A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АЛЕНА ГАПАВА | ||||
Міфы пра міфы беларускай сацыялогіі
Гэты тэкст ёсць вельмі кароткім аналізам надрукаванага ў «ARCHE» артыкула М. Кацука «Міфы беларускай сацыялогіі» («МБС»), дакладней, толькі той яго часткі, што тычыцца гендэрных даследаванняў. Артыкул бачыцца «культурным пасведчаннем» некаторых працэсаў, што адбываюцца ў беларускай інтэлектуальнай прасторы. Яго агульны пафас скіраваны на тое, каб давесці ангажаванасць беларускай сацыялогіі, якой аўтар процістаўляе ідэю «чэснай» навукі, свабоднай ад якой заўгодна апантанасці акрамя пошуку аб’ектыўнай ісціны. Між тым з самога тэксту відаць рожкі інтарэсу: як прыватнага інтарэсу аўтара, так і той групы, да якой ён сябе далучае. Іншымі словамі, тэкст ідэалагічна нагружаны, а ідэалогія выпрацоўвае тое, чаму дазволена лічыцца рэальнасцю. Я мушу растлумачыць, у чым палягае гэты інтарэс альбо дзеля чаго аўтару патрэбна менавіта такая інтэрпрэтацыя рэальнасці. Цікава, што зрабіць гэта дазваляе апошняя, самая маленькая і нязначная частка – незразумела, дзеля чаго яна аўтару ўвогуле спатрэбілася, – дзе размова ідзе пра «міфалогію полу». Таму welcome, як пісаў Славой Жыжак, у пустыню рэальнага.
Калі коратка, змест «гендэрнай крытыкі» «МБС» у наступным: сярод міфаў беларускай сацыялогіі ёсць і той, што за А. Л. «галасуюць жанчыны»; гэты міф стварылі гендэрныя даследчыкі. У доказ прыводзіцца адна цытата з газетнага інтэрв’ю Альміры Усманавай, вырваная з кантэксту (А. У. увогуле займаецца іншымі праблемамі і ў гэтым выпадку адказвала на канкрэтнае пытанне), і адна – наступная – мая: «Паводле статыстыкі, жанчыны ставяцца да А. Лукашэнкі лепш за мужчынаў і складаюць большасць яго выбарцаў. Паводле апытанняў НІСЭПД канца 1990-х, сярод прыхільнікаў прэзідэнта жанчыны складалі 58,3 %, а мужчыны – 41,7 %, паводле звестак агенцыі БелаПАН, падчас выбарчай кампаніі 2001 г. 63 % жанчын былі гатовыя прагаласаваць за А. Лукашэнку. Некалькі адсоткаў агульнай тэндэнцыі не мяняюць: яна відавочная і ў шырокіх публічных колах прынятая за адзін з фактаў беларускага жыцця»1. Гэтая цытата з надрукаванага летам 2004 г. у «ARCHE» тэксту «Як галасуюць жанчыны, альбо пра мужчынскае палітычнае неўсвядомленае», які нечакана для мяне выйшаў пад назвай «Што такое «бацька» і яго бацькоўскі клопат». Напэўна, рэдактар лічыў, што так будзе больш сексуальна, і я хачу скарыстаць гэтую магчымасць, каб сказаць, што пасля смерці яго чакае пекла (як і кожнага прадстаўніка яго прафесіі). Але калі гаварыць «па справе», тэкст «пра бацьку», на які спасылаецца аўтар «МБС», ёсць аналізам таго, чаму патрэбны МІФ (які пачаў стварацца прэсай з дня яго абрання), што менавіта жанчыны галасуюць за Л. Я лічу, што ў існаванні гэтага міфа зацікаўлены як улады, так і апазіцыя. Улада – таму што «жанчыны, згодна з іх рэпрэзентацыяй у савецкім дыскурсе, ёсць спажыўцамі ільгот, якія «радзіма» можа ім «даць»; і практыкі, праз якія дабрадзействы ўлады ў адносінах да жанчын як мацярок робяцца відавочнымі, ёсць часткай уладнай тэхналогіі... Жаночая масоўка абрана на ролю «ўдзячнага народу» і выкарыстоўваецца для дэманстрацыі палітыкі «ўсё на карысць чалавека», паколькі кожны рэжым мае патрэбу ў сімвалічным апраўданні. А. Л. успадкаваў і ўжывае дзеля гэтага дыскурсіўныя механізмы, распрацаваныя яшчэ савецкай ідэалагічнай сістэмай»2.
|
дацэнт, дырэктарка Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў выгнаньні (Вільня). Апошняя публікацыя – нарыс «О политической экономии «национального языка» в Беларуси» (Ab imperio, 3/2005). Гэты тэкст часам перагукаецца з ужо надрукаванымі ў мінулым «ARCHE» фрагмэнтамі абмеркаваньня артыкулу М. Кацука, але каб даць аўтарцы выказацца паўней, рэдакцыя пастанавіла апублікаваць яго без купюраў. |
Што тычыцца «другога боку», гаворыцца далей у артыкуле, дык у недзяржаўных СМІ можна сустрэць дзве фантазіі адносна «жаночай прыхільнасці» да прэзідэнта. Першая выкарыстоўваецца, каб замест аналізу сацыяльнай з’явы – чаму сапраўды значная частка жанчын галасуе за А. Л. – зрабіць выгляд, што жанчыны зачараваны міфам аб «(сексуальнай) моцы» пераможцы (не хачу паўтарацца – кожны можа звярнуцца да артыкула). Другая фантазія ўжываецца для выпрацоўкі пэўных жаночых вобразаў, якія патрэбныя (контр)эліце пры канструяванні сябе праз канструяванне «іншага». Жанчына робіцца сімвалам нацыі, і тут пачынае працаваць фантазія авалодання жанчынай як краінай альбо нацыяй: «Александр Лукашенко – сторонник силовых методов управления страной. Александр Ярошук считает, что страной нужно овладевать нежно и ласково. Но твердо и настойчиво»3. Такім чынам, праз сексуалізацыю жаночага вырашаецца праблема ўласнага мужчынскага самаўяўлення і робіцца магчымай рэпрэзентацыя палітычнай пазіцыі часткі мужчынаў як агульнай «мужчынскай пазіцыі», г. зн. прынцыповай, бо жанчыны – гэта тыя, каго «маюць» (у тым ліку «пераможца»), а мужчыны – тыя, хто «мае».
|
1 Гапава А. Што такое «бацька» і яго бацькоўскі клопат // ARCHE. 2004. № 4. 2 Тамсама.
|
Такім чынам, гендэрныя даследаванні, на якія спасылаецца аўтар, не ствараюць міфу, што жанчыны галасуюць за Л., а дэканструююць яго, але мая мэта зараз не ў тым, каб паказаць, што аўтар чамусьці не кажа праўды. Таму вернемся да тэксту, які я мушу аналізаваць. Вядома, піша аўтар, за А. Л. галасуюць не толькі жанчыны, і існуе статыстычна значэнная сувязь паміж галасаваннем і полам. Але згодна з даследаваннем Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, дзе ў якасці залежнай пераменнай выступаў «давер прэзідэнту» («давяраю», «не вызначыўся», «не давяраю»), а незалежных – пол, узрост, рэгіён (абласныя цэнтры, іншыя гарады, сельская мясцовасць) і асноўная крыніца інфармацыі пра жыццё ў нашай краіне (тэлебачанне, радыё, газеты і часопісы, Інтэрнет, сябры і сваякі, афіцыйнае інфармаванне на працы), пол тут увогуле ні пры чым:
Пераменная «пол» аказваецца незначэннай, паколькі дзеля натуральных дэмаграфічных працэсаў працягласць жыцця сярод жанчын большая, чым у мужчынаў; і сярод людзей сталага веку жанчыны пераважаюць.
Рэч у іншым:
Найбольш важным фактарам з’яўляецца наяўнасць адукацыйнага капіталу, які дазваляе, па-першае, крытычна інтэрпрэтаваць інфармацыю, і па-другое, адкрывае доступ да іншых крыніцаў. У сацыяльнай прасторы Беларусі гэтыя крыніцы размеркаваныя нераўнамерна, і чым большы населены пункт, тым болей гэтых крыніцаў. У сельскай мясцовасці дамінуе тэлебачанне з абмежаванай колькасцю праўрадавых каналаў. Адсутнасць у мадэлі пераменнай «месца жыхарства» можна лёгка вытлумачыць, бо пераменная «рэгіён» улучае яе ў сябе і мае болей градацыяў, а значыць і большую адрознівальную здольнасць. З іншага боку, адукацыя звязаная з узростам, паколькі людзі старэйшага пакалення мелі меней магчымасцяў для яе атрымання4.
|
3 Народная воля. 2001. 19 ліпеня.
|
Інакш кажучы, узровень адукацыі не дазваляе жанчынам зразумець сапраўдных каштоўнасцяў: гэта з нагоды цемры і непісьменнасці галасуюць яны за таго, за каго галасуюць. І, калі працягнуць гэтыя разважанні да іх лагічнага заканчэння, апазіцыі застаецца толькі чакаць. Пакуль у грамадстве застануцца адно спажыўцы Інтэрнету... Я пастаралася выкласці сутнасць аргументацыі коратка (і сапраўды не хацела нічога сказіць, хаця б таму, што аўтар «МБС» будзе чытаць мяне ўважліва). Але што пра такі аналіз сказала б сацыяльная тэорыя, калі б магла размаўляць? Яна, як Каштанка (калі б, як піша Чэхаў, Каштанка была чалавекам), сказала б: «Далей так жыць нельга. Трэба ўдавіцца». І вось чаму. Стратыфікацыйная катэгорыя, якую канструюе аўтар у «гендэрнай» частцы артыкула, не завецца «пол». Яна завецца «ўзрост» (age). Вядома, узрост не бывае без полу (як і пол без узросту), бо кожная стратыфікацыйная катэгорыя існуе ў перасячэнні з іншымі, але за аснову бярэцца нейкая адна лінія. Пол як сацыяльная катэгорыя вызначаецца роляй мужчынаў і жанчын у рэпрадукцыі: ад гэтага залежаць тыя жыццёвыя магчымасці альбо іх адсутнасць («структура рэсурсаў»), якія з гэтага вынікаюць для кожнага полу. Ніжэй я растлумачу падрабязней, чаму гэта важна, але кароткі прыклад: ніхто не будзе адмаўляць бабулі ў працы на той падставе, што яна возьме дэкрэтны адпачынак – як тое адбываецца з жанчынамі, і ў гэтым сэнсе бабуля не вельмі адрозніваецца ад дзядулі, але абое знаходзяцца ў тым узросце, калі большасць ужо не працуе ўвогуле. Таму для выяўлення электаральных паводзін мужчынаў і жанчын трэба браць групу, што знаходзіцца ў рэпрадукцыйным узросце (звычайна гэта ад 18 да 55 гадоў). А ў гэтай катэгорыі адукаванасць жанчын вышэйшая, а не ніжэйшая, чым у мужчынаў. Згодна з дадзенымі Міністэрства статыстыкі Беларусі, жанчыны складаюць 58,4 % сярод людзей з вышэйшай адукацыяй і 65,8 % – з сярэдняй спецыяльнай. З чаго вынікае, што не з нагоды адсутнасці «адукацыйнага капіталу, які дазваляе, па-першае, крытычна інтэрпрэтаваць інфармацыю», больш жанчын, чым мужчынаў, галасуе за А. Л. Такім чынам, дадзенае ў «МБС» тлумачэнне папросту не працуе; але яно не працавала б, нават калі б лічбы адукаванасці былі іншыя, таму што аўтар шукае тлумачэнне сацыяльных паводзін па-за сацыяльнай сітуацыяй: не ў рэчаіснасці, а ў «галаве» сацыяльных агентаў, у іх «свядомасці». Калі ж паглядзець на факты, бачым наступнае:
Незалежны інстытут сацыяльна-палітычных і эканамічных даследаванняў рэгулярна ладзіць апытанне, каб даведацца пра матэрыяльнае становішча, эканамічныя, палітычныя і грамадзянскія погляды тых, хто галасуе за і супраць прэзідэнта. Удзельнікаў спачатку пытаюць: ці галасавалі б вы за Лукашэнку заўтра? Потым дзве групы (тыя, хто адказалі «так» ці «не») адказваюць на больш канкрэтныя пытанні (Ці хапае ім грошай на ежу? На адежу і абутак? Працуюць яны ў прыватным сектары ці дзяржаўным? і г. д.). Такім чынам атрымліваецца партрэт апанентаў і прыхільнікаў прэзідэнта. Даследаванне выявіла, што пенсіянеры падтрымліваюць А. Л. больш, чым моладзь, жыхары вёскі больш, чым гараджане, жанчыны больш, чым мужчыны, тыя, хто пражывае на ўсходзе краіны, больш, чым заходнікі. Працаўнікі дзяржпрадпрыемстваў больш, чым удзельнікі рынку. Бедныя больш, чым заможныя (і розніца складае не два ці тры, а 30, а мо і 40 адсоткаў)5.
|
4 Кацук М. Міты беларускай сацыялёгіі // ARCHE. 2005. № 5.
|
Ідэя, якая вынікае з гэтых лічбаў, палягае ў тым, што за А. Л. галасуе не пол, не ўзрост, не месца жыхарства: за яго галасуе КЛАС, г. зн. усе тыя, каму «не выгадны» рынак (між тым як А. Л. абяцае захаваць сацыялістычную сістэму размеркавання рэсурсаў), таму што іх «структура рэсурсаў» (узрост, навыкі, сувязі, наяўнасць стартавага капіталу альбо магчымасць «прыўлашчвання» праз прыватызацыю дзяржмаёмасці, наяўнасць маленькіх дзетак альбо хворых бацькоў, пражыванне ў сельскай мясцовасці – дзе аб’ектыўна менш магчымасцяў ствараць бізнес і г. д.) дае ім мала шанцаў на поспех ва ўмовах рынку. Рынкавая канкурэнцыя (і ліберальная дэмакратыя) пабудаваны на ўяўленні пра свабодных, незалежных, аўтаномных агентаў, і лібералізм доўга лічыў такія якасці «універсальнымі». Але яны паўстаюць з пэўнага досведу і магчымасцяў, і, калі гаварыць пра пол, у жыцці жанчыны амаль ніколі не з’яўляюцца такімі ж аўтаномнымі, як у жыцці мужчыны; яны не свабодныя для канкурэнцыі і рызыкі ў такой жа ступені. Грамадства патрабуе рэпрадукцыі – яно не можа існаваць без фізічнага і культурнага ўзнаўлення, а каб забяспечыць яго, павінна выпрацаваць такую структуру (сканструяваць такім чынам свае інстытуты), каб пэўныя сацыяльныя групы не маглі адмовіцца ад рэпрадукцыйнай працы: яны «засунуты» ў яе структурнай арганізацыяй штодзённасці, да якой далучаецца і ідэалагічная сістэма. Яе функцыя палягае ва ўслаўленні гэтай працы, каб прыкрыць такім чынам сапраўдную сутнасць таго, што адбываецца, бо праца гэтая не аплачваецца (не хачу цяпер разглядаць усяго комплексу праблем, якія паўсталі б з ідэі аплаты рэпрадукцыйнай працы – гэта складана і тут не да месца), і, такім чынам, суб’ект, што заняты ёю, заўсёды ад некага залежыць. Ад мужчыны, ад пашыранай сям’і, часам ад дзяржавы (праз сістэму сацыяльнага забеспячэння), але ў любым разе такі актар не ёсць такім жа аўтаномным і незалежным пры ўдзеле ў рынку як спаборніцкай сістэме, як той, ад каго ён залежыць. Таму ён (ці, у дадзеным разе, яна) не будзе зацікаўлены ў сістэме (ліберальным рынкавым спаборніцтве), якая робіць яго маргінальным і непаспяховым. І таму будзе меней за яе галасаваць – згодна са сваімі інтарэсамі, якія ёсць ва ўсіх нас. Прыведзенае тлумачэнне жаночых электаральных паводзін знаходзіцца ў адносінах «антаганістычнай супярэчнасці» з тым, што ўжывае аўтар «МБС». Яны не могуць існаваць адначасова: можа быць альбо адно, альбо другое. Першае зыходзіць з таго, што людзі – мужчыны і жанчыны, старыя і маладыя, бізнесоўцы і настаўніцы – маюць інтарэсы, згодна з якімі сябе паводзяць. Іх паводзіны рацыянальныя: у тым сэнсе, што яны прадыктаваны інтарэсам, а не ў тым, што яны сядзяць і думаюць над кожным крокам. Мы рэдка думаем пра свае інтарэсы спецыяльна: мы ведаем іх нейкім «іншым чынам». Альбо лічым, што ведаем. Ва ўсялякім разе, электаральныя паводзіны ў значнай ступені з’яўляюцца адлюстраваннем нашых інтарэсаў, што паўстаюць з сацыяльных абставін нашага жыцця. З гэтага зыходзіць існаванне палітычных партый, а сэнс палітычнай барацьбы ўвогуле палягае ў тым, каб прадстаўляць інтарэсы розных групаў. Тлумачэнне жаночых электаральных паводзін у «МБС» зыходзіць з іншых меркаванняў: адно з «інтэлектуальнага багажу» выбарцаў («Найбольш важным фактарам з’яўляецца наяўнасць адукацыйнага капіталу, які дазваляе, па-першае, крытычна інтэрпрэтаваць інфармацыю, і па-другое, адкрывае доступ да іншых крыніцаў. У сацыяльнай прасторы Беларусі гэтыя крыніцы размеркаваныя нераўнамерна, і чым большы населены пункт, тым болей гэтых крыніцаў. У сельскай мясцовасці дамінуе тэлебачанне з абмежаванай колькасцю праўрадавых каналаў...»). Мне хочацца спадзявацца, што там, дзе цяпер знаходзіцца французскі сацыёлаг П’ер Бурд’ё, які распрацаваў канцэпцыю сацыяльнага капіталу, гэты тэкст не прачытаюць, бо ён ёсць здзекам з памяці нябожчыка. Капіталам у сацыяльнай тэорыі лічыцца тое, што можна абмяняць (на статус альбо ўладу) альбо прадаць, бо яно мае кошт. Адукацыя з’яўляецца капіталам тады, калі за яе працоўны можа атрымаць большы заробак, г. зн. «прадаць» сваю адукацыю. Лічыцца, што больш адукаваны чалавек мае пэўныя веды ці навыкі, якіх няма ў неадукаванага і якія маюць пэўную каштоўнасць; такім чынам, ён каштуе больш на працоўным рынку (у гэтым сутнасць тэорыі чалавечага капіталу), але каб там апынуцца, трэба выйсці за межы сям’і (бо ў яе межах нічога не прадаецца ўвогуле: там няма рынку). Тая ж (пачатковая) адукацыя, якую маюць бабулі, капіталам не можа лічыцца ў прынцыпе: па-першае, на яе аснове нельга стварыць нейкіх каштоўных у сучасным свеце навыкаў. Але больш важна нават не гэта: старыя людзі ўжо нічога не прадаюць на працоўным рынку, бо з прычыны сталага веку яны там проста не прысутнічаюць. Іх адукацыя не з’яўляецца капіталам, і аўтар «МБС», гаворачы пра капітал, не згадвае ніякага абмену: яго ідэя палягае ў тым, што тыя, хто не мае дастатковай (вышэйшай? сярэдняй спецыяльнай?) адукацыі, не могуць адрозніць «кепскага ад добрага» ці крытычна інтэрпрэтаваць інфармацыю. З гэтым тлумачэннем ёсць (як мінімум) дзве праблемы. Праблема першая: тыя, хто маюць доступ да Інтэрнета, валодаюць не толькі лепшымі крыніцамі інфармацыі. Яны валодаюць гэтымі крыніцамі інфармацыі, таму што маюць іншую структуру рэсурсаў (у іх іншыя даходы, прафесія, узрост, навыкі ў сферы новых тэхналогій, яны жывуць там, дзе значна вышэйшая магчымасць зарабіць грошы і г. д.). Яны знаходзяцца ў іншай сацыяльнай сітуацыі яшчэ да таго, як пачынаюць атрымліваць інфармацыю. А гэта ўжо зусім іншая рэч (тут былі б да месца пытанні, якія параметры трэба ўключаць у статыстычнае даследаванне і як адбылося, што ўсё гэта засталося па-за рамкамі даследавання Інстытута сацыялогіі). Гэтыя сацыяльныя актары галасуюць за рынак не таму (ці не толькі таму), што больш ведаюць, але таму, што лепей жывуць і маюць на рынку лепшыя шанцы. Ёсць прычына – па-за рамкамі свядомасці, – чаму яны больш зацікаўлены ў рынку. Праблема другая, самая галоўная праблема тэксту, дзеля якой адной варта было рабіць увесь гэты аналіз. Выходзіць, што ёсць нейкія «вышэйшыя веды», веды пра нешта беспамылковае і аб’ектыўна лепшае (бо ў іншым разе няўменне іх распазнаць не было б заганай), якія даступныя толькі «асвечаным». Рэч не толькі ў тым, што такой бясспрэчнай і беспамылковай ісціны не бывае ўвогуле, але і ў тым, што ўяўленне пра яе існаванне выгадна інтэлектуалам, бо такім чынам самымі разумнымі, добрымі і каштоўнымі членамі супольнасці ёсць менавіта яны. Па сутнасці, аўтар хоча даказаць, што ведаюць ТОЛЬКІ ЯНЫ і што толькі яны ВЕДАЮЦЬ. Ведаюць, як жыць, якім чынам арганізаваць жыццё, ведаюць, што для каго лепей – нават калі тыя, пра каго ідзе гаворка, чамусьці лічаць інакш і зусім не хочуць, каб іх вялі «жалезнай рукой» да кімсьці ўяўленага шчасця.
|
5 Гапава А. Што такое «бацька»…
|
Але – лагічна – тых, хто «не ведае» альбо «няправільна ведае», не трэба браць у разлік. Паноўнае сярод часткі інтэлектуальнай эліты ўяўленне, што паводзіны замбаванага электарату6 альбо «сацыяльнай правінцыі»7 нерацыянальныя, што ён («электарат») ёсць люмпенам8, плебсам і прымітывам9, «крэйзанутымі бабулькамі»10, што ён увогуле пасіўны і не здольны да актыўных дзеянняў11, звязаны з легітымацыяй права інтэлектуалаў на валоданне універсальнымі ведамі, а значыць на іх асаблівую ролю, г. зн. на непасрэдную канвертацыю культурнага капіталу ва ўладу: «Мы ўпэўнены, што апазыцыя павінна ісці ў народ, мяняючы сваю палітычную платформу, робячы яе больш зразумелай… Нельга таксама забываць, што палітык павінен казаць тое, што хочуць пачуць ад яго выбаршчыкі, а рабіць тое, што патрабуюць ад яго нацыянальныя інтарэсы»12. А ў чым палягаюць гэтыя інтарэсы – «палітык» ведае і без выбаршчыкаў: яны – толькі дэмакратычная шырма ў гэтай гульні на карысць свайго інтарэсу. Ведае – а таму мае права. Як казаў герой Дастаеўскага, «не тварь дрожащая, а право имею». Незразумела толькі, чаму эліта, якая мае такое меркаванне аб народзе і сваёй пагарды да яго нават не хавае, чакала, што ён будзе за яе галасаваць; шчыра здзіўлялася, калі ён гэтага не рабіў і вельмі хацела ведаць, чаму. Нават апытанні праводзіла...
Невыпадкова, што ўсё гэта адбываецца ў рамках кардынальнай змены ідэі аб сацыяльнай справядлівасці: раней справядлівым лічылася становішча раўнапраўнага размеркавання (хай патрошкі, але ўсім). Цяпер – наадварот: справядліва, калі нераўнапраўна (адным больш, а іншым амаль нічога), бо гэта бачыцца пажаданым вынікам свабоднай канкурэнцыі (а тады адказнасці ніхто не нясе і не трэба нічога рабіць). Такім чынам будуецца тая «інтымная сувязь» паміж ведамі і ўладай, пра якую пісаў Мішэль Фуко. Веды – адзінае, што можа быць капіталам інтэлектуалаў ва ўмовах рынку (бо не яны робяцца ўладальнікамі эканамічнага капіталу пры перадзеле маёмасці; у адрозненне ад партнаменклатуры ці сілавых структур, яны не могуць канвертаваць свой сацыяльны капітал у эканамічны13), але каб абмяняць веды на рэсурсы, яны павінны пераканаць усіх, што толькі яны ведаюць. Іншымі словамі, пабудаваць «манаполію на веды» (пры сацыялізме яе быць не магло, таму што тады «ведала» партыя). У гэтым і палягае інтарэс інтэлектуалаў як сацыяльных актараў. Пра інтарэсы, што стаяць за вытворчасцю ведаў, і «прагаварыўся» «чэсны» сацыёлаг, калі мусіў стварыць аб’ектыўны і неангажаваны сацыялагічны прадукт.
|
6 Лойка А. Гэта міф, што наша апазіцыя слабая. 22 лiпеня 2002 г. 7 Тэрмін «сацыяльная правінцыя» належыць В. Акудовічу; я буду разглядаць яго агульную пазіцыю адносна «сацыяльнай правінцыі» далей у гэтым тэксце, а тут толькі яе нагадваю. 8 Федута А. Лукашенко: Политическая биография. Москва: Референдум, 2005. с. 124, 311. 9 Два сьвяты, два сьветы // Наша Ніва. 2005. 8 ліпеня. 10 «Тэрмін» належыць Лёліку Ушкіну і з’явіўся ў «Нашай Ніве». 11 Вадзiм Казначэеў. Апазiцыя абмяркоўвае план дзеянняў. 22 снежня 1997. 12 Хадыка Ю.: У партыях сядзяць не лапухі // Наша Ніва. 2000. 26 чэрвеня.
|
Дэкларуючы «свабоду ад ангажаванасці», тэкст «МБС» сам ёсць абгрунтаваннем «інтэлектуальнай прывілеі». У гэтым сэнсе гэта ўзорны тэкст, створаны ў сітуацыі, калі (у значнай ступені не ўключаныя ў дзяржаўную акадэмію) інтэлектуалы як група пачынаюць турбавацца адносна свайго статусу14, бо ўсведамляюць свой агульны (групавы альбо карпаратыўны) інтарэс. Тэкст таксама адлюстроўвае той факт, што розныя групы (беларускіх) сацыёлагаў уступаюць у перамовы (альбо барацьбу) адносна таго, хто будзе прызнаны «сапраўдным» сацыёлагам, г. зн. чые веды будуць лічыцца легітымнымі. А легітымнасць гэтая ўзнікае, як гэта ні прыкра, праз апеляцыю да нейкай вонкавай сілы: альбо да беларускага ВАКу (які «дае» навуковыя ступені) і акадэміі (г. зн. да легітымацыі тваіх ведаў калегамі), альбо да замежнага (заходняга) грантадаўца, замоўцы сацыялагічнай прадукцыі альбо выдаўца. Бо вытворчасць ведаў увогуле звязана з рэсурсамі (гэтая сувязь складаная і вельмі не хацелася б, каб гэта было зразумета прымітыўна15) і ўключана ў сацыяльныя зносіны, часткай якіх з’яўляецца акадэмія як інстытут вытворчасці і легітымацыі ведаў. Дарэчы, сама сацыялогія як навуковая галіна ўзнікла з пэўнага інтарэсу, менавіта з мадэрнізацыйнай патрэбы ў эфектыўным кіраванні: ведаць, каб кіраваць.
|
13 King L., Szelenyi I. Theories of the New Class. Intellectuals and Power. Chapter 5: The Fall of the Class Project of the Socialist Reform Intelligentsia. University of Minnesota Press, 2004. P. 99–123.
|
А што тычыцца гендэру – гэта не міф беларускай сацыялогіі. Гэта рэальная катэгорыя сацыяльнага аналізу сацыялогіі сусветнай. Праз якую шмат што можна ўбачыць.
P. S.: Гэтыя разважанні для мяне ўскосна звязаны з вельмі практычнымі рэчамі: ці мае апазіцыя шанец на выбарах 2006 г., бо сутнасць беларускага (інтэлектуальнага) процістаяння тычыцца палітычнай улады. Хоць наш знакаміты інтэлектуал мне сказаў: «Я паэт і філосаф. Мяне не цікавіць, якая будзе ўлада», – я яму не паверыла (дарэчы, у яго не было мэты мяне падманваць: ён ілжэ сам сабе). Гуляць ва «ўсё роўна» можна толькі да таго моманту, пакуль цябе не зачапіла, і твая праца нейкім чынам магчымая. А як зачынілі ЕГУ, большасць з тых маіх калегаў, якія на нашым другім паверсе на Броўкі, 3 займаліся рэчамі вельмі ад беларускай рэчаіснасці далёкімі (і да мовы з культурай «не ставіліся» ўвогуле), увадначас змянілі арыентацыю і цяпер пішуць пра сучасную беларускую сітуацыю, аналізуюць і асэнсоўваюць яе і лічаць гэтую тэматыку самай «постмадэрнісцкай». Тэма выбараў-2006 вялікая, але паспрабую коратка. Той «месідж», што апазіцыя мусіла данесці раней – што рэжым амаральны, што душыцца свабода слова, прэсы, прадпрымальніцтва і г. д. – адлюстроўваў яе «прыватны інтарэс»: гэта было праўдай, але для большасці «не пра тое». Як пісаў Валянцін Акудовіч, «не бачна з тых свабод ніякай карысці чалавеку, які жыве з мазаля»16, бо «сацыяльная правінцыя» мае іншы лад жыцця і іншыя каштоўнасці. І прыводзіў прыклад сваіх вясковых бацькоў, якія за ўсё дарослае жыццё ўзялі ў рукі кніжку, толькі калі гэта была кніжка іх сына, і таму свабода слова іх не цікавіць; але калі б у іх адабраць магчымасць саджаць бульбу і біць на каляды парсюка – вось гэта было б абмежаваннем свабоды. Ну і – чакала я далей, чытаючы (эсэ бліскучае, у ім апісана, хоць і не такімі словамі, паўстанне інтэлектуалаў як групы са сваім асобным інтарэсам) – вось цяпер ён напіша, што пакуль «мы» не зробім нешта такое, каб ад нашых «каштоўнасцяў» была карысць не толькі нам, каб гэта мела нейкі сэнс для тых, хто жыве з мазаля – не будзе мець наш «праект» ані маральнага права, ані рэальнай перспектывы... Не напісаў. Скончыў тым, што шкада, што «мала нас», каб адсунуць «правінцыю» на «належнае ёй месца»17 (!), што «ў нас» з ёй розныя меры адказнасці, і што няхай бы мы займаліся сваім, а яна сваім...
|
14 Цікавыя і паказальныя дыскусіі адносна таго, хто можа лічыцца інтэлектуалам, а хто не, каго дапусціць у супольнасць, а каго аб’явіць «некампетэнтным», можна бачыць на «Сайте интеллектуального сообщества Беларуси». 15 Што тычыцца рэсурсаў: афіцыйная беларуская акадэмія, напрыклад, фармуе пакаленні даследчыкаў, якія – калі ім не ўдаецца вырвацца за яе краты – не маюць доступу да сусветных інтэлектуальных рэсурсаў, да тэкстаў, бібліятэк, навуковых дыскусій і г. д. і якія канкурэнтаздольныя толькі ў рамках той акадэміі, якая іх стварыла (чаму акадэмія і бароніць сябе што ёсць моцы ад «іншых ведаў»). Глядзі пра гэта: Усманова А. Философия и позиция критического интеллектуала сегодня // Топос. 2005. № 10. с. 40–62.
|
Але гэта магчыма толькі тады, калі тыя, што корпаюцца з бульбай, падтрымаюць нашыя намаганні і далей балбатаць пра нацыяльнальную свядомасць, чаму «ў народа» яе няма. Яны ж, як ужо было сказана, чамусьці гэтага рабіць не хочуць.
І вось нядаўна Аляксандр Мілінкевіч сказаў, між іншым (гэта было, здаецца, у «Народнай волі»), што «тое добрае, што было пры Лукашэнку, мы захаваем, напрыклад, выплату пенсій і г. д.». Хутчэй за ўсё, улада не дазволіць, каб яго пачулі. Але нарэшце з’явілася маленькая надзея: ёсць палітык, які мусіць выйсці за рамкі «прыватнага інтарэсу». Няўжо сапраўды пачне гаварыць пра тое, што абмяркоўваюць палітыкі ва ўсім свеце? Пра тое, як суадносяцца праца і капітал, як канкрэтна захаваць сістэму сацыяльных гарантый пры рынку, калі бізнесоўцы супраць павелічэння падаткаў, ці сапраўды малыя падаткі стымулююць вытворчасць і такім чынам павялічваюць колькасць працоўных месцаў, як забяспечыць рэальныя правы на вышэйшую адукацыю вясковай моладзі, якая аб’ектыўна не можа канкураваць з дзеткамі гарадской інтэлігенцыі на ўступных іспытах. Пра ўсё тое, што завецца сацыяльнай справядлівасцю і што адзінае маральна апраўдвае валоданне ўладай. Апошнім часам, здаецца, з’явіўся яшчэ адзін палітык, да якога пачала даходзіць тая простая рэч, што людзі галасуюць, зыходзячы з інтарэсаў. Гэты палітык – кіраўнік «Маладога фронту» Павел Севярынец. Як вядома, ён быў асуджаны за... вось за што – мне зразумець так і не ўдалося... і прысуджаны да двухгадовага абмежавання волі ў вёсцы Малое Сітна, што на Віцебшчыне. Прымушаны займацца там фізічнай працай, ён кожны дзень размаўляе з вяскоўцамі. Пра розныя рэчы, у тым ліку і пра палітыку, а сайт «Маладога фронту» амаль штодзённа друкуе яго «справаздачы» з тых гаворак. І высветлілася, што народ не вельмі цікавіцца сцягам і гербам, а хоча ведаць адказы на наступныя пытанні, напрыклад: «...3. У нас жа няма рэсурсаў, мы нішчыя: адкуль што возьмеце? Нафту, газ, метал?.. 4. Гэта што, зноў БНФ? Ды калі вы ўжо супакоіцеся? Дзе ваш Пазняк? І Шушкевіч таксама ж ваш… Не, за бээнэфаўцаў мы не пойдзем. 5. Ну чаго, чаго вы бунтуеце народ? Заводы працуюць, пенсіі плацяць, жывём сабе, хай і небагата, але ціха. Нашто падбухторваеце? Уся кроў, уся вайна праз гэта!.. 6. А што вы нам дасцё? Ну, дапусцім, мы за вас прагаласуем – дык што нам будзе? Грошай заплаціце або цыстэрну спірту прывезяце?.. 7. Пра вас нідзе ж не прачытаеш, не пачуеш, вы ўвогуле нічога не можаце – як жа вы пераможаце?.. 8. Канкрэтна, якая ў вас праграма? Вось па пунктах: што прапануеце? Пра сцяг і мову ведаем. Добра, што далей? 9. Што, хочаце як ва Украіне? Аранжавая рэвалюцыя, натоўп на плошчы, а потым развал? Перасварыцеся, глоткі адзін аднаму рваць будзеце, эканоміку ўгробіце. І зноў крызіс? 10. Што, хочаце як у Польшчы? Каб беспрацоўе было, як там… Ці як у Прыбалтыцы, што пенсіянеры жабруюць? Ці як у Расіі, што мафія, алігархі і простаму чалавеку жыцця няма?.. Калі адкажам на ўсе вясковыя пытаньні так, каб і глыбінка пачула, – у 2006-м абавязкова пераможам»18, – піша Севярынец.
|
16 Акудовіч В. Вандэя, альбо Свабода як форма выяўлення волі да ўлады // Акудовіч В. Разбурыць Парыж. Менск: Логвінаў, 2004. с. 108. 17 Акудовіч В. Вандэя… с.110.
|
Добра, што нарэшце дайшло. Прыкра, што такім непамерным коштам (зняволеннем невінаватага чалавека). І дзіўна, як можна было не бачыць: усе апошнія дзесяць з лішкам гадоў Аляксандр Рыгоравіч менавіта на гэтыя пытанні і адказвае.
|
18 Севярынец П. Малое Сітна. 9 снежня 2005. |
|