A R C H E | H a b r e j s k i n u m a r | №
3 (8) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Джэрам Чарын
|
— Мы незумысля, Гарві. Мы ніколі больш не кранем Паршывага. — Яго што, зваць Паршывым? — Бэбі. Бэбі Чарына, — у адзін голас пранылі Ньют і Вэл і зразу ж далі драла з парку, а следам за імі і ўвесь жалю варты ройчык. Я апынуўся сам-насам са сваім братам Гарві; Гарві было дзесяць гадоў адроду, ён хварэў на ўдушша і не ладзіў з мамай. Маці аддала яго жыць у Туксанскую школу для астматыкаў, што месцілася ў пустыні, у Арызоне. Не таму, што мама была жорсткая, а таму, што Гарві нельга было дыхаць вільготным паветрам Бронксу. Пустыня выратавала яму жыццё. Ягоная скура была значна цямнейшая ад маёй, а сам ён быў такі худы і даўгалыгі, ну, рыхтык як змяя. Я не бачыў Гарві месяцаў дванаццаць ці трынаццаць. Ён хоць і пратурыў Раткартаў, аднак мяне і не абняў, і не павітаўся. Ён падняў мяне, распластанага, з травы і выспяткамі ў азадак вывеў з Клермант-Парку. Петаў ён мяне не так моцна, як мог бы, ды тое, урэшце, зусім не цешыла. — Вы з мамай схаўрусаваліся супроць таты. — Клянуся табе, Гарві, я завёў тату ў майстэрню. А цяпер я ўжо яму не патрэбен. Можаш сам папытаць яго. — Няма чаго і пытацца. Мама ніколі не бывае ўдома. Тата змушаны сусліць боб на фабрычным рынку. — Мама не вінавата. Яна цяпер займаецца палітыкай. Дзеля яе Рузвельт зноў перабярэцца ў Белы дом. — До хлусіць. Яна круп’ерка. А яшчэ й займаецца цэлай галіной чорнага рынку. — Гэта зусім маленечкая галіначка, — сказаў я. І скульнуўся ў фантан ад Гарвінавага выспятку. На ражон лепш не лезці, падумаў я, і скінуў з галавы бейсболку. Гарві заўжды ненавідзеў „Браўнаў“. — Асёл маляваны, — сказаў ён. — Надзень свой чэпчык. Няма чаго ўсяму свету паказваць сваю паршу. — Мая чарэпаўка хоць і паршывая, ды мо не такая выродлівая, як „Браўны“. Ён уляпіў мне выспятка туды, дзе ў мяне няма хваста. Я сагнуўся ў тры пагібелі і павалокся, бы катаржнік. — Я быў у Сент-Луісе, і, уяві сабе, ён не такі ўжо й паскудны. — Ты бачыў, як гуляюць „браўны“? — Я зімой быў. Узімку „браўны“ шарварку адрабляюць. — Тады што ж там такога файнецкага ў тым Сент-Луісе? — Там Амерыка, — сказаў ён, толькі мне не надта яму верылася. — Ну, а мы тады хто? У нас жа і Конкарс, і Чарлі Келер, ды ў нас ільвоў болей, чым у любым іншым заасадзе. — Што праўда, дык праўда, — сказаў Гарві, — Бронкс і ёсць вялізнай клеткай для ільвоў. — Ільвы таксама амерыканскія. Гарві, здавалася, настолькі згідзіўся, што нават перастаў пехтаць мяне нагой. Мы прыйшлі дадому, брат нагадваў бронксаўскага бога з наарызоненым абліччам. Тата быў дома. Гарві, мабыць, паклікаў яго з майстэрні. Угледзеўшы брата, ён пусціўся ў скокі і заплакаў. „Мне так не ставала цябе, Гарві, папраўдзе не ставала цябе“. Але ж ён ніколі не заводзіў гаворкі пра Гарві, за ўсю яго адсутнасць ні разу не згадаў нават ягонага імя. Няўжо і тут выяўляўся ўплыў цудоўнай задумлёнкі? Няўжо яна мела такую вялікую ўладу над татам? І над пархуцікам? Я вымаў з паштовай скрынкі паштоўкі ад Гарві, аддаваў