A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (66) - 2008 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|||
Ігар Марзалюк | ||||
Ігар Марзалюк Сімптомы «пажаданай гісторыі»
Публікацыі, якія згадваюцца ў артыкуле:
Марзалюк, І. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х—XVII cтст.). — Магілёў: МДУ імя А. Куляшова, 2003. — 322 с. Plokhy, Serhii. The origins of the slavic nations. Premodern identities іn Russia, Ukraine, and Belarus. Cambridge University Press: Cambridge — New York — Melbourne — Madrid — Cape Town — Singapore — São Paulo, 2006. Булгакаў, Валер. Гісторыя беларускага нацыяналізму. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — 328 с. Казакевіч, Андрэй. Яшчэ адна гісторыя пра беларускі нацыяналізм // ARCHE. 2007. № 7—8.
Булгакаў, Валер. Злыя дэманы беларускай гісторыі // У чым галоўны грэх аўтара «Беларускага нацыяналізму»? Ясна, у парушэнні «ўстояў» беларускай нацыянальна-патрыятычнай гістарыяграфіі. Вось што піша Андрэй Казакевіч:
…Тэкст Булгакава зручна разглядаць як сімптом. У значнай ступені гэта эпатажная (гэта асабліва трэба памятаць пры чытанні тэксту) спроба скарачэння генеалогіі ва ўмовах стомы ад нацыянальных міфаў, лёгкага, але ўстойлівага дыскамфорту ад беларускасці… У пэўных асяродках беларускае супольнасці пасля зыходу «нацыянальнай» хвалі 1990-х гг. адчуваецца надыход стадыі стомленасці, асабліва ад нацыянальных «ідэяў», «аўтарытэтаў», і паўстае жаданне іх разбурыць з вышыні ўласнае інтэлектуальнае пазіцыі. Стомленыя ад гісторыі інтэлектуалы хочуць трапіць ва ўтульнае спажывецкае асяроддзе сучаснасці. Нельга сказаць, што тэндэнцыя дамінуе, але на сёння ўжо пашыраная. У прыватнасці можна прыгадаць апошнюю кнігу В. Акудовіча «Код адсутнасці».
Мала таго, кніга Булгакава — гэта
…атака, накіраваная не на разбурэнне нейкае ўстойлівае міфалогіі, якая ў Беларусі так і не мае легітымнага статусу, але на асобныя інстытуты, якія традыцыйна лічацца асноваю беларускае нацыянальнае ідэнтычнасці: гістарычная навука, гісторыя літаратуры і г. д.
Як на мяне, дык рэцэнзія Казакевіча — гэта таксама сімптом: сімптом, які красамоўна адлюстроўвае ўзровень міфалагізаванасці гістарычнай свядомасці ў Беларусі. Казакевіч не адзін такі. Значная частка маіх калегаў, прафесійных гісторыкаў, шчыра вераць (блажен, кто верует!) у кантынуітэт беларускай ідэі ад «ліцвінства» і «краёвасці», спаланізаваную шляхту Беларусі і створаную ёй польскую культуру называюць беларускай, а ў нацыянальны пантэон беларускіх герояў на поўным сур’ёзе «прапісваюць» не толькі Вітаўта Вялікага, але і такіх творцаў і пратаганістаў мадэрнай польскай нацыянальнай ідэнтычнасці, якімі былі Тадэвуш Касцюшка ды Адам Міцкевіч. Але аб усім па парадку. Прыемна, што В. Булгакаў у сваім адказе А. Казакевічу «Злыя дэманы беларускай гісторыі» падзяляе тэзы сучаснага знанага ўкраінскага гісторыка Сергія Плахія пра кантынуітэт паміж беларускімі русінамі і сучаснымі беларусамі. Трохі дзіўна, праўда, што спасылка прысутнічае толькі на С. Плахія. Апошні, наколькі мне вядома, спасылаецца ў сваім тэксце (заўважым без асаблівай сціпласці — неаднаразова)1 на нашу доктарскую манаграфію, бо яна, што ні кажыце, і выйшла раней, і многія тэзы, з якімі С. Плахій пагадзіўся ды ўмацаваў дадатковай аргументацыяй, там былі агучаны ўпершыню… Мо на яе Булгакаў не спасылаецца таму, што лёс нашай кнігі падобны да лёсу яго манаграфіі? Як вядома, Г. Сагановіч зганьбаваў ды прыбіў нягеглага магілёўскага гісторыка да ганебнага слупа прафесійнай недасведчанасці і некампетэнтнасці... Прыемна, калі з тваёй канцэпцыяй пагаджаюцца, нават калі на твае працы і няма спасылкі. Галоўнае, каб у оксфардскіх, варшаўскіх выданнях былі. Злыя заходнікі даўно забыліся (бо і не ведалі ніколі) пра прынцып партыйнасці гуманітарнай навукі і на поўным сур’ёзе лічаць, што галоўнае для гісторыка — імкненне дасягнуць гістарычнай праўды. |
доктар гістарычных навук, загадчык катэдры археалёгіі і спэцыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова. Апошняя кніга — манаграфiя «Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI—XVIII стст. (этнаканфесійны склад насельніцтва, этнічныя і канфесійныя стэрэатыпы беларускіх гараджан)» (МДУ імя А. А. Куляшова, 2007). Аўтарская назва тэксту — «Міністэрства праўды па-беларуску (З нагоды рэцэнзіі Андрэя Казакевіча на «Гісторыю беларускага нацыяналізму» Валера Булгакава)». |
Як для мяне, дык відавочным ёсць той факт, што рэальны кантынуітэт існуе акурат паміж рускай супольнасцю беларускіх земляў ВКЛ і намі, сучаснымі беларусамі. Пошукі беларусаў-літвінаў — марная справа. Спробы рэанімаваць агучаны ў свой час Янам Станкевічам тэрмін «летувіс» для пазначэння этнічных літоўцаў нічога, акрамя няёмкасці, не выклікаюць. Дарэчы, той тэрмін не сам Станкевіч прыдумаў. Ён яго запазычыў з публіцыстыкі шавіністычна настроеных польскіх эндэкаў, якія скарыстоўвалі яго з выразна абразлівым для літоўцаў сэнсам2.
|
1 Дарэчы, сам В. Булгакаў першым праінфармаваў мяне пра гэтую навіну, а ўжо пазней я сам атрымаў прыемную магчымасць азнаёміцца з тэкстам С. Плахія.
|
Неабходна падкрэсліць тую акалічнасць, што абазнаныя ў моўнай і этнічнай спецыфіцы гістарычнай Літвы мясцовыя інтэлектуалы тэрміны «літвіны» і «літоўская мова» ў дачыненні да беларускамоўнага «простага», сялянскага і местачковага насельніцтва Заходняй Беларусі нават на пачатку XIX ст. не ўжывалі. Прафесар Віленскага універсітэта Ігнат Анацэвіч3 у сваіх «Падарожных запісках…» 1828 г. выразна падзяляў насельніцтва Гарадзеншчыны паводле моўнай прыкметы:
На шляху з Вільні ў Ліду мястэчка Жырмуны абазначае мяжу паміж рускай і літоўскай мовамі. Аднак у ваколіцах ёсць адна вёска, дзе жыхары гавораць па-літоўску, хоць навокал пануе руская мова4.
Адам Міцкевіч таксама ніколі не распаўсюджваў найменне «літвін» на заходнебеларускіх сялян, носьбітаў беларускай мовы. Як, дарэчы, ніколі не атаясамліваў іх традыцыю з уласнай:
<…> З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рысаў. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі «Літоўскі Статут», напісаны іхняй мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай. Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце5.
Для Адама Міцкевіча вобраз старасвецкай Літвы — адназначна вобраз балцкай дзяржавы. Ягоны Навагрудак у «Гражыне» — то горад балцкі, літоўскі, і любымі беларускімі гісторыкамі-міфолагамі «ліцвінамі-славянамі-беларусамі» тут нават «не пахне»... Прыгадайма хоць бы апісанне падрыхтоўкі пахавання Гражыны. Той самы вобраз Літвы і ў «Конраду Валенроду». «Свае» багі — багі балцкія, літоўская мова — мова балцкая, свае спевы — то спевы вайдэлотаў6. |
2 Краўцэвіч, А. Тэрмін «Літва» і «Летува» ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі // Гістарычны альманах. Т. 9. Гародня, 2003. С. 106. 3 Ён сам родам з Малой Бераставіцы, што на Гарадзеншчыне (сучасны Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці), сын уніяцкага святара. 4 Урывак з падарожных запісак прафесара Віленскага універсітэта Ігната Анацэвіча пад час праезду яго праз адну частку Гродзенскай губерні ў ліпені і жніўні 1822 года // Габрусевіч, С. А.: Марозава, С. В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына. Гродна, 2005. С. 175. 5 Філаматы і філарэты. Зборнік. Менск, 1998. С. 122.
|
Паказальныя ў гэтым сэнсе і разважанні Уладзіслава Сыракомлі аб гістарычнай мяжы Літвы і Русі ў яго знакамітым творы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853). Сыракомля, кажучы пра Літву і Русь, разумее пад гэтымі тэрмінамі два апрычоныя, адметныя народы. Адны — балты, другія — славяне. У той частцы гістарычнай Літвы, дзе ён жыве, у любым яго сэрцу Верхнім Панямонні, літоўцаў (=літвінаў) сярод простага люду ўжо няма — бо яны, у выніку асіміляцыі, сталі славянамі па звычаях, мове і традыцыях:
…зычлівы чытач, які захоча выправіцца з намі ў цяперашнюю вандроўку па маіх былых ваколіцах, няхай прабяжыць вокам па геаграфічнай карце — ад вусця да вытокаў Нёмана ў Мінскай губерні і спыніцца непадалёк ад гэтых вытокаў … з паўночнага боку Нёмана ўпадае тут у яго рака Сула. На малых картах яна пазначана толькі паўколам, на большых — напісана і яе назва. Амаль у тым жа самым месцы перасякае Нёман, ідучы з усходу і поўначы, старая мяжа паміж Рускай Славяншчынай і Літвой. На карце ўсё гэта — у адным месцы, але на зямлі ад Сулы да таго перасячэння мяжы праз Нёман — добрая палова мілі; тут якраз і мая сядзіба Залуча са сваім сціплым набыткам. Аднак мая тэрыторыя не абмяжоўваецца гэтым мізэрным кавалкам зямлі, а цягнучыся аж за згаданую мяжу Славяншчыны, уключае ў сябе вёску, названую Жукаў Барок, дзе ўпадае ў Нёман невялікі ручай Ячонка. На паўночны захад, там, дзе вусце Сулы і Залуча, была яшчэ ўласна Літва, праз крок на паўднёвы ўсход, дзе сёння вёска Жукаў Барок, — ужо руска-славянскія ўладанні дрыгавічоў, крывічоў і г. д. Тут, за якія дзве тысячы крокаў ад майго дамка, я стаю на высокай гары, адкуль адкрываецца такі шырокі кругагляд, адкуль не раз азіраў я бясконцы свет, такі прывабны здалёку, не раз пасылаючы малітву Небу; стаю на гары тварам да сонца, што заходзіць недзе за Нёманам за лес Бярштаны, і крычу: «Направа адсюль ляжала літоўская зямля, край Пяркуна і сардэчнай Мільды, налева пачыналася зямля славянская, зямля сыноў Славы, прыхільнікаў Ессэ і Святавіда; потым з гэтага левага боку адбілася тут хрысціянская песня і рэха касцельнага звону, а з правага — хрыпаваты гук літоўскага рогу; тут, дзе стаю, спакойны складальнік вершаў, — праходзіла мяжа двух рыцарскіх народаў, у кожнага з якіх — свая будучыня, народаў, такіх розных сваімі норавамі, верай, звычаямі ...
