№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Чарлз Букоўскі

Самая прыгожая жанчына ў горадзе (The Most Beautiful Woman In Town)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Наста Гвоздзева


Кэс была самай малодшай і самай прыгожай з пяці сясцёр. Кэс была самай прыгожай дзяўчынай у горадзе. Напалову індыянка, з дзівосным палкім целам, па-змяінаму гнуткім целам, і з вачыма, якія выдатна яму пасавалі. Кэс была лёгкім зменлівым полымем. Быццам дух, укладзены ў форму, не здольную яго ўтрымаць. У яе былі доўгія чорныя бліскучыя валасы, яны звіваліся, як і яе цела. Настрой у яе быў або вельмі добры, або вельмі дрэнны. Кэс заўжды кідалася ў скрайнасці. Некаторыя казалі, што яна вар’ятка. Так казалі дурні. Дурні ніколі не разумелі Кэс. Для мужыкоў яна была проста сэкс-машынай, і іх не пераймала, вар’ятка яна ці не. А Кэс танчыла, фліртавала і цалавала мужчын, але за выняткам аднаго ці двух разоў, калі справа даходзіла да ложка, яна неяк выслізгвала, уцякала ад іх.

Сёстры папракалі яе за тое, што яна няўдала карыстаецца сваёй прыгажосцю і недастаткова – сваім розумам, але ў Кэс былі і розум, і душа. Яна малявала, яна танчыла, яна спявала, яна ляпіла з гліны, а калі ў людзей балела душа або цела, Кэс глыбока ім спачувала. Проста яе розум быў зусім іншы, проста яе розум быў зусім непрактычны. Сёстры раўнавалі сваіх мужчын да яе ды злавалі, адчуваючы, што яна выкарыстоўвае тых не напоўніцу. Яна мела звычку па-добраму ставіцца да самых брыдкіх. Так званыя прыгажунчыкі выклікалі ў яе агіду. «Ані характару, – казала яна, – ані сілы волі. Усе іх поспехі трымаюцца на маленькіх дасканалых мочках ды ноздрах правільнай формы... усё вонкавае, а ўнутры нічога». Душэўны стан яе быў блізкі да вар’яцтва. Такі душэўны стан некаторыя і называюць вар’яцтвам. Яе бацька памёр ад п’янства, маці збегла, кінуўшы дзяўчат адных. Дзяўчат аддалі сваяку, а той адаслаў іх у манастыр. У манастыры Кэс было горш за ўсіх. Дзяўчаты зайздросцілі ёй, і яна білася амаль з усімі. Уся левая рука Кэс была ў рубцах ад брытвы – гэта яна баранілася ў дзвюх бойках. На левай шчацэ таксама быў стары шнар, але замест таго, каб псаваць яе прыгажосць, ён толькі падкрэсліваў яе. Я сустрэў яе ў бары «Ўэст Энд» праз некалькі начэй пасля таго, як яе выпусцілі з манастыра. Яна была самай малодшай, і яе выпусцілі апошняй. Яна проста падышла і села побач. Я, пэўна, быў самым брыдкім мужчынам у горадзе, і гэта, відаць, было вызначальным.

– Вып’еш? – спытаў я.

– Вядома. Чаму не?

Здаецца, у нашай размове тым вечарам не было нічога асаблівага, асаблівым было толькі ўражанне, якое рабіла Кэс. Яна абрала мяне, вось і ўсё. Аніякага прымусу. Ёй падабалася піць, і яна піла яшчэ і яшчэ. Не сказаць, каб яна выглядала на паўналетнюю, але ж ёй неяк налівалі. Можа, у яе быў пашпарт падроблены, не ведаю. Так ці інакш, кожны раз, калі яна вярталася з прыбіральні і сядала побач, я адчуваў нейкі гонар. Гэта была не толькі адна з самых прыгожых жанчын у горадзе, гэта была яшчэ і адна з самых прыгожых жанчын, якіх я наогул бачыў. Я паклаў руку ёй на талію і пацалаваў.

– Па-твойму, я прывабная? – спытала яна.

– Вядома, але ў табе ёсць яшчэ нешта... Нешта большае, чым твой выгляд...

– Людзі ўвесь час папікаюць мяне прыгажосцю. Ты праўда лічыш мяне прывабнай?

– Прывабнай – не тое слова. Яго мала, каб апісаць тваю прыгажосць.

Кэс палезла ў сваю торбачку. Я падумаў, яна хоча дастаць насоўку, а яна дастала вялікую шпільку. Перш чым я паспеў спыніць яе, яна працяла сабе нос гэтай шпількай, упоперак, акурат над ноздрамі. Я адчуў агіду і жах. Яна паглядзела на мяне і засмяялася: «А так ты лічыш мяне прывабнай? Што цяпер, чувак?» Я выцягнуў шпільку і прыклаў сваю насоўку туды, адкуль пайшла кроў. Некалькі чалавек, у тым ліку бармэн, бачылі гэтую сцэну. Бармэн падышоў:

– Слухай, – сказаў ён Кэс, – яшчэ раз такое зробіш – адразу вылеціш адсюль. Нам тут твае спектаклі не патрэбныя.

– Ішоў бы ты лесам, чувак! – адказала яна.

– Лепш не давай ёй піць, – сказаў мне бармэн.

– З ёй усё будзе добра, – сказаў я.

– Гэта мой нос. Са сваім носам я магу рабіць усё што хачу.

– Не, – сказаў я. – Мне балюча.

– Хочаш сказаць, табе балюча, калі я ўсаджваю шпільку сабе ў нос?

– Так. Менавіта гэта я і хачу сказаць.

– Добра, я больш так не буду. Не заганяйся!

Яна пацалавала мяне, злёгку пасміхаючыся і прыціскаючы хусцінку да носа. Калі бар зачыніўся, мы пайшлі да мяне. Дома было крыху піва, мы селі і пачалі размаўляць. Якраз тады я ўбачыў у ёй чалавека, поўнага дабрыні і спагады. Яна выдавала сябе, не падазраючы пра гэта. І адначасова сягала ў абшары безразважнасці і непаслядоўнасці. Шызанутая. Высакародная шызанутая прыгажуня. Напэўна, мужчына альбо яшчэ нешта знішчыць яе назаўжды. Я спадзяваўся, што гэта буду не я. Мы леглі ў ложак. Калі я выключыў святло, Кэс спыталася:

– Калі ты хочаш? Цяпер ці раніцай?

– Раніцай, – адказаў я і павярнуўся спінай.

Раніцай я падняўся і зрабіў дзве кавы, прынёс ёй адну ў ложак. Яна засмяялася.

– Ты першы мужчына, які адмовіўся ноччу.

– Ну і добра, – сказаў я. – Нам увогуле неабавязкова гэта рабіць.

– Не, чакай. Цяпер ужо мне хочацца. Я збегаю у душ.

Кэс пайшла ў ванную. Яна хутка вярнулася. Яна выглядала проста дзівосна. Доўгія чорныя валасы яе блішчэлі, блішчэлі вочы і вусны, яна ўся блішчэла... Кэс спакойна дэманстравала сваё цела, нібы добрую рэч. Яна залезла пад прасціну.

– Ну давай, палюбоўнічак.

Я лёг да яе. Яна цалавала з жарсцю, але няспешна. Я дазволіў рукам паблукаць па яе целе, у яе валасах. Уставіў. Там было горача і цесна. Я пачаў рухацца павольна, жадаючы расцягнуць задавальненне. Яе вочы глядзелі проста ў мае.

– Як цябе завуць? – спытаў я.

– Якая, к чорту, розніца? – адказала яна.

Я засмяяўся і працягнуў. Пасля яна апранулася, і я адвёз яе ў бар. Але яе цяжка было забыць. Я не працаваў і спаў да другой дня, потым прачнуўся і пачытаў газету. Я ляжаў у ванне, калі прыйшла яна з вялікім лістом калаказіі.

– Я ведала, што ты будзеш у ванне, – сказала яна. – таму прынесла табе тое-сёе, каб прыкрыць сорам, юрлівец.

Яна кінула ліст мне ў ванну.

– Адкуль ты ведала, што я буду ў ванне?

– Ведала.

Амаль кожны дзень Кэс прыходзіла, калі я быў у ванне. Прыходзіла ў розны час, але рэдка памылялася, і прыносіла ліст калаказіі. Пасля мы кахаліся. Адзін ці два разы яна тэлефанавала ўначы, і мне даводзілася выбаўляць яе з турмы за п’янства і бойкі.

– Гэтыя сучыя сыны, – казала яна, – думаюць, што могуць лезці табе ў майткі толькі таму, што прастаўляюць пару кілішкаў.

– Калі ты пагаджаешся выпіць, ты ствараеш сабе праблему.

– Я думала, іх цікаўлю я, а не маё цела.

– Мяне цікавіш і ты, і тваё цела. Праўда, я сумняюся, што большасць мужыкоў можа ўбачыць у табе нешта акрамя цела.

Я з’ехаў з горада на паўгода, пашвэндаўся і вярнуўся назад. Я ніколі не забываўся на Кэс, але мы неяк пасварыліся, і мне захацелася зваліць абы-куды. Вярнуўшыся, я высветліў, што яна знікла. Тым не менш, прыкладна праз паўгадзіны, як я прыйшоў у бар «Ўэст Энд», яна зайшла і села побач.

– Ну што, вырадак, я гляджу, ты вярнуўся.

Я замовіў ёй выпіць. Потым паглядзеў на яе. На ёй была сукенка з высокім каўнерам. Я ніколі не бачыў яе ў чымсьці падобным. Апрача таго, пад кожнае вока было ўвагнана па шпільцы са шкляной галоўкай. Усё, што можна было ўбачыць, – гэта галоўкі, а самі шпількі былі загнаныя ў твар.

– Халера, ты ўсё спрабуеш знішчыць сваю прыгажосць, а?

– Не, гэта заскок, дурань.

– Ты вар’ятка.

– Я сумавала па табе, – сказала яна.

– У цябе ёсць яшчэ нехта?

– Не, нікога няма. Толькі ты. Але я працую. Дзесяць баксаў за раз. Хаця табе – задарма.

– Дастань гэтыя шпількі.

– Не, гэта заскок.

– Мне ад гэтага балюча.

– Праўда?

– Халера, ну вядома, праўда.

Кэс павольна выцягнула шпількі і паклала іх у свой гаманец.

– Чаму ты нявечыш сваю прыгажосць? – спытаў я. – Чаму ты не можаш проста жыць з ёй?

– Бо людзі думаюць, што ў мяне больш нічога няма. Прыгажосць – нішто, прыгажосць сыходзіць. Ты не здагадваешся нават, што табе пашанцавала быць брыдкім, бо калі ты падабаешся людзям, ты ведаеш, што справа не ў выглядзе.

– Ладна, – сказаў я. – Мне пашанцавала.

– Я не хачу сказаць, што ты брыдкі. Людзі проста думаюць, што ты брыдкі. У цябе прывабны твар.

– Дзякуй.

Мы яшчэ выпілі.

– Чым ты займаешся? – спытала яна.

– Нічым. Не магу знайсці сталую працу. Нічога не цікавіць.

– Мяне таксама. Калі б ты быў жанчынай, мог бы зрабіцца прастытуткай.

– Наўрад ці я змог бы стасавацца з такой колькасцю незнаёмцаў, гэта стамляе.

– Твая праўда, гэта стамляе, усё стамляе.

Мы сышлі разам. Людзі на вуліцах па-ранейшаму ўтаропліваліся ў Кэс. Яна была прыгожай жанчынай, магчыма, прыгажэйшай, чым калі-небудзь. Мы прыйшлі да мяне, я адкаркаваў бутэльку віна, і мы разгаварыліся. У нас з Кэс гэта заўжды лёгка атрымлівалася. Яна крыху апавядала, а я слухаў, потым я апавядаў. Нашая размова нязмушана ішла далей і далей. Здавалася, мы разам адкрываем таямніцы. Калі мы адкрывалі чарговую, Кэс смяялася тым асаблівым смехам, якім умела смяяцца толькі яна. Ён быў падобны да весялосці, што сыходзіла ад полымя. Размаўляючы, мы цалаваліся і туліліся ўсё бліжэй адно да аднаго. Мы даволі моцна ўзбудзіліся і вырашылі легчы ў ложак. Менавіта тады, калі Кэс зняла сваю сукенку з высокім каўнерам, я і пабачыў яго – страшэнны рваны шнар упоперак горла. Ён быў доўгі і тоўсты.

– Чорт цябе бяры, жанчына, – сказаў я, лежачы ў ложку, – чорт цябе бяры, што ты нарабіла?

– Гэта я спрабавала пабітай бутэлькай неяк ноччу. Што, я табе больш не даспадобы? Я ўжо больш не прыгожая?

Я зацягнуў яе ў ложак і пацалаваў. Яна адштурхнула мяне і засмяялася:

– Некаторыя мужыкі плоцяць дзесятку, а калі я распранаюся, ужо не хочуць. Дзесятку я пакідаю сабе. Так смешна.

– Ага, – сказаў я, – зараз жывот парву ад смеху... Кэс, сволач, я кахаю цябе... кінь нішчыць сябе, ты самая жывая жанчына з тых, каго я ведаў.

Мы зноў пацалаваліся. Кэс бязгучна плакала. Я адчуваў яе слёзы. Доўгія чорныя валасы слаліся ўздоўж мяне, быццам сцяг смерці. Мы спляліся і заняліся павольным, тужлівым, дзівосным каханнем. Раніцай Кэс падхапілася рабіць сняданак. Яна выглядала спакойнай і шчаслівай. Яна спявала. Я валяўся ў ложку і цешыўся яе шчасцем. Нарэшце яна прыйшла і тузанула мяне:

– Падымайся, гаўнюк! Спаласні халоднай вадой твар ды торкалку і прыходзь разгаўляцца за святочны стол!

У той дзень я адвёз яе на пляж. Дзень быў будзённы, лета яшчэ не настала, таму наваколле было шыкоўна бязлюдным. Пляжныя валацугі ў лахманах спалі на газонах далей ад берага. Іншыя сядзелі на каменных лавах і распівалі адну бутэльку на ўсіх. Чайкі кружлялі бяздумна і неяк разгублена. Бабулькі гадоў сямідзесяці-васьмідзесяці сядзелі на лаўках і абмяркоўвалі продаж нерухомасці, якую ім пакінулі мужы, ужо даўно забітыя гонкай і бессэнсоўнасцю выжывання. Нягледзячы на гэта, у паветры лунаў спакой. Мы прагуляліся і расцягнуліся на газоне. Размаўлялі мала. Проста было хораша быць разам. Я набыў пару бутэрбродаў, смажанай бульбы і пітва. Мы селі на пясок і паелі. Потым я абхапіў Кэс, і мы праспалі так з гадзіну. Гэта было нават лепей, чым кахацца. Гэта было нязмушанае яднанне. Прачнуўшыся, мы вярнуліся да мяне, і я прыгатаваў вячэру. Пасля вячэры я прапанаваў Кэс жыць разам. Яна доўга моўчкі глядзела на мяне, а потым павольна прамовіла: «Не». Я адвёз яе назад ў бар, набыў ёй выпіць і сышоў. Назаўтра я знайшоў працу на заводзе і рэшту тыдня працаваў. Я так стамляўся, што амаль нікуды не выходзіў, але вечарам той пятніцы я дайшоў-ткі да бару «Ўэст Энд». Я прысеў і стаў чакаць Кэс. Праходзілі гадзіны. Калі я ўжо добра паддаў, бармэн сказаў мне:

– Спачуваю наконт вашай дзяўчыны.

– У сэнсе? – спытаў я.

– Прабачце, вы не ведалі?

– Не.

– Самагубства. Яе ўчора пахавалі.

– Пахавалі? – спытаў я. Здавалася, яна можа ўвайсці ў дзверы ў любы момант. Як яна магла памерці?

– Сёстры яе пахавалі.

– Самагубства? Можа, раскажаш як?

– Перарэзала сабе горла.

– Ясна. Налі мне яшчэ.

Я піў, пакуль бар не зачыніўся. Кэс была самай прыгожай з пяці сясцёр, самай прыгожай у горадзе. Я неяк даехаў на машыне да дому і ўсё думаў, думаў. Трэба было ўгаварыць яе застацца са мной замест таго, каб прымаць гэтае «не». Па ўсім было відаць, што яна хацела застацца. А я быў проста занадта бесцырымонны, лянівы, занадта абыякавы. Я заслужыў і сваю, і яе смерць. Сабака я. Ды не, прычым тут сабакі? Я ўстаў, адшукаў бутэльку віна і моцна напіўся. Кэс, самая прыгожая дзяўчына ў горадзе, памерла ў дваццаць. На вуліцы нехта дундзеў у аўтамабільны гудок. Сігнал быў вельмі гучны і настойлівы. Я апусціў бутэльку долу і зароў: «КАБ ТЫ ЗДОХ, СУЧЫ СЫН, СЦІХНІ!» Надыходзіла ноч, і я нічога не мог зрабіць.



Пераклад з ангельскай – Наста Гвоздзева © 2009

Чытайце таксама

Алешандры Радрыгеш

Алешандры Радрыгеш

Бразільскі пісьменнік і журналіст

Ханс Хайнц Эверс

Ханс Хайнц Эверс

Ханс Хайнц Эверс – нямецкi празаік i паэт, аўтар мiстычных апавяданняў i раманаў гатычнае скiраванасцi

Манула Каліцка

Манула Каліцка

Польская пісьменніца і журналістка. Сапраўднае імя — Марыя Магдалена Каліцка.

Дэніэл Мендэлсан

Дэніэл Мендэлсан

1088