іх маме з татам, аднак ніхто з нас не патрапляў расчытаць, што ён там напісаў. І я не прыгадаю, каб мама калі-кольвечы паказвала іх Чыку. Прыходзілі іерогліфы ад Гарві, і толькі. Мама забірала паштоўкі і хавала іх у драўляны куфэрак побач з лістамі з Магілёва. Праўда, позна ўвечары я раз ці два заспеў яе за разгляданнем тых паштовак, яна сілілася расшыфраваць Гарвіну мазграніну. Але як толькі яна заўважыла мяне, адразу ж зноў схавала іх у куфэрак. Гарвіна пасланне тычылася толькі іх дваіх. |
— Раней мы цябе тут не бачылі, сынку, — сказалі яны. — Скуль ты ўзяўся? — Я жыву ў Арызоне, — адказаў Гарві. — А ці не ведаеш ты часам Блэкі Шамбэрга? Ён пераехаў у Фенікс пяць год таму. — Я з Туксону. — А, шкада, — сказалі гангстары. — Ты напэўна паглянуўся б Блэкі. Яму такія даспадобы. Татары ні за што не хацелі, каб за абед заплацілі мы. Яны замовілі нам дэсерт і падселі да нас піць мангольскую гарбату. На ўсіх былі залатыя бранзалеты, залатыя пярсцёнкі з пячаткай і залатыя ланцугі на шыі. Апранутыя былі яны, бы папугаі, у зялёна-жоўтае і шэра-блакітнае. Гарві назваў сваё прозвішча. — Ах, вось як, Фэйгеліна хлапчо… Дзіўна. У цябе на галаве валасы, а кажуць, што ў Фэйгеле хлапчанё лысае. — Гэта брат, малы Джэрам. — Вунь той, у недарэчнай бейсболцы? Ды ў Фэйгеле цэлая каманда хлапцоў. Дарэчы, ты скажы ёй, хай яна паасцеражэцца. Яе дантыст на скорым часе скруціць сабе карак. — Які дантыст? — не зразумеў Гарві. — У нас адзін дантыст. Дарсы Стэйплз. Губернатар узяў яго на мушку. Том Д’юі мерыцца абвесціць вайну Бронксу. Д’юі хацеў вылучацца ў процівагу Рузвельту ў 1944 годзе. Гэта быў „цемнячок“ рэспубліканцаў, іхны аўтсайдэр. Д’юі задаў чосу ўсім гангстэрам Мангетэну, калі быў там гарадскім пракурорам: ён пасаджаў іх у турму. Цяпер ён рушыў у наступ на прыхільнікаў Рузвельта ў Бронксе. Бос Флін любіў казаць пра яго як пра „паскуднага падлетка з вусікамі“. Насамрэч, Д’юі быў далёка не падлеткам. Яму быў сорак адзін год, і калі б ён патрапіў замяніць у Белым доме Ф.Д.Р., дык стаўся б сама маладым нашым прэзідэнтам. Тата меў няшчасце насіць вусы рыхтык бы ў Тома Д’юі. Гангстэры насцярожыліся. — Гэта твой сябра? — спыталіся яны Гарві. — Гэта мой тата, сяржант Сэм. — Ах, так, чувач. — Яны паціснулі руку тату. — Нашы віншаванні. У вас цудоўнае патомства. Гангстэры настойліва прапаноўвалі адвезці нас дадому на ўласным аўто. Прыехалі мы роўна апоўначы, за некалькі хвілінаў да прыходу мамы. Валасы яе, бы ў кіназоркі, былі гладка зачасаныя назад. Вусны выглядалі, як шыкоўная пунцовая рана. Яна вярнулася з вечарынкі ў „Конкарс-Плаза“. На ёй была яе чарнабурка, ярка-чырвоная сукня, ліловыя туфлі. Яна ўпырхнула ў кватэру, трохі хістаючыся, падвяселеныя шампанскім вочы гарачкава блішчэлі. Тая гарачкавасць умомант спаветрылася, як толькі яна ўгледзела Гарві. „Во, дзіця пустыні, — прамармытала яна. — Ты што, не мог папярэдзіць нас, што вяртаешся дадому?“ З доўгай няўклюднай змяі зляцеў увесь шык. — Я папярэдзіў, мама. У сваёй апошняй паштоўцы. — Тваіх паштовак ніхто не можа прачытаць. Ніхто не можа прачытаць. Цудоўная задумлёнка аберуч абняла брата, надоўга прыціснула яго да сваёй чарнабуркі. — Мама, сказаў я, — у Дарсы купа непрыемнасцяў. — Хто табе сказаў? — Махляры ў „Сумных арлах“. — Ты без мяне хадзіў у мой рэстаран? — Мусілі ж мы паесці, мама. — Ну і што тыя бандыты нарасказвалі? — Што Д’юі пераверне Бронкс дагары нагамі. Чырвоная рана шырока растулілася, і цудоўная задумлёнка коратка рагатнула. — Д’юі нічога не можа нам зрабіць. Дантыст яго зжарэ жыўцом… Ты, мусіць, хочаш, каб я паказала твае паштоўкі, Гарві? Скажы мне, чаму ты прыехаў? — Марскія скаўты ладзяць парад. Мне не хацелася прапусціць яго. — Ты збурыўся з Арызоны дзеля нейкага параду? — Я мусіў, мама. Я не магу падвесці каманду. Гарві ўважаўся адным з найлепшых марскіх скаўтаў Бронксу. Скаўты былі курсантамі, якія набіраліся і ўтрымліваліся коштам флоту на той выпадак, калі вайна зацягнецца і краіне не ставацьме матросаў. Бос Флін і Ф.Д.Р. блаславілі бронксаўскі скаўцкі флот. — А як жа ты вернешся ў Арызону? — Аўтастопам, — сказаў Гарві. — І мовы быць не можа, каб хто-кольвечы з маёй сям’і галасаваў на дарозе. Пагавары з ім, Сэме. Ушалопай яму тое. — Я дабяруся без праблем, мама. Напрану сваю ўніформу. Я ў ёй як сапраўдны марак. Мяне падвязе кожны. — Я заб’ю яго, Сэме, — залямантавала цудоўная задумлёнка. Мы напаілі яе цёплым малаком. На ўсіх напала ікаўка, і на тату таксама. Мама абняла Гарві, пажадала яму добрай ночы. „Гангстэру ты мой, — сказала яна, — марачок ты мой“. |
„Файная штучка, праўда, Бэбі?“ Я быў расчараваны, але Гарві не сказаў. Я з большай ахвотай паглядзеў бы лепш, як з гэтага пісталета вымыкаюць віды Туксона. Дзе яна, тая Амерыка, якою ён гэтак выхваляўся? Я заплюшчыў вочы і заснуў, акурат у той момант, калі на сцяне закруціла жыватом голая танцоўшчыца. Цяпер, калі тут быў Гарві, свет ужо быў не той самы. Ніхто не абзываў мяне „Паршой“. Ніхто не важыўся здзерці з мяне бейсболку. „Марскія пчолы“ затаўклі б першага, хто б узяўся дашкуляць Бэбі. Брат не быў шышкай, як Дарсы Стэйплз. У яго не было ні дантыставага крэсла, ні шайкі „бобікаў“-прайдзісветаў на паслугах, аднак унікнуць палітыкі ён не мог. У яго пад нагамі блэмталіся блізнюкі Раткарты. Яны пыхліва менавалі сябе „пчоламі“, але яны не былі сапраўднымі скаўтамі і вельмі спадзяваліся, што Гарві з яго аўтарытэтам пасобіць, каб ім дазволілі ўзяць удзел у парадзе. Але што гэта быў бы за парад, калі б Гарві давялося маршаваць поруч з Ньютам і Вэлам? А мо наш Гарві прынц? Мама дазваляла яму валяцца ў пасцелі дасхочу, хутка яна яму ўжо й апельсіны выціскала; астматыкі не могуць жыць без апельсінавага соку. Гарві быў адзін такі ў доме, хто здольны накрэмзаць заяву ў тэлефонную кампанію, хай у яго почырк быў не надта. У Арызоне ён удасканаліў сваю ангельскую мову, разгадаў для сябе граматычныя загадкі, перад якімі мы з мамай спасавалі. Ён пацвельваўся з нашага чытання, казаў, што „Бэмбі“ — гэта чытанка для немаўлятак. А ён перачытаў усё лепшае, што было ў туксонскай бібліятэцы, расказваў нам пра Джэка Лондана