Аднак жалезнае плячо літоўскіх князёў яшчэ ў XIII стагоддзі знесла, як Самсон браму філістынаў, мяжу сваёй дзяржавы недзе далёка ва ўладанні мінскіх і полацкіх князёў. Рынгольд, літоўскі князь, бацька Міндоўга, у 1235 г., г. зн. шэсцьсот сямнаццаць гадоў назад, атрымаўшы перамогу пад Магільнам (4 мілі ад Залучы) над кіеўскім князем Святаславам, Дзмітрыем Друцкім і Лявонам Уладзімірскім, заняў тутэйшыя славянскія ваколіцы, зліў іх з Літвой, знёсшы гэтую мяжу. З таго часу тут ужо была Літва; Міндоўг, Вітаўт, Гедымін, Альгерд і яго дзеці сталі ўжо ўладарамі гэтых ваколіц; але панаванне Евангелля і крыжа шырылася тут так жа сама хутка, як панаванне літоўскага мяча і сякеры; з крыжам і Евангеллем літоўскія людзі прымалі чужую для сябе мову і звычаі народаў, ад якіх узялі веру. А з прычыны таго, што рэлігійная прапаганда вялася не мячом, а хлебам і соллю, пры дапамозе суседскай прыязнасці і шчырай любові, то поўная асіміляцыя тутэйшых літоўцаў прайшла так дасканала, што не толькі тут, але нават у ваколіцах Наваградка, даўняй сталіцы Рынгольдаў і Міндоўгаў, дарэмна было б шукаць сярод люду чаго-небудзь літоўскага — звычаяў, грамадскіх парадкаў, мовы ці абрадаў. Калі што і нагадвае старое паганства, то без сумнення носіць хутчэй характэрныя рысы славян, чым літоўцаў |
6 Філаматы і філарэты. Зборнік. Менск, 1998. С. 224—225, 235, 246—250.
|
Польскамоўны літвін Адам Ганоры Кіркор ясна ўсведамляў этнічныя адрозненні паміж насельніцтвам «Літоўскага Палесся». Нідзе і ніколі ўсходнеславянскае беларускамоўнае насельніцтва Гарадзеншчыны і Віленшчыны ён літвінамі не называў. Надзвычай выразна сістэма поглядаў на этнічныя падзелы ў «Літоўскім Палессі» (=гістарычнай Літве) ім адлюстравана ў трэцім томе «Живописной России» (1882). Літоўцы тут заўсёды выразна аддзяляюцца ды супрацьпастаўляюцца сваім славянамоўным суседзям8. Юліюш Бардах, на якога даволі дзіўна спасылаецца Казакевіч у сваёй рэцэнзіі на кнігу В. Булгакава, паказаў канцовы вынік тых паланізацыйных працэсаў для палітычнага народа ВКЛ — ператварэнне літвінскай шляхты ў частку палітычнага польскага народу ды ўсведамленне імі ўрэшце сваёй нацыянальнай польскасці:
Шматлікія крыніцы сведчаць, што, пачынаючы з XVII ст., адрознівалася вузейшая айчына — Літва — і шырэйшая, Рэч Паспалітая, якую часта называлі Польшчаю. Як грамадзяне Кароны, так і літвіны былі паводле тагачасных уяўленняў палякамі. Гэтае паняцце, аднак, мела тады палітычны, а не этнічны характар. Гэткі ж палітычны характар мела акрэсленне «літвін»9. |
7 Сыракомля, Уладзіслаў. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Менск, 1992. С. 14—16.
8 Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Литовское и Белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 года. Т. III. Ч. 1 — Ч. 2. Минск, 1993.
|
Паводле польскага даследчыка, у другой палове XIX ст. адбываецца знікненне шматузроўневай свядомасці ў шляхецкім асяроддзі на карысць нацыянальнай польскасці. Працэс гэты стаў выразна заўважны ўжо ў 50-х гг. XIX ст., але асабліва — у часы студзеньскага паўстання 1863 г. ды наступных па ім часах. У выніку
на глебе, якою была шматнацыянальная супольнасць Вялікага Княства Літоўскага, вырас грамадска-палітычны феномен, які атрымаў найменне «краёўцаў». Спасылаючыся на традыцыю Вялікага Княства Літоўскага, яны абвяшчалі салідарнасць насельніцтва краю без увагі на мову і вызнанне, проціпастаўляючы яе, як пісаў М. Здзяхоўскі, «шалеючым нацыяналістычным жарсцям». Прымат краёвай повязі канчаткова сфармаваўся ў пачатку XX ст. Ідэалогія краёўцаў была, можна сказаць, працягам і разам з тым трансфармацыяй шматузроўневай нацыянальнай свядомасці. Пазіцыі краёўцаў і блізкія да іх сустракаліся часцей сярод інтэлектуальнай эліты, чым у сярэдніх слаях. Значная большасць краёвае шляхты і інтэлігенцыі адназначна лічыла сабе палякамі10. |
9 Бардах, Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2002. С. 299.
|
Праўда, пагадзіцца з тэзісам Ю. Бардаха, што шляхта гістарычнай Літвы ў XVIII — сярэдзіне XIX стст. мела двух- ці нават трохузроўневую нацыянальную свядомасць, цяжка. Цытаваныя ім крыніцы якраз сведчаць, што нацыянальная свядомасць у гэтых літвінаў была польская, у якасці ідэалагічнай радзімы паўсюль выступае менавіта Польшча. Літвінская свядомасць, літвінскае самаакрэсленне — гэта акрэсленне субэтнічнае, правінцыйнае, рэгіянальнае. Ніякіх ідэалагічных нацыянальных літвінскіх канатацый, права на асобную дзяржаўнасць для Літвы ў будучым, без непадзельнай сувязі з Польшчай, у створаных мясцовай польскамоўнай элітай тэкстах мы проста не знойдзем. Напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай у дачыненні да ВКЛ, як правіла, скарыстоўваўся тэрмін «Літоўская правінцыя»11, уся ж дзяржава звыкла і будзённа называлася «Польшчаю». Лагічным вынікам паланізацыйных працэсаў шляхты ВКЛ у XVIII ст. становіцца выкарыстанне апошнімі для самаакрэслення тэрміна «паляк». Знакамітая навагрудская лекарка, шляхцянка Саламея Пільштынова з Русецкіх ва ўласнаручна напісаным і выдадзеным у 1760 г. у Стамбуле творы «Авантуры майго жыцця» зусім недвухсэнсоўна засведчыла сваю не русінскую, не літвінскую, а менавіта польскую ідэнтычнасць. Саламея Пільштынова ведае, што замуж яе выдаюць з Навагрудскага ваяводства, з Літвы12, але гэты тэрмін, як і вытворны ад яго тэрмін «літвінка», ёй нідзе ў тэксце ў якасці ўласнага эндаэтноніма не скарыстоўваецца. Літва для яе — гэта проста правінцыя Польшчы, асобны яе рэгіён. Яе радзіма — Польшча, а яна сама полька:
…ужо з Польшчай назаўсёды развіталася, і тут, у Турцыі, жыць вырашыла, хіба што дзеля таго, каб іншыя, якія ведалі мяне, не дакаралі, што я, полька, маючы мужа і дзяцей у Польшчы, усе мае тыя часовыя пацехі пакінула, а сама адна ў чужы край без усялякае дапамогі і пацехі выправілася, каб жыць і памерці ў Бозе ў тым краі13. |
10 Бардах, Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2002. С. 310—311. 11 Восстание и война 1794 года в Литовской провинции (по документам архивов Москвы и Минска). Составление, редакция и предисловие кандидата исторических наук Евгения Константиновича Анищенко. Менск, 2001. С. 3. 12 Пільштынова, Саламея. Авантуры майго жыцця. Мн.:Маст. літ., 1993. С. 20.
|
Падобнае самаакрэсленне ёй паслядоўна выкарыстоўваецца па ўсім тэксце кнігі:
…А мяне выратаваў Бог ласкаю сваёю і строй мой польскі … я ж хрысціянка, полька… дамагаючыся мяне, быццам я не полька, а вугорка…14.
У Рэчы Паспалітай у XVIII ст., у эпоху Асветніцтва, працэсы нацыятварэння ішлі тым самым шляхам, што і ў Францыі, дзе ўпершыню на еўрапейскім кантыненце (пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі) была створана «палітычная» грамадзянская мадэрная нацыя. Як паказаў Рышард Радзік, атаясамленне паняццяў «нацыя» і «дзяржава» было характэрна для свядомасці абываталяў Рэчы Паспалітай перад яе падзеламі. У гэтай асветніцкай канцэпцыі нацыі-дзяржавы ўжо не было месца для існавання дзяржавы некалькіх народаў, дзяржавы шматнацыянальнай15. |
13 Пільштынова, Саламея. Авантуры майго жыцця. С. 19.
14 Тамсама.
|
У рэчышчы гэтай асветніцкай канцэпцыі нацыі-дзяржавы планавалася ўжо не спантанная, а цалкам свядомая моўная асіміляцыя ўсіх непольскамоўных этнічных супольнасцяў Рэчы Паспалітай. Паказальныя ў сувязі з гэтым погляды гарачага рэфарматара палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай Гуга Калантая:
Юстыцыя няхай прамаўляе адной і дзяржаўнай [krajowej] да народаў мовай... Удасканаленая родная мова, ужытая ў адукацыі і прынятая для ўсіх спружынаў ураду ... склейвае ўсе правінцыі. І той край папраўдзе можна назваць адной нацыяй [narodem], які разумеецца на адной мове, якому мовы адукацыі для права і ўраду досыць16. |
15 Radzik, R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Lublin, 2000. S. 54—55.
|
Г. Калантай увогуле лічыў, што рускі народ якраз таму толькі адзін у Рэчы Паспалітай і бунтаваў, бо «…ён ня ўмеў па-польску і межаваў з маскоўскай дзяржавай»17. А паланізацыя гэтых людцоў проста неабходная для інтарэсаў польскай нацыі-дзяржавы. Пра поўную польскую моўную асіміляцыю сялян-русінаў марыў і «беларускі нацыянальны герой» Тадэвуш Касцюшка:
Прывучаць іх трэба да польскай мовы, няхай па-польску будуць усе іхныя набажэнствы. З часам у іх увойдзе польскі дух18.
Сваю польскасць Т. Касцюшка выразна засведчыў і ў лісце да імператара Аляксандра I:
Нарадзіўся я літвінам… Заслона будучыні пакрывае яшчэ лёсы маёй роднай зямлі і шмат іншых частак маёй айчыны… Жаданне, якое мне засталося, г. зн. каб сысці ў магілу з супакойлівай пэўнасцю, што ўсе падданыя В. Імп. Вялікасці палякі будуць карыстацца з Тваіх, Найяснейшы Пане, дабрадзействаў19.
Такім чынам, калі б Рэч Паспалітая працягвала існаваць, то ў выніку развіцця буржуазных адносін і надання грамадзянскіх правоў мяшчанам і сялянству магла б сфармавацца адзіная польская нацыя, у якой і беларусы, і літоўцы, і ўкраінцы трактаваліся б як яе складовыя субэтнасы. Толькі падзелы Рэчы Паспалітай паставілі «крыж» на рэалізацыі падобнага варыянту развіцця. Не верыце? Ідэалізацыяй «заходнерусізму», «масквафільствам», «дырэктыўнай гістарыяграфіяй» запахла? Дык можа прыслухаемся да высноваў польскага калегі Анджэя Валіцкага, які прытрымліваецца акурат падобных поглядаў:
Без падзелаў Польшчы і ўсяго таго, што адбылося пасля іх, колькасць еўрапейскіх народаў была б значна меншай...20 |
16 Цыт. пав.: Radzik, R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Lublin, 2000. S. 57. 17 Ibidem. S. 58. 18 Kowecki, J. Kościuszko wobec «Rusinów naszych» // Między Wschodem a Zachodem. Rzeczpospolita XVI—XVIII w. Warszawa, 1993. S. 240. 19 Цыт. пав.: Бардах, Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2002. С. 301.
|
Да аналагічных высноваў, што і А. Валіцкі, прыйшоў і такі знаны польскі беларусазнаўца, як Рышард Радзік. Для яго няма сумневу, што калі б не падзелы Рэчы Паспалітай, то тут сфармавалася б мадэрная польская палітычная нацыя, аналагічная па сваіх прынцыпах фармавання французскай, а беларусам, літоўцам і ўкраінцам быў бы наканаваны лёс стаць складовай, інтэгральнай часткаю той нацыі. Толькі падзелы Рэчы Паспалітай спачатку запаволілі, а потым і ўвогуле спынілі гэты працэс21. Дазволім сабе адну разгорнутую цытату з тэкстаў Р. Радзіка, якая надзвычай выразна і недвухсэнсоўна сведчыць пра яго ўяўленні на гэты конт:
У адукаванай Цэнтральна-Усходняй Еўропе, падобна як і на захадзе кантынента, мова трактавалася як сродак грамадскай камунікацыі, што садзейнічаў распаўсюджванню асветніцтва, інтэграцыі грамадства ў межах дзяржавы, а не як вызначальнік этнічнай нацыянальна-культурнай еднасці. У Рэчы Паспалітай афіцыйнай мовай, гэтак жа, як і элітарнай, была польская; на землях Венгерскай Кароны афіцыйнай мовай з’яўлялася лацінская. Калі на абедзвюх гэтых тэрыторыях фармаваліся палітычныя нацыі, іх эліты траплялі пад культурную уніфікацыю, аб’ядноўваючыся вакол каштоўнасцей надэтнічных. Хутчэй тыя працэсы адбываліся ў Рэчы Паспалітай, больш марудна — у Венгрыі (у найменшай ступені — у падпарадкаванай ёй Харватыі). Як жа сталася, што ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, нягледзячы на падобныя да заходніх асветніцкія тэндэнцыі, утварыліся нацыі не палітычныя, а культурныя, грамадска-тэрытарыяльныя межы якіх супалі з межамі моўнымі? Адказаць на пытанне можна, калі ў адзінстве разглядзець тры асноўныя прычыны.
