№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзімір Арлоў (Уладзімір Арлоў)

1953 -

Уладзімір Арлоў
Беларускі гісторык, празаік, эсэіст, паэт, віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-Цэнтра Уладзімір Арлоў нарадзіўся 25 жніўня 1953 у Полацку. Пра сваіх бацькоў і ўласнае дзяцінства і юнацтва У. Арлоў піша ў эсэ “Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегчы выгнання”. “Я нарадзіўся ў таты з мамаю ў год Змяі паводле ўсходняга календара і ў год смерці Сталіна — паводле савецкага. Мой дзень нараджэння — у жніўні, значыцца, у сакавіку, калі вялікі правадыр народаў нарэшце выправіўся на той свет, я ўжо існаваў, ды мог не нарадзіцца, бо пасля радыёпаведамлення мама пачулася зусім блага. Свет гінуў, ад роспачы мама ў істэрыцы рвала валасы і надоўга трапіла ў бальніцу. Але тым разам савецкая медыцына перамагла (нашы савецкія хворыя — самыя здаровыя хворыя ў свеце!), і, перачакаўшы, відаць, непамысныя для мяне дні задыякальнага знаку Льва, я шчасна нарадзіўся на трэці дзень Паненкі”.

У 1970 скончыў сярэднюю школу ў Полацку, з 1970 па 1975 быў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Наваполацку (1975—1976), карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара гарадской газеты “Хімік” (Наваполацк, 1976—1988), рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1988—1997). Быў членам рэдкалегій часопісаў “Спадчына”, “Калоссе”, “Крыніца”. Жанаты з паэткай і журналісткай Валянцінай Аксак, мае двух сыноў.

Вядомасць пісьменніку прынесла проза, творы на гістарычную тэматыку. Аўтар 20 кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ, у т.л. “Добры дзень, мая Шыпшына” (1986), “Дзень, калі ўпала страла” (1988), “Асветніца з роду Усяслава” (1989), “Рандэву на манеўрах” (1992), “Міласць князя Гераніма” (1993), “Таямніцы полацкай гісторыі” (1994), “Пяць мужчын у леснічоўцы” (1994), “Фаўна сноў” (1995), “Божая кароўка з Пятай авеню” (1998), “Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны” (1998), “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” (1999; у суаўтарстве з Г. Сагановічам), “Адкуль наш род” (1996; 2000), “Сны імператара” (2001), “Краіна Беларусь” (2003; у суаўтарстве з З. Герасімовічам), “Адкусі галаву вароне” (2003), “Ордэн Белай мышы” (2003), “Каханак яе вялікасці” (2004), “Час чумы” (2005), “Сланы Ганібала” (2005), “Паром праз Ла-Манш” (2006) і інш. Творы У. Арлова перакладзеныя на 25 моваў, у т.л. нямецкую, ангельскую, польскую, чэшскую, французскую, эстонскую, літоўскую, славацкую, грузінскую і інш.

Эсэ “Незалежнасць — гэта...” з кнігі “Мой радавод да пятага калена” 1993 году перакладзенае больш чым на дваццаць моваў. Кнігі “Таямніцы полацкай гісторыі” (1994) і “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” (у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам) увайшлі ў спіс 100 самых папулярных беларускіх кніг ХХ стагоддзя, складзены паводле апытання газеты “Наша Ніва”.

Аўтар сцэнароў навукова-дакументальных фільмаў “Ефрасіння Полацкая”, “Полацкія лабірынты”, "Сімяон Полацкі" і інш.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1991), лаўрэат выдавецкай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча (1993), літаратурнай прэміі імя Ф. Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра (1996), прэміі Таварыства вольных літаратараў “Гліняны Вялес” (за зборнік эсэ “Божая кароўка з Пятай авеню”, 1998), прэміі “Еўрапейскі паэт свабоды” (за кнігу вершаў “Паром праз Ла-Манш”, 2010).

Чытайце таксама

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

3347