A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (47-48) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


7-8-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ЗМІЦЕР СМАЛЯКОЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Бржазоўскага «Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі на кватэры сястры. У арыштанцкім адзеньні пасьля выхаду з Бутырскай турмы. Сакавік 1917 г.». Дызайн Ягора Шумскага.
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Зміцер Смалякоў
Мысленне інтэлектуальных пенсіянераў


Акудовіч, Валянцін. Дыялогі з Богам:
суплёт інтэлігібельных рэфлексій.
– Мінск: Логвінаў, 2006.

У новай кнізе Валянціна Акудовіча «Дыялогі з Богам» сабраныя творы, пэўная частка якіх друкавалася раней. Але яна радыкальна розніцца ад дзвюх сваіх папярэдніц. Мы даўно прызвычаіліся, што эсэістычнасць зрабілася «фірмовым знакам», своеасаблівым таўром ягонага пісьма. Аднак у «Дыялогах з Богам» Акудовіч відавочна здрадзіў мысленню дзеля прыгожага пісьменства. Падобнага ад «апошняга мысляра краіны» мала хто чакаў.

Кожнае эсэ прасякнутае не столькі мысленнем, колькі літаратурай. Мова кнігі, бадай, нагадвае чароўны сінтэз местачковай гаворкі і філасофскіх тэрмінаў. «Дыялогі з Богам» – гэта хутчэй меркаванні местачковага інтэлектуала па «набалелых пытаннях», чым эманацыя метафізічнага розуму.

Што ж змусіла аўтара гэтак «знізіць планку»? Калі ў сваіх ранейшых кнігах Акудовіч відавочна арыентаваўся на інтэлектуальны дыскурс, здумляючыся над метафізікай быцця, то «Дыялогі з Богам» – хутчэй даніна беларускамоўнаму асяродку з яго досыць невысокімі інтэлектуальнымі патрабаваннямі. Чытанне «Дыялогаў з Богам» абуджае настальгію па савецкай мінуўшчыне ці часах адраджэння. Спалучэнне местачковай гаворкі з філасофскай тэрміналогіяй дапаўняецца жанравай эклектычнасцю (тут і показкі, і эсэ, і лірыка). Гэта нешта новае для В. Акудовіча, але ў той жа час надзвычай яму блізкае. Гэта дыскурс, у якім існуе беларуская культура. Дыскурс, змешчаны на старонкі кнігі, адбітак нашай культурнай сітуацыі.

«Дыялогі з Богам» – падборка мастацкіх тэкстаў, гэткіх звыклых для беларускамоўнага асяродку. Асяродку літаратурацэнтрычнага. Асяродку, звабленага прыгожым пісьменствам. Асяродку, які прагне сумнеўнага мастацтва – нечага сярэдняга паміж Васілём Быкавым і Янкам Купалам.

У «Дыялогах з Богам» мысленне прысутнічае адно як фон, на якім В. Акудовіч стварае сваю рэчаіснасць. Для прыхільнікаў ягонай ранейшай творчасці гэткі ход выглядае як здрада – здрада мысленню. Але разам з тым, у кнізе ёсць і пэўная праўда, сапраўднасць быцця, не асвечанага мысленнем. Тут добра і ўтульна. Прастора мыслення – бясконцая, адкрытая усім «скразнякам часу». І Акудовіч вырашае адгарадзіць, абмежаваць свой «лапік быцця» сценамі роднай гаворкі, а каб хоць нечым яго запоўніць, ён прыносіць «простыя словы, простыя рэчы», родныя сімвалы і асацыяцыі, стэрэатыпы і хімеры.

Звяртае на сябе ўвагу падкрэслены фалацэнтрызм, асабліва калі гаворка ідзе пра Бацькаўшчыну, Беларусь, Краіну і меліярацыю. Рафінаваныя літаратурныя метафары («край здзічэлых эйдасаў», да прыкладу) ужываюцца хутчэй дзеля красамоўства, чым выяўляюць сутнасць. Па прачытанні застаецца толькі настальгічны настрой, сугучны агульнаму тону сучаснай беларускай літаратуры. «Дыялогі з Богам» не ўздымаюць сутнасных пытанняў, не прапануюць новых канцэптуальных метафар – гэта чыста мастацкі тэкст, створаны для спажыўцоў літаратуры.

  вывучае філязофію ў БДУ.
   
Тэкст дзеля самога тэксту, твор дзеля самога твору – вось асноўны прынцып сучаснай беларускай культуры. Стварэнне новага тэксту ператвараецца ў бясконцую гульню, дзе пераплятаюцца Караткевіч з Гары Потэрам1, пісьмо ператвараецца ў забаўку, аўтар – у скрыптара, а чытач застаецца сам-насам. Дзіўна, але ўсіх: і Акудовіча (у літаратурным варыянце), і Хадановіча (у любым варыянце), і Югасю Каляду, і нават Данілу Жукоўскага – злучае адзіная скразная логіка. Пляцецца няспынная гульня ў словы, у сэнсы, у настроі. Пануе максіма, якую агучыў Пятро Васючэнка: «Літаратар павінен слугаваць літаратуры», то бок абстракцыяніст павінен слугаваць абстракцыі. Вядома, цытата вырвана з кантэксту, дзе яна з’яўлялася апазіцыяй да «прыдворнай, альбо сервільнай літаратуры», але ў гэтым кантэксце сутнасць не змяняецца. Аднак літаратура – гэта не гульня, а забойства. Пісьменнік у творы забівае частку сябе – ператварае ў тканку тэксту ўласную экзістэнцыю. Нельга слугаваць літаратуры – ёй можна толькі падносіць ахвяры. Яна прагне крыві аўтара.

«Дыялогі з Богам» – чарговае таму пацвярджэнне. Мабыць, сам В. Акудовіч не разлічваў, што ягоная кніга станецца помнікам сучаснаму мастацтву, уцелясненнем (і муміфікацыяй!) дыскурсу сучаснай беларускай культуры. Гэта дух і подых эпохі. Гэта даніна пэўнаму дыскурсу, па-за якім – пустэльня. Дыскурс існуе незалежна ад імкненняў чалавека, і кожны, хто хоча нешта заявіць, апынаецца ў гэтым дыскурсе, вялічыць яго, трамбуючы сябе ў ягоную дыскурсіўную роўнядзь. Літаратурны дыскурс зацыклены на сабе самім. Ён абмежаваў прастору мыслення – ператварыў яе ў дом, дзе цёпла і ўтульна, дзе можна гуляцца з аднымі і тымі ж цацкамі, пакуль вецер таўталагізацыі не знясе дах. Літаратурны дыскурс, навязаны ўладай. Тут варацца ўсе.

 

1 Гл.:
Хадановіч, Андрэй.
Уладзімер Караткевіч і філязофскі камень //
ARCHE. 2006. № 1–2.

   
Тое ж самае – і ў публіцыстыцы. Вось Пётра Рудкоўскі, які мае што сказаць на якую заўгодна тэму – ад Дэна Браўна2 да беларускай ідэнтычнасці3. Яго публіцыстыка – тая ж гульня, у якую гуляюць практычна ўсе. Па сутнасці ён нічым не адрозніваецца ад пазітыўнага навуковага пралетара Зелянкова ці спадара Міхайлава. Гэта адно цэлае. Тут няма невінаватых. Усе згадкі рэдактара «ARCHE» пра «набалелыя пытанні»4 выглядаюць у гэтым рэчышчы таксама гульнёй. Папросту «набалелых пытанняў» няма – ёсць толькі дыскурс, які спараджае ўлада. Дыскурс падначальвае сабе ўсё. Ён падпарадкаваў «ARCHE» ня ў меншай ступені, чым «Советскую Белоруссию». Ён нараджаецца ўладай, а потым рэпрадукуецца ў розных галінах культуры. На кані і пад музыку ўлятае ў праграму тэлевізійных навінаў альбо крадком, праз чорны ход запаўзае ў свядомасць беларускіх інтэлектуалаў5.

Напрыканцы «Дыялогаў з Богам» В. Акудовіч нібы апраўдваецца:

...я пакрысе пачаў збіраць да купы ўсё (часам ужо і друкаванае ў папярэдніх кнігах), што нагадвала мне пра тую бурапенную пару (беларускае адраджэнне канца ХХ ст. – З. С.)...6

Гэта значыць, тое, што прамінула, адышло ў нябыт, яшчэ сядзіць у культурнай прасторы і цвеліць душу сваёй інертнасцю. Мысленне спадара Акудовіча даўно пайшло наперад, недзе далёка пакінуўшы сучасную беларускую літаратуру, бо яна – нашае ўчора.

Аднак ад паноўнага дыскурсу немагчыма збегчы – хіба толькі што перачытаць старыя кнігі Валянціна Акудовіча. І хоць бы для сябе перамяніць парадыгму актуалій. А сучасны культурны дыскурс апанавалі пенсіянеры – не ўзроставыя, а інтэлектуальныя. Менавіта таму сучасную культурную сітуацыю можна назваць хіба што «паміж нябытам і нішто».

«Дыялогі з Богам» значна прайграюць папярэднім кнігам В. Акудовіча ў шчырасці. Тое, што здавалася шчырым гадоў дзесяць таму, цяпер выглядае хутчэй гульнёй. Мысленне як працэс знікла са старонак гэтай кнігі. Мысленне як фон засталося, і гэта лепшае, што тут ёсць.

  2 Гл.:
Рудкоўскі, Пётра , ОП.
Хрыстос і Марыя Магдаліна //
Наша Ніва. 2006. № 19.

3 Гл.: Рудкоўскі, Пётра. Ад ідэнтычнасьці да саборнасьці
// ARCHE. 2006. № 1–2.

4 Інтэрвію Валера Булгакава радыё «Свабода».

5 Маецца на ўвазе Макс Жбанкоў, які апошнім часам займаецца аналізам «рэвалюцыйнай сітуацыі» (круглы стол «Ідэалёгія спажывецтва і палітычнага бандытызму»
// ARCHE. 2006. № 5). Між тым паказы кінаклубу ладзяцца ўсё радзей.

6 Акудовіч В.
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій. Мінск: Логвінаў,
2006. С. 191.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 7-8 (47-48) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/11/26