Па-першае, у адрозненне ад досыць стабільнага тэрытарыяльна-дзяржаўнага ўкладу, што існаваў у Заходняй Еўропе, два вялікія грамадска-палітычныя арганізмы Цэнтральна-Усходняй Еўропы — Венгрыя і Польшча — заставаліся раз’яднанымі і на доўгі час падпарадкаванымі сваім суседзям. Захопнікі былі супраць працэсаў мадзьярызацыі і паланізацыі рознаэтнічнага плебейскага насельніцтва абедзвюх тэрыторый; яны прыпынілі працэс фармавання палітычных нацый (у Беларусі польская мова ва ўстановах з часам была зменена на рускую, у Венгрыі Іосіф II увёў замест лаціны мову нямецкую). Аднак яны не мелі шматвяковай традыцыі панавання на тых землях, былі не ў стане дзейсна і хутка зрусіфікаваць ці згерманізаваць «пашкоджанае» грамадства, да таго ж мусілі канкурыраваць з польскай і венгерскай элітай. Замест існаваўшага калісьці ў цэнтральна-ўсходняй частцы кантынента двухузроўневага этнічна-нацыянальнага ўкладу (напрыклад, беларускамоўнае сялянства — польскамоўная шляхта), што захаваўся на Захадзе (напрыклад, правансалец — галійскі француз), на Усходзе ўтварыўся трохузроўневы ўклад: этнічны плебс (напрыклад, беларусы) — нацыя дамінуючая (напрыклад, палякі) — нацыя пануючая (напрыклад, рускія). Даўнія традыцыйныя адносіны, калі прадстаўнік плебсу, займаючы больш высокае сацыяльнае становішча ў грамадстве, лічыў за «нармальнае» перайманне на абшарах былой Рэчы Паспалітай польскай культуры, паддаваліся хістанням, а потым ламаліся. На землях Цэнтральна-Усходняй Еўропы, населеных плебейскімі класамі, пачалі сцірацца дзве ўзаемна канкурыруючыя нацыянальныя ідэалогіі (нацыі дамінуючай і пануючай). З’явілася нацыянальная альтэрнатыва, што не існавала раней, — сведчанне магчымасці выбару — а з часам узніклі і думкі пра ўласную этнічную непаўторнасць.
Другім фактарам, што вызначыў напрамак развіцця нацыянальных працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, была немагчымасць распаўсюджвання на тых землях вольнай дэмакратычнай ідэалогіі, якая стварала б з насельніцтва тых земляў роўных адзін аднаму абывацеляў, маючых аднолькавыя правы і абавязкі. Дзейсным спосабам дасягнення гэтага быў працэс допуску плебейскіх пластоў да палітычных паўнамоцтваў. У сітуацыі распаду традыцыйных — усталяваных у эпоху феадалізму — грамадскіх структур паўторная інтэграцыя адбывалася праз парушэнне нацыянальных сувязей, што асноўваліся на агульнадаступным культурным змесце. Рэакцыяй Расіі на ўхваленне Канстытуцыі 3 траўня 1791 года стаў другі падзел Польшчы. У Венгрыі апошняй значнай спробай хаця б часткова паўтарыць французскую нацыянальную мадэль была рэвалюцыя 1848 года, падаўленая пры дапамозе Расіі і Аўстрыі. Кошут цешыўся ў той час надзеяй, што лозунгі аб вольнасці на французскі ўзор з’яднаюць усю этнічную супольнасць вакол нацыі ў яе палітычным разуменні і мовай яе будзе венгерская. У самадзяржаўнай, эканамічна адсталай царскай Расіі афіцыйная руская мова не была носьбітам дэмакратычных правоў і вольнасцей.
Інакш кажучы, недахоп магчымасцей рэалізацыі дэмакратычных лозунгаў у кансерватыўных краінах гэтай часткі кантынента стаў, з аднаго боку, прычынай запаволенасці працэсаў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў асяродку прыгонных сялян (якія мысляць у маштабе вёскі, парафіі, акругі), але затое з другога — павольнай эвалюцыяй паняцця нацыі ў накірунку яе культурнага (этнічна-моўнага) разумення.
Па-трэцяе, перыяд, у часе якога прыгонныя сяляне не маглі падвергнуцца масавым працэсам нацыяналізацыі (у нашым выпадку — паланізацыі і мадзьярызацыі) — галоўнай умовай для гэтага было распрыгоньванне сялян — быў «выкарыстаны» для заклікаў звярнуцца да асэнсавання этнічнай своеасаблівасці іх нацыянальных рухаў і выпрацоўкі нацыянальнай ідэалогіі |
20 Walicki, A. Koncepcje tożsamości narodowej i terytorium narodowego w myśli polskiej czasów porozbiorowych // Archiwum Historii Filozofii i Myśli Społecznej. T. 38. 1993. S. 220.
