A R C H E П а ч а т а к № 4 (44) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


4-2006
" да Зьместу "

 



выбары-2006 • аналітыка • літаратура • гісторыя • палеміка

 


палеміка

  ЮРЫ ЧАВУСАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны фрагмэнт ілюстрацыі да кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» (1855). Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Чавусаў
Да апалёгіі здрады


Ничто так не взрослит, как предательство.

А. и Б. Стругацкие. Хромая судьба

1

Гістарычная веда ў сваёй навуковай форме ніколі не выклікала ў мяне нейкага асаблівага захапленьня. Захоўваючы да яе павагу, я, аднак, не магу падзяліць радасьцяў «гістарычнага адкрыцьця». Мяне не кранаюць пачуцьці навукоўца-першаадкрывальніка раней невядомых старонак гісторыі ці дагэтуль прыхаваных фактаў, незаслужана забытых постацяў альбо сапраўднага аблічча постацяў вядомых. Колазварот гістарычных інтэрпрэтацыяў нагадвае мне бясконцы шэраг футбольных чэмпіянатаў: працэс можа захапляць, дынаміка відовішча можа выклікаць азарт, наперад выходзіць то тая, то гэтая каманда, хтосьці абвяшчаецца «чэмпіёнам сэзону», камусьці яўна сымпатызуюць судзьдзі... Аднак пытаньне «Хто ўсё ж такі мае рацыю, хто валодае гістарычнай ісьцінай?» бессэнсоўнае, гэтаксама як было б бессэнсоўнае пытаньне «Хто ж абсалютны чэмпіён па футболе ўсіх часоў і народаў?» альбо «Чыёй перамогай урэшце скончацца сусьветныя спаборніцтвы па футболе?». Мы бачым толькі цыкль, і ў межах гэтага цыклю вызначаем адносную ісьціну – у абсалютным жа вымярэньні пошук гэткай ісьціны выглядае марным.

Сьледам за Карлам Попэрам мы раз за разам пераконваемся, што сусьветнай гісторыі няма, ды хутчэй за ўсё яе і ня можа існаваць увогуле як сусьветнай гісторыі чалавецтва. Тое, што выкладаецца ў школах пад шыльдай «сусьветнай гісторыі», на самай справе ўяўляе сабой гісторыю палітычнай улады. У прынцыпе, з такім жа посьпехам школьнікаў маглі б адукоўваць у галіне сусьветнай гісторыі з пункту гледжаньня любога іншага грамадзкага інстытуту альбо сацыяльнай зьявы. Эвалюцыя культуры прыняцьця ежы, гісторыя моды альбо пахавальных традыцыяў, дынаміка сэксуальных звычаяў і разуменьня прыгажосьці, працэс навукова-тэхнічнага прагрэсу альбо зьмяненьне гаспадарча-эканамічных стасункаў ня менш за палітычную гісторыю заслугоўвалі б таго, каб быць стрыжнем унівэрсальнага гістарычнага наратыву (як гэта і робіцца ў рознага кшталту альтэрнатыўных гістарычных тэорыях). На шчасьце, існаваньне гэткага ўнівэрсальнага наратыву хутчэй за ўсё ёсьць усяго толькі інтэлектуальным канструктам, зручным мнэманічным правілам для запамінаньня датаў і ўзаемадачыненьняў паміж суб’ектамі. Гісторыю таксама можна бачыць калейдаскопам пераплеценых гістарычных сюжэтаў, кожны зь якіх можа быць разгледжаны дасьледнікам як самадастатковы і цэльны гістарычны наратыў. Гэтыя сюжэты таксама канструююцца суб’ектам дасьледаваньня штучна, гэта тэарэтычна-мэтадалягічны прыём дзеля вылучэньня сутнасных рысаў аб’екту дасьледаваньня.

Таму я бачу ў гістарычных тэорыях хутчэй не гіпотэзы, а наратыў, аповед, сюжэт. Кожнае гэткае апавяданьне цікавае ня столькі выкладзенымі фактамі і зробленымі высновамі альбо выведзенай маральлю, колькі самім працэсам аповеду, працэсам адбору фактаў і іх перадачы. Гэты працэс залежыць ад таго, хто і ў якім кантэксьце кажа цяпер пра мінулае і больш характарызуе тое, што ёсьць цяпер, чым тое, што было раней. Кароткі курс «Гісторыя Ўсесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў)» 1938 г. было б сьмешна цяпер успрымаць сур’ёзна як тэорыю фармаваньня і разьвіцьця рэвалюцыйнага руху ў Расеі альбо Беларусі – аднак гэты тэкст дае надзвычай цікавы матэрыял пра пэрыяд стварэньня самога гэтага гісторыяпісаньня і пра тых, хто яго пісаў. Ён больш характарызуе не прадмет дасьледаваньня, а самога дасьледніка. Так і курс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу (у кантэксьце Другой сусьветнай вайны)», і іншыя «гістарычныя» прадметы ідэалягічнага цыклю ў сучаснай беларускай школе дазволяць наблізіцца да разуменьня сэнсу гісторыі нашай краіны – але не як носьбіты гістарычных гіпотэзаў, а толькі як помнікі сучасных рэаліяў, каштоўныя артэфакты для будучых дасьледнікаў аўтарытарнай дзяржаўнай думкі, таталітарнай пэдагогікі і надзвычай спэцыфічнага комплексу ведаў адносна фармаваньня дыктатарскага рэжыму, «дэмакратычнага транзыту наадварот».

Зноў-такі, сам адбор фактаў адыгрывае ў гэтым гісторыяпісаньні прынцыповую ролю, вызначальную для таго ўражаньня, якое складзецца ў чытача. Які зь незьлічонага мора гістарычных сюжэтаў будзе абраны дасьледнікам для гісторыяпісаньня – важная рыса не гісторыі як такой, а сутнасная характарыстыка таго, хто гэтую гісторыю дасьледуе і піша. Адпаведна, сам гістарычны сюжэт робіцца ў гэтым кантэксьце не такім ужо важным – рэй вядзе пазыцыя дасьледніка, стыль аповеду, які складаецца з падкрэсьліваньня дэталяў і асьвятленьня быццам бы другасных фактаў. Гэта як у кіно альбо ў прыгожым пісьменстве – той самы зь нешматлікага набору адвечных сюжэтаў можна апавесьці па-рознаму. Такім чынам, і сюжэты зь невялікага набору магчымых сюжэтаў беларускай гісторыі можна апавесьці па-рознаму.

Згаданая тэза Попэра пра малаверагоднасьць існаваньня ўсеагульнай гісторыі можа быць справядлівая і для нацыянальнага ўзроўню. Беларусы адчуваюць гэта як ніхто іншы. Так, нават для непрафэсійнага пункту гледжаньня відавочная адсутнасьць агульнабеларускай канцэпцыі гісторыі. Брак нацыянальнай палітычнай гісторыі (які мае аб’ектыўны характар) прымушае шукаць субстытуты гэтага навукова-гістарычнага ядра ў выглядзе ягонага замяшчэньня сюжэтамі перш за ўсё гісторыі культуры, у тым ліку матэрыяльнай культуры, гісторыі дзяржавы і права ў непалітычным вымярэньні гэтых інстытуцыяў, гісторыі мовы, канфэсійнай і рэлігійнай гісторыі. Гэты пошук абумоўлены нязручнасьцю пабудовы нацыянальнай гісторыі на базе гісторыі палітычнай улады ўва ўмовах, калі большасьць даступных гістарычных матэрыялаў сьведчаць пра палажэньне Беларусі як «негістарычнай нацыі», не суб’екту, а аб’екту гісторыі.

Сярод гэтых сюжэтаў не апошняе месца займаюць сюжэты здрады і зьвязанай са здрадай калябарацыі. Адным з выйсьцяў для гісторыяпісаньня беларускай нацыі ёсьць нацыянальная гісторыя як гісторыя здрады, што таксама не выключае контравэрсійных канцэпцыяў – прыгадайма савецкія і «антысавецкія» парадыгмы гісторыі Беларусі пад нацысцкай акупацыяй. Магчыма, гэта адна з ключавых праблемаў, якая падзяляе беларускіх гісторыкаў і вызначае зьмест той альбо іншай мадэлі інтэрпрэтацыі гістарычных падзеяў. Стаўленьне наратара, зьвязанае з грамадзкай ацэнкай здрады і здрадніцтва, звычайна задае кантэкст для ўспрыняцьця сюжэтаў, што палягаюць у гэтым рэчышчы. І тут як ніколі заўважная повязь старой мінуўшыны і сучаснага, тут як ніколі дасьледнік вымушаны грунтавацца на мэтадалягічных падмурках сучасных грамадзкіх уяўленьняў. Менавіта ў гэтым праяўляецца ідэалягічная функцыя гістарычнай веды.

2

Апошнія тры нумары часопісу «ARCHE» за 2005 г. утрымліваюць тры матэрыялы, якія закранаюць праблемнае поле здрады ў беларускай гісторыі. Тэксты зьявіліся адзін за адным і відавочна ўяўляюць сабой згаданы працэс «адбору фактаў» у канструяваньні гістарычнага сюжэту, прычым адбор адбываўся падвойны: аўтары артыкулаў ажыцьцявілі дасьледаваньні (дарэчы, артыкулы суправаджаюцца багатым архіўным матэрыялам і ўтрымліваюць спасылкі на ўсе выкладзеныя факты), а рэдактары часопісу зьмясьцілі іх у адзіны кантэкст, ствараючы гістарычны сюжэт. Зьмешчаныя тэксты зьяўляюцца прыкладам тварэньня гісторыі шляхам падбору фактаў – а факт іх апублікаваньня адзін за адным стварае адчуваньне сьвядомага канструяваньня навукова-гістарычнай канцэпцыі беларускай здрады. Мы тут сутыкаемся з канкрэтным прыкладам тэхналягічнага падыходу да гісторыяпісаньня.

Два артыкулы закранаюць здраду непасрэдна на канкрэтных прыкладах – гэта тэкст Андрэя Вашкевіча і Дзяніса Нарэля «Сымон Якавюк: адраджэнец, спэкулянт, манархіст і савецкі дывэрсант» і тэкст Андрэя Чарнякевіча і Алеся Пашкевіча «Псыхалёгія здрады: беларускі нацыянальны рух вачыма канфідэнта ІІ аддзелу польскага Генэральнага штабу».

Першы з матэрыялаў прысьвечаны жыцьцепісаньню асобы, якую «нельга аднесьці да ліку шырокавядомых нават сярод беларускіх гісторыкаў» – гэта дзеяч беларускага руху Другой Рэчы Паспалітай і Літвы Сымон Якавюк. Каля шасьцідзесяці старонак (незвычайны для «ARCHE» памер артыкулу!) даюць вычарпальныя зьвесткі пра жыцьцёвы шлях дзеяча, які меў «самае шчыльнае дачыненьне да беларускага руху на працягу больш чым дваццаці гадоў». Аповед заканчваецца публікацыяй уласнаручнага допісу старога Якавюка ў КДБ, у якім дзеяч аналізуе свае заслугі як агента НКУС, акцэнтуючы ўвагу на сваім удзеле ў ліквідацыі беларускага эмігранцкага ўраду і ў разьвіцьці беларускага руху на тэрыторыях, што да Другой сусьветнай вайны знаходзіліся па-за межамі тэрыторыі Савецкай Беларусі. Аўтары не даюць адказу на пытаньне, пры якіх абставінах быў завэрбаваны Якавюк, аднак выкладзеныя факты дазваляюць ідэнтыфікаваць яго менавіта як завэрбаванага здрадніка, а ня проста як засланага агента.

Другая публікацыя прысьвечаная дасьледаваньню жыцьцёвага шляху іншага здрадніка, які вядомы як «адзін зь піянэраў беларускага культурнага адраджэньня перашай паловы ХХ стагодзьдзя» – Рамуальда Зямкевіча. Гэты дзеяч беларускага руху міжваеннай Польшчы быў платным інфарматарам іншай спэцслужбы – польскай дэфэнзівы. Тэкст ілюстраваны шматлікімі грунтоўнымі рапартамі агента, якія поўняцца ня толькі апэратыўнымі зьвесткамі, але й разважаньнямі амаль філязофскага кшталту пра беларускае нацыянальнае адраджэньне, пра лёс беларускага пытаньня ў Польшчы. У адрозьненьне ад першага матэрыялу, у гэтым тэксьце робіцца аналіз ня толькі дзейнасьці агента, але таксама ягонай псыхалёгіі і вонкавых прычынаў здрады – аўтарскія тэзы Чарнякевіча і Пашкевіча ўяўляюць сабою хутчэй прадмову альбо камэнтар да паведамленьняў, якія Зямкевіч накіроўваў сваім варшаўскім працадаўцам.

Да гэтых тэкстаў прымыкае апублікаваны раней за іх артыкул тых жа Андрэя Чарнякевіча і Алеся Пашкевіча пра іншую выбітную і надзвычай цікавую постаць. У артыкуле «Стары нямецкі агент, ці Бацька радзіміцкага народу» праз асобу, так бы мовіць, «беларуса нямецкага паходжаньня» Эдмунда Аляксандра Рамана Зуземіля асьвятляецца фэномэн здрады зь іншага ракурсу. Зуземіль пазыцыянуецца як «куратар з боку нямецкай адміністрацыі ўсяго беларускага руху падчас германскай акупацыі заходняй часткі Беларусі ў 1915–1918 гг.», прасочваецца ягоны ўдзел у беларускіх справах і пасьля акупацыі. Такім чынам, мы назіраем як бы адваротны бок мэдаля, адваротны бок здрады. Асоба Зуземіля ў артыкуле не ацэньваецца адназначна, аднак ягоная дзейнасьць відавочна зьвязаная з працай беларусаў дзеля інтарэсаў замежных спэцслужбаў. Зуземіль успрымаецца як шпіён, які сам дакладна ня можа зразумець, на каго ён працуе – настолькі ён прасякнуўся інтарэсамі тых, каго ён мусіў вэрбаваць для сваёй шпіёнскай працы на карысьць Нямеччыны. Па шчырасьці, параўнальна невялікі дваццацістаронкавы артыкул дае больш чым дастаткова матэрыялу для беларускага нацыянальнага бэстсэлеру – тут ёсьць элемэнты і шпіёнскага дэтэктыву, і баевіка, і псыхалягічнай драмы, і эпасу нацыянальнага адраджэньня.

Акрамя гэтых трох артыкулаў з «ARCHE» ў нізку матэрыялаў па гісторыі беларускай здрады мы аднясём і матэрыялы з кампэндыюму твораў Антона Адамовіча «Да гісторыі беларускае літаратуры». Складзены рэдактарам «ARCHE» Валерам Булгакавым манумэнтальны (1464 старонкі!) зборнік ня толькі знаёміць чытачоў з друкаванай спадчынай літаратуразнаўцы. Разгорнутая прадмова ад укладальніка рэпрэзэнтуе і іншы бок творчасьці Антона Адамовіча – як інфарматара савецкіх спэцслужбаў і даносчыка, але таксама як ідэоляга беларускай калябарацыі. Параўнальна з папярэднімі артыкуламі, у прадмове да гэтага зборніка праблемам здрады і здрадніцтва надаецца адносна няшмат увагі – усё ж такі тэма беларускага літаратуразнаўства і крытыкі не вычэрпваецца жанрамі даносу і рапарту ў спэцслужбы. Аднак укладальнік робіць і высновы агульнага характару, якія распаўсюджвае ня толькі на постаць Адамовіча, але і на ўвесь беларускі рух, на нацыянальную эліту: «Такім чынам, мы маем справу з калектыўнай паталёгіяй у асяродзьдзі нацыянальнай эліты, для якой шырока зразуметы данос стаў спосабам барацьбы за існаваньне».

Мы ня будзем напаўняць гэты водгук падабенствам рэцэнзаваньня гэтай нізкі ўзаемазьвязаных тэкстаў. Нас у іх цікавіць ня зьмест гістарычнага сюжэту, а спроба канструяваньня гэткага сюжэту як альтэрнатывы папярэднім бачаньням гісторыі Беларусі. Відавочна – у 2005 г. у часопісе «ARCHE» і каля яго распачатая праца дзеля дасьледаваньня і канцэптуалізацыі фэномэну беларускай здрады, альбо, калі гэтая праца вядзецца па-за межамі часопісу, выданьне прынамсі выступае публічнай вітрынай для вынікаў гэтых рэфлексіяў. Згаданыя матэрыялы адрозьніваюцца тэмай, адрозьніваюцца яны і стылем. Але іх яднае своеасаблівая бесстароннасьць і дэкляраваная непрадузятасьць аналізу самога фэномэну здрады. Праблематызацыя здрадніцтва і калябарацыі адбываецца на ўзроўні аналізу вонкавых палітычных абставінаў і асабістых прычынаў, што выклікалі гэткі ўчынак пэўнай асобы, безь ягонай апалёгіі, але і без прадвызначанага маральнага асуджэньня. Здрада робіцца не аб’ектам этычнага аналізу, а аб’ектам гістарычна-псыхалягічнага дасьледаваньня. Гэтым дадзены шэраг матэрыялаў адрозьніваецца ад большасьці папярэдніх гістарычных дасьледаваньняў беларускага здрадніцтва, якія мелі спэкулятыўны характар і відавочна зыходзілі з прадвызначаных маральна-этычных ролевых ідэнтыфікацыяў, урэшце абумоўленых пэрсанальнай ідэалягічнай пазыцыяй аўтара-дасьледніка. А факусаваньне дасьледаваньня на дзеячах руху беларускага Адраджэньня (як выбітных, так і незаслужана забытых) надае канцэпцыі характар канструяваньня сюжэту, які можа быць адным з магістральных у беларускай нацыянальнай гісторыі.

Гэта своеасаблівы «Беларускі контар-рэзыстанс», не ў літаральным сэнсе аспрэчваньня ідэалягічнай лініі часопісу «Беларускі рэзыстанс», а ў сэнсе стварэньня іншага бачаньня праблемы. Гэта адваротны бок нацыянальнага супраціву – нацыянальнае здрадніцтва, даўняя традыцыя здрады і калябарацыі. Гэтая традыцыя мае ня менш падставаў быць галоўнай лініяй беларускай гісторыі, чым таксама даўняя і больш шанаваная гісторыя беларускага супраціву альбо гісторыя прыгнёту і вызваленьня ад яго.

Ці сапраўды, беларусы – нацыя здраднікаў?

3

Здрада як фэномэн ёсьць тэмай, грунтоўна аналізаванай навуковымі і мастацкімі сродкамі. У хрысьціянскай традыцыі і апокрыфах існуе вялікая колькасьць тэорыяў, прысьвечаных учынку Юды – ад кананічных да правакацыйна-блюзьнерскіх. Як бы там ні было, хрысьціянская думка надае здрадзе дастаткова вялікую ўвагу з-за таго месца, якое здрада (ня толькі Юды, але й апостала Пятра) займае ў Новым Запавеце. Этыка і мараль звычайна адназначна асуджаюць здраду як амаральны ўчынак, але пры гэтым тэарэтычнай згоды адносна зьявы палітычнай здрады не назіраецца. Гэтак адбываецца праз рэлятывізм у палітычных ацэнках – тое, што сёньня лічыца здрадай, заўтра будзе лічыцца мужным грамадзянскім учынкам. Часам для здрады патрабуецца больш маральных сілаў і волі, чым для канфармізму і захаваньня ляяльнасьці паноўным у грамадзтве палітычным прынцыпам – тыя, хто здрадзілі Трэцяму Райху, тыя, хто казаў «не» Гітлеру, былі мужныя людзі, яны здрадзілі дзяржаве, але ня здрадзілі чалавецтву, засталіся верныя агульначалавечым каштоўнасьцям. «Іррацыяналізм здрады і разам з тым дыялектычнасьць гэтай зьявы (нярэдкае пераўтварэньне нэгатыўных аспэктаў здрады ў іх супрацьлегласьць) часам ускладняе адназначную ацэнку таго альбо іншага дзеяньня як нэгатыўнага і здрадніцкага»¹ . Адназначна нэгатыўная трактоўка забойства Юлія Цэзара здраднікам Юніем Брутам таксама можа быць аспрэчаная поглядам на гэтае злачынства як на апошнюю помсту рэспубліканскай традыцыі супраць прадстаўніка паноўнай імпэрскай дэспатыі. Ці ёсьць здрадай забойства тырана? Ці ёсьць здрадай адмова ад вернасьці, калі гэткая вернасьць навязваецца сілай?

  палітоляг, сталы аўтар «ARCHE». Яго апошняя публікацыя – агляд
«Як выжыць падчас рэвалюцыі»
(6/2005).
   
Дуалізм інтэрпрэтацыяў ёсьць і ў біблійнай традыцыі – што ўжо тут казаць пра найноўшую палітычную гісторыю. Уся гісторыя нацыянальна-вызвольных рухаў – ад заснавальнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі да дзеячаў, зьвязаных з развалам Савецкага Саюзу – утрымлівае біпалярныя ацэнкі. Здраднікі і сэпаратысты ў іншым палітычным кантэксьце выступаюць як верныя сыны свайго народу, правадыры нацыяў, выратавальнікі свабоды.

Згаданыя публікацыі апошняга часу ня толькі адлюстроўваюць неадназначнасьць фэномэну беларускай здрады – цяжка сабе ўявіць беларускага палітычнага дзеяча, які ў той альбо іншай ступені ці ня быў абвінавачаны ў здрадзе, ці не пазыцыянаваў сябе як ахвяру здраднікаў. Артыкулы «ARCHE» міжволі выводзяць нас у сучасную рэчаіснасьць, прымушаюць задумацца ня толькі пра генэалёгію беларускага здрадніцтва, але і пра актуальны стан рэчаў у беларускім грамадзтве. Ці ня бачым мы цяпер у залежных ад вонкавай падтрымкі (іншамоўных кансультантаў-стратэгаў і замежнага фінансаваньня) шматлікіх беларускіх нацыянальных арганізацыях, што змагаюцца супраць рэжыму, адпаведнікаў інсьпіраваных замежнымі агентамі беларускіх суполак першай паловы мінулага стагодзьдзя? Ці не прывядзе іх дзейнасьць да падобнага выніку, да зьмены аднаго антыбеларускага рэжыму іншым? Нават ужо сама мова згаданых артыкулаў міжволі (ці гэта сьвядомая лінія аўтараў?) стварае канатацыі зь сёньняшнім часам і актуальнымі палітычнымі падзеямі: «рабіў беларусам дробныя паслугі і даваў грошы на выданьне газэт»; «за справу арганізацыі выданьня беларускіх кніг у Кёнігсбэрзе... узяўся сур’ёзна»; «тэрмінова выяжджае ў Гданьск на нейкую нараду і сустрэчу з заморскімі гасьцямі»; «у Вільню інкогніта прыяжджаў нямецкі шпіён... гаворка ідзе пра арганізацыю беларускага паўстаньня»; «хоча пазнаёміцца з станам беларускага руху... прапануе матэрыяльную дапамогу ў выданьні газэт»; «што датычыць палітыкі, то ён раіць не саступаць, а чыніць пратэсты, нават скандалы і эксцэсы, што ў найбліжэйшай будучыні багата аплаціцца»; «ён паабяцаў, што ўсё мне прышле празь нямецкую амбасаду»; «аднаго са шматлікіх псэўдабеларускіх дзеячаў, якія дзеля грошай гатовыя ствараць новыя беларускія арганізацыі»; «грошай на выданьне газэт і апэляцыю яны ня маюць. Украінцы абяцалі дапамагчы. Адкуль паходзяць гэтыя грошы ўкраінцаў – з краю ці з-за мяжы – высьветліць цяжка»; «абяцае фінансавую дапамогу для руху, асьветніцкую дапамогу ў гімназіях і чэскім унівэрсытэце для беларускай моладзі, якую перасьледуюць»; «праца сярод беларусаў у Амэрыцы толькі пачатая»; «апошнія вялікія арышты сярод тых... якія езьдзілі зь Вільні ў Менск і назад, перарвалі добра завязаную нітку стасункаў, асабліва дастаўку літаратуры і агітацыйнага матэрыялу»; «калі ўлады не дадуць дазволу на правядзеньне зьезду, ён адбудзецца нелегальна»; «значныя матэрыяльныя субсыдыі будуць давацца асобным людзям, калі... будзе выпрацаваная супольная плятформа»; «кантакт з украінцамі вельмі цесны... дзякуючы іх [украінскіх газэтаў] чытаньню сьвядомасьць і радыкалізм беларусаў расьце»; «камітэт статуту ня мае, ня быў зарэгістраваны, а быў адноўлены і існуе без аніякага права». Часам такое спалучэньне аналягічных сучаснасьці прыкметаў у падзеях векавой даўніны спараджае адчуваньне, што мы маем справу з майстэрскай містыфікацыяй кшталту тэкстаў Сяргея Балахонава², калі б гэтаму не перашкаджала сур’ёзная рэпутацыя паважаных аўтараў-навукоўцаў і шырокае цытаваньне архіўных крыніцаў.

  ¹ Мартынов А. В. Генерал Власов по обе стороны мифов // Дарьял. 2005. № 4 .
   
Развагі над выкладзенымі прыкладамі здрадніцтва прыводзяць нас да разуменьня таго, што палітычная здрада таксама можа быць рознай у залежнасьці ад таго, чаму здраджваць. Можна здрадзіць на ўзроўні арганізацыйна-тэхналягічным, але захаваць вернасьць на ўзроўні ідэяў і прынцыпаў. І нават – захаваць вернасьць прынцыпам дзякуючы здрадзе на арганізацыйным узроўні. Зь іншага боку, захоўваючы вернасьць асуджанаму на паразу палітычнаму праекту, ці ня здраджвае чалавек мэтам, дзеля якіх гэты праект ажыцьцяўляецца? Гаворка не пра прынцып «мэта апраўдвае сродкі», а пра бессэнсоўнасьць захоўваньня вернасьці асуджаным на паразу і неэфэктыўным сродкам. Але такім чынам апраўдваюць свае злачынствы здраднікі ўсіх часоў і народаў...

Прынамсі, ёсьць у Эўропе адзін народ, для якога фігура здрадніка, нацыянальнага здрадніка, зьяўляецца трагічнай і праблемнай – адной з цэнтральных постацяў нацыянальнай міталёгіі. Ірляндзкая традыцыя супраціву іншаземным акупантам, падзел ірляндзкай нацыі на пратэстантаў і каталікоў, на рэспубліканцаў і ляялістаў, гістарычна пашыраная эміграцыя спарадзілі вялікую колькасьць здраднікаў. «Калі б мы ведалі, колькі сярод нас здраднікаў, то ўва ўсіх бы апусьціліся рукі», – гавораць удзельнікі ўсіх даўніх пратэстных рухаў на ўсім сьвеце, так гавораць і даўнія дзеячы беларускага супраціву. Андрэй Чарнякевіч і Алесь Пашкевіч кажуць пра адчуваньне смутку ад веды пра тое, колькі «шкілетаў у шафе» маецца ў дзеячаў нацыянальнага беларускага руху. Напэўна, кампрамэтоўныя ўчынкі і нават здрада характэрныя ня толькі для беларускай гісторыі – гэтая традыцыя лягічна сягае і нашых часоў. Але было б памылкай рабіць выснову, што інфільтраваны агентамі і здраднікамі нацыянальны дэмакратычны рух асуджаны на фіяска. Здраднікаў сярод беларусаў, напэўна, ня больш, чым у любым іншым руху супраціву. Досьвед адчыненых архіваў суседніх краінаў сьведчыць – колькасьць здраднікаў і інфарматараў мае значэньне для посьпеху пэўных арганізацыяў і нават вызваленчых ініцыятываў, аднак яна ня ў стане спыніць працэсу вызваленьня. Латвія, Чэхія альбо Польшча дэманструюць – тамтэйшыя рухі супраціву былі спрэс інфільтраваныя агентамі і інфарматарамі. Але яны дамагліся посьпеху – справа ня толькі ў пісьменнай арганізацыі працы, але і ў вызначэньні прынцыповай мэты барацьбы. Наяўнасьць здрады ня можа перашкодзіць перамозе руху, які карыстаецца народнай падтрымкай, але яна ў стане спыніць той супраціў, які адмовіўся ад свайго народнага характару і пераўтварыўся ў змоўніцкі, кансьпіратыўны рух.

Гэтая тэза адлюстраваная ў тэорыі сыстэмаў. Сыстэма, складзеная з эфэктыўных элемэнтаў, можа працаваць неэфэктыўна. І наадварот, сыстэма, складзеная з неэфэктыўных, заганных элемэнтаў, можа працаваць эфэктыўна, калі яна пабудаваная адмысловым чынам з улікам хібаў сваіх складнікаў і з улікам функцыянальнай задачы сыстэмы. Неэфэктыўныя элемэнты могуць быць аб’яднаныя ў эфэктыўную машыну. Гэта – навука беларускаму вызваленчаму руху, якая выходзіць за межы праблемы здрады.

Калі мы ведаем, дзеля чаго мы змагаемся, калі мы ведаем мэту нашага рушаньня – тады ніякая здрада ня можа парушыць нашага адзінства, ня можа перашкодзіць нашай перамозе. Калі нашыя мэты ня вызначаныя і туманныя, калі мы ня ведаем сэнсу нашага супраціву, калі мы ня маем прынцыповых падмуркаў нашай дзейнасьці, тады яна пераўтвараецца ў дзейнасьць дзеля дзейнасьці, у гульню замежных суб’ектаў, што кіруюцца ўласнымі мэтамі, тады здрада разбурае саму нашу чыннасьць, асуджаную на паразу і нават бяз здрады.

Сучасны рэжым і апазыцыя аб’яднаныя тым, што ў абодвух іх вялікая ўвага надаецца паняцьцю здрады. Я не заклікаю любіць і шанаваць здраднікаў сярод нас. Я не заклікаю да паляваньня на вядзьмарак. Я толькі пазначаю патрэбу вывучэньня праблемы і побач з маральным прынцыпам «не судзі» прапаную ўлічваць магчымасьці зразумець гэтую зьяву. І гэта трэба ўлічваць – інакш апынёмся адныя і без паплечнікаў.

З чаго ж нам рабіць дабро? Трэба рабіць дабро са зла – бо больш яго няма з чаго рабіць (Томас Эліёт).

  ² Гл., напр.: Балахонаў, Сяргей. Зямля пад крыламі Фэнікса // ARCHE. 2004. № 5.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (44) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/12