A R C H E П а ч а т а к № 11 (62) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


11 — 2007

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • эсэістыка • літаратура

 


крытыка

  Грыгоры Ёфэ

Вокладка «ARCHE» №11
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (10’2007)
   ARCHE (9’2007)
   ARCHE (7-8’2007)
   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаныя здымкі:

1) «Заходнебеларускі селянін чытае савецкую газэту». Слонім, 1939 г.

2) «Рэдакцыя беларускай газэты пасьля паліцэйскага ператрусу». 1920‑я гг. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву‑музэю літаратуры і мастацтва.

3) Пілсудзкі точыць зубы «на рабочыя дзяржавы» (улётка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі). Канец 1920‑х — пачатак 1930‑х гг.

4) «Гарніст маладой Беларусі». Малюнак, зьмешчаны ў № 3 віленскай «пэрыядычнай часопісі беларускай моладзі» «Маладое жыцьцё» ў кастрычніку 1922 г. (перад выбарамі ў польскі парлямэнт).

Дызайн Ягора Шумскага.

Грыгоры Ёфэ
Дробныя сакрэты запозьненага нацыяналізму

Булгаков, Валер. История белорусского национализма.
Вильнюс: Институт белорусистики, 2007. 331 с.

Кніга Валера Булгакава перасягнула мае спадзяваньні. Я не чакаў ад яе шмат у сьвятле маёй ранейшай ацэнкі той плыні беларускага нацыяналізму, да якой адносіў Булгакава1. Мне таксама давялося чытаць адну зь яго часопісных публікацыяў2; яе галасьлівая, палітызаваная мова падштурхнула мяне да думкі, што Булгакаў быў палітычным актывістам, а не навукоўцам. Новая кніга Булгакава пераканала мяне ў адваротным. Ён насамрэч зьяўляецца абдораным, амбітным і сьмелым навукоўцам, які не вагаецца прэзэнтаваць знаходкі, што наўрад ці спадабаюцца многім зь яго духовых пабрацімаў.

Галоўная каштоўнасьць выданьня — у высьвятленьні асноватворнай сувязі паміж папярэднікамі беларускага нацыяналізму. Бясспрэчна, кніга пераводзіць ейнага аўтара ў шэраг нешматлікіх аўтарытэтаў у гэтым пытаньні. Будучы вонкавым назіральнікам, які, аднак, мае доўгатэрміновы інтарэс да беларускага нацыяналізму, я дазнаўся тое-сёе сам на гэтую тэму. Так, я ўжо даўно даведаўся, што тыя, хто ў апошнюю чвэрць XIX cт. пачынаў атаесамляць сябе з прадстаўнікамі асобнай этнічнай групы (distinctive ethnicity), разьмешчанай паміж расейцамі і палякамі, траплялі пад уплыў вельмі розных культурных плыняў і геапалітычных арыентацыяў. «Краёвасьць» і заходнерусізм, Каліноўскі і Каяловіч, Тарашкевіч і Карскі, калябаранты і партызаны, БНФ і савецкія беларусы, «лацінка» і «кірыліца», «тарашкевіца» і «наркамаўка» — надта шмат супярэчнасьцяў і процілегласьцяў літаральна разьдзіралі новапаўсталую нацыю на шматкі.

Кніга Булгакава трапіла да мяне ў пару, бо ўсяго колькі месяцаў таму я прачытаў кнігу Аляксандра Цьвікевіча пра заходнерусізм — школу мысьленьня, якая пастаянна фігуруе ў Булгакава. Як добра вядома, заходнерусізм разьвіўся ў стройную тэорыю ў 1860-я гг.; ён прызнаваў культурную адметнасьць беларусаў, але толькі як часткі расейскай культурнай прасторы. Прачытаўшы Цьвікевіча, я быў страшна расчараваны ягонай спробай вымаляваць галоўнага ідэоляга заходнерусізму, Міхаіла Каяловіча, здраднікам беларускай справы з той простай прычыны, што беларускі нацыяналізм на той час яшчэ не існаваў. Аднак, як здараецца з шматлікімі навуковымі работамі, цэнтральны тэзіс якіх далёка не пераканаўчы, карысныя высновы можна зрабіць з назіраньняў, пабочных адносна «ідэі фікс». Так, я пашырыў свае веды пра беларускі дыскурс 1920-х гг. і інтэлектуальны арсэнал заснавальнікаў БНР. Напрыклад, з твору Цьвікевіча я дазнаўся, што аднойчы расейцы прывезьлі праваслаўных чыноўнікаў з Малдовы (!), каб русіфікаваць ці, хутчэй, дэпалянізаваць Беларусь, і што «заходнярус» Каяловіч, які ганарыўся сваёй радзімай, быў агаломшаны дурнотаю гэтага кроку. На яго думку, расейскіх патрыётаў трэба было рэкрутаваць на месцы. Я таксама дазнаўся, што сын Багушэвіча, гэтай іконы беларускасьці, выявіўся «заалягічным польскім шавіністым» і што Яўхім Карскі зганіў кнігу Багушэвіча як шкодную «праклямацыю ў лацінскім духу» з мэтай «вызвать смуту в русском семействе».

Кніга Цьвікевіча таксама дала мне разуменьне таго, што заходнерусізм імкнуўся ачысьціць Беларусь ад польскай культуры «незапароскім спосабам» (відавочная адсылка на карані ўкраінскага нацыяналізму) і што Каяловіч напісаў артыкул пад назвай «Польскае запрашэньне беларускага юнацтва да сэпаратызму». Гэта нагадала мне рэляцыі газэты «Беларусь сегодня» пра асобных кепскіх палякаў, «лялькаводаў» сакавіцкіх падзеяў 2006 г. на менскай Кастрычніцкай плошчы. Дзякуючы гэтаму і іншым захапляльным фрагмэнтам зь Цьвікевічавага твору я не шкадую, што прачытаў ягоны трактат. Мяне таксама пацешыла ўласная здольнасьць разумець беларускую мову, — здольнасьць, зрэшты, цалкам вытлумачальная. Яна тлумачыцца тым, што я валодаю і расейскай, і польскай. Гэтая прычынна-выніковая сувязь мае значэньне, бо дапаможа мне выявіць вузкія месцы булгакаўскага бачаньня сьвету.

Аднак сьпярша варта сказаць пра ўнёсак Булгакава ў навуку. Адрозна ад трактату Цьвікевіча, цэнтральны тэзіс кнігі Булгакава зьяўляецца і пераканаўчым, і павучальным — мажліва, ён нават ідзе ўразрэз з палітычнымі перакананьнямі аўтара. Я бачу ў кнізе цікавы прыклад таго, як навуковец змагаецца супроць палітычнага дзеяча, прычым дзьве ролі сумяшчаюцца ў адной асобе. Булгакаў-навуковец заўважае, што самае першае прызнаньне беларусаў як самабытнай групы (self-styled group) было вынікам расейскай нацыяналістычнай рэакцыі на польскае паўстаньне 1863 г. Такім чынам, беларусы сталіся культурным вынаходам другой паловы XIX ст. Булгакаў-навуковец удумліва дэманструе, што Багушэвіч і пазьнейшыя апалягеты беларускай ідэі не адбыліся б у якасьці беларускіх нацыяналістаў, каб прадстаўнікі заходнерусізму не далі ім скрупулёзнага апісаньня беларусаў як асобнай групы, правёўшы разнастайныя фальклёрныя экспэдыцыі і здабыўшы ўнікальныя на той час палявыя знаходкі. Выходзіць, што Каяловіч, духовы лідэр заходнерусізму, стаў (напэўна, ня хочучы таго) галоўным пратаганістам беларускага нацыяналізму. Гэты нацыяналізм, кажа Булгакаў, узьнік адразу на наступны дзень пасьля заснаваньня імпэрскага рэгіёну Беларусь:

Каляніяльная Беларусь дваістая: з аднаго боку, яна апісваецца праз стандартны набор каляніяльных прэзэнтацыяў (якія рэзка павышалі яе адчувальнасьць, надзялялі яе гістарычнай легітымнасьцю), з другога боку, навуковая веда пасьпяхова і скрупулёзна даводзіць яе этнаграфічныя асаблівасьці, дакладна акрэсьлівае моўныя межы, археалёгія і археаграфія рэканструююць яе гісторыю, іншымі словамі, робіць Беларусь уяўяльнай (с. 185).

Такім чынам, статус заходнерусізму ў аналах беларускага нацыяналізму быў нечакана, але абгрунтавана падвышаны тым, каго можна разглядаць як яго ворага з прычыны яго непахіснай пазыцыі як змагара супраць расейскага культурнага каляніялізму. Да таго ж, насуперак спадзяваньням, Булгакаў-навуковец не дае першынства Баршчэўскаму, Чачоту, Дуніну-Марцінкевічу, Рыпінскаму і Сыракомлю. Яны падаюцца як польскія нацыяналісты, схільныя да культывацыі плебейскага комплексу забітасьці (victimhood) сярод беларускіх сялян. Яшчэ больш скандальным, г. зн. такім, якое палітычныя «таварышы па зброі» Булгакава будуць старацца дэзавуяваць, ёсьць дапушчэньне, што Каліноўскі ў палітычным пляне быў палякам, а таму не заслугоўвае месца ў пантэоне беларусаў. Асабіста я даўно меркаваў гэтаксама на базе нешматлікіх даступных мне тэкстаў Каліноўскага (напрыклад, цытаваных Нікаласам Вакарам), але для мяне сталася вялізным адкрыцьцём даведацца, што Булгакаў (а не Якаў Трашчанок!) думае гэтак жа, як я.

Яшчэ адно рэвалюцыйнае месца ў булгакаўскай кнізе — правядзеньне паралелі паміж этнонімамі/тапонімамі «Беларусь-беларусы» і «Віетнам-віетнамцы». Вельмі даўно я дазнаўся ў Вакара, што

як адпраўны пункт для новага нацыяналізму, тэрмін «беларус» стварае пэўныя нязручнасьці. Сэмантычна ён занадта блізкі да Расеі3.

  прафэсар геаграфіі ўнівэрсытэту Рэдфарду (Radford University). Сярод яго навуковых інтарэсаў знаходзяцца таксама працэсы, зьвязаныя з фармаваньнем мадэрнай беларускай нацыі і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Так, у 2002 г. пры дапамозе IREX ажыцьцявіў дасьледчы праект «Беларусь: выпадак зацемненай ідэнтычнасьці». Суаўтар манаграфіяў «The End of Peasantry? The Disintegration of Rural Russia» (Pittsburgh: University of Pittsburgh Press, 2006), «The Environs of Russian Cities» (Lewiston: Edwin Mellen Press, 1999), «Population under Duress: The Geodemography of Post-Soviet Russia» (Boulder: Westview Press, 1999) і інш. Аўтарская назва агляду — «Чытаючы Булгакава пасьля Цьвікевіча».

1 Ioffe, Grigory. Understanding Belarus: Questions of Language // Europe-Asia Studies. Vol. 55. № 7. 2003. P. 1009—1047.

Ёфэ, Грыгоры. Беларусь: дзяржава, але яшчэ ня нацыя // ARCHE. 2007. № 4.

Ioffe, Grigory. Culture Wars, Soul-Searching, and Belarusian Identity // East European Politics and Societies. 2007a. Vol. 21. № 2. P. 348—381.

2 Булгакаў, Валерка. Выбары прэзыдэнта крэолаў // ARCHE. 2001. № 4.

   

Калі ў ангельскай мове назоў краіны пісаўся «Belorussia», нязручнасьці больш кідаліся ў вочы, але і цяпер, дарма што «Belarus» выглядае «лепш», г. зн. менш нагадвае пра Расею, прыметнік «Belarusian» застаецца «здрадніцкім», бо гучыць амаль ідэнтычна з «Belorussian». У сваёй кнізе 1993 г. Ян Запруднік паспрабаваў ачысьціць слова ад «i», выніковы тэрмін «Belarusan» адсылае да слова «Rus’», а не да «Russia». Аднак Запруднікаў варыянт, здаецца, ня быў прыняты публікай. Ранейшыя спробы перайменаваць беларусаў у крывічоў таксама праваліліся, і цяпер, напэўна, беларусы назаўжды прывязаныя да свайго нібыта каляніяльнага імя. Было павучальна даведацца ад Булгакава, што, падобна да таго, як назва Беларусі пайшла ад «Белай Русі», Віет-Нам азначае «на поўдзень ад паўднёвага Кітаю», то бок тапонім і ў гэтым выпадку мае каляніяльнае паходжаньне. Тым ня менш, беручы пад увагу, што віетнамцы ня зьніклі як нацыя дзеля свайго нібыта каляніяльнага назову, беларусам таксама варта парэкамэндаваць спыніць спрэчкі на гэты конт. Калі і ёсьць нейкі чыньнік, які падрывае аптымізм наконт беларускага нацыятварэньня, то гэта пытаньне мовы.

Калі чытач кнігі Булгакава надае вялікую ўвагу яго пасланьню і лексыцы і ня згубіць пільнасьці аж да канца кнігі, то яго чакае сюрпрыз на с. 289. Там падаецца зьмястоўная цытата зь Цімаці Снайдэра, але ж зь ня менш значнай памылкай у перакладзе і ў нумары старонкі, адкуль узятая цытата (не 367, а 47):

У Расейскай імпэрыі ані ў царкве, ані ў школе не вучылі грамаце па-беларуску. Пісьменныя сярод беларусаў ужо ўмелі чытаць па-польску ці па-расейску. Таму з забароны на беларускую мову беларускім дзеячам не было ніякай карысьці: не было людзей, якім бы неставала беларускай мовы, як летувісам неставала летувіскай... Беларуская мова апынулася ў самым незайздросным становішчы: некадыфікаваны славянскі дыялект нізкага статусу, які паводле сваіх морфалягічных рысаў знаходзіўся паміж польскай і расейскай мовамі, а ягоныя носьбіты ў грамадзтве знаходзіліся паміж польскай культурай і расейскай уладай. Гэтак факт, абумоўлены філялёгіяй (contingent fact of philology), прадвызначыў ступень уплыву нацыянальных дзеячоў на мясцовае насельніцтва4.

  3 Vakar, Nicholas P. Belorussia: The Making of a Nation. Cambridge, MA: Harvard University Press, 1956. P. 4.

   

Зыходзячы з украінскага перакладу кнігі Снайдэра, Булгакаў перадае «contingent fact of philology» як «лінгвістычная выпадковасьць». Між тым, «contingent» — панятак, які мае некалькі значэньняў. Адно зь іх сапраўды адсылае да «выпадковасці», але іншы пераклад «contingent» — «абумоўлены, прадвызначаны, залежны ад пэўных абставінаў». Мне здаецца відавочным, што блізіня беларускай да польскай і расейскай не выпадковая — хутчэй яна была і застаецца абумоўленай разьмяшчэньнем носьбітаў беларускай мовы паміж палякамі і расейцамі. Больш за тое, да масавай урбанізацыі існаваў пэўны градыент паміж асноўнымі арэаламі расейскай (прастора паміж Тулай і Разаньню) і польскай мовы (ваколіцы Торуні). Калі рушыць на захад і паўднёвы захад ад асноўнага арэалу расейскай мовы, назіраюцца паступовыя, але няўхільныя зьмены ў вясковых гаворках аж да дасягненьня асноўнага арэалу польскай мовы. Беларуская знаходзілася недзе паміж5. Дзе дакладна яна знаходзілася — залежала ня менш ад палітычных перадумоваў, чым ад чыста моўных крытэраў. Паступовасьць пераходу ва ўказаным кірунку паказаная на мапе беларускіх гаворак Карскага, якія на ўсходзе поўняцца русізмамі, а на захадзе — палянізмамі6. Гэты самы тэрытарыяльны фактар дазволіў Аляксандру Скапненку сьцьвярджаць, што правапісная рэформа 1933 г. у БССР скасавала

  4 Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations. New Haven: Yale University Press, 2003. P. 47.

   

граматычныя варыянты, генэтычна зьвязаныя з паўднёва-заходнімі гаворкамі, якія на той час бытавалі толькі за межамі БССР, на тэрыторыі Польшчы… зьдзейсьніла сутнасную пераарыентацыю дыялектнай базы беларускай літаратурнай мовы… на паўночна-ўсходнюю дыялектную прастору, генэтычна роднасную з паўднёва-расейскімі дыялектамі7.

Падобным чынам пераходная, або, каб быць дакладным, прамежкавая, прырода беларускіх гаворак дазволіла Янку Купалу ўключыць расейскамоўныя і польскамоўныя маналёгі ў яго беларускамоўную п’есу [«Тутэйшыя»]. З гэтай самай прычыны такія людзі, як я, бязь цяжкасьцяў разумеюць беларускія тэксты, хоць падчас майго сталеньня мне ніколі не даводзілася шчыльна памаўляцца зь беларускамоўнымі або чытаць тэксты па-беларуску (дарма што наведаў Беларусь 25 разоў, пачынаючы з трохгадовага веку). Я валодаю расейскай і польскай, і гэтага досыць. Галоўнае, што я хачу сказаць, дык гэта тое, што прырода беларускіх гаворак, абумоўленая іх тэрытарыяльным палажэньнем, дазваляе лёгка авалодаць расейскай і/або польскай усім беларусам, якія імкнуцца прасунуцца ўверх па сацыяльнай лесьвіцы (the upwardly mobile Belarusians). Да таго ж яны ніколі не лічылі расейскую або польскую чужымі ці замежнымі мовамі. Тое самае можна сказаць і пра іншыя, нелінгвістычныя аспэкты культурнага ўплыву расейцаў і палякаў. Сапраўды,

повязі, якія лучылі [беларускія] масы з Праваслаўнай Царквой альбо Каталіцкім Касьцёлам, іх культурнай і цывілізацыйнай базай, што атаесамлялася з расейскасьцю альбо польскасьцю, былі настолькі магутныя, што «прабіцца» празь іх беларускі нацыяналізм ня здужаў. Беларуская культура не ўспрымалася масамі ў якасьці рэальнай, прывабнай альтэрнатывы расейскай і польскай культураў.

Так піша Булгакаў-навуковец на старонцы 290 сваёй кнігі. Зыходзячы з гэтай заявы, можна запытацца, чаму ж тады на папярэдніх старонках булгакаўскай кнігі дзясяткі разоў ужываецца прыметнік «каляніяльны», найчасьцей з назоўнікам «дыскурс»? Гэтае пытаньне цалкам натуральнае — яно тлумачыць, чаму цытата Снайдэра ў канцы кнігі Булгакава была для мяне адкрыцьцём у кантэксьце гэтай кнігі: з пэрспэктывы гэтай цытаты фактычна дэлегітымізуецца ўжываньне слова «каляніяльны».

Выглядае, у тым, што датычыцца каляніялізму, Булгакаў-навуковец перабывае ў канфлікце з Булгакавым-палітычным дзеячом. Бо калі аўтар канструюе нацыю як уяўленую супольнасьць (Булгакаў не стамляецца настойваць на гэтым), то ўспрыманьне ёсьць рэальнасьцю; а калі беларускія масы не ўспрымалі (а многія і дагэтуль не ўспрымаюць) культураў Расеі і/або Польшчы як каляніяльных уплываў ва ўласнай краіне, то гэтыя ўплывы не былі/ня ёсьць каляніяльнымі — «брутальны сакрэцік» («dirty little secret») запозьненага беларускага нацыяналізму. Падобным чынам іх, мабыць, нельга разглядаць у якасьці каляніяльных яшчэ і таму, што заходнерусізм і краёвасьць папярэднічалі беларускай нацыянальнай ідэі. У нацыяналістычных тэрмінах гэты стан рэчаў азначаў, што Беларусь — ці, дакладней, прота-Беларусь — была датуль нічыйнай зямлёю. Экспансія на яе тэрыторыю, гэтаксама як расейска-польскія канфлікты на ёй былі бадай такімі ж натуральнымі, як сіла прыцягненьня Зямлі. Гэтая простая лёгіка зусім не чужая Булгакаву-навукоўцу. Але ж Булгакаў-палітычны актывіст, падобна, карыстаецца гэтым базавым сродкам рэфлексіі сэлекцыйна. Напрыклад, нелягічна ў пачатку кнігі (!!) заяўляць, што «і колькасна, і якасна яна [беларуская нацыя] не супадае з насельніцтвам Рэспублікі Беларусі» (с. 27). Хоць поўнага супадзеньня чакаць не выпадае, але ж як кваліфікаваць тых, хто самі сябе называюць беларусамі? Ці трэба адмаўляць іхную беларускасьць толькі таму, што яны не сябруюць з Булгакавым? Гэтаксама алягічна праводзіць аналёгію паміж польскамоўнай літаратураю ў Беларусі і ангельскамоўнай літаратураю ў Індыі, сьцьвярджаючы, нібыта абедзьве былі каляніяльнымі вынаходкамі (с. 124). Рэч у тым, што Вялікабрытанія знаходзіцца трошку далей ад сваёй бясспрэчнай былой калёніі і ня мела да яе дачыненьня аж да 1757 г., калі брытанцы збудавалі першыя ўмацаваныя селішчы ў Індыі. Больш за тое, бальшыня індусаў не сутыкалася з брытанцамі аж да сярэдзіны XIX ст. У адрозьненьне ад гэтага, гістарычную Беларусь немагчыма нават уявіць фізычна адарванай ад Польшчы, а тое, дзе праходзіць этналігвістычная польска-беларуская граніца, можна даведацца толькі з скрупулёзных палявых дасьледаваньняў, накшталт тых, якія праводзіў Курт Вулгайзэр у польска-беларускім памежжы. А калі нарожны камень чыйгосьці погляду на Беларусь (г. зн. ідэя расейскага і польскага каляніялізму) не вытрымлівае выпрабаваньняў лёгікай, што застаецца ад самога нарожнага каменя?

Вось жа, навідавоку зыркая супярэчнасьць паміж двума наступнымі тэзісамі Булгакава, якія ідуць праз пару старонак:

Беларусь пры Лукашэнку разьвівала інстытуты і сымбалі незалежнай дзяржаўнасьці, мела [мае?] пасольствы, войска, міліцыю, нацыянальныя зборныя і г. д. Нацыянальная ідэнтыфікацыя перамясьцілася з прац тэарэтыкаў у сфэру практычнай дзейнасьці. Пачуцьцё беларускасьці ўзмацняюць нацыянальныя пашпарты, нумарныя знакі і г. д. (с. 328).

і

Спэкуляцыі, якія сьцьвярджаюць, што беларуская дзяржава, ейная палітычная юрысдыкцыя і міжнародная правасуб’ектавасьць і таму падобнае выступаюць фактарамі, што ўзмацняюць нацыянальную ідэнтычнасьць, заснаваныя на элемэнтарнай падмене паняцьцяў (с. 330).

Відавочна, першая з гэтых заяваў належыць Булгакаву-навукоўцу, другая — Булгакаву-палітычнаму актывісту. Гэта самы зыркі прыклад раздваеньня асобы. Аднак здаровы сэнс падказвае, што адно з двух цытаваных цьверджаньняў павінна быць аблудным, і я думаю, што ведаю, якое.

Да Булгакава-навукоўца я маю шэраг іншых крытычных заўваг. Напрыклад, у пачатку кнігі ён абыгрывае неглыбокае, аднак бяскрыўднае выказваньне Аляксандра Грыцанава пра нацыяналізм. Грыцанаўская фармулёўка, вытрыманая ў тэрміналёгіі савецкай эпохі, калі нацыяналізм лічыўся шкодным паводле сваёй сутнасьці, наўрад ці дарэчная ў якасьці аб’екта астракізму, пакліканага памагчы Булгакаву-навукоўцу настроіцца на правільны тон. Пэўныя прэтэнзіі ёсьць і да стылю расейскамоўнай кнігі, але мая рэцэнзія, напісаная на ангельскай мове, не дазваляе іх выказаць. Усё гэта, аднак, дробныя промахі ў параўнаньні з тым, што я мог бы сказаць на адрас Булгакава-палітычнага актывіста.

  5 Ioffe, Grigory. Understanding Belarus: Questions of Language. Europe-Asia Studies. Vol. 55. № 7. 2003. P. 1009—1047.

6 Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Mінск: Выдавецтва Акадэміі навук, 1963.

7 Скопненко, O. Мовна ситуація в Білорусі і проблеми норм білоруської літературної мови. Матеріали міжнародної конференції «Державність української мови і мовний досвід світу», Київ. 2000.

   
Зрэшты, большасьць гэтай крытыкі ўжо была апублікаваныя ў артыкулах у «АRCHE»8 і «East European Politics and Societies»9, зьмест якіх часткова перакрыжоўваецца, таму няма сэнсу паўтарацца. Калі казаць вельмі коратка, то нацыятварэньне палягае ў кансалідацыі, а не ў стварэньні лініяў падзелу. Адпаведна, Беларусі патрабуецца першае, а не другое. І такім самаадданым ды абдораным людзям, як Булгакаў, самая пара ўсьвядоміць гэта. Беларускі палітычны рэжым не зваліўся зь нябёсаў. Як сказаў Пётра Садоўскі, «мы — недабудаваная нацыя i наш прэзыдэнт — люстэрка гэтага. Ён мае посьпех, таму што адлюстроўвае стан электарату»10. Аднак, як прароча напісаў Ян Запруднік у сваім артыкуле ў 2003 г., гэты самы рэжым ня мае «іншага выбару, як зьвярнуцца да нацыянальнай сьвядомасьці насельніцтва як свайго роду бар’ера супраць паглынаньня Расеяй нацыянальнага сувэрэнітэту»11.

Шмат было зроблена ў гэтым кірунку ў апошні час пад чыімсьці малапрывабным патранажам, і без пачуцьця сораму або абвінавачаньняў у здрадзе належыць прызнаць, што ідэя беларускага сувэрэнітэту замацавалася ў сьвядомасьці народу. Гэтаксама прызнаньне існых лініяў падзелу паміж беларусамі не павінна прыводзіць да выключэньня бадай большасьці беларускага «насельніцтва» зь беларускасьці, але хутчэй да ўмацаваньня супольнага грунту.

Толькі калі гэтыя ісьціны будуць засвоеныя і пачнуць дзейнічаць на практыцы, можна будзе сказаць, што нацыятварэньне ў Беларусі ўрэшце завершанае. І калі гэта здарыцца, ні Эўропа, ні сьвет ніколі ня страцяць Беларусі — незалежна ад яе эканамічнай залежнасьці ад вонкавых сілаў. Валер Булгакаў мае ўнікальны шанец зрабіць свой унёсак у посьпех супольнай беларускай справы.

Паводле аўтарскага рукапісу пераклаў з ангельскай W. R.

8 Ёфэ, Грыгоры. Беларусь: дзяржава, але яшчэ ня нацыя // ARCHE. 2007. № 4.

9 Ioffe, Grigory. Culture Wars, Soul-Searching, and Belarusian Identity // East European Politics and Societies. 2007. Vol. 21. № 2. P. 348—381.

10 Садоўскі, Пётра. Выступ у «Праскім акцэнце», перадачы беларускай службы радыё «Свабода», 12 ліпеня 2007, svaboda.org.

11 Zaprudnik, Jan. Belarus: in Search of National Identity between 1986 and 2000 // Contemporary Belarus: Between Democracy and Dictatorship. Elena A. Korosteleva, Colin W. Lawson & Rosalind Marsh, eds. London & New York: Routledge/Curzon. 2003. P. 122.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 11 (62) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2008 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2008/01/22