21 Radzik, R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Lublin, 2000.
|
Дзеля чаго я так падрабязна спыніўся на поглядах аб эвалюцыі нацыянальнай свядомасці польскамоўнай эліты ВКЛ у эпоху позняй Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII і першай паловы XIX стст. такіх польскіх польскіх гісторыкаў, як Ю. Бардах, А. Валіцкі і Р. Радзік? Справа ў тым, што іх «другое прачытанне» ў творах некаторых беларускіх гісторыкаў даволі істотна адрозніваецца ад арыгінала. Для сучасных польскіх даследчыкаў няма сумневу, што беларускі народ, як і ўкраінскі (маецца на ўвазе насельніцтва «польскай» Украіны, але не Гетманату), і літоўскі, у выніку паланізацыйных працэсаў стаў плебейскім этнасам, страціў эліту, якая стала польскай і па культуры, і па свядомасці. Для Ю. Бардаха ёсць фактам, што прынамсі ў другой палове XIX ст. пераважная большасць літвінскай шляхты стала нацыянальнымі палякамі, а для Р. Радзіка, А. Валіцкага і Януша Тазбіра рэч сама сабой зразумелая, што ўжо ў XVIII — першай палове XIX стст. прадстаўнікі эліты ВКЛ былі палякамі ў тагачасным сэнсе таго слова, іх прыналежнасць да «палітычнай нацыі» грунтавалася на адзінстве мовы, культурнай і праўнай традыцыі ўсёй эліты «Польшчы». Таму і ўжыванне тэрмінаў «літвін», «паляк-караняж», «мазур» ва ўмовах тагачаснай (першая палова — сярэдзіна XIX ст.) шляхецкай рэальнасці ніколі не скарыстоўвалася іх носьбітамі дзеля нацыянальнага супрацьпастаўлення, гэта назвы рэгіянальныя, субэтнічныя, бо ўсе яны — палякі, маюць адзіную Айчыну — Польшчу23. А вось у інтэрпрэтацыі А. Смаленчука ўсё гэта выглядае трохі іначай: |
22 Радзік, Р. Беларусы (Погляд з Польшчы). Мінск, 2002. С. 110—111.
|
Нельга забываць, што ў першай палове XIX ст. паняцце польскасці на беларускіх і літоўскіх землях па-ранейшаму звязвалася толькі з прадстаўнікамі вышэйшых сацыяльных колаў грамадскасці. Тэрмін «паляк» быў у першую чаргу палітонімам, які сведчыў пра прыналежнасць да шляхецкай «палітычнай нацыі».
…Шкада, што калегі з Расіі не заўважылі феномену ліцвінскай традыцыі. Ліцвінства грунтавалася на гістарычных і культурных традыцыях ВКЛ, на пэўнай тэндэнцыі да дэмакратызацыі (яна праяўлялася ў цікавасці да народнай культуры), на ўсведамленні сваёй этнакультурнай адрознасці як ад расійцаў, так і палякаў з этнічнай Польшчы. Яно было часткай патрыятызму Рэчы Паспалітай, але адрознівалася высокай ступенню аўтаномнасці. Паводле веравызнання, большасць прадстаўнікоў ліцвінскай традыцыі належала да Каталіцкага Касцёлу, а паводле грамадскага стану — да шляхты. Літаратурныя і публіцыстычныя творы ў межах гэтай традыцыі ствараліся пераважна на польскай, а таксама на літоўскай і беларускай мовах. Апошняя перадавалася на пісьме лацінкай. Цэнтрам ліцвінскай традыцыі была Вільня.
Аналіз палітычнай і культурнай дзейнасці ліцвінаў дазволіў польскаму даследчыку Юліюшу Бардаху зрабіць высновы пра падвоенасць іхнай свядомасці, якую часта вызначаюць формулай gente Lithuanus (vel Ruthenus), natione Polonus (ліцвін або русін з паходжання, паляк па нацыянальнасці). Прычым апошняе датычыла палітычна-прававой сферы.
Гэтая з’ява сфармавалася ў апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай і захоўвалася ўсё XIX ст. А пэўныя ейныя праявы (краёвасць) назіраліся яшчэ ў першай траціне XX ст. У межах ліцвінства выспяваў літоўскі, а пазней таксама і беларускі нацыяналізм |
23 Radzik, R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Lublin, 2000. S. 86, 87, 113.
|
Куды больш рэалістычна і адэкватна выглядае рэфлексія на творы Р. Радзіка Тадэвуша Новака:
Р. Радзік паказвае на прыкладзе Францыі, як фармавалася сучасная палітычная нацыя. Далей аўтар параўноўвае французскую, а таксама іспанскую схему з сітуацыяй у Рэчы Паспалітай, каб прадэманстраваць, як шляхта дзяржавы «абодвух народаў» (літвінаў і палякаў) задзіночылася ў адзіную польскую нацыю, але са сваімі рэгіянальнымі адметнасцямі. …У разглядзе эвалюцыі польскай нацыянальнай супольнасці на Беларусі Р. Радзік канстатуе паступовую змену разумення польскасці ў Краі: ад палітычна-дзяржаўнага да этнамоўнага. Пры гэтым ён адзначае, што за «палякаў» паступова пачыналі ўважаць у т. л. просты люд «крэсаў» былой Рэчы Паспалітай, і не толькі тутэйшыя шляхцічы, але і самі расійцы і еўрапейцы ўвогуле. Аўтар кажа, што расійскі фактар паспрыяў аддзяленню тутэйшага люду ад польшчыны і, спасылаючыся на аднаго з даследнікаў, дадае, што без падзелаў Польшчы і таго, што па гэтым адбылося, колькасць еўрапейскіх народаў была б значна меншаю і карта Еўропы выглядала б цяпер зусім іначай. Гэта вельмі важнае назіранне. Сапраўды, ці можна было б спадзявацца, што, калі б захавалася Рэч Паспалітая, палонацэнтрычныя тэндэнцыі не прывялі б да таго, пра што мроіў Т. Касцюшка? Ці не існавала б ад Кракава да Віцебску Польшча, падобная да сённяшняй Францыі, і які лёс напаткаў бы мову тутэйшых сялянаў — «рускую», і без таго насычаную паланізмамі, літоўскую, якая ўжо ў канцы XIX ст. мусіла была амаль — на шчасце, не назаўсёды — адступіць з-пад аколіцаў Вільні?.. Магчыма, тутэйшым русінам наканавана было б паўтарыць лёс правансальцаў, а літвінам — басконцаў25. |
24 Смалянчук, А. Плебейскія нацыі і імпэрскія пэрыфэрыі // ARCHE. 2006. № 11 (51). С. 35.
|
Іначай як недарэчны жарт можна ўспрымаць прэтэнзіі асобных адраджэнскіх беларускіх гісторыкаў на «беларусізацыю» ды «прыватызацыю» Адама Міцкевіча, больш за тое, цвердзіць аб ягонай беларускасці, называць «нашым» паэтам. Насамрэч Адам Міцкевіч быў не проста свядомы сваёй нацыянальнай польскасці (што не перашкаджала яму мець рэгіянальную, субэтнічную, літвінскую свядомасць), а з’яўляўся адным з творцаў мадэрнага польскага нацыяналізму, абгрунтоўваў у сваёй працы «Кнігі народу польскага і польскага пілігрымства» канцэпцыю польскага каталіцкага месіянства, даводзіў богааабранасць палякаў як народа-пакутніка26. Яго Польшча — то і Карона, і Літва, і Русь. Папросту — «ад можа да можа». «Litwin i Mazur — bracią są; czyż kłócą się bracia o to, iż jednemu na imię Władysław, drugiemu Witowt? Nazwisko ich jedne jest: nazwisko Polaków»27. |
25 Новак, Т. Вяртанне ў будучыню // Druvis. 2005. № 1. Менск. С. 238—239.
|
Такім чынам, калі і трэба каго вінаваціць у «смерці» польскамоўных літвінаў, то толькі іх саміх. Калі і трэба каго вінаваціць у «смерці» польскамоўных літвінаў, то толькі іх саміх. Яны самі зрабілі свой, цалкам свядомы, выбар на карысць Польшчы і польскасці.Яны самі зрабілі свой, цалкам свядомы, выбар на карысць Польшчы і польскасці.
Гэта зусім недвухсэнсоўна вынікае з дакументаў часоў паўстанняў 1831 і 1863 гг. У сваім звароце да сойму ў 1831 г. шляхта Літвы, Валыні, Падолля і Украіны выразна засведчыла сваю прыналежнасць да польскай нацыі, да Польшчы, з якой лучаць яе ў адно нацыянальнае і культурнае цэлае гістарычная традыцыя, звычаі і родная (натуральна, што польская) мова28. Падчас студзеньскага паўстання 1863 г. шляхта Віцебшчыны ў сваім пасланні да паўстанцкага Нацыянальнага ўраду дэманстравала аналагічную пазіцыю:
Белая Русь, як і другія Русі, была інтэгральнай часткай сярэднявечнай і паганскай Літвы… прайшло яшчэ тры стагоддзі, цягам якіх Літва, падзяляючы з Польшчай свабоды, славу і, нарэшце, апошнюю нядолю, злілася з ёй у адну польскую нацыю [naród]29.
Баляслаў Ліманоўскі, апісваючы падзеі канца пяцідзесятых гадоў XIX ст., зусім недвухсэнсоўна маніфеставаў і сваю рэгіянальную літвінскасць, і сваю нацыянальную польскасць:
Нам літвінам, г. зн. польскай моладзі з гістарычнае Літвы, ішлося перадусім аб тое, каб Літва спалучыла свае рухі з рухамі Кангрэсовай Польшчы… Гэтыя нашыя намаганні да аб’яднання Літвы з Польшчаю, аднак, пазней памылкова ацэньваліся як дзяржаўніцкае, цэнтралістычнае імкненне на карысць выключна польскай нацыянальнасці. Мы сапраўды прагнулі вяртання Рэчы Паспалітае ў яе даўніх межах, але паводле перакананняў мы былі федэралістычнымі рэспубліканцамі і не толькі хацелі забяспечыць правы ўсім нацыянальнасцям, што ўваходзілі ў яе склад, але, як прыхільнікі народа, падтрымлівалі пачуццё нацыянальнае самастойнасці, якое абуджалася сярод літоўска-рускага народу30. |
26 Мыльников, А. С. Народы Центральной Европы: формирование национального самосознания XVIII—XIX вв. Санкт-Петербург, 1997. С. 100—101. 27 Mickewicz, A. Ksęgi narodu polskiego i pelgrzymstwa polskiego. Warszawa, 1986. S. 80. 28 Гл.: Radzik, R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Lublin, 2000. S. 125. 29 Тамсама.
|
Для Ю. Бардаха няма сумненняў, што пазіцыя Ліманоўскага — гэта пазіцыя літоўскіх палякаў, а не каго-небудзь іншага. Адам Ганоры Кіркор, вызначаючы сябе літвінам на краёвым узроўні, разам з гэтым пачуваў сябе, як і пераважная большасць людзей яго кола, людзей аднаго з ім сацыяльнага паходжання, палякам па нацыянальнасці. Менавіта літвіны, паводле Кіркора, з’яўляюцца «першымі» палякамі сярод астатніх, палякамі вышэйшага гатунку ў параўнанні з «караняжамі». Яны задаюць тон у развіцці высокай польскай культуры, твораць сучасную польскасць высокага кшталту. Ды што там казаць! Уся новая польская літаратура створана імі31. |
30 Бардах, Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2002. С. 302.
|
Слаўнае мінулае Літвы, як і Русі, паводле Кіркора, — гэта мінулае, якое не мае будучыні. Літва і Русь (для Кіркора=Беларусь) запазычылі больш высокую польскую цывілізаванасць і культуру, іх зліццё з Польшчаю, палякамі, польскай нацыянальнасцю, факт безумоўна пазітыўны і прагрэсіўны32.
Другая палова XIX ст. стала тым часам, калі частка літвінскай польскамоўнай шляхты цалкам і беспаваротна ўсвядоміла сябе палякамі па нацыянальнасці, перастала скарыстоўваць да сябе акрэсленне «літвіны» ўвогуле. Меншасць жа (насамрэч адзінкі) далучылася да літоўскага і беларускага (у канцы XIX — пачатку XX стст.) нацыянальна-вызваленчага руху. Пра гэтую з’яву з гумарам пісаў Юзаф Мацкевіч:
Бо цёця Пафця выйшла замуж за літвіна яшчэ тады, калі ўсе жыхары б. Вялікага Княства Літоўскага называлі сябе літвінамі. Але пакуль падрастаў Генрых, іх ужо пачалі называць «літваманамі». Тады літвіны пачалі зваць сябе палякамі, а літваманы — літвінамі. Справа аказалася досыць заблытаная, а часам непрыемная. «Мама, — спытаў ён, — ці наша цёця Пафця — літваманка, ці яна літвінка-полька, але не літвінка?..»33 |
31 Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Литовское и Белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 года. Т. III. Ч. 1 — Ч. 2. Мн., 1993. С. 124, 126—129. 32 Тамсама. С. 135—136.
