A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ | ||||||
|
Даніла Жукоўскі
|
— публіцыст, крытык літаратуры, сталы аўтар «ARCHE». У мінулым нумары часопісу апублікаваў эсэ «Ерусалімскі лёс». Робіць на гарадзенскай гуце. |
2Людзі чуйна ставяцца да неадпаведнасці зместу і формы выказвання свайму ўяўленню пра таго, хто гаворыць: вучымся гэтаму з маленства і ўсё жыццё. Вучоная фраза ў вуснах чалавека малакультурнага выклікае ўсмешку, інтэлігент, які спрабуе гаварыць “проста”, не да месца ўжываючы нізкія моўныя абароты, — грэблівасць. Нас бянтэжыць прагматызм святароў, дражняць прамовы спрытных кар’ерыстаў і несумленных дзялкоў. Апавядальнік — інфармацыйная крыніца, а стаўленне да інфармацыі залежыць не толькі ад яе зместу, але й ад таго, адкуль яна паходзіць. Не гэтак страшна тое, што апавядальнік у беларускіх літаратурных тэкстах рэкрутуецца з вузкага дыяпазону сацыяльных тыпаў, як тое, што яго імавернасць вельмі часта робіцца ахвяраю аўтарскіх звычак. Дысананс паміж роляй крыніцы інфармацыі і аўтарытэтнасцю апавядальніка ў вачах чытача даўно зрабіўся праблемай літаратуры і нават публіцыстыкі. Асабліва цяжка даюцца рысы асобаў інтэлігентных (а інтэлігент застаецца і патэнцыйным, і сапраўдным чытачом беларускіх твораў). Неабгрунтаванае ўжыванне дыялектызмаў, прымітыўны інструментарый апісанняў, няведанне асаблівасцяў гаворкі й паводзінаў згубна ўплываюць на пераканаўчасць твору. Зміцер Падбярэзкі сапсаваў добрую задуму1 няведаннем стылю паводзінаў маладых вучоных: мусіць, ніколі з імі не сустракаўся, не бачыў позіркаў, поўных гонару за ўласную геніяльнасць, не чуў захаплення сваёй навукай у кожным слове. У выніку — схема замест аповеду, хаця ягонаму пяру наагул не адмовіш у дакладнасці і вобразнасці. Асабліва ж не шанцуе на апісанні тэлеперсонам. Няма нічога прасцейшага, чым назваць дыктарку мажнай цёткай, а тэлевядучага папулярнага шоў — дзецюком у шыкоўным гарнітуры. Інтэлігент, калі перадача падабаецца, не ўбачыць у тэлевізары “цётак” і “дзецюкоў”. Чалавек на экране выкліча паблажлівасць ці раздражненне (з адпаведнымі вясковымі асацыяцыямі), калі будзе выразна супярэчыць канцэпцыі перадачы, але хібы яшчэ трэба апісаць, каб чытач пра іх даведаўся.
|
1 Гісторык і электроншчык ствараюць камп’ютарную імітацыю машыны часу, і падчас эксперыменту з удзелам высокапастаўленага чыноўніка, а раней сталінскага карніка, адбываецца сустрэча апошняга са сваёй ахвярай і расплата. http://www.bdg.minsk.by/ culture/literature/ zmit/praga.shtml
|
Перанос асаблівасцяў успрымання заможнасці і высокай культуры, уласцівых маладому небагатаму правінцыялу, на самаўпэўненых, няблага адукаваных, бітых жыццём прадстаўнікоў сталічнага сярэдняга класу, ужыванне лексікі вясковага побыту ў апісаннях гарадскога жыцця працуе на вобраз нахабніка-чужынца, які са сваімі вульгарнымі ўяўленнямі лезе не ў сваё кола. Правінцыялізм яшчэ можна дараваць, а як быць з шырынёй кругагляду? Чалавеку з вышэйшай адукацыяй, выпрацаванымі поглядамі на права ўласнасці, палітыку, рэлігію, гісторыю, мастацтва прыемней мець за партнёра-суразмоўніка чалавека адпаведнага ўзроўню, а не разумніка-самавука, які не чытаў нічога па-за школьнай праграмай і не цікавіцца нічым, апрача спосабаў вырошчвання бульбы, адкорму парсючкоў і ачысткі самагону. Калі госць заўважае назвы кніжак на паліцах і часопісу на століку, памятае імёны ўлюбёных выканаўцаў сваіх знаёмых, то нельга чакаць, што ён будзе ў захапленні ад суразмоўніка, які падрабязна распавядае адно пра колер мэблі, колькасць выпітага ды стан тых, хто гэта выпіў. Вось і ў гістарычных творах коле вока тая ж пралетарызацыя апавядальніка — недарэчная тым больш, што змест грунтуецца пераважна на крыніцах, якія адлюстроўваюць погляды вышэйшых слаёў грамадства. У недалёкім мінулым да таго схілялі ідэалагічныя патрабаванні — згадайма «Песню пра зубра» ў перакладзе Язэпа Семяжона: Вітаўт не “з верай глыбокай даваў служкам царкоўным дары”, а “адвальваў з угоддзяў на скупа”2. Сёння гэта ўжо толькі дрэнная звычка. Спроба Алеся Наварыча спалучыць у рамане «Літоўскі воўк»3 макра- і мікрагісторыю і вытлумачыць першую з дапамогай апошняй выявілася не надта ўдалай менавіта таму, што аўтару не хапіла ведання сацыяльных адносін, сацыяльна абгрунтаваных асаблівасцяў менталітэту, фактуры асабістых лёсаў, няважных для гісторыкаў, заклапочаных дзяржавамі і нацыямі, але неабходных для мастацкага тэксту. Аўтар у дадатак свядома абыходзіць ключавыя падзеі паўстання 1863 году, спрабуючы паказаць фон — “хваляванне грамадскай думкі”, — не кранаючы асяродкі “вялікай палітыкі”. Героям, аднак, не стае індывідуальнасці, бо, не маючы дастаткова фактычнага матэрыялу, пісьменнік залішне залежыць ад схемаў і інтэрпрэтацый крыніцаў, якія засяроджваліся якраз-такі на вызначальных падзеях і буйных дзеячах, асвятляючы паўстанне з якога заўгодна гледзішча, толькі не з гледзішча жыхароў палескае глушэчы. І — самае галоўнае — гэтыя крыніцы вызначаюцца занадта высокай ступенню абагульнення, каб на іх аснове пераканаўча абгрунтаваць паводзіны асобных жыхароў далёкай перыферыі імперыі. Раман Наварыча ў чарговы раз пацвердзіў, што беларуская шляхта для большасці беларускіх літаратараў — з’ява зусім невядомая.
|
2 Спадчына. 1991. №2. C.106—107.
3 Маладосць. 2003. №4—6. |
Рэканструкцыя ментальнасці найніжэйшых грамадскіх слаёў таксама патрабуе вялізных высілкаў, і стэрэатыпы пралетарызацыі звычайна ёсць або праявай празмернай фантазіі, або сведамым фальшаваннем, даведзеным да абсурду. Немагчыма без усмешкі чытаць шмат якія месцы ў творах пра Скарыну, героям якіх абсалютна незнаёмыя саслоўныя межы. Сёння пралетарызацыя што апавядальнікаў, што герояў гістарычных твораў — прыкмета слабой падрыхтоўкі аўтара. Але й моц звычкі адыгрывае сваю ролю: нават Вольга Іпатава ў «Альгердавай дзідзе»4 піша пра князёў, іхнія інтрыгі і закалоты, цалкам падпарадкаваўшыся легендзе, якая мае ўсе рысы простанароднага падання: поўна магіі, але няма атрыбутаў светапогляду феадалаў (веры ў сваё дадзенае ад нараджэння прызначэнне кіраваць, прагі асабістае славы і г.д.). Пісьменніца глядзіць на сваіх герояў вачыма смердаў эпохі, нашмат пазнейшай за пару дзеяння, для іх Альгерды і Яўнуты — асобы казачныя, незразумелыя, велічныя — і больш нічога. Ейны апавядальнік прасякнуты прымхамі і забабонамі, фактычныя ж веды пра падзеі ў княскім асяроддзі дайшлі да яго праз плёткі княскіх служак, памяць бацькоў і дзядоў, да яго нараджэння стаўшы “песняй у народзе”. Погляд чалавека асвечанага (на меру эпохі), знаёмага з рэаліямі вялікай палітыкі, у «Альгердавай дзідзе» ледзь адчувальны. Хаця, праўду кажучы, усе гэтыя недахопы блякнуць перад сапраўднай энцыклапедыяй памылак — “кінашэдэўрам” «Настасся Слуцкая», дзе з мікраскопам немагчыма адшукаць праявы княскае годнасці, арыстакратычнага выхавання ці прыдворнай цырыманіяльнасці. Асабліва ўражвае сцэна суду і пакарання выкрытага здрадніка — друцкага князя, якога невялікі натоўп слуцкіх месцічаў хапае і цягне на кол. Але мо гэтага толькі й заслугоўвае князь, які кажа даверанай асобе: “Мы, простая шляхта...”? Чалавек робіць выбар “маё — не маё” амаль несвядома, на падставе пабежнага пошуку агульных культурных каштоўнасцяў, адзнакаў разумення (зусім не абавязкова ўжывання) суразмоўцам ці аўтарам кодаў пэўнае субкультуры. Для тэкстаў кшталту «Машы і мядзведзяў», «Цывілізацыі Заходняга будызму» ці «Адарка і пацукі»5 гэтае тэставанне інтэлігентным чытачом дасць адмоўны вынік раней, чым паўстане пытанне пра мастацкі ўзровень тэксту — зусім неабавязкова нізкі. Мне ўжо чуюцца пратэсты: адсутнасць інтэлігенцкага погляду — апошняе, у чым можна абвінаваціць пісьменніка Ігара Бабкова. Сапраўды, не менш адштурхоўвае снабізм і прэтэнцыёзнасць, спалучаныя з нулявым узроўнем сацыяльнай ангажаванасці. Іншы раз можна на хвілю забыцца, што галоўнае ў літаратуры — роздум пра чалавека, і аддацца фармальным прыгожасцям, самавыяўленню, асалодзе ад чыстае творчасці, слоўнай алхіміі — але не назаўсёды. Словы, словы, словы, іх кшталт і парадак, гармонія паміж імі — не найважнейшае, гэткі падыход выклікаў пагарду яшчэ ў знакамітага героя Шэкспіра. Слова — гліна літаратуры, з якой робіцца посуд, але ані ў якім разе не змесціва гэтага посуду. Аўтар мусіць запоўніць яго думкамі пра чалавека — і соцыюм. Бо, як той казаў, жывучы ў грамадстве, ад яго не схаваешся. І героя свайго не схаваеш.
|
4 Полымя. 2001. № 9, 10. 5 «Цывілізацыя Заходняга будызму» Ігара Бабкова была апублікаваная на http://www.litara.net/, «Адарка і пацукі» Паўла Місько — у «Крыніцы» №7-2001. Апошні твор апісвае трагедыю старой вясковай кабеты на фоне дэградацыі беларускай вёскі. Пацукі прынеслі Адарцы скарб, і праз гэта яна дазналася пра маральнае падзенне сваіх аднавяскоўцаў і ўласнага сына, страціла ўсё, чым жыла. |
3Беларускае грамадства больш не параўнальна аднародны маналіт, як за савецкім часам. Расслаенне набірае моц і хуткасць, і сацыяльны статус усё больш вызначальна ўплывае на светапогляд асобы. Погляды людзей больш не абмяжоўвае адзіная дазволеная ідэалогія, улада не так пільна сочыць, каб сацыяльная няроўнасць не занадта выяўлялася ў штодзённым жыцці. У савецкай літаратуры назіралася тэндэнцыя абмяжоўваць сацыяльныя адрозненні вышынёй культурнага ўзроўню, чым выдатна падкрэслівалася адзінства савецкага народу. Ва ўмовах усё больш вострых сацыяльных падзелаў паводзіны й шкала каштоўнасцяў людзей, іхнія настроі, звычкі, стэрэатыпы й эмацыйныя рэакцыі — складнікі літаратурнага вобразу — больш не змяшчаюцца ў пракруставым ложы гэткай “маналітнасці”. Надзея Садзікава крыху парадаксальна падае гэта як страту глебы пад паняткам рэальнасці6. Не адмаўляючы ейнае рацыі ў шырокім разуменні праблемы, варта пазначыць прыватнейшы, але нашмат рацыянальнейшы механізм дэзарыентацыі — памнажэнне суб’ектыўных варыянтаў рэчаіснасці з прычыны ўсё большага разыходжання сацыяльных пазіцый. Шыкоўны аўтамабіль, дарагая вопратка, абед у дарагім рэстаране ацэньваюцца па-рознаму тым, хто можа гэта сабе дазволіць, і тым, хто не можа, а таксама ў залежнасці ад прычынаў, па якіх памянёныя даброты знаходзяцца ў полі дасягальнасці або не. Гэтаксама праца за 200 долараў на месяц для аднаго — вяршыня мараў, для іншага — непрыемны ўспамін працоўнага мінулага або знак прыналежнасці да кола няўдачнікаў. Цяга да містыфікацыі грамадскіх з’яваў, адзначаная Садзікавай, цалкам зразумелая: гэта змяншае напружанне ў грамадстве. Чым менш рэальным для сярэдняга грамадзяніна будзе чалавек, які заробіць 40 мільёнаў долараў, зняўшыся ў адным кінафільме, тым лепш. Персоны тыпу Гейтса ці Курнікавай проста не маюць права на існаванне ў рэальным жыцці, занадта бо падкрэсліваюць яго несправядлівасць, і іх неабходна пераводзіць у катэгорыю прывідаў. У дачыненні да супербагатых гэта мае сэнс, але што з тымі, хто яшчэ не зарабіў (і ніколі не заробіць) свайго першага мільёна? Гэта значная частка нашых суайчыннікаў і сучаснікаў. Што адчувае чалавек, зарабіўшы ў 30 разоў болей, чым год таму? Як прызвычайваецца да свайго новага статусу, мяняе погляды на людзей і навакольны свет? Мне вядомая адна сур’ёзная спроба адказаць па-беларуску на не са столі ўзятыя пытанні, зробленая Леанідам Мараковым, рамантыкам і песняром пары першапачатковага назапашвання капіталу. Маракоў ідэалізуе прадпрымальнікаў і прадпрымальнасць — але свядома і непрыхавана. Наўрад ці ягоныя тэксты можна лічыць узорам бесстароннасці, але яны прывабліваюць асаблівасцямі аўтарскага гледзішча. Беларускі дом сёння мае сцены, пафарбаваныя ў розны колер. Варта абысці і агледзець яго з усіх бакоў. Праблема адаптацыі мастацкага зроку да новых жыццёвых рэалій паўстае перад усімі без выключэння пісьменнікамі. Ці паспяхова яе вырашае канкрэтны творца, залежыць не толькі і не столькі ад ягонага таленту, але ад вастрыні адчування грамадскай сітуацыі, здольнасці заўважаць і аналізаваць грамадскія феномены.
|
6 Паталёгіі рэалізму // ARCHE. 2000. №8. |
4Дакладнае пазіцыянаванне — умова неабходная, але не дастатковая. Апавядальнік лучыць два светы: свой “унутраны” і чытацкі. Асаблівая жыццёвая сітуацыя гераіні Алены Брава7 — жонкі студэнта-кубінца, якая разам з ім, ужо інжынерам, прыязджае на Кубу, а потым уцякае адтуль з маленькаю дачкою, выключная культурная рознасць з новым асяроддзем зрабілі магчымым тое, што мала каму ўдавалася на айчыннай глебе: ці не кожны апісаны ў аповесці прыватны выпадак цягне за сабою аўтарскія сацыяльныя абагульненні. Чытача знаёмяць не з экзатычнай краінай, а з анатоміяй таталітарнага грамадства, сціпла, асцярожна, старанна трымаючыся канкрэтных рэалій і фактаў, але на ўзроўні, які прымушае згадваць Оруэлаўскі «1984». З дробязяў нішчымнага кубінскага жыцця — бясконцых чэргаў, тлумных дэманстрацый, паўсюднага дэфіцыту, палітычнага фанатызму — паўстае пазнавальны для нас, якія не зусім забылі савецкія часы, малюнак. А мазаіка жаночых гісторый Евы Вежнавец у «Гаючай нянавісці»8 адлюстроўвае хіба што анатомію фемінісцкае душы, якая з апошніх сілаў імкнецца адпрэчыцца ад рэчаіснасці. Калі ў кожным эпізодзе «Каменданцкага часу...» можна ўгледзець апісанне пэўнае з’явы, то ў не менш насычаным рэаліямі тэксце «Гаючай нянавісці» бачацца хутчэй абрысы міфалагічнай свядомасці: жанчына моцная і добрая, мужык слабенькі й сапсуты. І ніводнае спробы зрабіць першы крок цвярозага аналізу — пашукаць адказ на пытанне «Qui prodest?». Менавіта “каму на карысць”, а не знакамітыя “хто вінаваты” і “што рабіць”, ёсць пачаткам сумленнага даследавання. Каб спалучыць дэталізацыю й абагульненне, даводзіцца адначасна “быць” у дакладна акрэсленым пункце сацыяльнае прасторы і аглядаць яго звонку, дамагаючыся вычарпальнасці, імкнуцца, каб асобны факт рабіўся тлумачэннем іншых. У аповесці Андрэя Федарэнкі «Нічые» прысутнічае погляд нашага сучасніка, псіхолага, гісторыка — і паспалітага ўдзельніка падзеяў, які бачыць толькі тое, што бачыць сваім вокам. Штохвіліны нагадваючы пра гістарычную дыстанцыю, аўтар асэнсоўвае гісторыю Слуцкага паўстання. Аб’ектыўнасці не спрыяе прорва часу, якая аддзяляе нас ад падзеяў, як у аповесці Алены Брава аддзяляе геаграфічная аддаленасць. Але ў «Нічыіх» адчуваецца недахоп дакладнасці бачання і адстароненасць аўтара выглядае часам штучнай. Гэта мо таму, што піша ён пра Беларусь: абагульненні на айчыннай глебе рабіць цяжэй — больш інфармацыі (за дэталямі губляецца агульнае) і больш адказнасці (кожны можа не пагадзіцца й выказаць сваё меркаванне — гэта ж вам не Куба заморская). А да таго ж — менш звычкі.
|
7 Каменданцкі час для ластавак // Маладосць. 2003. №3. 8 ARCHE. 2003. №2(25). |
Выдатны прыклад грэблівага стаўлення да сацыяльнага аналізу — спрэчка паміж Нілам Гілевічам і Міколам Аўрамчыкам пра аўтарства «Сказу пра Лысую Гару». Слухаючы і чытаючы разважанні апошняга пра “смяхоцце”, “раёшнік” і да т.п., я спачатку падумаў быў, што Аўрамчык не тое што не пісаў — не чытаў паэмы. Але прэтэндэнт нядбала цытуе славутыя радкі з раздзелу пра час, век і эпоху, і робіцца зразумелым: для яго гэта — капрыз суаўтара, дагэтуль незразумелы. Падрабязнасці кожнага дачнага дамка — во гэта цымус!.. У старажытным кітайскім пейзажы існавала правіла злучаць у адным малюнку два гледзішчы: слімака і птушкі. Нечага падобнага — разнастайнасці пры захаванні суцэльнасці — прагне душа падчас чытання нашых празаікаў. Але ў беларускага пісьменніка сціплы асартымент гледзішчаў і яшчэ сціплейшае жаданне надаць высновам закончаную форму, як гэта зрабіў Гілевіч (прынамсі ў гэтым прэтэндэнты згодныя) у апошнім раздзеле «Сказу...». Адно вока ў беларускага літаратара звычайна вясковае — паводле паходжання і традыцыі, другое філалагічнае — паводле традыцыі і адукацыі, а трэцяе, магічнае, якое й павінна забяспечыць творчай асобе дадатковыя магчымасці, надзейна схавана пад тоўстай і непразрыстай лобнай косткай і глядзіць пераважна ў нутро пісьменніцкай свядомасці. Магчыма, зірнуўшы вачыма звычайнага інжынера, настаўніка, прадаўца з міні-рынку на план новага апавядання пра тое, што вось, маўляў, я, сярэдняга ўзросту і неакрэсленага, але неклапатлівага занятку індывідуум ішоў па неназванай вуліцы ды меў выпадак без дай прычыны займець гэтакі меланхалічны настрой, за што дзякую Авалакітэшвары, Амітабху, Бадхідхарму ды Акудовічу Валянціну, — ён раптам зразумее, што ёсць тэмы цікавейшыя. Магчыма, нехта ўбачыць дэтэктыўную фабулу, узіраючыся ў пустыя цёмныя вокны недабудаванага катэджу, ці сюжэт фантастычнага раману ў прамовах апантанага славянафіла. Мала што можа здарыцца. Адно ведаю пэўна: калі нехта ўгледзіцца ў душы сучаснікаў, то, прасвяціўшы іх рэнтгенам з розных сацыяльных ракурсаў, не знойдзе там стымулаў для чарговага надрыўнага апавядання пра сумны лёс знаёмага бамжа з вышэйшай адукацыяй ці знаёмай жа прастытуткі з валасатымі нагамі. Надрыву хапае. Ён лёгка родзіцца ў розумах і душах, замглёных штодзённымі высілкамі і недахопам дакладнай, разумна, па-сяброўску арганізаванай (user-friendly, кажуць па-ангельску) інфармацыі. Яго сыцяць дэмагагічныя пасажы афіцыйных СМІ і безадказна-адстароненыя “аналітычныя матэрыялы” неафіцыйных.
|
5Не без віны тут, на мой погляд, літаратурная крытыка. Замала ўвагі надае яна менавіта асаблівасцям сацыяльнага самаўсведамлення і пазіцыянавання аўтара, засяроджваючыся на пытаннях тэхнікі і стылю, повязяў з мастацкімі плынямі і г.д. Між тым аналіз творчасці Івана Шамякіна, шамякінскай візіі савецкага жыцця быў бы больш цікавы і павучальны, чым самі тэксты пісьменніка. Узаеміны творцы і соцыюму прыдаліся б для вырашэння нават чыста літаратурных загадак. Найбольш перспектыўны кірунак — Адам Глобус, носьбіт нетыповага для беларускага пісьменства патрыцыянскага светапогляду. Ён паўстае са старонак сваіх тэкстаў арыстакратам, які з усіх сітуацый выходзіць з чыстым сумленнем (у сэнсе адсутнасці маральных пакутаў) і чыстымі рукамі (у сэнсе адсутнасці даведзеных злачынстваў). Бруд не ліпне да патрыцыя, пачуццё ўласнае лепшасці дапамагае ў перыпетыях жыцця. “Тэма прыгажосці, ці, дакладней, аўтарскага самалюбавання, — скразная тэма зборніка. Яна праяўляецца на самых розных узроўнях, — канстатуе Ганна Кісліцына ў рэцэнзіі на кнігу «Браслаўская стыгмата»9. — Удачлівы злодзей, добры плывец, які вынырне з любой сітуацыі, — адзін з некалькіх іміджаў апавядальніка...” Гэта не проста эгацэнтрызм, а ўсвядомленая прыналежнасць да касты, якая лічыць свае капрызы важнейшымі за жыццёвыя патрэбы іншых. Вымоўней нават за ўласную творчасць Глобуса сведчыць пра гэта публікацыя дзённікаў бацькі, Вячаслава Адамчыка, — учынак змушае згадаць біблейнае паданне пра сыноў Ноя10. Але пыхлівы нарцысізм і маральны рэлятывізм Глобусам не прапагандуюцца — гэта прыдатна для яго (з прычыны ягонае выключнасці), а не для “масаў”. Прызнанні кшталту “Па сваёй прыродзе я злодзей, самы натуральны, ад нараджэння” падкрэсліваюць непрызнанне аўтарам/апавядальнікам нашага права выносіць прысуд ягоным учынкам, у той час як сваё права судзіць іншых ён згадвае да абсурду часта і настойліва (у апавяданні «Аўтапартрэт з разбітым носам» Глобус выказвае спадзяванне, што, апынуўшыся на тым свеце, ён зможа працаваць у пекле, дапамагаючы чарцям караць грэшнікаў). Патрыцыянская пазіцыя не толькі стварыла аўтару паўскандальны імідж, пра які згадвае Г.Кісліцына. Вобраз арыстакрата, вымушанага “пакінуць родавы замак” дзеля будзённай (і паводле азначэння бруднай) справы зарабляння грошай, упалага анёла між грэшных людзей надае ягоным пісанням неабходную арыгінальнасць, без якое “показкі былых каханак”, гісторыі пра “дробныя падзеі свайго жыцця”, пра “жаданне вымкнуцца са свету матэрыяльных і сацыяльных “чарупінаў”, стаць у цэнтры рэчаў, дакрануцца да восі быцця” (усё пазначэнні Кісліцынай з артыкулу «Ловы ветру») наўрад ці выклікалі б тую непадробную цікавасць, якую няварта тлумачыць адно фінансавымі магчымасцямі Адамчыка-малодшага. Калі для Адама Глобуса адмысловая сацыяльная самаідэнтыфікацыя зрабілася падвалінай літаратурнага поспеху, самавызначэнне Марыі Вайцяшонак (зборнік «Сад нявіннасці»11), супярэчліва ўплывае на яе творчасць. Паходжанне з рэпрэсаваных польскіх каланістаў служыць крыніцай натхнення і маральнай моцы, але роля спадчынніцы светлых традыцый незваротна зніклага абшарніцтва жорстка канфліктуе з бачаннем жыцця, якое дыктуе пісьменніцы ейны характар, яе, выбачайце высокае слова, душа.
|
9 Ловы ветру // www.litara.net
10 “І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў...” Быццё 9:22. 11 Вайцяшонак Марыя. Сад нявіннасці. Мінск, 2002. |
У «Садзе нявіннасці» нельга абмінуць паэтычныя апісанні месца дзеяння. Яны гучаць як урыўкі з патаемнае навукі пра таямніцы сусвету, аскепкі веды, дадзенай вышнімі сіламі абдоранай аўтарцы. Навакольны свет паўстае поўным унутранага напружання, глыбокага таямнічага сэнсу. Але мора паэзіі, пасярод якога апынаецца чытач, “ступіўшы” ў гэты тэкст, нагадвае ваду ранняй паводкі — пад ёю, халоднаю, вірліва-каламутнаю, жывою, хаваецца некрануты цяплом слізкі і падступны лёд сумных жыццёвых гісторый. Карыстаючыся ўласным вобразам пісьменніцы, нібы сухая навальніца грыміць над прагнай да вады зямлёй, душыць набрынялым ад чакання залевы паветрам, але нават самаму цярпліваму не падорыць палёгкі — літаратурная чара Тантала. Аўтарка, або яе alter ego — галоўная гераіня, нават у самых кранальных сцэнах застаецца па-над натоўпам. Псіхалагічная шчыліна паміж імі шкодзіць глыбіні псіхалагічных партрэтаў вясковых жанчын, якім пісьменніца прысвяціла большасць апавяданняў зборніка, і зводзіць на нішто лірычны запал паэтычных апісанняў. Жыццё сялянак у навелах Вайцяшонак праходзіць пад дыктат двух словаў, якія аўтарка ўжывае ці не ў кожным апавяданні: “труднаваць” і “пільніца”, што, поруч з неўладкаванасцю асабістага жыцця, робіць іх хадзячымі ілюстрацыямі да Эклезіяста. “Якая карысць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?” Труднуюць і змагаюцца з пільніцай дзень пры дні й ноччу таксама, але навошта — няма адказу. Малюючы, як выціскаецца чалавечае з гэтых гаротніц, аўтарка адмовіла ім у здольнасці заўважаць нават жыццёвы поспех уласных дзяцей. Не дзіўна — бо сама яна параўноўвае гэтыя сялянскія хаты з поўнымі клецямі ды шалёна прыбытковыя фірмы-аднадзёнкі з тым, сапраўдным жыццём, калі абшарнік “аўтаматычна” меў і багацце, і высокі сацыяльны статус. Параўнанне патаемнае, і тым лягчэй яго рабіць, што ўсё страчана незваротна, упрыгожана светлым вэлюмам пакутніцтва і збавеннаю імглою часу. У выніку саступак асабістым сацыяльным ілюзіям губляецца дакладнасць бачання. У Вайцяшонак, як падаецца, не адна, а некалькі душаў. Eйная anima бачыць усё аскепкамі цэлага, часткамі сусветнай душы, імкнецца да паяднання раз’яднанага, а manes, што высочвае прывіды мінулага ў здзічэлым парку ды на руінах маёнтку, кажа, гледзячы на людзей навокал: “Гэта не мае, чужыя”. Старажытныя рымляне ўважалі, што па смерці чалавека anima ідзе на неба, а manes — у апраметную... У выпадку з Адамам Глобусам ягоная індывідуальнасць прыцьмявае рэаліі навакольнага жыцця, але не скажае іх — патрыцыянскі цынізм звычайна ідзе поруч з цвярозым бачаннем і разуменнем жыцця. Унутраны канфлікт падвоенае душы, саманятоеснасць мастацкай індывідуальнасці ў выпадку Вайцяшонак выліваюцца на паперу светабачаннем, дзе пакута выступае мераю працы, любові («Ханна-Мурза»), таленту мастака («Дом на пагорку»), гістарычнай памяці і маральнага абавязку («Трыпціх»). Калі б апантаны сваёй місіяй паслядоўнік Бадхідхармы скіраваўся на Беларусь, каб пасеяць на гэтай зямлі адзіна правільнае вучэнне Буды, для ілюстрацыі Першай Высокай Ісціны “жыццё ёсць пакута” яму хапіла б навелаў з «Саду нявіннасці». Часцей, аднак, беларускія пісьменнікі пакутуюць на нашмат трывіяльнейшы комплекс зацюканага жыццём шэрага інтэлігента (пераважна ў першым пакаленні і вясковага паходжання), для якога грэбаванне сацыяльным аналізам ёсць адно перайманнем пазіцыі інтэлігенцкае эліты, ангажаванай у палітычныя працэсы. Адметнай рысаю публічных выступаў гэтых дзеячоў ёсць паслядоўная адмова ад адказу на пытанне “Qui prodest?”.
|
6Нягледзячы на вонкавую маскіроўку, мы жывём у эпоху дэканструкцыі патэрналісцкае дзяржавы савецкага ўзору, і працэдура выконваецца кіроўнай элітай краіны мэтанакіравана, паслядоўна, планамерна. У “мяккай” беларускай мадэлі ліквідацыя савецкага патэрналізму, характэрнаю рысаю якога было імкненне да захавання адноснае роўнасці, распадаецца на тры прапановы для трох пакаленняў: старэйшаму — сацыяльныя гарантыі за палітычную лаяльнасць, сярэдняму, працаздольнаму й актыўнаму, — адносная свабода эканамічнае ініцыятывы за адмову ад утрыманскіх спадзяванняў і палітычных амбіцыяў, малодшаму, якое не мае выбару, — мінімізацыя сацыяльных перспектываў праз свядомае змяншэнне ўзроўню бясплатнае агульнадаступнае адукацыі. Эліта інтэлігенцыі (пра што можна меркаваць па публіцыстыцы, палітычных заявах і літаратуры) старанна адмаўляецца заўважаць, якое грамадства фармуецца на Беларусі, упарта абыходзіць маўчаннем характэрныя з’явы, што выдаюць намеры будаўнікоў (тое, што будаўніцтва ідзе не стыхійна, сумневу не выклікае). Самая відавочная прычына замоўчвання — шмат хто бярэ ў гэтай будоўлі ўдзел. І мае ад таго выгады, пра якія раней не мог нават марыць. Ці спадзяецца займець. Карацей кажучы, сацыяльны эгаізм. Гэтак можна растлумачыць, чаму газеты (і не толькі дзяржаўныя) маўчаць пра скарачэнне сацыяльных выдаткаў з дзяржбюджэту пры захаванні ўзроўню ападаткавання, пра ўмацаванне ўсёпранікальнае сістэмы карупцыі і кліенталізму, нават пра відавочную для кожнага, хаця б крышку знаёмага з настроямі ніжэйшага звяна дзяржаўнага апарату, альтэрнатыву для наменклатуры ў сумнеўнай дыхатаміі “незалежнасць—Расея” — ролю каланіяльнае адміністрацыі, якая цалкам задаволіць амбіцыі абсалютнай большасці насельнікаў выканкамаўскіх кабінетаў і ніяк не пагражае іхняму дабрабыту. Замест абмеркавання гэтых тэмаў лёгка адшукаць гэткія пасажы: Тым часам сістэма ўлады — ад міністра да мытніка ... сям-там пераймаецца сваёй прыроднай уласцівасцю — дзяржаўным, а то й нацыянальным інтарэсам12. |
12 Дубавец Сяргей. Расслоены «Напалеон» // Наша Ніва. 2002. 22 сакавіка. |
Справа зусім не ў тым, ці ёсць насамрэч прыклады гэткіх паводзінаў беларускага чынавенства, а ў абагульненні. Калі б тое была “прыродная ўласцівасць” дзяржаўнага апарату, слова “карупцыя” не існавала б, а Крымінальны кодэкс скараціўся б на некалькі артыкулаў. Чалавек з досведам выдавецкае працы, набытым за перабудовачных часоў, наўрад ці можа быць нагэтулькі наіўны. Палітычны публіцыст не можа не ўсведамляць, што гэтая “прыродная ўласцівасць” рэалізуецца з вялікімі цяжкасцямі толькі ў добра арганізаваным дэмакратычным грамадстве з моцнай грамадзянскай супольнасцю. Канчатковы дыягназ можна ставіць, прааналізаваўшы мастацкую літаратуру — форму грамадскага самаасэнсавання, яшчэ больш аддаленую ад “злобы дня”. Калі ў літаратуры навідавоку неахвота прыглядацца да відочных кожнаму наведвальніку міні-рынку працэсаў, затое буяюць хваласпевы духоўнасці і элітарызму, значыць, дзякуючы сваёй цынічнай мімікрыі і эгаізму яе стваральнікі ўжо не ў стане асэнсоўваць рэчаіснасць на ўзроўні, які апраўдваў бы іхняе існаванне. Інтэлігенцыя пазбаўляецца, па-польску кажучы, racji bytu. Карыстаючыся трапным выразам Ганны Кісліцынай, у герою-апавядальніку вельмі ўжо часта складана не пазнаць аўтара. Сёння ў акулярах на носе пісьменніка часцей за ўсё два тыпы шкельцаў: першы размывае рэчаіснасць, надаючы прыемную недакладнасць і святлістыя арэолы абрысам рэчаў, — у фатаграфіі гэта дасягаецца “мяккарысавальным аб’ектывам”; другі — люстраны, і мастак слова бачыць адно зрэнкі ўласных вачэй.
|
7Нашы пісьменнікі, а шырэй — значная група гуманітарнай інтэлігенцыі — культывуюць два заганныя тыпы паводзінаў, якія лагічна дапаўняюць адзін аднаго: нежаданне ўзняцца да культурнага ўзроўню патэнцыйнага чытача і нежаданне знізіцца з эмпірэяў чыстага мастацтва да балючых для чытача праблем. Адпаведна, чытач, а шырэй — грамадства — са сваімі густамі і клопатамі апынаюцца перад чорнай дзіркай творчага эгаізму, якая паглынае рэсурсы, але не дазваляе пабачыць інфармацыйны прадукт, не стварае адпаведнага аўдыторыі суразмоўніка з гледзішча агульных для абодвух бакоў культурных каштоўнасцяў. Беларускі пісьменнік не жадае лішні раз зірнуць грамадству ў твар, і ў чымсьці я з ім згодны. Твар не з прыемных. Але, у адрозненне ад чалавечага, ён мае здольнасць змяняцца да лепшага ў вельмі істотнай ступені. Даўно прыйшоў час дакладней вызначыць, што мы разумеем пад нацыянальнай свядомасцю. Мераю нацыянальнае свядомасці інтэлігента, ці, як хто хоча, інтэлектуала, можа быць тое, наколькі шчыра і старанна ён імкнецца вытлумачыць грамадству ягоныя, грамадства, праблемы. Калі напускае туману — блізка да нуля, нават калі за мову. Калі хаваецца за надрыўнымі апісаннямі прыватных выпадкаў, але пазбягае абагульненняў і не называе прычынаў, гэта толькі на градус болей, нават калі ў абарону помнікаў архітэктуры. Калі імкнецца гаварыць прыемнае аўдыторыі або выкладае адно са шматлікіх бачанняў праблемы, не згадваючы пра іншае, — ізноў нуль, нават калі пра экалогію і Чарнобыль. Вернемся да амерыканскай гульні ў віртуальнае фармаванне ўраду. Навуковая фантастыка ў ЗША выконвала й выконвае функцыі сацыяльнай футуралогіі, і гэтую яе функцыю амерыканскае грамадства сустракае з задавальненнем — дастаткова зірнуць у спіс твораў, прэміяваных найпрэстыжнейшымі галіновымі прэміямі «Hugo» і «Nebula»: адзначаюцца творы з выразным сацыяльным гучаннем. Паўтарыць амерыканскую гульню з беларускімі гульцамі цяжка. У нас не пра кожнага з палітыкаў скажаш, якая ў яго пазіцыя (паспрабуйце самі, узяўшы пенсійную рэформу, прыватызацыю, знешнюю палітыку і падатковую сістэму). Гэта вынік, з аднаго боку, адсутнасці традыцыі незалежнага ад улады сацыяльнага аналізу, а з другога — цягі да містыфікацыі грамадскіх адносінаў, уласцівай шырокім колам людзей.
|
А менавіта пісьменнікі маглі б паказаць прыклад у пераадоленні абедзвюх шкодных звычак, атрыманых у спадчыну ад эпохі навуковага камунізму й марксісцкай палітэканоміі, бо яны збольшага незаангажаваныя ў палітычныя гульні з аднаго боку і прафесійна ўважлівыя да праблемаў чалавечай асобы — з другога. Нават сёння ў літаратурных творах лягчэй знайсці прыклады цвярозага і адказнага падыходу да рэальнасці, да таго ж не абцяжараныя палітычнай кан’юнктурнасцю, якая гэтак замінае больш палітызаваным публіцыстычным тэкстам. Але мо я патрабую ад пісьменнікаў занадта шмат: хто яны такія, каб дамагацца ад іх амаль немагчымага? Адказ просты: задача сапраўды, кажучы па-ленінску, архіскладаная і архіцяжкая, але магчымага патрабуюць ад палітыкаў. Аднак палітыкі прэтэндуюць на ўдзел у сапраўдным урадзе, а не на месца ў спісе, складзеным фантастамі, на кіраванне грамадствам звонку, а не на ролю ягонае самасвядомасці. (Яны, дарэчы, адзіныя, хто ў нас дбае пра сацыяльнае пазіцыянаванне.) Мастацтва магчымага — іхні занятак. Наўрад ці такое абмежаванне тычыцца людзей творчых. Творы мастацтва ўплываюць на людзей не горш за палітычныя партыі, і для гэтага ім не трэба здабываць большасць галасоў на выбарах. Хочацца звярнуцца да мастакоў слова з лозунгам парыжскіх студэнтаў 1968 году: “Будзьма рэалістамі — патрабуйма немагчымага!” Студэнты-бунтаўшчыкі кідалі гэтыя словы палітыкам (яшчэ адзін прыклад містыфікацыі сацыяльных дачыненняў), і тую іхнюю памылку шматкроць паўтарылі выбаршчыкі па ўсім свеце. Час нарэшце звярнуцца да адрасата, які мае ад Бога здольнасці выканаць гэткае патрабаванне. Але ў нашай сітуацыі лепшай падаецца старажытнейшая фармулёўка. “Ідзі і глядзі!” — было загадана ап. Яну. Не беручы на сябе смеласць загадваць, нагадаю: пабачыў ён (у рэшце рэшт) Нябесны Ерусалім. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |