я ўмяшаўся? Якая мне з таго карысць?.. О, чорт цябе бяры, як жа мне не ставала цябе. Людзі натоўпамі валілі б за намі, калі б ты згадзілася раздаваць карты сябрам Дэмакартычнай партыі.

— Згода, Фрэд. Але толькі адзін разочак. Аднак спачатку патэлефануйце Гаркінзу… Ніта Браўн.

Вочы акруговага старшыні ўспыхнулі тым жа срэбным бляскам, якім ззяў увесь Конкарс. Ён загадаў пахолку прынесці тэлефон. Адшукаў у нататнічку нумар Гаркінза, набраў яго, нешта мармытнуў у слухаўку, аддаў пахолку апарат і яшчэ раз скоса зірнуў на маці. „Гатова. Цяпер ніхто ніколі не кране тваёй Ніты Браўн… Ну дык што, раздасі нам карты, дарагая Фэйгеле?“

Спадар Лаенз склікаў усіх дэмакратаў, каго толькі змог, яны паселі вакол доўгага стала, і Фэйгеле, з „Філіпам Морысам“ у дзюбцы, раздавала. Я зноў пачуў старую песню: „Пара каралёў… любая масць.“

Дэмакраты былі зачараваныя. Яны адшкадавалі цудоўнай задумлёнцы вялізныя „гасцінцы“. За дзве гадзіны мама зарабіла грошай болей, чым за цэлы тыдзень панурання вішань у шакалад. Ды толькі дзеля Ніты Браўн, а не дзеля грошай згадзілася яна на гэтую працу.

 
   

 
Мама ніколі дужа не дбала пра грошы, нават калі займалася чорным рынкам. Дантыст яе захапляў не тым, што ў золаце купаўся, даючы людзям фаеру, а тым, што быў шляхетным чалавекам, ідэалістам, які з задавальненнем больш разважаў пра Чэхава ды бульвар Царэвіча, чымсьці ўлягаў у свае абавязкі ў Бронксе. Я не пэўны таго. Бо яго забіў зусім не Чэхаў. Яго забіла Дэмакратычная партыя.

Мы развіталіся са спадаром Лаензам, які правёў нас аж да дзвярэй, да лесвіцы, з уласцівай бронксаўскаму старшыню пышнасцю ўбранай дыванамі.

— Я ведаю тваю фабрыку, Фэйгеле. Мы за табой сачылі. Аднаго дня ты можаш уваліцца ў чан з шакаладам, і ніхто ніколі не адшукае цябе.

— Я б здзівілася такому павароту падзеяў, спадару Лаензе. Выжыла я пры цары, выжыву і на цукеркавай фабрыцы ў Бронксе.

Мы не адразу вярнуліся ў Бронкс-Іст. Як спрактываная круп’ерка, мама ведала, што трэба трошкі пагуляць, развеяцца пасля гульні. Яна ўсё яшчэ пыхкала „Морысам“; ззянне Конкарс надавала ёй, гэтай чарнавокай задумлёнцы з Беларусі, што жыхарыла пасярод вішань у шакаладзе, асаблівы арэол. А тату недзе там атачалі дэманы. Ён так ніколі і не акрыяў ад страты свайго статусу паветранага чувача. Часіны, праведзеныя Сэмам у белай касцы, калі ён за каменданцкім часам выкрыкваў свае загады, сталіся найшчаслівейшымі ў яго жыцці. Ён ужо не ездзіў на Маямі на спатканні з выляжанкамі. Не быў старшым майстрам у кажушнай майстэрні. І самой майстэрні ўжо не было, і ён не мог уцяміць, якое такое раўнанне лучыць нас, маму і мяне.

Я быў Фэйгеліным Антонам Чэхавым, хоць не кожныя тры словы я ўмеў напісаць. У мяне меўся мой уласны бульвар Царэвіча, мая ўласная чарнавокая задумлёнка з сабачкам. Гэтая цудоўная задумлёнка ніколі не тапілася ў Ніцы, а яе сабачку, якога звалі Сабакам, звалі таксама й Джэрамам. Сабака спазнаваў свет вачыма сваёй гаспадыні… І вачыма тых мацакоў, якія багомілі цудоўную задумлёнку, а Сабака тым часам глядзеў на іх і „счытваў“ захапленне, што вымалёўвалася ў іх на тварах. Чарнавокая задумлёнка належала Сабаку, а мама належала Бэбі, а не пажарнікам, паштарам, кантарам з Беларусі ці Бронксу. Іхныя позіркі толькі мацавалі наш, Фэйгеле і мяне, узаемаўплыў.

Мы ўсё яшчэ не вярталіся ў Іст. За выручку ад гульні ў спадара Лаенза мама купіла чайніцу з рашоткай. Мне часам аж падумвалася, што мама зараз пачне зазіраць у сметніцы, корпацца ў хлудзе, пакінутым месцічамі Конкарс вулічным падмятальцам. Аднак маму цікавіла зусім не смецце. Мы ішлі той дарогай, якою яна некалі хадзіла па пакупкі. Калі мы жылі побліз Конкарз, Фэйгеле любіла купляць прадукты на італьянскім рынку на Артур-Авеню, дзе можна было знайсці любую экзатычную даўганосую гародніну, фіялавыя аліўкі і яйкі з падвойным жаўтком.

Артур-Авеню знаходзілася вельмі далёка, і мне прыйшлося валачы Фэйгеліну чайніцу аж да ўзножжа пагорку, што па той бок Клермант-Парку, аж да Ўэбстэр-Авеню. Хлапчаня ў бейсболцы „Браўнаў“ цягнулася следам за маці, падобнай да кіназоркі. Памаўчу пра мужчынаў, якім пры з’яўленні Фэйгеле займала мову. Але мы спаўнялі сваю місію, і мама ні разу не адказала на мужчынскія погляды. Мы прайшлі па Трэцяй Авеню да Куоры-Роўд, затым абмінулі каталіцкі шпіталь для хронікаў і зразу апынуліся на Артур-Авеню. Мне падалося, што я сунуся з глузду, бо аніяк не мог дабраць цяму, якая на дварэ пара году. Камерсанты ў гонар Дня Перамогі арганізавалі сапраўдныя новыя Каляды. Папярок Артур-Авеню звісала навагодняя ілюмінацыя, вялізныя кароны з дроту і па-ўсякаму скампанаваныя шматкалёрныя балонікі. З вокнаў на нас глядзеў Дзед Мароз.

Была гадзіна на палудні, і „Дамінік’с“ быў зачынены, але калі цудоўная задумлёнка зазірнула ў рэстаран, афіцыянты не ўстоялі: сабралі на столік спецыяльна дзеля нас. Мы паелі лапшы ў „вострым арабскім соўсе“ (arrabbiata), мама выпіла яшчэ і чырвонага, амаль чорнага, віна. Афіцыянты адмовіліся ўзяць з яе плату. „Гэта было б знявагай, Сіньярына“.

Пакідаючы рэстаран, я мусіў быў узяць на сябе ролю мамінага штурмана: яна моцна схмялела ад чырвонага віна. Фэйгеле вяло ў бакі, чарнабуркавае манто згубіла арыентацыю; я і яе падтрымваў, і чайніцу валок. Мы зайшлі ў крыты рынак, і тут нас акружыў гурцік мужчын у лахманах; сівавусыя дзецюкі з вялізнымі ўніклівымі вачамі ў нейкім недарэчным абадзетку. Гэта былі італьянскія ваеннапалонныя пад аховай жандараў са свісткамі і пісталетамі і ў касках. Крыху пацешна глядзеліся тыя жандары, падобныя на дрэсіроўцаў. Ды ў тым не было іхнай віны. Іх папросту паставілі ў камічную сітуацыю. Італія здалася даўным-даўна, гэтых палонных даўно належылася выправіць на радзіму, аднак гэтага немагчыма было зрабіць, бо Паўночную Італію акупавалі немцы. Цяпер вось і самыя немцы апынуліся ў палоне, і ў Берліне адно пацукі бегалі сярод руінаў, і гэтыя ваеннапалонныя, якія насамрэч ніякімі палоннымі не з’яўляліся, апынуліся ў нейкім дзіўным чыстцы заморскага бяздомства. Нейкаму дабрасэрнаму начальніку палявой жандармерыі, які ўтрымваў іх дзесь ва „ўнутраным“ табары (тое было ваеннай тайнай), прыйшло да галавы выправіць іх на экскурсію ў тыповы італьянскі квартал. Прынамсі, гэтак нам патлумачылі афіцыянты „Дамінік’су“. І Артур-Авеню вырашыла дзеля тых „небаракаў“ павымаць старыя навагоднія дэкарацыі.

Ці ж не былі яны сама гэткімі бадзякамі, як і мы з мамай? Што патрапілі ў нерат загадак нашага веку, што святкуюць Каляды ў траўні ў нейкім цесным італьянскім намёціку? Яны глядзелі на маму зусім не так, як пажарнікі, што вачамі елі яе; яны не прагнулі авалодаць цудоўнай задумлёнкай. У табары для ваеннапалонных яны былі жадны хоць якое падтрымкі. Ці мама адчула і ўласную паняволенасць, калі ўбачыла іх такімі, якія яны былі — у недарэчным тым абадзетку, у поступу цыркавых жывёлаў? З іхных вуснаў не злятала ні шэпту, ні жарту. Яны глядзелі, і толькі. І мама не змагла выбавіцца ад гэтых зняволеных клоўнаў. Яна сарвалася з месца, збурлася цалаваць іх, сціснула ў абдымку кожнага вязня, змусіла кожнага ткнуцца носам у шаўкавістую поўсць свайго манто: палявая жандармерыя не ўмешвалася; абыдзеныя ейнай ласкай, жандары цяпер самі выглядалі рыхтык як палонныя.

Чарнавокая задумлёнка па калейцы пацалавала кожнага ваеннапалоннага ў пераносіцу. Потым ушчаперылася ў дужку нашай чайніцы і павяла мяне ў ярка асветлены грот крытага рынку, дзе я мог схавацца і ад вязняў, і ад іх вартавых і распачаць пошукі чароўных яек з падвойным жаўтком.

Я згадаў пра франтавіка Сьержа, які жыў у вугальнай скрыні, і мне закарцела прынесці дадому хоць якую даўганосую баклажаніну ці фіялавую аліўку, каб яны вярнулі яму хоць драбок розуму. Аднак Артур-Авеню не магла вылечыць Сьержа. Ён быў ідэалістам, як Дарсы, і бачыце, чаго гэта яму каштавала. Ён стаўся дзіцем уласных дзяцей у тым сама падвале, які некалі быў ягоным валадарствам. Але аўра Ўаята Ірпа ўсё ж не пакінула яго. Ён па-ранейшаму будзе сустракаць маму каля цукеркавай фабрыкі, праводзіць яе дадому. І хто насмеліцца засумнявацца ў яго здольнасці біцца? Мы адважна танцавалі на ламанай лініі нашага жыцця. І ўсе сыходзілі з нашай дарогі.


Пераклала з францускай Ніна Мацяш
паводле Jerome Charyn. La belle ténébreuse de Biélorussie.
Paris, Gallimard, 1997.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000