A R C H E | П а ч а т а к | № 7-8 (58-59) - 2007 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Міраслаў Грох | ||||
Міраслаў Грох
У нацыянальных інтарэсах Патрабаваньні й мэты эўрапейскіх нацыянальных рухаў ХІХ ст. у параўнаўчай пэрспэктыве
Працяг. Пачатак у нумары 6/2007.
* * * Гэты агляд ня меў за мэту даць тлумачэньне прычынам узьнікненьня нацыянальнага руху, прычынам яго пераходу ад фазы А да фазы В. Такое тлумачэньне яшчэ чакае свайго сыстэматычнага кампаратыўнага аналізу. Нам тут перадусім было важна прывесьці кароткую ды па неабходнасьці абмежаваную схему акалічнасьцяў і ўмоваў, пры якіх новаствораныя нацыянальныя рухі дэфінавалі сваю тоеснасьць ды абвяшчалі першыя патрабаваньні і мэты.Калі мы канстатуем, што высілкі, зьвязаныя з пошукамі новай нацыянальнай тоеснасьці ды пачаткам нацыянальнай агітацыі, былі адказам, рэакцыяй на надыход мадэрнізацыйных пераменаў і на крызу старога грамадзтва, тым самым мы ня хочам сказаць, што абавязкова мусілі мець месца рэакцыі пазытыўныя, гэта значыць такія, якія імкнуцца да ўзмацненьня й паглыбленьня мадэрнізацыйных пераменаў. Наадварот, у першых патрабаваньнях і ўяўленьнях нацыянальных рухаў раптам знойдзем спробы спасылацца на элемэнты й адносіны старога грамадзтва, актуалізаваць іх як прыладу супраць надыходу мадэрнізацыйных навінак. Трэба ўзгадаць пра стаўленьне некаторых нацыянальных рухаў да краявога патрыятызму. Сюды адносіцца гэтаксама той факт, што некаторыя нацыянальныя рухі, напрыклад, басконскі, распачыналіся ў імя захаваньня сыстэмы каштоўнасьцяў старога грамадзтва. Такім чынам, мы не чакаем таго, каб піянэры фазы В усюды й заўсёды фармулявалі падыходы, накіраваныя супраць старога грамадзтва, хоць іх мэта, фармаваньне новага народу й новай нацыянальнай тоеснасьці, беручы аб’ектыўна, з гэтым грамадзтвам разыходзілася ды кіравалася сваімі наступствамі да новай, грамадзянскай супольнасьці. Таму не было адназначным і стаўленьне народжаных нацыянальных рухаў да буржуазнай рэвалюцыі ды грамадзянскай супольнасьці. Яны разыходзіліся з рэвалюцыяй там, дзе тая не гарантавала прасторы для нацыянальнага руху ці нават на гэтыя рухі нападала. Зрэшты, нават шмат якім удзельнікам, асабліва з шэрагаў лібэральнай лявіцы, арыентацыя нацыянальнага руху на этнічную тоеснасьць здавалася рэліктам фэадалізму, які ў імя прагрэсу неабходна было пераадолець. У наступных разьдзелах мы прасочым і параўнаем, як нацыянальныя патрабаваньні мадыфікаваліся й прасоўваліся цягам фазы В, а пасьля таксама ў час масавага нацыянальнага руху. II. Тыпалягічная характарыстыкаУ папярэднім разьдзеле мы характарызавалі рамкавае тыпалягічнае вызначэньне эўрапейскага нацыянальнага руху: гэта быў адзін з двух асноўных тыпаў працэсу фармаваньня сучаснай нацыі. Мы таксама канстатавалі, што паасобныя нацыянальныя рухі значна адрозьніваліся адзін ад аднаго пэрыядам працяканьня, структурай сваіх патрабаваньняў ды тым, якою ў іх была зыходная сытуацыя — гэта значыць якім быў вынік першага, «сярэднявечнага» перадмадэрновага этапу фармаваньня народу. Адрозьненьні перш за ўсё палягалі на тым, на якую ступень этнічнай альбо гэтаксама рэгіянальнай тоеснасьці нацыянальны рух мог арыентавацца, якія рэлікты палітычнай самабытнасьці ён мог выкарыстоўваць. Да гэтых адрозьненьняў трэба будзе прыглядзецца пры аналізе моўных, культурных і палітычных патрабаваньняў народных рухаў.У гэтым разьдзеле мы будзем зьвяртаць увагу на тыпалягічныя характарыстыкі, якія выплывалі з аб’ектыўнай сытуацыі, у якой праходзіў нацыянальны рух, і якія стваралі агульныя рамкі для ўсіх элемэнтаў нацыянальнай праграмы. Калі мы зыходзім з таго, што нацыянальны рух не працякаў у беспаветранай прасторы ды ня быў проста прадуктам духоўных плыняў і асабістых амбіцыяў інтэлектуалаў, то патрэбна аналізаваць акалічнасьці й фактары, якія стваралі аб’ектыўныя палітычна-сацыяльныя перадумовы для ўзьнікненьня й працяканьня нацыянальных рухаў. Адрозьненьні перадусім былі дадзеныя тым, у якіх дзяржаўных рамках і пры якіх грамадзкіх ды палітычных умовах праходзілі паасобныя фазы нацыянальных рухаў, а таксама тым, хто ў значнай ступені прыняў удзел у фармуляваньні ды прапагандзе нацыянальных праграмаў. Паводле гэтага мы й падзяляем дадзены разьдзел на тры часткі.
Мультыэтнічныя імпэрыі як палітычныя рамкі нацыянальных рухаўУзьнікненьне й разьвіцьцё паасобных мультыэтнічных імпэрыяў праходзіла далёка не раўнамерна й заслугоўвае на сыстэматычнае параўнаньне. Для нашых патрэбаў абмяжуемся некалькімі прынцыповымі паказальнікамі, прычым увагу будзем надаваць перш за ўсё дзьвюм імпэрыям, Габсбурскай і Асманскай, а для параўнаньня прыглядацца таксама да разьвіцьця Расеі ды Вялікай Брытаніі. Параўноўваць будзем:a) аб’ектыўныя абставіны, якімі было ўзьнікненьне мультыэтнічнай імпэрыі, яе адміністрацыя, рэлігійныя адносіны й становішча непаноўных этнічных групаў; b) спэцыфічныя ўмовы працяканьня нацыянальнага руху, якія вынікалі з культурных, палітычных і сацыяльных адносінаў у той ці іншай мультыэтнічнай імпэрыі ды яе міжнароднага становішча. 1. Сярод аб’ектыўных умоваў на першым месцы стаіць пытаньне генэзы: якім, уласна, чынам мультыэтнічная імпэрыя сфармавалася, то бок пры якіх умовах да яе былі інкарпараваныя чальцы этнічнай групы? Габсбурская манархія ад канца сярэднявечча пашыралася дзякуючы пасьпяховай дынастычнай палітыцы, якая не абышлася без узгодненых кампрамісаў, ды ў выпадку неабходнасьці камбінавалася з узброенымі інтэрвэнцыямі. Вынікам такой палітыкі было тое, што панаваньне Габсбургаў усталявалася ва ўсіх падпарадкаваных краёх на базе дамоваў і канстытуцыйных дакумэнтаў. Краіны, ахопленыя габсбурскай уладаю, захоўвалі пэўныя рэшткі сваіх інстытутаў самакіраваньня й свае юрыдычныя нормы. Хоць пасьля, з наступленьнем абсалютысцкіх імкненьняў, некаторыя з гэтых інстытутаў і юрыдычных нормаў былі абмежаваныя на карысьць цэнтральных дзяржаўных органаў, аднак самі гістарычна-тэрытарыяльныя адзінкі захаваліся. Тым самым адкрывалася прастора для спрэчак паміж краявой і ўседзяржаўнай тоеснасьцю, якія праходзілі яшчэ ў часы да пачатку нацыянальных рухаў ды атрымалі ў Вугоршчыне, Чэхіі, Маравіі й Харватыі форму гэтак званага краявога патрыятызму. У якасьці аргумэнтаў выкарыстоўваліся старыя правы й пагадненьні, а габсбурскую палітыку абвінавачвалі ў тым, што тая іх не прытрымліваецца. Пазьнейшыя нацыянальныя рухі перанялі гэты мэтад барацьбы, які быў заснаваны на інтэрпрэтацыі гістарычных і натуральных правоў ды дыскусіі пра іх. Адзіным выпадкам, калі да нацыянальнага руху тарнавалі гвалтоўныя мэтады, была рэвалюцыя 1848 г.; аднак неабходна нагадаць, што яна далёка не была барацьбой за нацыянальныя правы, а пачалася як барацьба за правы грамадзянскія. У пазьнейшы ж пэрыяд асноўнай формай адносінаў да паноўных элітаў на стала замацаваўся перамоўны працэс, які быў схільны да кампрамісаў ды абапіраўся на больш-менш чутныя масавыя дэманстрацыі. У Асманскай імпэрыі разьвіцьцё адбывалася акурат супрацьлеглым чынам. Яе ўзьнікненьне было заснавана на адкрытых гвалтоўных нападах, а новыя ўладары дэманстравалі сваю вайсковую перавагу і пасьля далучэньня дадзенай тэрыторыі. На здабытым абшары асманы зьнішчылі старыя дзяржаўныя інстытуты й тэрытарыяльныя адзінкі, у Сэрбіі і Баўгарыі больш за тое таксама старую шляхту, тады як частка грэцкай арыстакратыі знайшла сабе выкарыстаньне ў службе на іх. Зьняволенае хрысьціянскае насельніцтва дзе-нідзе мела абмежаваны ўдзел у мясцовым самакіраваньні, аднак доступ да дзяржаўнай улады мог атрымаць толькі той, хто перайшоў у іслам. Калі прадстаўнікі непаноўнай этнічнай групы хацелі чаго-кольвек дасягнуць, яны не маглі апэляваць да старых правоў і звычаяў, а толькі станавіцца ў палажэньне просьбітаў, залежных ад самавольства паноўных асманскіх элітаў. Пры такой сытуацыі было цалкам лягічна, што ў пэўным становішчы яны схапіліся за зброю пры высоўваньні такіх калектыўных патрабаваньняў, якія яны лічылі справядлівымі. Становішча непаноўных этнічных групаў пад расейскім панаваньнем вельмі няпроста генэралізаваць. Большасьць тэрыторыі Расея здабыла агрэсіяй, пасьля якой звычайна надыходзіла дамоўленасьць: так гэта было пасьля таго, як Пётар І здабыў і анэксаваў Прыбалтыку, якая назаўсёды ўтрымала палажэньне самабытных губэрняў, а таксама пасьля таго, як Аляксандр І заняў Фінляндыю, якой нават надаў аўтаномны статус. Першая здабытая частка Польшчы пасьля Венскага кангрэсу атрымала самакіраваньне ды статус каралеўства. Хоць левабярэжная Ўкраіна была далучаная паводле дамовы (Пераяслаў, 1654 г.), але паступова стала інтэгральнай часткай Расеі, гэтак сама як вобласьці, якія Расея анэксавала пры першых падзелах Польшчы. Расейскае самадзяржаўе прызнавала пэўную самастойнасьць за лютэранскімі абласьцямі, аднак рашуча падаўляла любую праяву адкрытага супраціву. Адносна вялікага посьпеху дасягнулі тыя, што аддалі перавагу працягламу перамоўнаму працэсу й заставаліся пры гэтым у пазыцыі просьбіта. Падобна як у Асманскай імпэрыі, у Расеі таксама шмат залежала ад самавольства ўплывовых чыноўнікаў. Спосаб, у які да Ангельшчыны трапілі Валія і Ірляндыя ды як яна душыла паўстаньні ў Шатляндыі, ня быў нашмат болей умеркаваным, чым спосабы, якія выкарыстоўвалі расейскія цары пры пашырэньні сваёй імпэрыі. Падабенства палягала таксама на тым, што экспансія была дастатковым чынам легалізаваная пры дапамозе дамоваў. Аднак значнае адрозьненьне можна бачыць у парлямэнтарнай сыстэме, за пасярэдніцтвам якой паноўныя эліты суседніх краінаў Вялікай Брытаніі — за выняткам ірляндзкіх каталікоў — таксама маглі браць удзел у цэнтральнай уладзе. Прыняцьце ангельскай мовы ў гэтай сытуацыі лічылася тэхнічнай справай ды прыйшло без сур’ёзных неладоў. Аднак становішча каталіцкага ірляндзкага насельніцтва нагадвала хутчэй становішча хрысьціян у Асманскай імпэрыі. Адсюль выплываюць таксама адрозьненьні ў формах і мэтах паасобных нацыянальных рухаў краінаў брытанскай імпэрыі. 2. Такім чынам, мы падыходзім да пытаньня, якой была роля рэлігіі. Пераможныя асманскія заваёўнікі дэманстравалі сваю перавагу й тым, што падкрэсьлівалі перавагу ісламу над хрысьціянствам. Іх мэтаю не была рэлігійная гомагенізацыя (хоць нэафітаў віталі), а ўтрыманьне рэлігійнага бар’еру як бар’еру сацыяльна-палітычнага. Вялі да гэтага ня толькі палітычныя меркаваньні, але перадусім зацікаўленасьць надзвычайнай крыніцай паступленьняў з падаткаў, якія вымушанае было плаціць непаўнапраўнае хрысьціянскае насельніцтва. Аднак, зь іншага боку, такі прынцып сэгрэгацыі змушаў зьняволенае насельніцтва да прыняцьця спэцыфічнай формы абмежаванага самакіраваньня ў сыстэме гэтак званых мілетаў. За адзінага прадстаўніка сваіх хрысьціянскіх падуладных Асманы прызнавалі сьвятароў: зрэшты, уся адміністрацыя была арганізаваная паводле рэлігійных суполак. Праваслаўная ж царква на большасьці балканскай тэрыторыі знаходзілася пад кантролем грэцкага кліру. Часовую самастойнасьць утрымала толькі сэрбская царква, якой было таксама дазволена ўжываць царкоўнаславянскую мову ў якасьці літургічнай. Хоць сьпярша рэлігійныя адносіны на тэрыторыі імпэрыі Габсбургаў у выніку посьпехаў рэфармацыі былі значна гетэрагеннымі, аднак Каталіцкай царкве дзякуючы істотнай падтрымцы з боку дзяржаўнай улады паступова ўдалося атрымаць амаль поўны кантроль над рэлігійнымі адносінамі. Царкоўная арганізацыя пры гэтым паважала старыя гістарычныя краявыя адзінкі, што давала ёй магчымасьць захаваць нэўтральнае стаўленьне да ўзьнікненьня краявога патрыятызму ды калі-нікалі наўпрост яго падтрымліваць. Такім чынам, на пачатку нацыянальных рухаў не было істотнай розьніцы ў рэлігійнай прыналежнасьці паноўных элітаў і непаноўных этнічных групаў, а рэлігійныя адрозьненьні адыгрывалі частковую ролю толькі ў некаторых нацыянальных рухах (славацкія лютэране, вугорскія кальвіністы). Нягледзячы на тое, што ў Расеі Праваслаўная царква была царквой дзяржаўнай, гэта не выключала талерантнага падыходу да іншаверцаў, якія ў індывідуальным парадку маглі трапіць і на вышэйшыя функцыі на дзяржаўнай службе. Лютэранская царква на тэрыторыі нерасейскіх этнасаў у Прыбалтыцы й Фінляндыі была цалкам легалізаванай. Становішча Каталіцкай царквы на колішняй польскай тэрыторыі, наадварот, выразна пагоршылася, праўда, толькі ў выніку няўдалых патрыятычных паўстаньняў. Поўнасьцю іншую ролю грала царкоўная прыналежнасьць на ўкраінскай тэрыторыі: тут прыналежнасьць да праваслаўя лічылася складовай часткай расейскай нацыянальнай тоеснасьці, а царква адназначна адхіляла спробы пашырэньня ўкраінскай нацыянальнай тоеснасьці. Таму Ўніяцкая (Грэка-каталіцкая) царква, зь якой ідэнтыфікаваўся ўкраінскі нацыянальны рух ва ўсходняй Галіччыне, была ў Расеі пад забаронай. Хоць Англіканская царква й была царквой дзяржаўнай, далучаныя краіны захавалі рэлігійную самабытнасьць: у Шатляндыі дамінавала прэсьбітэрыянства, у Валіі менавіта сярод кельцкага этнасу моцныя пазыцыі мелі нонканфармісты, у Ірляндыі захоўвалася Каталіцкая царква, якая — у адрозьненьне ад пратэстанцкіх цэркваў — ажно да ХІХ ст. уважалася за антыдзяржаўную і ўтрымлівалася на непаўнапраўным становішчы. І таму толькі каталіцызм мог стаць інтэгравальнай сілай нацыянальнага руху. 3. Як у паасобных нацыянальных рухах мог стварацца вобраз нацыянальнага ворага? У выпадку Асманскай імпэрыі адказ адносна нескладаны: усе новыя нацыянальныя рухі маглі ўявіць сабе ворага ў выглядзе недыфэрэнцыяванага «турка», які быў палітычным прыгнятальнікам, эканамічным эксплюататарам і рэлігійным ворагам. Розьніца паміж МЫ й ЯНЫ была абсалютна адназначнай, хоць уяўленьне пра «турка» й было скажоным: паноўныя ў імпэрыі эліты былі наднацыянальна асманскімі, а не турэцкімі этнічна, ды вызначаліся хутчэй рэлігіяй і звычаямі, чым сучаснай нацыянальнай тоеснасьцю. Сытуацыя зьмянілася толькі з рэвалюцыяй маладатуркаў. У выпадку іншых мультыэтнічных імпэрыяў сытуацыя была больш складанай. Прадстаўнікі непаноўных этнічных групаў у Габсбурскай манархіі не сустракаліся з адназначна акрэсьленым «нацыянальным ворагам». Хоць іх памешчыцтва й знаходзілася на службе ў Габсбургаў, аднак адначасова яно належала й да краявой шляхты. Венскі двор доўгі час пасьпяхова імкнуўся захаваць наднацыянальны, нэўтральны характар. Толькі пасьля таго, як аўстрыйскія лібэралы — а зь імі пасьля 1848 г. паступова большасьць нямецкамоўнага насельніцтва — пачалі ідэнтыфікаваць сябе зь нямецкім народам, вобраз нацыянальнага ворага ў вачох чэскага й славенскага нацыянальных рухаў атрымаў больш акрэсьленыя рысы. Аўстрыйскі бюракрат, які прадстаўляў сабой дынастычную дзяржаву, ператварыўся ў прадстаўніка чужога (і ў дзяржаўным сэнсе) нямецкага народу. Хутчэй за ўсё, падобную трансфармацыю прайшоў вобраз нацыянальнага ворага ў сэрбскім, славацкім ці харвацкім нацыянальных рухах пасьля таго, як вугорская шляхта прыняла мадзьярскую нацыянальную тоеснасьць. Падобным чынам паноўны дзяржаўны народ у царскай Расеі толькі ў ХІХ ст. пачаў фармавацца ў сучасную нацыю. Таму паноўныя эліты таксама дэфінаваліся хутчэй сацыяльна й рэлігійна, чым этнічна. У вачох правадыроў нацыянальнага руху вобраз ворага быў дэфінаваны неаднолькава, паводле таго, які нэгатыўны вопыт пераважаў: у Прыбалтыцы хутчэй сацыяльна, у Фінляндыі хутчэй палітычна, чым этнічна, у Польшчы палітычна й этнічна, а ў Літве хутчэй за ўсё пераважалі крытэры этнічныя і канфэсійныя. Яшчэ больш дыфэрэнцыяванай была сытуацыя ў Вялікай Брытаніі, дзе большая частка, калі ня большасьць элітаў у шэрагах непаноўных этнічных групаў, прыняла брытанскую тоеснасьць, так што вызначэньне «ворага» было адназначным толькі ў ірляндзкім нацыянальным руху, лідэры якога пераважна адмаўляліся ад брытанскай і ангельскай тоеснасьці як ад тоеснасьці сацыяльна ды канфэсійна дэфінаваных ворагаў. Аднак этнічнай характарыстыкі ў вызначэньні ворага, зразумела, бракавала. 4. Вельмі істотнымі былі адрозьненьні ў гаспадарчых і сацыяльных адносінах. З аднаго боку стаяла Вялікая Брытанія як калыска прамысловай рэвалюцыі ды ўжо да пачатку індустрыялізацыі краіна з высока разьвітым унутраным і замежным гандлем. Калі ж мы прыгледзімся да працэсу індустрыялізацыі з пэрспэктывы тэрыторыяў, населеных непаноўнымі этнічнымі групамі, то ўбачым, што працэс гэты закрануў перадусім ангельскія землі, тады як у Валіі й Шатляндыі індустрыялізацыяй былі закранутыя толькі паўднёвыя вобласьці, а ў Ірляндыі толькі раён Бэлфасту. Невыпадкова ва ўсіх выпадках справа датычыла тэрыторыі, дзе нацыянальны рух знаходзіў нязначную падтрымку альбо ўвогуле яе не знаходзіў. Такім чынам, пры разглядзе нацыянальных рухаў у Брытаніі неабходна без сумневу ўлічваць адназначную гаспадарчую перавагу Ангельшчыны. У Асманскай імпэрыі панавала сытуацыя акурат супрацьлеглая. Краіна ажно да канца ХІХ ст. не спазнала індустрыялізацыі ды, мала таго, тут і надалей пераважала гаспадарча й геаграфічна абумоўленая фрагмэнтацыя на закрытыя дробныя адзінкі й абшчыны. Нічога ў гэтым пляне не зьмяніла нават існаваньне двух вялікіх партовых гарадоў і цэнтраў гандлю ды дробнай рамесьніцкай вытворчасьці — Канстантынопалю й Салонікаў. Праўда, утварыўся пласт багатых камэрсантаў, які нажываўся на заморскім гандлі, нарастаньне якога пачалося асабліва з др. пал. XVIII ст. Да гэтага слою належалі мусульмане й хрысьціяне, сярод якіх найбольшая доля прыпадала на грэцкіх прадпрымальнікаў. Гэты пласт мог граць ролю паноўных «элітаў» у народжаных нацыянальных рухах, зразумела, разам зь іншымі слаямі: з праваслаўным клірам, да якога ў грэцскім выпадку далучалася частка фанарыётаў (патомкаў бізантыйскай шляхты), у выпадку сэрбскім — мясцовыя радавыя важакі, а ў баўгарскім выпадку, на паўстагодзьдзя пазьней, — ужо таксама інтэлігенцыя. Нягледзячы на тое, што царская Расея была ў цэлым адсталай вобласьцю Эўропы, неабходна дыфэрэнцыяваць сытуацыю на тэрыторыі паасобных этнічных групаў. Тады як Фінляндыя й большая частка Прыбалтыкі належалі да найбольш разьвітых вобласьцяў Расеі ды хутка пасьля надыходу фазы В нацыянальнага руху там пачалася індустрыялізацыя, вобласьці ўкраінскія, літоўскія й беларускія надалей мелі аграрны характар зь вельмі нізкай доляй рынкавых адносінаў. Габсбурская манархія ў гэтай заходне-ўсходняй палярнасьці займала нейкае прамежкавае становішча. Ня толькі таму, што там у некаторых вобласьцях індустрыялізацыя (а да гэтага мануфактурная вытворчасьць) пачалася хоць і пазьней, чым у Ангельшчыне, аднак, безумоўна, раней, чым у Расеі, але таксама таму, што там значна павялічвалася розьніца паміж паасобнымі землямі манархіі. Тады як паўночна-чэскі й паўночна-мараўскі рэгіёны, Вена ды частка Верхняй Аўстрыі індустрыялізаваліся прыблізна толькі на паўстагодзьдзя пазьней, чым Ангельшчына, у Вугоршчыне (за выняткам Будапэшту) і Харватыі яшчэ не пачыналася нават протаіндустрыяльная фаза разьвіцьця. Тым ня менш, гаспадарчае разьвіцьцё заходняй часткі дзяржавы паўплывала на рынкавыя сувязі аграрнага сэктару і ва ўсходніх вобласьцях. Паралель зь Вялікай Брытаніяй сьпярша праявілася ў тым, што пры індустрыялізацыі й разьвіцьці вялікага рынку расла перадусім сіла буржуазіі, якая належала да паноўнага дзяржаўнага народу. Толькі ў часе фазы С чэскі, а паступова й славенскі нацыянальны рух стварылі ўласныя прадпрымальніцкія клясы. У Вугоршчыне, наадварот, нацыянальныя рухі дзейнічалі на ўзроўні аграрнага грамадзтва з больш-менш разьвітай гарадзкой саматужнай вытворчасьцю й дробным гандлем. 5. Адрозьненьні ва ўзроўні культуры й адукаванасьці складаліся крыху інакш. Напэўна, умовы ў Асманскай імпэрыі давалі надзвычай абмежаваныя магчымасьці для атрыманьня вышэйшай адукацыі, а высокая непісьменнасьць у пэрыяд узьнікненьня нацыянальных рухаў была зьвязаная зь нязначнай дасягальнасьцю й дыяпазонам літаратурнай творчасьці. Сацыяльная камунікацыя была абмежаваная царкоўнай сфэрай ды асабістымі кантактамі. Толькі ў выпадку грэцкага нацыянальнага руху нам вядомы таксама больш моцны сьвецкі элемэнт. Пэрыядычнага друку ў пачатковы пэрыяд нацыянальнага руху практычна не існавала. Аднак вобласьцю з найбольш разьвітай адукаванасьцю й альфабэтызацыяй была не найбольш разьвітая ў гаспадарчым пляне вобласьць — Ангельшчына, а заходняя частка Габсбурскай манархіі, пазьнейшая Перадлітавія. У выніку школьнай палітыкі й рэформаў, распачатых пры ўладзе Марыі-Тэрэзы, у часы, калі праходзіла фаза В чэскага й славенскага нацыянальных рухаў, абсалютная большасьць прадстаўнікоў гэтых фармаваных народаў была альфабэтызаваная і гэты працэс быў давершаны падчас фазы С. Таму друк і літаратура маглі адыграць надзвычайную ролю ня толькі ў чэскім і славенскім нацыянальных рухах, але таксама ў нацыянальных рухах на вугорскай тэрыторыі. Літаратура хутка стала незалежнай ад даміноўнай нямецкай культуры й разьвівалася ў кірунку нацыянальнай самабытнасьці. З гледзішча адукаванасьці мы таксама ня можам адназначна характарызаваць становішча ў царскай Расеі. З аднаго боку, пацьверджана, што яшчэ на пачатку ХХ ст. пераважная большасьць прадстаўнікоў украінскага й беларускага этнасаў была непісьменнай, а зь іншага, ступень валоданьня чытаньнем і пісьмом у Фінляндыі й Прыбалтыцы ў пэрыяд фазы В была ўжо высокай. Аднак гэта аўтаматычна яшчэ не азначала разьвіцьця фінскай, эстонскай ці літоўскай культуры: яна ў гэтых вобласьцях знаходзілася пад даміноўным уплывам не расейскай, а швэдзкай, нямецкай альбо польскай культураў. У Вялікай Брытаніі для нацыянальнага руху найбольш сур’ёзным быў той факт, што тут гістарычна стварылася велізарная дыспрапорцыя паміж узроўнем, аб’ёмам і сацыяльнай базай ангельскай нацыянальнай культуры, з аднаго боку, ды адукаванасьцю народных масаў, зь іншага. Абсалютная перавага ангельскай культуры вяла да таго, што ёю была праглынутая й культурная творчасьць англіфікаваных непаноўных этнічных групаў, у выніку чаго неангельская культурная творчасьць кельтаў мела мізэрныя шанцы заявіць пра сябе ва ўсенацыянальным маштабе ў Валіі ці ў Ірляндыі. Тыпалёгія нацыянальных рухаў як складовай часткі мадэрнізацыіКалі мы лічым працэс фармаваньня сучаснага народу — а разам з гэтым і нацыянальныя рухі — складовай часткай мадэрнізацыйнага працэсу трансфармацыі ўсяго грамадзтва, то трэба задаць пытаньне, на якой стадыі такой трансфармацыі праходзілі паасобныя фазы нацыянальнага руху. Мы можам запытацца, ці народны рух дзейнічаў ва ўмовах позьнеабсалютысцкага фэадальнага грамадзтва ці ва ўмовах узьнікненьня грамадзянскай, індустрыяльнай супольнасьці. Аднак гэтае пытаньне зададзена занадта проста й патрабуе далейшых удакладненьняў. Неабходна адрозьніваць умовы, якія вызначалі пэрыяд пачатку нацыянальнай агітацыі, то бок пераходу да фазы В, ад грамадзкіх і палітычных умоваў на парозе масавага нацыянальнага руху, гэта значыць пры пераходзе да фазы С. Сярод фактараў, якія мы агульна падводзім пад вызначэньне «мадэрнізацыйных», трэба будзе адрозьніць тыя, якія зьвязаны з палітычнай трансфармацыяй, г. зн. з увядзеньнем канстытуцыйнай сыстэмы й прыняцьцем грамадзянскіх свабодаў, ад тых, якія зьвязаныя з эканамічнай трансфармацыяй, надыходам індустрыялізацыі. Калі скамбінаваць гэтыя дзьве сукупнасьці пераменных велічыняў, то атрымаецца вартае ўвагі адрозьненьне паміж эўрапейскімі нацыянальнымі рухамі.Некаторыя нацыянальныя рухі ўступілі ў сваю фазу В ва ўмовах перажыткаў фэадальнага абсалютызму й дасягнулі сваёй масавае фазы прыкладна паралельна з канстытуцыйнымі зьменамі ці нават пасьля ўвядзеньня некаторых частковых прынцыпаў грамадзянскай супольнасьці. Пры гэтым, здаецца, не было важным тое, ці дайшло да гэтай перамены шляхам палітычнай рэвалюцыі ці праз рэформы. Да гэтага тыпу, які акрэсьліваюць інтэграваным, можна аднесьці нацыянальныя рухі чэскі, нарвэскі, вугорскі, фінскі й эстонскі. Адначасова трэба вылучыць тую ролю, якую ў адносінах да паасобных фазаў нацыянальнага руху адыграла індустрыялізацыя. У чэскім выпадку яна прыпадае прыкладна на той самы пэрыяд, калі адбываўся пераход да фазы С (праўда, перадусім у нямецкамоўных вобласьцях), у астатніх выпадках — толькі ў пэрыяд масавага нацыянальнага руху. Якое значэньне мелі гэтыя факты для нацыянальнай праграмы? Нацыянальныя рухі, якія дэфінавалі сваю нацыянальную тоеснасьць ва ўмовах старога рэжыму, відавочна, скіроўвалі сваю праграму супраць наяўных палітычных умоваў, супраць перажыткаў фэадальнага абсалютызму. Пры гэтым ня мае вырашальнага значэньня тое, якая частка творцаў нацыянальнай праграмы той факт усьведамляла. Важна, што прынцыпы роўнасьці й дэмакратыі ўспрымаліся як інтэгральная частка мэтаў, да якіх яны імкнуліся, ды што гэты погляд пранік таксама да стэрэатыпаў фазы С нацыянальнага руху. Залежала ад далейшых акалічнасьцяў, асабліва ад сацыяльнага складу лідэраў нацыянальнага руху, да якой ступені гэтая тэндэнцыя ператварылася ў сьвядомы дэмакратызм і антыарыстакратызм, як тое было ў чэскім, эстонскім і нарвэскім выпадках. Падобным чынам такая тыпалягічная характарыстыка можа паўплываць на інтэрпрэтацыю адносінаў паміж рабочым і нацыянальным рухамі. У краінах, дзе сучасны пралетарыят узьнікаў у той пэрыяд, калі нацыянальны рух увайшоў ужо ў сваю масавую стадыю, мы можам меркаваць, што работнікі ў значнай меры прынялі нацыянальную тоеснасьць яшчэ да таго, як з «клясы-ў-сабе» яны пачалі ператварацца ў «клясу-для-сябе». Іншымі словамі, арганізаваны рабочы рух ужо ня мог пазьбегнуць таго, каб работнікі не лічылі сябе прадстаўнікамі пэўнага народу. Такім чынам, шлях да пасьлядоўнага інтэрнацыяналізму для рабочага руху, які нараджаўся ва ўмовах масавага народнага руху, быў нашмат больш складаным, чым там, дзе стварэньне пралетарыяту адбылося раней за пасьпяховае ўсталяваньне нацыянальнай агітацыі ды дзе ў гэтай сувязі вялікая частка, калі ня большасьць сфармаванага пралетарыяту, сапраўды яшчэ «ня мела радзімы». Да другога тыпу нацыянальных рухаў з пункту гледжаньня іх адносінаў да агульнага мадэрнізацыйнага працэсу належаць тыя рухі, у якіх фаза В хоць і пачалася яшчэ ва ўмовах старога рэжыму, але пасьпяховы пераход да масавага руху з тых альбо іншых прычынаў затрымаўся, спазьніўся, і фаза С надышла толькі ва ўмовах канстытуцыйнага ладу альбо, адпаведна, пасьля пачатку на тэрыторыі непаноўнай этнічнай групы індустрыялізацыі. Гэты спозьнены тып нацыянальнага руху нельга растлумачыць ва ўсіх выпадках аднолькава. Мы адносім да яго славацкі нацыянальны рух таму, што зь сямідзясятых гадоў ХІХ ст. ён быў запаволены хваляй мадзьярызацыі. Літоўскі нацыянальны рух таксама мусіў змагацца зь перасьледам, але, акрамя гэтага, яго ўмовы былі ўскладненыя яшчэ й тым, што сам надыход фазы В значна спазьніўся ў выніку неразьмежаванай дыфэрэнцыяцыі літоўскай нацыянальнай тоеснасьці і тоеснасьці польскай. Харвацкі й славенскі нацыянальны рух меў падобныя ідэнтыфікацыйныя праблемы ў выніку таго, што іхныя лідэры ў пэрыяд нацыянальнай агітацыі доўга зводзілі рахункі зь дзейнасьцю ілірызму. Свой адбітак пакінула таксама гаспадарчая адсталасьць аграрнага грамадзтва. Латыскі нацыянальны рух неабходна аднесьці да гэтага тыпу дзеля адсталасьці асабліва курземскай і латгальскай вёскі, з аднаго боку, і таму, што індустрыялізацыя Рыгі пачалася яшчэ падчас нацыянальнай агітацыі, з другога. У сувязі з тым, што правадыры «спозьненага» нацыянальнага руху павінны былі яшчэ й ва ўмовах грамадзянскай супольнасьці імкнуцца да здабыцьця прыхільнікаў з шэрагаў сваёй этнічнай групы, большы акцэнт яны рабілі на нацыянальных інтарэсах, нацыянальнай супольнасьці, таму гіпатэтычна мы можам меркаваць, што ў нацыянальнай праграме на стала альбо часова грамадзянскія патрабаваньні маглі апынуцца ў цені патрабаваньняў нацыянальных. Калі сярод латыскіх работнікаў надзвычайны ўплыў атрымаў інтэрнацыяналізм, дык гэта напэўна зьвязана з тым, што іх клясавая сьвядомасьць фармавалася раней, чым патрыятычнай агітацыі ўдалося інтэграваць іх у нацыянальны рух. Трэці тып нацыянальных рухаў можна назіраць там, дзе нацыянальная агітацыя вельмі хутка атрымала падтрымку народных масаў прынамсі на частцы тэрыторыі. Тым самым посьпех фазы В надышоў раней, чым усталяваньне прынцыпаў канстытуцыйнага рэжыму й грамадзянскіх свабодаў, так што нацыянальна-вызваленчая барацьба ўтрымлівала ў сабе таксама элемэнты перабудовы палітычнай сыстэмы альбо грамадзянскай рэвалюцыі. Сымбалічным для гэтага тыпу нацыянальнага працэсу зьяўляецца тое, што яго палітычны посьпех быў вырашаны ўзброенай барацьбой, паўстаньнем. Толькі пасьля першых посьпехаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы лідэры грэцкага, сэрбскага, баўгарскага й македонскага нацыянальных рухаў пачалі імкнуцца да ўвядзеньня прынцыпаў грамадзянскай супольнасьці ды сучаснай палітычнай культуры. У іх узброенай барацьбе, якая была барацьбой супраць гвалтоўнага панаваньня асманскага бюракратычнага апарату, на першым пляне стаяла імкненьне да зьвяржэньня гэтага панаваньня, то бок мара пра свабоду, якая шмат у чым нагадвала сялянскія войны супраць фэадальнага прыгнёту, ды толькі паступова трансфармавалася ў барацьбу за сучасную нацыянальную тоеснасьць. З пэўнай доляй перабольшваньня можна сказаць, што нацыянальная ідэалёгія тут была якімсьці дадатковым «імпартам» з Эўропы. Было вельмі лягічным тое, што нацыянальная барацьба, якая вялася такімі мэтадамі, не абмежавалася частковымі мэтамі, а патрабавала поўнага нацыянальнага існаваньня ў форме самастойнай дзяржавы. Гэты паўстанцкі, альбо таксама балканскі тып нацыянальнага руху вызначаўся некалькімі асаблівасьцямі. Перадусім гэта быў слабы ўзровень тэарэтычнай фазы змаганьня за нацыянальную тоеснасьць, інакш кажучы, недастаткова эфэктыўная фаза А. Вывучэньне мінуўшчыны й кадыфікацыя мовы, вызначэньне спэцыфічнасьці ўласнай нацыянальнай тоеснасьці ды яе разьмежаваньне зь іншымі — усё гэта стала прадметам навуковага зацікаўленьня толькі пасьля таго, як ужо пачалася нацыянальная агітацыя альбо нават у пэрыяд масавага нацыянальнага руху. У гэтакіх умовах, то бок на службе ў нацыянальнай ідэалёгіі, часта ўзьнікалі навуковыя абгрунтаваньні нацыянальных інтарэсаў. Калі незалежная навука падавала зьвесткі, якія супярэчылі нацыянальнай ідэалёгіі, яны зь вялікімі цяжкасьцямі атрымлівалі доступ да сыстэмы адмыслова будаваных нацыянальных камунікацыяў ды звычайна не маглі выразна ўплываць на нацыянальнае жыцьцё й нацыянальныя патрабаваньні. Таксама стварэньне нацыянальнай літаратуры й культуры праходзіла ва ўмовах масавага нацыянальнага руху й таму вызначалася мэтазгоднасьцю ды палітычнай інструмэнталізацыяй. Якой бы поўнай жарсьцяў ні была дарога ўзброенай барацьбы, раней ці пазьней яна прывяла народныя рухі да посьпеху. Уяўленьне пра тое, што за справядлівыя, то бок нацыянальныя інтарэсы трэба ваяваць са зброяй у руках, на стала ўвайшло ў калектыўную памяць прадстаўнікоў фармаванага народу. Менавіта так да нацыянальных стэрэатыпаў далучылася перакананьне ў тым, што барацьба за нацыянальны інтарэс зьяўляецца eo ipso (лаціна — тым самым. — заўв. перакл.) барацьбой за ліквідацыю прыгнятальніцкай сыстэмы ды таму барацьбой прагрэсіўнай. Апошні, чацьверты тып нацыянальных рухаў праходзіў у акурат супрацьлеглых умовах. Нацыянальная агітацыя пачыналася ўжо ва ўмовах грамадзянскай супольнасьці, у дзяржаве, у якой дзейнічалі больш-менш лібэральныя канстытуцыйныя звычаі. Звычайна гэта прыпадала на пэрыяд, калі ўжо праходзіла індустрыялізацыя альбо непасрэдна перад яе пачаткам. Так выглядалі справы ў выпадку флямандзкага, брэтонскага, каталёнскага, басконскага й галісійскага нацыянальных рухаў. Гэта значыць рухаў, якія адбываліся ў рамках заходніх мультыэтнічных дзяржаўных народаў. Ва ўсіх гэтых выпадках піянэры новай тоеснасьці мелі цяжкасьці пры яе распаўсюджваньні, а часам і пры яе дэфініцыі: яны не згаджаліся ў пытаньні, ці маюць яны дачыненьне да нацыянальнай тоеснасьці, ці да тоеснасьці рэгіянальнай, правінцыйнай. Правадыры руху былі звычайна ўнутрана разьяднанымі, ім не ўдавалася здабыць даверу масаў (асабліва рабочых, якія ўжо даўно былі палітычна арганізаванымі), так што пераход да фазы С значна затрымаўся, калі наагул ажыцьцявіўся. Таму сапраўды ў гэтай сувязі можна канстатаваць, што такія рухі былі рухамі дэзынтэграванымі. Іх галоўнай праблемай было наагул знайсьці сабе месца ў гульні айчынных палітычных сілаў, якія ўжо былі палярызаваныя, так што антаганізмы па інтарэсах і ідэях ужо былі сфармуляваныя ў інстытуцыяналізаванай палітычнай форме моцна ўсталяваных партыяў ці плыняў. Пры гэтым ня важна было, якія мэты ставіць перад сабой нацыянальны рух у першую чаргу — моўныя й культурныя (Валія, Каталёнія, флямандцы) ці палітычныя (Шатляндыя).] Клясыфікацыя паводле сацыяльнай базы рухаўСацыяльны склад нацыянальных рухаў ня ёсьць прадметам інтарэсу гэтай кнігі, аднак у сувязі з тым, што зь ім трэба лічыцца як з адным сярод важных фактараў інтэрпрэтацыі іх праграмаў, будзе карысным прывесьці тут прынцыповыя рамкавыя адрозьненьні паміж паасобнымі тыпамі нацыянальных рухаў паводле таго, якую сацыяльную базу яны мелі. У значнай ступені я абапіраюся тут на свае ўласныя дасьледаваньні ды на вынікі працаў, што былі пазьней гэтымі дасьледаваньнямі інсьпіраваныя.