A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (66) - 2008 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Андрэй Вашкевіч. | ||||
Андрэй Вашкевіч. Андрэй Чарнякевіч 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага свята
Сядаючы за гэты артыкул, аўтары адразу дамовіліся, што мэтай будзе прасачыць эвалюцыю святкавання 25 сакавіка, галоўным чынам у Заходняй Беларусі, каб тым самым паказаць вытокі сучаснай традыцыі і яе пераемнасць. Яна выглядае не вынікам збройнага чыну, а хутчэй прадуктам інтэлектуальнай творчасці.
Як вядома, раніцай 25 сакавіка 1918 г. «пасьля доўгіх і бурных спрэчак» на пленарным паседжанні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі большасцю, якую складалі ў асноўным сябры Беларускай Сацыялістычнай Грамады, была прынята дэкларацыя («Трэцяя Устаўная грамата») аб «Нізалежнай і Вольнай Дзяржаве».
І вось пачалася запраўдная баталія! — узгадваў у сваіх успамінах гэтае гістарычнае здарэнне адзін з беспасярэдніх удзельнікаў паседжання Рады БНР Антон Луцкевіч, — дванаццаць гадзін трывала яна. Першую атаку пачалі земцы. Няшчырымі, фальшывымі выглядалі і прамовы бундаўцаў, каторыя стаялі за еднасьць з Расеяй «у імя інтарэсаў сялянства». Атмасфэра ставалася ўсё больш цяжкой. Узрастала нэрвовасьць прамоўцаў, і часта падалі рэзкія словы то з аднаго, то з другога боку.
Урэшце настаў станоўчы мамэнт: галасаваньне. Новыя спробы сарваць справу, новыя «адводы» з боку ворагаў незалежнасьці: дарэмна!
Каля шостае гадзіны раніцы старшыня ставіць на галасаваньне формулу: «Рада Рэспублікі абвяшчае Беларусь незалежнай і сувэрэннай дзяржавай і выдае аб гэтым Устаўную грамату».
Хоць ясна для ўсіх, што пабеда забясьпечана, усё ж глыбокая ціша пануе ў салі, пакуль лічаць галасы. Кожын чуе, што вось-вось зараз нешта мае зрабіцца — нешта важнае, выключнае, такое, што двойчы не паўтараецца. Кожын разумее, што кліч, каторы зара прыме ці адкіне Рада, — гэта кліч да новага, вольнага жыцьця, гэта запаведзь яснае долі для ўсяго многапакутнага беларускага народу…
І яно сталася: новая ідэя нарадзілася. Велізарнай перавагай галасоў формула прынята!
Радаснымі клікамі нарушаецца ціша. Пачынаюцца гарачыя авацыі.
«Новае сьвятло нарадзілася на Беларусі!» — кліча нехта ў экстазе
Як бачым, было сутыкненне поглядаў, думак, нават грамадскай пазіцыі (згодна з тым самым А. Луцкевічам, Д. Сямашка, які прыбыў разам з ім з Вільні, на паседжанне Рады не з’явіўся, бо баяўся адмоўнай рэакцыі нямецкіх уладаў); адбываўся эмацыйны ўздым, ламаліся ўстойлівыя стэрэатыпы.
Лёсы кінутыя! — пісаў з гэтай нагоды М. Доўнар-Запольскі, — вялікі акт у жыцьці нашага народу зьдзейсьніўся: Беларусь абвешчана сваім часовым урадам незалежнай рэспублікай. У кожнага беларуса пры гэтай вестцы радасна заб’ецца сэрца. Безьліч трывожных і сьветлых пытаньняў прамільгне ў галаве кожнага з нас: ці маем мы права на гэтакі крок, ці ў час гэты крок зроблены й — галоўнае — што чакае нашую Бацькаўшчыну наперадзе?2
3 красавіка 1918 года Я. Мялешка (адзін з псеўданімаў А. Луцкевіча) змясціў ў газеце «Гоман» артыкул «Будаваньне дзяржаўнага жыцьця» у якім задаваўся пытаннем: «Апавяшчэньне незалежнасьці Беларусі актам 25 сакавіка стаўляе на чэрадзі пытаньне: чы маюць беларусы даволі сіл, патрэбных дзеля арганізацыі сваёй асобнай гасударственнасьці?»3. |
гісторык, краязнаўца, сталы аўтар «ARCHE». Разам з калегамі падрыхтаваў да выданьня «Кароткі нарыс беларускага пытаньня» (ARCHE. 2007. № 11).
АНДРЭЙ ЧАРНЯКЕВІЧ 1 Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Укл., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003. С. 104—105. 2 Вольная Беларусь. 1918. 28 красавіка.
|
Што ж тычыцца канкрэтных палітычных вынікаў, дык амаль ніводная з пастаўленых 25 сакавіка мэтаў у той момант не была дасягнута, калі не лічыць перспектываў фінансавай падтрымкі беларускага ўраду з боку Украіны. У канцы кастрычніка 1918 года газета «Минский голос» здзекліва канстатавала:
Имеет ли право на существование, должна ли и может ли быть основана «Белорусская республика»? Покажется легкомысленным — даже неуместной шуткой — ответ, выраженный в форме вопроса: а почему нет? Но это вовсе не хлестаковское благодушие («пусть называется»!). И совсем не пустое балагурство. Совершенно серьезно! А почему нет? Если есть самостоятельная Украина, вольный Дон, Грузия, Крымская республика, Кубань, Закавказская и Азербайджанская республики, если будут Литва и Латвия — то почему не быть Белоруссии? Совсем не нужно для утверждения права на существование автономной Белоруссии всего того, что дает развертывающееся перед нами так называемое «национальное движение» белорусов… Определенно бездарна и смешна вся книжно-водевильная «государственность» современных белорусских деятелей. Вся «Рада» производит впечатление захудалой любительской труппы, и все «государственное строительство» нынешних белорусских вождей напоминает растерянность, беспомощность, переплетенную личными обидами и интригами, суетливость провинциального спектакля… Это будет здание из карт, из бумажных карт, которые разлетятся во все стороны при первом дуновении ветра4. |
3 Mieleška, I. Budawańnie dzierżaunaha żyćcia // Homan. 1918. 03 красавіка. |
Апошнія словы аўтара артыкула ў «Минском голосе» амаль што па-прароцку спраўдзіліся, калі вясной 1919 года міністры БНР у Гародні сабраліся на апошнюю нараду перад тым, як выехаць за межы Беларусі. Першую гадавіну таго памятнага сакавіцкага ранку гарадзенскія беларусы адзначылі адразу некалькімі святочнымі вячэрамі. Спачатку ў клубе «Беларуская хатка» адбываецца ўрачысты вечар у гонар Беларускага ўрада. У прызначаны час усе пакоі клуба запоўніліся прадстаўнікамі самых розных слаёў насельніцтва Гародні. Першым выступіў Антон Луцкевіч з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай. Пазней слова ўзяў прадстаўнік ППС, папрасіўшы прабачэння за тое, што не ведае беларускай мовы: «Для мяне Беларусь, — гэта другая Радзіма, бо я тут нарадзіўся на свет». Ён паабяцаў, што польскія сацыялісты зробяць усё, каб Беларусь стала незалежнай дзяржавай, аднак дадаў: «Мы прывядзём Беларусь да незалежнага жыцця як рэспубліку, братнюю для Польшчы». Пасля гэтага адзін з прысутных беларускіх дзеячаў — Антон Борык падняў тост: «Няхай жыве Беларусь з Польшчай!» Шмат хто з прысутных падтрымаў А. Борыка і, падняўшы чаркі ў бок паляка, выпілі іх. Гэта не спадабалася сябрам Гарадзенскай беларускай управы Я. Курлову, К. Езавітаву і прадстаўніку яўрэйскай супольнасці, «нейкаму яўрэйскаму прафесару». Ужо трохі падпіўшы, прафесар заявіў, што Беларусь да гэтага часу ніколі не была незалежнай, таму беларусы зробяць вялікую справу, калі здолеюць дамагчыся ад іншых народаў прызнання ўласнай дзяржаўнасці. Гэтыя словы аспрэчыў Б. Квяцінскі, былы выкладчык беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы, прызначаны Міністэрствам беларускіх спраў школьным інспектарам у Гародні. Б. Квяцінскі даводзіў, што Беларусь не толькі была незалежнай, але нават клапацілася пра іншыя дзяржавы, такія, як Літва, і толькі саступіла ўплывам польскай культуры. Дарма што вячэра адбывалася ўсяго праз тыдзень пасля смерці настаўніка мясцовай беларускай школы А. Грыкоўскага, атрымалася яна вельмі вясёлай і абышлася амаль што ў 5 тысяч острублёў. Ужо 23 сакавіка А. Луцкевіч, А. Смоліч, А. Цвікевіч, Л. Заяц і А. Галавінскі выехалі з Гародні5. |
4 Минский голос. 1918. 20 кастрычніка.
|
25 сакавіка, першую гадавіну абвяшчэння БНР, мясцовыя беларусы адзначылі больш сціпла, запрасіўшы «на гарбату» ў памяшканне беларускага камітэта ўдзельнікаў настаўніцкага з’езда ды іншых гасцей. У якасці старшыні Беларускай цэнтральнай Рады Гарадзеншчыны вячэру распачаў П. Аляксюк, прачытаўшы першую ўстаўную грамату Рады БНР, пасля чаго прысутныя праспявалі беларускі гімн. З прамовамі выступілі Б. Квяцінскі, Я. Натусевіч і іншыя. Б. Квяцінскі між іншым сказаў:
Сягодня вітаючы адраджэньне нашай дарагой, змучанай даўгой няволяй бацькаўшчыны, б’ецца маё сэрца ад радасьці. Разумею, тое ж самае і з вамі. Дарагія таварышчы, вучыцялі і вучыцелькі, на вашых плячах ляжыць далейшая праца ў кірунку адраджэньня. Мы ня маем аружжа, ды што аружжа бяз духу, без нацыянальнай сьвядомасьці — гэта цела без душы. Вы творцы гэтага духу, духу нацыянальнай сьвядомасьці, сяліці яго ў сьвятынях — у сэрцах малых анёлак дзетак, а створыце той дух, каторага не здалеюць нашы ворагі6. |
5 Бацькаўшчына. 1919. 8 красавіка.
|
Адначасова 25 сакавіка, хутчэй за ўсё ў памяшканні клуба «Бацькаўшчына», адбылася развітальная вячэра з нагоды ад’езда былога першага старышыні Народнага сакратарыята БНР, а цяпер міністра беларускіх спраў пры Літоўскім урадзе Я. Варонкі7. Другая гадавіна абвяшчэння незалежнасці прыпала на час польскай акупацыі і працяглага палітычнага крызіса, які прывёў Раду БНР да расколу. На паседжанні Мінскага Беларускага нацыянальнага камітэта 22 сакавiка 1920 года першым разглядалася пытанне аб святкаваннi
Нацыянальнага сьвята 25 сакавiка, абвяшчэньне Радай Беларускай Народнай Рэспублiкi Незалежнасьцi Беларусi ў яе этнаграфiчных межах… У сувязі з тым, што па незалежным ад Камiтэту варункам у сучасны момант немагчыма сьвяткаваць так, як трэба было б, сьвяткаваньне адкладаецца на неазначаны тэрмiн да таго часу, калi гэта будзе магчыма. А 25 сакавiка, дзеля важнасьцi момэнту, абмежавацца гэтакiм сьвяткаваньнем: а) ува ўсiх беларускiх школах i прытулках а 11-й гадзiне зрана сабраць усiх вучняў гэтых школ i iх бацькоў, а дзяцей прытулкаў у прытулках, дзе павiнны быць зроблены прамовы кiраўнiкамi аб значэньнi гэтага сьвята (устаўная грамата ад 25 сакавiка 1918 году), затым вучнi ўсiх школ i дзецi прытулкаў, а па мажлiвасьцi i iх бацькi, пасылаюцца пад кіраўнiцтвам настаўнiкаў на набажэнства — каталiкi а 12-й гадзiне ў касьцёл, а праваслаўныя — а 1-й гадзiне ў царкву, а пасьля набажэнства яны адпускаюцца дамоў. Затым а 4-й гадзiне па поўднi у «Беларускай Хатцы» робiцца для дзяцей дзiцячы спэктакль, куды так сама павiнны быць прыведзены дзецi. Усе дзецi павiнны быць уквечаны папяровымi нацыянальнымi значкамi. Выпаўненьне ўсяго гэтага прасiць Беларускую Школьную Раду i Настаўнiцкi Саюз. б) А 5-й гадзiне ў вечары ў памешканьнi Беларускага Нацыянальнага Камiтэту (б. Юбiл. Дом) адбудзецца Урачысты Сход Нацыянальнага Камiтэту. Дзеля чаго на гэты сход прасiць усе арганiзацыi, а так сама i вайсковую Камiсiю, каб яны прыслалi сваiх прадстаўнiкоў з мандатамi лiкам да 5-цi асоб ад кожнай. в) А 7-й гадзiне ў вечары будуць пастаўлены беларускiя п’есы: у мяйсцовым тэатры будзе пастаўлена п’еса з выступам хору, пры чым партэр i першы ярус будуць платнымi, 2-i ярус бясплатны для беларускiх арганiзацыяў i 3-i на палову платны, на палову бясплатны, для сьвядомых беларусоў, а ў «Беларускай Хатцы» Таварыствам Працаўнiкоў Беларускага Мастацтва будзе пастаўлена п’еса i iнш. Уход бясплатны, але па бiлетам. На выдаткi па ўстройству спэктаклю ў «Хатцы» Таварыству Мастацтва Камiтэт выдае 750 марак. г) Прасiць рэдакцыю газэты «Беларусь» па мажлiвасьцi, але ня вельмi вiдавочна, зьмяшчаць у газэце артыкулы аб значэньнi сьвята, а ў дзень сьвята выпусьцiць юбiлейны нумар8. |
6 Беларусь. 1919. 2 красавіка.; Беларуская думка (Вільня ). 1919. № 2, 4, 5. 7 Бацькаўшчына. 1919. 8 красавіка.
|
І гэтым разам ізноў вызначылася Гародня. Тут 27 сакавіка 1920 года ў памяшканні клуба «Беларуская хатка» адбылося святкаванне другой гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля беларускага гімна выступіў старшыня Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта Я. Натусевіч. Затым слова ўзялі Л. Дзекуць-Малей і тагачасны старшыня Грамады беларускай моладзі С. Баран, пасля чаго хор праспяваў некалькі нацыянальных песняў. «Наагул, — адзначала газэта «Беларусь», — вечар прайшоў вельмі добра і зрабіў на прысутных прыемнае ўражаньне»9. Толькі ў наступныя гады святкаванне 25 сакавіка набывае нацыянальны маштаб. З нагоды 3-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі Рада БНР з Коўна склала шэраг адозваў. У звароце да жыхароў Беларусі Рада заклікала:
Народзе беларускі! Доўга і цяжка змагаўся ты за сваю зямлю і волю. Палілі твае вёскі, грабілі дабро, гнаілі ў турмах, катавалі і расстрэлівалі тваіх лепшых сыноў польскія паны — абшарнікі і маскоўскія наезднікі — камуністы. Зямлі табе не далі і самі ёю не скарысталіся, а ты адзін толькі на яе маеш права.
Мучылі і катавалі цябе толькі за тое, што ты бярог свой хлеб для сябе і сваіх галодных дзяцей, а не аддаваў яго польскім і маскоўскім наезднікам. Сёмы год на тваёй зямлі ідзе безупынная барацьба, ужо мусіць няма ніводнай пядзі зямлі, не палітай крывёю. Ты моцна стаў і стаіш за сваю незалежнасьць і сваю беларускую ўладу… Чакай распараджэньня свайго Ураду, які хутка павінен вывясьці з няволі — гуртуйцеся і чакайце. Шчыльнымі брацкімі радамі пайдзем вызваляць сваю Бацькаўшчыну, калі гэта будзе трэба, Праўда за намі, сваю зямлю не аддадзім нікому. Лепш загінуць, чым быць батраком чужынцам |
8 У склад арганізацыйнага камітэта ўвайшлі: Рак-Мiхайлоўскi, Трэпка, Булат, Ламака, Козiч i Фарботка / Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей НАРБ). Ф. 368. Воп. 1. Спр. 24. Арк. 1—10 адв. 9 З гісторыі сьвяткаваньня 25 сакавіка // Спадчына. 1998. № 1. С. 38—39.
|
У дэкларацыі ўрада БНР з той самай нагоды акцэнты таксама былі пастаўлены на дасягненне рэальнай дзяржаўнай незалежнасці краіны:
Тры гады мінула ўжо ў безупыннай барацьбе. За гэты час на нашай зямлі гаспадарылі і гаспадараць варожыя сілы. Пераходзячы з краю ў край праз нашу Маці — Беларусь чужацкія войскі палілі вёскі, руйнавалі гарады, пакідаючы за сабой голад і смерць… Але моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю. Пад гэтым сьцягам аб’ядналіся лепшыя сыны Беларусі, за гэты сьцяг аддавалі яны жыцьцё, за волю народу гнояцца яны ў канцэнтрацыйных лагерах і турмах бальшавіцкіх і польскіх. З гэтым сьцягам прадстаўнікі Ураду ішлі заграніцу і голасна пратэставалі перад Урадамі сьвету і перад мільённым народам Эўропы супраць зьдзеку і гвалтаў чужакоў у родным краю. Усюды, дзе толькі білася сэрца сыноў Беларусі, ва ўсе куткі Беларусі Урад пасылаў словы надзеі, загады барацьбы за сваю праўду… Пад сьцягам БНР, па загаду свайго ўраду бійся за вольную і незалежную Беларусь, за яе непадзельнасьць, за сваю зямлю і волю. Добра ведай, што ў барацьбе тваёй разарвецца ярмо, якое накідаюць чужакі на тваю галаву, згінуць граніцы, якімі хочуць падзяліць бацькоў ад сыноў, дзяцей ад маці. Недалёк ужо той дзень, калі ты вольны загаспадарыш у сваёй вольнай дзяржаве11. |
10 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 243. Арк. 153.
|
Асобна быў надрукаваны зварот Рады і ўраду БНР да беларускага яўрэйства з нагоды трэцяй гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі:
Грамадзяне! Мы цьвёрда верым, што ў гэтым вялікі дзень на ўсёй зямлі кожнае чэснае беларускае сэрца бьецца разам з намі і разам з намі кліча: Слава Беларускай Народнай Рэспубліці! Няхай жыве Беларуская Незалежнасьць!12 |
11 БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 243. Арк. 150.
|
Гэткую асаблівую цікавасць да яўрэйскага насельніцтва можна вытлумачыць надзеяй на падтрымку з боку яўрэйскіх элітаў беларускага пытання на міжнародным узроўні. Хоць у гэты час урад БНР на чале з В. Ластоўскага ўсё яшчэ працягваў адыграваць пэўную ролю, усё ж такі пачынаючы з 1921 года цэнтрам святкавання Дня Незалежнасці становіцца Вільня. На працягу наступных чатырох гадоў святкаванне 25 сакавіка ўсе віленскія беларускія арганізацыі праводзілі разам, што падкрэслівала адзінства беларусаў розных палітычных арыентацый у імкненні да незалежнасці. 25 сакавіка 1921 года ў Вільні адбылося ўрачыстае паседжанне Беларускага нацыянальнага камітэту, на якім прысутнічалі і выступілі А. Луцкевіч, А. Смоліч, кс. Ад. Станкевіч, М. Гарэцкі. Праз некалькі дзён, 29 сакавіка, насуперак рэкамендацыям каталіцкіх ерархаў, у маленькім віленскім Браніфратэрскім касцёле ксёндз Адам Станкевіч правёў урачыстую імшу, якую завяршыў казаннем на беларускай мове.
Дзень гэты вялікі і гістарычны. У гэты дзень падчас набажэнства ў касьцёле, першы раз у Вільні (ня кажучы аб старадаўніх часах) пяяліся беларускія песьні, а пасьля гаварылася беларускае казаньне. Боніфратэрскі касьцялок быў блізу перапоўнены. Настрой ва ўсіх паважны і радасны. Па ўсім хор беларускіх дзетак адпяяў «Божа, што калісь народы…»
— так апісаў гэтую падзею адзін са сведкаў13. |
12 БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 243. Арк. 149.
|
Урачыстае набажэнства, прысвечанае 25 сакавіка, стала ці не самай трывалай традыцыяй святкавання Дня Незалежнасці за ўсё міжваеннае дваццацігоддзе. Толькі адбывалася яно ў пазнейшыя гады ў віленскім касцёле святога Мікалая, які належаў літоўскай супольнасці і дзе беларусы кожную нядзелю маліліся на роднай мове. Як правіла, імшу праводзіў ксёндз Адам Станкевіч, часам С. Глякоўскі ці іншыя святары.
На чацвёртую гадавіну абвяшчэння Незалежнасці ўрад БНР падрыхтаваў чарговы мемарыял, у якім, паміж іншым, гаварылася:
Выбраны Радай Беларускай Народнай Рэспублікі Урад праз увесь час моцна трымаў у сваіх руках сьцяг змаганьня за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі. Але найбольш яскрава выявілася імкненьне беларускага народу да волі і незалежнасьці падчас паўстаньня ў Случчыне ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Нягледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана з двух бакоў, гэта ёсць: маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыялістамі — яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызваленча-адраджэнскага і дзяржаўна-незалежніцкага руху. Твая доля ў тваіх уласных руках. Справа вызваленьня і адраджэньня тваёй Бацькаўшчыны — гэта ёсьць справа тваіх мазольных рук. Цясьней гуртуй свае рады пад сьцяг змаганьня за волю і незалежнасьць тваёй Бацькаўшчыны. Адзінай арганізаванай грамадой магутны дай адпор тваім крыўдзіцелям. Толькі ў еднасьці і арганізаванасьці наша моц і сіла. Неарганізаваныя выступленьні павінны быць спынены. Больш веры ў сябе, у свае сілы! Сьвяткуючы чацьвёртую гадаўшчыну абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі моцна верыць у творчы розум беларускага народу і заклікае стаць у рады актыўных змагароў усіх тых, хто ня хоча быць нявольнікам, хто сваё жыцьцё гатоў аддаць за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны14. |
13 Крыніца. 1921. № 10.
|
Пасля выбараў 1922 года і з’яўлення беларускага прадстаўніцтва ў польскім парламенце пытанне аб незалежнасці атрымала зусім нечаканае гучанне.
Народ Беларускі мае выразныя незалежніцкія тэндэнцыі, — заявіў Браніслаў Тарашкевіч выступаючы у студзені 1923 года ў польскім Сейме, — незалежнасць гэтую глыбока ў сэрцы хаваем i пястуем, але з’яўляемся лаяльнымі грамадзянамі Польскай Дзяржавы, іначай кажучы, разумеем гэтую справу эвалюцыйна, а не рэвалюцыйна, — i людзей — сапраўдных патрыётаў, людзей сумленных, гэта павінна задаволіць15. |
14 Беларускі сьцяг. 1922. № 1. С. 22—23.
|
Гэтыя словы былі, напэўна, найбольш удалым прытарнаванем незалежніцкага ідэалу да новай палітычнай сітуацыі ў Еўропе, калі палітычная і эканамічная стабілізацыя адсоўвалі справу новага тэрытарыяльнага перадзелу кантынента (а толькі так магла з’явіцца незалежная Беларусь) на больш адлеглую перспектыву. Гэта адчувалі і польскія ўлады і насельніцтва Заходняй Беларусі.
Мясцовае аседлае насельніцтва, — гаварылася у рэфераце ІІ аддзела ДОК ІІІ ад 18 ліпеня 1922 года, — ужо мае досыць усялякай няпэўнасці, тады як перспектыва новай вайны ці нейкіх замешак на гэтым грунце пагражаюць ім канчатковай руінай таго, што яму пасля ўсіх войнаў засталося, ці што паспелі аднавіць… Аналіз агульнай сітуацыі паказвае беларусам адсутнасць рэальных асноваў для іх працы і перспектыву захавання гэткага стану бадай на некалькі год. Гэта падштурхоўвае беларускіх дзеячаў да «арганізацыйнай працы» над нацыянальнай самасвядомасцю беларускіх мас і павелічэннем беларускіх культурных здабыткаў. Мара пра Незалежнасць, пра Незалежнасць Беларусі, зыходзіць з парадку дня, губляючы адпаведнасць бягучаму моманту16. |
15 Тарашкевіч, Б. Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады. Мн., 1991. С. 81.
|
Адначасова расла і прыхільнасць заходнебеларускага насельніцва да БССР. Апошняе адбілася і ў стаўленні да святкавання дня 25 сакавіка. Адзначаючы 6-я ўгодкі Незалежнасці, А. Станкевіч пісаў на старонках «Крыніцы»:
Ідэал незалежнасьці Беларусі, хоць не ва ўсёй поўні, але ўжо спаўняецца ў жыцьці. За апошнія некалькі месяцаў гэтага году большасьць беларускіх зямель на ўсход ад граніц цяперашняй Польшчы ўжо аб’яднаны ў Беларускую Савецкую Рэспубліку ў фэдэрацыі з Расеяй. Беларусь — ужо дзяржава. Гэта факт, якога пярэчыць нельга і якога ўжо ніякая сіла са старонак гісторыі ня вымажа. За шэсьць гадоў ад часу 25 сакавіка 1918 года ідэал незалежнай Беларусі прынамсі ў асновах сваіх спраўдзіўся ў жыцьці. Адзін з важных аддзелаў жывой кнігі Незалежнай Беларусі ўжо напісаны. Сёмы год абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі — новы аддзел яе. Што далейшая наша гісторыя на старонках новага аддзела ўпіша — згадаць нятрудна. Зьмест гэтых страніц безумоўна будзе дапаўненьнем папярэдняга аддзелу жывой кнігі Незалежнай Беларусі. Мы ў гэта моцна верым17. |
16 Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці. Ф. 67. Воп. 1. Спр. 22;
|
Апошні раз супольна віленскія беларусы адзначылі дзень 25 сакавіка ў 1925 годзе. У той год святкаванне вырашана было спалучыць з юбілеем выдавецкай дзейнасці Францішка Скарыны ў Вільні18. У арганізацыі ўрачыстасцяў асаблівы ўдзел прыняло Беларускае навуковае таварыства, старшынёй якога быў Антон Луцкевіч. У 8 гадзін вечара 25 сакавіка ў зале Віленскай беларускай гімназіі пачалося ўрачыстае паседжанне таварыства, падчас якога прагучалі два даклады: «Век Скарыны» Б. Тарашкевіча і «Жыцьцё і праца Фр. Скарыны» кс. Ад. Станкевіча19. У святкаванні заўсёды актыўна ўдзельнічалі патрыятычна настроеныя вучні Віленскай беларускай гімназіі і студэнты універсітэта Стэфана Баторыя. Як згадвала вучаніца Віленскай беларускай гімназіі А. Катковіч:
Дзень гэты быў для нас вялікім сьвятам. Перад абедам ішлі на малебен у касьцёл і царкву, а пасьля ў гімназію, дзе частавалі вучняў кавай і пончыкамі. Кожны з нас меў прышпіленую бел-чырвона-белую лентачку. Вечарам адбывалася ўрачыстая акадэмія, на якой прамаўляла многа асоб і былі чытаны тэлеграмы ад арганізацыяў розных народаў. У другой частцы акадэміі быў канцэрт20. |
17 1918 - 25.ІІІ - 1924 // Krynica. 1924. 29 сакавіка. 18 400-годдзе беларускага кнігадрукавання было шырока адзначана ў Беларусі і па-за яе межамі ў 1925 годзе. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў стала вядома, што Скарына выдаў сваю першую кніжку ў Вільні не пазней 1522 году. 19 Krynica. 1925. № 12.
|
Аднак ужо тады са сваёй уласнай інтэрпрэтацыяй свята выступілі беларускія паланафілы. Перш за ўсё яны аспрэчвалі ідэйную сувязь паміж актам Незалежнасці і той формай дзяржаўнасці, якая ўсталявалася ва Усходняй Беларусі. Газета А. Паўлюкевіча «Грамадзкі голас» у артыкуле «Сем гадоў ідэалу» пісала:
Сучасны лёс беларускага народу ўсім вядомы… Выйшаўшы з векавое маскоўскае няволі, з вастрогу народаў, якім была нябожчыца Расейская Імпэрыя, беларускі народ ня мог адразу падняцца вышэй сваіх магчымасьцяў. Заняпаўшы ў сваёй нацыянальнай культуры на працягу сталецьцяў, беларус ня мог асягнуць найвышэйшага свайго ідэалу — поўнага нацыянальнага самаазначэньня.
Вось чаму акт абвяшчэньня Беларусі незалежнаю народнаю рэспублікаю 25 сакавіка 1918 года ня меў у сваёй лёгічнай пасьлядоўнасьці поўнага практычнага значэньня, а зьявіўся цераз 9 з лішкаю месяцаў для бальшавікоў падставаю іх дыплёматычных экспэрымэнтаў.
Незалежным дзяржаўным жыцьцём кожны народ пачынае жыць толькі з таго момэнту, калі сярод яго насьпелі ўсе патрэбныя для гэтага жыцьця прадпасылкі або калі народ атрымае магутны штырх да самастойнага жыцьця звонку…
Рашучы акт 25 сакавіка 1918 года заўсёды будзе гістарычным момэнтам у жыцьці беларусаў, як-бы ні складаўся іх жыцьцёвы шлях. У сучасны момант яго зьмест зьяўляецца ідэалам, які асягнены толькі на падставе бальшавіцкіх дэкрэтаў у форме гэтак званай «Соцыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь», створанай уладарамі маскоўскага Крэмля дзеля чыста палітычных мэтаў бальшавіцка-расейскай дыплёматыі.
Бальшавікі хітра скарысталіся фактам незалежнасьці Беларусі, хаця чэсьць гэтага пракламаваньня належыць ня ім, а дэмакратычнай беларускай інтэлігэнцыі… Ніякага нацыянальнага зьместу бальшавіцкая «беларуская» рэспубліка 1919 году ня мела… Гэткім чынам беларускі, абвешчаны сем гадоў назад, нацыянальны ідэал застаецца ў сутнасьці толькі ідэалам.
Аднак канчаўся артыкул даволі недвухсэнсоўнай высноваю:
Дзеля асягненьня свайго нацыянальнага ідэалу ў невядомы час будучыны беларускаму народу трэба прайсьці цярністы шлях культурна-нацыянальнай творчасьці і, пры нармальных варунках польскіх констытуцыйных гарантыяў, вечна трывалыя беларускія культурныя цэннасьці могуць быць выкаваны у межах Польскай Рэспублікі ня ў прыклад бальшавіцкаму экспэрымэнтатарству на Усходзе21. |
20 Катковіч, Анеля; Катковіч-Клёнтак, Вераніка. Успаміны. Беласток, 1999. С. 33—34.
|
Перадача ў кастрычніку 1925 г. падчас канферэнцыі ў Берліне значнай часткай міністраў БНР сваіх міністэрскіх мандатаў ураду БССР, а таксама актыўнае нацыянальнае будаўніцтва ў Савецкай Беларусі, прывялі да таго, што сярод заходнебеларускай інтэлігенцыі пачала шырыцца думка, што ідэя БНР вычарпала сябе, а Заходняя Беларусь у перспектыве павінна стаць часткай БССР. Да гэтага асабліва схіляліся правадыры Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Менавіта таму на паседжанні Віленскага БНК, якое адбылося ў пачатку сакавіка 1926 года, было вырашана адмовіцца ад шырокага святкавання гадавіны незалежнасці Беларусі!22 |
21 Сем гадоў ідэалу // Грамадзкі голас. 1925. 25 сакавіка.
|
Антон Луцкевіч, непасрэдны удзельнік падзей 25 сакавіка 1918 года, фактычна далучыўся да групоўкі грамадоўцаў, якія вырашылі 25 сакавіка гучна не адзначаць. У газеце-аднаднёўцы «На Прадвесьні» ён размясціў артыкул пад назвай «У восьмую гадавіну», у якім пісаў:
Шмат каму выдавалася, што вось-вось трэба толькі, каб беларусы падалі аб сабе голас на міравой канфэрэнцыі ў Парыжу, і будзе ім і воля, і незалежнасьць… Але хутка іх спаткала цяжкае расчараваньне. Аказалася, што «дэмакратыі» Захаду, так многа гаварыўшыя аб праве народаў на самавызначэньне, на дзеле прызналі гэтае права толькі за тымі, за кім ім гэта было выгадна. Прызналі незалежнасьць Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі. Далі ім усялякую дапамогу, каб умацаваць іх дзяржаўны быт, ды надзялілі добрымі кускамі Беларускае і Украінскае зямлі, каб гэтыя васалы вялікіх заходніх дзяржаў за такія падаркі шчыра служылі ім у іх барацьбе з вялікай пагрозай буржуазнаму сьвету, якая ўзьнялася з Усходу. Так права беларускага і ўкраінскага народаў на самавызначэньне аказалася патаптаным заходнімі дэмакратыямі…
А тым часам на Усходзе рабіліся глыбокія перамены… На Усходзе пачалася новая эра ў нацыянальным пытаньні. І ідэя беларускага дзяржаўнага будаўніцтва, якую патаптаў «дэмакратычны» Захад, пачала рэалізавацца на Усходзе.
Мінулы год, калі так званы ўрад Беларускае Народнае Рэспублікі зьліквідаваўся, закончыўшы гэтак сваё трагічнае бадзяньне па чужыне, — паказаў найлепш, як актыўныя беларускія адраджэнцы аднясьліся да гэтае новае эры.
Няма ніякага сумляваньня, што ў новым курсе радавае палітыкі адносна да беларусаў адыграў вялікую ролю акт 25 сакавіка 1918 года. Але гэты акт адыграў яшчэ вялікшую ролю ў прабуджэньні масавае самадзейнасьці, у так званай актывізацыі беларускага народу.
Заклікаючы ў «кірунку творчае нацыянальнае працы» да «сацыяльнага вызваленьня», аднаднёўка канстатавала:
Гэты сацыяльны ідэал ужо непадзельна запанаваў на Усходзе. Там толькі праз сацыяльнае вызваленьне перад беларусамі адкрылася магчымасьць дзяржаўнага будаўніцтва. Там — і толькі там — беларуская дзяржаўнасьць сталася зьдзейсьненым фактам23. |
22 БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 195. Арк. 22.
|
Іншую пазіцыю займаў адзін з лідэраў нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі ксёндз Адам Станкевіч. Ва ўмовах агульнай стабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Еўропе існаванне беларускага ўраду на эміграцыі ў поўным складзе не мае практычнага сэнсу, аднак увасабленне ідэі незалежнасці Беларусі ў выглядзе эміграцыйнага ўраду БНР пад кіраўніцтвам Пятра Крачэўскага проста неабходна24. Менавіта таму беларускія хадэкі працягвалі нязменна святкаваць 25 сакавіка на працягу ўсіх 1920—1930-х гадоў. 25 сакавіка 1926 г. адбыліся святочныя набажэнствы ў касцёле св. Мікалая і ў Пятніцкай царкве. Падчас казання кс. А. Станкевіч, між іншым, прамаўляў:
Так як Яўрэі гучна плакалі і цярпелі пасля ўтраты Сіёну, таксама і Беларусы, якія восем год назад абвясцілі незалежную Беларускую Народную Рэспубліку, аднак ня здолелі зьдзейсьніць гэтай ідэі, — плач і смутак носяць у сэрцах… Прыйшлі яны сюды, да Божага дому, каб прасіць Бога аб моцы дзеля ўвасабленьня свайго ідэала.
У артыкуле пад назваю «Двайное сьвята беларускага народу» газета беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў «Крыніца» пісала:
Рада Беларускай Рэспублікі, складзеная з найбольш выдатных, інтэлігентных і заслужаных прад беларускім народам дзеячоў, 25 сакавіка 1918 г. абвесьціла Беларусь Вольнай і Незалежнай, бо толькі такой, гаворачы па-людзку, можа быць яна шчасьлівай і толькі такой можа яна бараніць сябе ад вяковай крыўды, ад вяковага зьдзеку.
Але, каб вольнасьць і незалежнасьць здабыць, а здабыўшы ўтрымаць, трэба быць да гэтага адпаведна прыгатаваным, ці прасьцей кажучы, трэба, каб Народ Беларускі, як такі, разумеў гэта і каб меў сваю беларускую культуру |
23 На прадвесьні (аднаднёўка). 1926. 20 сакавіка. С. 1. 24 Кароткі нарыс беларускага пытаньня // ARCHE. 2007. № 11. С. 356.
|
Свой погляд на ідэю нацыянальнай незалежнасці выказаў і Беларускі сялянскі саюз, на чале якога стаялі Ф. Ярэміч і В. Рагуля. Друкаваны орган партыі газета «Сялянская ніва» адгукнулася на 8-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР перадавым артыкулам, азаглаўленым «Стаўка на кайзэра, Пілсудзкага, Леніна». Сцвярджаючы, што «беларускі рух у сваім жыцьці, асабліва на пачатку, быў вельмі слабы», газета адначасова дадавала,
увесь гэты час ад пачатку рэвалюцыі аж да разгону беларускага кангрэсу трэба залічыць да найсьвятлейшых дзён беларускага руху. Тагды ўсе беларускія дзеячы арыентаваліся самі на сябе, або інакш кажучы на сілы самога Беларускага Народу.
Цяпер,
Мы прыходзім да пракананьня, што найгоршым злом для Беларусі, гэта будзе арыентацыя на чужынца, каторы нас хоча праглынуць. Найгідчэйшая ўгода будзе тады, калі годзішся з тым, хто цябе душыць. Стаўшы на свае ногі і адкінуўшы паднявольныя і губячыя нас арыентацыі, мы будзем ісьці далей той дарогай, якою ішоў народ у 1917 годзе — дарогай арыентацыі на саміх сябе, або інакш кажучы — на сілы Беларускага Народу. І толькі гэткай дарогай, адкінуўшы службу ў усіх нашых багатых і дужых дзядзькоў, мы ўвойдзем у хаўрус і сям’ю незалежных і вольных народаў. Дык па стаўцы на кайзэра, Пілсудзкага і Леніна павінна прыйсці апошняя стаўка: на самых сябе! |
25 Krynica.1926. 25 сакавіка.
|
У 1927 годзе беларускае грамадзянства, зацягнутае ў вір падзей, звязаных з разгромам БСРГ, на чарговую гадавіну ўвагі амаль не звярнула. Шмат каму здавалася, што гісторыя робіцца менавіта тут і цяпер, што менавіта фантастычны рост і наступны разгром БСРГ, арышты яе правадыроў з’яўляюцца куды больш рэчаіснымі ўвасабленнямі нацыянальнага руху, чым міфічная незалежнасць, абвешчаная дзевяць гадоў таму ў акупаваным немцамі Менску. Таму дзевятыя ўгодкі абвяшчэння Незалежнасці прайшлі даволі сціпла, больш нагадваючы закрытае мерапрыемства, калі не лічыць той факт, што арганізавалі іх разам Сялянскі Саюз і БХД27. |
26 Стаўка на кайзера, Пілсудскага, Леніна // Сялянская Ніва. 1926. 21 сакавіка.
|
Амаль адразу грамадоўскі гумарыстычны часопіс «Маланка» з нагоды дня 25 сакавіка змясціў даволі красамоўныя малюнкі з характэрнымі каментарамі. Першы — «Сьвяткаваньне «незалежнасьці» Беларусі» суправаджала вытрымка з мясцовай газеты аб тым, што «а 7 гадз. вечара ў салі «Жорж» адбылася ўрачыстая акадэмія. З прамовамі выступалі паслы Ярэміч, Рагуля і інш.» Пад цытатаю на малюнку селянін на холадзе гледзячы праз шыбу на балюючых у рэстаране з нагоды свята беларускіх дзеячоў разважаў: «Нішто сабе, добрая незалежнасьць! Відаць, паны ад нас сялянаў зусім аднезалежніліся, бо ніводнага з нас там і няма».
На другім малюнку — «Як сьвяткавалі дзень 25-га сакавіка,» было два абразкі: «сынкі» (у Вільні) — дзеячы БХД і Сельсаюзу падымалі тосты за сталом, тады як лідэры БСРГ — «пасынкі» (у турме ў Вронках), выглядалі з-за крат28. |
27 Sprawy Narodowościowe. 1927. № 2. S. 161.
|
Святкаванне юбілею — дзесяцігоддзя абвяшчэння Незалежнасці БНР — супала адразу з некалькімі судовымі працэсамі над беларускімі дзеячамі ў Польшчы. Таму, выглядае больш чым сімвалічна, што, выступаючы у канцы лютага 1928 г. на працэсе па справе В. Рагулі ў Наваградскім судзе ў якасці адваката вядомы беларускі паланафіл П. Аляксюк адзначыў:
Імкненьне да незалежнасьці, нават гутарка аб ёй і прызыў да яе, як да астатняга найвышэйшага ідэала палітычнага існаваньня кожнага народу, не ёсьць прэступленьне проціў лаяльнасьці. Дзеля чаго і выкрык Рагулі, калі б ён нават і ўзапраўду закрычаў: «Няхай жыве незалежная Беларусь!», ня мае ў сабе прызнакаў прэступленьня29. |
28 Маланка. 1927. 5 красавіка.
|
Як і раней, «Беларуская Крыніца» змясціла з нагоды дня Незалежнасці на першай старонцы святочны артыкул пад загалоўкам «На 10-я ўгодкі» з кароткім пераказам гісторыі абвяшчэння акта 25 сакавіка:
Дзень гэты ёсьць адной з найсьвятлейшых старонак гісторыі Беларусі. 25 сакавіка сёлешняга году мінае дзесяць гадоў ад дакананьня гэтага вялікага гістарычнага акту, спаўненьня якога нам дагэтуль не было дадзена.
Далей «Беларуская Крыніца» параўноўвае свята нацыянальнае з рэлігійным:
Але дзень 25 сакавіка прыпадае на дзень хрысьціянскага сьвята — Благавешчаньня. 25 сакавіка 1928 гадоў таму назад пала слова, якое сталася целам. У гэты дзень разышлася добрая весьць, што весьціла новую эру, новыя часы для цэлай людзкасьці, часы новага сьвятла — справядлівасьці і праўды.
25 сакавіка 10 год таму назад таксама пала слова, слова добрай весьці, што весьціла для беларускага народу новыя, сьветлыя, шчасныя часы ў яго гісторыі…
І хоць слова гэта яшчэ ня сталася целам, сьвяткуйма дзень нашага народнага Дабравешчаньня!
Бо чым ёсьць сьвяткаваньне?
Сьвяткуючы, мы пасьвячаем нейкі дзень нечаму, што нам дорага, што мы высока славім, да чаго маем у сэрцы нашым асаблівую чэсьць.
Сьвяткуючы дзень 25 сакавіка, мы пасьвячаем яго нашаму незалежніцкаму ідэалу, падтрымоўваем чэсьць гэтага ідэалу, спаўненьня якога чакаем |
29 В. Рагуля, адзін з тых, каго год таму крытыкавала «Маланка», аднак, атрымаў 2 гады турмы // Праваслаўная Беларусь. 1928. 24 сакавіка.
|
У наступным нумары на першай старонцы газета змясціла падрабязнае апісанне мінулага святкавання:
Пунктуальна ў часе раней азначаным урачыстае набажэнства. Прысутных траха што не поўны касьцёл. Відны паміж імі прадстаўнікі ўсіх беларускіх устаноў і палітычных кірункаў, духавенства, студзенства і школьная ды пазашкольная моладзь, а так-жа паважаныя госьці іншых народаў… Настрой урачысты, паднесены! Хор пад кіраўніцтвам А. Стэповіча ўдалым выкананьнем літургічных сьпеваў і рэлігійных беларускіх кампазыцыяў — выяўляе яшчэ сільнейшы тон радасьці і ўталяе расхваляваную ў сумнай прадвыбарчай гарачцы душу. Годнае асаблівай увагі выступленьне салісткі — Карузянкі.
На амвоне нядаўна вярнуўшыся з Рыму кс. Чарняўскі, каторы ў кароткіх, але ясных і гарачых словах прадстаўляе сьв. ідэал патрыёта — Хрыста. Асобныя мамэнты з жыцьця хрыстовага: навучаньне і пражываньне выключна сярод сваіх толькі радзімцаў у Палестыне, глыбокі сьлёзны сум над нявернаю сталіцаю свайго краю — Ерусалімам, трагічны канец, каторы прадбачыў сваім боскім правідам, ясны ды цьвёрды кліч: «Богу — божае, а цару (народу) — царава» — забіваюць грамаўладна фарысейскія закіды нашых ворагаў і ўцьверджаюць нас у нашых дасёляшніх, адраджэнскіх, патрыятычных імкненьнях ды змаганьнях.
Далей ішло апісанне службы, якая праходзіла ў Свята-Траецкай царкве:
Ня менш урачыстае набажэнства з падобным лікам і складам прысутных пры такім жа самым урачыстым настроі і духоўным пад’ёме. Асобную ўвагу прысутных, — рабіла акцэнт «Беларуская Крыніца», — разбуджае прамова законнага старца Іоанна адпраўляючага набажэнства. У простых, цёплых, айцоўскіх словах… паважаны моўца ўзалежняе нашыя ўсе няўдачы ад заняпаду ў нас веры і маральнасці ды недвузначнай (а мо гарачай) сымпатыі многіх нашых дзеячоў да камунізму.
У шэсць гадзін вечара святкаванне перамясцілася ў зал Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, дзе сабраліся як беларускія дзеячы, гэтак і запрошаныя прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. «З душой абагрэтай ды узмацованай, — канчала свой артыкул «Беларуская Крыніца», — рассталіся мы з гэным сьвятым, вялікім днём»31. |
30 Biełaruskaja Krynica. 1928. 22 сакавіка.
|
24 сакавіка 1929 года традыцыйную акадэмію з нагоды 11-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі правёў Віленскі Беларускі нацыянальны камітэт. Урачыстае паседжанне адкрыў сенатар Вячаслаў Багдановіч. Пасля яго выступлення пасол Сейма Альбін Стэповіч прачытаў рэферат пад назвай «Палітычнае становішча беларускага народу ў сучасным моманце». Павіншавалі беларусаў са святам літоўскія і ўкраінскія студэнты: ад імя Часовага Літоўскага камітэта выступіў яго старшыня Сташыс. Ад імя палякаў выказаўся асістэнт Віленскага ўніверсітэту Свяневіч. Акадэмія завершылася канцэртам, на якім прысутнічала каля 150 чалавек.
Асобная акадэмія была зладжана на наступны дзень у будынку Віленскай беларускай гімназіі. У прысутнасці каля 100 чалавек, пераважна гімназістаў, з дакладам выступіў Антон Луцкевіч, які да таго часу ўжо адмовіўся ад сваіх ранейшых сімаптыяў да БССР32. |
31 Biełaruskaja Krynica. 1928. 30 сакавіка.
|
Газета «На варце» ў сакавіку 1930 года гэтак адкаментавала чарговыя ўгодкі:
25.ІІІ. г.г. беларускія буржуазныя паны Луцкевічы-Астроўскія з вялікай помпай ладзяць абход, названы імі 12-мі ўгодкамі абвяшчэньня «Незалежнасьці Беларускай Рэспублікі». Паны фашысты адпраўляюць аж тры набажэнствы ў трох розных царквах і «акадэміі»33. |
32 Sprawy Narodowościowe. 1929. № 2. S. 272—273.
|
Нягледзячы на спробы камуністаў скампраметаваць ідэю святкавання 25 сакавіка, гэтае свята працягвалі ў Вільні адзначаць. Напрыклад, на святкаванні 25 сакавіка 1930 года, якое адбывалася ў Купецкай зале па вуліцы Міцкевіча ў Вільні, прысутнічала каля 600 чалавек, сярод якіх было таксама багата літоўцаў і палякаў34.
Беларусы, — звярталася «Беларуская Крыніца» да сваіх чытачоў вясной 1932 года, — прыбліжаецца дзень 25-га сакавіка — 14-я ўгодкі Абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
У гэты дзень кожны Беларус(ка) у думках сваіх павінен затрымацца над тым, што значыць для чалавека, для Народу ягоная культуральная, гаспадарчая і палітычная незалежнасьць, у каторай чалавецтва бачыла і бачыць свой найвышэйшы на зямлі ідэал. Гісторыя змаганьняў за гэту незалежнасьць сьведчыць, як ішлі за яе і ідуць на аўтар найцаньнейшыя ахвяры датуль, пакуль яна ня будзе здабыта.
Зварот, які, дарэчы, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, хоць і быў змешчаны на першай старонцы, займаў усяго толькі сціплы куточак, скончваўся заклікам: «Праўда перамагчы мусіць!»35 |
33 Нацыянальны балаган // На варце. 1930. 28 сакавіка. 34 Беларуская Крыніца. 1930. № 4.
|
Ужо ў наступным нумары газета адвяла ўсю першую паласу дню святкаваньня 25 сакавіка. У чарговы раз пераказаўшы гісторыю станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці цягам апошніх год, а таксама ўзгадаўшы пра смерць старшыні Рады БНР П. Крачэўскага і далейшую дзейнасць на гэтай пасадзе В. Захаркі, «Беларуская Крыніца» рабіла выснову:
Такім чынам, як бачым, акту 25.ІІІ.1918 года ня толькі не было суджана зьдзейсьніцца, але нават было яму суджана ня мець належнай абароны з боку беларускіх міністраў, з якіх у рэзультаце замест стойка трываць пад сцягам незалежніцкім і самастойніцкім адны пашлі на супрацоўніцтва з палякамі, а другія — з бальшавікамі.
Аднак, ня ўсе і не заўсёды сыны Беларусі ломяцца пад цяжарам палітычных варункаў. Былі і ёсьць няўхільныя барацьбіты за найвышэйшы народны ідэал. Дзякуючы ім, як тут пад Польшчай, так нават і там у Беларусі Савецкай ідэал Незалежнасьці Беларусі, ідэал поўнай самастойнасьці і шчасьця Беларускага Народу, ідэал абвешчаны ўрачыста 14 гадоў таму 25.ІІІ.1918 году, астаецца ўсьцяж жывым ды ўсьцяж ярчэйшымі сьвеціць краскамі. А калі Ідэал гэты наш вялікі жыве ў народзе і паглыбляецца ў народнай душы, гэта знак, што ў сваім часе ён зьдзейсьніцца |
35 Беларуская Крыніца. 1932. 20 сакавіка.
|
Побач газета надрукавала верш, які гэтак і называўся — «На 25-га сакавіка». Апошнія радкі яго гучалі наступным чынам:
Устань, устань!
У сувязі з супадзеннем 14-х угодак дня Незалежнасці і каталіцкага Вялікадня, агульны сход Віленскага БНК вырашыў абмежавацца святочным паседжаннем камітэта. Пасля кароткай «адпаведнай да ўрачыстасьці» прамовы Я. Пазняка, была прынята рэзалюцыя з заклікам «стаяць і на далей у цьвёрдай веры і перакананьні, што права да жыцьця для жывога Народу пачутым і прызнаным быць мусіць». «Беларуская Крыніца» змясціла кароткія зацемкі аб святкаванні дня незалежнасці рознымі беларускімі асяродкамі, у тым ліку — і ідэйнымі праціўнікам хадэкаў.
Сьвяткавала гэтае вялікае народнае сьвята, — пісала газета ў артыкуле «Сьвяткаваньне ў Віленскім засьценку беларускіх угадоўцаў», — сьвята незалежнасьці Беларускага Народу і мяшчанская групка віленскіх беларускіх угадоўцаў, якая называе свой кагалік «Цэнтрасаюзам». Гэная групка, за сваю ўгадовасьць маючы падтрыманьне ў сільных сяньняшніх дзён, ня маючы за гэта ніякіх уплываў на беларускія масы і ніякага адтуль падтрыманьня, мае «магчымасьць» уступіць і ў Віленскую беларускую гімназію.
Вось-жа і ў гэты Вялікі дзень для беларусаў «нашы» ўгадоўцы скарысталі з гэтай «магчымасці» і наладзілі паседжаньне «Цэнтрасаюзу» ў гімназіяльнай залі, дзе прад сагнанымі вучнямі прачытаў свой палітычны рэфэрат «Ідэолёг» найнавейшай санацыйнай беларуска-польскай угоды — «Бялорусін-поляк» Антоні Луцкевіч |
36 Беларуская Крыніца. 1932. 27 сакавіка.
|
Асабліва актыўна беларускім грамадзянствам Вільні адзначаліся 15-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР, тым больш, што ў той год яны супалі з юбілеямі паўстання 1863 г. і Кастуся Каліноўскага. Ранкам 25 сакавіка адбылася традыцыйная імша ў касцёле св. Мікалая, якую, як звычайна, парвіў кс. Ад. Станкевіч. Праваслаўныя сабраліся на малітву ў Прачысценскім саборы. Віленскі праваслаўны ўладыка Феадосій забараніў праваслаўным святарам прымаць удзел у святкаванні 25 сакавіка, матывуючы забарону тым, што мерапрыемства мае яскравы антыпольскі характар. А 8-й гадзіне вечара пачалася ўрачыстая акадэмія. Зала Віленскай літоўскай гімназіі, дзе сабраліся яе ўдзельнікі, была аздоблена партрэтам Кастуся Каліноўскага і выявай Пагоні, створанымі пэндзлем Пётры Сергіевіча. Асноўную частку акадэміі склалі два рэфераты. Першы, пад назвай «Незалежнасць Беларусі як ідэал — задаткам незалежнасці фактычнай», прачытаў студэнт С. Сарока. З другім, прысвечаным Кастусю Каліноўскаму, на працягу дзвюх гадзін выступаў кс. Ад. Станкевіч38: |
37 Беларуская Крыніца. 1932. 10 красавіка.
|
Тое ўсё, чаго сваёй працай агулам, а прадусім «Мужыцкай Праўдай», а так-жа і сьмерцяй сваёй даканаў К.Каліноўскі для беларускага народу семдзесят гадоў таму, змагаючыся за волю і долю гэтага народу, — акт абвешчаньня незалежнасьці Беларусі 25.III.18 падабраў, згарнуў у цэласьць, прыкрасіў, дапоўніў і выразіў як яўную — ужо сучасную — волю беларускага народу да вольнага і самастойнага жыцця. Словам, зярнё, якое на беларускай грамадска-палітычнай ніве пасеяў Каліноўскі, акт 25.ІІІ.18 зжаў, карыстаючыся пладом гэнага зярняці для сяўбы далейшай39. |
38 Беларуская Крыніца. 1933. № 14.
|
Разам з своеасаблівай міфалагізацыяй 25 сакавіка рабіліся спробы больш крытычна прааналізаваць прычыны таго, чаму беларуская незалежнасць так і не сталася фактам. Газета «Родны Край» пісала:
Сягоньня — 25 сакавіка — мінае 15 гадоў ад таго гістарычнага мамэнту, калі Рада Беларускае Народнае Рэспублікі ў Менску абвясьціла парванымі ўсе старыя дзяржаўныя сувязі Беларусі, якія далі магчымасьць маскоўскім царам кінуць наш народ у полымя страшэннае вайны, у выніку якое новая — бальшавіцкая — улада Расеі пры падпісаньні Берасьцейскага міру з Нямеччынай ганебна таргавала Беларускай зямлёй і рэзала жывое цела нашага народу на часткі. 25 сакавіка 1918 году правамочныя прадстаўнікі ўсяе Беларусі — адзінае й непадзельнае — абвясьцілі сваю Бацькаўшчыну вольнай і незалежнай Рэспублікай.
Далейшы ход выпадкаў ня даў акрэпнуць маладой Беларускай дзяржаве. Рана, зробленая Берасьцейскім мірам, не загаілася. Наадварот: польска-расейская ўгода ў Рызе паглыбіла гэту рану, і яна крывавіць і сягоньня, а сыны нашага народу ня могуць падаць сабе рукі праз праведзены на нашай зямлі гранічны кардон. Але акт 25 сакавіка 1918 году, хоць не зрэалізаваны палітычна, стаўся несьмяротным у свядомасьці Беларускага народу, які ў гэтым акце выявіў сваё нацыянальнае адзінства і крэпкую волю быць гаспадаром на сваёй зямлі.
Але,
Такую самапэўнасьць, без якое наш народ ня станецца запраўды незалежным, а вечна будзе нейкім папіхачом у чужынцаў, даць нам можа толькі высокая нацыянальная культура. Беларускі палітычны рух, які пачаў разьвівацца ад 1918 году нязвычайна шпаркім ходам, пакінуў далёка за сабой рух культурны — прынамся ў нашай Заходняй Беларусі. І перад намі стаіць сяньня вялізарнае заданьне: будаваць сваю нацыянальную культуру, давясьці наш культурны рух да такога-ж буйнага росту й разгону, якія мы бачылі ў палітычным руху.
Ведама, гэтае заданьне шмат цяжэйшае, чым тая ці іншая палітычная акцыя. І гэтым толькі й можна вытлумачыць факт страшэннага адставаньня культурнага руху ў Заходняй Беларусі ад руху палітычнага. Але мы мусім зраўняць тэмпы тут і там за ўсякую цану. Мы мусім напружыць нашу волю й нашу энэргію, каб стацца моцнымі на культурным фронце. І сяньня, у пятнаццатыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі, мы мусім сабе добра ўсьвядоміць, што будаваньне нашае нацыянальнае культуры гэта ёсьць адначасна закладаньне наймацнейшага фундамэнту пад той Беларускі Дом, у якім наш народ — раней ці пазней — будзе жыць вольным і незалежным жыцьцём.
Артыкул канчаўся заклікам: «Будуйма сваю культуру, і мы збудуем сваю дзяржаву!»40 |
39 Stankievič, Ad. Kastuś Kalinouski, «Mużyckaja Prauda» i ideja Niezależnaści Biełarusi. Wilnia, 1933. S. 5—6.
|
Перадавы артыкул у «Беларускай Крыніцы» на 16-я ўгодкі Незалежнасці БНР пачынаўся так:
Сьмерці няма — кажуць філёзафы, — а ёсьць вечнае жыцьцё і вечны развой і поступ. Пацьверджаньнем гэтай праўды ў нас зьяўляецца між іншым так жа і акт 25.ІІІ., акт абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі 16 гадоў таму. І сапраўды, акт гэты, які на супроць розных цёмных магутных сілаў, скіраваных проціў Беларускага Народу, выявіў няўхільную волю этага народу жыць і разьвівацца і жыць поўным, самастойным жыцьцём, сьведча дастатачна, што сьмерць — гэта толькі ўраеньне, што сьветам валадарыць непакананае жыцьцё і яго таёмныя правы41. |
40 Родны край. 1933. 25 сакавіка.
|
Побач змяшчалася літаратурная алегорыя пад назвай «Беларускае народнае свята»:
Гэта быў дзень 25 сакавіка 1918 года, — пачыналася яна, — над Беларусьсю тады яскрава гарэла заўсёды добрае сонца. Тэй раніцай яно пламянае радасна ўсходзіла над Смаленскам, што раз вышэй бодра ішло ў гару па небе і ў палудню ўжо сьмяячыся глядзела на … Менск. Папалудні-ж узноў, звярнушыся на Захад, яно чырвонае пакацілася далёка, далёка аж за Беласток42. |
41 Беларуская Крыніца. 1932. 25 сакавіка. № 14. С. 1.
|
Дзень 25 сакавіка, — пісала «Беларускай Крыніца» аб святкаванні Дня незалежнасці ў наступным нумары, — беларускае грамадзянства з году ў год сьвяткуе з вялікай урачыстасьцью. У гэты дзень усе беларускія народныя сілы заўсёды злучае адна супольная ідэя беларускага народу — ідэя Акту 25 сакавіка 1918 году. Беларускае незалежнае грамадзянства Заходняй Беларусі, аб’яднанае пад бел-чырвона-белым сьцягам Беларускага Нацыянальнага Камітэту, 16-я угодкі Абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі сьвяткавала ў Вільні ў наступным парадку…
Далей падаваўся кароткі агляд таго, як адзначалася гэтая падзея віленскімі беларусамі. У касцёле св. Мікалая адправіў святочную імшу кс. А. Станкевіч. Пасля выступіў кс. Глякоўскі з казаннем, якое «сваім глыбокім зьместам зачапіла слухачоў». Трохі пазней — а дванаццатай гадзіне, прайшоў святочны малебен у Святадухаўскім саборы, праведзены ахімандрытам Ф. Марозавым. «Пры гэтым, — дадавала газета, палічыўшы дадзены факт за вельмі істотны, — трэба адзначыць, што архіепіскап Хвядос сам асабіста прад сябрамі Праваслаўнай Камісіі Беларускага Нацыянальнага Камітэту загадзя абазначыў сабор сьв. Духа месцам для набажэнства ў дзень беларускага народнага сьвята». На святочным паседжанні ў залі БІГіКу быў прачытаны рэферат кс. В. Гадлеўскага — «З беларускага палітычнага жыцьця ў Менску ў 1917—1918 гадох», прагучалі шматлікія віншаванні ад імя прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Пасля вусных прывітанняў А.Клімовіч прачытаў шэраг святочных віншаванняў43. |
42 Тамсама.
|
Крызіс беларускага руху справакаваў з’яўленне сілаў, якія спрабавалі здабыць сабе капітал на міфалагізацыі нацыянальнага супраціву ў БССР. Гэтак газета «Беларусь Працы» з нагоды свята змясціла зацемку пад назваю «25 сакавіка ва Усходняй Беларусі»:
Беларуская Нацыяналістычная Грамада на некалькі дзён перад 25 сакавіком распашырала па ўсёй Усх. Беларусі адпаведныя адозвы, а таксама вяла і адумысную акцыю, заклікаючы беларускае грамадзянства да ладжаньня сьвяткаваньняў з нагоды 16-ых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. У ноч з 24 на 25 сакавіка ў шмат якіх мясцовасьцях былі павывешываны бел-чырвона-белыя сьцягі і параскіданы процімаскоўскія, белнацыяналістычныя адозвы. У самы дзень 25 сакавіка шмат дзе адбыліся заканспіраваныя акадэміі. Некаторыя з іх былі выкрыты агэнтамі ГПУ (падслуцкія лясы, Менск), у выніку чаго адбыліся масавыя арышты, а нават і расстрэлы. Адна з вайсковых частак, адмовіўшаяся страляць у выкрытых маніфэстантаў, быццам у той жа дзень была перакінута ў глыб Маскоўшчыны44. |
43 Беларуская Крыніца.1934. 2 красавіка. № 16. С. 1.
|
Дыяметральна процілеглымі былі публікацыі ў пракамуністычнай гумарыстычнай газеце «Асва», якая ў тым жа сакавіку 1934 года надрукавала вершаваны пасквіль «Б.Н.Р.» ды ілюстраваны ў выглядзе комікса матэрыял «Эпапэя пра Б.Н.Р.» Вось некалькі вытрымак:
БНР — як сімвал улады
Ці гэтак:
Разам з сотнямі Вільгельма |
44 Беларусь працы.1934. 28 красавіка.
|
Наступны нумар «Асвы» адчыняў артыкул пад красамоўным загалоўкам: «Стаіцё вы голыя, як турэцкія сьвятыя» аб святкаванні дня Незалежнасці.
Так, — пісаў аўтар, схаваўшыся за псеўданімам Зьмітрук Быліна, — працоўныя Заходняй Беларусі разам з сваімі братамі, паказалі вас паночкі, зьдзёршы шматгадовую маску і стаіцё вы сёньня, голыя, як турэцкія сьвятыя з усёю сваёю беларускабуржуазнаю цудоўнасьцю. Ад лаянак, адзін на аднаго, пачынаеце пераходзіць да цёплых гутарак:
— Нас толькі двое, |
45 Асва. 1934. 25 сакавіка. |
Крызіс беларускага нацыяналізму ў Заходняй Беларусі можна лёгка заўважыць ужо ў загалоўках артыкулаў. Перадавіца юбілейнага артыкула 1936 года ў «Беларускай Крыніцы», напрыклад, называлася — «Ці ідэал акту 25.ІІІ.1918 ідзе да сваёй мэты?»47 І ўсё ж такі тая самая «Беларуская Крыніца» абавязкова вярталася да абмеркавання гэтай падзеі. Ужо ў наступным, пятнаццатым нумары, яна друкуе артыкул з лаканічнаю назваю: «25 сакавіка 1918—1936»:
З кожным годам аж да сягоньня, акт 25 сакавіка ў беларускім народзе мацнеў і штораз глыбей клаўся ў душу беларускую. Калі гэны 25 сакавік не здолеў тады ахапіць шырэйшых мас беларускай гушчы так, каб беларусы самі абаранілі сваю самастойнасьць, то факт фактам астаўся, што 25 сакавік запаліўшыся ня згас, і патаптаны — жыцьця свайго не адрокся. Праз 18 гадоў мы даведаліся, што сіла 25 сакавіка робіцца маторнай сілай усяго беларускага жыцьця і што раз выразьней яна апановывае ўвесь беларускі народ. Гэны 25 сакавік, — найнавейшы твор беларускага духа, усяго беларускага народу. За 18 гадоў мы ужо пасьпелі акуратна зразумець яго, усебакова разглядзець і ацаніць магутнасьць беларускага народу, што так заўсёды рвецца да самастойнага жыцьця. Мы не пакінем ніколі гэнага 25 сакавіка. Ён будзе нашай зоркаю як на цёмным, так і на сьветлым гарызонце нашага жыцьця48. |
46 Асва. 1934. 25 красавіка. 47 Беларуская Крыніца. 1936. 22 сакавіка.
|
Перадапошнія перад пачаткам новай вялікай вайны, 18-я ўгодкі абвяшчэння Незалежнасці БНР адрозніваліся ад папярэдніх святкаванняў, прычым, у горшы бок: калі набажэнствы ў касцёле і царкве адбыліся, адбылася нават святочная вечарына ў былой беларускай гімназіі, а цяпер — філіі польскай дзяржаўнай гімназіі ім. Ю. Славацкага, дык акадэмія Віленскага БНК была забаронена. Дарэчы, гэтае святкаванне было адзначана даволі цікавай інавацыяй. У 20.30 пачалася трансляцыя радыёперадачы з тагачаснай сталіцы Літвы, Коўна, падчас якой з прамовамі выступілі лідэры беларускай супольнасці Літвы, а пасля прагучала выступленне беларускага хора49. |
48 Беларуская Крыніца. 1936. 29 сакавіка. С. 2.
|
У сярэдзіне 1930-х гг. традыцыя святкавання ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР выйшла за межы Вільні, найперш у асяродкі, што знаходзіліся пад уплывам БХД. Пры гэтым факталагічны змест падзеяў 25 сакавіка 1918 года ўсё больш і больш забываўся. У пачатку сакавіка 1935 г. старшыня гуртка БІГіКа ў мястэчку Жодзішкі Андрэй Цікота пісаў кс. В. Гадлеўскаму:
Збліжаецца Беларускае народнае сьвята ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў Менску ў дзень 25 сакавіка. Хачу, каб і наш гурток адсьвяткаваў як належа гэтае вялікае сьвята. Хачу, каб ў нашым гуртку ў дзень 25 сакавіка была прачытана лекцыя з гісторыі, зьвязаная з падзеямі абвяшчэньня гэтай незалежнасьці. У зьвязку з гэтым прашу выслаць мне рэфэрат з гісторыі абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Пастараюся ў дзень 25 сакавіка ў гуртку яго прачытаць50. |
49 Беларуская Крыніца. 1936. 5 красавіка.
|
25 сакавіка паступова прыходзіла ў сцены дамоў-чытальняў і вясковых бібліятэк. Напрыклад, 25 сакавіка 1934 года святкавалі ў Ашмянах, Смаргоні і вёсцы Шутавічы. Актывісты шутавіцкага гуртка Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры 25 сакавіка 1934 года вывесілі пасярод сваёй вёскі бел-чырвона-белы сцяг, які праз некалькі гадзін быў зняты польскімі паліцыянтамі. Гурткоўцы не хавалі свайго ўчынку і нават звярнуліся да ашмянскага старасты з патрабаваннем вярнуць ім сцяг, паколькі той «зьяўляецца ўласнасьцю гуртка» а ўчынак паліцыі знаходзіцца ў супярэчнасці з патрыятычным пачуццём беларусаў51. |
50 НАРБ. Ф. 880. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 147.
|
Польская адміністрацыя ўспрымала святкаванне 25 сакавіка як акцыю антыдзяржаўнага характару і старалася ўсякімі спосабамі перашкаджаць пашырэнню гэтай традыцыі па-за межы Вільні. Так, павятовы камендант паліцыі ў Ашмянах Леановіч напярэдадні святкавання дня незалежнасці ў 1936 годзе паведамляў ва ўсе мясцовыя пастарункі:
25 сакавіка прыпадае гадавіна аб’яўлення Незалежнасці Беларусі ў 1918 г. Трэба лічыцца з тым, што дзеячы гэтага кірунку (беларускія хрысціянскія дэмакраты — аўт.) будуць старацца выкарыстаць гэтую гадавіну для маніфестацыі сваіх імкненняў да незалежнасці.
Да спробаў арганізаваць святкаванне 25 сакавіка камендант загадваў ставіцца наступным чынам:
публічныя сходы, як пад адкрытым небам, так і ў памяшканнях, забаронены, затое, калі б асобныя беларускія арганізацыі (гэта можа быць гурток Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры ў Шутавічах), намерваліся зрабіць сход сваіх сяброў, то не належыць ім чыніць у гэтым накірунку асаблівых перашкод. Належыць, аднак, у гэтым выпадку выкарыстаць шырока права згодна з пунктамі 2 і 3 артыкула 20 закону аб сходах, якія сцвярджаюць, што ў выпадку атрымання весткі, што сход пераходзіць рамкі, акрэсленыя ў арт. 18, або калі ў сходзе прымаюць удзел апрача сяброў гэтага таварыства яшчэ іншыя асобы, органы грамадскай бяспекі могуць з мэтай праверкі гэтай акалічнасці ўвайсці ў памяшканне, дзе адбываецца сход, і ў выпадку пацвярджэння такога перавышэння, зборышча належыць распусціць52. |
51 НАРБ. Ф. 880. Воп. 1. Спр. 21. Арк. 3-4.
|
Узмацненне паліцэйскага рэжыму міжваеннай Польшчы прывяло пад канец 1930-х гадоў да амаль поўнай юрыдычнай ліквідацыі ўсіх беларускіх нацыянальных структур у межах Заходняй Беларусі. Будучы дзе ў фактычным, а дзе ў духоўным падполлі, беларускія дзеячы ўсё часцей успрымалі 25 сакавіка як магчымасць калектыўна прадэманстраваць сваё памкненне да незалежнасці. Нават напамін пра 25 сакавіка станавіўся для польскай адміністрацыі зачэпкай для рэпрэсіяў. У студзені 1938 года за згадку ў сваім Статуце аб Акце 25 сакавіка быў зачынены польскімі ўладамі Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, арганізацыя, якая амаль дваццаць гадоў гуртавала віленскія беларускія суполкі, редакцыі, таварыствы. Ужо толькі ўспамін аб дні абвяшчэння незалежнасці ў газеце польскія цэнзары трактавалі як спробу парушыць тэрытарыяльную цэласнасць. Як запісаў у сваім дзённіку ў студзені 1938 г. кс. А. Станкевіч:
Сканфіскаваны № 1 «Шляху Моладзі» за артыкул, у якім успамінаецца, што беларуская моладзь і далей будзе помніць /даслоўна/ аб 25.III.18. Bось жа за гэта сканфіскаваны гэны артыкул. Рэдактару Я. Найдзюку сказалі ў ваяводзтве, што аб гэтым пісаць ня можна: даўней можна было, а цяпер — не, бо зьмяніліся часы, бо акт 25.III. успамінае як аб беларускіх этнаграфічных землях, аб Горадзеншчыне і аб Віленшчыне. Бедны акт 25.III.1918!53. |
52 Памяць. Смаргонскі раён. Мінск: БелЭн, 2004. С. 181.
|
25 сакавіка 1939 года, калі ў Вільні ўжо не было кс. Ад. Станкевіча (быў высланы ў Слонім), урачыстую імшу ў касцёле св. Мікалая правялі два ксяндзы-літоўцы, блізкія сябры Адама Станкевіча, К. Чыбірас і В. Ташкунас. Напярэдадні Другой сусветнай вайны, 25 сакавіка, нягледзячы на спробы і польскай адміністрацыі, і камуністычнай прапаганды забараніць ці ўсяляк ачарніць яго, пераўтварылася ў дзень агульнанацыянальнай салідарнасці беларусаў. Святкаванне гэтага дня ператварылася ў матэрыяльнае ўвасабленне беларускай нацыянальнай ідэі, і, адначасова, фактычна — у рухавік, аб’ектыўны фактар яе далейшага развіцця. |
53 Станкевіч, Адам. Каляндарныя нататкі // Куфэрак Віленшчыны. 2004. № 1(9). С. 153. |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (64-65) 2008 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |