№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

№1: Дэбют

27 траўня 2009

№1: Дэбют

СЛОВА ДА НУМАРА

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Ці ёсць большы ПрайдзіСвет, чымся перакладчык? Большы махляр і круцель, крутасвет і штукар? Ён, як праўдзівы майстар-ашуканец, падмяняе чужое сваім, а сам хаваецца ў ценю. Але мы любім гэтыя махлярствы і марым, што наступным разам ён так нас надурыць, што мы й не прыкмецім падма(е)ну.

Часопіс “ПрайдзіСвет” адрасаваны ўсім, хто цікавіцца справай перакладу замежнай літаратуры на беларускую мову. Гэта на сённяшні дзень адзінае ў Беларусі выданне, цалкам прысвечанае перакладной літаратуры. Часопіс мае выходзіць у электронным выглядзе раз на тры месяцы.

Сайт часопіса паміж выхадам тэматычных нумароў будзе пастаянна абнаўляцца.

Некалькі словаў пра асноўныя раздзелы сайту.

У раздзеле Тэкст будуць змешчаныя ўсе мастацкія творы, што ёсць на сайце, – тыя, што выходзілі ў часопісе, і тыя, што былі перакладзеныя на беларускую мову раней. Для актуалізацыі апошніх мае быць створаны адмысловы падраздзел Спадчына, які будзе пастаянна папаўняцца.

Раздзел Кантэкст змяшчае крытычныя матэрыялы: агляды творчасці, аналіз твораў, рэцэнзіі і г.д.

Раздзел Майстар уключае два падраздзелы: Майстар-клас, дзе будуць змяшчацца інтэрв’ю са знанымі беларускімі перакладнікамі, і Семінар, у якім можна будзе знайсці арыгінальныя і перакладныя матэрыялы, прысвечаныя мастацкаму перакладу.

Раздзел Асоба ўтрымлівае спасылкі на старонкі аўтараў, перакладнікаў, крытыкаў і мастакоў.

У Лабірынце прапанаваныя разнастайныя спасылкі на электронныя матэрыялы, карысныя для перакладнікаў: слоўнікі, архівы тэкстаў, сайты пісьменнікаў і г.д. Гэты раздзел будзе пастаянна абнаўляцца.

Цені змяшчаюць некаторыя звесткі пра стваральнікаў часопіса.

Майстэрня (альбо форум) створаная для камунікавання ўсіх зацікаўленых і ўяўляе сабой трыбуну для абмеркавання новых і старых перакладаў, літаратурных твораў і шмат чаго іншага. На форуме ў хуткім часе з’явіцца раздзел Конкурсы, да ўдзелу ў якіх запрашаюцца ўсе ахвотныя. У раздзеле Конкурсы прапануюцца паэтычныя тэксты з розных моваў для перакладу на беларускую. Умовы і тэрміны конкурсаў будуць абгавораныя крыху пазней.

Раздзел Бібліятэка змяшчае архіў нумароў і навіны.

У першым нумары часопіса, прысвечаным сучаснай літаратуры, прадстаўленыя пераклады на беларускую мову твораў чатырнаццаці аўтараў з сямі моваў. У рубрыцы “Паэзія” змешчаныя падборкі вершаў Мэцью Дзікмана, Ар’ена Дэйнкера, Вітаўтаса Дэкшніса, Сяргія Жадана, Галіны Крук, Марціна Святліцкага, Грыцька Чубая і Лешака Энгелькінга. У рубрыцы “Проза” прапануюцца апавяданні Чарлза Букоўскі, Сяргія Жадана, Алешандры Радрыгеша і Вольгі Такарчук. У рубрыцы “Драматургія” перадрукоўваецца пераклад п’есы Фрыдрыха Дзюрэнмата “Партрэт планеты”, выкананы Лявонам Баршчэўскім. У рубрыцы “Крытыка” змешчаны агляд творчасці Анджэлы Картэр. Таксама вашай увазе прапануюцца інтэрв’ю з Чарлзам Букоўскі і Сяргіем Жаданом. Інтэрв’ю з Васілём Сёмухам прэзентуе рубрыку “Майстар-клас” (разам з тэкстам інтэрв’ю прапануецца відэа). Рубрыка “Агляды” змяшчае інфармацыю пра 15 літаратурных прэміяў свету, што былі ўручаныя цягам апошняга году. У раздзеле Гульня змешчаная тэставанка.

Другі нумар часопіса будзе прысвечаны мадэрнізму, дзе будуць надрукаваныя пераклады пераможцаў конкурсаў. Падрабязней пра конкурсы – у хуткім часе на сайце.

Рэдакцыя запрашае перакладчыкаў да супрацоўніцтва. Усе тэксты, дасланыя на адрас рэдакцыі, будуць абавязкова разгледжаныя і не застануцца без адказу.

 

Рэдакцыя часопіса “ПрайдзіСвет”

351