і Гекльберы Фіна, пра чалавека ў жалезнай масцы ды пра вычварэнца, званага містэрам Гайдам. Тата не цікавіўся ні вычварэнцамі, ні бадзягамі, а вось я паглядаў на Фэйгеле, а Фэйгеле пазірала на мяне. Мы абое не маглі адысці ад усіх тых персанажаў, якіх Гарві павымыкаў з бібліятэчных кніг і вышыхтаваў у сваёй галаве. Мы вельмі любілі Гарві, але я зразумеў, чаму мама выправіла яго за свет вочы. Удушша было толькі нагодай. Мы духі сабе павыядалі б, пнучыся ўпадобніцца да майго брата. Гэта быў татаў абаронца; ён суправаджаў бацьку на кажушную фабрыку, палуднаваў разам з бацькавым начальнікам. Тата мог дазволіць сабе бязмежна любіць Гарві. Тата не быў чытачом. Імёны Джэка Лондана і Жорж Санд не неслі для яго ніякага сэнсу. Ён кпіў з дзікіх сабак і людзей у жалезных масках. Адзінай меркай рэчаў для яго былі меціны яго разца. Чарнавокая задумлёнка павяла сябе асцярожна ў дачыненні да майго брата. Яна завяла яго на знаёмства з дантыстам, запрасіла згуляць партыю ў карты. Дарсы быў у паблажлівым настроі; ён дазволіў брату паўдзельнічаць у гульні. Упершыню дзевяцігадовы хлапчук сядзе за Дарсыным картачным сталом. Гарві абмахляваў капітанаў паліцыі, бронксаўскіх сенатараў ды спадара Лаенза і ўстаў з-за стала з пяццюдзесяццю далярамі ў кішэні, аднак ён так і не палюбіў дантыста, так і не падзячыў за зроблены яму дарунак у выглядзе за тым покерскім сталом. — А там што? — спытаў брат, паказваючы на пусты стул. — Месца для Рузвельта? — Не, — сказаў спадар Лаенз. — Амаль што так. Тут сядае патрон, калі бывае ў горадзе. Стары Флін. — Пацеха, — сказаў Гарві з усмешкай, бы ў ката. — А я думаў, што гэта фатэль губернатара Д’юі. — Божа барані. Гульцы дапытліва глянулі на Дарсы, які пагладжваў свае пасярэбленыя вусы. — Хочаце, я надзяру яму вушы, патроне? — спытаў адзін граміла-паліцыянт. — Не Фэйгелінаму сынку, прынамсі, абражаць нас… А пагатоў цяпер, калі мы далі яму выйграць. — Хлапчук папросту нахабны расце, — умяшаўся Дарсы, — так што заткніся. — А Фэйгеле вяла партыю, як заўсёды. — Гарві нічога кепскага сказаць не хацеў, — улез я. — Мы проста чулі сёе-тое ў рускім рэстаране. Што Рузвельт забараніў Д’юі совацца ў Бронкс і што Д’юі хоча папомсціцца. Але ж ён не можа абвінаваціць нас у тым, што мы тут гулялі ў карты, праўда ж, спадару Лаензе? — Хіба толькі, калі захоча застацца без чупрыны, як ты. Пакуль старшынём у Бронксе я, Том Д’юі не пераступіць гэтага парогу. — Апынецца там, дзе камар козы пасе, — сказаў Дарсы і, ужо без увагі на спадара Лаенза, павярнуўся да майго брата. — Фэйгеле казала, што ты найзаядлы чытач у сям’і. Што ты вельмі шануеш Джэка Лондана. Падлеткам я проста багоміў яго „Поклік лесу“. І кнігі спадара Стывенсана таксама. Толькі ні доктару Джэкілу, ні спадару Гайду я не даю веры. Гарві запхнуў пяцьдзесят даляраў у кішэню кашулі. — А ў што ж вы тады верыце? — У літаратуру, а не ў прыгоды змрочнага пацана накшталт містэра Гайда. Ты ніколі не сустрэў бы падобнага дурноцця ў Чэхава. — А што напісаў Чэхаў? — папытаў я. — Шэдэўры, — сказаў Дарсы і шпарка, бы гатункі марожанага, запералічваў назовы: „Чайка“, „Сем сясцёр“, „Чарнавокая задумлёнка з сабачкам“. — Дзядзька Дарсы, — сказаў я, падскокваючы, бы казляня, — раскажыце пра цудоўную задумлёнку з сабачкам. — Ён табе не дзядзька, — сказаў Гарві, — а я ніколі не чуў пра Чэхава. У туксонскай бібліятэцы Чэхава зусім няма, інакш я б заўважыў гэтае імя. — Ну што ж, — уздыхнуў Дарсы, — у такім разе, Туксону не пазайздросціш… Фэйгеле, можа, ты сама прасветліш гэтага пустэльнага пацука, паінфармуеш яго наконт літаратурнай слыннасці Чэхава? — Не памятаю я нешта твайго спадара Чэхава. — Дарэчы, як мне помніцца, ён жа нарадзіўся ў Беларусі, недзе зусім пад бокам у вас. Ты павінна была вывучаць яго ў школе. — У якой школе? Я ж уцякала і ад цара, і ад рэвалюцыі адначасова. Не было мне калі займацца ні задумлёнкамі, ні іхнымі сабачкамі, ні іншымі шэдэўрамі. — Яе звалі Ганна. Яна была развядзёнка і прыехала ў Ніцу. У яе няма грошай, каб пасяліцца ў шыкоўным гатэлі побліз пляжу. І вымушана жыць у малюпасенькім пансіянаце каля бульвара Царэвіча. — А што такое царэвіч? — Не перабівай, — сказаў Дарсы. — Царэвіч — гэта сын цара, яго галоўны спадкаемец, ды Ганна ўвогуле не мела ніякага спадкаемца, у яе нічога не было, толькі сабака, які зваўся Сабака. Адно тое ўжо кажа, у якой роспачы яна была. Нават імя свайму сабаку прыдумаць не магла. Яна закохваецца ў аднаго альфонса, які жыў значна бліжэй да пляжу. Ён выпампаваў з яе і тую крыху грошай, што яна мела, і кінуў яе; тады Ганна задумвае ўтапіцца ў купальні разам са сваім сабачкам. Беднаму дзяўчу гэта ўдаецца, а вось сабака значна дужшы, чым гаспадыня; ён даплывае да берагу, і платны каханак тут жа бярэ яго сабе; і карыстаецца гэтым сабакам, які завецца Сабака, каб спакушаць іншых жанчын. — Шэдэўр, — громападобна высмаркаўся ў насоўку спадар Лаенз. — Забіць трэба таго жыгала… і сабаку з ім у адной купе. — І вось што насамрэч дзівосна, — працягваў Дарсы. — Чэхаў ніколі не асуджае сваіх герояў… Праз тое яны і хвалююць. Вы не згодны са мной, спадару Гарві Чарын? Гарві паклаў пяцьдзесят даляраў назад на кон і пайшоў з прытулку дантыста. Мама ніколі больш не загаворвала з ім пра Дарсы. А Гарві выправіўся ў кінгзбрыджскі арсенал рыхтавацца да параду разам з іншымі марскімі скаўтамі. Тым часам з акна спадарыні Дэніел Каплан, чый сын Джордж загінуў на нейкім браняносцы, прапаў чырвоны сцяг, аздоблены залатой зоркай — пасмяротнай узнагародай Джорджа. Нехта нейкі як збрыў той сцяг з акна. Дарсы прызначыў тысячу даляраў узнагароды таму, хто знойдзе залатую зорку. Падкантрольныя яму капітаны бронксаўскай паліцыі не патраплялі выявіць ніякіх слядоў. І тут мне згадаліся паветраныя чувачы з вялізнымі мяхамі за спінай тым вечарам, калі я вадзіў тату ў „Царкву“ — яго апорны пункт на Шэрыдан-авеню. Я не мог папытаць тату, ці яго субраты крадзьмакі; я расказаў пра тое Гарві, а ён уваліўся ў „Царкву“, за нейкай скрынкай знайшоў сцяг спадарыні Каплан і аддаў яго маме. Мама паклікала Дарсы, і той у суправодзе капітана паліцыі нагрынуў у „Царкву“, агледзеў усё скрадзенае барахло і загадаў, каб прывялі абодвух абвінавачваных чувачоў разам з іхнай таўстапальцай каардынатаркай, якая па-мужчынску смаліла цыгары. Іх не арыштавалі. Каб іх былі пасадзілі, у Бронксе маглі б выявіцца стыгматы. Дантыст здаволіўся тым, што самаруч справіў уласны суд у „Царкве“: выспяткамі ды грымакамі адперыў таўстуху-каардынатарку і абодвух яе хаўруснікаў, якія ўжо мерыліся прадаць залатую зорку спадарыні Каплан нейкаму задрыпанаму калекцыянеру ваенных сувеніраў. „Царкве“ быў вынесены прысуд, уся яе чыннасць была спыненая, спадарыні Каплан дантыст вярнуў залатую зорку, а на імя Гарві Чарына выпісаў чэк на тысячу даляраў. Але брат шпурнуў той чэк яму ў твар. — Аддайце яго ў Чырвоны Крыж, — сказаў ён. Пры тым прысутнічаў спадар Лаенз; ён моцна абурыўся. — З якой гэта пары пацанам стала не трэба кішэнных грошай? — З той самай, — сказаў Гарві. Дарсы парваў чэк. Наймацней пацярпеў ува ўсёй гэтай справе тата. Ён пазбыўся сваёй сяржанцкай пасады. Дарсы не дазволіў больш ніводнаму чувачу патруляваць яго абшары. Тата не мог больш насіць каску і спраўляць свае звычайныя абходы. Чувачы паветранай абароны сталіся парыямі, параўнанымі з рабаўнікамі святога. Дарсы не наважыўся абвінаваціць і тату ў падобным злачынстве, аднак, нягледзячы на тое, кляймо лягло на яго таксама. Цудоўная задумлёнка не пераставала дапякаць яго. — Ты мусіў быў ведаць, чым займаецца гэтая Мірыям. У цябе што, вачэй няма? Няўжо ты не бачыў залатой зоркі спадарыні Каплан? — У „Царкве“ заўжды было цёмна, — адбрэхваўся тата. — У цябе быў ліхтар, сяржанце Сэме. — Я ашчаджаў батарэйкі дзеля вуліцы. — Двудушнік, — сказала яна. — Колькі заплаціла табе гэта шлюха-таўстуха за тваю маўчанку? — Я ніколі не зачапаў яе барахла. Я ніколі нічога не ўкраў. Я не меў нічога супольнага з чорным рынкам. — Як міла, — не сцішалася мама. — Ты наглядаў за небам, высочваў хоць якенькі самалёцік… а сам тым часам валяўся ў балоце. |
— Адчапіся ад яго, мама. Ён найлепшы чувач у Бронксе. — Найлепшы адстаўны чувач, любачка. Як, па-твойму, цяпер мне з’яўляцца на вочы спадарыні Каплан ды іншых мацярок, чые сыны загінулі? — Тата ж анічагусенькі не зрабіў, мама. — Выдатнае падсумаванне. Ён мог, але нічагусенькі не зрабіў, каб выкрыць тых нягодных дамушнікаў. — Ён не „бобік“. І за спінай у яго няма дантыста. — Дарсы — вялікі чалавек, — агрызнулася мама. — Ён дапамагае бедным, ён ім зубы чысціць. — А заразом і кішэні. — Ну-ну, давай-давай, вінуй яго. Калі твой бацька не мог працаваць, хто паклаў нам хлеба на стол, хто знайшоў мне працу? — Гульцы выдатна ведаюць, як падчапіць гожую мордачку. — Не размаўляй так з мамай, — уступіў у спрэчку тата. — Ды ўрэшце, тата, яна ж дантыстава старлетка ў бікіні! Тата ўляпіў аплявуху свайму заступніку. Гарві не аказаў ніякага супраціўлення, прыняў аплявуху, потым раскашляўся. Мама мусіла закіпяціць вялікую каструлю вады і выліць яе ў таз, а брат нагнуўся над ім і, з галавой акрыты ручніком, падыхаў гарачай парай. Тата са слязьмі на вачах стаяў вобак і пачухваў сабе нагой то адну, то другую лытку. — Гарві, я не хацеў цябе ўдарыць. — Сэме, зараз жа сціхні, — крыкнула мама. — Ён задыхнецца, калі ты так хвалявацьмеш яго. Гарві мусіў злегчы. Піжама надавала яму выгляд вязня. Ён жыў, абложаны паруючымі тазікамі і гарчычнікамі, флаконамі з мікстурай і аэразолямі. Мама сказала, што яго лёгкія пераўтворацца ў паперу, калі ён перастане класці нанач гарчычнікі на грудзіну. На агляд Гарві прыехаў доктар Мэера Ланскі. Ён загадаў маме павыкідаць свае гарчычнікі на сметнік. — Уся прычына ў сырым паветры, Фэйгеле. Менавіта паветра забівае яго. Адсылайце яго ў Арызону. — Гэта дзіцёнак, доктару, а не марка. Я не магу паслаць яго па пошце. Дыханне брата набыло посвіст: посвіст астматыка. Гарвіны ворагі тут жа далі яму мянушку: свістун. Яго вусны зусім пасінелі. Доктар Кац пашарыў у сумцы, дастаў з яе нейкую чорную трыццацісяміметровую цыгарку. Ён запаліў яе і загадаў брату ўдыхаць дым. Было такое ўражанне, што едка засмярдзеў цэлы тузін здохлых пацукоў, я блізка што не канаў ад таго жахлівага смуроду. Аднак прысвісты зніклі, і Гарвіны вусны набылі натуральны колер. Дзве цыгаркі з серай доктар пакінуў маме. Потым ён уключыў мамін пыласос і натхнёна, размашыста рухаючы рукамі і нагамі, завадзіў ім па столі і сценах, па матрасе і наўлечках. — Доктару, — ахнула мама, — ніколі б не падумала, што вы здатны яшчэ і прыбіраць у чужой гасподзе. — Пустое. Я штодня займаюся гэтым у Ланскі. У яго алергія на пыл. — Пыльна ж будзе і на Грэнд-Конкарс, калі сын пойдзе ў парадзе? — Дарагая, — сказаў доктар, — вам трэба будзе неадступна быць з ім побач, з венікам і супрацьгазам. — Усе падумаюць, што ён мамін дурань. — Мама, — сказаў я, — а што, калі падстрыжэш валасы ды апранешся як марскі скаўт? Доктар падміргнуў у адказ на гатоўнасць пайсці на такое. „Так не выйдзе, Бэбі“. Потым ён асцярожна, каб не замазаць рук, здзёр з мяне бейсболку і агледзеў скуру на галаве. — Калі ўжо мне можна будзе пайсці ў школу? — Хутка, — адказаў ён і пабег па сваіх справах. Ад платы ён адмовіўся. Мы з’яўляліся часткай Дарсынай сям’і. Мы належалі дантысту. Гарві трываць не мог таго, што зноў занядужаў. Мама і слухаць не хацела, каб ён хадзіў у арсенал без мяне. Я замяняў яму медсястру. Пры мне заўсёды меліся „цыгары з серай“ і купа запалак — я насіў іх у скрынцы з-пад чаравік Фэйгеле. Я сядзеў на трыбуне разам з іншымі гледачамі, а ўнізе, у вялікай залі, Гарві тым часам рэпетаваў сваё шэсце. На ім былі белыя гетры і шырокі парусінавы рэмень, ісцівы гардэмарын у невялічкім моры маракоў; магчыма, яго туфлі былі наглянцаваныя не беззаганна, а пазурыкі не мелі формы бездакорнага паўмесяца, аднак ці не гэтаксама ж выглядаў бы і паводзіўся б Лансэлот Пэры, калі б чалавек-пацук быў скаўтам? Гарві быў значна ніжшы ростам ад іншых скаўтаў, якія мелі па адзінаццаць-дванаццаць гадоў і ўжо адбылі адну начную вахту на „Мужным“, катэры берагавой аховы. Адбіваючы крок, яны крыху выкатвалі грудзі колам, але тое было пусканнем туману ў вочы; іх позірк не быў звернуты ўнутро сябе, як позірк чалавека-пацука ці майго брата; ані знаку той адстароненасці, якую можа спарадзіць толькі жыццё ў таварным вагоне ці за сметнікам… Прымаў парад бос Флін. Ён стаяў у „кадылаку“ разам з Дарсы і спадаром Лаензам перад шыхтом скаўцкай часці. Гэта быў найтаўсцейшы і найкруглейшы чалавек, якога я калі-кольвечы бачыў, калі толькі не было аптычнай ілюзіі, бо сонца выядала мне вочы. У Фліна трэслася аж шэсць падбароддзяў, а ў закарвашы — ружа, падобная да крывавага кулака. Ён сціскаў у руцэ мікрафон і бесперастанку паўтараў імя Прэзідэнта. „Франклін Рузвельт… багоміць такія парады. “Эд, — неяк сказаў ён мне, — мяне бярэ гонар, калі я бачу, як маршуюць вашы бронксаўскія хлопцы”.“ Тата з мамай таксама прыйшлі на парад, і тата плакаў, гледзячы, як у напышлівай калоне маршуе ягоны Гарві, датклівы да пылу, што аблятае з дрэваў, з сінеючымі вуснамі і гатовымі разарвацца лёгкімі. Бэбі ж не даваў сабе плакаць. Я праклінаў гэты парад. Мабыць, усё ж спадарыня была паўздзейнічала на боса Фліна, раз той у апошні момант прыняў Ньюта і Вэла ў скаўты, і мой брат неспадзявана мусіў маршаваць разам з блізнюкамі Раткартамі, якія чаплялі нагу за нагу і ламалі цудоўную белую рысу шэрагу. Пасля параду Гарві зноў захварэў. Мы мусілі зноў цярпець смурод „цыгарак з серай“, каб Гарві трохі аджыў. Выручыў Дарсы, ён набыў плацкарту ў вайсковым цягніку, які меўся ісці праз Арызону. І адвёз Гарві на вакзал. Я ўбачыў, як у Фэйгеле затрымцелі вейкі. Яна блізка што не млела. Яна і ненавідзела Гарві, і не магла перажыць ягонага ад’езду. І Дарсы, а не тата, маму падтрымаў. Ён прыехаў на Пэнсільванскі вакзал у крэмавым плашчы з асобнікам „Джэкіла і Гайда“ ў саф’янавай скуры, з выпаленымі на ёй ініцыяламі Гарві. Мяркую, што я разумею дантыста; ён вельмі любіў мяне, аднак Гарві прыводзіў яго ў захапленне: а то ж, Свістун — хлапчо, здольнае адмовіцца ад узнагароды ў тысячу даляраў. Гарві шырока махнуў яму на адвітанне. Ён нічога не расказаў яму ні пра сваю школу ў Арызоне, ні пра тое, якім самотным ён пачувае сябе ўдалечыні ад Бронксу; адцяпер Амерыка была яму і татам, і мамай. Фэйгеле правалілася ў глыбокую чорную яміну; у яе не было нават сілы памыць свае валасы. Мне трэ было гатаваць ёй есці, прымушаць тату выпіць чарку шнапсу. Бэбі ператварыўся ў маленькага домакіраўніка. Мне не ставала Гарві. Ён быў маім героем. І ўсё ж мне ўдавалася разважыць сябе дзякуючы чалавеку-пацуку, за чыімі прыгодамі я сачыў штотыдня. Спакваля і мама вынырала са сваёй нудзьгі. — Так для яго лепей, праўда, Бэбі? — Канечне, там ён на сонцы. — Вось пойдзеш ты ў школу, навучымся мы пісаць, і хоць гэтак наблізімся да Гарві. — Ведаеш, мама, нават калі б я ва ўніверсітэт пайшоў, і то б не навучыўся расчытваць почырку Гарві. Ніхто яго не прачытае. — Не хлусі, — сказала яна, — Мы навучымся. Мама ўселася каля люстэрка, учасалася, наярчыла памадай вусны і з бліскам уваччу рушыла да дантыста раздаваць карты.
далей — да часткі V „Мадам Кюры“
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (8) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |