A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


палеміка

  СЯРГЕЙ БАЛАХОНАЎ

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Балахонаў
Entlarvung адзінокага ў пустэльні

          Я адчыніў акно, дзень асьвятліў мне шчокі.
          Я вызьверваўся, я сядзеў ды плакаў.

          «Гільгамэш»

          Якая ціша тут! Застыла ўсё нібыта.
          Ні мітусьні бязглуздай, ні фальшывых крыкаў.
          Але дзеля чаго ты, брат, мяне паклікаў?

          Францішка Ўршуля Радзівіл. «Гульня фартуны»

          Стралялі ў Маскве, як і зазвычай, з мосту.

          Віктар Пялевін. «Пакаленьне П»

У 2001 годзе гарадзенец Даніла Жукоўскі шэрагам сваіх артыкулаў1 вызначыў вузел, а лепей – цэлы комплекс вузлоў, у якія зьвязаліся размаітыя праблемы сучаснага беларускага літаратурнага жыцьця. Чынілася гэта з добрым спадзевам на тое, што шырокае кола пісьменьнікаў, крытыкаў і проста зацікаўленых асобаў далучацца да дыскусіі. Яна, на задуму шаноўнага спадара Данілы, мусіла ўтварыць на нашай культурнай прасторы своеасаблівы эфэкт рэха, які ўжо самсобку спрычыніўся б да таго, што пра беларускую літаратуру (кепская яна ці добрая) у Беларусі сталі б гаварыць ледзьве не на кожным кроку. А ад перагукваньня носьбітаў розных меркаваньняў чакалася здабыць больш яснае разуменьне далейшых магістральных шляхоў разьвіцьця беларускае літаратуры.

Як надзіва, амаль ніхто, акром вашага пакорлівага слугі, гэтага выкліку не прыняў. Перабягаючы з «Нашай Нівы» ў «ARCHE», наша з Данілам спрэчка пра родны постмадэрнізм (а гэтая праблема мяне закранула найбольш) зацягнулася на колькі год. I нават мой водгук на артыкул «Штурханьне ў бок» Аляксея Бацюкова, які паспрабаваў-такі падлучыцца да нашага двубою, быў больш скіраваны да ўсё таго ж пачэсьлівага крытыка з Горадні. Наколькі правакацыйнымі былі артыкулы маіх паважаных апанэнтаў, нагэтулькі правакацыйным даводзілася быць і мне асабіста. Мушу прызнацца, што ў пераліку дасягненьняў нашага постмадэрнізму сям-там даводзілася выпісваць некаторым літаратарам «аванс» у чаканьні ад іх больш якасных тэкстаў. Чаго, на жаль, практычна не адбылося. Пэўныя прозьвішчы былі ўлучаны ў сьпіс постмадэрністаў, як той казаў, ад балды. Проста вельмі карцела даведацца, як стануць яны рэагаваць на прыпісаную ім постмадэрнісцкасьць. Рэакцыя – нулявая, прынамсі, прылюдных голасных паясьненьняў сваіх пазыцыяў зарэгістраваць не ўдалося. Які тут эфэкт рэха? Крыкнеш – чутна глуха-глуха! Все странно молчат. I літаратары, і літаратуразнаўцы. Напэўна, кагосьці надта ж страшыць недзяржаўны статус і трывала незалежная пазыцыя часопісу «ARCHE» ўва многіх пытаньнях нашае сучаснасьці й мінуўшчыны. Нехта, мабыць, лічыць ніжэйшым за свой прафэсійны (ці які там яшчэ?) гонар зьнепадаць да спрэчкі на роўных зь нейкімі там інжынэрам гарадзенскай гуты ды гомельскім настаўнікам гісторыі. Але, відавочна, большая частка адпаведнай аўдыторыі, што калі-нікалі зазіраюць на старонкі названых выданьняў, кіруюцца застарэлым прынцыпам: «Не твая палоса – ня суй носа». Маўляў, калі палемізуюць аўтары «ARCHE», дык хай яны міжсобку й высьвятляюцца, хоць задушацца, а мы будзем (ці ня будзем) дыскутаваць толькі на сваіх дзялянках. Назвы дзялянак вядомыя – «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў»...

  сталы аўтар «ARCHE». Жыве ў Гомелі. Піша апавяданьні і вядзе палеміку з Д. Жукоўскім.




























1 Жукоўскі Д. Пасткі на хайвэі постмадэрнізму // ARCHE. 2001. № 4; Ён жа. Схаваныя скарбы // Наша Ніва. 2003. 22 сакавіка; Ён жа. Чырвоныя зь зялёным і чырвоныя зь белым // ARСHE. 2001. № 6.
   
«Ніхто нават не пакрыўдуе публічна», – наракае Даніла Жукоўскі2 і трошкі памыляецца. Крыўдуюць і публічна, але нейкай дзіўнаю крыўдай. Во, напрыклад, Зьміцер Вішнёў прагаласіў сваю бязьмежную крыўду на «разумнікаў» з «НН» і «ARСHE», а заразом і на «былых функцыянэраў СБП» за тое, што не заўважаюць яго ды іншых «непаслухмяных літаратараў»3. Прозьвішчы ўсіх гэных дзядзек і цётак не называюцца. Але ёсьць зусім новая трохпавярховая лаяначка: «шараговы беларускі псэўдадзяяч». Хто ня памятае, нагадаю – спадара Вішнёва з усёй экс-бумбамлітаўскай грамадою ў нас прынята аўтаматычна залічваць да постмадэрністаў. Паўтара году таму гэта было нават сьцьверджана на шматтысячную аўдыторыю беларускага друкаванага афіцыёзу – газэты «Советская Белоруссия»4, а ў далейшым неаднакроць паўтаралася. Адкуль жа такія няпостмадэрнісцкія выказваньні? Віка Трэнас у аглядзе маладой літаратуры Меншчыны ўжывае для азначэньня характару іхнай творчасьці іншае паймо – «постдэкаданс». Робіцца гэта, мабыць, не бяз згоды саміх аўтараў. Так і вынікае, што ўчорашнія грымоткія (грымелі ж тазікамі!) постмадэрністы ацэньваюць свой папярэдні этап творчасьці як пэрыяд дэкадансу (то бок заняпадніцтва), але ніяк ня постмадэрнізму! Гэта нагадвае прыкрую показку пра пацыента, які ў сваёй картцы да дыягназу «насмарк» сьціпленька дапісаў «францускі». Віка Трэнас ад спрэчкі пра існаваньне постмадэрнізму ў Беларусі пасьпешліва адхрышчваецца, заўважаючы толькі, што ў яго цяпер «Хадановіч гуляецца»5.

Увогуле ж адкат ад постмадэрнісцкіх пазыцыяў назіраецца і ў іншых аўтараў. Ігар Бабкоў кажа, што ПМ ня вырашыў тых праблем, якія стаялі перад культурай і грамадзтвам. Сам сябе бацька Адама Клакоцкага цяпер называе «постмадэрністам». Гучыць неяк какетліва і сьмешна, выклікаючы алюзіі на рэклямнае «яшчэ больш арэхаў, нугі і шакаладу» або армейскае «двойчы яфрэйтар унутраных войскаў». Між іншым, школьны падручнік па курсе «Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава» для 11 клясы проста з мосту абрынае на ПМ бязьлітасны танкавы агонь, нават не спрабуючы дазволіць вучням адчуць неадназначнасьць праблемы і шматлікасьць поглядаў на яе:

Постмодернизм считает любое самовыражение человека предметом, порождающим бесчисленное количество толкований. Отсюда утверждается, что чем непонятнее произведение, тем более продуктивно работает воображение зрителя. [...] Однако такое равнодушие к ценностной направленности своей деятельности рано или поздно, но приводит художника к эстетизации безобразного. Поскольку тот, кто творит по принципу «что получится», часто выплескивает далеко не лучшее содержание своего сознания. Это же происходит и в отражении искусством реалий жизни. Оно все чаще начинает выбирать не идеальные, а худшие ее стороны6.

  2 Жукоўскі Д. У лабірынце з постмадэрністам // ARCHE. 2004. № 1. С. 90.

3 Маладосць. 2003. № 6. С. 140.

4 Рублевская Л. Под серым солнцем тазика, или Постмодернизм по-белорусски // Советская Белоруссия. 2002. 4 кастрычніка. Між іншым, давялося там бачыць і свае словы з артыкулу «Ізноў пра кляты постмадэрнізм», адно што бяз прозьвішча. Два разы плакаў.

5 Маладосць. 2003. № 9. С. 147–148. Сам Андрэй Хадановіч публічна прызнаць сваю постмадэрнісцкасьць адмаўляецца.

   

Няўжо ж практычны інтарэс да постмадэрнізму зышоў упоглум? Як паглянеш на гэта, дык і марным здаецца апошні па часе высілак Данілы Жукоўскага справакаваць-такі вялікую палеміку празь цьверджаньне, што ў Беларусі толькі два постмадэрністы «ў поўным сэнсе гэтага слова» – апалягетык Валянцін Акудовіч і пісьменьнік Сяргей Балахонаў. «Два дык два», – прамармульчаць нашыя «постдэкадэнты» і «выключныя беларускія супэрдзеячы». Але ні я, ні Даніла, ні бальшыня з вас, шаноўныя чытачы, гэтага не пачуем. Не пачулі ж мы покуль хоць якога голасу пра сапраўды найлепшы беларускі ПМ-твор 2003 году – раман Людмілы Шчэрбы «Ўладар рыбаў» («Маладосць», 2003. № 11–12), які асабіста мяне прыемна ўразіў летась ня менш, чым беларускі пераклад «Выхаваньня дзяўчат у Чэхіі» Міхала Вівэга («ARCHE», 2003. № 4–5). Чаму пра яго не гавораць ані на кожным кроку, ані на бачынах паважных нашых выданьняў?

Украінская літаратура як літаратура посткаляніяльная ня мае пакуль ані паўнавартаснага мэханізму грамадзкага функцыянаваньня, ані, зрэшты, паўнавартаснага чытача, якім ёсьць (уласна, меў бы быць) перадусім чытач сталічны, зь вялікага гораду, асьвечаны, прыналежны да апініятворчых асяродзьдзяў інтэлігенцыі. «Дыяспарны» статус украінскай літаратуры ўва Ўкраіне ёсьць, з гэтага гледзішча, адно мэтафараю яе каляніяльнай маргіналізаванасьці, грамадзкай дысфункцыянальнасьці. У гэтых варунках нават найгеніяльнейшыя тэксты ня могуць мець вырашальнага ўплыву на выхад гэтай літаратуры за межы ўкраінскамоўнага гета,

– адзначыў добра знаны чытачам «АRCHE» ўкраінскі інтэлектуал Мікола Рабчук. З пэўнымі агаворкамі мы можам агледзець тутака і нашу беларускаую сытуацыю. Да той пары, покуль беларушчына існуе толькі ў гета, а ня ў масах, няма рацыі гаварыць пра масавага чытача беларускай літаратурнай прадукцыі. Дзеля таго даводзіцца ўнікаць пайма шараговы чытач беларускай літаратуры. За сёньняшняй русіфікацыйнай сытуацыяй шараговы чытач у пераважнай сваёй бальшыні ня будзе чытаць па-беларуску, бо ня ведае ні мовы, ні імёнаў. Куды прасьцей яму ўзяць «панятнаязычных» і раскручаных Пялевіна з Акуніным. Спарадычная цікавасьць дзяржаўных і прадзяржаўных мас-мэдыяў да літаратараў, што пішуць па-беларуску, праблемы не вырашае. Яны глядзяць на белмоўных нібыта на індзейцаў і гэткі погляд навязваюць сваім спажыўцам.

Менавіта таму ў артыкуле «Ізноў пра кляты постмадэрнізм» (2001) я падкрэсьліў пільную патрэбу «заваёвы» літаратарамі (а шырэй – нацыянальна арыентаванымі дзеячамі культуры) тэлебачаньня. Кагосьці сапраўды даводзілася бачыць на экране. I што ж? Нямала зьдзівіўся, як паэтка Джэці (Вера Бурлак), якая абсалютна разьняволена пачуваецца на публіцы, перад камэрай не магла два словы зьвязаць. Гэта не папіканьне з майго боку, а канстатацыя факту: ёсьць жаданьне быць на TV, але няма досьведу таго, што там рабіць, а галоўнае – што сказаць шараговаму тэлегледачу. А сказаць жа трэба, каб сапраўды вылучацца на агульным шэрым тле разумнасьцю і таленавітасьцю, каб той самы глядач чакаў пачуць ад «арыстакратаў духу» штосьці важнае для яго, а ня проста «Хай, бледналіцыя!». I калі нашыя музыкі, у тым ліку беларускамоўныя, да тэлекамэр прызвычаіліся і нават у караценькіх інтэрвію могуць сфармуляваць патрэбны messagе, то літаратары, па вялікім рахунку, застаюцца па-за ўвагай тэлебачаньня.

  6 Человек. Общество. Государство. Минск, 2002. С. 89–90.
   
Зь іншага боку, параўнаньне з музыкамі дае магчымасьць зразумець дзяржаўную палітыку і ў галіне літаратуры. Усе мы ведаем, што нашы т. зв. нацыянальныя гіт-парады складаюцца пераважна з расейскамоўных песень. У этэр радыёстанцыяў стаўляюць таксама айчынных выканаўцаў на неайчыннай мове, і дзяржава ніяк сытуацыю выпраўляць не зьбіраецца, дарма што сама заварыла ўсю гэтую кашу ды ў прынцыпе мусіла б абараняць беларушчыну. Не абараняе. I пісьменьнікі, што пішуць па-беларуску, – гэта толькі лішняе раздражненьне для дзяржавы, якая загрузла ў папушчэнстве стыхійнай саўковай дэбіларусізацыі. Шукаецца расейскамоўная літаратура сучаснае Беларусі. А як толькі нейкі літаратар знаходзіцца, то адразу ж абвяшчаецца народналюбімым і модным. Адзін з аўтараў рубрыкі «Культура» ў «Советской Белоруссии» Валянцін Пепяляеў рассыпаецца ў падобных камплімэнтах да Натальлі Батраковай, аўтаркі раману «Территория души». Мілая жанчына не прэтэндуе называцца пісьменьніцай. Але Пепяляеў ператварыў інтэрвію зь ёю практычна ў маналёг прарока-ўнівэрсала ад літаратуры. Закранутыя тэмы: цэнтар і пэрыфэрыя, сяброўства і зайздрасьць, комплексы і любоў да іх, новая беларуская літаратура. «Белорусскую литературу надо развивать и защищать», – цьвердзіць Батракова, не тлумачачы сэнсу першых двух словаў і не даючы рэцэптаў разьвіцьця ды абароны7. Пра беларускую мову – nihil. Толькі ўскосна праблема мовы закраналася ў дыскусіі рэдактараў голдынгавых выданьняў «Без літаратуры няма народу, няма дзяржавы»8.

Во які лябірынт з найноўшым лёдавым пакрыцьцём.

  7 Пепеляев В. Деловые женщины плачут на больших кроватях // Советская Белоруссия. 2004. 23 сакавіка.

8 Звязда. 2004. 22, 25–27 траўня.

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) – 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/17