A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

   

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Вярнуцца з вайны


              Па новых даных разведкі
              Мы ваявалі самі з сабой…

Б. Грабеншчыкоў

Як не згадзіцца з Ігарам Бабковым: «…калі постсавецкія інтэлектуалы спадзяваліся пабачыць унівэрсальны і адзіны сьвет, яны знайшлі няспынную культурную вайну ўсіх супроць усіх» (ARCHE. 2004. № 5). Я б дадаў: не толькі знайшлі, але і ахвотна ў яе ўключыліся, закідваючы апанентаў лозунгамі, перакручваючы іхныя думкі і вешаючы ярлыкі на ўсіх, хто не належыць да «сваёй» групы. Прычым рэакцыя на чужыя выказванні часцяком абсалютна асіметрычная: ты апаненту слова, ён табе – дзесяць разоў па дзесяць. Або – ты яму пра абразы, ён табе пра гарбузы, а la guerre comme а la guerre. Так, запытаўшыся ў работнікаў аднаго з беларускіх пасольстваў, ці ўваходзіць хлусня ў іх службовыя абавязкі, нядаўна атрымаў кангеніяльны адказ: «Не дачакаецеся вы ні аранжавай, ні яшчэ якой каляровай рэвалюцыі!».

У пятым нумары «ARCHE» за 2005 г. мяне ўразілі дзве публікацыі: «Мой шлях да Беларусі» Сержука Няхамеса ды «Сакральная гісторыя найноўшага часу» Андрэя Ягорава. Яны з’яўляюцца рэакцыямі на, адпаведна, артыкул Сяргея Носава «Ты памятаеш, як усё пачыналася…» і кнігу Паўла Севярынца «Пакаленьне Маладога Фронту». Мне зусім не карціць доўжыць дыскусію з аўтарамі адносна вартасцяў твораў с. Носава і П. Севярынца. Адзначу толькі два сумнеўныя прыёмы крытыкаў, тыповыя, на жаль, для беларускай гуманістыкі.

I. Знявага апанента. Часцей за ўсё, яна набывае форму славутага argumentum ad homini, замяшанага на патэрналізме – асноватворным элеменце ўладнага дыскурсу. У рэчышчы патэрналісцкага дыскурсу супернік – стварэнне перадусім наіўнае, якое мала што разумее ў гэтым свеце. У с. Няхамеса ў ролі «пажыццёва недаробленых» выступаюць Леў Крывіцкі, Дзмітры Зільбер, Сяргей Носаў. Для А. Ягорава «вечным дзіцем», хворым, адпаведна, на «дзіцячую хваробу круцізны», аказаўся Павел Севярынец. Характэрна, што абодва аўтары не прэтэндуюць на першынство ў вынаходжанні ярлыкоў, а спасылаюцца на «аўтарытэты»: с. Няхамес – на былога талакоўца Вадзіма Александровіча, А. Ягораў – на філосафа Валянціна Акудовіча. Гэта, мусіць, павінна надаць аб’ектыўнасці адвольным выказванням: «не я кажу, людзі кажуць». Калісьці аналагічны трук ужываўся на прэзідэнцкіх выбарах супраць Шушкевіча (перадрук «кампрамату» з міфічнай галандскай газеты ў 1994 г.), ён да сёння займае пачэснае месца ў арсенале «Беларуси сегодня». Не хацелася б, каб часопіс «ARCHE» ішоў слізкім шляхам жоўтай прэсы.

II. Бяздоказныя, лагічна не абгрунтаваныя высновы. З тэкстам с. Няхамеса ўсё проста. Названыя асобы – плюс Сямён Букчын – некалі сказалі або напісалі нешта «не тое», і гэтага досыць: «усе яны зрабіліся таемнымі або яўнымі ворагамі беларускага нацыянальнага руху». У Прыбалтыцы ў канцы 1980-х гг. канкурэнцыю Народным Фронтам складалі «Інтэрфронты»: паводле аўтара, раз Леў Крывіцкі меў адрознае ад пазнякоўскага ўяўленне пра будучыню «нацыянальнага руху», то рыхтаваўся ўладамі на ролю актывіста беларускага «Інтэрфронту». Пакідаю чытачу падлічыць, колькі лагічных звенняў тут прапушчана, і як паліванне брудам сваіх знаёмцаў па клубе «Сучаснік» суадносіцца з аўтарскай дэкларацыяй на пачатку артыкула: «Няхай нашыя нашчадкі самі ставяць нам адзнакі ды разьбіраюць нашыя посьпехі і паразы. Я проста паспрабую апавесьці аб уласным шляху да Беларусі».

Што ж А. Ягораў, аспірант БДУ і спецыяліст Агенцыі гуманітарных тэхналогій? Ён апелюе да «кожнага разумнага чалавека» – і адразу прыпадабняецца да рэкламістаў з іх слоганамі накшталт «нават вожыку зразумела». Магчыма, аўтар нават не ўсведамляе, як недарэчна выглядаюць яго высновы пра беларускіх палітыкаў, падмацаваныя адно тэзісамі асобна ўзятай кнігі і рэакцыяй членаў АГП на злом іхнага сайту ўлетку 2005 г.: «Вы калі-небудзь бачылі палітыка ў беларускай апазіцыі, які б прызнаў сваю паразу? Гэта вечныя пераможцы». Але ж у абмаляваную карціну ўсеагульнай безадказнасці («Падаецца, яны жывуць у прасторы без часу… Пытанне пра эфектыўнасць ігнаруецца») зусім не ўпісваюцца ні гаркавыя рэфлексіі Андрэя Клімава, Аляксандра Фядуты, Васіля Лявонава, чыя кніга мае красамоўную назву «Работа над памылкамі», ні, урэшце, і кніга П. Севярынца, дзе знайшлося месца і самакрытыцы. Хоць бы ў фрагменце пра 2001 г.: «…жыццё і становішча ў краіне аказаліся значна цяжэйшымі за тэорыю і тэхналагічныя штампы. Дзесьці не хапіла досведу, дзесьці – грошай, дзесьці – проста сілаў».

* * *

Адмовіцца ад раздачы цэтлікаў, навучыцца не прыпісваць іншадумцам зламысных інтэнцый і разважаць без лагічных памылак (або прынамсі з іх мінімальнай колькасцю) – гэтыя задачы ўсё яшчэ актуальныя для беларускіх гуманітарыяў і палітыкаў. Дый хіба толькі беларускіх?

Вольф Рубінчык, 30.10.2005

   
   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/25