A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • палеміка • літаратура • мова •

 


палеміка

  Грыгоры Ёфэ

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Грыгоры Ёфэ
Беларусь: дзяржава,
але яшчэ ня нацыя¹

Чалавек, які не разумее, хто ён такі, акурат і ёсьць беларусам. Тое зусім не азначае, што іншыя ў ім нешта разумеюць… Зь беларусаў, як з капшука, часам выходзяць «рускія». Гэта мясцовыя шаўкапрады.

Алесь Анціпенка. Зацемкі на палях беларускай мэнтальнасьці.

Назвы дзьвюх сэкцыяў гэтай канфэрэнцыі цешаць мяне да глыбіні душы: «Беларусь як геапалітычны ізгой» і «Ці ёсьць у Беларусі беларусы?». Да другой я яшчэ зьвярнуся. А што да першай, дык лепш сказаць я, бадай, ня змог бы. Беларусь ня проста ізгой — яна геапалітычны ізгой. Як на маё разуменьне, гэтае цьверджаньне азначае, што Беларусь ня мае нафты і знаходзіцца занадта блізка да Расеі. Другая акалічнасьць — геапалітычная паводле вызначэньня, першая — ускосна. Каб унікнуць закідаў, што, маўляў, для мяне нічога ня значаць парушэньні правоў чалавека і фальсыфікацыя вынікаў выбараў як дастатковая падстава залічыць Беларусь да ізгояў, мушу сказаць, што гэта ня так. Але ў гэтай сфэры ўсё залежыць ад таго, з чым параўноўваць. У параўнаньні са Швайцарыяй ці Даніяй становішча з правамі чалавека ў Беларусі проста жудаснае, але ў параўнаньні з Азэрбайджанам і Казахстанам усё зусім ня так кепска. Аднак прэзыдэнт Азэрбайджану спадобіўся нядаўна афіцыйнага прыёму ў Белым Доме. А ў 2006 г. казаскі лідэр сустракаўся і зь віцэ‑прэзыдэнтам Чэйні, і з прэзыдэнтам Бушам.

Калі гіганцкага нафтавага радовішча ў Беларусі бліжэйшым часам, хутчэй за ўсё, не адкрыюць, застаецца толькі адзін спосаб ачысьціць яе рэпутацыю ад плямаў «геапалітычнага ізгоя» — адчапіць Беларусь ад Расеі. Як гэта найлепш зрабіць? Адкрытым прасоўваньнем дэмакратыі? Астракізмам у дачыненьні да яе палітычнага кіраўніцтва? Арыштам няісных рахункаў у Амэрыцы? Прэзыдэнцкімі пасланьнямі Кангрэсу, у якіх датычна Лукашэнкі цытуюцца такія паважныя крыніцы, як маскоўскі таблёід з назвай «Московский комсомолец»? Або, як сказала Алена Карасьцялёва, «утрыманьнем асобных апазыцыянэраў»2 і/ці групаў зь безнадзейна малой колькасьцю прыхільнікаў? Ці, нарэшце, усімі гэтымі сродкамі разам? Бяда ў тым, што падобная стратэгія ажыцьцяўляецца ўжо дзесяць гадоў — безь якіх‑кольвек значных вынікаў. Наадварот, з 1996 г., калі Захад узяў яе на ўзбраеньне, рэжым Лукашэнкі яшчэ глыбей укараніўся і пашырыў сваю сацыяльную базу.

Здаровы сэнс падказвае, што калі мэтады, якімі бесьперапынна карысталіся цэлых дзесяць гадоў, відавочна ня дзейнічаюць, мабыць, варта пашукаць іншы шлях. Каб наблізіцца да яго, трэба ўздымаць правакацыйныя, часам непрыемныя пытаньні. У адказах на іх (часам ня менш непрыемных) мы мусім зьвяртацца да таго, што вядома пра Беларусь, плюс здаровы сэнс, мінус рытарычныя фігуры кшталту «Беларусь — апошняя дыктатура ў Эўропе» і г. д.

Чаму, сапраўды, Беларусь гэтак трымаецца за Расею, што 37,5 % беларусаў цягам агульнанацыянальнага апытаньня заяўляюць: паміж імі і расейцамі няма ніякай розьніцы3? Зь якой прычыны, калі ў іх пытаюцца, чаму яны аддалі б перавагу: уваходжаньню ў Эўразьвяз ці Расею, калі б абавязкова трэба было выбіраць паміж імі, — 24,8 % называюць Эўразьвяз, а 51,6 % — Расею4? Я ведаю, што некаторыя аналітыкі схільныя не прызнаваць вынікаў праведзеных у Беларусі сацыялягічных досьледаў, калі яны ім не даспадобы. Таму абяцаю збольшага да іх не зьвяртацца. Але перш як я пачну выконваць сваё абяцаньне, кінем вокам на дадзеныя яшчэ аднаго апытаньня. Як сьведчыць агенцыя Eurasian Monitoring, амаль палову апытаных у 2006 г. у Беларусі зусім не турбуе магчымая страта нацыянальнай адметнасьці і традыцыяў. Дзеля параўнаньня: у Расеі такіх рэспандэнтаў усяго 28 %, ва Ўкраіне — 33 %5. Здаровы сэнс падказвае: той, хто дакладна не ўяўляе, шту ён мае ці можа мець, не баіцца гэтага страціць. І тут мы падыходзім да ключавое праблемы: шмат хто зь беларусаў дакладна ня ведае, што азначае быць беларусам. Прынамсі, іхныя думкі на гэты конт розьняцца. Яны ня маюць пэўна акрэсьленай нацыянальнай сьвядомасьці. Як рэзка заявіў Валер Булгакаў, у беларусаў ёсьць дзяржава, але няма нацыі6. Падобную думку выказваў і Захар Шыбека7.

ПАМІЖ ПОЛЬШЧАЙ І РАСЕЯЙ

Беларускую нацыянальную ідэю ўпершыню прапанавалі для шырокага спажываньня на пачатку ХХ ст. Да таго і яшчэ колькі часу пасьля таго большасьць беларусаў называла сябе «тутэйшымі». Ніна Мячкоўская піша пра іх «працяглае існаваньне ў цені расейскай і польскай культураў»8. А Юры Дракахруст кажа, што беларусы жылі «паміж двума вялікімі… культурнымі і мэнтальнымі магнітамі — Расеяй і Польшчай»9. Але варта памятаць, што стасункі паміж «тутэйшымі» і кожным з гэтых «магнітаў» былі далёка не сымэтрычныя. Калі тыя, хто ўсьведамляў сябе палякамі, імкнуліся «цывілізаваць» насельніцтва «польскіх крэсаў усходніх»10, дык расейцы даводзілі «тутэйшым» en masse: вы — гэта мы11. Аднак расейцы і палякі знаходзіліся і, мабыць, дасюль знаходзяцца па розныя бакі г. зв. «цывілізацыйнага разлому», таго культурнага падзелу, што праходзіць празь Беларусь. Працягнуць руку цераз гэты разлом заўсёды было няпроста, і таму шмат хто з «тутэйшых» вырашаў далучыцца да аднаго ці другога боку. На падставе архіўных досьледаў Тэадор Ўікс выразна паказаў, як мучыліся некаторыя тутэйшыя інтэлектуалы (напр., Фэрдынанд Сенчыкоўскі) на пачатку 60‑х гг. ХІХ ст., калі перад імі паўстала пытаньне: да каго далучыцца — да палякаў ці да расейцаў, — і як, зрабіўшы выбар, яны часам вымушаныя былі мяняць сваю сьвядомасьць12. Але гэта было даўно. Цяпер, як сьцьвярджае Ігар Бабкоў, выбіраць няма сэнсу, бо любая вэрсія беларускага самавызначэньня, якая абдымала б усіх беларусаў, ня можа ня быць транскультурнай13. Варта пра гэта памятаць, бо тут крыецца найвялікшая праблема, што стаіць перад Беларусьсю, — праблема зьяднаньня нацыі па‑над культурным падзелам. На жаль, мала хто з уплывовых беларускіх лідэраў грамадзкае думкі дае рады гэтай праблеме.

Ледзь пасьпеўшы нарадзіцца, беларуская ідэя разгалінавалася, натыкнуўшыся на старую лінію падзелу. З аднаго боку, паўстала гістарычная традыцыя, якая называла беларусаў у сутнасьці сваёй заходняй супольнасьцю, спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага [напр., Ластоўскі (1910), Доўнар‑Запольскі (1919)]. Другой традыцыяй, старэйшай за самую беларускую ідэю, быў заходнерусізм — тэорыя, якая падкрэсьлівала адметнасьць беларусаў, але выключна ў межах расейскай культуры. Сярод прыхільнікаў другой традыцыі быў Яўхім Карскі, самы слынны беларускі мовазнаўца ўсіх часоў. Так склалася, што Карскі, чысты этнаграфічны беларус, як ён сам сябе называў, у 1905—1915 гг. быў рэктарам Варшаўскага ўнівэрсытэту і, як сьцьвярджаюць, адным з самых зацятых русіфікатараў ня толькі Беларусі, але і Польшчы. Само сабою зразумела, у большасьці кніг з гісторыі Беларусі, выдадзеных за савецкім часам, даводзілася, што беларусы складаюць адну з трох галінаў рускага этнасу, зь якога ўзьніклі тры ўсходнеславянскія народнасьці. Яны настолькі шчыльна між сабою зьвязаныя, што, бадай, сур’ёзна дасьледаваць адрозьненьні між імі няма сэнсу. І вядома, найвялікшай падзеяй іх агульнай гісторыі, што яшчэ больш умацавала іх повязь, была Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гг.

ТРЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРАЕКТЫ?

Да нядаўняга часу ў Беларусі існавалі «ўсяго» два нацыянальныя праекты — корпусы нарматыўных уяўленьняў пра мінулае, сучаснасьць і будучыню Беларусі. Райнэр Лінднэр трапна іх назваў «культамі памяці»14. Некаторыя аўтары «ARCHE» і «Нашай Нівы» называюць гэтыя праекты «адраджэнскім»/«праэўрапейскім» і «маскоўска‑лібэральным», ці папросту русафільскім.

  прафэсар геаграфіі ва ўнівэрсытэце Рэдфарду (Radford University). У ягоныя навуковыя інтарэсы таксама ўваходзяць працэсы, зьвязаныя з узьнікненьнем мадэрнай беларускай нацыі. Суаўтар манаграфіяў «The End of Peasantry? The Disintegration of Rural Russia» (Pittsburgh: University of Pittsburgh Press, 2006), «The Environs of Russian Cities» (Lewiston: Edwin Mellen Press, 1999), «Population under Duress: The Geodemography of Post?Soviet Russia» (Boulder: Westview Press, 1999) і інш.

1 Складаю падзяку Ўладзімеру Абушэнку, Алесю Анціпенку, Валянціну Акудовічу, Ігару Бабкову, Валеру Булгакаву, Юр’ю Дракахрусту, Андрэю Дыньку, Алене Гапавай, Алене Карасьцялёвай, Райнэру Лінднэру, Дэйвіду Марплзу, Захару Шыбеку, Віталю Сіліцкаму і Тэадору Ўіксу — іхныя публікацыі далі мне неацэнную інфармацыю да роздуму.

2 Korosteleva, Elena. Political leadership and public support in Belarus // The EU & Belarus / Edited by Ann Lewis. London: The Federal Trust for education and Research, 2002. P. 61.

3 Агульна­нацыянальнае апытаньне НІСЭПД. Сакавік 2003 г.

4 Агульна­нацыянальнае апытаньне НІСЭПД. Сьнежань 2005 г.

5 Кириллов, Павел. 23% белорусов боятся диктатуры и репрессий // Белорусские новости. 2005. 31 траўня.

6 Булгакаў, Валер. On‑line канфэрэнцыя Беларускай службы радыё «Свабода». 2006. 31 траўня. www.svaboda.org.

7 Шыбека, Захар. On‑line канфэрэнцыя Беларускай службы радыё «Свабода». 2006. 5 ліпеня. www.svaboda.org.

8 Мечковская, Нина Б. Белорусский язык: социологические очерки. München: Verlag Otto Sagner, 2003. C. 61.

9 Ці зьявілася ў Беларусі альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку? //
Праскі акцэнт, праграма Беларускай службы радыё «Свабода». 2006. 29 студзеня.

10 Гэтую праблему выдатна асьвятляе Зьбігнеў, Рыкель. Гл.: Rykiel Zbigniew. Podstawy Geografii Politycznej. Warszawa: Polskie Wydawnictwo Economiczne, 2006. S 135—142.

11 Можна з пэўнасьцю сказаць, што гэтае адрозьненьне дасюль адгукаецца ў гістарычнай памяці шмат каго зь беларусаў. Калі не прымаць гэтага пад увагу, цяжка зразумець, чаму афіцыйная прапаганда ў Беларусі запусьціла плётку, што Аляксандар Мілінкевіч — паляк і каталік, хоць ён сам сьцьвярджаў адваротнае, і што ягоная жонка Іна Кулей, магчыма, сваячка вялікага польскага баксэра Ежага Кулея.

12 Weeks, Theodore. ’Us’ or ’Them’? Belarusians and Official Russia, 1863—1914 // Nationalities Papers. Vol. 31. № 2. June 2003.

13 Бабкоў, Ігар. Генэалёгія беларускай ідэі // ARCHE. 2005. № 3. C. 136—165.

   
Нібыта гэтага было мала, сёньня, здаецца, можна казаць пра тры нацыянальныя праекты. Некаторыя беларускія аналітыкі (напр., Абушэнка, Булгакаў, Бабкоў) з разуменьнем справы дадалі сюды яшчэ г. зв. «крэольскі нацыяналізм». Відавочна, яны б гэтага не зрабілі, калі б не Мікола Рабчук. Вывучаючы становішча ў суседняй Украіне, ён неаднаразова зьвяртаўся да праблемы падзелу, напрыклад, на расейцаў і ўкраінцаў, на ўкраінскамоўных і расейскамоўных, нацыянальна сьвядомых і манкуртаў (людзей бяз памяці). Рабчук прапанаваў адну з найбольш канцэптуальна плённых ідэяў у галіне нацыятварэньня — ідэю крэольскага нацыяналізму. Выявілася, што многія беларусы, якія гавораць на трасянцы, досыць патрыятычна і нацыяналістычна настроеныя. Як піша Ўладзімер Абушэнка, гэтыя людзі — на паўдарозе ў сваім сацыяльна‑культурным разьвіцьці. Для іх расейскае ўжо не асацыюецца з «мы», але яшчэ не адносіцца да «яны». Гэткае ж неадназначнае і іхнае стаўленьне да ўсяго беларускага. Крэольская сьвядомасьць тлумачыцца як пашырэньне «тутэйшасьці»15, а Лукашэнку аднойчы назвалі «прэзыдэнтам крэолаў»16.

Аўтар гэтага вызначэньня Валер Булгакаў потым узяў свае словы назад. «Мая ацэнка Лукашэнкі як нацыяналіста была памылковай», — сказаў Булгакаў17. Аднак мне здаецца, што памыліўся ён акурат тады, калі зьмяніў сваю думку. «Нацыяналіст» — гэта ня тытул, якім можна каго‑небудзь літасьціва надзяліць, а потым, як будзе прыхамаць, забраць назад. Кожны, хто выношвае ідэю нацыі, адрознай ад знакава іншага, de facto нацыяналіст. «Лукашэнка сваёй палітыкай зруйнаваў адзін з асноватворных мітаў каляніяльнага мысьленьня пра Беларусь: маўляў, Беларусь такая бедная і ўбогая, што, не ўваходзячы ў склад Расеі, яна ня можа выжыць… Пры Лукашэнку існуюць нацыянальная пашпарты, войска, суды, міліцыя, пасольствы і іншыя інстытуты, якія фармуюць нацыянальную ідэнтыфікацыю. Нарэшце, пры Лукашэнку ў масавай сьвядомасьці адбыўся крэн у бок незалежнасьці: калі цяпер правесьці свабодныя выбары, сілы, якія выступалі за аб’яднаньне з Расеяй, наўрад ці набралі б многа галасоў»18. Можна таксама зьвярнуць увагу на тое, як падчас апошняй прэс‑канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў 29 верасьня 2006 г. Лукашэнка катэгарычна адмаўляў усялякую магчымасьць інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Вядома, тым самым ён абараняў свой рэжым, але праблема ў тым, што Беларусь мае толькі адзін палітычны рэжым, і ён ня зь неба спаў.

Хоць ідэя трох нацыянальных праектаў нарадзілася ў галовах мысьліўцаў — носьбітаў толькі аднаго зь іх (адраджэнскага, далей — Праект № 1), яна аказалася карысным абагульненьнем. Сапраўды, калі ня ўсіх, дык большасьць беларускіх інтэлектуалаў, якіх турбуе будучыня краіны, можна аднесьці да аднаго з вышэйзгаданых праектаў. Гэта не азначае, што іх межы акрэсьленыя аднойчы і назаўсёды. Напрыклад, некаторыя прамаскоўскія лібэралы (далей — праект № 2) выказвалі занепакоенасьць, што два астатнія нацыянальныя праекты могуць змовіцца ў іх за сьпінаю. Найбольш красамоўна гэтую трывогу агучыў дэкан Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Рыгор Мінянкоў19. А ідэолягі Праекту № 1 таксама выказвалі занепакоенасьць, што Лукашэнка — прэзыдэнт крэолаў (далей — Праект № 3) — нейкім чынам у іх за сьпінаю змовіцца з расейскамоўнымі лібэраламі. Гэтак жа можна разважаць пра супольную глебу Праектаў №№ 2 і 3. Урэшце, трасянка, якую называюць мовай крэолаў, сёньня бліжэй да расейскай, чым да беларускай мовы. Як і ў Расеі, дзе гістарычная спрэчка «заходнікаў» са «славянафіламі» не падрывае нацыянальнага адзінства, у Беларусі, магчыма, Праекты №№ 2 і 3 можна разглядаць як ідэалягічныя бакі адной зьявы — расейскамоўнай Рэспублікі Беларусь. З гэтага гледзішча ярлык «крэолы» можна ўспрымаць як абразу: тое, што чалавек гаворыць на расейскай мове, прыпраўленай (ці не) беларускай фанэтыкай, яшчэ не азначае, што ён не патрыёт Беларусі.

ПЕРАВАГІ І НЕДАХОПЫ
НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ПРАЕКТАЎ

Галоўная перавага Праекту № 1 — перадусім у шчыльна згуртаванай супольнасьці, аб’яднанай сьвядомым выбарам беларускай мовы, адданасьцю ёй, антыкаляніяльным нацыянальна‑вызваленчым духам, у т. л. змаганьнем супраць расейскага культурнага каляніялізму. Вернасьць мове — перавага, бо яна дапамагае адмежаваць нацыянальна сьвядомых беларусаў ад расейцаў. Калі ўзяць пад увагу, што рысаў, паводле якіх можна адрозьніць беларусаў ад расейцаў, увогуле мала, мову сапраўды можна разглядаць як істотны чыньнік нацыятварэньня. Гэтае меркаваньне грунтуецца на рэальным досьведзе іншых эўрапейскіх народаў (напр., чэхаў, славакаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, нарвэжцаў), якія пераадолелі моўныя ўплывы чужынцаў, нягледзячы на вельмі вялікія перашкоды. Яны даказалі, што моўны нацыяналізм можа выходзіць пераможцам нават у самых неспрыяльных абставінах і адыгрываць надзвычай важную ролю ў нацыятварэньні.

Некаторыя недахопы Праекту № 1 — працяг ягоных перавагаў. Ягоная супольнасьць існуе ў краіне ізалявана ад навакольнага асяродзьдзя. Калі «нацыяналізм — гэта па сутнасьці навязваньне высокай культуры ў грамадзтве»20, можна сказаць, беручы пад увагу неспрыяльны палітычны клімат, што Праект № 1 выдатна выконвае гэтую функцыю. «ARCHE» і «Наша Ніва» задаюць плянку высокай культуры па‑беларуску. Але праблема адраджэнскай культурнай эліты — у тым, што колькасьць яе прыхільнікаў пакідае жадаць лепшага. У пэўнай ступені прычынай на тое — пыха эліты: яна прэтэндуе на манапольнае права на беларускі патрыятызм і любіць абвінавачваць усіх, хто гаворыць па‑расейску ці не прызнае іх вэрсіі гісторыі або іх прыхаваных матываў.

  14 Lindner, Rainer. Besieged Past: National and Court Historians in Lukashenka’s Belarus // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. P. 643.

15 Абушэнка Уладзімер. Міцкевіч як крэол: ад «тутэйшай генеалогіі» да «генеалогіі тутэйшасці» // Фрагмэнты. 2004.

16 Булгакаў Валерка. Выбары прэзыдэнта крэолаў // ARCHE. 2001. № 4.

17 Булгакаў Валер. On‑line канфэрэнцыя Беларускай службы радыё «Свабода». 2006. 31 траўня. www.svaboda.org.

18 Булгакаў Валер. Форум, on‑line канфэрэнцыя Беларускай службы радыё «Свабода». 2006. 31 траўня. www.svaboda.org.

19 Миненков Григорий. Заметки о языке, знании пути и прочем // Наше мнение. 2005. 23 жніўня.

   

Бескампраміснасьць духоўных правадыроў адраджэнскай супольнасьці, іх нежаданьне «наводзіць масты» ўражвае як сваёй самазацыкленасьцю (у кароткатэрміновай пэрспэктыве), гэтак і патэнцыйнай самаразбуральнасьцю. Магчыма, назва сэкцыі, у якой я ўдзельнічаю: «Ці ёсьць у Беларусі беларусы?» — сьведчыць пра гэткую бескампраміснасьць. Сапраўды, як можна лічыць беларусамі ўсіх тых, хто не прымае майго ўяўленьня пра беларушчыну?! «Повбивав би!» Ды як у іх нахабства хапае не згаджацца са мною ды двума‑трыма маімі сябрукамі, зь якімі я тусуюся?! Апроч таго, супраць Праекту № 1 працуе цяжкі груз трох беспасьпяховых кампаніяў беларусізацыі, а таксама тое, што ягоныя адэпты агулам ганяць савецкі час — пакуль што самы працяглы пэрыяд існаваньня беларусаў як нацыянальна сьвядомай супольнасьці.

Адзін з найбольш шанаваных у адраджэнскай супольнасьці крытычных інтэлектуалаў Валянцін Акудовіч выступіў зь неверагодна вострай крытыкай усяго Праекту. У эсэ са шматзначнай назвай «Без нас», надрукаваным 28 красавіка 2003 г. да дзясятых угодкаў аднаўленьня «Нашай Нівы», ён напісаў:

…Адраджэньне амаль цалкам адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасьці. Рэч у тым, што за ўвогуле слушным патрабаваньнем вяртаньня гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досьведу прамінулага хавалася жорсткая ідэалягічная канструкцыя, у якую аніякім чынам не маглі быць упісаныя тыя здабыткі і каштоўнасьці, на якія абапіралася і якімі трымалася ў сваёй абсалютнай большасьці тагачаснае беларускае грамадзтва, паколькі ўсе ягоныя перамогі, плёны і радасьці мелі альбо камуністычнае, альбо скалянізаванае паходжаньне… Мы засталіся ў самотнай адзіноце не таму, што да нас нехта не дайшоў, а таму, што абсалютная большасьць жыхароў той дзяржавы, дзе мы тулімся па завугольлі, і не зьбіралася выпраўляцца на намі адкрытую «новую зямлю». (Нават калі б пад кіраўніцтвам А. Лукашэнкі іх заштурхалі да нас супрацоўнікі маскоўскага ФСБ супольна з супрацоўнікамі беларускага КДБ, то і тады яны ўпотайкі паразьбягаліся б адсюль па сваіх утульных засьценках.) …Дарэчы, дарэмна думаць, што сытуацыя пераменіцца, калі пры ўладзе будзе не Лукашэнка. Не мы, а «беларускі народ» яго выбраў, і ня мы, а той самы «народ» яго скіне (рана ці позна) і зноў абярэ ня нашага, а свайго прэзыдэнта, і мы зноў будзем пісаць пра краіну Беларусь як пра варожую краіну…21

  20 Geller Ernest. Nations and Nationalism. Ithaka: Cornell University Press, 1983. P. 57.

   

У іншым эсэ Акудовіч кажа, што беларусы запозьніліся ў сваім «нацыянальным адраджэньні» і што ў якасна новым, інфармацыйным, грамадзтве заяўленыя адраджэньнем мэты ўжо недасяжныя. Нават таталітарныя рэжымы ня могуць пазьбегнуць камунікацыйнай адкрытасьці. Але яе першымі ахвярамі робяцца культуры, працэс фармаваньня якіх яшчэ не завершаны22.

Перавага Праекту № 2 — у тым, што ён прымае мову пераважнай большасьці беларусаў. Усе зносіны ў афіцыйнай, навукова‑тэхнічнай, эканамічнай і ў вялікай ступені міжасабовай сфэрах у Беларусі ажыцьцяўляюцца па‑расейску. Такім чынам, расейская мова зьяўляецца культурнай нормай. Паколькі далёка ня ўсе могуць пахваліцца добрым валоданьнем ангельскай і іншымі заходнеэўрапейскімі мовамі, расейская застаецца і галоўным сродкам культурнага дыялёгу з Захадам. Яшчэ адна перавага Праекту № 2 — у тым, што ён не такі элітарны, як Праект № 1, і менш ізаляваны ад шырокага грамадзтва. Нарэшце, перавага Праекту № 2 — у ягонай адкрытасьці: крытычныя інтэлектуалы, якія de facto яго агучваюць: Аляксандар Фядута, Юры Дракахруст, Пётар Марцаў, Вольга Абрамава — больш адкрытыя да дыялёгу і менш схільныя да канфрантацыі за прыхільнікаў астатніх двух праектаў. Падобная адкрытасьць — першапачатковы сацыяльны капітал, які можна ўжыць дзеля кансалідацыі нацыі.

Недахопы Праекту № 2 — адсутнасьць адметнага гістарычнага наратыву і праграмы на будучыню, якая не абмяжоўвалася б заявай, што Беларусь мусіць захоўваць дзяржаўнасьць і быць дэмакратычнай краінай. Да таго ж Праект № 2 не прапануе лягічнага тлумачэньня, чым беларусы розьняцца ад расейцаў. У гэтым сьвятле кніга Юр’я Шаўцова23 ўзбагачае тэарэтычныя асновы Праекту № 2, як і Праекту № 3 (гл. ніжэй). Шаўцоў, не правакуючы варожасьці з боку расейцаў, зьвяртае ўвагу на балцкі субстрат беларусаў і наяўнасьць свайго, мясцовага варыянту каталіцызму як фактары, што адрозьніваюць беларусаў ад расейцаў. Аднак шмат у чым нацыянальны праект расейскамоўных лібэралаў застаецца эфэмэрным. Яго прыхільнікі аб’ядноўваюцца, толькі калі раптам адчуюць нейкую супольную для іх пагрозу, і зноў распадаюцца, калі яна прамінае. У жніўні 2005 г. Віталь Сіліцкі выклікаў (відаць, ненаўмысна) гэтае адчуваньне трывогі, выступіўшы з адкрытым лістом, у якім ён пратэставаў супраць рашэньня нямецкай радыёстанцыі рабіць выпускі навінаў зь Беларусі па‑расейску. Сіліцкі сьцьвярджаў, што гэта «ганебнае» рашэньне, якое сьведчыць пра «шчырую падтрымку» з боку эўрапейскіх бюракратаў «палітыкі вынішчэньня беларускай мовы і культуры»24. Сіліцкі робіць агаворку, што ён не заклікае «выдаліць расейскую мову зь беларускай мэдыйнай прасторы». Ён пратэстуе супраць выдаленьня зь яе беларускай мовы25. Аднак гэтае ўдакладненьне не стасавалася з агульным сэнсам ліста, які сканчаўся заклікам да беларускіх палітыкаў, журналістаў, аналітыкаў і чыноўнікаў байкатаваць новы радыёпраект, пакуль ня зьменіцца ягоная моўная палітыка.

  21 Акудовіч, Валянцін. Без нас // Наша Ніва. 2003. 28 красавіка.

22 Акудовіч, Валянцін. Вайна культураў, ці Піраміда Хеопса за мурам Мірскага замка.

   
Ліст Сіліцкага паспрыяў унутранай кансалідацыі ядра прыхільнікаў Праекту № 2, распаліўшы доўгія і не заўсёды любамірныя дэбаты паміж імі і адэптамі Праекту № 1. Але адчуваньне пагрозы, якое можа мабілізаваць прамаскоўскіх лібэралаў, найчасьцей спараджаюць ня іншыя самазваныя дэмакраты, а рэжым Лукашэнкі, таму прыхільнікі Праекту № 2 застаюцца ў стане шчасьлівай дэзарганізаванасьці. Верагодна, яны пачнуць больш актыўна фармавацца ў згуртаваную супольнасьць, калі Лукашэнка сапраўды, як баяцца некаторыя расейскамоўныя лібэралы, схаўрусуецца з адраджэнцамі і/ці калі Лукашэнкі ня стане.

Відавочная перавага Праекту № 3 — у тым, што ў яго шырэйшая сацыяльная база, чым у астатніх двух. Яшчэ адна ягоная перавага — у тым, што яго падтрымлівае ўладны рэжым. Можна сказаць, што эканамічныя посьпехі Беларусі (а ўсе сумневы ў іх мусілі разьвеяцца пасьля таго, як зьявіліся справаздачы Сусьветнага Банку і Міжнароднага валютнага фонду за 2005  г.) дасягнутыя і за кошт мабілізацыі нацыі ў рамках г. зв. крэольскага праекту, а таксама за кошт ляяльных, прафэсійных, дысцыплінаваных кадраў беларускай бюракратыі пры яе адносна нізкай карумпаванасьці26.

Відавочна, стыль кіраваньня Лукашэнкі, ягоная харызма выхадца зь сялянства былі і дасюль застаюцца даспадобы многім беларусам. Як заўважыў дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў, мільёны беларусаў на культурным і псыхалягічным узроўні атаясамліваюць сябе з Лукашэнкам.

Пятнаццаць год таму рэальную ўладу ў краіне меў прэм’ер‑міністар Вячаслаў Кебіч. Дык хто‑небудзь гаварыў у вёсцы, горадзе: «Наш Слава!»? Не. А «наш Сашка» і тады, і цяпер гавораць многія. Гэта агульнасьць: яны разумеюцца, схопліваюць з паўлёту адно другога27.

Раней я пісаў пра сялянскі фэрмэнт у Беларусі — краіне запозьненай урбанізацыі — як пажыўнае асяродзьдзе для кіраўнікоў лукашэнкаўскага стылю28. Алесю Чобату Лукашэнка нагадвае Васіля Вашчылу, легендарнага правадыра сялянскага паўстаньня 1743—1744 гг. супраць польскага магната Радзівіла — ягоныя людзі абклалі ўсходнебеларускіх сялянаў надта цяжкімі падаткамі (у форме зерневага аброку). Сьвятлана Алексіевіч кажа, што хоць жыхары Беларусі — на тры чвэрці гараджане,

мяне  … спыталіся, чаму ў нас не зьявіўся свой Гавал. Я адказала: «У нас быў Алесь Адамовіч, але мы выбралі іншага чалавека». Рэч ня ў тым, што такіх людзей няма, але яны не запатрабаваныя грамадзтвам29.

ТРЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРАЕКТЫ Ў ЛЮСТЭРКУ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ 2006 г.

Вельмі зваблівая ідэя — «прыпісаць» кожнага з асноўных кандыдатаў у прэзыдэнты: Мілінкевіча, Казуліна і Лукашэнку — да трох нацыянальных праектаў: № 1, № 2 і № 3 адпаведна. З гэтых трох асобаў, мабыць, адно Казулін не стварае ўражаньня тыповага прадстаўніка «свайго» меркаванага праекту. Але, як ужо адзначалася, Праект № 2 — не аднародная суцэльнасьць. Таму зь некаторымі агаворкамі Казулін, напэўна, укладаецца ў схему. А што да Лукашэнкі і Мілінкевіча, дык яны ўвогуле ўвасабляюць тыповых прадстаўнікоў «сваіх» праектаў.

Тады ня менш зваблівая (але і ня менш спрэчная) ідэя — вытлумачыць атрыманыя прэтэндэнтамі на сакавіцкіх выбарах 2006 г. вынікі як паказьнік уплыву адпаведных нацыянальных праектаў. Пры вызначэньні «вынікаў» больш дарэчнымі за афіцыйна абвешчаныя зьвесткі выглядаюць дадзеныя двух апытаньняў, праведзеных пасьля выбараў НІСЭПД. Паводле іх вынікаў, Лукашэнку падтрымала каля 60 % электарату ці крыху больш, Мілінкевіча — недзе 18—20 %, Казуліна — каля 4 %.

З мноства перадвыбарчых прагнозаў, магчыма, самы дакладны зрабіў Аляксандар Патупа, старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і пісьменьнік‑фантаст. У інтэрвію расейскамоўнай латвійскай газэце «Телеграф» 14 верасьня 2005 г. Патупа, якога нельга западозрыць у прыхільнасьці да Лукашэнкі, сказаў:

У 2006 г. Лукашэнку забясьпечаць перамогу акурат гэтак, як забясьпечылі і ў 2001‑м. Ён возьме ня менш як 80 % галасоў. Але трэба разумець, што ён перамог бы зь лікам 2:1 (каля дзьвюх трацінаў галасоў) і бяз хітрых падтасовачных тэхналёгіяў30.

«Рэальны раскол электарату ні па якіх адзнаках не выходзіць за рамкі 1:6 або нават 1:7, — дадае Патупа. — Але сур’ёзная аналітыка ніколі не была важнай для апазыцыйных айчынных палітактывістаў»31.

Прадказаньні Патупы спраўдзіліся з абсалютнай дакладнасьцю. Апазыцыя сьцьвярджае, што вынікі выбараў сфальсыфікаваныя, і напэўна, так яно і было. Аднак пры ўважлівым вывучэньні шматлікіх выказваньняў апазыцыянэраў у СМІ выяўляецца, што амаль ніхто зь іх ня ставіць пад сумнеў перамогу Лукашэнкі. (Праўда, у запале пасьлявыбарчых вулічных баталіяў у Менску ўсё ж рабіліся падобныя заявы.)

З усяе плоймы аналітычных артыкулаў, што зьявіліся пасьля выбараў, мяне асабліва ўразіў допіс Віталя Сіліцкага ў «ARCHE». «Рэжым Лукашэнкі, — піша аўтар, — здолеў дасягнуць пэўнай раўнавагі паміж самім сабой і грамадзтвам… заклаўшы, калі можна так сказаць, сьветапогляд і палітычную культуру сярэднестатыстычнага беларуса ў свой уласны падмурак»(курсіў мой. — Г. Ё.)32. Больш за тое: «Падзеі на плошчы Каліноўскага засьведчылі мабілізацыйны патэнцыял ілюзіі», — бо на той час у Беларусі ніякія дзеяньні апазыцыі не маглі прывесьці да рэальных палітычных зьменаў. «Грамадзтва аб’ектыўна прызнала перамогу Лукашэнкі ў 2006‑м»33. Акцыі пратэсту 19—25 сакавіка, на думку Сіліцкага, былі не палітычныя, а дысыдэнцкія, бо ў іх ня ставілася мэта дасягнуць канкрэтных вынікаў. У іх выявілася жаданьне носьбітаў «дэмакратычнай субкультуры» захаваць асабісты гонар. Валянцін Акудовіч калісьці казаў пра «Архіпэляг Беларусь», маючы на ўвазе расьцярушанасьць беларускамоўных прыхільнікаў «правільнай» нацыянальнай ідэі. Сёньня Сіліцкі сьцьвярджае, што гэтая структура зьнітаваная гарызантальнымі сувязямі і «лякалізаваная» рэжымам. Сёньня яна больш нагадвае гета.

Некаторыя апазыцыйныя аналітыкі ўжо абмяркоўваюць, наколькі прыдатная мэтафара «гета». Але расьце перакананьне, што рэжым умацаваў і пашырыў сваю сацыяльную базу, а сёньняшняя апазыцыя ня мае ніякіх шанцаў. У праграме беларускай службы радыё «Свабода» Юры Дракахруст спытаў В. Сіліцкага, як так атрымліваецца: высілкі апазыцыі не прывялі да іншага выніку выбараў, рэжым усталяваў раўнавагу з грамадзтвам, дэмакратычная супольнасьць ператварылася ў гета, грамадзтва прызнала перамогу Лукашэнкі, у Беларусі няма крызісу ўлады — і з усяго гэтага робіцца выснова, што трэба працягваць штосьці рабіць, каб зьмяніць сытуацыю? Хіба вы ня бачыце, настойваў вядоўца, што вашая аналітыка фактычна падтрымлівае пазыцыю людзей кшталту спн. Абрамавай, якая заклікае апазыцыю сьцішыць злосьць і паспрабаваць дасягнуць нейкага ўзаемнага паразуменьня з камандай Лукашэнкі? Не, адказвае Сіліцкі, у гэтым пытаньні мы з вамі канцэптуальна разыходзімся34.

Сутнасьць «канцэптуальнага» разыходжаньня паміж Сіліцкім і вядоўцам праграмы так бы і засталася для мяне назаўжды загадкай, калі б я не прачытаў адзінага ангельскамоўнага артыкула таго самага аўтара, які зьявіўся за некалькі месяцаў да публікацыі ў «ARCHE». Стыпэндыят Рэйгана—Фасэла Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Сіліцкі напісаў артыкул пра лукашэнкаўскую тактыку прэвэнтыўных удараў па дэмакратыі, якая ўлучае выдаленьне «з палітычнай арэны нават пакуль слабых лідэраў апазыцыі»35 і «спалучэньне ціску, паклёпу і прадуманай прапаганды»36, каб дасягнуць сваёй мэты. У гэтым сапраўды выдатным ангельскамоўным творы шараговыя беларусы калі і прысутнічаюць, дык толькі як ахвяры рэжыму, а ніякім чынам не ягоная сацыяльная база і ўжо тым болей ня добраахвотныя памочнікі. Палітычна гэта карціна цалкам адпавядае афіцыйным заявам Амэрыкі датычна Беларусі. Але, баюся, яна нічым не дапаможа тым нешматлікім людзям на Захадзе, якія імкнуцца зразумець беларускія рэаліі як яны ёсьць, не ўплішчваючы іх у ідэалягічныя шаблёны заходняй вытворчасьці.

Між тым, здаецца, Лукашэнку падтрымлівае ўсё больш беларускай моладзі — а раней усе спробы заваяваць прыхільнасьць гэтай дэмаграфічнай групы не прыносілі ўладам вялікіх посьпехаў. Журналіст Віктар Марціновіч ужо назваў падрослыя шэрагі маладых «фанатаў» Лукашэнкі «Пакаленьнем Л». Жорсткі крытык Лукашэнкі Ўладзімер Мацкевіч заўважае:

Моладзь, якая сёньня пачынае падтрымліваць рэжым, ганарыцца тым, што Беларусь не атрымала павагу да сябе ў падарунак ад кагосьці (як гэта калісь Біл Клінтан дарыў Станіславу Шушкевічу), а «мы дабіліся яго самі. Вырвалі яго». І гэтая якасьць у вачах гэткага роду людзей робіць рэжым «самасным», нейкім такім, пра які, я думаю, марылі нацыяналісты зорнага свайго пэрыяду пачатку 90‑х гадоў37 (чытай: прыхільнікі Праекту № 1).

ВЫСНОВЫ

Бясспрэчна, крэольская вэрсія беларускага нацыяналізму ідзе ў наступ, яна дзейнічае. І гэта больш істотна, чым крытычныя заўвагі пра кандовасьць Лукашэнкавых прыдворных ідэолягаў. Аднак і гэтыя заўвагі маюць сваю вартасьць, бо ня выключана, што беларускім крэолам ня хопіць сродкаў, каб самастойна завершыць працэс нацыятварэньня. Самай вялікай праблемай для Беларусі застаецца недафармаванасьць нацыі. І носьбітам усіх трох праектаў пайшло б толькі на карысьць, калі б яны прызналі моцныя бакі іншых і паспрабавалі знайсьці нейкую супольную глебу. А яна ўжо выяўляецца (хоць гэта і неабавязкова прызнаецца) у сацыяльна‑эканамічных посьпехах Беларусі і ў разуменьні каштоўнасьці яе дзяржаўнага сувэрэнітэту. Няцяжка заўважыць, што ўсе тры беларускія нацыянальныя праекты маюць узаемадапаўняльныя рысы. Вядома, найбольш папулярны Праект № 3, але ён занадта скарачае беларускую гісторыю і адкідае гістарычныя міты, што вабяць людзей адукаваных і цікаўных. Вядома, Праект № 1 валодае «аўтарскімі правамі» на гэтыя міты, але ягоным прыхільнікам трэба адкінуць пыху і адмовіцца ад ідэі адзіна правільнага варыянту беларускасьці. Вядома, Праект № 2 служыць мостам паміж усімі імі разам, бо нефармальная супольнасьць прамаскоўскіх лібэралаў вядзе дыялёг з астатнімі двума лягерамі. У артыкуле Аляксандра Фядуты «Краіна глухіх. Айчына ў небясьпецы»38, надрукаваным па‑беларуску, робіцца спроба такога дыялёгу. Але да закліку Фядуты: давайце падтрымаем кіраўніка дзяржавы, калі ён павернецца на Захад, каб перадухіліць інкарпарацыю Беларусі Расеяй, — адраджэнцы засталіся глухімі.

Аднак раз‑пораз прагматычныя ідэі наконт нацыятварэньня зыходзяць зь лягеру самых бескампрамісных. Напрыклад, Андрэй Дынько прапаноўвае спалучыць «эканамічны нацыяналізм» урадавых чыноўнікаў (такіх, як Сямашка і Чыж) з духоўным нацыяналізмам пэўнай часткі беларускай моладзі39. Цешыць сваім сьвежым рэалізмам запозьненае прызнаньне, што трэба абмяркоўваць эканамічныя пытаньні, а ня толькі мову і нацыянальныя сымбалі40. Аднак гэтага занадта мала, і ўжо занадта позна, да таго ж аўтар не прапаноўвае канкрэтных практычных захадаў. Бясспрэчна, даўно насьпеў час прызнаць: арэал існаваньня сапраўдных беларусаў не абмяжоўваецца адраджэнскай супольнасьцю, і ўсе ці амаль усе жыхары Беларусі — таксама беларусы.

Айнштайну зазвычай прыпісваюць наступнае вызначэньне вар’яцтва: зноў і зноў рабіць адное і тое ж і разьлічваць на іншы вынік. Ня трэба, аднак, быць Айнштайнам, каб зразумець: палітыка Захаду датычна Беларусі — страшэнна неэфэктыўная. Шмат у чым атрыманыя вынікі адваротныя тым, на якія спадзяваліся. Праз сваю бескампраміснасьць самая празаходняя групоўка ў Беларусі рызыкуе зусім маргіналізавацца. Таму заходнія палітстратэгі мусяць спрыяць аб’яднаньню беларускай нацыі, а не перашкаджаць яму, уводзячы бязглуздыя візавыя санкцыі супраць лідэраў крэольскай большасьці і адмаўляючыся весьці дыялёг зь імі.

Аднойчы скляпаныя палітычныя клішэ жывуць сваім уласным жыцьцём, ад іх цяжка пазбавіцца. Таму, магчыма, камусьці дасюль цяжка зразумець, што галоўная праблема Беларусі — не Лукашэнка, а недафармаванасьць нацыі. Шмат у чым Лукашэнка — прадукт гэтага працэсу, які зайшоў у тупік. У інтарэсах Захаду спрыяць зьяднаньню нацыі, але не de facto нацкоўваць беларусаў адных на другіх. Толькі кансалідацыя нацыі, а не сілавое прасоўваньне дэмакратыі і канфрантацыйная рыторыка ўрэшце дапаможа Беларусі адчапіцца ад Расеі. Калі сказаць: «Беларусь — апошняя дыктатура ў Эўропе» — і потым паўтарыць гэта тысячу разоў, у выніку зьяўляецца ілжывае адчуваньне яснасьці — перашкода на шляху спазнаньня. Пераадолець яе можна толькі глыбокім, усебаковым асэнсаваньнем таго, што адбываецца ў гэтай краіне. Аднак яно магчымае толькі праз прызму самой Беларусі, але не праз старыя клішэ, растыражаваныя ў новай абгортцы замежнымі СМІ.

Тэкст выступу на канфэрэнцыі «Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце», праведзенай 11—12 лістапада 2006 г. Вышэйшай школай Гандлю і Права імя Р. Лазарскага ў Варшаве.

Пераклала з ангельскай V. K.

 

23 Шевцов, Юрий. Объединённая нация: феномен Беларуси. Москва: Европа, 2005.

24 Обращение Виталия Силицкого // Наше мнение. 2005. 10 жніўня. www.mnnby.org.

25 Тамсама.

26 У 1998—2002 гг. Transparency International (TI) адносіла Беларусь да ліку 50 краінаў з самым нізкім узроўнем карупцыі. Калі больш канкрэтна, у 2002 г., паводле паказьніку «ўспрыманьне карупцыі», Беларусь займала 36‑е месца (разам зь Літвой) з 102 краінаў сьвету. Яна апярэджвала Польшчу (45‑е месца), ужо ня кажучы пра Расею (71‑е) і Ўкраіну (85‑е). У 2003 г. Беларусь займала 53‑ю пазыцыю, у 2004 г. — 74—78‑ю, а ў 2005 г. — 107—116‑ю. Зьмена гэтага паказьніку ўсяго за тры самыя звычайныя гады не падлягае аб’ектыўнаму вытлумачэньню. Яна дазваляе западозрыць, што, на жаль, крытэры ТІ сказіліся, г. зн. падпалі пад уплыў палітыкі. Маё падазрэньне папярэдне пацьвярджаецца сказаным 25 кастрычніка 2005 г. у перадачы «Праскі акцэнт» беларускай службы радыё «Свабода». «Што адбылося? У Беларусі сталі больш красьці?» — пытаецца вядоўца. Адказвае Яраслаў Раманчук, адзін зь лідэраў апазыцыйнай Лукашэнку Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

Аўтары справядліва называюць гэта [індэкс карупцыі, які разьлічвае ТІ. — Г. Ё.] perception — гэта значыць тое, як успрымаюць карупцыю розныя асобы і інстытуты. Гэты рэйтынг — 2,6 [паводле шкалы ад 0 да 10, дзе 10 адпавядае поўнай адсутнасьці карупцыі. — Г. Ё.] далі на падставе 5 розных апытаньняў, якія рабілі такія арганізацыі, як Economist Intelligence unit, Freedom House, Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. Гэтыя арганізацыі не настолькі шырока прысутнічаюць у Беларусі, каб сачыць за ўсімі зьменамі нашага заканадаўства і практыкі ўзаемаадносінаў паміж бізнэсам і дзяржавай. Я сустракаўся з экспэртамі Transpаrency International і тлумачыў ім мэтадалягічную розьніцу паміж ацэнкамі карупцыі ў рынкавых і ў нярынкавых краінах. І два гады гэтых дыскусіяў і тлумачэньняў далі свой плён, прывялі да істотнай мэтадалягічнай папраўкі. svaboda.org

27 Манаеў Алег. У Беларусі ёсьць сацыяльная база для вяртаньня ў Эўропу // Госьць на Свабодзе. 2006. 14 траўня. www.svaboda.org.

28 Ioffe Grigory. Understanding Belarus: Economy and the Political Landscape // Europe‑Asia Studies. 2004. № 1. P. 85—118.

29 Интервью со Светланой Алексиевич // Известия. 2004. 14 траўня.

30 Телеграф. 2005. 14 верасьня.

31 Тамсама.

32 Сіліцкі, Віталь. Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца // ARCHE. 2006. № 7.

33 Сіліцкі, Віталь. Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца // ARCHE. 2006. № 7.

34 Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца // Праскі акцэнт. Беларуская служба радыё «Свабода». 2006. 18 жніўня.

35 Silitski, Vitali. Preempting democracy: The case of Belarus // Journal of Democracy. Vol. 16. 2005. № 4. P. 83—97.

36 Тамсама.

37 Белоруские новости. 2006. 26 верасьня.

38 Фядута, Аляксандар. Краіна глухіх. Айчына ў небясьпецы // Наше мнение. 2006. 17 чэрвеня (перадрук з «Нашай Нівы»).

39 Дынько, Андрэй. Патрабую немагчымага — будзьце рэалістамі // Наше мнение. 2006. 4 верасьня.

40 Дынько, Андрэй. Патрабую немагчымага — будзьце рэалістамі // Наше мнение. 2006. 4 верасьня.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/07/21