Рамкі праблемы ў цэлым, зразумела, складае пытаньне, якой была сацыяльная структура непаноўнай этнічнай групы ў пэрыяд пачатку нацыянальнага руху. Толькі адсюль ужо мы можам характарызаваць і інтэрпрэтаваць як сацыяльны склад патрыятычных групаў фазы В, гэтак і сацыяльны тыл лідэраў нацыянальнага руху ды тэрытарыяльны расклад нацыянальнай дзейнасьці. Хоць сацыяльны склад, зразумела, на працягу нацыянальнага руху зьмяняўся, пры вызначэньні тыпалёгіі трэба будзе асабліва прыгледзецца да сытуацыі падчас пасьпяховага працяканьня фазы В, якая была для сацыяльнай абумоўленасьці нацыянальнага руху вырашальнай. Зыходнай зьвесткай для нашай тыпалёгіі зьяўляецца тое, што нельга акрэсьліць нейкія агульныя рысы сацыяльнага складу нацыянальнага руху. Мы павінны абмежавацца дзьвюма простымі, аднак сваімі наступствамі вельмі важнымі канстатацыямі, якія характарызуюць склад патрыятычных групаў фазы В: 1) ва ўсіх нацыянальных рухах у агітацыі й арганізацыі ў значнай ступені ўдзельнічалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, гэта значыць індывіды, якія атрымалі лепшую адукацыю, чым гэта тыпова для дадзенага пэрыяду й дадзенай этнічнай групы, і жылі пераважна духоўнай працай. 2) калі мы запытаемся пра долю канкрэтных прафэсіяў і групаў, то выявім, што адносна найбольш актыўным чынам у нацыянальным руху ўдзельнічалі тыя прафэсійныя й сацыяльныя групы, да якіх маглі шматразова далучыцца прадстаўнікі дадзенай непаноўнай этнічнай групы безь неабходнасьці асыміляцыі: іншымі словамі, у лідэраў нацыянальнага руху мы асабліва часта знойдзем тыя прафэсіі, якія ў дадзенай дзяржаве ды ў дадзены пэрыяд знаходзіліся непасрэдна пад верхняй мяжой магчымага сацыяльнага росту для прадстаўнікоў непаноўнай этнічнай групы. Дыяпазон прафэсіяў, якія мы знойдзем сярод правадыроў нацыянальных рухаў, ахоплівае масіў ад высокіх дзяржаўных чыноўнікаў і памешчыкаў аж да бедных вясковых настаўнікаў і заможных сялян. Былі толькі дзьве групы, прадстаўнікоў якіх мы ня знойдзем сярод патрыётаў фазы В, — гэта дробныя сяляне й работнікі. Аднак калі мы зірнем на паасобныя канкрэтныя рухі, то вобраз падлягае значнай дыфэрэнцыяцыі. Некаторыя нацыянальныя рухі былі выразна рухамі адукаваных людзей і вышэйшых пластоў грамадзтва: у нацыянальнай агітацыі ўдзельнічалі адвакаты, лекары, мастакі, вышэйшыя чыноўнікі, рант’е. Такой была сытуацыя ў рухах флямандзкім, каталёнскім ды, напэўна, у шатляндзкім. Да гэтага ў Нарвэгіі неабходна дадаць гандляроў. Таксама ў грэцкім нацыянальным руху значная доля прыпадала на багатых фанарыётаў, высокіх чыноўнікаў, памешчыкаў, гандляроў. Да гэтага тыпу сацыяльнага складу належаць таксама нацыянальныя рухі вугорскі й польскі, у якіх большасьць вядучых патрыётаў выйшла са шляхты, хоць толькі невялікую частку зь іх складалі памешчыкі, тады як большасьць жыла з працы ў якасьці прадстаўнікоў вольных прафэсіяў ці чыноўнікаў. Практычна ва ўсіх гэтых выпадках гаворка вядзецца пра нацыянальныя рухі непаноўных этнічных групаў, якія мелі ў пачатковы пэрыяд фазы В поўны ці амаль поўны сацыяльны склад, гэта значыць склад, адпаведны дадзенаму ўзроўню гаспадарчага ды сацыяльнага разьвіцьця. Зь іншага боку, нам вядомыя нацыянальныя рухі, у якіх патрыятычная эліта складалася пераважна з прадстаўнікоў дробнай інтэлігенцыі — з настаўнікаў, дробных клеркаў і заможных сялян, тады як вышэйшыя катэгорыі інтэлігенцыі былі сьпярша рэпрэзэнтаваныя некалькімі настаўнікамі сярэдняй школы, чыноўнікамі ды некалькімі прадстаўнікамі вольных прафэсіяў. Сюды адносяцца эстонскі, македонскі й беларускі нацыянальныя рухі. У літоўскім, славенскім і галіцкім украінскім народных рухах да гэтага трэба дадаць яшчэ ўдзел ніжэйшага духавенства, а ў латыскім паступова расла доля гарадзкіх сярэдніх слаёў. Разам з гэтымі дзьвюма групамі з супрацьлеглым характарам сацыяльнай базы мы рэгіструем яшчэ трэці тып: нацыянальныя рухі, у якіх у значнай ступені ўдзельнічалі ня толькі ніжэйшыя, але і сярэднія катэгорыі інтэлігенцыі — клір, чыноўнікі, прадстаўнікі вольных прафэсіяў, школьныя настаўнікі. Хоць гэта й былі групы, зьвязаныя хутчэй з гарадзкім асяродзьдзем, але значэньне вёскі для гэтых нацыянальных рухаў было значным, а часам і пераважным. Сюды мы можам аднесьці чэскі, фінскі, славацкі ды, магчыма, харвацкі й баўгарскі нацыянальныя рухі. Калі мы запытаемся, зь якім сацыяльным асяродкам інтэлігенцыя паасобных нацыянальных рухаў была зьвязаная, то бок зь якіх сем’яў паходзілі патрыёты, то атрымаем падобную карціну, якая толькі нязначна мадыфікуе вышэй пададзеную тыпалёгію. 1. Калі існуе магчымасьць выявіць сацыяльнае паходжаньне патрыётаў, дык відавочна, што патрыёты з тых нацыянальных рухаў, якія мы паводле іх сацыяльнага складу аднесьлі да першай групы, былі зьвязаныя з гарадзкімі вярхамі, прычым розьніца палягала на тым, ці было ім бліжэй да групы, зьвязанай са старым рэжымам, альбо з прадпрымальнікамі, як гэта было ў нарвэскім выпадку. Да каталёнскага руху, які першапачаткова быў хутчэй рухам старых элітаў, з часам далучылася й частка прадпрымальніцкай буржуазіі. Такая характарыстыка ня мае дачыненьня да вугорскага нацыянальнага руху, які разам з гарадзкім элемэнтам меў моцны элемэнт вясковай шляхты. 2. Нацыянальныя рухі другой групы былі адназначна зьвязаныя зь сялянскім асяродзьдзем, зь якога паходзіла пераважная большасьць патрыётаў ды зь якім была зьвязаная й роднаснымі сувязямі. Паступовы рост значэньня гарадоў у нацыянальным руху славенскім ды заходне-ўкраінскім няшмат чаго зьмяніў у іх прынцыповым зьліцьці зь вясковым асяродкам і сельскай гаспадаркай. 3. У нацыянальных рухаў трэцяй групы можна канстатаваць значныя адрозьненьні. Тады як чэскі й фінскі нацыянальныя рухі былі рухамі, выразна зьвязанымі з гарадзкім асяродкам (хоць вёска таксама грала пэўную ролю), нацыянальныя рухі славацкі, харвацкі ды баўгарскі мелі свае карані галоўным чынам у вёсцы й іх сувязі зь вёскай на працягу фазы В хутчэй узрасталі. Гэтыя адрозьненьні можна спраўдзіць ды ў прынцыпе пацьвердзіць на базе зьвестак пра тэрытарыяльны склад некаторых нацыянальных рухаў. Тады як у нацыянальных рухах, якія мы адносім да другой групы, вёска была ня толькі радзімай патрыётаў, але таксама месцам, дзе адбывалася значная частка патрыятычнай дзейнасьці, нацыянальная дзейнасьць у рухаў першай групы выразна канцэнтравалася на такіх вялікіх гарадох, як Барсэлёна, Антвэрпэн, Гент, Лёвэн ці Крыстыянія (Осла). У нацыянальных рухах трэцяй групы выразную ролю заўсёды грала мэтраполія, асабліва калі яна была сядзібай унівэрсытэту (Прага, Хэльсынкі), а дзейнасьць дробных гарадзкіх цэнтраў у правінцыях была выразнай асабліва ў рухлівых гандлёвых асяродках. Пытаньне пра значэньне гэтых тыпалягічных характарыстыкаў для інтэрпрэтацыі нацыянальнай праграмы мы павінны задаваць сабе, улічваючы канкрэтныя ўзаемасувязі з паасобнымі групамі патрабаваньняў. У гэтым месцы, відаць, будзе дастаткова дадаць параўнаньне паміж трыма тыпалёгіямі, якія мы ў гэтым разьдзеле адзначылі. Відавочна, што большасьць нацыянальных рухаў, якія мелі месца на тэрыторыі Расейскай імпэрыі (акрамя фінскага й польскага) была сацыяльна зьвязаная перадусім зь вёскай і сельскай гаспадаркай, тады як у нацыянальных рухах Габсбурскай манархіі больш значную ролю адыгрывалі гарады. Паказальна й тое, што да інтэграванага тыпу нацыянальнага руху не належаў аніводзін з тых рухаў, што сацыяльна абапіраліся на вёску. Аднак супрацьлеглае ня дзейнічае: да інтэграванага тыпу належалі як нацыянальныя рухі з выразнай доляй вярхоў і вышэйшых слаёў (нарвэскі, вугорскі), гэтак і рухі, якія мы адносім да трэцяй, пераходнай паводле сацыяльнага складу групы (чэскі, фінскі). Вясковыя нацыянальныя рухі пераважна належалі да «спозьненага» тыпу нацыянальных рухаў. У адрозьненьне ад гэтага нацыянальныя рухі, далучаныя да заходне-эўрапейскага тыпу нацыянальнага руху, вызначаліся падобнай сацыяльнай структурай сваіх лідэраў ды таксама падобным характарам палітычных адносінаў у дзяржавах, на тэрыторыі якіх яны праходзілі. Той факт, што рухі «паўстанцкага» характару дзейнічалі на тэрыторыі Асманскай імпэрыі, напэўна, таксама не зьяўляецца выпадковасьцю. ІІІ. Моўная праграма: яе склад і сацыяльныя перадумовыНацыянальны рух у чэскай гістарычнай сьвядомасьці зьвязаны з барацьбой за мову й культуру. Гэта абгрунтаванае ўяўленьне, калі паглядзець на рэч з пазыцыі фармаваньня сучаснага чэскага народу. Калі ж гэты вугал гледжаньня пашырыць ды параўнаць чэскае адраджэньне, чэскі нацыянальны рух з падобнымі працэсамі ў іншых эўрапейскіх народаў, робіцца зразумела, што карэляцыя паміж змаганьнем за мову й фармаваньнем нацыі не зьяўляецца ва ўсіх выпадках звычайнай ды што тут наўрад ці можна дашуквацца непасрэднай каўзальнай залежнасьці. Дастаткова нагадаць, што мова й нацыянальная культура ня гралі цэнтральнай ролі пры ўзьнікненьні ірляндзкага, нарвэскага, грэцкага ды шатляндзкага й сэрбскага нацыянальных рухаў. Гэтае пытаньне, зразумела, зьвязана й з тым, паводле якіх паказчыкаў, крытэраў вызначалася прыналежнасьць да таго ці іншага народу альбо, яшчэ прасьцей кажучы: як быў дэфінаваны (ды як дэфінуецца да сёньняшняга дня) народ.Праблема, такім чынам, больш складаная, і нам не дапаможа пошук рашэньня ў спрошчанай спасылцы на пасьпяховае ці менш пасьпяховае «выжываньне» сярэднявечных «нацыянальных» моваў. Хоць гэта і праўда, што, напрыклад, чэская й каталёнская мовы захавалі пэўную пераемнасьць зь літаратурнымі мовамі позьняга сярэднявечча ды раньніх новых часоў, тады як у Ірляндыі, Нарвэгіі і Валіі сярэднявечныя літаратурныя мовы амаль зьніклі. Тым ня менш, большасьць нацыянальных рухаў узьнікала без магчымасьці апэляваць да такой традыцыі, ды, нягледзячы на гэта, ім удалося ня толькі стварыць разьвітую культуру на нацыянальнай мове, але й фармуляваць далейшыя моўныя патрабаваньні. Таму я ня думаю, што ступень разьвітасьці й захаваньня сярэднявечнай нацыянальнай мовы — гэта значная для нас праблема1. |
(нар. у 1932 у Празе) — прафэсар катэдры гісторыі Карлава ўнівэрсытэту (Прага), ганаровы доктар унівэрсытэту Упсалы (1998) і ўнівэрсытэту імя Марціна Лютэра ў Гале-Вітэнбэргу (2003). Выкладаў ва ўнівэрсытэтах Заарбрукену, Лоc-Анджэлесу і Флярэнцыі. У сфэры яго навуковых зацікаўленьняў ляжыць гісторыя XVII ст. (балтыйскі гандаль, трыццацігадовая вайна, Контрарэфармацыя), буржуазныя рэвалюцыі і перадусім нацыянальныя рухі, іх праграмы, мэты, матывацыі і сацыяльныя структуры. Дасьледуе таксама мэтадалёгію гістарычных дасьледаваньняў. Яго самыя вядомыя працы «Die Vorkämpfer der nationalen Bewegung bei den kleinen Völkern Europas» (1968, у ангельскім перакладзе вядомая як «Social Preconditions of National Revival in Europe»), «Handel und Politik im Ostseeraum während des Dreißigjährigen Krieges» (1976), «V národním zájmu» (1996, у перакладзе на ангельскую мову — «In the National Interest»), «Na prahu národní existence. Touha a skutečnost» (1999) і «Małe narody. Perspektywa historyczna» (2003). Ягоная апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Ад этнічнай групы да мадэрнай нацыі: чэскі прыклад» (1,2/2007). |
Хоць, безумоўна, і нельга адмаўляць значэньня старой моўнай традыцыі ў справе разьвіцьця ў новыя часы нацыянальных культураў ды моваў, тлумачэньне ролі моўнай праграмы ў нацыянальным руху можа нагадаць праблематыку сярэднявечнага культурнага разьвіцьця толькі як адзін з шэрагу важных фактараў першага этапу фармаваньня эўрапейскіх народаў. Як мы яшчэ даведаемся, магчымасьць апэляваць да старэйшых літаратурных ды моўных традыцыяў стварала больш спрыяльныя ўмовы для фармаваньня й рэалізацыі моўнай праграмы нацыянальных рухаў. Аднак у гэтым разглядзе нельга абмінуць той важнай ролі, якую ў народатворчых працэсах адыграў пэрыяд раньніх новых часоў. Як вядома, гэты пэрыяд характарызаваўся амаль ва ўсіх эўрапейскіх дзяржавах усталяваньнем абсалютысцкай сыстэмы. Такім чынам, узмацненьне абсалютызму стварае вырашальны выточны пункт для стварэньня адносінаў да мовы. За адносінамі абсалютысцкай дзяржавы да мовы мы можам назіраць з падвойнай пэрспэктывы: «зьверху», то бок з пэрспэктывы дзяржаўнага апарату, і «зьнізу», то бок з пэрспэктывы апанаваных рэгіёнаў ды іх насельніцтва.
Абсалютысцкі прынцып гомагенізацыі, аб’яднаньня ўсіх элемэнтаў жыцьця грамадзтва раней ці пазьней закрануў таксама мову2. Інтарэс дзяржаўнага апарату да моўнае аднароднасьці прыводзіў да ўвядзеньня альбо, адпаведна, да ўзмацненьня агульнай афіцыйнай мовы. Пры гэтым было неістотным, ці размаўлялі на тэрыторыі, якую цэнтральная ўлада ўважала за пэрыфэрыю, на дыялектах той самай (гэта значыць дзяржаўнай) мовы альбо іншых літаратурных моваў. Зь пераадоленьнем самабытнасьці гістарычных адзінак зьнікала й увага да земляў, якія мелі сваю ўласную літаратурную мову, адрозную ад дзяржаўнай мовы. |
1 З багатай літаратуры па праблематыцы народатворчага працэсу ў сярэднявеччы ды ў раньнія новыя часы гл. асабліва: Armstrong, J. Nations before Nationalism. Chapel Hill, 1982; Dann, O. (ed.). Nationalismus in vorindustrieller Zeit. München, 1986; Beumann, H.; Schröder, W. Nationes. Aspecte der Nationenbildung im Mittelalter. Sigmaringen, 1978; Smith, A. The Ethnic Origins of Nations. Oxford, 1986. |
Зразумела, можна выказаць меркаваньне, што нельга цалкам дакладна правесьці мяжу паміж «літаратурнай мовай» і дыялектам у дасучасны пэрыяд: аднак гэта тая праблема, якую трэба пакінуць лінгвістам. Для гістарычнага аналізу будзе дастаткова прытрымлівацца пры адрозьніваньні мовы ад дыялекту крытэру «друкаванай мовы» (print-language), які ўжывае Б. Андэрсан3 (B. Anderson). Існаваньне «друкаванай мовы» ўжо само па сабе сьведчыць пра тое, што яна была зразумелай для пэўнай групы чытачоў незалежна ад таго, была яна ці не была тоеснай іх «матчынай» мове ці дыялекту. Для далейшага разьвіцьця й для фармаваньня пазьней, у новыя часы, для народу важным было тое, якую ролю ёй адводзіла абсалютысцкая дзяржава. У некаторых выпадках «друкаваная мова» на стала зрабілася моваю дзяржаўнай улады, у іншых, наадварот, яна была з гэтай пазыцыі выціснутая ў выніку абсалютысцкага цэнтралізму, як гэта мела месца ў выпадку чэскай, каталёнскай, кельцкіх моваў і г. д. Трэцяй пазыцыяй «друкаванай мовы» была рэлігійная літаратура, аб’ём ды значэньне якой расьлі перадусім у такіх пратэстанцкіх краінах, як Фінляндыя й балтыйскія правінцыі. «Друкаваная мова» магла, але ня мусіла мець непасрэднае дачыненьне да пазьнейшай сучаснай літаратурнай мовы. Пэўны час адукаваныя арыстакратычныя колы лічылі розьніцу паміж гутарковай мовай (дыялектам) ды мовай дзяржаўнай улады ня вынікам стварэньня разьвітай літаратурнай мовы, а наадварот — вынікам дэгенэрацыі нацыянальнай мовы. Ад XVIII ст. пацьверджана існаваньне фактаў ужываньня дыялектаў для забавы адукаваных арыстакратаў, якія гэтакім чынам дэманстравалі сваю перавагу над народнымі слаямі4. Гэта быў акурат супрацьлеглы падыход у дачыненьні да таго, які стагодзьдзем пазьней прынялі ў адносінах да народнай мовы патрыёты шмат у якіх нацыянальных рухах.
|
2 Bloom, W. Personal Identity, National Identity and International Relations. Cambridge, 1990. Р. 143. 3 Anderson, B. Imagined Communities. Reflections on the Origin and Spread of Nationalism. London, 1983. Р. 43. |
Нельга сказаць, што рэвалюцыі неяк выразна зьмянілі падыход да мовы з боку дзяржавы й новых паноўных клясаў. Вялікая француская рэвалюцыя, напрыклад, працягвала гомагенізацыйныя традыцыі абсалютысцкага цэнтралізму ды яшчэ зрабіла іх больш выразнымі. Парыж падтрымліваў і ініцыяваў кампаніі па выкараненьню patois (франц. — мясцовых гаворак. — заўв. перакл.) як перажыткаў фэадалізму, прычым асабліва небясьпечнымі лічыліся, зразумела, перажыткі «варожай», то бок нямецкай мовы ў рэйнскіх правінцыях5. Зрэшты, моўная палітыка нямецкіх лібэралаў у 1848 г. і пазьней дэманструе, як нам вядома з чэскай гісторыі, характарыстыкі, падобныя да моўнай палітыкі францускіх лібэралаў ды дэмакратаў.
Аднак нельга сказаць, што моўная палітыка рэвалюцыі была цалкам тоеснай з палітыкай фэадальнага абсалютызму. Неабходна падкрэсьліць прынамсі два прынцыповыя адрозьненьні: 1. Падыход абсалютызму быў заснаваны на ўяўленьні пра аднародную дзяржаву, тады як моўная палітыка рэвалюцыі была заснаваная на канцэпцыі народу як стабільнага арганізму, народу як асобы, пэрсаніфікацыяй якой была менавіта нацыянальная дзяржава. Такі пэрсаніфікаваны народ абавязкова павінен быў ужываць толькі адну мову, бо выжываньне дыялекту, які ўсё яшчэ ў асьветніцкім духу разумеўся як дэгенэраваная мова, аслабіла б нацыянальны арганізм. Такім чынам, мова, апрача сродку зносінаў, рабілася таксама сродкам самаідэнтыфікацыі грамадзянаў дзяржавы як прадстаўнікоў нацыянальнай супольнасьці, праходзіла яна як унутраная інтэграцыя прадстаўнікоў дзяржаўна-нацыянальнай супольнасьці альбо як кантрасная самаідэнтыфікацыя, заснаваная на пазнаньні моўнай рознасьці ад прадстаўнікоў іншых групаў6. Гэтая акалічнасьць, натуральна, павышала й яе сымбалічную вартасьць. Неабходна дадаць, што гэты сталы функцыянальны зрух пазначыў мову таксама ў краінах, дзе рэвалюцыі не адбыліся. 2. Тады як абсалютысцкая дзяржава бачыла ў агульнай мове інструмэнт рацыянальнага паразуменьня й сродак для гомагенізацыі пададзеных у духу старых традыцыйных каштоўнасьцяў, рэвалюцыя разумела ўвядзеньне й ужываньне агульнай мовы як інструмэнт «стварэньня новага чалавека», як трансфармацыю (ré-formation) структураў яго мысьленьня7. |
4 Haugen, E. The Scandinavian Languages. London, 1976, Р. 361. 5 Balibar, R.; Laporte, D. Le Français national. Politique et pratique de la langue national sous la Révolution. Paris, 1974; De Certeau, M.; Julia, D.; Revel, J. Une politique de la langue. La Révolution Française et les patois: L'enquęte de l'Abbé Grégoire. Paris, 1975. Р. 293; Lartichaux, J.-Y. Linguistic Politics during the French Revolution // Diogenes. № 97. 1977. Р. 65. |
Дагэтуль падавалася пэрспэктыва «зьверху», якую цяпер неабходна дапоўніць пэрспэктывай «зьнізу»: як прымалі гэтую моўную палітыку правінцыі альбо шырокія слаі насельніцтва? Пры гэтым неабходна падкрэсьліць, што палітыка моўнага аб’яднаньня была толькі адной часткай цэнтралізацыі ды гомагенізацыі, якія навязваў фэадальны абсалютызм, ды што яна звычайна не была самым важным элемэнтам. Ня толькі моўная палітыка, але перадусім палітыка цэнтралізацыйная выклікала пэўную ступень супраціву, праяваў незадавальненьня ў правінцыях, прычым, зразумела, сіла ды посьпех гэтага супраціву вельмі адрозьніваліся. Таксама былі рознымі й аргумэнты, ужываныя правінцыяй супраць абсалютысцкага цэнтралізму. У гэтым месцы нельга перайсьці да разгляду падрабязнасьцяў: дастаткова толькі нагадаць, што кампаратыўнае дасьледаваньне й тыпалёгія праяваў саслоўнага ды народнага падыходу да абсалютызму ў паасобных частках Эўропы застаецца пакуль што задачай на будучыню8.
Таму тут застаецца толькі агульна адзначыць, што супраціў абсалютызму ў некаторых выпадках таксама спасылаўся на тое, што правінцыя, правы якой абсалютызм зьмяншаў ці ліквідаваў, адрозьніваецца самабытнай гісторыяй, таксама як моўнай і літаратурнай культурай. Нагадаем тут падыходы чэскага ды вугорскага краявога патрыятызму да палітыкі Ёзэфа ІІ, фінскай бунтаўнічай шляхты да абсалютызму караля Густава ІІІ ў канцы XVIII ст. Падобныя, хоць і ня так часта памянёныя аргумэнты мы знойдзем у прамовах адроджанага шатляндзкага й ірляндзкага супраціву лёнданскаму цэнтралізму, а пасьля больш выразныя пад канец ХІХ ст. ў фэдэралістычных падыходах у Каталёніі й басконскіх правінцыях да цэнтралізму кастыльскага. Часта абмяркоўваецца пытаньне, чаму ў пэрыяд раньніх новых часоў у некаторых вобласьцях Эўропы — перш за ўсё на «Захадзе» — адбылася асыміляцыя большасьці этнічных групаў, тады як у іншых месцах — на «Ўсходзе» — этнічная дывэрсыфікацыя ўтрымалася. Іншымі словамі: чаму Францыя ды Вялікая Брытанія гістарычна дэманструюць нашмат вышэйшую асыміляцыйную здольнасьць, чым Габсбурская манархія, Расея альбо Асманская імпэрыя? Найчасьцей мы сустракаемся са спасылкай на дзьве акалічнасьці: — паноўныя клясы ўсходніх імпэрыяў ніколі ня ставілі сабе за мэту асыміляцыю сваіх паддадзеных; — у Заходняй Эўропе нацыянальныя дзяржавы ўзьніклі раней, чым ва Ўсходняй. Безумоўна, абодва гэтыя адказы ня ёсьць няслушнымі, аднак іх трэба будзе дапоўніць спасылкай на іншыя, магчыма, больш глыбокія сувязі: 1. Узровень гаспадарчага росту ды зьвязаны зь ім узровень гаспадарчай інтэграцыі правінцыяў у Францыі й у Вялікай Брытаніі быў вышэйшым, чым у астатніх вобласьцях Эўропы. Менавіта дзякуючы эканамічнаму росту людзі з правінцыі (а значыць і прадстаўнікі пэрыфэрыйных этнічных групаў) маглі мець якуюсьці карысьць зь міграцыі да цэнтраў разьвіцьця й з асыміляцыі. 2. Неаднастайны гаспадарчы рост паўплываў і на неаднолькавую інтэнсіўнасьць сацыяльных камунікацыяў. У больш разьвітых заходніх дзяржавах сродкі зносінаў дасягнулі вышэйшай ступені, так што дзяржаўная мова стала даміноўнай мовай камунікацыі ў адміністрацыі й гаспадарчым жыцьці. Шлях ад langue du pain (франц. — хлебная мова. — заўв. перакл.) да роднай мовы ў гэтым выпадку быў карацейшым і прасьцейшым. 3. Эфэктыўнасьць публічнай адміністрацыі ў заходніх манархіях раньніх новых часоў была вышэйшай, чым ва Ўсходняй і Паўднёва-ўсходняй Эўропе. 4. Натуральная асыміляцыя этнічных групаў была больш дзейснай там, дзе паноўная кляса ня злоўжывала моўным адрозьненьнем у якасьці сацыяльнага бар’еру, які меў ускладніць магчымасьць сацыяльнага авансу прадстаўнікам народных колаў, як гэта было асабліва ў Асманскай імпэрыі ды ў балтыйскіх правінцыях царскай Расеі. 5. Нельга забываць значэньня часавага фактару ў камбінацыі з сацыяльным разьвіцьцём. Тады як у Францыі ды Вялікай Брытаніі працэс асыміляцыі пачаўся яшчэ ва ўмовах перажыткаў фэадальнай сыстэмы альбо дасучаснага грамадзтва, усходнія мультыэтнічныя манархіі пачалі праводзіць асымілятарскую палітыку на парозе сучаснага пэрыяду — Габсбурская манархія напрыканцы XVIII ст., а царская Расея нават у наступным стагодзьдзі. Калі пакінуць у баку розьніцу ў агульным узроўні сацыяльнага разьвіцьця, дык гэтая асымілятарская палітыка проста мела мала часу для таго, каб дасягнуць выразных посьпехаў, а ўзьнікненьне нацыянальных рухаў значна зьменшыла магчымасьць такога посьпеху. У выніку ўсіх гэтых акалічнасьцяў сталася тое, што ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — перадусім у трох вялікіх мультыэтнічных імпэрыях — непаноўныя этнічныя групы насялялі тэрыторыі кампактна, і калі асыміляцыя ўвогуле адбывалася, яна датычыла, з аднаго боку, пэрыфэрыйных рэгіёнаў, а з другога — была зьвязаная з рэдкімі выпадкамі сацыяльнага ўздыму. Усеагульна дзейнічае той прынцып, што прадстаўнікі гэтых групаў заставаліся па-за ўзьдзеяньнем дзяржаўнай мовы й сьвецкага элемэнту паноўнай культуры, прычым нават там, дзе яны ўрбанізаваліся. Магчымасьць камунікаваць зь імі на іх дыялекце засталася адкрытай9. |
6 Fishman, J. Language and Nationalism: Two Integrative Essays. Rowley/Mass, 1971. Р. 53. 7 Bourdieu, P. Ce que parler veut dire. L'économie des échanges linguistiques. Paris, 1982. Р. 31. Гэтая канцэпцыя выдатна суадносіцца зь перакананьнем лідэраў нацыянальных рухаў, што мова, за якую яны змагаюцца, мае вышэйшую функцыю, чым проста камунікацыя. 8 Гэтай праблематыцы не надаецца ўвага, і пакуль што найлепшае кампаратыўнае дасьледаваньне, прысьвечанае абсалютызму - тое, якое апублікаваў P. Anderson: Lineages of the Absolutist State. London, 1974. |
Нягледзячы на тое, ці ажыцьцяўляўся пераход да грамадзянскае супольнасьці шляхам рэвалюцыі, ці шляхам рэформаў, істотным зьяўляецца тое, што з дарэвалюцыйнай эпохі ў некаторых частках тэрыторыі дзяржавы захоўваўся стан дыглёсіі, то бок сытуацыі, калі на дадзенай тэрыторыі паралельна ўжывалася дзьве ці болей моваў і дыялектаў, пры гэтым звычайна толькі адна мова мела функцыю мовы афіцыйнай, дзяржаўнай10. Пры такой сытуацыі білінгвізм ці асыміляцыя ня сталіся масавай зьявай. Калі зыходзіць з мадэлі сацыялінгвіста Джошуа Фішмана (Joshua Fishman), то можна вылучыць некалькі выпадкаў дыглёсіі ў пэрыяд перад пачаткам нацыянальных рухаў11. Найбольш распаўсюджаным выпадкам была сытуацыя, калі паноўныя эліты ўжывалі літаратурную High-language (анг. — высокая мова. — заўв. перакл.) (далей — H-language), а народныя масы ўжывалі гутарковую Low-language (анг. — нізкая мова. — заўв. перакл.) (далей — L-language), гэта значыць дыялект, які быў роднасным паноўнай H-language. Тым ня менш, для тлумачэньня мэтаў, да якіх імкнуліся нацыянальныя рухі, істотнымі былі два іншыя выпадкі:
1. Эліты ўжывалі H-language, аднак частка народных слаёў ужывала L*-language, якая істотна адрозьнівалася, то бок належала да іншай моўнай групы альбо да іншай H*-language, на якой размаўлялі на тэрыторыі другой дзяржавы. Такой, напрыклад, была сытуацыя славенскага насельніцтва ў Карынтыі, Крайніі ды Штырыі, мазураў — ва Ўсходняй Прусіі, фінаў — у Швэцыі, швабаў ды саксонцаў — у Вугоршчыне, харватаў — у Далмацыі. 2. Разам з H-language, якая была мовай дзяржаўнай улады, на частцы агульнай тэрыторыі (у правінцыі) ужывалася яшчэ й іншая H*-language, якая, зразумела, мела таксама сваю L*-language. Гэта — выпадак чэскай мовы ў Чэхіі ды Маравіі, каталёнскай, нідэрляндзкай у паўднёвых Нідэрляндах (Бэльгіі). Ва ўсіх выпадках дзейнічае правіла, што ва ўмовах дыглёсіі заўсёды адна мова займала становішча гегемона, якое, аднак, успрымалася як відавочная дадзенасьць. Вядома ж, існавалі адрозьненьні ў ступені талерантнасьці паноўных элітаў да канкрэтнай культуры й мовы прадстаўнікоў непаноўных этнічных групаў. Гэтая талерантнасьць зьмяншалася асабліва з пачаткам мадэрнізацыі12. Нягледзячы на тое, што абсалютысцкі цэнтралізм, як ужо гаварылася, звычайна не лічыўся з такімі адрозьненьнямі, іх неабходна мець на ўвазе, таму што яны былі важнымі як зыходная сытуацыя для паасобных нацыянальных рухаў. Асноўныя элемэнты моўнай праграмыКомплекс патрабаваньняў і мараў, якія мы сукупна акрэсьліваем як моўную праграму нацыянальных рухаў, не ўтвараў аднароднага ды нязьменнага комплексу, ды й роля, якую адыграла моўная праграма, не была аднолькавай на ўсіх фазах нацыянальнага руху. Падчас фазы А мова была прадметам зацікаўленьня з боку адукаваных асьветнікаў. Натуральна, іх зацікаўленьне часта межавала з улюблёнасьцю, таму часамі яны не былі пазбаўленыя эмацыйных адносінаў да прадмету свайго дасьледаваньня. Падчас фазы В яна звычайна рабілася складовай часткай нацыянальнай агітацыі і, натуральна, адыгрывала цэнтральную ролю ў патрыятычнай камунікацыі. Падчас фазы С, калі гэтага не адбывалася яшчэ раней, моўная праграма яшчэ й палітызавалася.Калі мы паспрабуем клясыфікаваць патрабаваньні й падыходы, якія на розных фазах нацыянальнага руху выкарыстоўваліся ў адносінах да мовы, то зможам адрозьніць пяць элемэнтаў, альбо ўзроўняў, моўнай праграмы, якія нараджаліся ў часавай пасьлядоўнасьці ды кумуляваліся. Гэта азначае, што больш надзённыя й пазьней фармуляваныя элемэнты моўнай праграмы ўключалі ў сябе папярэднія элемэнты альбо мелі на ўвазе іх існаваньне. Без такой унутранай дыфэрэнцыяцыі моўнай праграмы мы зь цяжкасьцю маглі б уключыць яго ў канкрэтны грамадзкі кантэкст ды аналізаваць сацыяльны фон яе паасобных элемэнтаў. 1. Абарона й усхваленьне мовыАбарона мовы далёка не была чэскай спэцыфікай. Падкрэсьліваньне эстэтычнай вартасьці мовы, яе слаўнага мінулага, яе здольнасьці выказваць складаныя думкі й пачуцьці — усё гэта было звычайным, хоць і не заўсёды інстытуцыялізаваным элемэнтам фазы А нацыянальных рухаў. Зрэшты, гаворка не ішла пра нешта новае. Ня быў новым нават падыход, які можна было б зьвязваць выключна з нацыянальным рухам. Ужо італьянскія й францускія гуманісты ўслаўлялі свае нацыянальныя мовы13, а дакумэнтальнае пацьверджаньне клопату пра мову ды мары пра яе славу эпізадычна, аднак пераканаўча сустракаем ужо ад раньняга сярэднявечча14. |
9 Fishman, J. Language and Nationalism. Р. 41.
10 Ferguson, Ch. A. Diglossia // Word. № 15. 1959. Р. 325.
11 Fishman, J. Bilingualism with and without diglossia, diglossia with and without bilingualism // The Journal of Social Issues. № 23. 1967. Р. 29; яго ж. Language in Sociocultural Change. Stanford, 1972. Р. 135. 12 Edwards, J. R. Language, Society and Identity. Oxford, 1985. Р. 143. |
Застанёмся, аднак, пры фазе А. Разам з чэскай «Абаронай», якая разам з эстэтычнымі вартасьцямі ды гістарычнымі заслугамі падкрэсьлівала практычную патрэбу валоданьня чэскай мовай прадстаўнікамі паноўных элітаў, нам вядома, што з таго самага пэрыяду падобным чынам фармуляваная абарона й праслаўленьне нідэрляндзкай мовы з аўстрыйскіх Нідэрляндаў. Праўда, там галоўнай небясьпекай, ад якой патрыёты хацелі бараніць сваю мову, была не нямецкая, а француская мова15. Усхваленьне й абарону мовы знойдзем у гэты пэрыяд таксама ў вугорцаў, а ў першай палове ХІХ ст. — у Нарвэгіі, Харватыі ды Фінляндыі. Яшчэ пазьней пачаў вяртаньне славы мове й каталёнскі рух16. Усхваленьне мовы звычайна інтэрпрэтуюць як духоўнае дзіця Ё. Г. Гэрдэра (J. G. Herder). Аднак гэта слушна толькі часткова. Шэраг жа абаронаў быў напісаны раней, чым Гэрдэр апублікаваў сваю філязофію мовы й сваю моўную канцэпцыю народу. Больш позьнія абароны, натуральна, пераймалі шмат якія зь ягоных аргумэнтаў.
Падчас фазы В усхваленьне мовы стала звычайным элемэнтам нацыянальнай агітацыі ў большасьці нацыянальных рухаў ды, уласна кажучы, на стала інтэгравалася ў нацыянальную праграму. Праўда, яно набыло трохі іншую функцыю, чым тая, якую выконвала падчас фазы А ды на парозе фазы В. Яно зрабілася патрыятычным аргумэнтам, скіраваным да ўласных шэрагаў, гэта значыць на адрас чальцоў уласнай этнічнай групы. Іх заклікалі любіць і бараніць сваю мову, як гэта сымбалічна перадавала адна з цытатаў, якую перадрукаваў Чэхаслаў (Čechoslav) у 1824 г. з «Архіву» Гормайра (Hormayr): «Хто родную мову ня любіць, той ня сябар радзіме»17. Гэта выказваньне амаль даслоўна супадае з заклікам Сабіна Араны (Sabin Arana), заснавальніка басконскага нацыянальнага руху, зробленым на 70 гадоў пазьней: «Калі вы ня любіце мовы сваёй радзімы, вы ня можаце любіць і сваёй радзімы!»18. Ужо ў саракавыя гады ХІХ ст. Ё. В. Снэльман (J. V. Snellman) фармуляваў лёзунг: «Бязь фінскай мовы — мы ня фіны», а зусім падобная думка прагучала на паўстагодзьдзя пазьней на супрацьлеглым канцы нашага кантынэнту, у Каталёніі: «Мова … — гэта духоўная падстава нашага існаваньня»19. У сувязі са зьменай аўдыторыі, да якой былі зьвернутыя абароны мовы, неабходна шырэй нагадаць пра адрасатаў. Нацыянальныя рухі арыентавалі свае патрабаваньні — прычым ня толькі патрабаваньні моўнага характару — у двух кірунках: 1) «вонкі», у кірунку дзяржаўнай адміністрацыі, мясцовых уладаў, да паноўных адукаваных людзей, да кіраўніцтва, да ўлады і г. д., змагаючыся за прызнаньне сваёй мовы ды за павышэньне яе статусу; 2) «унутр», да ўласных шэрагаў, да прадстаўнікоў уласнай этнічнай групы альбо фармаванага народу ў спробе мабілізаваць іх на прыняцьце моўнай ды іншай патрыятычнай дзейнасьці, узмацніць іх нацыянальную тоеснасьць. Гэтую падвойную пэрспэктыву нацыянальнай агітацыі й фармуляваньня нацыянальных мэтаў мы павінны мець на ўвазе, займаючыся роляю моўнай праграмы ды яе паасобных элемэнтаў у нацыянальным руху. Зрэшты, гэта праявілася ўжо ў выпадку абаронаў мовы. Частка зь іх была прызначана прадстаўнікам уласнай этнічнай групы, то бок адукаваным людзям, якія заяўлялі пра сваю прыналежнасьць да яе. Аднак відавочна пераважала спроба абгрунтаваць і абараніць самабытнасьць мовы ў дачыненьні да тых, хто прымаў рашэньні аб яе ўжываньні й прызнаньні, гэта значыць да прадстаўнікоў паноўных клясаў і адукаваных элітаў незалежна ад таго, ці былі тыя на дзяржаўнай ці царкоўнай службе. Крайнім выпадкам былі заклікі да абароны беларускай мовы, зь якімі некаторыя прадстаўнікі ўніяцкай герархіі зьвярталіся ў апошняй чвэрці ХІХ ст. да Рыму20.
2. Пошук моўных нормаў і спробы кадыфікацыі мовыДоўгі шлях ад гутарковага дыялекту да моўнай кадыфікацыі быў праяваю працэсу мадэрнізацыі, неад’емным элемэнтам культурнай кадыфікацыі21. Патрыёты ў сваіх спробах маглі абаперціся ня толькі на гутарковыя дыялекты, але й на printed-language, якая магла быць крыніцаю моўных нормаў. Іншымі крыніцамі былі ў некаторых нацыянальных рухах пераклады афіцыйных дакумэнтаў з мовы дзяржаўных элітаў, ужываныя ў гаспадарчай сфэры тэрміны, у рэлігійным жыцьці ды таму падобнае. Дж. Фішман акрэсьлівае тэрмінам language planning (анг. — моўнае плянаваньне. — заўв. перакл.) паралельнасьць трох працэсаў: арганізацыі клопату пра мову, яе папулярызацыі ды стандартызацыі. Гэтыя працэсы ўключалі ў сябе ў выпадку нацыянальнага руху пошук моўнага коду й кадыфікацыю, з аднаго боку, і мэтанакіраванае ўжываньне новакадыфікаванай мовы — з другога22.У гэтым месцы можна было б задаць пытаньне, а ці магчыма наагул праслаўленьне мовы, якая ўласна й ня мова, а комплекс дыялектаў. Аднак language planning напэўна выконвала ня толькі функцыю культурнай стандартызацыі й папулярызацыі мовы. Калі ўжо лідэры нацыянальнага руху дэфінавалі народ перадусім мовай і культурай — так гэта было, як мы ведаем, у бальшыні выпадкаў, — дык яны павінны былі вызначыць, дзе, уласна, канчаецца альбо пачынаецца гэты народ, дзе яго межы, хто належыць да яго шэрагаў, а хто не. Пошук моўнага стандарту быў адзіным шляхам, як у гэтым выпадку выразна вызначыць мяжу ўласнага народу ды ясна адрозьніць яго ад іншых народаў, прычым так, каб гэта мяжа была агульна зразумелай23. Вучоныя дыскусіі пра граматыку й правапіс пачынаюцца, як правіла, ужо падчас фазы А, і іх вынікам было выданьне слоўнікаў і размоўнікаў, але вынікі індывідуальных дасьледаваньняў людзей навукі не заўсёды супадалі з разьвіцьцём агульнапрынятых моўных нормаў. Дыскусіі пра кадыфікацыю мовы звычайна працягваліся таксама на працягу фазы В, у выніку чаго да іх далучаўся гэтаксама ва ўсё большай ступені разам зь лінгвістычнымі аспэктамі аспэкт агітацыйны: пошук «слушнай» моўнай нормы — калі яе асновы не былі прынятыя падчас фазы А — рабіўся нацыянальнай задачай. Адсюль вырастала — прычым далёка ня толькі ў чэскім асяродку — на стала прынятае ўяўленьне пра патрэбу культываваць і ўдасканальваць літаратурную мову, «пратэкцыянісцкі падыход» да мовы24. Складовай часткай гэтага клопату была таксама спроба ачысьціць нацыянальную мову ад чужых элемэнтаў, моўны пурызм, пра функцыянальнасьць і абгрунтаванасьць якога па сёньняшні дзень вядуцца дыскусіі25. Шляхі да моўнай кадыфікацыі праходзілі асынхронна — гэта адпавядала агульнай асынхроннасьці народатворчых працэсаў — ды значна адрозьніваліся ў залежнасьці ад зыходнай моўнай сытуацыі, а таксама ў залежнасьці ад выбраных прынцыпаў. Кажучы спрошчана, амаль кожны нацыянальны рух падчас сваёй фазы А стаяў перад дзьвюма магчымасьцямі: 1. Выкарыстаць старэйшыя традыцыі, як тыя захаваліся ў «друкаванай мове» альбо ў сярэднявечнай літаратурнай мове: пасьпяховасьць гэтага варыянту, зразумела, у значнай ступені залежала ад сілы пераемнасьці моўнай традыцыі. 2. Абаперціся на гутарковую мову сваёй эпохі: у гэтым выпадку посьпех быў перадусім абумоўлены здольнасьцю справіцца з праблемай розных дыялектаў26. Клясычным прыкладам кадыфікацыі, заснаванай на старэйшай традыцыі літаратурнай мовы, напэўна зьяўляецца стварэньне сучаснай чэскай мовы, хоць і тут гэты працэс не праходзіў безь неладоў. Падобнай перавагаю мог скарыстацца таксама пошук літаратурнай нормы ў каталёнскай мове, а вось зварот да старэйшай літаратурнай мовы ў Валіі ды асабліва ў Ірляндыі сустракаўся ўжо са значнымі цяжкасьцямі. У нарвэскім нацыянальным руху вяртаньне да сярэднявечнай літаратурнай нарвэскай мовы нават не стаяла на парадку дня. Своеасаблівым дастасаваньнем пераемнасьці літаратурнай мовы там было сьпярша бездыскусійнае прыняцьце мовы паноўных элітаў — дацкай, мадыфікаванай паводле нарвэскага маўленьня. Толькі ў ходзе фазы В нарадзіўся рух за новую мову, створаную камбінацыяй дыялектаў. Аднак гэты рух дасягнуў посьпеху ўсяго толькі часткова, так што ў Нарвэгіі на стала былі ўведзеныя дзьве моўныя нормы27. |
13 N. Machiavelli напісаў у абарону італьянскай мовы "Discorso o Dialogo intorno alla lingua nostra" (сучаснае выданьне B. T. Sozzi (Torino, 1976); тамсама ўрыўкі з абаронаў і ўслаўленьняў італьянскай мовы, складзеныя Pietro Bembo, Baldassare Castiglione, Leonardo Salviati ды іншымі). У 1549 г. біскуп Jean du Bellay напісаў абарону францускай мовы "Défence et illustration de langue française". Іншыя дакумэнты прыводзіць E. Lemberg (Nationalismus. 1964. Р. 122).
14 Rexroth, K. H. Volkssprache und werdendes Volksbewusstsein im ostfränkischen Reich // H. Beumann, W. Schröder (eds.). Nationes. Aspekte der Nationenbildung im Mittelalter. S. 296.
15 Elias, H. J. Geschiedenis van de Vlaamse Gedachte I. Antwerpen, 1963. С. 119.
16 Conversi, D. Language or race?: the choice of core values in the development of Catalan and Basque nationalisms // Ethnic and Racial Studies. № 13. 1993. Р. 53.
17 Čechoslav. 11, 9, 1824.
18 Conversi, D. Language or race? Р. 60.
19 Wuorinen, J. H. Nationalism in Modern Finland. New York, 1931. Р. 65. 20 Sipovič, Č. The Language Problem in the Catholic Church in Byelorussia from 1832 to the First World War // Journal of Byelorussian Studies. № 3. 1973. Р. 23. 21 Gellner, E. Culture, Identity and Politics. Cambridge, 1987. Р. 24; Bourdieu, P. Ce que parler veut dire. Р. 29.22 Fishman, J. Language and Nationalism. Р. 61. 23 Barth, F. Ethnic Groups and Boundaries. Bergen, 1969. Р. 8; Khleif, B. B. Insiders, Outsiders and Renegades: Towards a Classification of Ethnolinguistic Labels // H. Gilles, B. Saint-Jacques (eds.). Language and Ethnic Relations. Pergamon, 1979. Р. 159.24 Starý, Z. Ve jménu funkce a intervence. AUC Philologica, Monographia CX-XII. 1994 (разьдзелы 3 і 4). 25 Thomas, G. Linguistic Purism. London - New York, 1991. Р. 116; Fishman, J. Language and Nationalism. Р. 66.26 Падрабязна на гэтую тэму гл.: Edwards, J. R. Language, Society and Identity. Р. 16. |
Нацыянальныя рухі ў асяродку ўсходняй, праваслаўнай царквы, павінны былі даць сабе рады з тым фактам, што адзінай літаратурнай мовай, да якой яны маглі апэляваць як да носьбіта нацыянальнай культурнай традыцыі, была мова царкоўнаславянская (стараславянская), мадыфікаваная, натуральна, у залежнасьці ад мясцовага моўнага асяродку. У сэрбскім нацыянальным руху патрабаваньне ўжываньня старой сэрбскай царкоўнаславянскай мовы абмяжоўвалася часткай духавенства ды адыгрывала пэрыфэрыйную ролю. Аднак у баўгарскім нацыянальным руху прыхільнікі стараславянскай мовы маглі скарыстаць той факт, што яна была сымбалем супраціву засільлю грэцкай мовы ды грэкаў у іх царкоўным жыцьці. Аднак пасьля распачатай у саракавыя гады дыскусіі ад праграмы вяртаньня да мёртвай царкоўнай мовы адмовіліся. Адносна найдаўжэй утрымалася патрабаваньне арыентацыі на царкоўнаславянскую моўную традыцыю ва ўкраінскім нацыянальным руху, дзе, паводле думкі некаторых патрыётаў, менавіта царкоўнаславянская мова магла пераадолець значныя адрозьненьні ня толькі паміж дыялектамі, але й таксама адрозьненьні, дадзеныя палітычным падзелам украінскай тэрыторыі. Ва ўсіх выпадках нарэшце перамагла арыентацыя літаратурнай мовы на мову гутарковую. У Грэцыі спрэчка паміж прыхільнікамі старой літаратурнай мовы («кафарэўсы») ды сучаснай моўнай нормы («дымотыкі») вылілася ў паралельнае існаваньне дзьвюх літаратурных нормаў, якое працягвалася ажно да ХХ ст. У гэтым пляне існуе своеасаблівая паралель паміж кадыфікацыяй мовы ў Грэцыі й у Нарвэгіі28.
|
27 Burgun, A. Le développement linguistique en Norvčge depuis 1814. Kristiania, 1921; Haugen, E. Language Planning. The Case of Modern Norwegian. Cambridge/Mass., 1966. |
Кадыфікацыя нацыянальнай мовы на базе жывой гутарковай мовы сутыкалася са складанай праблемай. Які з дыялектаў уяўляе зь сябе менавіта тое пажаданае «чыстае» ядро мовы? Толькі ў некаторых выпадках шлях ад гутарковай да літаратурнай мовы быў адносна беспраблемным. У Фінляндыі гэта было перадусім дзякуючы аўтарытэту лінгвістычнай навукі, дасягненьні якой прыпадаюць ужо на фазу А; у Літве — дзякуючы аўтарытэту часопіса «Аўшра» («Aušra») ды пакаленьня, якое на ім вырасла; у Славаччыне — дзякуючы аўтарытэту Л. Штура (Ľ. Štúr) і штураўцаў. На камбінацыі дыялектаў адносна лёгка дамовіліся таксама латыскія патрыёты. Спроба стварэньня новай нарвэскай мовы як штучнае мовы, заснаванай на камбінацыі дыялектаў, ніколі не дасягнула поўнага посьпеху. У славенскім нацыянальным руху ўсталяваньню моўнай нормы пасьля адхіленьня ілірызму папярэднічала ўпартая дыскусія паміж прыхільнікамі розных дыялектаў, якая працягвалася далёка ў глыб фазы В. Падобна справы выглядалі і ў басконскім нацыянальным руху, які мусіў пераадолець значныя адрозьненьні паміж дыялектамі розных далінаў. У баўгарскім нацыянальным руху празь некалькі дзесяцігодзьдзяў дыскусіяў перамаглі аўтары і патрыёты з усходняй і паўночна-ўсходняй часткі краіны. Шлях да нацыянальнай мовы, такім чынам, быў значна ўскладнены асабліва там, дзе захавалася вялікая розьніца ў дыялектах29.
|
28 Венедиктов, Г. Из истории современного болгарского языка. София, 1981. С. 48; Magossi, P. The Language Question as a Factor in the National Movement in Eastern Galicia // A. S. Markvits, F. S. Sysyn (eds.). Nationbuilding and the Politics of Nationalism: Essays on Austrian Galicia. Cambridge/Mass., 1982. Р. 232. |
Бадай што самым складаным быў пошук нормы літаратурнай мовы ў сэрбска-харвацкім выпадку. Кампрамісны выбар штокаўскага дыялекту (на ім размаўляла большасьць харватаў і сэрбаў) як агульнай базы для літаратурнай мовы быў ня ў стане ліквідаваць супярэчнасьць паміж «заграбскай школай», якая інтэгравала да мовы кайкаўскія элемэнты (заграбскі дыялект) і дуброўніцкія рэнэсансавыя літаратурныя традыцыі, ды канцэпцыяй Вука Караджыча (Vuk Karadžić), які падкрэсьліваў моўнае адзінства абодвух народаў і фанэтычны правапіс. Кампраміс, які ў 1850 г. упарадкаваў норму сэрбска-харвацкай мовы з двума альфабэтамі, ніколі ня быў агульна прыняты ў Харватыі. Ёсьць пэўнае падабенства ў праблеме моўнага адзінства паміж галіцкай (русінскай) і расейскай часткамі Украіны. Толькі на парозе ХХ ст. была пераадоленая тэндэнцыя да стварэньня дзьвюх моўных нормаў: новая літаратурная мова зыходзіла з палтаўскага дыялекту, на якім хоць і размаўляла найбольшая група насельніцтва, але якому бракавала літаратурнай традыцыі галіцкіх украінцаў, якіх было меней. Падобна позьнім было распрацоўваньне моўнай нормы ў беларускім выпадку: аднак аналёгія толькі зьнешняя, таму што тут справа была ў фазавым зруху ды ў выніку вельмі спозьненага пачатку фазы А нацыянальнага руху30.
Працэс language planning уключаў у сябе разам з пасьпяховымі й няўдалыя канструкцыі моўных нормаў. Часам даходзіла нават да спробаў стварыць штучную мову, якія не ўдаліся проста таму, што разыходзіліся з агульнапрынятымі нормамі. З чэскага асяродку, хутчэй за ўсё, нам вядомая спроба стварэньня мараўскай мовы на парозе 1830-х гг. Сюды ж адносіцца й штучная канструкцыя агульнай чэскай мовы для чэхаў ды славакаў, як і пабудова ілірыйскай мовы. У гэтай сувязі нагадаем і вышэй пададзеныя спробы ўвядзеньня царкоўнаславянскай мовы. Толькі ХХ ст. паказала, што й сэрбска-харвацкую мову трэба аднесьці да няўдалых спробаў стварэньня літаратурнай мовы «зьверху». Моўная кадыфікацыя была доўгатэрміновым працэсам, у якім сутыкаліся розныя пункты гледжаньня, але ў якім таксама ліквідаваліся валюнтарыстычныя канцэпцыі, што супярэчылі моўнай і сацыяльнай рэчаіснасьці31. Гэты факт варта мець у галаве, чытаючы заўвагі сучасных інтэлектуалаў пра тое, што мова — гэта, уласна кажучы, толькі «штучна збудаваная канструкцыя»32. Аднак ступень і хуткасьць посьпеху нацыянальнай агітацыі, безумоўна, у пэўным сэнсе залежалі ад таго, як хутка ўдалося дасягнуць агульнага кансэнсусу ў пытаньні стандартызацыі нацыянальнай мовы ды як хутка моўная норма распаўсюдзілася. Для другога ўзроўню моўнай праграмы ўсё ж такі характэрна тое, што ён зьвяртаўся перш за ўсё да ўласных шэрагаў ды прапанаваў прадстаўнікам уласнага фармаванага народу агульную сучасную літаратурную мову. Эфэктыўнасьць альбо неэфэктыўнасьць гэтай прапановы не залежала, аднак, ад саміх інтэлектуалаў, а ад таго, у якой ступені іх моўная «канструкцыя» была ў згодзе з тагачаснымі моўнымі ды сацыяльнымі адносінамі.
3. Інтэлектуалізацыя нацыянальнай мовыХоць было б лягічна канстатаваць, што перадумоваю інтэлектуалізацыі мовы была яе папярэдняя стандартызацыя, гэта супярэчыла б гістарычнай рэальнасьці. Моўныя нормы часта ствараліся ў самім працэсе літаратурнай творчасьці. Вучоныя дыскусіі, якія тычыліся граматыкі й артаграфіі, не маглі перашкодзіць патрыятычна настроеным літаратарам публікаваць свае творчыя спробы. Літаратурная творчасьць у розных нацыянальных рухах разьвівалася ў розныя пэрыяды, як гэта адпавядала асынхроннаму характару народатворчых працэсаў, і шмат якія зь іх значна паўплывалі на вынікі навуковых дыскусіяў пра літаратурныя нормы альбо, адпаведна, пра прыняцьце ці непрыняцьце пэўнага дыялекту.Незалежна ад гэтай асынхроннасьці можна сказаць, што ва ўсіх нацыянальных рухах паступова прабівала сабе дарогу спроба разьвіваць створаную (альбо адноўленую) літаратурную мову фармаванага народу ў шэрагу літаратурных жанраў, якія мы можам зьвесьці ў шэсьць родаў дзейнасьці больш-менш храналягічна пасьлядоўных: 1. Найбольш раньняй формай інтэлектуалізацыі звычайна была журналістыка ды выхаваўчыя чытанкі для люду. На парозе фазы В амаль усіх нацыянальных рухаў выдаваньне газэт ці часопісаў, акрамя агітацыйнай і камунікацыйнай функцый (альбо праз гэтыя функцыі), пачало пасьпяхова ўзбагачаць і разьвіваць нованароджаную сучасную мову. У якасьці прыкладу дастаткова будзе нагадаць газэту «Суомэтар» (Suometar) у Фінляндыі, эстонскую «Сакалу» (Sakala), латыскія «Пэтэрсбургас Авізэс (Petersburgas Avizes), чэскія «Крамэрыёвы новіны» (Krameriovy noviny), літоўскую «Аўшру» (Aušra) і г. д. 2. Зьбіраньне, афармленьне й дасьледаваньне народнай паэзіі ды народнай творчасьці наагул. Народная творчасьць мела надзвычайнае значэньне асабліва там, дзе патрыёты ўжо падчас фазы А мелі, няхай абмежаваную й незаўважную, магчымасьць абаперціся на старэйшую традыцыю «друкаванай мовы», як гэта было, напрыклад, у Фінляндыі, у Прыбалтыцы й ва Ўкраіне. Калі-нікалі народная паэзія магла натхняць і нават часова замяшчаць уласную літаратурную творчасьць ды падаваць рудымэнтарныя элемэнты гістарычнай сьвядомасьці (фінская «Калевала», сэрбскія гераічныя сьпевы). 3. Арыгінальная паэзія ды пераклады й пэрыфразы паэтычных твораў у разьвітых літаратурах ня мелі служыць усяго толькі як прылада дзеля ўзбагачэньня й разьвіцьця фармаванай мовы ды як доказ яе высокага ўзроўню: яны падавалі таксама прывабныя тэксты з нацыянальна-ўсьведамляльным пасланьнем. Патрыятычную паэзію ня толькі дэклямавалі пры самых розных нагодах, але яна пастаўляла гэтаксама тэксты для пералажэньня на музыку ў форме патрыятычных песьняў. 4. Кароткія апавяданьні й аповесьці першапачаткова ўзьнікалі перш за ўсё для патрэбы патрыятычных часопісаў і складалі істотную частку іх зьместу. Раманная творчасьць зьяўлялася звычайна аж на завяршэньні фазы В ці ў ходзе фазы С: гэты зрух можна высьветліць перадусім тым, што для гэтай больш велічнай формы бэлетрыстыкі павінен быў сьпярша ўзьнікнуць чытацкі рынак, які б забясьпечыў ёй збыт. Гэта не было толькі пытаньнем заможнасьці, але таксама пытаньнем адукаванасьці чытацкай аўдыторыі з шэрагаў непаноўнай этнічнай групы. У гэтым месцы можна выказаць гіпотэзу, што стварэньне жанравай паўнаты нацыянальнай літаратуры прыпадае прыблізна на той самы пэрыяд, што й дасягненьне паўнаты сацыяльнага складу фармаванага народу. 5. Тэатральныя п’есы, наадварот, належаць да вельмі раньніх жанраў, у якіх знаходзіла сабе выкарыстаньне новая мова — зразумела, пры ўмове, што палітычныя й матэрыяльныя ўмовы давалі магчымасьць існаваць прынамсі падарожным і аматарскім тэатрам. Тэатральныя прадстаўленьні, звыш таго, мелі сваё спэцыфічнае значэньне для пашырэньня валоданьня літаратурнай мовай і на сацыяльныя слаі, якія не дабраліся да пісанага слова, а ў шэрагу выпадкаў — і для пашырэньня правільнага вымаўленьня ў гэтай мове. 6. Прафэсійная літаратура (уключаючы навуковую тэрміналёгію): у гэтым пляне паміж паасобнымі нацыянальнымі рухамі, безумоўна, былі значныя адрозьненьні. Патрабаваньні ўласнай нацыянальнай навукі маглі высоўваць толькі нацыянальныя грамадзтвы, у якіх былі дастаткова прадстаўленыя людзі з вышэйшай адукацыяй і якія стварылі навуковыя інстытуты. У некаторых нацыянальных рухах мы сустракаемся з дыскусіямі, які сэнс, уласна, мусіла мець «адраджэньне» мовы. Так, напрыклад, у эстонскім нацыянальным руху сямідзясятых гадоў дыскутавалася тое, ці ня варта было б спыніцца адно толькі на перакладах з больш разьвітых літаратураў. Ва ўкраінскім нацыянальным руху шэраг лідэраў яшчэ ў 1905 г. рэкамэндаваў ужываць новакадыфікаваную ўкраінскую мову перш за ўсё для напісаньня народна-выхаваўчай літаратуры, газэт і забаўляльных чытанак33. |
29 Венедиктов, Г. Из истории… C. 76, 14; Kaupas, V. Die Presse Litauens, unter Berücksichtigung des nationalen Gedankes und der öffentlichen Meinung I. Klaipeda, 1934. S. 141; Römer, M. Studium o odrodzeniu narodu litewskiego. Lwów, 1908. S. 122; Ochmański, J. Historia Litwy. Wrocław - Warszawa - Kraków, 1990. S. 235; Rogel, C. The Slovenes and Jugoslavism 1890-1914. New York, 1977; Blinkena, A. The Role of the Neo-Latvians in Forming the Latvian Literary Language // A. Loit (ed.). National Movements in the Baltic Countries during the 19th Century. Stockholm, 1985. Р. 337. 30 Gross, M. Die Anfдnge des modernen Kroatiens. Gesellschaft, Politik und Kultur in Zivil-Kroatien und -Slavonien in den ersten dreißig Jahren nach 1848. Wien - Köln - Weimar, 1993. S. 64; Auty, R. The Linguistic Revival among the Slavs of the Austrian Empire 1780-1850: the Role of Individuals in the Codification of New Literary Languages // Modern Language Review. № 53. 1958; Р. 399; Magocsi, R. The Language Question. Р. 237; Vakar, N. P. Belorussia, the Making of a Nation: a Case Study and a Bibliographical Guide to Belorussia. Cambridge/Mass., 1956. Р. 78. 31 Daneš, F. Values and attitudes in language standardization // J. Chloupek, J. Nekvapil (eds.). Reader in Czech sociolinguistics. Amsterdam, 1987. Р. 206. Параўнайце, напрыклад: Hobsbawm, E. J. Nations and Nationalism since 1789. Programme, myth, reality, Cambridge, 1990. Р. 110. 32 Eisenstadt, S. N. Die Konstruktion nationaler Identität in vergleichender Perspektive // B. Giesen (eds.). Nationale und kulturelle Identität. Frankfurt, 1991. S. 1. |
Дзейнасьць, якую мы азначаем як інтэлектуалізацыя мовы, можа быць па праве акрэсьленая як выкананьне культурнай праграмы нацыянальнага руху. Надзвычайная роля літаратуры ва ўяўленьнях пра культурную самабытнасьць належыць да спэцыфічных рысаў нацыянальных рухаў.
Імкненьне да інтэлектуалізацыі мовы было патрабаваньнем, якое патрыёты перадусім скіроўвалі да ўласных шэрагаў. Толькі ў некаторых скрайніх сытуацыях публікацыя літаратуры на мове непаноўнай этнічнай групы сутыкалася з адкрытай забаронай з боку дзяржавы ці паноўных элітаў. Так было асабліва ў царскай Расеі, дзе ажно да пачатку ХХ ст. дзейнічала забарона на выдаваньне літоўскіх публікацыяў любым альфабэтам, акрамя кірыліцы, ды дзе ўкраінская мова не прызнавалася за літаратурную. У Габсбурскай манархіі, гэтаксама як у Прусіі й іншых дзяржавах, магчымасьці выдаваньня літаратурных твораў на нацыянальнай мове былі абмежаваныя толькі больш ці менш пільным наглядам дзяржаўнай цэнзуры, якая, праўда, асабліва ў дасакавіцкі пэрыяд, вельмі часта кваліфікавала патрыятычныя праявы як палітычна непажаданыя. Такім чынам, калі імкненьне да ўздыму мовы й мела наагул характар барацьбы зь дзяржаўнымі ці саслоўна-грамадзкімі інстытутамі, дык гэта адначасова была барацьба за паслабленьне ці наўпрост за скасаваньне цэнзуры, барацьба, якая была інкарпараваная ў агульную спробу пасьлядоўна дамагчыся грамадзянскіх правоў.
4. Укараненьне мовы ў школьнае навучаньнеНовая літаратурная мова магла выконваць сваю сацыяльную функцыю толькі пры ўмове, што ёй будуць валодаць прадстаўнікі фармаванага народу. Таму мова спачатку павінна была знайсьці сабе «спажыўцоў», хоць зьнешнія ўмовы былі звычайна далёкія ад умоваў «рынку». Працэсы й мэтады, якія выкарыстоўваліся патрыётамі, значна адрозьніваліся ў залежнасьці ад канкрэтных варункаў паасобных нацыянальных рухаў. Гэта былі розныя формы патрыятычных фэстаў і баляў, як у выпадку чэскага ды каталёнскага рухаў, рэгулярныя сходкі сьпявацкіх калектываў, як у выпадку эстонскім, латыскім і валійскім, чытацкія гурткі й г. д.Найбольш эфэктыўным сродкам моўнага выхаваньня было, вядома ж, школьнае навучаньне. Таму цэнтральным патрабаваньнем народнага руху стала «нацыяналізацыя школаў», то бок увядзеньне нацыянальнай мовы як мовы навучаньня й вучэбнага прадмета34. Гэтае патрабаваньне кіравалася як «вонкі», да дзяржаўных і мясцовых уладаў, так і «ўнутр», да ўласных шэрагаў. Дзяржаўныя ўстановы мелі дазволіць і падтрымліваць школы, дзе дзеці маглі б атрымаць адукацыю на сваёй роднай мове й дзе б яны маглі гэту мову вывучаць. Зь іншага боку, бацькі мелі пасылаць сваіх дзяцей у гэтыя нацыянальныя, патрыятычныя школы, калі ўжо існавала магчымасьць такога выбару. |
33 Shevelov, G. The Ukrainian Language in the First Half of the Twentieth Century (1900-1941): its State and Status. Harvard, 1989. P. 98. |
Барацьба за народныя школы ў такіх умовах стала дзейснай прыладай нацыянальнай мабілізацыі звычайна ўжо ў ходзе фазы В. Прычым справа была ня толькі ў тым, каб дзеці ў школу прыйшлі. Наведваньне школаў, у якія была ўведзеная новая нацыянальная мова, узмацняла сувязі, якія ядналі прадстаўнікоў фармаванага народу. Справа пры гэтым была ня толькі ў больш простых зносінах: праз моўнае выхаваньне школа стварала пэўную «супольнасьць сьвядомасьці»35. Дзеці ж у школе вывучалі ня толькі літаратурную форму сваёй роднай мовы, але і засвойвалі адначасова здольнасьць назіраць, апісваць і разумець, інтэрпрэтаваць рэчаіснасьць падобным чынам36. Пытаньне пра тое, да якой ступені гэта супольнае назіраньне рэчаіснасьці ўплывала на іх атаясамліваньне з народам, які ствараецца, дагэтуль недастаткова аналізавалася й належыць да важных дасьледчыцкіх задачаў.
Ступень посьпеху ў барацьбе за нацыянальную школу была вельмі рознай і значным чынам залежала ад дзяржаўнай школьнай палітыкі. А тая выяўляла значныя адрозьненьні ў кожнай канкрэтнай дзяржаве й зьмянялася разам зь іх унутраным разьвіцьцём. Адначасова трэба браць пад увагу розьніцу ў дзяржаўнай палітыцы адносна асобных тыпаў школьнага навучаньня. Пры навучаньні ў пачатковых школах Габсбурская манархія й Асманская імпэрыя дазвалялі выкарыстаньне моваў мясцовага насельніцтва яшчэ раней, чым гэтая мова была кадыфікаваная. У зьмешаных вобласьцях ды ў вобласьцях зь нявыкрышталізаванаю этнічнай сьвядомасьцю (некаторыя славенскія й славацкія рэгіёны) навучаньне мела дзвюхмоўны характар. Падобная талерантнасьць у царскай Расеі дзейнічала толькі ў Прыбалтыцы й у Фінляндыі, тады як літоўскія, беларускія й украінскія школы мусілі ўжываць у якасьці мовы навучаньня расейскую. Нацыянальныя патрабаваньні знайшлі ў гэтым выпадку пэўны водгук толькі ў рэвалюцыйным 1905 г. Дыскрымінацыя мовы непаноўнай этнічнай групы ў пачатковых школах, вядома, не была ніякай спэцыфікай «Усходу». Мы знойдзем да яе паралелі асабліва ў Францыі ды ў Гішпаніі. Пакараньне за ўжываньне мясцовага patois спасьцігала вучняў у Эльзасе й Брэтані яшчэ на парозе ХХ ст. У Валіі нагодай для ўзьнікненьня нацыянальнага руху на пачатку 40-х гг. ХІХ ст. стаўся парлямэнцкі законапраект аб тым, каб ангельскую мову ўвесьці ў якасьці абавязковай мовы навучаньня ў інтарэсах уздыму жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва. Інакш, безумоўна, выглядала пытаньне якасьці навучаньня ў пачатковых школах. Зразумела, прыладай моўнай сьвядомасьці школы маглі стаць толькі пасьля таго, як была прынятая норма пра яе абавязковасьць, ды пасьля таго, як гэтая норма была ўключаная ў праграмы падрыхтоўкі настаўнікаў. Істотна іншай была сытуацыя на сярэднім узроўні школаў. У гэтым выпадку народны рух таксама ставіў перад сабой падвойную мэту: праграмай-мінімум быў дазвол нацыянальнай мовы ў якасьці прадмета навучаньня, а праграмай-максымум — адкрыцьцё ня толькі галоўных школаў, але таксама гімназіяў, дзе б фінская, чэская, славацкая ды іншыя мовы былі б мовамі навучаньня. Тады як нацыянальныя рухі ў Перадлітавіі дасягнулі на гэтым полі (асабліва што датычылася навучаньня ў галоўных школах) выразных посьпехаў асабліва пасьля 1861 г., сытуацыя ў Залітавіі, Прусіі й Расеі была больш складанай. Там праявіліся моцныя тэндэнцыі асыміляваць «меншасьці» менавіта шляхам школьнага навучаньня. Мадзьярызацыя школьніцтва пачалася ў Вугоршчыне пасьля 1870 г., русіфікацыя школаў у Прыбалтыцы — у васьмідзясятыя гады, падобна як і германізацыя школаў пасьля аб’яднаньня Нямеччыны. Ужо дазволеныя гімназіі зь немадзьярскай мовай навучаньня ў Вугоршчыне былі закрытыя, ды й у пачатковых школах ва ўсё большай ступені ўкаранялася мадзьярская мова замест моваў мясцовых. Ахвяраю русіфікацыі перадусім сталі першыя спробы арганізаваць уласныя латыскія й эстонскія сярэднія школы, тады як фінскае школьніцтва ўтрымала пэўную самабытнасьць. У гэтай сувязі неабходна падкрэсьліць, што ў Фінляндыі ды ў Прыбалтыцы ажно да пачатку русіфікацыі патрыёты перш за ўсё сустракаліся з супрацівам мясцовых — нямецкіх і швэдзкіх — элітаў, якія імкнуліся захаваць манаполію на адукацыю37. |
34 Balibar, E.; Wallerstein, I. Race, Nation, Class: Ambiguous Identities. London - New York, 1991. Р. 98. 35 Davy, G. Élements de sociologie. Paris, 1950. Р. 233. 36 Bourdieu, P. Ce que parler veut dire. Р. 32. |
Толькі ў некаторых краёх на тэрыторыі этнічнай групы дзейнічаў таксама ўнівэрсытэт: так гэта было ў выпадку вугорскага, чэскага, фінскага й флямандзкага нацыянальных рухаў. Хуткага посьпеху ва ўкараненьні нацыянальнай мовы са зразумелых прычынаў дасягнуў толькі рух вугорскі, а затым у 1882 г. — таксама й чэскі нацыянальны рух. Унівэрсытэты мелі альбо маглі мець значэньне для моўнай праграмы нацыянальных рухаў зь іншай прычыны: як месца, дзе моўная норма магла б быць інстытуцыялізаваная за пасярэдніцтвам катэдры, якой даверана выкладаньне нацыянальнай мовы38. Таму нацыянальныя рухі, на тэрыторыі якіх альбо ў непасрэднай блізкасьці да якіх такая магчымасьць існавала, знаходзіліся ў больш спрыяльным становішчы ў параўнаньні, напрыклад, з балканскімі краінамі.
Чацьверты ўзровень прынёс сур’ёзны зрух у характары й рэлевантнасьці моўнай праграмы нацыянальных рухаў: на гэтым узроўні моўная праграма ўступіла да палітыкі. Змаганьне за нацыяналізацыю школаў працягвалася гэтаксама падчас фазы С ды стала — у Габсбурскай манархіі хутка, у Расеі пазьней — прадметам палітычнай барацьбы на дзяржаўным і мясцовым узроўнях.
5. Ажыцьцяўленьне поўнага моўнага раўнапраўяНайбольш агульны й разам з тым найвышэйшы ўзровень моўнай праграмы быў дасягнуты тады, калі народныя лідэры пачалі патрабаваць поўнага раўнапраўя сваёй мовы ня толькі ў школах, але й у адміністрацыі, у судох, на пошце, на чыгунцы, у гандлі ды ў палітыцы. У большасьці выпадкаў гэтыя патрабаваньні былі тыповымі для ўмоваў масавага народнага руху падчас фазы С, аднак адрозьненьні ў атрыманых выніках былі, бадай што, яшчэ большымі, чым у выпадку школьнай моўнай палітыкі. Толькі ў нязначнай колькасьці выпадкаў народнаму руху ўдалося дасягнуць выразных посьпехаў. Поўнага моўнага раўнапраўя тут дамогся пасьля аўстрыйска-вугорскага ўрэгуляваньня мадзьярскі нацыянальны рух, аднак ценявым бокам гэтага посьпеху стаўся прыгнёт немадзьярскіх народаў у Вугоршчыне. Падобным чынам дасягнула даміноўнага становішча ў Галіччыне да таго часу непаўнапраўная польская мова.Канстытуцыйны рэжым у Габсбурскай манархіі змаглі выкарыстаць для ўкараненьня нацыянальнай мовы на ніжэйшай ступені дзяржаўнай адміністрацыі ды судовай сыстэмы таксама чэскі й харвацкі нацыянальныя рухі. Бясспрэчна, у Чэхіі й Маравіі наданьне роўных правоў чэскай мове натыкалася на жорсткі супраціў мясцовых нямецкіх элітаў. Па-за Габсбурскай манархіяй патрабаваньне моўнага раўнапраўя дасягнула частковага посьпеху ўжо зь 50—60-х гг. у Фінляндыі39. Там таксама перад поўным прыняцьцем фінскай мовы ва ўстановах бараніліся мясцовыя, швэдзкамоўныя эліты, якія адмаўляліся вывучаць фінскую мову. Ва ўсіх іншых месцах Расейскай імпэрыі нацыянальныя рухі аж да 1905 г. марна дамагаліся хоць бы нейкіх уступак у моўнай працы ўстановаў. Калі латыскія ды эстонскія патрыёты й дасягнулі дробных частковых саступак у мясцовай адміністрацыі, дык было гэта за кошт нямецкай, а не расейскай мовы40. Ад 70-х гг. у ніжэйшых эшалёнах адміністрацыі ў флямандзкай частцы Бэльгіі ўводзілася флямандзкая мова41. |
37 Пра першыя гімназіі ды праблематыку сацыяльнага росту гл.: Krisius-Ahrenberg, L. Der Durchbruch des Nationalismus und Liberalismus im politischen Leben Finnlands 1856-1863. Helsinki, 1934. S. 98, 164; Kemiläinen, A. Från "Homo Novus" till överklass. De första generationerna av den finska bildade klassen // Över Gränsen. № 3. 1987. S. 125. Пра эстонскі праект аляксандраўскай школы гл.: Speer, H. Das Bauernschulwesen in Gouvernement Estland vom Ende des achtzehnten Jahrhunderts bis zur Russifizierung. Tartu, 1936. S. 433; таксама гл.: Kruus, H. Grundriß der Geschichte des etnischen Volkes. Tartu, 1932. S. 131; пра гімназію ў Сувалках гл.: Gaigalat, W. Litauen, das besetzte Gebiet, sein Volk und dessen geistige Strömungen. Frankfurt M., 1917. S. 58. 38 Катэдра фінскай мовы была заснаваная ў Хэльсынскім унівэрсытэце ў 1851 г. |
Патрабаваньне поўнага раўнапраўя мела два вымярэньні. Першым было моўнае раўнапраўе зь дзяржаўнай мовай на тэрыторыі, дзе ў насельніцтве колькасна пераважалі прадстаўнікі фармаванага народу: то бок урэгуляванае дзьвюхмоўе на «іх» нацыянальнай тэрыторыі. Другім, найвышэйшым вымярэньнем было поўнае раўнапраўе ў дзяржаўным маштабе: мова фармаванай нацыі мела быць раўнапраўным партнэрам мовы дзяржаўнай у тым сэнсе, што на «ўласнай» нацыянальнай тэрыторыі яна мела быць мовай вызначальнай. Гэтае другое вымярэньне стала, ведама ж, актуальным толькі там, дзе ўжо было рэалізаванае вымярэньне першае — гэта значыць у Вугоршчыне (зь вядомымі мадзьярызацыйнымі наступствамі), а таксама на чэскіх землях, у Харватыі, Бэльгіі й Фінляндыі. Каменем спатыкненьня тут, безумоўна, было пытаньне, як мае быць дэфінаваная ды разьмежаваная гэтая «ўласная» нацыянальная тэрыторыя.
Відавочна, што й пяты элемэнт моўнай праграмы стаўся прадметам палітычнай барацьбы: моўныя патрабаваньні былі ўключаныя ў палітычную праграму нацыянальнага руху. Пры дасягненьні частковых посьпехаў гэтыя моўныя патрабаваньні пранікалі й у вобласьць патрабаваньняў і канфліктаў сацыяльных. Бо раней ці пазьней гэтыя посьпехі пачалі несьці ў сабе пагрозу манаполіі на ўладу паноўных бюракратычных элітаў, так што барацьба за раўнапраўе мовы стала адначасова барацьбой за пазыцыі ў адміністрацыі. Для ўсё большай колькасьці высокакваліфікаваных адукаваных людзей з шэрагаў этнічных групаў, роднай мовай якіх не была мова дзяржаўная (то бок нерасейцаў, нянемцаў, а пазьней таксама невугорцаў, але падобна таксама нефранкафонных бэльгійцаў), заклік да поўнага раўнапраўя роднай, тым часам ужо цалкам кадыфікаванай мовы, азначаў больш, чым падкрэсьліваньне сымбаляў нацыянальнага прэстыжу. Ён выяўляў іх сацыяльнае патрабаваньне аднолькавых шанцаў ды сацыяльнага авансу для ўсіх грамадзянаў дзяржавы. Ня трэба, відаць, дадаваць, што такая трансфармацыя магла поўнасьцю ўкараніцца толькі там, дзе пасьпяхова ўкараняўся сам прынцып грамадзянскага раўнапраўя, то бок перадусім у аўстра-вугорскім дзяржаўным зьвязе. У гэтай сувязі сымбалічна, што там, дзе нацыянальныя рухі перасьледавалі падчас сваёй фазы В пераважна палітычныя мэты ды дасягнулі палітычнай аўтаноміі ці незалежнасьці (памянёныя выпадкі Ірляндыі, Сэрбіі і г. д.), мова фармаванага народу была дзяржаўнай мовай датуль, дакуль гэта адпавядала паноўным элітам новай адзінкі. Адсюль жа вынікалі моўныя спрэчкі ў Нарвэгіі ды Грэцыі, дзе прэтэнзіі да ўлады паноўных элітаў абапіраліся на мову, якой яны валодалі, але якая значна адрозьнівалася ад L-language прадстаўнікоў іх народу (рыксмаль — riksmaal — паходжаньнем з дацкай мовы ў Нарвэгіі, кафарэўса — kathareusa — у Грэцыі).
Прычыны посьпехаў моўных патрабаваньняўМы можам лічыць барацьбу за моўную праграму слаўным разьдзелам гісторыі нацыянальнага змаганьня альбо дзіцячымі ды даўно састарэлымі забавамі фрустраваных інтэлектуалаў — аднак нельга адмаўляць ейнага палітычнага й культурнага значэньня. Гэтае змаганьне, падабаецца яно каму ці не, пакінула свае доўгатэрміновыя наступствы як у разьвіцьці мэнталітэтаў, так і ў разьвіцьці грамадзтва. Таму цяпер неабходна прысьвяціць увагу пытаньню, чаму моўная праграма займала такое значнае месца ў большасьці нацыянальных рухаў. А таксама, відавочна, чаму (ды пры якіх абставінах) удавалася замацоўваць моўныя патрабаваньні.Хіба мова ўжо сама па сабе ўтрымлівала элемэнты, якія выклікалі палітычны ці сацыяльны антаганізм? У папярэднім разьдзеле мы даведаліся пра шэраг выпадкаў, калі моўная прыналежнасьць была адначасова прыладай ці прынамсі праявай групавой салідарнасьці, якая сапраўды магла знайсьці водгук толькі ў вельмі нешматлікіх слаях грамадзтва. Гэта былі перадусім тыя, хто ў фэадальным грамадзтве валодаў палітычнай уладай — фэадальная арыстакратыя, — ды мог ужываць мову ў якасьці аргумэнта ў сваіх мэтах і інтарэсах. Яшчэ гэта былі тыя, хто займаў у фэадальным грамадзтве спэцыфічнае месца ў сыстэме зносінаў — клір ды пры пэўных умовах таксама гандляры. Тым ня менш, моўныя адрозьненьні ў сярэднявеччы рабіліся адлюстраваньнем супярэчнасьці інтарэсаў і мерай групавой прыналежнасьці толькі зрэдку — выразьней, напэўна, ужо пасьля пашырэньня пэўнай ступені адукаванасьці таксама сярод гараджанаў: у Фляндрыі ў XIV ст. ды ў гусіцкай Чэхіі. Толькі з надыходам абсалютызму мова стала больш важнай групавой повязьзю, якая не абмяжоўвалася адносінамі толькі ў рамках нацыянальнай дзяржавы, што ўмацоўваецца. Апазыцыя супраць моўнай палітыкі абсалютызму, як мы яе ведаем з Вугоршчыны, паўднёвых Нідэрляндаў і балтыйскіх правінцыяў Расеі, таксама дзейнічала ў якасьці інтэгравальнага фактара: тым ня менш, яна абмяжоўвалася шляхтай, якая разам з мовай абараняла свае старыя прывілеі (зрэшты, у вугорскім выпадку першапачаткова гаворка вялася пра абарону не нацыянальнай мовы, а лаціны). Як ужо гаварылася, у большасьці абсалютысцкіх манархіяў Заходняй ды Ўсходняй Эўропы моўны цэнтралізм і гомагенізацыя мовы дзяржаўнага кіраваньня першапачаткова не выклікалі ніякага істотнага супраціву, які быў бы зьвязаны з нацыянальнай агітацыяй. Нават адукацыйная фаза А нацыянальнага руху не была абавязкова скіраваная супраць моўнай палітыкі абсалютызму. У выніку гэтага нацыянальныя рухі паўсюдна ў Эўропе ўступалі ў сваю фазу В ва ўмовах завершанай альбо блізкай да завяршэньня моўнай уніфікацыі дзяржаўнай адміністрацыі й грамадзкага ды навуковага жыцьця. У другім разьдзеле мы разглядалі пытаньне, чаму групы інтэлектуалаў у розных частках Эўропы незалежна адна ад адной вырашылі распачаць нацыянальную агітацыю. Канстатавалася, што надыход фазы В заўсёды залежаў ад двух узаемазьвязаных пераломаў у гісторыі эўрапейскага грамадзтва: з аднаго боку, гэта была глыбокая крыза старога позьнефэадальнага рэжыму (альбо крыза палітычнай сыстэмы), уключаючы яго сыстэму каштоўнасьцяў і рэлігійную легітымнасьць, а з другога — пачатак працэсу мадэрнізацыі, які быў зьвязаны з сэкулярызацыяй мысьленьня, а таксама з новымі формамі прадпрымальніцтва ды рацыяналізацыі кіраваньня. Перамены, якія зьявіліся ў выніку гэтай крызавай сытуацыі, стваралі патрэбу ў новай групавой салідарнасьці, а таксама крытычнае стаўленьне да старой сыстэмы позьнефэадальнага абсалютызму. Складовай часткай такога крытычнага стаўленьня пры пэўных умовах стала думка, якой першапачаткова прытрымлівалася толькі малая група адукаваных людзей, што моўная аднастайнасьць, навязваная абсалютысцкім рэжымам, шкодзіць этнічнай групе, адкуль гэтыя адукаваныя людзі паходзілі ці зь якой былі зьвязаныя42. Гэтая думка абапіралася ня толькі на кансэрватыўныя заклікі да абароны мовы, але гэтак сама на эмпірычнае назіраньне, што ў выніку ўзмацненьня стасункаў з удасканаленай адміністрацыяй хутчэй дыскрымінуюцца тыя прадстаўнікі іх этнічнай групы, якія не валодаюць дзяржаўнай мовай. Таму яны вырашылі падтрымліваць і ўкараняць думку, што іх этнічная група зьяўляецца народам, якому, праўда, нестае да паўнавартаснага існаваньня некаторых істотных атрыбутаў, да якіх належала таксама мова. |
39 Krisius-Ahrenberg, L. Der durchbruch des Nationalismus. S. 163; Schybergson, M. G. Politische Geschichte Finnlands. 1809-1919. Gotha-Stuttgart, 1925. S. 626. 40 Zur Nationalitätenfrage // Baltische Monatsschrift. № 3. 1863. S. 568; № 4. 1864. S. 570. 41 Wils, L. L'émploi des langues en matičre judiciaire et administratives dans le Royaume de Balgique // Revue du Nord. № 73. 1991. Р. 64. |
Там, дзе дасягнулі посьпеху спробы стварыць уласную літаратурную мову, што не было заўсёды й паўсюдна відавочным, мова стала сродкам выражэньня нацыянальнай тоеснасьці ды ў гэтай ролі не магла быць замененая нічым іншым. Таксама там, дзе прыярытэтнай мэтай фазы В было дасягненьне дзяржаўнасьці, пасьля дасягненьня самастойнасьці за мовай замацавалася падобная функцыя. Тым ня менш пасьля мову можна было замяніць у ролі сымбалю нацыянальнай тоеснасьці падчас фазы С, калі яна зрабілася духоўнай «уласнасьцю» народных масаў. Нават у Ірляндыі, дзе моўная асыміляцыя прадстаўнікоў народу была амаль поўнаю, пасьля дасягненьня самастойнасьці нарадзілася думка пра адраджэньне ды ўвядзеньне ізноў ірляндзкай мовы.
Шляхам эмпірычнага назіраньня мы лёгка вызначым, што — за выключэньнем ірляндзкага — у нацыянальным руху не існавала альтэрнатыўнай магчымасьці, каб замяніць ролю мовы як носьбіта нацыянальнай тоеснасьці ў працэсе фармаваньня народу новых часоў, які распачаўся ва ўмовах непаноўнай этнічнай групы. Праўда, мы ведаем некалькі прыкладаў, калі моўная й культурная праграмы не стаялі ў авангардзе патрабаваньняў нацыянальнага руху, а ішлі па значнасьці сьледам за палітычнай праграмай. У гэтым сэнсе можна мадыфікаваць пытаньне ў сувязі з магчымымі альтэрнатывамі: хоць мова была носьбітам альбо сродкам выражэньня нацыянальнай тоеснасьці, аднак яе даміноўная роля падчас фазы В нацыянальнага руху мела альтэрнатыву ў форме палітычнай праграмы. Таму, калі даміноўную ролю моўнай і культурнай праграмаў нельга пацьвердзіць паўсюдна, мы павінны вярнуцца да пытаньня, чаму мова, асабліва пасьля таго, як яна стала мовай літаратурнай (гэта значыць пасьля дасягненьня трэцяга ўзроўню моўнай праграмы), зрабілася такой прываблівай для ўдзельнікаў нацыянальнага руху. Калі зыходзіць з уяўленьня, што патрыёты прапанавалі моўную альтэрнатыву нацыянальнай праграмы ды саму літаратурную мову ў якасьці спэцыфічнага роду «тавару», то, напэўна, было б вызначальным, да якога асяродку грамадзтва, да якіх сацыяльных групаў гэтая спэцыфічная прапанова была зьвернутая альбо, наагул, якім быў грамадзкі «попыт» на новую мову43. |
42 Bloom, W. Personal Identity. Р. 143. |
Ці існавала нейкая ўзаемазалежнасьць паміж сацыяльнай структурай непаноўнай этнічнай групы й складам нацыянальнай праграмы? У гэтым месцы мы толькі абмяжуемся канстатацыяй вартай увагі карэляцыі: усе нацыянальныя рухі, якія падчас сваёй фазы В арыентаваліся на палітычную барацьбу, прадстаўлялі непаноўную этнічную групу, у якой была поўная сацыяльная структура, пры гэтым, праўда, ступень «паўнаты» была дадзеная ўзроўнем, якога дасягнула грамадзкае разьвіцьцё ўсяго рэгіёну. Найбольш вядомым, напэўна, зьяўляецца польскі прыклад, дзе носьбітам нацыянальнага руху была нацыянальная шляхта. Грэцкі нацыянальны рух абапіраўся на багатыя й адукаваныя эліты фанарыётаў і гандляроў, якія ў Асманскай імпэрыі мелі прывілеяванае становішча, таксама, як грэцкая царкоўная герархія. Нарвэскі нацыянальны рух зьвяртаўся да грамадзтва, у якім шляхта хоць і складала нязначную долю, затое ў ім значную ролю адыгрывалі гандляры, суднаўладальнікі ды высокае чынавенства, якое прымала нарвэскую палітычную тоеснасьць, хоць іх роднай мовай была мова да на той час паноўнага дзяржаўнага народу — дацкая. Носьбітам ірляндзкай нацыянальнай тоеснасьці абвесьціла сябе таксама частка буйных землеўладальнікаў і адукаваных заможных гарадзкіх сярэдніх слаёў. Зрэшты, і ўзьнікненьне сэрбскай нацыянальнай барацьбы праходзіла ва ўмовах, калі сацыяльны склад сэрбскага этнасу быў «поўным» у сэнсе адсталых умоваў глыбінных раёнаў Балканскага паўвострава.
Праўда, усталяваньне карэляцыі — гэта яшчэ ня тое самае, што пазнаньне каўзальнай узаемасувязі. Яно толькі сыгналізуе пра важныя дачыненьні, якія павінны быць спраўджаныя. Таму вернемся да пытаньня моўнай праграмы як прыярытэтнай альтэрнатывы. Калі прыняць тэзу сучасных сацыялінгвістаў пра тое, што зьмена адносінаў да мовы — а гэта значыць і прыняцьце новай літаратурнай мовы — была «адказам на вялікія сацыяльныя працэсы» й зьмены44, дык гэтае пытаньне можна мадыфікаваць: чаму этнічныя групы зь няпоўным сацыяльным складам звычайна падчас сваёй фазы В аддавалі перавагу моўным і культурным патрабаваньням? |
43 Bourdieu, P. Ce que parler veut dire. Разьдзел І. |
Традыцыйным адказам у старэйшай літаратуры зьяўляецца спасылка на ўплыў Ё. Г. Гердэра ды на «ўсходні» варыянт нацыяналізму, які акцэнтуецца Г. Конам ды ягонымі пасьлядоўнікамі45. Тым ня менш, неабходна нагадаць, што філязофія мовы Гердэра не была «ўсходняй» своеасаблівасьцю, а што яе знаходзіш у флямандцаў, каталёнцаў ды нават у ірляндзкім і нарвэскім народных рухах46. Напэўна, можна было б яшчэ дадаць уплыў Русо (Rousseau) ды ўплыў такіх нямецкіх рамантыкаў, як Шэлінг (Schelling) ці Фіхтэ (Fichte)47. Праўда, усё гэта тлумачэньне заснавана на бяздоказным уяўленьні пра «дух нацыяналізму», які вандруе па Эўропе. Зрэшты, калі б мы й прынялі гэта ўяўленьне, то ня высьветлілі б вышэй пададзенай карэляцыі паміж сацыяльнай структурай і складам нацыянальнай праграмы. Іншымі словамі: чаму нацыянальныя рухі з поўным сацыяльным складам былі менш схільнымі прымаць філязофію мовы Гердэра? З гэтай прычыны наўрад ці дапаможа выкарыстаньне камунікацыйнай тэорыі К. В. Дойча. Узмоцненая інтэнсіўнасьць сацыяльных зносінаў, безумоўна, была неад’емнай перадумовай як для посьпеху нацыянальнай агітацыі, так і для павелічэньня значэньня мовы, аднак яна наўрад ці адкажа нам на пытаньне, чаму мова некалі займала больш важнае, а іншым часам менш важнае месца ў нацыянальнай праграме фазы В.
Мала дапаможа таксама па інэрцыі паўтораная спасылка на ўплыў рамантызму. Роля рамантызму й рамантыкаў у нацыянальным руху бясспрэчная, аднак мы яе, уласна, знойдзем як у нацыянальных рухах, якія акцэнтавалі палітычную праграму, гэтак і ў іншых рухах. Дачыненьне нацыянальнага руху да рамантызму напэўна існавала, але яно было заснавана на агульных каранёх абодвух фэномэнаў. Рамантызм гэтаксама быў адказам на вялікую крызу легітымнасьці й старых ісьцінаў, якая была вынікам крызы фэадальнага грамадзтва48. Безумоўна, народная мова ды на гэтай мове створаная літаратура былі відавочнай повязьзю, якая прапанавала новыя ісьціны й перадусім новую тоеснасьць. Сувязьзю з рамантызмам мы, відаць, зможам растлумачыць іншую характарыстыку нацыянальнага руху: гэта — канцэпцыя народа як «асобы». Такая вось канцэпцыя пэрсаніфікацыі нацыі несла ў сабе ўяўленьне, што народ-асоба павінен ужываць адзіную, прычым кадыфікаваную, мову, можа мець толькі адно мінулае — ды, зразумела, толькі адну будучыню. Таму таксама кожная праява моўнай асыміляцыі здавалася патрыётам асабістай стратай, стратай уласнай цялеснай субстанцыі, а спробы асыміляваць цэлую этнічную групу маглі ўспрымацца ў сьвятле сёньняшніх чалавечых каштоўнасьцяў як спроба забойства асобы-народу. Калі зыходзіць з таго, што посьпех нацыянальнага руху можна бясьпечна вымяраць толькі масавым прыняцьцем нацыянальнай тоеснасьці альбо масавым водгукам на нацыянальную агітацыю, то тлумачэньне нельга абмяжоўваць пунктамі гледжаньня й падыходамі адукаваных піянэраў нацыянальнага руху. Істотнай праблемай у гэтай сувязі зьяўляецца перадусім тлумачэньне нацыянальнай актывізацыі шырокіх слаёў, «масаў». Таму трэба вярнуцца да пытаньня, чаму гэтыя слаі прынялі моўную праграму, прапанаваную нацыянальным рухам. Агульнай перадумовай напэўна былі ўжо памянёныя сацыяльныя зносіны: нарастаючая патрэба перадачы інфармацыі й нарастаючая здольнасьць яе ўспрымаць. Складовай часткай гэтага працэсу напэўна быў таксама рост пісьменнасьці як вынік пашырэньня школьнага навучаньня. Аднак школьнае навучаньне мела для нацыянальнага руху яшчэ й іншае, больш сур’ёзнае наступства. Калі расла колькасьць дзяцей, якія наведвалі сярэднюю ступень школы, гэта значыць працягвалі школьнае навучаньне пасьля дасягненьня ўзросту дзесяці-адзінаццаці гадоў, то расла й колькасьць індывідаў, якія атрымалі магчымасьць разьвіваць сваё абстрактнае мысьленьне. Так расла доля асобаў, якія амэрыканскі гісторык Г. Стоўкс (G. Stokes) акрэсьлівае (са спасылкай на тэорыю Ж. Піяжэ — (J. Pіaget)) як operational persons (анг. — апэратыўныя асобы. — заўв. перакл.)49. Расла колькасьць людзей, якія хоць і не належалі да элітаў, але былі здольныя ўявіць сабе існаваньне такіх супольнасьцяў, як народ альбо кляса, а таксама ўявіць сабе, што прадстаўнікі гэтых групаў маюць агульныя патрэбы, агульнае мінулае — ды ўсьведамленьне прыналежнасьці50. У гэтым сэнсе трэба інтэрпрэтаваць тэрмін imagined communities (анг. — уяўныя супольнасьці. — заўв. перакл.) Б. Андэрсана (B. Anderson), які часта памылкова тлумачаць як супольнасьці «штучныя» ці «выдуманыя». |
44 Martin-Jones, M. Language, Power and Linguistic Minorities: the Need for an Alternative Approach to Bilinguism, Language Maintenance and Shift // R. Grollo (ed.). Social Anthropology and Politics of Language. London - New York, 1989. Р. 118. 45 Гл., напрыклад: Sundhausen, H. Der Einfluss der Herderschen Ideen auf die Nationsbildung bei den Völkern der Habsburgermonarchie. Mьnchen, 1973. Крытыку гэтай схемы Куна гл. у: Kemilдinen, A. Nationalism. Problems Concerning the Word, the Concept and the Classification. Jyväskylä, 1964. Пра найноўшыя выкарыстаньні дыхатаміі Куна з моцным палітычным падтэкстам чытайце: Greenfeld, L. Nationalism. Five Roads to Modernity. Harvard, 1992. 46 Fishman, J. Language and Nationalism. Р. 48. 47 Cohler, A. Rousseau and Nationalism. New York - London, 1970. 48 Hobsbawm, E. J. The Age of Revolutions. London, 1973. Р. 312. |
Для гэтай катэгорыі грамадзянаў грамата й адукацыя сталіся «ўваходным квітком да поўнага грамадзянства ды чалавечай годнасьці» (Э. Гельнэр — E. Gellner). Складанасьць, праўда, палягала на тым, што ва ўмовах мультыэтнічнай дзяржавы гэты квіток быў сапраўдным толькі для тых, чыя родная мова зьяўлялася тоеснай дзяржаўнай мове, якая звычайна была таксама мовай сярэдняй ступені адукацыі. Для іншых, гэта значыць для тых, хто размаўляе на адметнай L*-language ва ўмовах усё больш актыўных зносінаў, у якасьці выйсьця прапанаваўся білінгвізм. Дыглёсія пераставала быць функцыянальнай, і яе ў абавязковым парадку мусіў дапаўняць білінгвізм, зьвязаны з прыняцьцем дзяржаўнай мовы. Адказам на гэту пераломную сытуацыю была менавіта альтэрнатыва, якая прапанавала носьбітам L*-language замяніць ужываньне чужой ім дзяржаўнай мовы (H-language) на кадыфікаваны і інтэлектуалізаваны варыянт іх уласнай H*-language, якая заявіла пра сябе як пра спадчыньніцу іх «даіндустрыяльнай мовы»51.
Канкрэтныя гістарычныя ўмовы на самай справе не былі такімі гарманічнымі, як пра гэта магла б сьведчыць мадэль Фішмана. H-language і L*-language былі ня толькі рознымі, але таксама няроўнавартаснымі, так што свабода выбару для носьбітаў L*-language і H*-language была непрыкметнай, прычым ня толькі ў тым сэнсе, што білінгвізм для тых зь іх, хто хацеў дасягнуць пэўнага росту, быў проста неабходным, але перадусім у тым сэнсе, што пераважная большасьць з тых, хто не валодаў H-language, наагул ня мела шанцаў на сацыяльны рост. У сувязі з тым, што яны паходзілі зь ніжэйшых грамадзкіх слаёў ды адначасова ўжывалі непаўнавартасную мову (альбо яе дыялект), траплялі на стала да становішча людзкіх істотаў ніжэйшай катэгорыі з усімі пачуцьцямі зьневажэньня, якія былі з гэтым зьвязаныя. У такой сытуацыі мова атрымала спэцыфічнае месца ў іх поглядах на сусьвет. Чыста тэарэтычна яны й надалей мелі магчымасьць прыняць H-language і асымілявацца, але ад пэўнага моманту ім прапанавалася таксама іншая магчымасьць: прыняць новую літаратурную нацыянальную мову, якая была блізкая да іх L*-language альбо ёй ідэнтычная52. Можна запярэчыць, што сытуацыя моўнай ніжэйшасьці існавала ўжо ад сярэднявечча, не выклікаючы якіх-небудзь праяваў незадаволенасьці сярод носьбітаў L*-language. Тлумачэньне простае: ва ўмовах фэадальнага грамадзтва, дзе няроўнасьць людзей была дадзенай іх нараджэньнем, непаўнавартаснае становішча народнай мовы было часткай сыстэмы. Гэта значыць, яго прымалі як дадзенасьць. Разам з працэсам паступовага паслабленьня фэадальнай залежнасьці ды з ростам доступу да рынку й да адукацыі пашыралася таксама элемэнтарнае ўяўленьне пра вартасьць чалавека й пра роўнасьць людзей. Для людзей, якія прынамсі часткова засвоілі гэту новую сыстэму каштоўнасьцяў, было ўсё менш прымальным, каб іх лічылі непаўнавартаснымі толькі таму, што яны не валодаюць дзяржаўнай мовай. Тады чаму не адбылося ўсюды там, дзе жылі непаноўныя этнічныя групы, такой масавай асыміляцыі, якая нам вядома на прыкладзе Францыі? Адказ ня можа быць адназначным і павінен лічыцца зь некалькімі акалічнасьцямі. У першую чаргу, зразумела, што асыміляцыя, зьвязаная з сацыяльным уздымам, не была справай толькі асабістага выбару. Акрамя гэтага, нават тэхнічна не было магчымым, каб кожны, хто прыняў дзяржаўную мову ў якасьці сваёй, пранік у сярэднія ці вышэйшыя слаі. Бо расла ня толькі колькасьць адукаваных індывідаў з шэрагаў непаноўнай этнічнай групы, але таксама, прычым больш выразна, колькасьць адукаваных людзей з элітаў дзяржаўнай нацыі. Нараджалася спэцыфічная група «протаэлітаў» (Ф. Знанецкі — F. Znaniecki), людзей, якія паводле сваёй адукацыі належалі да элітаў, але ў выніку свайго паходжаньня заставаліся па-за дзяржаўнымі элітамі. Для іх альтэрнатыва новай, моўна дэфінаванай супольнасьці была найбольш прываблівай. Менавіта зь іх асяродку выйшла шмат правадыроў народных рухаў. Акрамя таго, гэтая альтэрнатыва тэарэтычна ўключала ў сябе магчымасьць дасягнуць пэўнага ўздыму й пэўнага прэстыжу безь неабходнасьці асыміляцыі53. |
49 Stokes, G. Cognition and the Function of Nationalism // Journal of Interdisciplinary History. № 4. 1974. Р. 533.
50 Weilenman, H. The Interlocking of Nation and Personality Structure // K. W. Deutsch, W. J. Foltz (eds.). Nation-Building. New York, 1966. Р. 37. 51 Fishman, J. Language in Sociocultural Change. Stanford, 1972. Р. 148. 52 Martin-Jones, M. Language, Power and Linguistic Minorities. Р. 109. |
Гэтае назіраньне вяртае нас да зыходнага пытаньня, ці існавала нейкая глыбейшая прычынная ўзаемазалежнасьць паміж характарам сацыяльнай структуры й вагой моўнай праграмы ў нацыянальным руху. Наш адказ, зразумела, — станоўчы й можа быць зьведзены да некалькіх асноўных тэзаў.
1. З прагрэсам мадэрнізацыі пашыраўся доступ да адукацыі й магчымасьці сацыяльнага ўздыму нават для прадстаўнікоў ніжэйшых слаёў. Гэтыя магчымасьці не былі паўнавартасныя ды былі яўна менш спрыяльнымі для прадстаўнікоў «непаноўных этнічных групаў», прычым нават тады, калі яны сталі білінгвістычнымі. Чым большыя цяжкасьці яны сустракалі на шляху да вышэйшага сацыяльнага становішча, тым больш выразна зьвязвалі сваё сацыяльнае становішча (і праблемы) з мовай, на якой размаўлялі ды якую лічылі сваёй54. Гэтая ўзаемазалежнасьць паміж сацыяльным становішчам і мовай была слабейшай там, дзе непаноўная этнічная група мела поўны сацыяльны склад, так што праблемы з сацыяльным ростам нельга было адназначна зьвязваць з моўнымі адрозьненьнямі. 2. Нават калі мы будзем меркаваць, што сацыяльны рост быў магчымы для кожнага, хто вырашыў засвоіць дзяржаўную мову, гэта не адчыніла б перад ім дзьверы да агульнай асыміляцыі аўтаматычна. Бо нельга забываць, што поўны білінгвізм ня быў для носьбіта L*-language толькі пытаньнем наведваньня школы. Дасканалае валоданьне дзяржаўнай мовы залежала таксама ад індывідуальных моўных здольнасьцяў, якія былі рознымі. Пры гэтым ступень моўнага таленту нельга наўпрост зьвязаць зь велічынёю IQ. Іншай і больш спрыяльнай была, зразумела, сытуацыя ў тых, хто ўжо ў дзяцінстве меў магчымасьць пазнаёміцца таксама зь дзяржаўнай мовай, што было нармальным у выпадку зьмяшаных тэрыторыяў ды перадусім у выпадку сем’яў зь сярэдніх слаёў, дзе дбалі пра моўную адукацыю дзяцей. Акрамя таго, здольнасьць да поўнага засваеньня дзяржаўнай мовы залежала таксама ад таго, на якім інтэлектуальным узроўні размаўлялі бацькі дзіцяці. Хоць моўны талент быў аднолькавы, вынікі моўнага навучаньня адрозьніваліся паводле таго, зь якога сацыяльнага й інтэлектуальнага асяродку дзіця паходзіла55. У гэтым пункце сёньняшнія дасьледаваньні супадаюць з тагачасным назіраньнем, якое для чэскага кантэксту было прыведзена ў мэмарандуме чэскіх патрыётаў яшчэ ў 1832 г. Зьвяртаецца там, між іншым, увага на тое, што дзеці, якія паходзілі з народных слаёў, у нямецкамоўных школах ня могуць навучыцца прыстойна размаўляць па-нямецку й што, зразумела, яны не засвояць і літаратурную чэскую мову56. 3. Спэцыфічную ролю грала таксама палітычная культура. Там, дзе сацыяльная структура «непаноўнай этнічнай групы» была няпоўнай, патрыёты распачатай фазы В паходзілі зь ніжэйшых слаёў грамадзтва ды й да гэтых слаёў зьвярталіся. Гэта датычыла рамесьнікаў у Чэхіі ці сялян у Эстоніі й у Літве, заўсёды гаворка вялася пра слаі, якія ў часы правядзеньня нацыянальнай агітацыі ня мелі ніякага палітычнага досьведу й аніякай палітычнай адукацыі. Таму зьявілася неабходнасьць дэфінаваць нацыянальную супольнасьць характарыстыкамі, якія былі б зразумелыя гэтым слаям57. Наўрад ці можна меркаваць, што яны зразумеюць абстрактныя лёзунгі грамадзянскай праграмы. «Свабода» для селяніна азначала не свабоду слова й друку, а свабоду ад фэадальнай залежнасьці й прыгнёту58. Групавыя характарыстыкі, заснаваныя на мове, былі для гэтых слаёў нашмат больш зразумелымі. Сымбалічна, што гэтая прыярытэтызацыя моўнай праграмы дажыла й да таго пэрыяду, калі ўжо прадстаўнікі фармаванага народу прынялі ў якасьці сваёй і праграму грамадзянскіх правоў. Зразумела, прынцыпова іншай была сытуацыя ва ўмовах фармаваньня народу з поўным сацыяльным складам, дзе да этнічнай групы належалі й паноўныя клясы, якія мелі непасрэдна ці ўскосна (дзякуючы сваёй адукацыі) пэўны палітычны досьвед і палітычную культуру. Гэтая розьніца, як здаецца, мела пэўнае значэньне таксама для тэмпаў распаўсюджваньня нацыянальнай сьвядомасьці сярод шырокіх слаёў грамадзтва. Гэтыя тэмпы былі выразна больш шпаркімі ў выпадку нацыянальных рухаў, у якіх фаза В арыентавалася на моўную ды сацыяльную праграмы. Адсюль таксама вынікае тлумачэньне, чаму нацыянальная мабілізацыя масаў была завершана ў «малых» народаў раней, чым у дзяржаўных нацыяў.
* * *
Дагэтуль у цэнтры нашай увагі знаходзілася роля мовы падчас фазы нацыянальнай агітацыі. Аднак значнасьць яе ролі захавалася й падчас фазы С, калі моўныя патрабаваньні (альбо іх чацьверты й пяты элемэнт) зрабіліся складовай часткай палітычнай барацьбы. Утрымалася яна й там, дзе працэс фармаваньня сучаснага народу дайшоў так далёка, што нацыянальная супольнасьць дэманстравала поўны сацыяльны склад і здабыла палітычны досьвед — такім чынам, на базе толькі што зробленых заўваг можна было б лічыць, што моўныя патрабаваньні ўжо не былі абгрунтаванымі. Як тады растлумачыць сілу выжываньня моўнай праграмы? Перш за ўсё трэба нагадаць: няроўнасьць пэрспэктываў сацыяльнага росту ня зьнікла аўтаматычна з пачаткам масавага нацыянальнага руху. Наадварот, яна надалей захавалася ды атрымала значны рэзананс. Калі падчас фазы В толькі некаторыя прадстаўнікі непаноўнай этнічнай групы лічылі ці падазравалі, што жыцьцёвыя складанасьці, якія іх напаткалі, зьвязаныя з больш нізкім становішчам іх мовы, дык падчас фазы С гэта сувязь была відавочнай. Іншымі словамі: тое, што ў вачох патрыётаў падчас фазы В было хутчэй дыскрымінацыяй, якую яны чакалі й якой асьцерагаліся, падчас фазы С звычайна станавілася дыскрымінацыяй рэальнай. У выніку гэтага моўныя патрабаваньні ня раз станавіліся эрзацам ці хутчэй складовай часткай патрабаваньняў сацыяльных. З-за таго, што моўная праграма на сваім чацьвёртым і пятым узроўнях стала часткай патрабаваньняў, якія былі публічна й адкрыта адрасаваны ўладным установам, яна на стала выйшла на палітычную арэну. Пра гэту яе функцыю гаворка пойдзе больш падрабязна ў сувязі з палітычнымі праграмамі нацыянальных рухаў. Ніводная партыя не магла адважыцца абысьці ўвагай моўныя патрабаваньні свайго народу: на ўласнай скуры адчула гэта ў шэрагу краінаў і сацыял-дэмакратыя. Бо мова разам з культурай стала сымбалем нацыянальнага існаваньня, пачала выконваць місію, якая далёка пераўзыходзіла яе камунікацыйную функцыю. Усеагульнае ці амаль усеагульнае пашырэньне новага моўнага стандарту разам з інтэнсыфікацыяй узаемных кантактаў паміж людзьмі выклікала тое, што на пярэдні плян выйшла яшчэ адна функцыя мовы: гэта была пасярэдніцкая функцыя ў кантактах, непасрэдных зносінах паміж людзьмі, якія ўжывалі мову, то бок паміж партнэрамі па камунікацыі. Тым самым узмацнялася тоеснасьць, зьвязаная з салідарызацыяй паміж такімі партнэрамі, а таксама ўспрымальнасьць у выпадку ўяўнай альбо фактычнай няроўнасьці59. У сувязі з тым, што ў шматнацыянальных дзяржавах пасьля перамогі нацыянальнага руху мова фармаванага народу знайшла сабе пэўнае месца, узьнікла новая дыглёсія, якая адначасова нанава ўсталёўвала гегемоннае становішча дзяржаўнай мовы ў дачыненьні да канкурэнтных моваў. Аднак цяпер гаворка ўжо не ішла пра дыглёсію ва ўмовах дзьвюх няроўнавартасных моваў H i L*, а супрацьставіліся дзьве паўнавартасныя, але нераўнапраўныя мовы — Н і Н*. Ужо з гэтай прычыны барацьба за поўнае раўнапраўе мовы бясспрэчна не магла страціць сваёй інтэнсіўнасьці. Як раз наадварот: ва ўмовах масавага нацыянальнага руху нераўнапраўе мовы ўспрымалася як нераўнапраўе сацыяльнае60. |
53 Stokes, G. Cognition and the Function of Nationalism. Р. 536. 54 Williams, G. Language Group Allegiance and Ethnic Interaction // H. Gilles, B. Saint-Jacques (eds.). Language and Ethnic Relations. Р. 58. 55 Гл., між іншым: Mead, G. H. Mind, Self and Society. Chicago, 1934. Р. 135; Haugen, E. Bilinguals Have More Fun // Journal of English Linguistics. № 19. 1986. Р. 106; Hermann, J. Bilingualism Versus Identity // Multilingual Matters. № 43. 1988. Р. 227. 56 Мэмарандум з ініцыятывы Ф. Палацкага склалі Ё. Вінаржыцкі зь Ё. Юнгманам. Апублікаваны ў "ИИM" (№ 46, 1872, с. 343). 57 Weilenman, H. The Interlocking of Nation. Р. 37. 58 Dupront, A. Sémantique historique et analyse de contenu: culture et civilition // M. Cranston, P. Mair (eds.). Language et politique. Bruxelles, 1982. Р. 87. Dupront на падставе аналізу "Cahiers de doléances" тут даказвае, што адзінае паняцьце, зь якім сяляне асацыявалі паняцьце "culture", было "agriculture". |
Наступным сацыяльна-псыхалягічным фактарам, які ўплываў на захаваньне значэньня мовы для нацыянальнай праграмы, было агульна пашыранае адчуваньне пагрозы для фармаванага народу, які вызначаўся менавіта мовай і культурай. Кожны ўдар па мове, абмежаваньне яе раўнапраўя, успрымаліся як удар па нацыянальным існаваньні наагул ды сыгналізавалі пра пагрозу для яе. Народныя масы, таксама як інтэлектуалы цяпер, прытрымліваліся думкі, што мова — а разам зь ёй і сама нацыя — зьнікне, калі ёй не забясьпечыць дастаткова дагляду й аховы. Кажучы словамі Фішмана, «кантрастная самаідэнтыфікацыя», якая на працягу стагодзьдзяў была тыповаю для тоеснасьці паноўных клясаў, цяпер стала агульнапрынятым падыходам прадстаўнікоў нацыі61.
І надалей моўная праграма адначасова заставалася зьвернутай да ўласных шэрагаў. Клопат пра кадыфікаваную літаратурную мову меў палягаць ня толькі на барацьбе за здабыцьцём ёю раўнапраўя, але таксама на падтрымліваньні яе чысьціні. Ужываньне правільных формаў літаратурнай мовы належала да профілю сьвядомых патрыётаў фазы С62. Літаратурная мова павышала прэстыж інтэлектуалаў, ды адначасова яе ўжываньне выконвала функцыю нацыянальнага дысцыплінаваньня: гэта быў практычна выканальны й кантраляваны заклік да падтрымкі й узмацненьня нацыянальнага адзінства. Аднак зацікаўленыя ідэалягізацыяй і палітызацыяй мовы падчас фазы В былі ня толькі інтэлектуалы ды палітыкі. На працягу фазы В фармаваны народ раней ці пазьней дасягнуў поўнага сацыяльнага складу: замест інтэлектуалаў альбо, адпаведна, побач зь імі на вядучыя ролі высунулася прадпрымальніцкае мяшчанства, буржуазія — Bürgertum (ням. — заўв. перакл.). Для гэтага новага элемэнту паноўнай клясы моўная культура была складовай часткай грамадзкай самасьвядомасьці, таму што давала грамадзтву магчымасьць адрозьнівацца ад ніжэйшых слаёў, якія не ўжывалі літаратурнай мовы, — а ў выпадку большасьці нацыянальных рухаў гэтаксама ад «чужацкай» арыстакратыі. У гэтай пэрспэктыве мова дзейнічала ня толькі як сродак для ўзмацненьня тоеснасьці нацыянальнай, але й як фактар узмацненьня тоеснасьці сацыяльнай63. Як ужо было сказана, нават пасьпяхова кадыфікаваная ды часткова раўнапраўная мова заставалася ва ўмовах новай дыглёсіі ў няроўным становішчы: прэстыж дзяржаўнай мовы — нямецкай, мадзьярскай, расейскай — заставаўся вышэйшым, так што ў вачох прадстаўнікоў фармаванага народу й у вачох паноўных элітаў мова была надзвычай «ідэалягізаванаю»64. Гэта нам тлумачыць, чаму падчас фазы С ня толькі лідэры нацыянальнага руху, але й яго шараговыя прадстаўнікі надавалі мове сымбалічнае значэньне, хоць яе літаратурнага стандарту ў штодзённым жыцьці не ўжывалі. Аднак гэтая мова і ў іх вачох сымбалізавала ды перадавала вартасьць навастворанай этнанацыянальнай супольнасьці65. Мова, такім чынам, захоўвала таксама свой эмацыйны патэнцыял, які ў яе ўклала ўжо першае пакаленьне патрыётаў. Гэтая моцная пачуцьцёвая повязь злучала прадстаўнікоў нацыі, ніякім чынам не нэгуючы ня менш моцнай камунікацыйнай функцыі мовы66. Таму нельга пагадзіцца з Э. Дж. Габзбомам, які лічыць, што падчас фазы С сымбалічная функцыя мовы пераважала над яе практычнай функцыяй67. Урэшце, нельга абысьці ўвагай і той факт, што ва ўмовах канстытуцыйнага ладу й грамадзянскай супольнасьці мова стала крытэрам грамадзянскай роўнасьці. Праявай гэтай роўнасьці было ня толькі тое, што ўсе мовы мелі быць роўнымі (як і ўсе народы), але таксама тое, што кадыфікаваная й інтэлектуалізаваная мова, якая пераадолела стадыю раздробненых дыялектаў, давала ўсім грамадзянам, гэта значыць усім прадстаўнікам нацыі, прынамсі тэарэтычна роўную магчымасьць выказвацца. Магчымасьць вывучаць літаратурную мову й публічна ўжываць яе разумелася як адно з грамадзянскіх правоў.
* * *
Такім чынам мы прыйшлі да высновы, што важнасьць ролі мовы нельга тлумачыць як вынік валюнтарыстычнай дзейнасьці рамантычных інтэлектуалаў. Справа была ў адносінах, глыбока ўкаранёных у трансфармацыі грамадзтва й у ягоным мысьленьні. Эмпірычна можна было вызначыць, што прыярытэт моўнай праграмы падчас фазы В нацыянальнага руху суадносіўся зь няпоўным сацыяльным складам «непаноўных этнічных групаў», якія былі зыходным пунктам нацыянальнага руху. Гэтую карэляцыю можна перадаць двума правіламі: 1. Там, дзе сацыяльная структура была адназначна няпоўнай (гэта значыць там, дзе бракавала паноўных клясаў), у праграме нацыянальнага руху дамінавалі моўныя й культурныя патрабаваньні (побач з патрабаваньнямі сацыяльнымі), тады як палітычная праграма фармулявалася пазьней, звычайна на парозе ці падчас фазы С: гэта быў выпадак бальшыні нацыянальных рухаў. 2. Там, дзе сацыяльны склад уключаў у сябе таксама паноўныя клясы й адукаваныя эліты, у праграме фазы В пераважалі патрабаваньні палітычныя (ды сацыяльныя), тады як моўная праграма адыгрывала другасную ролю альбо прабілася на першы плян толькі пазьней. Кажучы сукупна, значэньне моўных патрабаваньняў падчас фазы В нацыянальнага руху было адваротна прапарцыянальным долі паноўных клясаў і адукаваных элітаў у сацыяльнай структуры дадзенай непаноўнай этнічнай групы. Гэтая карэляцыя не была выпадковай, а перадавала каўзальныя адносіны. Пры пэўных сацыяльных умовах народжаны нацыянальны рух ня меў іншай альтэрнатывы, чым падкрэсьліваць моўныя патрабаваньні, якія, праўда, трэба разумець ня як маналітны блёк, а як набор прынамсі зь пяцёх групаў патрабаваньняў. Па сацыяльных і сацыяльна-псыхалягічных прычынах мова выконвала важную экстралінгвістычную, экстракамунікацыйную функцыю ды на працягу фазы С паўплывала таксама на палітычную праграму. Арыентацыя на моўную праграму й на этнічна дэфінаваны народ была адказам адукаванай часткі пэрыфэрыйнай этнічнай групы на ўзрушэньні, якія суправаджалі пачатак мадэрнізацыі. Ва ўмовах агульнай крызы легітымнасьці старой сыстэмы й абсалютысцкага рэжыму гэтыя патрыёты дэфінавалі ніжэйшасьць сваёй групы ў катэгорыях сваёй моўнай адметнасьці. Пасьпяховасьць іх агітацыі залежала перадусім ад экстралінгвістычных акалічнасьцяў: асабліва ад сацыяльных камунікацыяў і мабільнасьці ў камбінацыі з нацыянальна рэлевантнымі супярэчнасьцямі інтарэсаў. Таму нельга сьцьвярджаць, што нацыянальная агітацыя заўсёды была сугучнай мадэрнізацыйным інтарэсам: наадварот, падчас фазы В нацыянальна мабілізацыйную ролю маглі адыгрываць падыходы й адчуваньні антымадэрністычныя, традыцыяналістычныя. Такім чынам, мы набліжаемся да пытаньня, у якой ступені супярэчнасьці інтарэсаў дзейнічалі ў якасьці інтэграцыйных альбо дэзынтэграцыйных фактараў у сучасным народатворчым працэсе68. Безумоўна, пры выбары мовы матэрыяльныя фактары адыгрывалі сваю ролю таксама, у гэтым сэнсе справа была й у rational choice (анг. — рацыянальны выбар. — заўв. перакл.). Аднак такія інтарэсы не павінны былі абавязкова мець форму зацікаўленасьці ў эканамічным прагрэсе ды росьце, яны маглі мець форму таксама зацікаўленасьці ў захаваньні ўласных пазыцыяў, якія былі альбо маглі быць пад пагрозай у выніку працэсу мадэрнізацыі. Але гэта ўжо праблемы, якім будзе прысьвечаны самастойны разьдзел гэтай кнігі. |
59 Bossong, G. Sprache und regionale Identität // G. Bossong ды іншыя (eds.). Westeuropäische Regionen und Ihre Identität. Mannheim, 1994. S. 48.
60 Hobsbawm, E. J. Nations and Nationalism. Р. 116.
61 Fishman, J. Language and Nationalism. Р. 54. 62 Bourdieu, P. Ce que parler veut dire. Р. 64. 63 Cherubin, D. Zur bürgerlichen Sprache des 19. Jahrhunderts // Wirkendes Wort. № 33. 1983. S. 406. Цыт. пав.: Linke, A. Zum Sprachgebrauch des Bьrgertums im 19. Jahrhundert. Überlegungen zur kultursemiotischen Funktion des Sprachverhaltens // R. Wimmer (ed.). Das 19. Jahrhundert. Sprachgeschichtliche Wurzeln des heutigen Deutsch. Berlin - New York, 1991. S. 250. 64 Fishman, J. Language and Nationalism. Р. 61; Williams, G. Language Group Allegiance. Р. 62. 65 Ross, J. A. Language and the Mobilization of Ethnic Identity // H. Gilles, B. Saint-Jacques (eds.). Language and Ethnic Relations. Р. 10. 66 Jespersen, O. Mankind, Nation and Individual from a Linguistic Point of View. Oslo, 1925. Р. 5; Armstrong, J. A. Nations. Р. 242. 67 Hobsbawm, E. J. Nations and Nationalism. Р. 116. |
IV. Палітычныя патрабаваньні й мэтыХоць нацыянальны рух і нельга, як мы ўжо абгрунтавалі, зводзіць да палітычнай барацьбы, кожны нацыянальны рух раней ці пазьней уступіў у грамадзкае жыцьцё, а тым самым у палітычныя адносіны. Яго лідэры пачалі паступова абвяшчаць палітычныя патрабаваньні ад імя нацыі, люду, нацыянальнага інтарэсу, нацыянальнага прагрэсу ды г. д. Адразу на пачатку неабходна сказаць, што — падобна як моўныя патрабаваньні — гэтыя патрабаваньні фармуляваліся ў двух кірунках: да ўласных шэрагаў і на адрас паноўных элітаў. Першы кірунак у значнай меры зьліваўся з нацыянальнай агітацыяй ды пры пэўнай ступені пасьпяховасьці нацыянальнага руху ўтвараў ягоны стабільны палітычны элемэнт. Відавочна, што дзейнасьць ва ўласных шэрагах у выпадку палітычнай праграмы мела большае значэньне, чым у выпадку моўнай праграмы. Прычынай быў яе мабілізацыйны й агітацыйны эфэкт: яна дапамагала прадстаўнікам фармаванай нацыянальнай групы ўсьвядоміць свае інтарэсы ды свае адносіны да вонкавага сьвету. Пазьней да гэтага далучылася таксама ўніфікацыйная дзейнасьць, якая ў пэўнай ступені супрацьстаяла (альбо прынамсі хацела супрацьстаяць) законнай дыфэрэнцыяцыі палітычных партыяў і партыйных праграмаў. Гаворачы пра палітычныя патрабаваньні, нельга забывацца і пра іх унутраны падзел на дзьве пазыцыі: агульна-палітычную й нацыянальна-палітычную. Бо нацыянальныя рухі ніколі не ізаляваліся ад агульных тэндэнцыяў свайго часу ды перасьледавалі разам са спэцыфічна нацыянальнымі мэтамі й мэты, якія належалі да агульных перадумоваў стварэньня грамадзянскай супольнасьці. Належалі да іх асноўныя грамадзянскія свабоды, а таксама канстытуцыя й дэмакратызацыя прадстаўнічай сыстэмы. Таму нельга абсалютызаваць лінію падзелу паміж палітычнымі патрабаваньнямі, зыходзячымі з шэрагаў паноўнай эліты, і патрабаваньнямі, якія прадстаўлялі інтарэс нацыянальнага руху. Канстытуцыйны рэжым і лібэралізацыя палітычнага жыцьця былі супольным інтарэсам лібэралаў незалежна ад нацыянальнасьці. У папярэднім разьдзеле мы дайшлі да зьвестак пра тое, што палітычныя патрабаваньні не былі ва ўсіх нацыянальных рухах прадстаўленыя аднолькава моцна ды што гэтая розьніца датычыць перадусім фазы В. Толькі меншая частка нацыянальных рухаў ужо на сваёй раньняй фазе, яшчэ да дасягненьня масавай падтрымкі, аддавала перавагу палітычным патрабаваньням перад патрабаваньнямі моўнымі й культурнымі (грэкі, нарвэжцы, палякі, сэрбы, ірляндцы). Важнасьць сацыяльнага фактару ў выпадку моўнай праграмы лёгка даказальная. А як гэта будзе выглядаць у выпадку палітычнай праграмы? Важнасьць, унутраны склад і пасьпяховасьць палітычных патрабаваньняў мы павінны ацэньваць з пункту гледжаньня чатырох групаў аб’ектыўных перадумоваў: а) якія палітычна рэлевантныя рэшткі пакінуў пасьля сябе першы этап народатворчага працэсу ды як наагул выглядала папярэдняе, то бок сярэднявечнае й раньне-новавечнае разьвіцьцё непаноўнай этнічнай групы? b) якім быў сацыяльны склад гэтай групы й зь якім асяродкам былі зьвязаныя лідэры нацыянальнага руху падчас яго фазы В і падчас фазы С? с) у якую групу нацыянальны рух быў уключаны з тыпалягічнага пункту гледжаньня? d) якім было агульнае палітычнае становішча ў той дзяржаве, дзе меў месца нацыянальны рух? Калі мы запытаемся, ці народжаны нацыянальны рух мог чэрпаць нейкае палітычнае натхненьне зь мінулага, то знойдзем у гэтай сувязі істотныя адрозьненьні паводле таго, ці на тэрыторыі непаноўнай этнічнай групы ў папярэднюю эпоху існавалі наагул і наколькі моцнымі былі рэшткі дзяржаўнасьці ды які лёс іх напаткаў. З гэтага пункту гледжаньня можна вылучыць тры галоўныя тыпы, якія адпавядаюць ступені этнічнай і краявой тоеснасьці, гаворка пра якую вялася вышэй: 1. Дзяржаўнасьць у пэрыяд сярэднявечча была аслабленая падпарадкаваньнем дзяржавы ўладзе новай дынастыі й яе ўключэньнем у мультыэтнічную імпэрыю. Аднак ад яе застаўся шэраг інстытутаў — саслоўны сойм, частковая судовая аўтаномія, царкоўная арганізацыя, адміністрацыйныя адзінкі ды таму падобнае. Значэньне гэтых інстытутаў, зразумела, не было ва ўсіх выпадках аднолькавым, як і не была аднолькавай магчымасьць, якую нацыянальны рух меў да выкарыстаньня захаваных зь мінулага элемэнтаў і інстытутаў. Такая магчымасьць была значна большай у вугорскім выпадку, дзе сойм захаваў сур’ёзныя паўнамоцтвы, царква засталася вугорскай, а этнічная прыналежнасьць саслоўяў у значнай ступені перакрывалася з этнічным складам нацыянальнага руху. У харвацкім выпадку этнічны склад саслоўяў ужо быў неаднародным, што ўскладняла ўсталяваньне непасрэднай сувязі. І яшчэ меншай была такая магчымасьць у чэскім выпадку, дзе большасьць краявых сьвецкіх інстытутаў была апанаваная кіроўнымі элітамі бяз сувязі з нацыянальным рухам. Амаль цалкам была перарваная традыцыя самабытных інстытутаў — рэліктаў сярэднявечнай дзяржавы — у Шатляндыі, Каталёніі, Ірляндыі, Нарвэгіі ды ў Літве. Нягледзячы на гэта й тут нацыянальны рух арыентаваўся на сярэднявечную дзяржаўнасьць: посьпехам гэта скончылася, уласна кажучы, толькі ў Нарвэгіі. У гэтай сувязі неабходна нагадаць, што традыцыя дзяржаўнасьці не ўваходзіла ў нацыянальны рух усяго толькі інстытуцыянальна, але таксама як гістарычная сьвядомасьць, як «калектыўная памяць», якая ператварала мінулае народу ў крыніцу палітычных аргумэнтаў. Гэты фактар меў надзвычайнае значэньне ў другой групе нацыянальных рухаў. 2. Сярэднявечная альбо раньне-новавечная дзяржаўнасьць была цалкам перарваная й не існавала амаль ніякіх інстытутаў, апрача царкоўных, якія можна было б выкарыстаць для мэтаў нацыянальнага руху. Візія аднаўленьня сярэднявечнай «нацыянальнай» дзяржавы была магчымай толькі ўскосна, апасродкавана, шляхам абуджэньня гістарычных успамінаў. Такім быў лёс балканскіх сярэднявечных дзяржаваў, баўгарскай і сэрбскай, ды ў своеасаблівай форме — таксама бізантыйска-грэцкай. Да гэтай катэгорыі можна было б аднесьці таксама Брэтань, Валію і Ўкраіну. Гістарычныя рэмінісцэнцыі й міты тут, зразумела, адыгрывалі надзвычайную ролю. Адсюль таксама важнасьць фазы А для відавочнага вызначэньня гістарычнай пераемнасьці й дэлімітацыі «нацыянальнай» тэрыторыі. Да ролі нацыянальнай сьвядомасьці й нацыянальных мітаў мы яшчэ ў гэтым разьдзеле вернемся. 3. Нацыянальнаму руху не была дадзеная магчымасьць спасылацца на якія-небудзь рэлікты палітычнай самабытнасьці, ён ня мог «вынайсьці» аднаўленьня якойсьці старэйшай дзяржавы, таму што нічога падобнага не існавала. Гэта датычыла так званых «негістарычных»народаў, якім ня толькі кансэрватары, але й лібэралы зь ліку паноўных элітаў адмаўлялі са спасылкай на адсутнасьць уласнай (палітычнай) гісторыі ў праве на самастойнае палітычнае існаваньне. У некаторых выпадках такі нацыянальны рух сапраўды не дасягнуў посьпеху (фрызы, лужыцкія сэрбы, кашубы), аднак больш частымі былі выпадкі пасьпяховыя: славакі, славенцы, эстонцы, латышы, фіны. Наступную групу аб’ектыўных перадумоваў утвараў сацыяльны склад непаноўнай этнічнай групы ды яе лідэраў на працягу нацыянальнага руху. Ужо ў папярэднім разьдзеле мы прыйшлі да высновы, што адсутнасьць прадстаўнікоў вышэйшых слаёў грамадзтва сярод прадстаўнікоў непаноўнай этнічнай групы была акалічнасьцю, якая не спрыяла падрыхтоўцы й распаўсюджваньню палітычных патрабаваньняў. Нельга сьцьвярджаць, што нібыта прысутнасьць вышэйшага чынавенства ды шляхты ў нацыянальным руху залежала ад таго, ці мог ён абаперціся на пэўную дзяржаўную традыцыю. Так, напрыклад, у фінскім нацыянальным руху, які такой традыцыі ня меў, актыўна ўдзельнічалі вышэйшыя чыноўнікі ды ўнівэрсытэцкія прафэсары. Літоўскі нацыянальны рух, наадварот, быў абмежаваны сялянствам, хоць і не належаў да «негістарычных». Зрэшты, нават на пачатку чэскага нацыянальнага руху ўдзел вышэйшых чыноўнікаў ці памешчыкаў быў ня надта значным. Больш важным, чым проста прадстаўніцтва паасобных сацыяльных групаў, для інтэрпрэтацыі палітычнай праграмы будзе пытаньне пра ўдзел гарадзкога насельніцтва й пра ўдзел царквы ды сьвятароў у нацыянальным руху. Гарадзкі асяродак нашмат лягчэй і хутчэй палітызаваўся, чым асяродак вясковы, калі, канечне, непаноўная этнічная група мела ў гэтым асяродку дастатковае прадстаўніцтва. Удзел духавенства хоць і неабавязкова павінны быў наўпрост вызначаць клерыкальны характар палітычнай праграмы, аднак можна меркаваць, што ўскосна ён уплываў ня толькі на радыкальнасьць патрабаваньняў ды мэтадаў, але таксама на дэфініцыю ворагаў народу на базе канфэсійнага крытэру. Праўда, гэта ўсё, хутчэй, гіпатэтычныя заўвагі: уплыў сацыяльнага складу патрыётаў на палітычную праграму нацыянальных рухаў трэба будзе яшчэ прааналізаваць. Тыпалягічная характарыстыка народных рухаў, гэтаксама як і характар дзяржаўнай сыстэмы мультыэтнічнай імпэрыі, як мы іх больш падрабязна апісалі ў разьдзеле ІІ, дапамагае растлумачыць хуткасьць стварэньня й распаўсюджваньня палітычных патрабаваньняў, а таксама іх зьмест. Відавочна, што нацыянальныя рухі, якія належалі да трэцяга, «паўстанцкага» тыпу, стварылі сваю палітычную праграму хутчэй і надалі ёй больш радыкальны характар, чым рухі, якія мы адносім да другога, «спозьненага» тыпу. Улічваць трэба больш ці менш рэпрэсійны характар палітычнага рэжыму, пры якім жыла непаноўная этнічная група.
* * *
Тое, што завецца палітычнай праграмай нацыянальнага руху, было гетэрагенным і зьменлівым комплексам патрабаваньняў і мэтаў. Гэтыя мэты на працягу кожнага нацыянальнага руху нарасталі й не заўсёды дасьпявалі ажно да патрабаваньня поўнай дзяржаўнасьці для ўласнага народу. Падобна як у выпадку моўнай праграмы, гэтыя патрабаваньні на базе эмпірычных назіраньняў можна рассартаваць на некалькі ступеняў ды ўзроўняў, якія ўзаемна дапаўняліся. Ніжэйшы ўзровень быў перадумовай для разьвіцьця вышэйшага, а той інтэграваў у сабе таксама палітычныя патрабаваньні й мэты ніжэйшага ўзроўню. Не ўдаючыся ў тэарэтычныя аналізы, мы можам адрозьніць тры галоўныя ўзроўні, характар якіх перадаецца спрошчанымі тэрмінамі: субстытуцыя, удзел і самавызначэньне. 1. Субстытуцыйным мы азначаем найніжэйшы ўзровень палітычных патрабаваньняў, у выпадку якіх гаворка яшчэ ішла не пра фармуляваньне ды палітычныя мэты ў прамым сэнсе гэтага слова, а пра патрабаваньні зь непалітычных сфэраў нацыянальнага жыцьця, якія маглі набыць палітычную функцыю альбо падрыхтаваць аргумэнты й фактаграфію для вышэйшага ўзроўню палітычнай праграмы. Напэўна, найбольш прынцыповай у гэтым кантэксьце была спроба патрыётаў дамагчыся прызнаньня «існаваньня народу», гэта значыць этнічнай самабытнасьці для ўласнай групы, так, як яго паводле навуковых крытэраў гістарычных і лінгвістычных дэфінавала фаза А. Патрыятычная агітацыя, якая арыентавалася на гэтыя крытэры, павінна была адначасова дэфінаваць ды пры нагодзе абараняць сваё прасторавае вызначэньне народу, да «адраджэньня» якога яна імкнулася. Да гэтага вызначэньня належалі ня толькі межы, але й такія яго прыродныя й геаграфічныя характарыстыкі, як, напрыклад, сталіца, галоўны горны масіў, рака і г. д. Да яго належыць таксама супраціў магчымаму адміністрацыйнаму аддзяленьню тэрытарыяльных адзінак, населеных прадстаўнікамі той самай непаноўнай этнічнай групы — народу (напрыклад, Чэхія-Маравія, басконскія правінцыі, галіцкая й усходняя Ўкраіна, Харватыя-Далмацыя). Мабілізацыйны, накіраваны на ўласныя шэрагі эфэкт гэтай дзейнасьці можна вызначыць як стварэньне ўяўленьня пра «радзіму», псыхагеаграфічнага стэрэатыпу, які мог быць дзейсна далучаным да пазьнейшых фазаў палітызацыі нацыянальнага руху69. |
68 Gellner, E. Culture, Identity and Politics. Р. 17. |
Моўныя й культурныя патрабаваньні зьяўляліся субстытутам палітычнай праграмы асабліва там, дзе палітычны прыгнёт не дазваляў іншых формаў нацыянальнай дзейнасьці: у Аўстрыі да 1848 г., у царскай Расеі да 1905 г. Такім чынам, нельга сьцьвярджаць, што кожная форма моўнай дзейнасьці можа быць акрэсьленая субстытуцыйнай альбо што, маўляў, ва ўмовах палітычных рэпрэсіяў палітычная дзейнасьць была неўяўляльнай. Субстытуцыйную, палітычную афарбоўку набывалі моўныя й культурныя патрабаваньні там, дзе яны мелі характар спробы інстытуцыялізаваць нацыянальнае жыцьцё, што ўяўляла зь сябе заснаваньне патрыятычных гурткоў і асацыяцыяў (музэі, славянскія зямляцтвы, чытацкія гурткі), арганізаваць распаўсюджваньне часопісаў ды кніг і г. д. Барацьба за самабытнасьць мовы, зрэшты, ужо сама па сабе імпліцытна нараджала ўяўленьне пра пэўную закрытасьць фармаванай нацыі, а значыць і элемэнтарнае ўяўленьне пра групу, якая сама павінна вырашаць свае (моўныя й культурныя) справы.
Падобным чынам палітычны субстытуцыйны характар набывала гэтаксама арганізаваная спроба патрыётаў адстойваць такія сацыяльныя патрабаваньні, як, перадусім, вызваленьне сялян альбо паляпшэньне іх праўнага статусу, рэформа падатковай сыстэмы й г. д. Спэцыфічнай праявай палітызацыі нацыянальнага руху было культываваньне гісторыі дзяржаўнасьці, якое, праўда, як мы ведаем, у некаторых нацыянальных рухах («негістарычны» тып) ня ўлічвалася. Лірычнае адлюстраваньне мінулага народу — у навуцы, публіцыстыцы, бэлетрыстыцы ці паэзіі — таксама як яе апісаньне ў творах выяўленчага мастацтва ды ў музыцы, падкрэсьлівала часы дзяржаўнай незалежнасьці, знаёміла са слаўнымі ўчынкамі нацыянальных уладароў, праслаўляла абарону радзімы ад ворага звонку. Гэтая дзейнасьць, якая перш за ўсё была скіраваная да шэрагаў уласнай этнічнай групы, ня толькі ўзмацняла ўсьведамленьне радзімы ды надавала ёй разам з прасторавым і часавае вымярэньне, але таксама й палітызавала яе. Бо яна ўкараняла ў чытачах уяўленьне пра тое, што атрыбутам поўнага нацыянальнага жыцьця зьяўляецца палітычная самабытнасьць, дзяржаўнасьць, права вырашаць уласныя справы незалежна ад чужых уладароў і г. д. Якой бы ні была доля міту, спазнаньне мінулага свайго народу як мінулага дзяржаўнага ўносіла ў нацыянальную сьвядомасьць ня толькі гонар за даўнюю славу продкаў, але й уяўленьне, што незалежнасьць уласнай нацыі ад чужога панаваньня — пазытыўная велічыня. Раней ці пазьней сьвядомасьць страчанай самастойнасьці, свабоды народу станавілася складовай часткай «калектыўнай памяці» — зразумела, толькі там, дзе гэтая сьвядомасьць мела прынамсі частковае гістарычнае абгрунтаваньне. Такім чынам, гісторыі адводзілася выключная роля ў барацьбе за больш надзённыя палітычныя патрабаваньні. У гэтай сувязі часам можна прасачыць узаемасувязь нацыянальнай тоеснасьці й нацыянальнай праграмы з краявым патрыятызмам: агульным назоўнікам тут была арыентацыя на гістарычна-палітычную адзінку ды яе гістарычныя «правы». Гэтакая сувязь нам добра вядомая з чэскай гісторыі, дзе яна сымбалічна перадаецца тым, што аўтар канцэпцыі чэскай гісторыі пачынаў у якасьці гістарыёграфа краявых саслоўяў. Яшчэ больш выразнай была гэтая ўзаемасувязь у вугорскім выпадку, тады як у Харватыі яна праявілася з пэўным спазьненьнем70. Паказальна, што ў нарвэскім нацыянальным руху, які прыняў палітычную праграму яшчэ ў час фазы В, вельмі хутка ўзьнікла патрэба ўвесьці ў сярэдніх і пачатковых школах замест вывучэньня Старога тастамэнту абавязковае вывучэньне нацыянальнай гісторыі. Гістарызм як субстытуцыю палітыкі можна знайсьці і ў пачатках каталёнскага ды валійскага рухаў71. Відавочна, нацыянальныя міты не былі спэцыфікай нацыянальнага руху, а зьяўляліся складовай часткай народатворчых працэсаў ва ўсёй Эўропе, нават не аднойчы (асабліва ў Нямеччыне ды Італіі) з падобнай палітычна-субстытуцыйнай функцыяй. |
69 Us and Them. The Psychology of Ethnonationalism. New York. Зборнік. Р. 10. |
2. Патрабаваньні ўдзелу ўжо зьвярталіся ў першую чаргу вонкі — яны былі адрасаваныя дзяржаўным органам і паноўным элітам. Іх характар ды іх спадзяваньне на посьпех былі абумоўленыя разьвіцьцём сытуацыі ў дадзенай дзяржаве: як падказвае сам тэрмін, справа датычыла патрабаваньняў удзелу прадстаўнікоў непаноўнай этнічнай групы ў прыняцьці рашэньняў, якія тычыліся грамадзкага жыцьця. Яны мелі, зразумела, большую актуальнасьць і надзённасьць ва ўмовах Габсбурскай манархіі й царскай Расеі, чым Вялікай Брытаніі. Формы й мэтады адстойваньня гэтай катэгорыі палітычных патрабаваньняў адрозьніваліся паводле таго, у якіх умовах іх адстойвалі.
Аднак ужо ва ўмовах позьняга абсалютызму зьяўляецца праграма ўдзелу на ўзроўні мясцовага самакіраваньня, якую ў традыцыйных дасьледаваньнях звычайна недаацэньваюць. Прадстаўнікі непаноўнай этнічнай групы павінны былі атрымаць прапарцыйны ўдзел у кіраваньні мясцовымі справамі. Гаворка магла пры гэтым весьціся як пра гарадзкое самакіраваньне, так і пра вясковае, абшчыннае. Чэскія патрабаваньні гэтага роду сфармуляваў ужо ў дасакавіцкі пэрыяд Гаўлічак (Havlíček), і характэрна, што чэскі тэрмін «грамадзянін» (občan) паходзіць ад слова «абшчына» (obec), ад абшчыннай адміністрацыі72. Заможныя нарвэскія сяляне змаглі ўжо ў 1836 г. пераламаць перавагу чыноўнікаў у абшчыннай адміністрацыі, што, праўда, яшчэ не азначала поўнай дэмакратызацыі самакіраваньня73. Эстонскія патрыёты ўжо ў шасьцідзясятыя гады патрабавалі ад цара пазбавіць вясковыя абшчыны дагляду з боку нямецкіх баронаў і дазволіць эстонскім сялянам самакіраваньне. У сямідзясятыя гады эстонскія й латыскія патрыёты ўжо ўдзельнічалі — сьпярша безь вялікіх посьпехаў — у выбарах у гарадзкія рады. Што паказальна, пазьней большых посьпехаў дамагліся латышы ў Рызе, чым эстонцы ў Таліне74. Літоўскія патрыёты паспрабавалі выставіць уласных кандыдатаў на абшчынных выбарах толькі на пачатку дзевяностых гадоў ХІХ ст.75. Спэцыфічным частковым элемэнтам мясцовага ўдзелу было пытаньне ўдзелу ў царкоўным самакіраваньні. Яно, праўда, прыходзіла ва ўвагу толькі ў пратэстанцкіх вобласьцях: гаворка ішла пра тое, каб прадстаўнікі непаноўнай этнічнай групы таксама мелі слова пры выбары пастара альбо пры кіраваньні рэлігійнымі справамі наагул. У балтыйскіх правінцыях гэтая спроба скончылася частковым посьпехам ужо ў 1870 г., у Валіі яна спалучалася з апазыцыяй нонканфармізму ў адносінах да дзяржаўнай царквы76. Пасьля ўвядзеньня канстытуцыйнага рэжыму актуальным стала пытаньне ўдзелу ў працы прадстаўнічага органу ў рамках краю ці дзяржавы. Толькі ў Вугоршчыне гэты манэўр адбыўся безь вялікіх неладоў, таму што там саслоўны сход ужо прыняў нацыянальныя палітычныя мэты. Акрамя Вугоршчыны, паўсюдна барацьба за месца ў сойме стала барацьбой за пазыцыю народу. Бо праблема заключалася ў тым, што выбарчы цэнз дыскрымінаваў прадстаўнікоў непаноўнай этнічнай групы, якія ў сваёй большасьці належалі да найбольш беднай, а таму ўсё яшчэ непаўнапраўнай большасьці насельніцтва. Прадстаўнікі паноўных элітаў у выніку гэтага мелі ў прадстаўнічых органах перавагу. Нацыянальны рух мог супрацьставіць гэтаму толькі патрабаваньне дэмакратызацыі выбарчай сыстэмы, так што дэмакратызм — прынамсі ў Габсбурскай манархіі — паступова стаўся арганічнай складовай часткай яго праграмы. Інакш, натуральна, справы меліся ў дачыненьні да прадстаўнічых органаў, у якіх у выніку сваёй нешматлікасьці прадстаўнікі малога народу не маглі дамагчыся вырашальнага ўплыву нават пасьля ўвядзеньня ўсеагульнага выбарчага права. Так гэта было ў выпадку венскага імпэрскага сойму, вугорскага сойму, а пасьля рэвалюцыі 1905 г. таксама ў выпадку расейскай Думы. Непасрэдным адказам на такую сытуацыю была спроба здабыць хаўрусьніка альбо аб’яднаць сілы ў каардынаванай палітыцы. Іншым жа адказам было ўзмацненьне аўтанамістычных намаганьняў, якія ўжо, праўда, належаць да трэцяга ўзроўню палітычных патрабаваньняў нацыянальнага руху. Наступны шлях, пры дапамозе якога лідэры нацыянальнага руху хацелі павялічыць свой удзел у прыняцьці палітычных рашэньняў, — гэта спроба дамагчыся пазыцыяў і ўплыву ў выканаўчых органах, гэта значыць адміністрацыйных і ўрадавых установах. Перадумовай посьпеху такой спробы быў, безумоўна, палітычны канфармізм, прыстасаваньне да сыстэмы каштоўнасьцяў паноўных элітаў. Гэты працэс прынёс, як вядома, значныя посьпехі чэскай палітыцы напрыканцы ХІХ ст., але мы сустракаемся зь ім і ў іншых месцах. Заснавальнік фінскага нацыянальнага руху Ё. В. Снэльман атрымаў у Фінляндыі высокую пасаду сэнатара ды дзякуючы гэтаму таксама пэўны ўплыў пры царскім двары; першае пакаленьне латыскіх патрыётаў атрымала месцы ў пецярбурскіх установах77. |
70 Gross, M. Croatian National-Integrating Ideologies // Austrian Yearbook. №№ 12-13. 1967. Р. 3.
71 Koht, H. Henrik Wergeland. Kristiania, 1908. S. 98. 72 Urban, O. Kapitalismus a česká společnost. Praha, 1978. С. 210. 73 Jensen, M. Norges historie. II. Oslo, 1949. S. 238. 74 Kruus, H. Grundriß der Geschichte des Estonischen Volkes. Tartu, 1932. S. 128; Uustalu, E. The History of Estonian People. London, 1952. Р. 132. 75 Römer, M. Litwa. Studium o odrodzeniu narodu litewskiego. Lwów, 1908. S. 239. 76 Coupland, R. Welsh and Scottish Nationalism. London, 1954. Р. 178; Harnack, Th. Die lutherische Kirche Livlands und die herrnhutische Brüdergemeinde. Erlangen, 1860. |
Барацьба за ўдзел і пранікненьне ў дзяржаўныя ўстановы не была карысьліва матываванай самамэтай. Яе сэнсам была здабыча патрэбных пазыцыяў для адстойваньня нацыянальных патрабаваньняў моўных, культурных ды сацыяльных. Без удзелу ва ўладзе ў патрыётаў былі невялікія шанцы дамагчыся новых школаў, унівэрсытэцкіх катэдраў, датацыяў на культурную дзейнасьць і г. д. Бяз гэтакага ўдзелу пры прасоўваньні сваёй мовы да ўстаноў і судоў яны маглі разьлічваць толькі на добрую волю ўрада й валадара. Тое самае адносілася й да спрэчак пра справядлівы падзел падатковага цяжару, вылучэньне бюджэтных сродкаў, укараненьне тэхнічных інавацыяў і г. д. У выніку гэтага, праўда, моўныя, культурныя, эканамічныя й сацыяльныя патрабаваньні сталіся складовай часткай палітычных мэтаў нацыянальнага руху.
У гэтай сувязі часта закранаецца дыскусійнае пытаньне, ці нацыянальныя патрабаваньні не супярэчылі патрэбам грамадзянскіх правоў і свабодаў. Гэтае пытаньне мае сваё абгрунтаваньне, калі мы прыгадаем ролю некаторых народных рухаў у рэвалюцыі 1848 г., з аднаго боку, і адназначную прыярытэтызацыю Бісмаркам нацыянальнага інтарэсу перад канстытуцыяй, з другога78. Было б, аднак, недапушчальным спрашчэньнем шукаць на гэтае пытаньне агульны адказ бяз сувязі з канкрэтнымі трансфармацыямі ў часе й прасторы. Як мы казалі вышэй, шэраг нацыянальных рухаў меў непасрэдны інтарэс у тым, каб правесьці ня толькі дэмакратызацыю выбарчай сыстэмы, але й грамадзкага жыцьця. Зь іншага боку, шмат якія лідэры тых самых нацыянальных рухаў імкнуліся прыстасавацца да кансэрватыўных традыцыяў паноўных элітаў. Тым ня менш, дэмакратызм падчас фазы С быў самай галоўнай тэндэнцыяй у разьвіцьці палітычнай праграмы. Неабходна, праўда, зьвярнуць увагу на пэўныя адрозьненьні генэтычнага характару: тады як чэскі, эстонскі, нарвэскі й фінскі дэмакратызмы бралі свой пачатак ва ўяўленьнях пра грамадзянскую роўнасьць, дэмакратызмы ў выпадках славенскім, літоўскім, флямандзкім і славацкім несьлі ў сабе адносна моцныя элемэнты патрыярхальнасьці. |
77 Schybergson, M. G. Politische Gischichte Finnlands 1809-1919. Gotha-Stuttgart, 1925. S. 175; Grosberg, O. Die Presse Lettlands. Riga, 1927. S. 48. |
Пытаньне адносінаў нацыянальнага руху да грамадзянскай супольнасьці мае, зрэшты, два бакі. Адзін — гэта сам нацыянальны рух і яго лідэры, а другі — гэта лідэры паноўнага дзяржаўнага народу, дакладней кажучы, тая іх частка, якая ўдзельнічала ў лібэральным і дэмакратычным руху ды ў буржуазных рэвалюцыях. Праблема палягала ў тым, што гэтыя лібэралы й дэмакраты вельмі часта лічылі непаноўныя этнічныя групы й іх трансфармацыю ў нацыянальны рух рэліктам фэадалізму. Яны адхілялі прэтэнзіі нацыянальных рухаў на самастойнае палітычнае існаваньне, выкарыстоўваючы пры гэтым палітычныя аргумэнты (рэакцыйнасьць, кансэрвацыя адсталасьці) ды эканамічныя (гаспадарчая нясамадастатковасьць новых народаў). Прыкладаў, якія б гэта пацьвердзілі, мы можам сустрэць многа па ўсёй Эўропе: пазыцыя нямецкіх лібэралаў і дэмакратаў, таксама як вугорскіх рэвалюцыянэраў у 1848—1849 гг., падыход ангельскіх лібэралаў да ірляндзкага й пазьней шатляндзкага руху, пазыцыя часткі расейскіх лібэралаў і сацыял-дэмакратаў падчас рэвалюцыі 1905 г. ды пасьля яе.
Такім чынам, не адмаўляецца той факт, што ва ўсіх нацыянальных рухах дзейнічалі таксама кансэрватыўныя, антырэвалюцыйныя, клерыкальныя плыні (больш моцныя ў славенцаў, харватаў, баскаў, літоўцаў, слабейшыя ў чэхаў, эстонцаў, нарвэжцаў). Аднак такія плыні мы знойдзем, уласна кажучы, і ў палітычным спэктры дзяржаўных народаў ды іх паноўных элітаў. 3. Тэрмін самавызначэньне, які мы тут ужываем, трэба разумець у шырокім сэнсе гэтага слова, гэта значыць ня як патрабаваньне дзяржаўнай самастойнасьці, а як агульнае намаганьне, каб прадстаўнікі народу самі вырашалі свае справы незалежна ад таго, ці прастора для такога вырашэньня вызначана аўтаноміяй, фэдэралізацыяй альбо поўнай самастойнасьцю. Пачатак шляху да патрабаваньня самавызначэньня мы ўжо характарызавалі вышэй: гэта было ўсьведамленьне абмежаваных магчымасьцяў, якія ва ўмовах мультыэтнічнай імпэрыі прапанаваў удзел прадстаўнікам непаноўных этнічных групаў, якія ніколі не маглі стаць большасьцю ва ўседзяржаўным маштабе ды такім чынам здабыць кантроль над выканаўчай уладай. Такім чынам, на пачатку была спроба народных лідэраў мінімалізаваць уплыў цэнтру ды дамагацца большай прасторы для прыняцьця рашэньняў на «ўласнай» тэрыторыі. З тэарэтычнага гледзішча, праграма аўтаноміі магла быць сфармуляваная паралельна з пачаткам барацьбы за ўдзел, і шмат калі так яно й было: нагадаем пра перамовы аб аўстра-славізьме падчас рэвалюцыі 1848 г. Аднак сыстэмнай складовай палітычнай праграмы нацыянальных рухаў у Аўстрыі, Гішпаніі ды ў Вялікай Брытаніі (за выняткам Ірляндыі) аўтаномія стала толькі падчас фазы С, ды й тое звычайна толькі ва ўмовах цалкам сфармаванага сацыяльнага складу нацыянальнага руху. У Асманскай імпэрыі аўтаномію разумелі іншым чынам: як вымушаны варыянт патрабаваньня поўнай незалежнасьці. У расейскіх умовах неабходна адрозьніваць сытуацыю ў Фінляндыі, дзе нацыянальны рух канцэнтраваўся хутчэй на абароне аўтаноміі, дадзенай царом яшчэ пасьля далучэньня да Расеі ў 1809 г., ад сытуацыі ў Літве альбо ў балтыйскіх правінцыях. Там лідэры нацыянальных рухаў маглі адважыцца сфармуляваць гэтае патрабаваньне толькі ў рэвалюцыйным 1905 г. Прынцыповай праблемай усіх аўтанамістычных патрабаваньняў было пытаньне, у якіх межах гэтая аўтаномія будзе ажыцьцяўляцца: ці маюць быць гэтыя межы вызначаныя гістарычна ці этнічна? Тут ізноў усё залежала ад таго, ці спасылаўся нацыянальны рух на традыцыю колішняй дзяржаўнасьці ці не. Найбольш моцную гістарычную тэрытарыяльную сувязь мог выкарыстоўваць вугорскі нацыянальны рух, які, апрача гэтага, яшчэ й спасылаўся на надзвычайна моцную пераемнасьць ад краявога патрыятызму да сучаснай нацыянальнай тоеснасьці. Калі гэта дапоўніць тым, што вугорскі нацыянальны рух абапіраўся на заангажаваны ўдзел шляхты ўжо ў пэрыяд сваёй фазы В, то мы адносна лёгка знойдзем тлумачэньне хуткаму посьпеху яго палітычных патрабаваньняў у форме дуалізму 1867 г. Хоць частка вугорскіх палітыкаў гэты кампраміс і адхіляла ды патрабавала поўнай самастойнасьці, можна сказаць, што вугорскі нацыянальны рух дасягнуў у 1867 г. сваёй найвышэйшай мэты — усталяваньня амаль незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Аднак той факт, што гэтая нацыянальная дзяржава ўсталявалася ў межах гістарычнай Вугоршчыны, прынёс новыя, вельмі сур’ёзныя праблемы. Чэскі й харвацкі нацыянальныя рухі, якія таксама спасылаліся на былую дзяржаўнасьць, падобнага посьпеху не дасягнулі, а іх аўтаномія засталася, у прынцыпе, на ўзроўні старых, больш-менш абмежаваных краявых правоў. І ў гэтым выпадку нацыянальныя рухі патрабавалі аўтаноміі для сваёй тэрыторыі, вызначанай гістарычнымі межамі сярэднявечных дзяржаваў, якія яны лічылі «сваімі». Аўтаноміі патрабавалі й іншыя нацыянальныя рухі старой манархіі: украінцы ў Галіччыне, сэрбы ў Ваяводзіне, славенцы, славакі. Аднак паўсюль гэтыя спробы засталіся беспасьпяховымі. Патрабаваньне самавызначэньня ў форме аўтаноміі далёка не было абмежаваным краямі Габсбурскай манархіі. Вельмі хутка мы сустрэнем яго ў 1892 г. у каталёнскім нацыянальным руху, які адстойваў старую канцэпцыю фэдэралізму з 1873 г., а пазьней таксама ў басконскім руху. Шатляндзкае патрабаваньне вяртаньня парлямэнту ў Шатляндыю, ад якога распачаўся няўдалы шатляндзкі нацыянальны рух у шасьцідзясятыя гады ХІХ ст., таксама пасуе да тэрміну «самавызначэньне». Флямандзкі нацыянальны рух да гэтага ўзроўню палітычнай праграмы як адзінае цэлае дайшоў толькі ў ХХ ст. Як ужо было сказана, праграма аўтаноміі ў Расейскай імпэрыі змагла заявіць пра сябе толькі пасьля аслабленьня царскага самадзяржаўя вайной зь Японіяй ды рэвалюцыяй 1905 г. Адзіным выключэньнем была барацьба за ўтрыманьне аўтаноміі Фінляндыі, якая пачалася напрыканцы дзевяностых гадоў як абарона супраць царскай самаўпраўнасьці й атрымала масавую падтрымку фінскамоўнага й швэдзкамоўнага насельніцтва. Праўда, гэтая барацьба таксама дасягнула посьпеху толькі ў рэвалюцыйным 1905-м. Своеасаблівы дуалізм у барацьбе за аўтаномію мы назіраем у балтыйскіх правінцыях, якія мелі пэўную аўтаномію (большую, чым іншыя губэрні) у адміністрацыйных і юрыдычных справах. Гэтую аўтаномію выкарыстоўвала, зразумела, перадусім нямецкая паноўная кляса ды прадстаўнікі нямецкай інтэлігенцыі, «літаратараў». Змаганьне эстонскага й латыскага нацыянальных рухаў, такім чынам, натыкалася на падвойную перашкоду: на царскае самадзяржаўе ды на аўтаномію балтыйскіх правінцыяў, апанаваную нямецкімі баронамі. Усе гэтыя прыклады паказваюць, што ў вялікай частцы Эўропы, прычым як на Ўсходзе, гэтак і на Захадзе, праграма самавызначэньня ў нацыянальным руху засталася абмежаванай патрабаваньнем аўтаноміі. Ніводная палітычна рэлевантная сіла не патрабавала тут самастойнай дзяржавы — нават у польскім нацыянальным руху пасьля паразы рэвалюцыі 1863—1864 гг. пераважала арыентацыя на дасягненьне палітычнай аўтаноміі ці прынамсі некаторых яе элемэнтаў, як таго дасягнуў польскі нацыянальны рух у Галіччыне. Галасы, якія заклікалі да незалежнасьці, былі галасамі экстрэмістаў-адзіночак, якіх ніхто не ўспрымаў сур’ёзна. З гэтага пункту гледжаньня неабходна падысьці й да тэзы пра нацыянальны рух як пра мэтанакіраваную барацьбу за палітычную незалежнасьць. Гэтая тэза, якая мае не агульнае, а толькі часам ды месцам абмежаванае дзеяньне. Часам — таму, што большасьць нацыянальных рухаў на сваёй вельмі позьняй фазе, а часта ў надзвычай вострых умовах — сапраўды фармулявала патрабаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту для ўласнага народу. Месцам — у тым сэнсе, што некаторыя нацыянальныя рухі сапраўды вельмі хутка, яшчэ падчас фазы В, імкнуліся да палітычнай незалежнасьці. Гэтыя нацыянальны рухі можна лёгка пералічыць: гэта нацыянальныя рухі, якія належаць да памянёнага ўжо «паўстанцкага» тыпу, то бок балканскія рухі, а таксама нацыянальны рух нарвэскі ды з пэўнымі агаворкамі таксама рух ірляндзкі. Аднак і тут неабходна адрозьніваць патрабаваньні ад рэальнасьці. Са ўсіх памянёных нацыянальных рухаў посьпеху амаль без пасярэднікаў дамогся грэцкі рух — відавочна, дзякуючы інтэрвэнцыі супэрдзяржаваў, — а пазьней баўгарскі рух — ізноў дзякуючы замежнай дапамозе. Сэрбскія паўстаньні на некалькі дзесяцігодзьдзяў вымушаныя былі задаволіцца аўтаноміяй, гэтаксама як і нарвэскі нацыянальны рух. Ірляндцы доўга не маглі атрымаць нават аўтаноміі. Дарэчы, характэрна, што менавіта ў балканскіх нацыянальных рухах (акрамя грэцкага) было вельмі слабое лібэральнае крыло. Такім чынам, мы набліжаемся да наступнай зьявы, зьвязанай з высьпяваньнем палітычнай праграмы як на ўзроўні ўдзелу, гэтак і на ўзроўні самавызначэньня — унутранай дыфэрэнцыяцыі палітычнай праграмы. Яна адбылася ва ўсіх нацыянальных рухах на працягу фазы С, у некаторых ужо падчас фазы В. Ступень сьпеласьці розных плыняў залежала, зразумела, ня толькі ад сацыяльнай структуры, але таксама ад замежных палітычных умоваў: у Расеі, напрыклад, дыфэрэнцыяцыя праходзіла ажно да 1905 г. ва ўмовах паліцэйскай дзяржавы ды магла праяўляцца публічна толькі ў вельмі абмежаванай меры. Палітычная дыфэрэнцыяцыя праходзіла звычайна па дзьвюх узаемазьвязаных пазыцыях: па пазыцыі нацыянальнай і па пазыцыі палітычнай. Першая пазыцыя мела, зразумела, цалкам простую форму: гэта была дыфэрэнцыяцыя паміж нацыянальна-памяркоўнымі й нацыянальнымі радыкаламі, шмат у якіх нацыянальных рухах перадаваная супрацьлегласьцю паміж стара- й маладачэхамі, латышамі, эстонцамі, фінамі (старафіны й «фэннаманы») і г. д. Нацыянальны радыкалізм ва ўмовах Габсбурскай і Расейскай імпэрыяў сьпярша адназначна быў зьвязаны з палітычным радыкалізмам: нацыянальныя радыкалы ў 1848 г. былі бліжэйшыя таксама да дэмакратычнай праграмы, падобна як маладаэстонцы ці маладалатышы. Сам прэфікс «малада-», канечне, яшчэ не азначаў якойсьці аднастайнай праграмы, а маладачэхі, маладалатышы, маладаўкраінцы і г. д. — пры ўсёй сваёй згодзе ў нацыянальным радыкалізьме — узаемна значна адрозьніваліся асабліва ў сваёй палітычнай праграме. У заходнеэўрапейскіх нацыянальных рухах гэтая паралель ужо не была такой адназначнай: нацыянальны радыкалізм у басконскім, каталёнскім, флямандзкім і валійскім рухах быў зьвязаны хутчэй з кансэрватызмам. Зрэшты, таксама ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе нацыянальны радыкалізм зь цягам часу пачаў праяўляцца на палітычнай лявіцы й правіцы, сярод клерыкалаў і сярод дэмакратаў. Далейшая дыфэрэнцыяцыя адбылася з пачаткам арганізаванага рабочага руху й усталяваньнем сацыял-дэмакратыі, якая спалучала левыя пазыцыі з нацыянальнай памяркоўнасьцю ды толькі зрэдку з нацыянальным нігілізмам. Агульнай рысай усіх гэтых палітычных партыяў было тое, што ў сваю праграму яны ставілі — калі не на першае, дык, прынамсі, на вядучае месца — культурныя й сацыяльныя патрабаваньні ад імя народу. Такі падыход сьведчыў ня толькі пра кансэнсус у паглядах на «нацыянальны інтарэс», але таксама пра ахвоту рашуча стаць на абарону народу ў выпадку пагрозы ягонай тоеснасьці. Нарэшце, неабходна зьвярнуць увагу на заключную стадыю палітычнай барацьбы за самавызначэньне: узьнікненьню нацыянальнай дзяржавы. Хоць, як ужо неаднаразова падкрэсьлівалася, нацыянальны рух нельга атаясамліваць з барацьбой за незалежнасьць: амаль усе яны дамагліся незалежнасьці, калі нацыянальны рух дасягнуў фазы масавага — у 1918—1919 альбо ў 1989—1991 гг. У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе вырашальным быў фактар, які нам да гэтага быў вядомы толькі з народатворчых працэсаў на Балканах: палітыка супэрдзяржаваў. З крахам Габсбурскай і Расейскай мультыэтнічных імпэрыяў напрыканцы І Усясьветнай вайны раптам узьнік вакуўм улады — часам спадзяваны, часам нечаканы — і тым самым стварыліся перадумовы для раптоўнага ўзьнікненьня шэрагу нацыянальных дзяржаваў. Ніводная зь іх не ўзьнікла цалкам аўтаматычна й без барацьбы, але ніводная зь іх і не магла ўзьнікнуць бяз згоды супэрдзяржаваў-пераможцаў. Аднак трэба нагадаць, што некаторыя нацыянальныя рухі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ўсё ж такі ня выліліся ў самастойнае дзяржаўнае існаваньне, а дамагліся толькі аўтаномнага статусу — украінцы й беларусы ў рамках Савецкага Саюзу, харваты й славенцы ў рамках Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў (пазьней Югаславія), славакі ў рамках Чэхаславаччыны. У гэтай сувязі трэба зьвярнуць увагу на цікавую сацыяльна-псыхалягічную зьяву. Хоць ніводзін з гэтых нацыянальных рухаў ніколі не ўважаў незалежнасьць за сваю мэту, раптоўная магчымасьць дамагчыся ўласнай дзяржавы спаткалася з масавым энтузіязмам, які выявіўся ня толькі ў вулічным захапленьні, але й у ахвоце пакласьці за «свабоду народу» сваё жыцьцё. Нацыянальная дзяржава амаль за адзін дзень стала найвышэйшай каштоўнасьцю ды відавочнасьцю. З гэтай пэрспэктывы неабходна разглядаць і той факт, што прадстаўнікі гэтых народаў у пэрыяд перад ІІ Усясьветнай вайной ды падчас яе лічылі страту нацыянальных дзяржаваў трагічнай і зьневажальнай падзеяй ды што, наадварот, вялікая частка тых народаў, якія не атрымалі незалежнасьці ў 1918—1919 гг. (славакі, харваты), прывіталі яе, нягледзячы на тое, што яна мела форму фашысцкай дзяржавы. Як растлумачыць такую хуткую зьмену ў мысьленьні? Г. Кон на гэта дае вельмі просты адказ: «Кожная папуляцыя (people) (анг. — народ, народнасьць, люд. — заўв. перакл.), якая прабудзілася да нацыяналізму, бачыць сваю мэту ў палітычным самавызначэньні»79. Мы ведаем, што пад «самавызначэньнем» Г. Кон разумее дзяржаўнасьць, ды таму можам меркаваць, што «прабуджэньне да нацыяналізму» збольшага адпавядае пачатку масавай фазы С нацыянальнага руху. Таму мы таксама можам канстатаваць, што такое тлумачэньне ідзе ў цалкам неадпаведным кірунку, таму што яно ня ў стане праясьніць нават у агульных рысах: |
78 Geschichtliche Grundbegriffe. VI. 1990. S. 892. |
1) Чаму людзі часам (але не заўсёды) так пасьпяхова «прабудзіліся да нацыяналізму»?
2) Чаму нацыянальныя рухі («прабуджэньне нацыяналізму») так выразна адрозьніваліся сваёй храналёгіяй ды сваёй праграмай? 3) Якая ў гэтых «прабуджаных» была прычына бачыць сваю мэту ў незалежнасьці? Відавочная нездавальняльнасьць гэтага тлумачэньня мае свае больш агульныя прычыны, што, з аднаго боку, карэняцца ў памылковай канцэпцыі «нацыяналізму» як незалежнай пераменнай велічыні, якая зьмяняе гісторыю, а зь іншага — у нерэфлексіўнай, тыпова англасаксонскай ідэнтыфікацыі тэрміну nation зь дзяржаўнасьцю. Спробу інтэрпрэтацыі палітычнай праграмы й яе адносінаў да нацыянальнай дзяржавы трэба будзе заснаваць перадусім на аналізе аб’ектыўных узаемасувязяў і фактараў.
* * *
Вернемся таму да вышэй памянёных трох групаў аб’ектыўных велічыняў, пра якія мы мяркуем, што яны ў значнай ступені паўплывалі на фармуляваньне й мадыфікацыю палітычных патрабаваньняў нацыянальнага руху. 1. Агульная палітычна-гаспадарчая сытуацыя ў мультыэтнічнай імпэрыі напэўна стварала ўнівэрсальныя рамкі палітычнага жыцьця, а разам з гэтым і нацыянальнага руху. Безумоўна, было лягчэй фармуляваць палітычныя праграмы ды дыскутаваць пра палітычныя мэты ва ўмовах канстытуцыйнай манархіі, якой, напрыклад, была Аўстрыя пасьля 1860 г., чым ва ўмовах прыгнёту, які панаваў у Расеі ці ў Асманскай імпэрыі. Аднак ці азначае гэта, што ва ўмовах прыгнёту нацыянальны рух ня быў здольны ставіць перад сабой палітычныя мэты? Такое ўяўленьне не адпавядае гістарычнай рэальнасьці. Хоць у царскай Расеі палітычныя праграмы эстонскага ці літоўскага руху значна спазьніліся, але ў такіх самых умовах яны дамінавалі й у польскай нацыянальнай барацьбе. Вугорскі нацыянальны рух зьвярнуўся да палітычнай праграмы яшчэ ў дасакавіцкі пэрыяд, гэта значыць да пачатку канстытуцыйнага кіраваньня. І наадварот: украінскі (русінскі) рух у Галіччыне, таксама як славенскі рух, патрабаваў больш часу для падрыхтоўкі палітычнай праграмы нават ва ўмовах канстытуцыйных свабодаў. Пад уладай аналягічнага парлямэнцкага рэжыму ў Вялікай Брытаніі ірляндзкі нацыянальны рух адназначна арыентаваўся на палітычную праграму, тады як валійскі рух прытрымліваўся моўнай і культурнай праграмы. І наадварот: надзвычай прыгнятальніцкі рэжым Асманскай імпэрыі ня змог адужаць палітычнай дзейнасьці сэрбаў, грэкаў, а пасьля й баўгараў. У гэтай сувязі, канечне, неабходна зьвярнуць увагу на ролю, якую адыграла эміграцыя, дакладней кажучы, магчымасьць эміграваць у іншую краіну ды разьвіваць там палітычную дзейнасьць. Побач зь вядомым выпадкам польскай эміграцыі ды зь менш значным выпадкам эміграцыі вугорскай неабходна нагадаць, што грэцкае паўстаньне за незалежнасьць рыхтавалася ў замежжы, падобна як пазьней баўгарскія паўстаньні й македонскі нацыянальны сэцэсіянізм. Праўда, нельга лічыць удзел эміграцыі ў палітычнай барацьбе нейкай відавочнасьцю, якая заўсёды мэханічна выходзіць на сцэну ва ўмовах прыгнёту. Дастаткова нагадаць, што ў чэскім, эстонскім, харвацкім і ў пэўнай меры ў фінскім ды ўкраінскім нацыянальных рухах мы ня знойдзем больш-менш сур’ёзных групаў патрыётаў, якія рэагавалі б на палітычны прыгнёт выездам у эміграцыю. Гэтая розьніца, бясспрэчна, мае свой сацыяльны фон, і мы да яе вернемся ў сувязі з сацыяльным складам нацыянальнага руху. Мы маглі б запытацца таксама з супрацьлеглага канца: у якой меры палітычны прыгнёт справакаваў актывізацыю лідэраў непаноўных этнічных групаў? Напэўна, палітычны прыгнёт у дасучасны пэрыяд быў распаўсюджанай штодзённасьцю, але не заўсёды й ня ўсюды ў тыя часы яго ўспрымалі як прыгнёт, ды ён толькі зрэдку правакаваў нацыянальную мабілізацыю. Так было тады, калі прынамсі частка прадстаўнікоў непаноўнай этнічнай групы была здольная ўжо падчас фазы В «перакласьці» палітычны прыгнёт на нацыянальныя катэгорыі й фармуляваць сваю рэакцыю на гэты прыгнёт таксама пры дапамозе палітычнай тэрміналёгіі. Аднак гэтая «здольнасьць» перш за ўсё залежала не ад агульнай палітычнай сытуацыі, а ад ступені грамадзянскай адукацыі альбо палітычнай дасьведчанасьці насельніцтва. Асаблівай увагі ў гэтай сувязі заслугоўвае пытаньне, ці розная ступень палітычнага прыгнёту ці падвойны прыгнёт паўплывалі на розную хуткасьць шляху нацыянальнага руху да аўтаноміі альбо незалежнасьці. Тут трэба зважаць, як паноўныя эліты рэагавалі на нараджэньне й магчымую эскаляцыю палітычных патрабаваньняў нацыянальнага руху ды да якой меры яго лідэры былі здольныя ангажавацца ва ўседзяржаўныя альбо ва ўсеімпэрскія справы80. Відавочна, што здольнасьць (і ахвота) інтэграваць лідэраў непаноўнай этнічнай групы ў паноўную эліту ва ўседзяржаўным маштабе ў заходнеэўрапейскіх мультыэтнічных манархіях (Вялікая Брытанія, Францыя) была вышэйшай, чым ва ўсходнеэўрапейскіх. І між імі трэба праводзіць адрозьненьні. Здольнасьць і ахвота інтэграваць нацыянальны рух былі выразна ніжэйшымі ў выпадку Асманскай імпэрыі, чым у выпадку імпэрыі Габсбурскай. |
79 Kohn, H. Nationalism // International Encyclopedia of Political Sciences. Р. 65. |
Перш чым мы больш уважліва прыгледзімся да гэтых узаемазалежнасьцяў, неабходна ўлічыць яшчэ адныя аб’ектыўныя адносіны: неаднастайнае гаспадарчае і сацыяльнае разьвіцьцё ўнутры мультыэтнічных дзяржаваў. Тут я не кажу пра ўзьдзеяньне гэтай неаднастайнасьці як крыніцы нацыянальна рэлевантных антаганізмаў — на гэта ўвага будзе зьвернутая ў наступным разьдзеле, — а пра пытаньне, у якой меры адрозьнівалася фармаваньне палітычнай праграмы на гаспадарчай пэрыфэрыі ад падобных працэсаў у больш разьвітых вобласьцях мультыэтнічнай імпэрыі. Хоць гэтае пытаньне й будзе патрабаваць яшчэ дадатковага кампаратыўнага дасьледаваньня, відавочна тое, што гэтая розьніца адыгрывала сваю ролю асабліва пры палітычнай мабілізацыі масаў.
Напэўна не было выпадковасьцю, што палітызацыя нацыянальнага руху праходзіла на тэрыторыі царскай Расеі хутчэй на больш разьвітай пэрыфэрыі, якой была Фінляндыя ды ад часоў індустрыялізацыі таксама Латвія, чым на пэрыфэрыі адсталай, якой была Ўкраіна ці Беларусь. Таксама ва ўмовах Габсбурскай манархіі хутчэй палітызаваліся нацыянальныя рухі ў больш разьвітых частках манархіі, як Чэхія, чым у больш адсталых вобласьцях, як Славаччына ці ўсходняя Галіччына. Наадварот, у Вялікай Брытаніі выразьней палітызаваўся нацыянальны рух у найбольш адсталай пэрыфэрыі — у Ірляндыі. Таму пакуль што цяжка вызначыць, ці палажэньне «ўнутранай калёніі» накладала істотны адбітак на зьмест і склад палітычнай праграмы — у мацнейшай ці слабейшай, напрыклад, арыентацыі на самавызначэньне81. |
80 Motyl, A. J. How Empires Rise and Fall: Nation, Nationalism and Emperial Elites // J. G. Beramendi, R. Máiz, X. M. Nuсez (eds.). Nationalism in Europe. Past and Present. Vol. I. Santiago de Compostela, 1994. Р. 385. |
2. Якое значэньне мела для палітычных праграмаў сацыяльная структура непаноўнай этнічнай групы і яе лідэраў? Ужо ў папярэднім разьдзеле мы канстатавалі істотную ўзаемасувязь паміж паўнатой сацыяльнага складу непаноўнай этнічнай групы падчас фазы В ды раньняй арыентацыяй нацыянальнага руху на палітычныя патрабаваньні. Зусім наадварот, як мы маглі даведацца, прыярытэт моўнай праграмы быў зьвязаны зь няпоўным сацыяльным складам, ды такая ўзаемасувязь не была выпадковай, а мела свае глыбокія сацыяльна-псыхалягічныя прычыны.
Праўда, гэтае адрозьненьне занадта грубае, каб ахапіць усю паўнату праблемы сацыяльных каранёў палітычнай праграмы, таму што пры яе аналізе нас, зразумела, у большасьці нацыянальных рухаў цікавіць іх пазьнейшы, разьвіты пэрыяд, калі ўжо й сацыяльны склад быў іншым, чым падчас фазы В. Тым ня менш, неабходна загадзя папярэдзіць пра пагрозу сацыяльнага рэдукцыянізму: нацыянальны мэнталітэт ды сыстэма каштоўнасьцяў, якія фармаваліся на працягу фазы В, не павінны былі мэханічна зьмяніцца зь пераменамі сацыяльнага складу, якія адбыліся пазьней, падчас фазы С. Сацыяльная база нацыянальнай агітацыі, сацыяльнае паходжаньне «творцаў» нацыянальнай тоеснасьці стварала комплекс стэрэатыпаў і ацэнкавых падыходаў — асабліва на першым, субстытуцыйным узроўні палітычных патрабаваньняў, — якія доўга пратрымаліся ў наступныя пэрыяды ды часта рабіліся сталай складовай часткай нацыянальнага мэнталітэту (нагадаем услаўленьне мовы, якое ў шматлікіх выпадках засталося жывым элемэнтам гэтых мэнталітэтаў). Такім чынам, мы бачым, што трэба будзе дыфэрэнцыяваць адносіны паміж сацыяльнай структурай і палітызацыяй паводле асобных узроўняў палітычнай праграмы. Калі мы ў папярэднім разьдзеле канстатавалі, што нацыянальны рух, які ўжо падчас сваёй фазы В дэманстраваў поўны сацыяльны склад, аддаваў перавагу палітычным патрабаваньням, то гэта было не зусім дакладна. Бо гэтая прэфэрэнцыя, галоўным чынам, датычыла трэцяга ўзроўню такіх патрабаваньняў — самавызначэньня. Наадварот, з больш выразным ростам патрабаваньняў на ўзроўні ўдзелу мы сустракаемся ў чэхаў, фінаў, эстонцаў ды іншых раней, чым была дасягнутая паўната сацыяльнага складу. А вось патрабаваньне самавызначэньня, фармуляванае амаль заўсёды ў сэнсе аўтаноміі, а не сэцэсіі, пачало ў іх фармулявацца толькі тады, калі прыхільнікамі нацыянальнага руху абвясьціла сябе (альбо пасьля таго, як сфармавалася) прадпрымальніцкая буржуазія, камэрсанты, высокая бюракратыя. У гэтай сувязі дарэчы будзе нагадаць думку Балібара (Balibar) пра тое, што «кожная буржуазія — гэта так ці інакш дзяржаўная буржуазія»82. Для дамалёўкі выключнага характару той меншасьці нацыянальных рухаў, якая падчас фазы В ужо імкнулася да незалежнасьці, неабходна прыгадаць, што абсалютная большасьць тых нацыянальных рухаў, якія падчас фазы В аддавалі перавагу моўнай і культурнай праграме, не арыентавалася на поўную незалежнасьць нават пасьля таго, як была дасягнутая паўната сацыяльнага складу. |
81 Першапраходніцкі аналіз гэтай тэматыцы прысьвяціў амэрыканскі сацыёляг M. Hechter (Internal Colonialism. The Celtic Fringe in British National Development 1536-1966. London, 1975). |
Мы ведаем, што сацыяльны склад паасобных непаноўных этнічных групаў, гэтаксама як і сацыяльны склад піянэраў іх нацыянальных рухаў, значна адрозьніваўся83. Некаторыя зь іх былі выразна аграрныя, і гарадзкі элемэнт у іх яшчэ доўга на працягу фазы С быў прадстаўлены вельмі слаба альбо наагул адсутнічаў. Гэта пакінула свой адбітак на сацыяльным складзе лідэраў фазы В, якія амаль усе паходзілі зь вёскі, а большасьць зь іх на вёсцы й дзейнічала як духоўныя асобы, ці як дробныя супрацоўнікі памешчыцкай адміністрацыі альбо проста як заможныя сяляне. Да такіх нацыянальных рухаў належаць асабліва эстонскі, літоўскі, украінскі (у Галіччыне), беларускі, славенскі, а таксама сэрбскі ды македонскі.
Часам гэты факт выкарыстоўваюць у якасьці ключа для адказу на пытаньне, чаму ў адных нацыянальных рухах палітычная праграма была хутчэй кансэрватыўнай, а ў іншых — хутчэй лібэральнай. Не дакладна зьвязваць важкую долю сялянства з кансэрватызмам, таму што некаторыя сялянскія рухі былі палітычна радыкальнымі ды адназначна антыфэадальнымі, як, напрыклад, эстонскі рух і рух на Балканах. Кансэрватызм сялянства стаў яскравай рысай нацыянальнага руху толькі там ды тады, дзе сяляне былі інтэграваныя за пасярэдніцтвам патрыятычнага (каталіцкага) духавенства (літоўцы, славенцы). Ад кансэрватызму зь вялікай цяжкасьцю можна адрозьніць антымадэрністычныя падыходы, якія выяўляліся амаль ва ўсіх нацыянальных рухах, але іх уплыў там быў звычайна толькі часовым. Несумнеўна, нельга сьцьвярджаць, што антымадэрнізм нацыянальнага руху быў спэцыфічна ўсходнеэўрапейскім фэномэнам. Мы знаходзім яго таксама ў Заходняй Эўропе — у басконскім, брэтонскім ды ў меншай ступені гэтаксама ў каталёнскім і валійскім нацыянальных рухах. Зь іншага боку, дзейсна тое, што лібэралізм і дэмакратызм былі характэрныя падчас фазы С асабліва для тых рухаў, у якіх ужо на працягу папярэдняй фазы былі больш выразна прадстаўленыя слаі дробных гарадзкіх рамесьнікаў альбо такіх ніжэйшых эшалёнаў інтэлігенцыі, як спадчынныя чыноўнікі, сьвятары й настаўнікі сярэдніх школаў. Такім быў сацыяльны склад патрыятычных абшчынаў у чэскім, фінскім, латыскім і баўгарскім нацыянальных рухах. Зь іншага боку, нам вядомая перавага лібэралізму й там, дзе сваю спэцыфічную долю мелі й слаі, зьвязаныя са старой сыстэмай, як, напрыклад, у Каталёніі (рант’е, гарадзкія вярхі) ці Нарвэгіі (бюракратыя высокага рангу). Эстонскі прыклад пацьвярджае магчымасьць лібэральна-дэмакратычнай праграмы й там, дзе ў нацыянальным руху актыўна ўдзельнічала сялянства. Такім чынам, нельга рабіць абагульненьне: адзіную відавочную ўзаемазалежнасьць паміж праграмай нацыянальнага руху ды яго сацыяльным складам мы можам выявіць толькі там, дзе канстатуем карэляцыю паміж палітычнай праграмай самавызначэньня, з аднаго боку, і поўным сацыяльным складам ужо падчас фазы В нацыянальнага руху, зь іншага. У іншых выпадках хоць адносіны паміж структурай праграмы й сацыяльным складам нацыянальнага руху можна было інтэрпрэтаваць, аднак яны павінны разглядацца для кожнага нацыянальнага руху асобна, таму што склад з пункту гледжаньня інтарэсаў той самай сацыяльнай групы ці клясы мог быць у розных грамадзкіх кантэкстах на рознай ступені разьвіцьця іншым. 3. Хоць сёньня ўжо наўрад ці хто падзяляе «прымардыялістычную» думку, што народ зьяўляецца адвечнай катэгорыяй, ніхто ня мае сумневаў, што гістарычнае разьвіцьцё мела выключнае значэньне для народатворчых працэсаў. Яшчэ задоўга да модных тэарэтыкаў, якія акрэсьліваюць народ і ягоную гісторыю проста інтэлектуалістычнай канструкцыяй ці мітам84, нямецкі гісторык-традыцыяналіст В. Шлезынгер (W. Schlesinger) канстатаваў, што сучасная нацыя зьяўляецца прадуктам гісторыі менавіта ў двух значэньнях гэтага слова: з аднаго боку, як вынік аб’ектыўных гістарычных працэсаў, а з другога — як вобраз, які ўзьнік шляхам гістарычнай перапрацоўкі гэтых працэсаў, да якога таксама дадавалася ўяўленьне пра тое, як павінна было выглядаць мінулае нацыі85. Розьніца ў сытуацыі дзяржаўнага народу й непаноўнай этнічнай групы, якую можна прасачыць на парозе сучаснага разьвіцьця, была абумоўленая аб’ектыўным, то бок не залежным ад жаданьня й сьветапогляду людзей гістарычным працэсам. Тое самае датычыць і вышэй памянёнай розьніцы паміж непаноўнымі этнічнымі групамі, якія маглі заклікаць да аднаўленьня рэальнай, але (даўно ці нядаўна) перарванай сярэднявечнай дзяржаўнасьці, ды групамі, якія ніколі не пераадолелі рамак этнічных адносінаў. |
82 Balibar, E.; Wallerstein, I. Race, nation, class: ambiguous identities. London, 1991. C. 91. 83 Hroch, M. Social and Territorial Characteristics in the Composition of the Leading Groups of National Movements // A. Kappeler (ed.). Comparative Studies on Governments and Non-Dominant Ethnic Groups in Europe, 1850-1940. Vol. VI: The Formation of National Elites. New York, 1991. Р. 257. |
Над гэтым фактам нацыянальныя рухі рэфлектавалі ўжо ад сваёй фазы А ды асабліва ў ходзе нацыянальнай агітацыі дамагаліся такога вобразу нацыянальнай мінуўшчыны, які даў бы ім дастатковае абгрунтаваньне: «Eramus, ergo sumus» («Мы былі — значыць мы ёсьць»). У гэтым пляне ключавое значэньне мела тое, ці ўзьнікла падчас фазы А нацыянальнага руху надзейная апрацоўка мінулага народу, нацыянальнай гісторыі, якая адпавядала б узроўню тагачаснай навукі. Чым больш шырокі аб’ём інфармацыі й чым больш пераканаўчы вобраз мінулага гэтае пазнаньне забясьпечыла, тым больш спрыяльным быў зыходны пункт для далейшага фармаваньня гістарычнай сьвядомасьці падчас наступных фазаў нацыянальнага руху.
Гэтую гістарычную сьвядомасьць нельга апускаць да простага «міту». Яна рухалася паміж двума полюсамі, зь якіх абодва мелі дачыненьне да фармаваньня палітычнай праграмы. З аднаго боку, гэта быў полюс крытычнага навуковага пазнаньня, а з другога — полюс міталёгіі й выдумак86. Міталёгіяй напэўна было перагружанае ўяўленьне пра адзіную гісторыю народу, які існаваў ад сярэднявечча. Гэта было ўяўленьне, якое адлюстроўвала патрэбу гістарычна ўкаранёнай нацыянальнай тоеснасьці, але гэта не азначае, што яна была заснаваная выключна на выдумках. Адсюль і дыфэрэнцыяванасьць вобразу «нацыянальнай гісторыі», які ствараўся ў ходзе нацыянальнага руху87. Было ня надта складана рэканструяваць адносна дакладны вобраз агульнага мінулага там, дзе нацыянальны рух спасылаўся на больш ці менш перарваную пераемнасьць сярэднявечнай дзяржаўнасьці. Больш складаная задача была пастаўленая перад гістарычнай навукай там, дзе непаноўная этнічная група не магла спасылацца на палітычную самабытнасьць, бо ніколі «палітычным народам» не была. Побач зь вядомай нам праблемай славацкай гісторыі прывядзем тут прыклад гісторыі фінскай. У саракавыя гады, то бок на самым пачатку фазы В, у Фінляндыі разгарэлася дыскусія на тэму: «Ці мае фінскі народ гісторыю?» У гэтай дыскусіі скептычная думка сутыкнулася з думкаю прагматычнай. Скептычная думка зыходзіла з поглядам Гегеля й вызначала дзяржаўнасьць народу адзіным апраўданьнем яго існаваньня. Прагматыкі сьцьвярджалі, што гэтай дзяржаўнасьці фіны дасягнулі менавіта тым, што дамагліся па далучэньні да Расеі статусу аўтаноміі: таму фінскі народ існуе. Аднак паступова прабілася наверх думка, што трэба наноў дэфінаваць гісторыю ды пазбыць яе залежнасьці ад уяўленьня пра дзяржаўнасьць. З гэтага пункту гледжаньня аб’ектыўна існавала фінская гісторыя як гісторыя фінскага люду, этнічнай групы88. Перад падобнай праблемай стаялі гісторыкі шэрагу іншых нацыянальных рухаў — і рашэньне было падобным. Нават у Літве сярод патрыётаў гучалі ўплывовыя галасы, якія заклікалі да таго, каб гісторыі літоўскага народу ня зводзіць да гісторыі князёў, а арыентаваць на гісторыю жыцьця продкаў, на іх грамадзкія й гаспадарчыя ўмовы89. Аўтары нацыянальнай гісторыі заўсёды павінны былі задаваць сабе зыходнае пытаньне, чыю гісторыю яны апісваюць ды на якой прасторы гэтая гісторыя працякае. У выпадку дзяржаўных народаў адказ быў адносна простым: нацыянальная гісторыя — гэта гісторыя сучаснай дзяржаўнай тэрыторыі ды яе насельніцтва. У выпадку нацыянальных рухаў сытуацыя была нашмат больш складанай. Хоць ўсеагульна прымаўся прынцып, што нацыянальная гісторыя зьяўляецца ўсяго толькі гісторыяй дадзенай непаноўнай этнічнай групы, аднак ажыцьцяўленьне гэтага прынцыпу не аднойчы сутыкалася са значнымі цяжкасьцямі. Першая сярод іх нарадзілася там, дзе мяжа сярэднявечнага дзяржаўнага стварэньня не была ідэнтычнай этнічнай мяжы (а так яно было амаль заўсёды). Ці была чэская гісторыя гісторыяй тэрыторыі Чэхіі й Маравіі ці гісторыяй чэскага этнасу? Ці была гісторыя Харватыі гісторыяй харватаў (пры ўсёй складанасьці іх вызначэньня паводле мовы), а таму таксама Істрыі ды Босьніі ці гісторыяй «Трыадзінага каралеўства»? Ці была вугорская гісторыя гісторыяй Вугоршчыны? Ці была гісторыя Ірляндыі гісторыяй ірляндцаў альбо ўключала ў сябе таксама гісторыю Ольстэру? Прадстаўнікі «негістарычных» народаў маглі даць лепшае рады гэтым праблемам, таму што іх нацыянальная гісторыя адназначна была гісторыяй этнасу. Аднак яны стаялі перад іншай праблемай: як адрозьніць гісторыю ўласнага этнасу ад гісторыі дзяржавы, на тэрыторыі якой ён жыў? Што было ў фінскай гісторыі насамрэч фінскае, а што швэдзкае? Што было ў славацкай гісторыі славацкім, а што — вугорскім? Да гэтага далучалася пытаньне крыніцаў і праблемаў, якое вынікалі з таго, што некаторыя этнічныя групы ў мінулым слаба ўсьведамлялі прыналежнасьць альбо зусім яе ня мелі, а часам у іх нават не было агульнай назвы (напрыклад, эстонцы). Аднак гэта ўсё пытаньні, ірэлевантныя для палітычнай праграмы. Рэлевантнай была нацыянальная гісторыя ўсюды там, дзе яна магла быць крыніцай гістарычнай аргумэнтацыі на карысьць патрабаваньняў нацыянальнага руху. Там, дзе справа датычыла палітычных патрабаваньняў, якія рухаліся на першым узроўні палітычнай праграмы, гісторыі ўсіх непаноўных этнічных групаў, гэта значыць і тых, якія не маглі апэляваць да перарванай сярэднявечнай дзяржаўнасьці, адыгрывала прыблізна аднолькавую ролю: яны абгрунтоўвалі існаваньне ў народу мінулага, а таму й прэтэнзіі на прызнаньне месца сярод сучасных народаў. Патрабаваньні абодвух вышэйшых узроўняў палітычнай праграмы, удзелу й самавызначэньня, у «негістарычных народаў» маглі толькі ў малой ступені абаперціся на гістарычныя аргумэнты, калі яны не зьвярталіся наўпрост да штучных мітаў90. |
84 Björk, R. Conceptions of National History // E. Lönnroth, K. Molin, R. Björk (eds.). Conceptions of National History. Berlin - New York, 1994. Р. 13. 85 Schlesinger, W. Entstehung der Nationen. Уводны артыкул да зборніка: H. Beumann, W. Schröder (eds.). Nationes. Aspekte der Nationenbildung im Mittelalter. Sigmaringen, 1978. S. 60. 86 Hroch, M. Několik poznámek k problému: historické vědomí a zájem rodícího se národa // Husitský Tábor. № 8. 1986. С. 185. 87 Нарвэскі гісторык і палітык Г. Кот (Н. Коht) меў на ўвазе гісторыю, калі ўжо ў 1933 г. падкрэсьліваў, што без нацыянальнай навукі, якая дае «ўсьведамленьне сябе самога», народ ня можа стаць самабытнай адзінкай. Гл.: Vitskap og nasjonalt liv // H. Koht. Norsk vilje. Oslo, 1933. C. 42; гл. таксама: Gross, M. Wie denkt man kroatische Geschichte? // Österreichesche Osthefte. № 35. 1993. S. 73; Citron, S. Le myth national. L'histoire de France en question. Paris, 1987; гл. таксама артыкулы, апублікаваныя M. Engman (за Фінляндыю), A. Ballcells (Каталёнія), Ch. Koninckx (Бэльгія) ды інш. у зборніку: Björk, R. Conceptions of National History. 88 Mustelin, O. Studier in Finländsk historisk forskning 1809-1865. Разьдзел "Äger finska folker en historie?". Helsingfors - Kшbenhavn, 1957. S. 210. 89 Römer, M. Litwa. S. 92; гл. апошнія публікацыі па харвацкім гістарычным праве: Gross, M. Die Anfänge des modernen Kroatien. Wien - Köln, 1993. S. 137. |
Інакш было ў выпадку нацыянальных рухаў, якія маглі спаслацца на былую дзяржаўнасьць. Тут спасылка на сярэднявечную дзяржаўнасьць станавілася пачынаючы з пэўнага пэрыяду аргумэнтам пры фармуляваньні патрабаваньняў на ўзроўні нацыянальнага самавызначэньня. Дзяржаўнае існаваньне мела таксама сваё юрыдычнае абгрунтаваньне. Адсюль зыходзіла аргумэнтацыя, якую мы сукупна азначаем барацьбой за гістарычнае права. Чэскія землі й Вугорскае каралеўства трапілі пад уладу Габсбургаў на падставе пэўных дзяржаўна-праўных дамоваў, гэтаксама, як гэта было ў выпадку далучэньня Шатляндыі да Ангельшчыны, Харватыі да Вугоршчыны, Каталёніі да Арагону альбо Кастыліі, а нават і ў выпадку Ўкраіны з Расеяй. Гістарычнае права было таксама аргумэнтам флямандзкага й брэтонскага рухаў.
Толькі зрэдку аргумэнтацыя, якая выкарыстоўвала гістарычнае права, мела сапраўдны посьпех у месцах, куды яна адрасавалася, — сярод прадстаўнікоў паноўных элітаў. Яна была больш пасьпяховай у якасьці прылады нацыянальнай агітацыі й мабілізацыі прадстаўнікоў уласнай непаноўнай этнічнай групы. Ужо сама інфармацыя пра гісторыю народу як дзяржаўную гісторыю ўтрымлівала ў сабе — сьвядома ці несьвядома — прыхаванае палітычнае пасланьне: калі мы былі самастойнымі ў мінулым, то можам стаць самастойнымі й у будучыні. Тым больш дзейснай была нацыянальная агітацыя, якая абапіралася на гістарычнае права. Аргумэнт гістарычнага права быў, аднак, унутрана супярэчлівым, прычым нават там, дзе гістарычная мяжа была відавочнай, а гістарычнае права інстытуцыялізаваным, як гэта назіралася ў вугорскім, харвацкім, каталёнскім ці чэскім выпадку. Дык вось гістарычная мяжа звычайна не была ідэнтычнай тагачасным этнічным межам, таму настойваньне на ёй несла ў сабе лятэнтнае ўзьнікненьне этнічных меншасьцяў на «нацыянальнай» тэрыторыі фармаванага народу (немцы на чэскіх зямлях, сэрбы ў Харватыі, сэрбы, румыны ды г. д. у Вугоршчыне) альбо, наадварот, па-за ягонымі гістарычнымі межамі (каталёнцы ў Валенсіі, харваты ў Істрыі). Пытаньню меншасьцяў ды іх патрабаваньняў трэба будзе прысьвяціць самастойны разьдзел. Яшчэ адной небясьпекай, зьвязанай з барацьбой за гістарычнае права, была лятэнтная ідэалізацыя фэадальных адносінаў і патрыярхалізму ды тым самым нацыянальна матываваны антымадэрнізм, гэта значыць адмаўленьне ад палітычных пераменаў, якія з сабой прыносіў пераход да грамадзянскай супольнасьці. Невыпадкова праграма гістарычнага права была хутчэй зьвязанай з палітычным кансэрватызмам91. |
90 Гл. уступны артыкул E. J. Hobsbawm да зборніка: E. J. Hobsbawm, T. Ranger (eds.). The Invention of Tradition. Cambridge, 1983. |
Найбольш складаным і супярэчлівым быў уплыў гістарычнага аргумэнту ў палітычных патрабаваньнях тых нацыянальных рухаў, якія не маглі непасрэдна спасылацца на пераемнасьць рэліктаў і інстытутаў старой дзяржаўнасьці, дый нават на агульна прызнаваныя межы сваіх сярэднявечных «нацыянальных» манархіяў. Сэрбскае гістарычнае права абапіралася на патрабаваньне рэстытуцыі сярэднявечнай сэрбскай дзяржавы ў пэрыяд найбольшай магутнасьці пад уладай цара Сьцяпана Душана ў ХІV ст., калі яе тэрыторыя была ўнікальна вялікай за ўсю сэрбскую гісторыю92. Зь іншага боку, аднак, аднабаковае ўпераньне ў гэтае гістарычнае права магло весьці да рэлятывізацыі нацыянальнай прыналежнасьці сэрбаў у Босьніі, Харватыі ды Вугоршчыне, якія не належалі да сярэднявечнай Вялікай Сэрбіі. Грэцкі гістарычны аргумэнт апраўдваў прэтэнзію да аднаўленьня грэцкага ядра бізантыйскай імпэрыі, уключаючы сам Канстантынопаль93. Басконскае гістарычнае права высоўвала прэтэнзіі на ўсе чатыры гістарычныя басконскія правінцыі, нягледзячы на тое, што ў дзьвюх зь іх баскі складалі толькі нязначную меншасьць94. Да гэтай самай катэгорыі скарыстоўваньня гістарычнай дзяржаўнасьці пэрыфэрыйна трапляе й наноў ажыўленая славацкая прэтэнзія да інтэрпрэтацыі Вялікай Мараўскай імпэрыі як першай нацыянальнай дзяржавы славакаў. Разыходжаньне паміж этнічнай і гістарычнай межамі магло ў скрайнім выпадку стварыць надзвычай заблытаныя сытуацыі, як гэта было ў Босьніі ці Сямігародзьдзі.
Нарэшце неабходна прыгадаць і тое, што ў некаторых краінах гістарычнае права «замоўчвалі»: у такіх выпадках ніхто альбо амаль ніхто не глядзеў на існаваньне сярэднявечнай незалежнай дзяржавы як на сваё «нацыянальнае» мінулае. Заставалася, праўда, усьведамленьне рэгіянальнай самабытнасьці. Такія выпадкі нам вядомыя, хутчэй, у Заходняй Эўропе: належаць да іх, напрыклад, Лятарынгія й Праванс у Францыі, Лямбардыя, так сама як Фрызія ў Нідэрляндах. Аднак было б аднабакова абмяжоўваць палітычны ўплыў гістарычнай сьвядомасьці на гістарычнае права. Нацыянальныя рухі імкнуліся да вывучэньня мінулага таксама ў духу канцэпцыі пэрсаналізаванага народу, то бок спробы пазнаць сябе самога, уласныя перавагі й слабасьці. Камбінацыя пэрсаналізацыі народу з інструмэнталізацыяй навуковых ведаў для мэтаў і патрэбаў нацыянальнага руху вяла да стыхійнага (а часам і сьвядомага) імкненьня рэканструяваць у імя нацыянальнага існаваньня, якое знаходзіцца пад пагрозай, і нацыянальнага адзінства адзін-адзіны вобраз нацыянальнай гісторыі95. Гэтым гістарычная сьвядомасьць нацыянальнага руху адрозьнівалася ад гістарычнага вобразу дзяржаўных народаў, які заўсёды быў унутрана дыфэрэнцыяваным (якабінская й лібэральная канцэпцыі францускай гісторыі, інтэрпрэтацыя ангельскай гісторыі ў торы ды ўігаў). Там, дзе фармаваная нацыянальная супольнасьць была ўнутрана разьяднанай, як у выпадку Нарвэгіі (дый Грэцыі), менавіта вобраз нацыянальнай гісторыі мог пракласьці мост паміж адчужанымі клясамі чыноўнікаў і камэрсантаў, з аднаго боку, ды заможных сялян, з другога96. Гістарычная сувязь тут магла ў значнай ступені дзейнічаць як субстытуцыя замест інтэграцыйнай ролі адзінай мовы, якая, як нам вядома, у Нарвэгіі дарогі сабе не прабіла. Мы можам сукупна сфармуляваць некалькі высноваў да ролі палітычнай сыстэмы, сацыяльнага складу ды гістарычнай сьвядомасьці: 1. Эфэктыўнасьць заклікаў да самавызначэньня не залежала ад інтэнсіўнасьці палітычнага прыгнёту й ня мела ніякага дачыненьня да характару моўных і культурных патрабаваньняў. Момант пачатку агучваньня патрабаваньняў нацыянальнага самавызначэньня (у сэнсе аўтаноміі) таксама не залежаў ад ступені палітычных і грамадзянскіх свабодаў у дадзенай мультыэтнічнай імпэрыі. 2. Патрабаваньне самавызначэньня (альбо незалежнасьці) было больш моцным і пасьпяховым там, дзе нацыянальны рух узьнікаў ва ўмовах поўнага ці амаль поўнага сацыяльнага складу этнічнай групы ды дзе можна было апэляваць да аднаўленьня сярэднявечнай дзяржаўнасьці альбо на яе спасылацца. Там, дзе дзейнічалі абедзьве перадумовы, нацыянальны рух дасягнуў хуткай і пасьпяховай палітызацыі (грэкі, нарвэжцы, вугорцы ды, напэўна, ірляндцы й палякі). 3. Калі палітычны прыгнёт паўплываў на часовае спазьненьне праграмы нацыянальнага самавызначэньня (ды, зразумела, на яе рэалізацыю, дык гэта сталася там, дзе непаноўная этнічная група мела вельмі няпоўны сацыяльны склад і невялікую магчымасьць абаперціся на гістарычны аргумэнт (напрыклад, эстонцы, славенцы, славакі).
* * *
Пры тлумачэньні палітычных патрабаваньняў нацыянальнага руху неабходна прысьвяціць увагу яшчэ аднаму фактару, які пакуль што заставаўся на ўскраіне нашага аналізу: гэта барацьба за палітычную ўладу. Дык вось, нацыянальны рух уключаў у сябе ў якасьці перадумовы, акрамя патрэбы тоеснасьці й страху перад «сьмерцю», яшчэ адну антрапалягічную канстанту — імкненьне да ўлады. Гэта спалучэньне мы можам, канечне, назіраць таксама ў народатворчым працэсе ва ўмовах дзяржаўных нацыяў, аднак у выпадку нацыянальных рухаў можна заўважыць пэўныя спэцыфічныя адметнасьці. Пакуль нацыянальны рух арыентаваўся на моўныя, культурныя й сацыяльныя патрабаваньні, ягоныя лідэры мелі ўплыў і аўтарытэт, але на ўдзел у палітычнай уладзе яны не маглі разьлічваць ды й не разьлічвалі. Яны былі больш зацікаўленыя прэстыжам, чым уладай97. Іх аўтарытэт меў нефармальны характар і абапіраўся на ўсеагульны кансэнсус нацыянальнага руху. На гэтым, напрыклад, быў заснаваны аўтарытэт Ёзэфа Юнгмана (Josef Jungmann), Вука Караджыча ці Людавіта Штура ў пытаньнях мовы, Францішка Палацкага (František Palacký) у пытаньнях гісторыі, Крыстыянса Волдэмарса (Kristians Voldemars) у пытаньнях латыскай сацыяльнай праграмы й г. д. |
91 Gross, M. Povijest pravaške ideologie. Zagreb, 1973. C. 73. 92 Čubrilović, V. Istorija politicke misli u Srbiji XIX veka. Beograd, 1958. C. 221. 93 Sarides, E. Zum Verhältnis von Befreiungsbewegung und Imperialismus. S. I. 1980. S. 57.94 Nuñes Seixas, X. M. Historiographical Approaches to Nationalism in Spain. Saarbrücken - Fort Lauderdale, 1993. Р. 81. 95 Lemberg, E. Nationalismus. II. Hamburg, 1964. S. 46. 96 Koht, H. Nasjonskjenla i Noreg // H. Koht. Norsk vilje. Oslo, 1933. S. 10. |
Іншая спэцыфіка палягала на тым, што гэтыя нацыянальныя рухі дзейнічалі ва ўмовах пэўнай культурнай аўтаноміі. Рашэньні, якія тычыліся нормаў літаратурнай мовы, пурызму, інтэлектуалізацыі мовы, вобразу гісторыі ды г. д., прымалі лідэры нацыянальнага руху, — безумоўна, не бесканфліктна — самі, не аглядаючыся на дзяржаўную ўладу. Таму яны мелі ў гэтай сфэры амаль сувэрэнны аўтарытэт і не падпарадкоўваліся дзяржаве. Усё, напэўна, залежыць ад таго, як дэфінаваць уладу. Калі іх аўтарытэт палягаў на тым, што прызнаваўся ня толькі іх прэстыж як кваліфікаваных адмыслоўцаў, але й той факт, што яны ў сваёй дзейнасьці кіруюцца агульнапрынятай сыстэмай нацыянальных каштоўнасьцяў, то можна было б гаварыць пра спэцыфічную форму ўлады, якая лічыцца легітымнай і разумнай, аднак абмяжоўваецца культурнай сфэрай альбо часам і сацыяльнай98. Гэта адпавядала сытуацыі, якую мы вышэй характарызавалі як першы, субстытуцыйны ўзровень палітычнай праграмы нацыянальнага руху, альбо таму, што А. Этцыёні (A. Etzioni) вызначае як persuasive power (улада перакананьня)99.
Атаясамліваючыся з этнічна дэфінаваным народам, лідэры нацыянальнага руху фазы В via facti (лац. — фактычна. — заўв. перакл.) адмаўляліся ад уладных амбіцыяў на дзяржаўным узроўні, пакуль там палітычная ўлада была манапалізаваная ў руках элітаў паноўнага народу. Зрэшты, гэта зьмяшчаецца ўжо ў самой дэфініцыі непаноўнай этнічнай групы. Калі ж яны зьвярталіся да ўстановаў і ўрадавых чыноўнікаў з просьбамі дазволіць арганізацыю патрыятычных гурткоў, каб увесьці сваю мову ў школы альбо ва ўстановы, то сьпярша выступалі не з уладнымі амбіцыямі, а як падпарадкаваныя просьбіты, не надзеленыя ніякімі ўладнымі сродкамі для адстойваньня сваіх мэтаў, могучы спадзявацца толькі на добрую волю дзяржаўных дзеячоў альбо на некаторыя іх спэцыфічныя ўладныя інтарэсы. Іншымі словамі, адносіны лідэраў нацыянальнага руху да паноўнай бюракратыі не былі канкурэнтнымі адносінамі, не былі барацьбой за ўладу, а былі герархічнымі адносінамі, адносінамі падпарадкаванасьці. Іх просьбы ніякім чынам не пагражалі палітычнай уладзе дзяржаўных дзеячоў, якія маглі, наадварот, ужываць патрабаваньні нацыянальнага руху для маніпуляцыяў у сваіх уласных вялікадзяржаўных інтарэсах. Прыгадаем адносіны расейскага двара да фінскіх ці эстонскіх моўных патрабаваньняў у шасьцідзясятыя гады ХІХ ст., падыход венскага двара да славацкіх патрабаваньняў і г. д. Гэтыя герархічныя дачыненьні падпарадкаванасьці пачалі, тым ня менш, зьмяняцца пасьля таго, як лідэры нацыянальнага руху ўключылі ў сваю праграму таксама патрабаваньні палітычнага ўдзелу. Хоць гэтыя патрабаваньні й атрымалі магчымасьць ажыцьцяўленьня толькі з увядзеньнем канстытуцыйнага рэжыму (як у Габсбурскай манархіі пасьля 1860 г.) альбо прынамсі яго элемэнтаў (як у рэформах цара Аляксандра ІІ), яны стваралі перадумовы для зьмены адносінаў паміж паноўнымі элітамі й нацыянальным рухам, а менавіта з адносінаў герархічных у адносіны канкурэнтныя. Аўтарытэт, які лідэры нацыянальнага руху заваявалі ў пэрыяд барацьбы за культурна-сацыяльную праграму, цяпер перайшоў на іх уладныя пазыцыі. Ужо А. Грамшы (A. Gramsci) заўважаў, што праз здабыцьцё гегемоніі ў культурнай і ідэйнай сфэрах лідэры нацыянальнага руху забясьпечылі сабе таксама ўладную гегемонію100. |
97 Etzioni, A. Power as Social Force // M. E. Olsen, M. N. Marger (eds.). Power in Modern Society. Oxford, 1993. Р. 27. 98 Lukes, S. Power. A Radical View. London, 1974. Р. 17, 114. 99 Etzioni, A. Power as Social Force. Р. 25. |
Гэты зрух быў, напэўна, абумоўлены таксама сацыяльна. Мы ведаем ужо, што адносіны паміж сацыяльнай структурай непаноўнай этнічнай групы й прыняцьцем палітычнай праграмы ў яе нацыянальным руху не былі выпадковымі. Прадстаўнікі паноўных элітаў — памешчыцкая шляхта, высокая бюракратыя, буйныя камэрсанты ды г. д. — атрымалі ўжо ва ўмовах старога рэжыму альбо саслоўнай сыстэмы досьвед у барацьбе за ўплыў і пазыцыі ды былі здольныя «перакласьці» свае ўладныя інтарэсы на нацыянальную мову, ці, іншымі словамі, выкарысталі нацыянальны рух у гэтых сваіх уладных інтарэсах. Найбольш яскравым прыкладам у такім сэнсе зьяўляюцца польскія й вугорскія шляхціцы-патрыёты, якія захавалі сьвядомасьць носьбітаў дзяржаўнай улады з папярэдніх стагодзьдзяў. Наадварот, рамесьнікі, дробныя гандляры й малодшае чынавенства не адчувала патрэбы ў палітычнай уладзе нават тады, калі ўжо й атрымала пэўны палітычны досьвед. Таму яны адносна доўга й ня зьвязвалі сваіх культурных ды сацыяльных інтарэсаў з барацьбой за ўладу. Спэцыфічную ролю адыгралі ў гэтай сувязі прадстаўнікі вольных прафэсіяў, якія шмат ў якіх нацыянальных рухах занялі ў барацьбе за ўладу субстытуцыйную функцыю паноўных элітаў. Усё гэта, відавочна, пры той перадумове, што прадстаўнікі этнічнай групы ўжо маглі прабіцца на пазыцыі адвакатаў, лекараў, прафэсараў унівэрсытэтаў ды г. д.
Палітызаваўся нацыянальны рух рознымі шляхамі, але ж барацьбой за ўдзел лідэры нацыянальнага руху ўступілі ў сфэру барацьбы за ўладу. Іх першымі крокамі заўсёды кіравала больш-менш шчырае перакананьне, што імкнуцца яны да палітычнай улады, каб лепей служыць інтарэсам свайго фармаванага народу й каб гаварыць ад імя яго прадстаўнікоў. «Службовая канцэпцыя ўлады» (С. Лукс — S. Lukes) атрымала тут, такім чынам, нацыянальную афарбоўку101. Сваю барацьбу за палітычную ўладу яны матывавалі намерам палепшыць становішча свайго народу, спрыяльна паўплываць на яго лёс. Канечне, у рэчаіснасьці ўсё ізноў жа залежала ад таго, зь якім асяродкам гэтыя прадстаўнікі-пачаткоўцы былі зьвязаныя. |
100 Bobbio, N. Gramsci and the Concept of Civil Society // J. Keane (ed.). Civil Society and the State: New European Perspectives. London, 1988. Р. 92. |
Службовая канцэпцыя ўлады абсалютна відавочна мадыфікавалася паводле таго, ад якой групы ці клясы чакаліся найлепшыя магчымасьці працы ў нацыянальных інтарэсах. У польскім і вугорскім выпадку гэта была шляхта й зьвязаная зь ёй паходжаньнем інтэлігенцыя, у чэскім выпадку — сярэднія слаі, у эстонскім — багатыя сяляне. Апрача таго, неабходна адрозьніваць, патрабаваньне ўдзелу было высунутае яшчэ па працягу фазы В ці толькі падчас фазы С, калі ўжо гэтае патрабаваньне — сьвядома ці несьвядома — адлюстроўвала той факт, што ў нацыянальным руху ўдзельнічалі шырокія народныя масы. Лідэры масавага нацыянальнага руху ўжо абавязкова меркавалі, што барацьба за ўдзел прынясе задавальненьне нацыянальных патрабаваньняў.
У гэтым пляне большасьць нацыянальных рухаў была расчараваная. Прычына была зусім простай: нават прыняцьце канстытуцыйнага рэжыму (а тым больш расейская сытуацыя без канстытуцыі) не забясьпечыла лідэрам нацыянальнага руху барацьбы за ўладу ў раўнапраўных умовах. І надалей яны заставаліся пазначаныя падпарадкаваным становішчам сваёй этнічнай групы — народу. Хоць яны й маглі (ізноў за выключэньнем Расеі) свабодна фармуляваць свае патрабаваньні й высоўваць аргумэнты ды маглі палітычна арганізавацца — ва ўседзяржаўным маштабе колькасна яны заставаліся меншасьцю, удзел якой у палітычнай уладзе да таго ж яшчэ непрапарцыйна зьніжала няроўнае выбарчае права. Такая сытуацыя хутка стала непрымальнай для лідэраў нацыянальнага руху. Яны лічылі свой фармаваны народ арганічнай асобай, якая мае свае легітымныя інтарэсы й патрабаваньні ды ў грамадзянскім сэнсе зьяўляецца роўнай з усімі іншымі народамі, уключаючы паноўную нацыю. Адсюль яны выводзілі лягічную выснову, што толькі пэўная форма палітычнай аўтаноміі абароніць іх інтарэсы ды інтарэсы ўсяго іхняга народу ад перавагі народу паноўнага. Гэтай мэты да І Усясьветнай вайны ў поўным аб’ёме дасягнуў толькі вугорскі рух у 1860 г., а на пачатку ХХ ст. — таксама нарвэскі. У іншых усё ў найлепшым выпадку спынілася проста на частковай аўтаноміі. Нягледзячы на тое, у якой ступені быў палітызаваны нацыянальны рух — моцна ці невыразна, відавочна, што з пачаткам барацьбы за ўдзел альбо аўтаномію ва ўмовах масавага нацыянальнага руху ўзьнікла новая сытуацыя таксама ў спаборніцтве за ўладу. Разуменьне ўлады як «службовай» адступала на задні плян, а канцэпцыя палітычнай улады набывала форму барацьбы за палітычныя пазыцыі для індывідаў ці палітычных партыяў102. |
101 Да пытаньня «service concept of power» гл.: Lukes, S. Power... Р. 7. |
З гэтым нага ў нагу крочыла палітычная дыфэрэнцыяцыя, якая належыць да спадарожных зьяваў пераходу да фазы С (і гэта не азначае, што зь ёй часам нельга было сустрэцца й раней). Такім чынам, барацьба за палітычную ўладу перайшла на наступны ўзровень — акрамя змаганьня з паноўнымі элітамі яна стала таксама спаборніцтвам паміж рознымі лідэрамі нацыянальнага руху альбо паміж нованароджанымі палітычнымі партыямі. Тут будзе дарэчы нагадаць, што палітычная праграма нацыянальнага руху акрамя спэцыфічна нацыянальных утрымлівала таксама агульнапалітычныя патрабаваньні: роўнасьць грамадзянаў перад законам і роўнасьць палітычных правоў. Зь лёгікі барацьбы за палітычныя пазыцыі вынікала, што нацыянальныя лідэры здабудуць больш выгодныя пазыцыі ў параўнаньні з паноўнымі элітамі, калі вырасьце іх падтрымка з боку грамадзян-выбаршчыкаў альбо чальцоў патрыятычных арганізацыяў. Абарона нацыянальнага інтарэсу мела найлепшыя надзеі на посьпех, калі фармулявалася як абарона інтарэсу ўсяго люду, то бок таксама як складовая частка змаганьня за грамадзянскую роўнасьць.
Канечне ж, як спадчына «службовай» канцэпцыі ўлады ў гэтыя адносіны пранік спэцыфічны аргумэнт палітычнай дыфэрэнцыяцыі: праграмы ўсіх палітычных плыняў (за выключэньнем крайняй лявіцы сацыял-дэмакратыі) згодна дэкляравалі — прынамсі вэрбальна — вяршэнства нацыянальнага інтарэсу над усімі іншымі партыкулярнымі інтарэсамі, палітычнымі ды рэгіянальнымі. Ва ўмовах масавага руху большую надзею на посьпех мелі, як правіла, тыя, хто больш пераканаўча аргумэнтаваў, што абароняць нацыянальныя інтарэсы, гэта значыць «інтарэсы люду», лепш, чым іх канкурэнты. Невыпадкова першая ступень палітычнай дыфэрэнцыяцыі ў шэрагу нацыянальных рухаў мела характар канфлікту паміж нацыянал-радыкальнай і нацыянальна памяркоўнай плынямі, прычым радыкалы паступова перамаглі: маладачэхі супраць старачэхаў, маладалатышы й маладаэстонцы супраць старалатышоў і стараэстонцаў і г. д. Пры гэтым нацыянал-радыкалізм звычайна быў зьвязаны з палітычным радыкалізмам, гэта значыць з праграмай дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы. Гэты мэханізм функцыянаваў, пакуль захоўвалася перакананьне — незалежна ад таго, адпавядала яно рэчаіснасьці ці не, — што існаваньне нованароджанага народу знаходзіцца пад пагрозай. Спадарожным элемэнтам гэтага супярэчлівага працэсу была «генэралізацыя сымбаляў» нацыянальнага інтарэсу й нацыянальнага адзінства, якая давала магчымасьць лідэрам розных плыняў унутры нацыянальнага руху захаваць выгляд згоды ў прынцыповых пытаньнях нацыянальнага інтарэсу103. |
102 H. Popitz у гэтай сувязі ўжывае тэрмін «Positionalisierung der Herrschaft»: Phänomene der Macht. Autorität, Herrschaft, Gewalt, Technik. Tübingen, 1986. S. 50. |
Хоць лёзунг нацыянальнай пагрозы ў ходзе палітычнай барацьбы стаў стэрэатыпам, ён быў ня проста прадуктам маніпуляцыі ды фікцыяй. Ён меў сваё бясспрэчнае абгрунтаваньне ва ўсіх нацыянальных рухах, якія не атрымалі аўтаноміі. А там, дзе пэўная мера аўтаноміі больш-менш усталявалася — у Нарвэгіі, Чэхіі, у Харватыі, Фінляндыі, — было відавочна, што прынцыповыя пытаньні вырашалі ня лідэры нацыянальнага руху, але дзяржаўны цэнтар, дзе перавагу мелі эліты дзяржаўнага народу.
Так нарадзілася барацьба інстытуцыялізаваных аўтарытэтаў, то бок змаганьне паміж дзяржавай альбо элітамі дзяржаўнага народу ды лідэрамі ўжо сфармаванага «прыгнечанага» народу. Складовай часткай гэтай барацьбы сталі ўзаемныя абвінавачваньні ў недастатковай легітымнасьці прэтэнзіяў да ўлады. Лідэры нацыянальных рухаў, якія марна імкнуліся да перавагі ва ўладзе на «сваёй» нацыянальнай тэрыторыі, паступова пачыналі сумнявацца ў легітымнасьці цэнтру, а тым самым рыхтавалі поўную яго нэгацыю — ды, такім чынам, і сэцэсіянісцкія тэндэнцыі ўласнага нацыянальнага руху. Як толькі інстытуцыялізавалася ня толькі ўлада элітаў дзяржаўнай нацыі, але таксама пазыцыі лідэраў нацыянальнага руху (а гэта адбывалася й там, дзе патрабаваньне самавызначэньня ў форме аўтаноміі не пратаравала сабе дарогі), пачалася таксама фармалізацыя й дэпэрсаналізацыя ўлады104. На практыцы гэта азначала, што ў самой структуры ўладных адносінаў утвараліся мэханізмы, якія ўжо не залежалі ад індывідуальных пажаданьняў паасобных палітыкаў і вынікамі сваёй дзейнасьці рыхтавалі глебу пад поўнае прыняцьце патрабаваньня самавызначэньня. |
103 Luhmann, N. Macht. Stuttgart, 1975. S. 29. |
Стаўленьне пад сумнеў легітымнасьці прэтэнзіі паноўнай нацыі на дамінантнае становішча ў дзяржаве суправаджалася зьменай у падыходзе лідэраў нацыянальнага руху да самой існасьці адносінаў да дзяржавы. Да дзяржаўнай улады ўжо ставіліся ня як да інстытуцыялізаванага легітымнага аўтарытэту, а як да ўлады, якая заснаваная на сіле й прымусе. Такая сытуацыя была з вышэй пададзеных прычынаў нармальнай ва ўмовах Асманскай імпэрыі, але да канца стагодзьдзя яна распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе. Пакуль улада мультыэтнічнай імпэрыі была дастаткова моцнай, лідэры нацыянальнага руху захоўвалі да яе ляяльнасьць і адкрыта не ішлі на сэцэсію. Гэта адносіцца й да Ірляндыі пасьля паразы паўстаньня фэніяў. Толькі ў адным выпадку, дзе сілы былі збольшага роўныя — у нарвэска-швэдзкіх адносінах, — зьмена ў падыходзе лідэраў нацыянальнага руху праявілася ў адкрытым абвяшчэньні незалежнасьці.
Паўсюль у іншых краінах амаль усе лідэры нацыянальнага руху (ці прынамсі іх пераважная большасьць) настолькі ідэнтыфікаваліся ці, хутчэй, зьмірыліся з суадносінамі сілаў, якія можна акрэсьліць стабілізаванымі й інстытуцыялізаванымі адносінамі няроўнасьці ва ўладзе, што барацьба за дзяржаўную незалежнасьць заставалася — за выключэньнем Ірляндыі — па-за рамкамі іх палітычных праграмаў. Таму яшчэ на парозе ХХ ст. у пераважнай большасьці эўрапейскіх нацыянальных рухаў, якія ўжо дасьпелі да сваёй фазы С, патрабаваньне самавызначэньня не фармулявалася як патрабаваньне поўнай дзяржаўнай незалежнасьці, сэцэсіі ад існай мультынацыянальнай дзяржавы. Аднак нэгацыя легітымнасьці перавагі ва ўладзе паноўнай нацыі пранікла ў палітычную «падсьвядомасьць» шырокіх слаёў ды стварыла прастору для ўяўленьня пра поўную незалежнасьць як пра хоць і не дасягальны, але ўсё ж ідэал. Гэтым тлумачыцца тое, што адразу ж пасьля таго, як моц мультыэтнічных імпэрыяў аслабела ў выніку ўдзелу ў І Усясьветнай вайне, усё большая колькасьць лідэраў нацыянальнага руху пачала барацьбу за поўную незалежнасьць. Гэта датычыць чэскага й славацкага нацыянальных рухаў, гэтаксама як нацыянальных рухаў польскага, фінскага, харвацкага, украінскага — ды таксама ірляндзкага і ў крайняй сытуацыі нават флямандзкага. Да гэтага пасьля далучыўся выбар незалежнасьці як адзінай альтэрнатывы ў эстонскім, латыскім і літоўскім нацыянальных рухах. Пры ўсіх прыватных адрозьненьнях, якія вынікалі з геапалітычнага становішча ды з асабістых падыходаў і ўяўленьняў нацыянальных палітыкаў, шлях да незалежнасьці меў ва ўсіх гэтых выпадках дзьве агульныя рысы: 1. Канкрэтная форма дасягнутай нацыянальнай дзяржаўнасьці (межы нацыянальных дзяржаваў і іх месца ў міжнародных адносінах) залежала ня толькі ад жаданьняў палітыкаў, але перадусім ад уяўленьняў ды інтарэсаў супэрдзяржаваў-пераможцаў з Антанты. 2. Атрыманьне дзяржаўнасьці прадстаўнікі ўсіх нацыянальных рухаў прывіталі з натхненьнем, якім наўрад ці можна было маніпуляваць, якое адразу ж дало магчымасьць інкарпараваць незалежнасьць, нацыянальную свабоду ў новы кодэкс агульнапрынятых каштоўнасьцяў. Страта незалежнасьці — у выніку нямецкай ці савецкай агрэсіі — на дваццаць гадоў пазьней успрымалася як нацыянальная трагедыя. Дзяржаўнасьць як праява поўнай нацыянальнай свабоды й самарэалізацыі была ўкаранёная ў сьвядомасьці ды «калектыўнай памяці» людзей так трывала, што наступная крыза імпэрыі — на гэты раз савецкай — з абсалютнай відавочнасьцю вылілася ў распад усіх фэдэрацыяў у імя стварэньня нацыянальных дзяржаваў. Дзеля паўнаты й дакладнасьці вобразу неабходна, вядома ж, дадаць, што некаторыя нацыянальныя рухі не дамагліся ў гэтай пераломнай сытуацыі поўнай дзяржаўнай незалежнасьці, а часам нават да яе не імкнуліся. Датычыць гэта, з аднаго боку, нацыянальных рухаў, якія ў выніку перасьледу ці беспасьпяховай агітацыі яшчэ не дасягнулі масавага характару (украінцы, славакі, беларусы, македонцы ды ўсе заходнеэўрапейскія нацыянальныя рухі, апрача ірляндзкага), альбо якія былі пад ціскам вонкавых акалічнасьцяў уключаныя ў шматнацыянальную дзяржаву (Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў). Выпадае таксама прыгадаць, што ўкраінцы й беларусы дамагліся ў рамках новай дзяржавы — Савецкага Саюзу — статусу саюзнай рэспублікі, які ім да надыходу сталінізму забясьпечваў рэальную аўтаномію асабліва ў сфэры культурнай эмансыпацыі. Аднак усе гэтыя нацыянальныя рухі засталіся ў «адкрытым» палажэньні, а некаторыя нават падчас наступных дзесяцігодзьдзяў не пасьпелі да сваёй фазы С — масавага руху. Такім чынам, шлях эўрапейскіх нацыянальных рухаў да палітычнай незалежнасьці ня быў спрадвечнай мэтай гэтых рухаў, аднак нельга яе інтэрпрэтаваць і як выпадковы (а таму й зварачальны) вынік валюнтарыстычных рашэньняў, выводных з прынцыпу нацыянальнага самавызначэньня, як яго фармулявалі Ў. Ўілсан (W. Wilson) і У. І. Ленін105. Нельга таксама агулам абвінавачваць лідэраў нацыянальных рухаў у «нацыяналізьме» толькі таму, што яны імкнуліся да незалежнасьці. Патрабаваньне стварыць незалежную нацыянальную дзяржаву само па сабе не было ні анахранізмам, ні праявай антыдэмакратызму, а вынікам лёгікі вялікадзяржаўнага змаганьня, барацьбы за ўладу, якая пачалася змаганьнем за прынцып удзелу й перайшла ў пазыцыю барацьбы за самавызначэньне ў форме аўтаноміі. |
104 Са спасылкай на Max Weber прыводзіць H. Popitz: Phänomene der Macht. S. 38. |
Гістарычны досьвед прадэманстраваў, што там, дзе нацыянальны рух выліўся ў пасьпяховае фармаваньне сучаснага народу, барацьба за ўладу з прадстаўнікамі паноўнай нацыі прынесла такую эскаляцыю антаганізмаў і напружанасьці, што ў легітымнасьці існаваньня шматнацыянальных манархіяў пачалі сумнявацца альбо нават адмаўляць яе. Потым ужо ўсё залежала перадусім ад унутранай сілы дадзенай манархіі, якая ізноў жа была справай ня толькі ўнутранай сытуацыі, але таксама міжнародных адносінаў.
У гэтай сувязі паказальна, што ўсе новыя дзяржавы, якія ўзьніклі пасьля 1918 г., адмовіліся ад манархісцкіх рамак ды выбралі рэспубліканскі лад. Югаславія, дакладней кажучы, Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў, зьяўляецца тут выключэньнем толькі ўяўна, бо ў гэтым выпадку de facto працягвалася ў новай форме існаваньне каралеўства Сэрбіі. Значэньне барацьбы за ўладу пры тлумачэньні патрабаваньняў поўнага самавызначэньня пацьвярджае таксама тая акалічнасьць, што дзяржаўнай «сэцэсіі» заўсёды дамагаліся прадстаўнікі меншага, слабейшага народу ў змаганьні супраць палітыкаў дзяржаўнай нацыі. Лягічна скарыстоўвалі пры гэтым момант аслабленьня дзяржаўнай нацыі альбо мультыэтнічнай дзяржавы. У нашым выпадку гэтае аслабленьне прыходзіла звонку, у выніку ваенных няўдачаў. Значэньне гэтага замежнага фактара на шляху нацыянальнага руху да самастойнасьці не было, вядома, відавочнасьцю. Кожная дзяржава мела сваіх іншаземных ворагаў, аднак яе замежная палітыка не магла, зразумела, выклікаць унутраную крызу нібыта на замову лідэраў нацыянальнага руху. Тым ня менш, гэтыя палітыкі маглі выкарыстоўваць новую сытуацыю ў сваіх інтарэсах. Кожная ўнутраная крыза ў выніку міжнародных паразаў утрымлівала ў сабе палёгкі для пазыцыяў нацыянальных рухаў (параўнайце, напрыклад, значэньне 1904—1905 гг. для нацыянальных рухаў царскай Расеі), і нават магчымасьць развалу мультыэтнічнай імпэрыі, гэта значыць сэцэсіі як арганічнага выніку пасьпяховага нацыянальнага руху. Аднак памылкова й мэтадычна недапушчальна экстрапаляваць разьвіцьцё да дзяржаўнасьці, якое нам вядома па ХХ ст., ізноў да ходу эўрапейскіх нацыянальных рухаў, ды дэфінаваць яго як барацьбу за нацыянальную дзяржаву ад самага пачатку. Гэтаксама памылкова ігнараваць спэцыфіку эўрапейскага разьвіцьця й інтэрпрэтаваць народатворчыя працэсы ў Эўропе мінулага стагодзьдзя пад уражаньнем сучаснай барацьбы за нацыянальную й дзяржаўную тоеснасьць у Азіі ды ў Афрыцы як прадукт нацыяналізму, валюнтарызму інтэлектуалаў ці нават як «памылку гісторыі»106. |
105 Hobsbawm, E. J. Nations and Nationalism since 1780. Programme, myth, reality. Cambridge, 1990. Р. 40, 176. |
V. Сацыяльная праграма ды нацыянальна рэлевантныя супярэчнасьці інтарэсаўПатрабаваньні, якія мы сукупна акрэсьліваем сацыяльнай праграмай, можна падзяліць, падобна як патрабаваньні палітычныя, на патрабаваньні агульнаэмансыпацыйныя й мадэрнізацыйныя ды патрабаваньні спэцыфічна нацыянальныя. Да агульнаэмансыпацыйных патрабаваньняў належаць усе спробы ліквідацыі фэадальных залежнасьцяў і перашкодаў, якія стаялі на шляху разьвіцьця капіталістычнага грамадзтва. Праўда, ужо самой гэтай характарыстыкай перадаецца значная гетэрагеннасьць такіх патрабаваньняў: сур’ёзныя адрозьненьні паміж імі былі дадзеныя, з аднаго боку, мясцовай сытуацыяй у паасобных дзяржавах і краёх, а з другога — грамадзкімі пераменамі ў ходзе нацыянальнага руху. Пад мясцовай сытуацыяй пры гэтым трэба разумець ня толькі дасягнуты стан сацыяльна-гаспадарчага разьвіцьця, але таксама адносіны паміж групоўкамі й слаямі ўнутры непаноўнай этнічнай групы, якія адрозьніваліся паводле таго, як падчас той ці іншай фазы нацыянальнага руху выглядаў яе сацыяльны склад. Таму цяжка спрабаваць прывесьці абагульняльную тыпалёгію сацыяльных патрабаваньняў ды не застаецца нічога іншага, апрача як задаволіцца пералікам найважнейшых сярод іх. Усюды там, дзе нацыянальны рух уступаў у сваю фазу В ва ўмовах перажыткаў фэадальнай сыстэмы, патрыёты фармулявалі патрабаваньне вызваленьня сялянства. Аднак гэтае патрабаваньне не было аднародным і адрозьнівалася ў розных месцах — а таксама ўнутры паасобных нацыянальных рухаў — поглядам на формы вызваленьня ды на яго фінансавыя ўмовы. Ці мела гэта адбыцца паступова альбо раптоўным рэвалюцыйным пераваротам, ці мелі сяляне плаціць за сваё вызваленьне выкуп, ці мела яно датычыць усіх сялян альбо толькі некаторых катэгорыяў? Значныя адрозьненьні былі таксама ў тым, падчас якой фазы нацыянальнага руху фармуляваліся гэтыя патрабаваньні. У эстонскім нацыянальным руху гэта сталася вельмі хутка, ужо на пачатку фазы В, у чэскім нацыянальным руху — толькі падчас яго пасьпяховай другой ступені, у ірляндзкім — толькі пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў нацыянальнай агітацыі. Часам вызваленьне сялян адбывалася яшчэ раней, чым гэтае патрабаваньне поўнасьцю замацоўвалася ў праграме нацыянальнага руху (славенцы). Другім важкім колам сацыяльных патрабаваньняў былі праекты й дзеяньні, накіраваныя на рост, узмацненьне альбо зараджэньне гарадзкога сярэдняга саслоўя. Тут таксама ўсё залежала ад таго, як моцна гарадзкія сярэднія слаі (рамесьнікі, дробныя гандляры й прадпрымальнікі) былі прадстаўленыя ў сацыяльнай структуры непаноўнай этнічнай групы. Тады як у чэскім нацыянальным руху на пярэднім пляне стаяла патрабаваньне абароны прадпрымальніцтва й лепшай прафэсійнай падрыхтоўкі рамесьнікаў, у Прыбалтыцы гаворка пакуль вялася пра тое, каб эстонцы ці латышы атрымалі доступ у рамесьнікі-майстры ды роўныя правы зь нямецкімі рамесьнікамі, якія працавалі ўжо даўно. Характэрна, што гэтыя высілкі былі адначасова й элемэнтам нацыянальнай агітацыі, скіраванай у шэрагі ўласнай этнічнай групы. Патрабаваньні ў інтарэсах рамесьнікаў і дробных прадпрымальнікаў былі больш рэдкімі ды менш выразнымі там, дзе ўжо падчас фазы В у нацыянальным руху ўдзельнічалі вышэйшыя гарадзкія слаі (буйныя камэрсанты, чыноўнікі высокага рангу, рант’е), чые інтарэсы неяк «перакрылі» інтарэсы рамесьніцтва (гэта быў нарвэскі, вугорскі, польскі, флямандзкі, каталёнскі выпадак). У такіх нацыянальных рухах, наадварот, ажылі й выйшлі на пярэдні плян ужо падчас фазы В (у нарвэскім выпадку нават раней) патрабаваньні, зьвязаныя з раўнамерным падаткаабкладаньнем, з мытнай і гандлёвай палітыкай дзяржавы, з разьмеркаваньнем дзяржаўных субсыдыяў. Гэтыя патрабаваньні мы знойдзем у іншых нацыянальных рухах пазьней, то бок на працягу фазы С, калі сярэднія слаі з шэрагаў непаноўнай этнічнай групы перасталі асымілявацца ў выпадку сацыяльнага ўздыму. Наступныя групы сацыяльных патрабаваньняў былі ўжо, як правіла, зьвязаныя з фазай С нацыянальнага руху. Гэта было часам — там, дзе яшчэ захоўваліся пазаэканамічныя бар’еры — патрабаваньне роўнага доступу да адукацыі для прадстаўнікоў непаноўнай этнічнай групы. Усеагульна ж дзейнічае такое правіла, што з ростам іх адукаванасьці ўзмацняліся заклікі да раўнапраўя пры сацыяльным уздыме, асабліва ў сфэры адміністрацыі. Тут, зразумела, патрабаваньні сацыяльныя сустракаліся з палітычнымі патрабаваньнямі. Там, дзе распачалася індустрыялізацыя, расла колькасьць рабочых з уласнай этнічнай групы ды разам з тым дабрачынная дзейнасьць, скіраваная на паляпшэньне іх сацыяльнага становішча. Неабходна прызнаць, што ў пэрыяд пачатку індустрыялізацыі нацыянальны рух праяўляў інтарэс да рабочых большасьцю толькі пэрыфэрыйна, а патрыёты часьцей выказвалі патрабаваньні рабочых ужо пасьля фармаваньня арганізаванага рабочага руху, калі гэта, вядома ж, адбылося падчас фазы С нацыянальнага руху. Такім патрабаваньнем, напрыклад, быў заклік да роўнага заробку за тую самую працу для ўсіх, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасьці. Зацікаўленьне нацыянальных палітыкаў, зразумела, было мацнейшым там, дзе пагражала небясьпека (сапраўды ці ўяўна), што рабочыя ўспрымуць не нацыянальныя, а іншыя аўтарытэты ды ня стануць складовай часткай нацыянальнага руху. Канкурэнтнай тоеснасьцю мог быць, уласна кажучы, як інтэрнацыяналістычны рабочы рух, гэтак і асыміляцыя з паноўным дзяржаўным народам. Посьпех ці параза гэтых канкурэнтных тоеснасьцяў не залежалі, імаверна, толькі ад таго, у якой ступені нацыянальныя лідэры змаглі інкарпараваць у нацыянальную праграму спэцыфічна работніцкія патрабаваньні, гэта значыць зрабіць супярэчнасьць паміж пралетарыятам і буржуазіяй нацыянальна рэлевантнай супярэчнасьцю. Яны залежалі таксама ад таго, у якой фазе нацыянальны рух знаходзіўся ў пэрыяд, калі адбывалася індустрыялізацыя й калі фармавалася самасьвядомасьць рабочых. Кожны нацыянальны рух быў рухам, які імкнуўся не адставаць ад поўнасьцю разьвітых нацыянальных супольнасьцяў. Гэтаму адпавядала рэакцыя адукаваных людзей, ужо інтэграваных да яго. Як толькі яны цалкам усьвядомілі сваё адставаньне, то пачалі думаць пра тое, якімі чынам дагнаць больш сталыя народы ня толькі ў разьвіцьці нацыянальнай культуры, але таксама ў эканамічным разьвіцьці. Таму імкненьне да інавацыяў, да навучаньня ад больш разьвітых у гаспадарчых адносінах краінаў гэтаксама належала да важных сацыяльных патрабаваньняў фазы С нацыянальнага руху. Ва ўсіх пададзеных прыкладах справа датычыла патрабаваньняў, якія фармавалі лідэры нацыянальнага руху ад імя народа ці люду, які атаясамліваўся з народам. А ад іншых акалічнасьцяў залежала, ці пачалі, а калі так, то калі, да барацьбы за гэтыя мэты спрычыняцца таксама тыя, каго яны непасрэдна тычыліся, то бок сяляне, рамесьнікі, рабочыя. Напэўна, пра поўнае нацыянальнае існаваньне можна было весьці гаворку толькі пасьля таго, як усе сацыяльныя слаі й клясы колішняй непаноўнай этнічнай групы пачалі стала ўдзельнічаць у нацыянальным руху. Гэта, зрэшты, раней ці пазьней усьвядомілі й лідэры нацыянальнага руху. Таму таксама адзінай агульнай характарыстыкай сацыяльнай праграмы амаль усіх нацыянальных рухаў была спроба дасягнуць поўнага сацыяльнага складу нацыянальнай супольнасьці. Часам гэта была спроба мэтанакіраваная ды арганізаваная, часам хутчэй толькі вэрбальны пастулят, а некалі нават усяго толькі несьвядомая дзейнасьць. Мэтаю тут было дамагчыся таго, каб фармаваны народ дасягнуў сацыяльнай структуры, адпаведнай той ступені гаспадарчага ды сацыяльнага разьвіцьця, якая дасягнутая ў дзяржаўным маштабе. У рэчаіснасьці справа была ў падвойнай мэце. З аднаго боку, нацыя мела атрымаць, дакладней кажучы, стварыць з уласных шэрагаў паноўныя эліты, якіх бракавала — няхай сабе памешчыкаў, высокага рангу бюракратыю ці выбітных акадэмікаў. Зь іншага боку, дасягненьне масавай падтрымкі дзеля нацыянальных мэтаў не было магчымае бэз інтэграцыі сялян ды таксама рабочых у шэрагі прадстаўнікоў нацыі «пад пагрозай». Напрошваецца пытаньне, у якой ступені на сацыяльныя патрабаваньні таго альбо іншага нацыянальнага руху паўплываў сацыяльны склад лідэраў нацыянальнага руху. Калі гэта было так, што можна лічыць даволі верагодным, то неабходна растлумачыць пераемнасьць нацыянальных патрабаваньняў насуперак непераемнасьці альбо зьменнасьці сацыяльнага складу. Тым самым мы набліжаемся да адной з цэнтральных праблемаў нацыянальнага руху: чым растлумачыць пасьпяховы альбо няўдалы водгук на сацыяльныя патрабаваньні ў шэрагах прадстаўнікоў непаноўнай этнічнай групы? Гэтыя сацыяльныя патрабаваньні адыгралі нацыянальна інтэгравальную ролю насуперак таму, што большасьцю — у адрозьненьне ад моўных ці палітычных патрабаваньняў — размова вялася не пра патрабаваньні ў інтарэсах усёй нацыянальнай супольнасьці, а пра патрабаваньні групавыя. Акрамя таго, гэтыя патрабаваньні звычайна фармулявалі не прадстаўнікі той групы, якой яны датычылі, а лідэры, якія прэтэндавалі на тое, каб гаварыць «ад імя» ўсяго народу. Працяг чытайце ў наступным нумары.
|
106 Крайнюю «канструктывісцкую» пазыцыю фармулюе, напрыклад, P. R. Brass: Elite competition and the origins of ethnic nationalism // Nationalism in Europe. № 1. Р. 111. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 7-8 (58-59) - 2007 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |