A R C H E H a b r e j s k i   n u m a r № 3 (8) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32000
» да Зьместу «

 


Габрэйскі нумар


кніга

     
Вокладка ARCHE 3-2000. Габрэйскі нумар. Фота Алены Адамчык, мадэль Ядвіга Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Джэрам Чарын
Чарнавокая задумлёнка
з Магілёва

[ І. Ліст з Магілёва ]   [ II. Бэмбі ]   [ III. Лішай ]
[ IV. Дзіця пустыні ]   [ V. Мадам Кюры ]   [ VI. Уаят Ірп ]

 V
Мадам Кюры

Сёстры Палей, Ганна (зьлева) і Фэйгеле, 1930. З прыватнай калекцыі

Яе імя па мужу было мадам Кюры. Нарадзілася ж яна як Мар’я Складоўская, у Варшаве, у 1867 годзе. Яе бацька быў сціплым настаўнікам матэматыкі, які ўсе свае грошы прайграў на біржы; Мар’я была надзвычай адораным дзіцем, яшчэ да пяцігадовага веку здатнай завучаць напамяць мапы, краіны і мовы. Яна вучылася ў расейскім ліцэі, дзе зняможвала пытаннямі сваіх настаўнікаў — такімі глыбокімі былі яе веды Спінозы і законаў фізікі. Але яна не магла прадоўжыць вучобу ўва універсітэце, з увагі на бацькаў нешацунак. Семнаццацігадовая Мар’я, найбліскучшая вучаніца ў класе, пайшла ў гувернанткі. Яе розум упаў у дрымоту. Яна вяла жыццё захамутанай канякі дзеля ўдавольвання сямейных патрэбаў. Але ўрэшце яна ўцякла ў Парыж, узнавіла вучобу ў Сарбоне. Яна закахалася ў аднаго французскага вучонага, П’ера Кюры, пабралася з ім, стала працаваць у яго ў лабараторыі. Яны супольна адкрылі радый, у 1903 годзе падзялілі Нобелеўскую прэмію. Але ў 1906 годзе П’ера на вуліцы Дафін збіла машына і ён раптоўна памёр. Мадам Кюры прадоўжыла яго вопыты з радыеактыўнасцю і сталася першай жанчынай-выкладчыцай у Сарбоне. У 1911 годзе яна атрымала другую Нобелеўскую прэмію. І хоць яна сталася найслыннейшай асобай планеты, яшчэ больш папулярнай, чым кіназоркі ды каралевы, яна ахвяравала сябе на алтар навукі. Радыеактыўныя рэчывы, якія ўтрымліваліся ў яе лабараторыі, па скорым часе атруцілі яе. Яе кроў пераўтварылася ў ваду, і ў 1934 годзе яна памерла ад лейкеміі.

Кампанія MGM вырашыла зарабіць грошы на яе жыцці. Была створана кінастужка „Мадам Кюры“, найбольшы камерцыйны поспех 1943 году, з Грыр Гарсан у галоўнай ролі, рыжухай, ані трохі не падобнай да Фэйгеле. Але ў фільме яна іграла ролю цудоўнай задумлёнкі. Увесь Бронкс закахаўся ў MGM-аўскую мадам Кюры. Грыр Гарсан глядзела з вітрыны кожнай крамкі; яна ніколі не здымалася ў трыко. Бронкс істэрычна захапляўся ідэальнай жанчынай, дзівоснай удавіцай, якая чэзне ў сваёй лабараторыі. З увагі на тое, што, як уяўлялася, Польшча знаходзілася крок ступіць ад Беларусі, і што Грыр Гарсан была нашмат больш прамяністаю ад мужчынаў, якія яе акалялі, Дарсы і яго палітычнае племя ўсчалі менаваць маю маму „Мадам Кюры“.

— Фэйгеле, — сказаў ёй спадар Лаенз, — ты павінна была выйсці замуж за фізіка.

— І дзе б гэта я ўхітрылася падчапіць яго, спадару Лаензе? У Бронксе ж няма расійскага ліцэю.

Але я добра бачыў, што стужка MGM усхвалявала маму. Яна не магла не задумвацца, што азначала б для яе жыць у свеце вучоных, дзе яна магла б адкрыць радыеактыўнае рэчыва, здольнае вывесці паршу. У Фэйгеле з’явіліся далёкасяжныя планы. Перш-наперш, яна скончыла б першы цыкл навучання ў коледжы, потым, ужо ўдваёх, мы распачалі б другі: мадам Кюры і Сын паступаюць у коледж імя Ўільяма Говарда Тафта. Струпы на маёй галаве загаіліся, а аднаго снежаньскага ранку я, узброены каляроўкамі і пеналам, пайшоў у дзяржаўную школу нумар 88. У мяне яшчэ мелася пара лысых плямак, і ўсе, з настаўніцай улучна, абыходзілі мяне бокам. Я быў у бейсболцы „Браўнаў“ і сеў за бакавую парту паводдаль маіх аднакласнікаў. Там анічагусенькі не было мне чуваць. Я нагадваў хлапчанятка, якое трапіла пад бамбёжку і папала ў шокавы стан, калечку, ледзьве здольнага ўхапіць колькі абрыўкаў з гаворкі.

Зімой 1944-га школа выправіла мяне ў вушную клініку. Мадам Кюры і спадар Лаенз завезлі мяне туды на машыне. Цэлую гадзіну я сядзеў у навушніках і слухаў дзіўныя званочкі: прамежкі цішыні ўтваралі нейкі старонні свет, дзе не было месца ніякай музыцы, дзе нішто ніколі не магло ані пачацца, ані скончыцца. Цягам гэтай немасці між двума пазвонамі я згадаў Гілбэрта Раговіна і раптам зразумеў, што я не змог бы жыць без мелодыі. Наш нягеглы кантар жывіў сваім спевам усю сінагогу. Мне не ставала яго кантыленаў, не ставала яго белай шапачкі. Але я вытрымаў выпрабаванне, і клініка сказала маме, што я не глухі.

 
   

 
Мне можна было ўважаць сябе шчаслівым; і ўсё ж нешта замінала мне цешыцца разам з мамай і спадаром Лаензам. „Мадам Кюры“, — мармытаў бронксаўскі старшыня, — „Мадам Кюры“. Ён без упыну нешта муркаў маме на вушка. Ён адвёз нас да дантыста, але ў Дарсыным жытлішчы таўклася процьма „бобікаў“. Яны пазабіралі ўсе яго дзелавыя паперы, паскладаныя ў сотнях абутковых скрынак, і набілі імі свой „варанок“. Гэта была не паліцыя Бронксу. Том Д’юі выправіў спецыяльнага пракурора ў штаб Дарсы, а той пракурор выклікаў паліцыйнае падмацаванне з Мангетэну.

„Зараз жа вярніце скрынкі на месца!“ — гаркнуў спадар Лаенз. Ён безадкладна выклікаў цэлы гурт капітанаў паліцыі Бронксу, аднак тыя не маглі анічагусенькі зрабіць. Дарсы быў ужо арыштаваны і марнаваўся ў мангетэнскім судзе, рыхтык бы чалавек у жалезнай масцы. Паўсотні дэмакратаў, месцічаў Бронксу, з’явіліся на разгляд яго судовай справы і, заплаціўшы заклад, вынеслі Дарсы з суду на руках з крыкамі: „Тому Д’юі ніколі не ўдасца запэцкаць нашага прынца!“

Спадар Лаенз хацеў указам абвясціць у Бронксе нерабочы дзень, але дантыст запярэчыў. „Не варта прыцягваць да нас увагу“. Яго пасярэбленыя вусы страцілі ранейшы срэбны бліск. Ён, мусіць, вельмі намёрзся ў Мангетэне, таму што бесперастанку хаваў рукі ў кішэні, каб сагрэцца. Д’юі абвінаваціў яго ў незаконных фінансавых аперацыях і „чорным рынку“. Каб сабраць неабходную на абарону Дарсы суму, спадар Лаенз наладзіў у „Конкарс-Плаза“ чэсць. Сышліся ўсе капітаны паліцыі Бронксу, усе палітыкі, за выняткам боса Фліна. Спадар Лаенз не меў нават тэлеграмы ад Рузвельта, якую можна было б зачытаць. Белы дом неспадзявана павёўся вылучна нейтральна ў вайне, развязанай Томам Д’юі ў Бронксе.

Спадар Лаенз запрасіў у якасці імпрэсарыё спевака. З цынцынацкай Оперы прыехаў вельмі растаўсцелы Гілбэрт Раговін. Ён адмовіўся выконваць свае сінагагальныя спевы, замест іх спяваў „Дона Джаванні“. І пасвіў вачыма Фэйгеле. На ёй была чырвоная сукня, якая нагадвала пераможны сцяг. Кантар аж дрыжэў, выконваючы „Севільскага цырульніка“. Ён уткнуў мне ў жменю дзесяць даляраў. „Скажы Фэйгеле, што ў мяне на чацвёртым ёсць нумар і што я памру, калі яна не прыйдзе пабачыцца са мной“.

Я грошы ўзяў, але просьбу пераказваць адмовіўся. Ён выпіў паўпляшкі віскі і затачыўся ў фатэль. Тоўсты слой грыму пераісточваў яго ў стомленага клоўна.

Дарсы нецярпліва чакаў тэлефоннага званка свайго шэфа, чакаў хоць колькі слоў, здольных надаць сэнс яго змаганню. Аднак бос Флін так і не пазваніў. І Дарсы зрабіў глупоту з глупотаў. Ён парушыў умовы свайго вызвалення пад заклад. Яму не дазвалялася пакідаць Бронкс без непасрэднага дазволу спецпракурора. Тая агаворка мела на мэце абмежаваць Дарсы, паслабіць яго ўплыў. А ён узяў ды ўцёк у Джэрсі-Сіці да нейкай выляжанкі і каб разабрацца з адным рахункам; віжы Д’юі высачылі яго і запраторылі ў „Магілы“*. Іхнае ўварванне было на мяжы дазволенага, ды, здаецца, у іх быў ордэр на арышт, які даваў ім права перасягнуць Гудзон і ўзяць Дарсы, выдзерці яго з налюбаванага бардака. Ён мог бы зноў папрасіцца на волю пад заклад; аднак ён прыняў рашэнне застацца цвілець у „Магілах“. Валадар Грэнд-Конкарс абіраў жыццё ў няволі, раз выяўлялася, што бос Флін няздольны пакараць Тома Д’юі і пакласці канец налётам яго камандас на Бронкс.

* Найстарэйшая турма ў Нью-Ёрку. — Заўв. пер.

Мы паехалі ў „Магілы“ праведаць Дарсы. Гэта была вялізная мангетэнская турма, прызначаная для адбывання кары за найцяжэйшыя правіны. Дантысту прыходзілася бавіць час сярод процьмы злачынцаў. „Магілы“ нагадвалі пакінуты велізарны буксірны вадаплаў, што тоне ў зямлі. Нідзе не было відаць акенца; ды нават калі б яно і было, Дарсы ўсё адно ўжо не мог бы палюбавацца тым самацветным зімнім ззяннем, што люстрылася на дахах Конкарс на заходзе сонца. Ён сядзеў у камеры-адзіночцы, дзе меліся фатэль, радыёпрыймач і невялічкая кававарка. Калі верыць Дарсы, у такіх умовах утрымваліся ўсе „палітычныя зняволеныя“. Мама згатавала яму рускае кававае цестачка; дантыст заплюшчыў вочы, смакуючы чорны шакалад.

„Мара“, — сказаў ён. А потым я разрыдаўся: Дарсы, нядаўна найшыкоўней апрануты ў Бронксе чалавек, зараз насіў шэрую змрочную апранаху вісельнікаў. Ён не хацеў выклікаць свайго краўца, Фаермана & Маркса, каб той прыехаў у Мангетэн і скроіў яму турэмны абадзетак па мерцы. І вусы адмаўляўся падстрыгаць датуль, пакуль не выйдзе з „Магілаў“. Пасярэбленыя валасы спадалі на твар. І ўсё ж рускае цестка крыху ажывіла яго.

Ён дапытліва паглядзеў у вочы Фэйгеле. „Лаенз па-ранейшаму выплачвае табе заробак, так? Табе і цяпер ідуць адсоткі, незалежна ад таго, як скончылася партыя?“

На жаль, ужо не было ніякага заробку; бачныя і нябачныя авуары Дарсы ў адначассе зніклі разам з сотняй абутковых скрынак і яго дантыставым крэслам.

„Я люблю вас абаіх“, — сказаў ён, паціскаючы руку мне і дорачы Фэйгеле ўсмешку, падпсаваную прысталымі між зубамі драбочкамі чорнага шакаладу.

— Бэбі, — сказаў ён, — я адпраўлю цябе вывучаць права… Мы мецьмем патрэбу ў такім адвакату, як ты. Прэзідэнт адступіўся ад нас. Я пятнаццаць гадоў тоўк морды дзеля чалавека, што ўсё пануе сабе ў Белым доме. Заманулася яму стацца губернатарам, на табе выбары. Каб не Сіракузы, спадар Фрэнк ніколі не выйграў бы; а мы ўручылі яму Сіракузы, у бочцы крыві… Бэбі, ты вывучышся на юрыста, праўда ж?

— Абяцаю вам.

— Я рады. Цяпер я магу спаць спакойна, ведаючы, што наша прышласць забяспечана.

Аднак у дантыста ўжо не было ніякай прышласці. Ён памёр у сваёй камеры ад сардэчнага прыступу. Яму быў сорак адзін год, як і Тому Д’юі. Спадару Лаензу давялося наладзіць збор ахвяраванняў на яго паховіны. Дарсы запавеціў, што хоча быць пахаваным вобак Германа Мэлвіла, на бронксаўскіх могілках у Вудлане. Спадар Лаенз страшэнна разгубіўся. Ніхто ніколі не чуў, хто такі Мэлвіл.

— Гэта, мусіць, нейкі сваяк Чэхава, спадару Лаензе, — сказаў я. — Дарсы багоміў Чэхава.

— А хто такі Чэхаў?

— Пісьменнік.

— Чаму ты не казаў пра яго?

Ён адшукаў імя Германа Мэлвіла ў бронксаўскім календары. Мэлвіл напісаў шмат марацкіх твораў; ён і сам быў мараком і, калі верыць календару, жыхарыў у канібалаў на Таіці. „Яго класічны твор „Мобі Дык, або Белы Кіт“ быў не дужа папулярны пры жыцці пісьменніка“. У трыццацішасцігадовым веку ён перастаў пісаць раманы і патануў у небыцці разам са сваёй даўжэзнай барадой. „Герман быў уратаваны ад міязмаў Мангетэну і спачывае ў Вудлане, між кветак“.

Спадар Лаенз пахаваў Дарсы як мага бліжэй да Германа Мэлвіла. На гэтых могліцах на пагорку спачывала процьма люду, і Дарсы аніяк не мог бы ўбачыць магілу Мэлвіла са свайго ўласнага месца супакаення. На пахаванне сышоўся вялікі гурт палітыкаў. Прыбыў і бос Флін са світай. Ён бесперастанку шморкаў у велізарную, гэткай я ніколі яшчэ не бачыў, насоўку. „Якая трагедыя, — казаў ён. — Адзін з найлепшых сыноў нашых“.

Мама прыйшла на той пагорак у вуальцы, як і рэшта Дарсыных „удоваў“. Яна не плакала, яле я ведаў, як моцна яна смуткавала. Яна адтаемніла сабе ангельскую мову, працуючы на Дарсы Стэйплза, заўдзячна яму вымкнулася са сваёй эмігранцкай шкаралупы, сталася круп’еркай, пазнаёмілася з бронксаўскім старшынём ды іншымі ўплывовымі людзьмі.

 
   

 
На могілках не было ні ксяндзоў, ні рабінаў. Дарсы быў пратэстантам; магчыма, акурат з-за таго бос Флін так лёгка ім ахвяраваў. У Бронксе пратэстанты фактычна былі па-за законам. Ф.Д.Р. быў пратэстант, аднак яго ніхто не папікаў тым, бо паходзіў ён з Гайд-Парку, дзе жыхарылі адны пратэстанты. І ўсё-такі яго б ніколі не абралі старшынём Бронксу як спадара Лаенза…

Мне падалася дужа знаёмай постаць аднаго з прысутных на цырымоніі людзей у каштанавым капелюшы. За мінулыя паўгоду вусы яго пацямнелі, а туфлі ачысціліся ад плямаў. Гэта быў дзядзька Чык, выдалены з „Сумных арлоў“ і разбагацелы на малярскай справе. Ён завязаў дзелавыя стасункі з адным з месцаахоўнікаў Мэера Ланскі; цяпер ён кіраваў прадпрыемствам, якое займалася фарбаваннем жылля, шпіталяў і прыходскіх школаў.

— Фэйгеле, ты даравала мне? — спытаў ён у маці.

У вуальцы ў выглядзе Фэйгеле было нешта ад сфінкса. „Спадару Айзэнштаце, вы мне больш падабаліся, калі хадзілі ў заляпаных фарбай чаравіках“.

— Пацеха, бо, здавалася, усё якраз наадварот.

— Чаго ты тут? Ты так і следкавацьмеш за мной ды сынам аж да кладоў?

— Не, я прыйшоў засведчыць сваю павагу да нябожчыка, і толькі.

— Дарсы ненавідзеў цябе. Ягоныя каўбоі збілі цябе на горкі яблык… Яшчэ і шнары не пазагойваліся як след.

— Ён змагаўся. У падобных варунках і я дзейнічаў бы рыхтык гэтаксама ў дачыненні да яго.

— Якіх варунках?

— Ён быў закаханы ў цябе.

— Упершыню чую, — сказала Фэйгеле. — Ён жыў у бардэлі.

— Ён быў закаханы ў цябе. Ты адзіная жанчына ў свеце, з якой бы ён пабраўся.

— Хто табе гэта сказаў?

— Сам дантыст. Ён прызнаўся мне. Таму й пакамечыў мне маскаўню.

— У мужчын папраўдзе дзівосная логіка.

Мама кончыкам пальца прыўзняла вуальку. На гэтых аквечаных кладах, дзе Дарсы спачываў на тым жа самым пагорку, што і Герман Мэлвіл, аўтар „Белага Кіта“, у мамы на шчаках з’явіўся румянец.

— А як твая мадам?

— Мы разышліся, — сказаў Чыкі.

Я гігікнуў Фэйгеле на вушка: калі яна хоча вучыцца ў коледжы, дык змушана будзе знайсці паразуменне з Маршай Айзэнштат, якая праз сем ці восем год можа стацца нават і намесніцай дырэктара.

— Спадару маляру, — сказала мама, — не забывайцеся пра сваіх дзяцей.

Яна ўзяла мяне за руку, і мы адышлі ад Чыка.

 
   

 
Праз тыдзень пасля пахавання спадар Лаенз пайшоў да мамы ў залёты. Ён з’явіўся ў нас удома з цэлым ружарыем у абярэмку. Яго галава ледзь віднелася з-за кветак. Яму карцела без адкладу пасяліць маму ў „Конкарс-Плаза“, даверыць ёй картачны стол.

— Сам Флін блаславіў нас. Бос апанталы табой. Ён сказаў: „Нам трэ будзе ўзяць да сябе ў дыліжанс і Фэйгеле. Там і яе пархуціку знайшлося б месца“.

— У Бэбі ўжо няма ніякага лішая. Вы хіба не заўважылі, спадару Лаензе? І яшчэ, чаго вы такім лістам сцелецеся прад чалавекам, які асудзіў Дарсы на смерць?

— Крый цябе божа, — замахаў рукамі спадар Лаенз. — Дантыст памёр, бо не вытрымала сэрца.

— Якраз таму, што ў яго не вытрымала сэрца, куды справядлівей было б казаць праўду. Ён быў палітычным зняволеным.

— У нас праз год выбары, Фэйгеле. Ф.Д.Р. не мог папусціцца, каб у Бронксе рабілася немаведама што. Ён мусіў кінуць костачку Д’юі. У Фліна былі звязаны рукі.

— Ах, костачку? Ну што ж, вось і гуляйце ў карты са спадаром Флінам і ўсёй рэштай шышак, у якіх рукі звязаныя.

— Гэта палітыка, Фэйгеле. Дарсы быў маім сябрам.

Мама вярнула ружарый і развіталася з бронксаўскім старшынём. І зняла са сцяны партрэт Ф.Д.Р. Сяржант Сэм, калі дзёўбнуў чарку шнапсу, дык ледзьве не задушыў яе за гэта.

— Гэта Прэзідэнт Злучаных Штатаў, Фэйгеле.

— Але не майго дому, на разе.

Мама адцуралася ўсіх сваіх планаў. У яе не было больш столькі грошай, каб пускаць іх на ўзвей ветру. Я не мог больш заходзіць у краму цацак, заплюшчваць вочы і наўздагад выбіраць сабе якую-кольвечы драбязу, пірацкі пісталет ці статуэтку Бэмбі. Таму мне значна больш падабаўся той час, калі мама займалася чорным рынкам.

Я шторазу прагульваў урокі, калі Чык запрашаў маму ў „Сумныя арлы“ палуднаваць. Рэстаран мусіў быў зноў улучыць яго ў сваю кліентуру. Рускія гангстэры, што тоўпіліся вакол бару, не маглі дазволіць сабе паперці супроць Мэера Ланскі. Чык быў у звязе з асабістым месцаахоўнікам Ланскі. Ніхто з гангстэраў ніколі не бачыў Мэера, які жыў у Сэнтрал-Парк-Уэсце, але яны не мелі ніякай ахвоты заводзіцца з Малюхом. Ён быў сябрам дзяцінства Багсы Сыгела, псіхапата і заснавальніка Лас-Вегаса; вучнем Арнольда Ротштайна, першага караля арганізаванай злачыннасці; кампанам Лакі Лучыяна*, Ротштайнавага каралевіча. Аднак Мэер парупіўся, каб ніводзін яго фотаздымак ніколі не з’явіўся ў амерыканскіх часопісах; пра Малюха нідзе не было і паміну, за выняткам габрэйскай прэсы, дзе згадваліся даткі, ахвяраваныя ім сінагогам і дзіцячым летнікам. Але, здаецца, увесь Бронкс, як і „Сумныя арлы“, ведалі пра Мэера значна болей, чым мангетэнскі пракурор і „Нью-Ёрк Таймс“ разам. Гулец-дабрадзей, кароль джук-боксу, шчыры сябра Дэмакратычнай партыі, ён унікаў люб-якой агалоскі. Рускім гангстэрам карцела ведаць, ці Чык ужо сустракаўся з Малюхом.

* Адзін з кіраўнікоў амерыканскай мафіі. — Заўв.пер.

— Які ён, Чыкі? Суворы?

— Спадары, ды ён лагодны, як Дзед Мароз. Майце на ўвазе. Я бачыўся з ім хвілінаў пяць, не болей. І ведаеце, пра што ён спытаўся ў мяне? Як жа цяпер Бронкс жыцьме без Джо Дымаджа!

— Ды яму хіба завалакло, таму Мэеру, ці што? Дымаджа пайшоў змагацца за Амерыку. Цяпер не той час, каб у бейсбол гуляць…

— Вось хадзіце і самі скажыце тое Малюху.

Рускія гангстэры паапускалі насы ў свае шклянкі з гарэлкай. А Чык запрасіў маму і мяне наведаць ягоную гаспадарку. Я пабачыў, як дзве сотні маляроў атачылі шпіталь, каб за паўдня выбеліць яго ўсяго дазвання. Чыкі менаваў тое „шокатэрапіяй“; ніхто не ўздольваўся супернічаць з ягонай фірмай па дысцыплінаванасці і ўвішнасці маляроў. Бойкі на язык, ён зацьміў усіх іншых бронксаўскіх прадпрымальнікаў, калі ж ён не патрапляў „завязаць“ які-кольвечы шпіталь у невераемна сціслы дамоўлены тэрмін, дык адмаўляўся ад аплаты працы. Ён махаў рукамі, як дырыгент — у Чыка нават мелася свая палачка — і тупаў на кожнага свайго работніка, які працаваў як не сваімі рукамі.

Пры ўсім пры тым, яму не варта было з’яўляцца на пляцоўцы вось так. Ён цыркаў крывёй у шаўковую хустачку і выціраў рот рукой. Мама мела рацыю: ён так і не акрыяў ад атрыманых пабояў, ды ніколі і не акрыяў бы. Гэта быў асуджаны генерал, які шырокімі ўзмахамі палачкі кіраваў уласным сконам.

— Спадару маляру, — сказала яму мама, — вам трэ было б ляжаць у пасцелі.

— Ніколі ў жыцці. Ніхто не запхне мяне ў клетку. Без паху фарбы я ўжо не магу дыхаць.

— Скажы тое сваім лёгкім, дарагі.

Чык абярнуўся на мяне.

— Бэбі, мне спатрэбілася атачыць шпіталь дзвюма сотнямі чалавек, прадумаць аблогу і зацыркаць крывёй, каб твая мама сказала мне „дарагі“.

— Зараз жа змоўкні, — сказала мама. — Сын яшчэ не тое падумае.

 
   

 
Чык не пацешыўся нават раскошай вяртання ў „Ліванскія кедры“. Мэер Ланскі пасварыўся са сваім месцаахоўнікам, і Чык апынуўся без „даху“. Зайздросныя прадпрымальнікі свядома сарвалі дзядзькаву „шокатэрапію“, найнялі галаварэзаў, і тыя патрушчылі рукі найлепшым Чыкавым малярам. Яны паабяцалі, што пераробяць яго ў снегавіка, выкупаюць у белай фарбе і падпаляць. Галаварэзы нагналі пуду на яго дзяцей, як нічога ніякага з’явіўшыся ў коледж імя Ўільяма Говарда Тафта на заняткі да Маршы, вымазалі ёй крэйдай твар, напісалі на дошцы „ЧЫКУ АЙЗЭНШТАТУ ХАНА“, пачаставалі вучняў жавальнай гумкай ды цукеркамі, і зніклі.

Чык навербаваў рускіх гангстэраў, каб помсціцца галаварэзам, аднак мусіў распусціць сваё малярскае войска. Яго даймала падаткавая паліцыя, даводзячы, нібыта выявілася, што Чык не задэклараваў у прыбытку грошы, і што ён завінаваціўся дзяржаве сто тысяч даляраў. Чык не мог адначасна змагацца і супроць банды галаварэзаў, і супроць падаткавікоў. Ён наклеіў сабе фальшывую бараду і пайшоў у падполле.

— Гэта Рузвельт вінаваты, Фэйгеле. У мяне вельмі высокапастаўленыя ворагі.

— Прэзідэнт не пераслядуе маляраў, толькі дантыстаў, якія пасобілі яму абрацца на пасаду. Ён аддае іх Тому Д’юі на з’ежу. А ў цябе за плячыма ўсё ж стаяць генералы ды адміралы. Хіба ты не дбаў пра іхных сужонак, раздарваючы ім шаўковыя панчохі? Чаму б табе не звярнуцца да іх?

— Ды ты што? Папрасіць іх прызнаць, што яны мелі сувязь з чорным рынкам? Наадварот, яны якраз-такі сіляцца цяпер сцерці сляды гэтага, зняць мяне з парадку дня. Цяпер і яны мае ворагі, Фэйгеле.

Тут і я прыткнуў свае тры грошы.

— Я абараню цябе, дзядзечку. Я паабяцаў Дарсы, што стану адвакатам.

— Глядзі, не забудзься толькі. Ты мне вельмі спатрэбішся на хуткім часе, Бэбі, як толькі я апынуся ў „Сынг-Сынг“.

Раз у месяц мы абедалі з Чыкі. Было тое заўжды папалудні, калі „Сумныя арлы“ замыкаліся для незнаёмцаў і Чык спакойна мог адклеіць бараду. Ён схуднеў з тае пары, як перастаў есці рэстаранныя рускія цестачкі. Задыхаўся ад прыступаў кашлю і ўласнай крывёй падсалоджваў гарбату, якую піў.

— Чыкі, ляж у шпіталь, прашу цябе, інакш на скорым часе будзе запозна.

— Няма як перарабіць аблічча. Рузвельт арыштуе мяне.

— Дурань гатовы. Рузвельт нават не ведае пра тваё існаванне.

— Адміралы ўнеслі мяне ў прэзідэнцкі чорны спіс.

— Які чорны спіс?

— Спіс людзей, якія ўяўляцьмуць небяспеку пасля вайны.

— Ты — небяспеку? Бедны Чык. Прэзідэнт нават не глядзіць у бок Бронксу; ён заплюшчыў вочы; ён пазычыў нас Д’юі.

— Пазычыў Д’юі, — прамовіў Чык.

Тое было апошнім, што мы чулі з яго вуснаў. Больш не было сустрэч у „Сумных арлах“, ані абедаў раз у месяц. Адступнік, якога пакінула ўдача, знік. Пераможанымі былі мы. Вымушанымі аплакваць жывога; хоць мама ўжо і не была пэўнай, ці Чык яшчэ жывы.

— Фэйгеле, — сказаў я, — нам папросту трэба абысці ўсе могілкі. Чык не дапусціў бы, каб яго пахавалі не ў Бронксе, а дзе ў іншым месцы.

— А калі ён памёр адзін-душою ў сваёй нары, ды яшчэ з той недарэчнай сваёй барадой? „Бобікі“ маглі закапаць яго люб-дзе.

— Не такія ж і дурныя тыя „бобікі“. Барада адпала б, і яны зразу пазналі б Чыка.

— Шэрлак Холмсік, — сказала мама. — Усё стала ясна.

Але зусім не ўсё стала ясна. Бо гэтыя два пройды чорнага рынку — Дарсы і Чык — хвалявалі Фэйгеле і жывыя, і мёртвыя. Маміна душа рэагавала дзіўнымі электрычнымі разрадамі, як кончык майго локця, калі я стукаўся ім. Яна, бы ўкапаная, знерухомвала перад люстэркам, адно вока нафарбаванае, другое не; чорнае; быццам Джэкіл і Гайд адначасова. І мармытала: „Бэбі, хадзем жыць да дантыста“.

Я мусіў вяртаць яе да цяму, я, якому не было яшчэ і сямі гадоў, я, у бейсболцы „Браўну“, пад якой хаваліся халодныя шнарчыкі, сляды на галаве. „Мне таксама не стае Дарсы, мама, але ж мы не можам жыць з ім. Ён пад зямлёй. І нават калі я вазьму рыдлёўку, пайду ў Вудлан і выкапаю яго труну, мы ўсё адно ніколі не патрапім да яго. Дзеля таго трэба, каб вечка было заўжды адчынена, а птушачкі павыдзёўбвалі нам вочы.

— Тады хадзем жыць да маляра.

— Мы ж не ведаем, дзе ён, Фэйгеле. Але я схаджу ў „Сумныя арлы“ і пакіну яму запіску на сцяне.

— Не, ніякіх запісак, а то Рузвельт арыштуе яго.

— Ах, мама, Рузвельту няма калі займацца Чыкам. Ён вядзе барацьбу з Д’юі.

— Тады хадзем да Д’юі, папросім, каб ён адшукаў яго.

— Д’юі — вораг гангстэраў. Я ўпэўнены, што якраз ён і арыштаваў бы Чыка.

 
   

 
Бос Флін выклікаў Фэйгеле ў „Конкарс-Плаза“. Яна не хацела ісці, але мне ўдалося намовіць яе. „Гэта ж сама важны чалавек Бронксу, мама, і Мангетэну, і ўва ўсёй краіне. Можа, яму што-кольвечы вядома пра Чыка“.

І я заняўся нефарбаваным вокам Фэйгеле. Потым павёў яе ў „Конкарс-Плаза“. Флін займаў у гатэлі мезанін, размесціўшы там выбарчы штаб Рузвельта. У яго быў і спадар Лаенз, і, пакуль Лаенз гатаваў каву, слова ўзяў сам Флін.

— Нам патрэбна валявая жанчына, — сказаў ён. — Наша ўласна мадам Кюры. Без яе штаб будзе без рызыкі. Спадар Фрэнк паабяцаў, што пад час адной са сваіх бліц-паездак ён абавязкова наведае Бронкс. Я з задавальненнем запрасіў бы цябе праехаць у лімузіне разам з намі, але там замала месца… Дарагая Фані, ці не хацела б ты паціснуць руку Прэзідэнту ў сядзібе партыі?

— Толькі калі змагу задаць яму некалькі пытанняў наконт спадара Д’юі і дантыста.

Таўсценны велікан змрочна глянуў у бок акруговага старшыні.

— Спадар Лаенз, вы казалі мне, што Фэйгеле жанчына разумная… Вось жа, я прапаноўваю ёй паціснуць руку Прэзідэнту, а яна б’е мяне нагой, як сабаку.

— Божа барані. Яна не са зла… Фэйгеле, скажы, што ты перапрашаеш. У спадара Фліна вельмі добрае сэрца. Ён робіць табе такую выгодную прапанову. Ён мае намер прызначыць цябе адміністратаркай Дэмакратычнай партыі ў Бронксе.

— Спадару Лаензе, — сказала мама, — я ўмею раздаваць карты, а не пералічваць філіжанкі кавы.

Флін заклаў пальцы за шлейкі.

— Гатоў ісці на заклад, зараз яна абвесціць, што галасавацьме за Тома Д’юі.

— Не, — адказала задумлёнка. — Я ўвогуле не буду галасаваць.

— Гэта кашчунна. Дэмакрат, які не галасуе, хаўруснік д’ябла. Я паабяцаў спадару Фрэнку, што ўсе дэмакраты, зарэгістраваныя ў Бронксе, прагаласуюць за яго.

— Спадару Фліне, — сказала мама, — вы павінны былі спярша папытацца ў мяне, а потым ужо даваць падобныя абяцанні.

— Дарагая Фані, Бронкс наш. Нам па сіле і ўзнагародзіць цябе момантам славы… і выключыць са свайго стану.

— Я вучылася на вечаровых курсах, спадару Фліне, але, нягледзячы на гэта, ведаю, што слава не пазычаецца.

— Твой муж да нядаўняга часу быў чувачом у Грамадзянскай абароне. Я магу зноў вярнуць яго ў фармаванне і даць чын капітана.

— І вы хочаце, каб дзеля гэтага я пайшла галасаваць?

— Бос, — сказаў Лаенз, — яна ўжо сама не цяміць, што кажа, яна яшчэ занадта смуткуе — з таго часу, як памёр дантыст.

— У чым яна звінавачвае мяне. Дарсы быў добрым жаўнерам. Ён зрабіў тое, што абавязаны быў зрабіць. Ён быў жабраком, калі я пазнаёміўся з ім, без капейкі ў кішэні. Я загадаў усім дэмакратам, якімі апекаваўся, зрабіць яго дантыстам… А вось табе, калі заўпарцішся ў сваім глупстве, не пашанцуе, і будзеш ты і твая сям’я сям’ёй адрынутых на выспе дэмакратаў.

— Бронкс з’яўляецца выспай толькі ў вашай уяве, спадару Фліне.

Тым сустрэча і завяршылася. Гэта быў наш апошні кантакт з дэмакратамі. Мне спадабаўся спадар Лаенз, мне падабаўся гатэль „Конкарс-Плаза“. Аднак не настолькі, каб таптаць памяць нашага дантыста. Я дайшоў да таго, што набыў у вулічнай калечкі значак „Д’юі“ і бясстрашна насіў яго на грудзях, хоць мне з цяжкасцю верылася, што Д’юі быў ні пры чым. Дантыст дагэтуль валодаў бы покерскім сталом і тым цудоўным крэслам, калі б не Д’юі…

Рузвельт стрымаў слова… Ён удала прыехаў у Бронкс і праехаў у лімузіне побач са спадаром Флінам. Папераду іх мерна, як падчас апошняга свайго параду, маршавалі марскія скаўты, у тым ліку і Раткарты. Не было там толькі Гарві. Ён бы ні за што не пакінуў Арызоны дзеля таго, каб павылузвацца са скуры ў белых гетрах, маршуючы ў адной купе з Раткартамі. Я схаваў значак „Д’юі“ пад кашулю.

Прэзідэнт хутаўся ў шырачэзны плашч. На ім быў стары шэры сялянскі капялюх. Літаральна ўсе дэмакраты сышліся на Конкарс, каб пабачыць Ф.Д.Р. Ён па-ранейшаму заставаўся нашым богам, богам, які адвярнуўся ад Палеяў-Чарыных. Тата не змог стрымаць слёз. „Наш галоўнакамандуючы“.

Стары шэры ліс са скалечанымі нагамі, якому ў сталым веку собіла падчапіць дзіцячую хваробу, няздатны зрабіць ніводнага кроку без дзвюх мэталёвых кульбаў, патрапляў, аднак, несці на сваіх плячах, пад сваёй марынаркай, цяжар усёй краіны. Гітлер называў яго „бязногім“. Гітлер хлус. Ф.Д.Р. выдатна гуляў у воднае пола, нырцаваў, як цюлень; у вадзе ён здолеў бы зламаць хрыбет Гітлеру. Ён аказваўся абяззброеным толькі на сушы. Магчыма, дзеля дзіцячай гордасці, але мне мой лішай здаваўся роўны поліяміэліту Прэзідэнта. Мы абодва падчапілі непраўдападобную хваробу. Я, што праўда, ужо выкараскаўся са сваёй, але хіба на сподзе душы ў нас не заставалася нейкая роднасць? Я багоміў Ф.Д.Р. Мы ўсе багомілі яго. Ён быў абраны яшчэ да майго нараджэння, і ніводзін прэзідэнт, нават Джордж Вашынгтон, які правёў адну з сама значных сваіх бітваў на Гарлемскіх вышынях, акурат насупраць стадыёну „Янкіз“, не кіраваў так доўга, як Ф.Д.Р. Нас падзяляла толькі подлая партыйная палітыка. Дэмакраты абвясцілі маме вайну, і я не мог здрадзіць ёй, хоць і абодва мы, і Ф.Д.Р., і я, зведалі пякельнасць дзіцячых хваробаў. Поліяміэліт горшы за лішай, але, прынамсі, струпы ў мяне на галаве пасобілі мне зразумець, што азначаюць здрадлівыя ногі для спадара Фрэнка.

Бакалейнік перастаў даваць Фэйгеле прадукты напавер. Вось якая доўгая ў дэмакратаў рука з кароткімі пульхнымі пальцамі. Мама памылілася: Бронкс насамрэч быў выспай дэмакратаў. Тата надумаў перабірацца ў Фар-Рокевэй. Там у нас быў бы і пляж, і кладкі для шпацыраў пад бокам. Ужо не кажучы пра тое, што тады я апынуўся б значна бліжэй да акулаў, падлодак Атлантыкі і нават да белага кіта Германа Мэлвіла. Кіты маглі жыць дзвесце гадоў, калі верыць календару Бронксу. Аднак белыя кіты не цікавілі Фэйгеле, і яна не намервалася так проста даваць босу Фліну вытурыць нас з Бронксу.

Але тату ўдалося пераканаць яе пакінуць Конкарс, гэты бульвар, які бесперастанку нагадваў ёй пра Дарсы і рэстаран „Сумныя арлы“. І мы перабраліся ў Бронкс-Іст, дзе жыхарылі да таго, як мне споўнілася чатыры з паловай гады. Яго вілястыя вуліцы стваралі на фоне агульнай ньюёркскай правільнай, як шахматнай, разбіўкі на кварталы, валатоўскі кашміравы ўзор. Нага боса Фліна практычна не ступала ў гэты квартал. Ён валодаў тут толькі невялічкай канторкай, якая адчынялася роўна за месяц да федэральных выбараў і адразу ж пасля іх зноў зачынялася. Ягоны вобраз значна пацярпеў бы, калі б былі людзі, запісаныя як сябры Дэмакратычнай партыі, але якія пасля б не галасавалі. Дантыст завітаў аднаго разу ў Бронкс-Іст, хочучы раз і назаўжды правучыць усіх, хто не жадаў галасаваць, ды вярнуўся назаўжды пасаромлены; чым большай колькасці людзей ён зубы лічыў, тым меней выбарцаў меў у акрузе.

Нам можна было ўжо не баяцца тоўстых пальцаў Фліна. Кватэра, якую мы займалі, была прастарнейшая, а квартплата ў гэтым раёне была ніжэйшая. Тут я ўжо меў уласны ложак, а ў дадатак і невялічкі радыёпрыймач, і мог слухаць „Люкс знаёміць з Галівудам“, скарочаныя версіі нашумелых галівудскіх экранізацый з меней знанымі зоркамі ў галоўных ролях… Томам Нілам у „Касабланцы“, Барбарай Брытан у „Мадам Кюры“. І пакрысе-пакрысе Конкарс пераістоціўся ў забыты краявід, у запамятаную драбніцу на мапе маленства. Хлапчаня расло.

Не ставала мне толькі аднаго: ніхто ў Бронкс-Ісце не клікаў маму „Мадам Кюры“. Дый ад каго я мог таго спадзявацца? Тут не было ўжо такога дантыста, як Дарсы, такога маляра, як Чык, не было нават „жаху святога“ накшталт Маршы Айзэнштат. Нібы зніклі са свету нейкая суворая шляхетнасць, жывая душа, электрыка. Аднак у мяне было ўсё-такі радыё. І я вывучаў спіс слоў, выводзіў доўгія няўклюдныя сказы з неадступнай марай пра тое, як я стану адвакатам, пагатоў што я паабяцаў тое Дарсы, каб абараняць палітычных зняволеных ды іншых ахвяраў несправядлівага суду рэспубліканцаў і дэмакратаў. Бэбі Чарын, адвакат.

 

далей — да часткі VI „Уаят Ірп“           

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (8) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 13-07-2000