|
Вельмі красамоўнае адлюстраванне ў беларускім выпадку гэта знайшло ў нацыянальным самавызначэнні трох братоў Іваноўскіх — Вацлаў стаў беларусам, Юры — палякам, а Тадэвуш — літоўцам. Кожны з іх, як вядома, адыграў выдатную ролю ў абранай імі нацыянальнай галіне34. «Простыя» беларускія рыма-каталікі, сяляне і дробная шляхта, цалкам натуральна працягвалі польшчыцца, а ў другой палове XIX ст. гэты працэс набыў амаль што незваротны характар. Па ўсёй Беларусі ніхто тады не ведаў пра такое дзіва, як беларусы рыма-каталікі. Дарэчы, менавіта «злыя», «змаскалізаваныя» мясцовыя беларускія інтэлектуалы «заходнярускай» (і ці не першым — Міхайла Баброўскі) традыцыі першымі пачалі скарыстоўваць «лінгвістычны» аргумент — родную мову насельніцтва — дзеля акрэслення яго нацыянальнай прыналежнасці. Менавіта яны, а не высакародныя краёўцы, залічылі ў шэрагі беларускага народа старакаталіцкае, у асноўнай сваёй масе балцкага паходжання, насельніцтва Заходняй Беларусі. |
33 Цыт. пав.: Туронак, Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006. С. 18. 34 Тамсама. С. 12—13.
|
Паняцце «паляк» у беларускім выпадку і цяпер самым цесным чынам звязана з рыма-каталіцкай ідэнтычнасцю. Калі б гэта было не так, то сёння ў Беларусі на тэрыторыі Гродзеншчыны не жыло б больш за 300 тысяч палякаў (25,9 % насельніцтва вобласці)35. Паказальнае і тое, што значная частка беларускіх палякаў, паводле дадзеных апошняга перапісу, назвала сваёй роднай мовай беларускую36. Але гэта чамусьці аніякім чынам не адбілася на іх нацыянальным самавызначэнні. «Польскі» Вялікдзень, «польскія» могілкі, «польская» вера — хто з нас не чуў падобных азначэнняў у сучасным беларускім горадзе і вёсцы? Прычым — і на ўсходзе, і на захадзе краіны.
Асабіста я не бачу падставаў, каб не пагадзіцца з В. Булгакавым, — сапраўды, насуперак цверджанням Святланы Куль-Сяльверставай, А. Смаленчука, А. Казакевіча ды іншых, літвінская традыцыя не стварыла ні беларускага нацыянальнага руху, ні беларускага нацыяналізму. Стварэнне беларускага мадэрнага нацыяналізму — справа беларусаў «заходнярускай» традыцыі. Каталікі далучыліся да яго пазней. У кнізе В. Булгакава гэта паказана. Праўда, мне не зразумела, чаму В. Булгакаў прыніжае ў беларускім нацыягенезе ролю беларускіх народнікаў, выдаўцоў «Гомана»? Што ні кажыце, але яны стварылі першую палітычную праграму ў дачыненні да Беларусі, першымі абгрунтавалі яе права на нацыянальную дзяржаўнасць (у выглядзе аўтаноміі ў складзе Расіі), сцвярджалі, што беларусы цалкам самастойны славянскі народ, а не галіна ці складовая частка якой-небудзь іншай нацыянальнай супольнасці. Што да Францішка Багушэвіча, то няма сумненняў у тым, што яго персанажы Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава — то беларусы па нацыянальнасці. Прадмова да «Дудкі беларускай», безумоўна, насіла культурны беларускі характар, сцвярджала культурную, моўную самастойнасць беларускага народу, існаванне ў яго ўласнай гістарычнай традыцыі ў мінулым. Аднак ніводнага слова аб нацыянальнай будучыні, аб праве беларусаў на самастойную дзяржаўнасць у хоць якой форме, там няма. Ці лічыў сам Ф. Багушэвіч сябе беларусам? Тут ёсць поле для палемікі. І школы таемныя польскія адкрываў, за правы польскай мовы змагаўся, большасць сваіх твораў напісаў па-польску37. Дзеці ягоныя, дарэчы, ніякіх праяваў беларускага нацыяналізму таксама не засведчылі. Выраслі «нармальнымі» палякамі. |
35 Новицкий, В. И. Католицизм в современной Беларуси // Религия и общество: актуальные проблемы современного религиоведения. Могилев, 2006. С. 78. 36 Мячкоўская, Н. Беларуская мова ў масавай камунікацыі Беларусі: сродак зносін ці ідэалогія? // Terra Alba. Мова і соцыум. Т. III. Магілёў, 2004. С. 152.
|
Колькі слоў пра сучасных беларускіх літвінаў і літвінства. У свой час Фрыдрых Ніцшэ, крытыкуючы хрысціянства, сказаў, што насамрэч за ўсю яго гісторыю быў толькі адзін хрысціянін, дый той сканаў на крыжы. Бо ён жыў, як вучыў. Перафразаваўшы, можна сказаць, што я ведаю толькі аднаго чалавека ў Беларусі, які сапраўды імкнецца жыць як шляхотны літвін, у рэчышчы сармацкай традыцыі. Гэта Алесь Белы. Ён мае на гэта права. Яго туга па літвінстве, замілаванне гэтай традыцыяй — то туга па шляхецкім засценку, туга па тым часе, калі высакародства магло спалучацца (і спалучалася) з грамадзянскай і эканамічнай актыўнасцю, высокай праўнай культурай і адукацыяй38. Іншая справа, што, як ні круці, польскія абшарнікі Беларусі ніколі не збіраліся будаваць асобную дзяржаву польскамоўных літвінаў. Спробы ж паказаць «Сярэднюю Літву» Жалігоўскага як дзяржаўны праект гэтых самых літвінаў — бяздоказныя і не верыфікуюцца крыніцамі. Юзаф Пілсудскі (можа, таксама літвін, а не паляк?) інспіраваў і блаславіў гэтую справу і той мэты, дзеля чаго ўсё гэта было зроблена, — дамогся. Віленскі край увайшоў у склад Польшчы, без усялякай, дарэчы, аўтаноміі. Вось такая дзяржаўнасць… І Заходняя Беларусь у складзе Польшчы не была аўтаномнай адзінкай, не звалася ні Літвой, ні Беларуссю, а Крэсамі, Усходняй Польшчай. Беларускія АКоўцы таксама змагаліся за незалежнасць і непадзельнасць Польшчы ў межах 1939 г., а не за нешта іншае, не за польскамоўную Літву ці літвінства…
Прыгадайма на заканчэнне выраз, які любіць паўтараць гісторык Алег Латышонак — фальшывая гісторыя нараджае фальшывую палітыку.
|
37 Radzik, R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Lublin, 2000. S. 125, 239—241. 38 Ведаю гэта не толькі як гісторык, а яшчэ як і нашчадак (па маці) ганарлівай мсціслаўскай шляхты. Ведама, каталіцкай і польскамоўнай…
|
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 1-2 (64-65) 2008 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |