№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Чарлз Букоўскі

З усёй адкрытасцю

29 траўня 2009

З усёй адкрытасцю

Для журналістаў Чарлз Букоўскі – тое самае, што снежны чалавек для даследчыкаў Гімалаяў. Знайсці яго цяжка, але калі ўжо знойдзеш, то сцеражыся. Некаторыя сцвярджаюць, што Чарлза Букоўскі наогул не існуе. Ходзяць чуткі, тыя рэзкія вершыкі, пад якімі стаіць яго імя, насамрэч напісала адна агідная старая з валасатымі падпахамі.

Але вось ён, Чарлз Букоўскі: самотна жыве сабе ў аднапакаёўцы з пад’ёмным ложкам (і, натуральна, халоднай вадой) у самым сэрцы Галівуду. Справа ад яго дому ўзвышаюцца Бюро сацыяльнай дапамогі і Аддзел пенсійнага страхавання, злева – Бальніца Кайзера. Толькі бедны Чарлз Букоўскі, хоць з выгляду і падобны да састарэлага наркамана, але, відаць, пачуваецца тут у сваёй талерцы.

Калі ён адчыніў мне, яго сумныя вочы, аслаблы голас ды ядвабны хатні халат выдавалі чалавека, стомленага жыццём і не толькі. Мы сядзелі і размаўлялі, пілі піва і віскі, і нарэшце Чарлз, нібы спакушаная цнатліўка, пагадзіўся на першае інтэрв’ю. Калі дастаткова моцна высунуцца з акна яго кватэры, можна ўбачыць святло ў доме Олдаса Хакслі на ўзгорку паспяховых людзей.

Кей: Цябе не раздражняе, што Хакслі можа адтуль на цябе пляваць?

Букоўскі: О, гэта добрае пытанне. [Ён нырнуў у нішу за пад’ёмным ложкам і выцягнуў адтуль некалькі сваіх фотаздымкаў].

Кей: А хто здымаў?

Букоўскі: Мая дзяўчына. Яна памерла летась. Пра што ты пытаўся?

Кей: Цябе не раздражняе, што Хакслі можа адтуль на цябе пляваць?

Букоўскі: Я нават ніколі не думаў пра Хакслі, але калі ты ўжо запытаўся, не, не раздражняе.

Кей: Калі ты пачаў пісаць?

Букоўскі: У 35 гадоў. Улічваючы, што сярэднестатыстычны паэт пачынае ў 16, цяпер мне 23.

Кей: Некаторыя крытыкі адзначаюць яўную аўтабіяграфічнасць тваіх твораў. Ты б хацеў гэта неяк пракаментаваць?

Букоўскі: Так, амаль усе яны аўтабіяграфічныя. Дзевяноста дзевяць са ста, калі я напісаў сто. А той адзіны мне прысніўся. Я ніколі не быў у Бельгійскім Конга.

Кей: Мне хацелася б звярнуцца да аднаго канкрэтнага вершу з твайго апошняга зборніку «Збеглы з ахвярамі» (Run With the Hunted). Ці ёсць канкрэтнае імя і месца жыхарства ў той дзяўчыны, якую ты ўзгадваеш у вершы «Слабая падстава для скаргаў» (A Minor Impulse to Complain)?

Букоўскі: Не, такой дзяўчыны няма. Ёсць яе зборны вобраз: такой прыгожай, з гладкімі нагамі, не надта распуснай, прывабнага стварэння хмяльной ночы. Яна напраўду існуе, хоць і не мае канкрэтнага імя.

Кей: Слухай, а ці згодны ты з тым, што цябе ўсё часцей называюць старэйшынам паэтаў-самотнікаў?

Букоўскі: Я не магу ўзгадаць ніводнага паэта-самотніка, акрамя нябожчыка Джэферса [Робінсан Джэферс]. Усе ж астатнія толькі й хочуць, што абслініць ды памацаць адно аднаго. Мне падаецца, я апошні паэт-самотнік.

Кей: Чаму ты не любіш людзей?

Букоўскі: А хто іх любіць? Пакажы мне хоць аднаго такога, і я пакажу табе прычыну, з якой я не люблю людзей. На гэтым кропка. А я пакуль пайду і вып’ю яшчэ піва. [Згорбіўшыся, ён ідзе ў маленечкую кухню, і я ўжо крычу яму ўслед].

Кей: Цяпер банальнае пытанне. Хто найвялікшы з жывых паэтаў?

Букоўскі: Зусім не банальнае. Цяжкае пытанне. Ну, у нас ёсць Эзра... Паўнд... і Т.С. [Эліят], але ж яны абодва ўжо не пішуць. А з тых, хто піша, ну, я назваў бы... Лары Эйгнэра.

Кей: Праўда?

Букоўскі: Ну так. Ведаю, яго ніхто раней не называў. Але ён адзіны, каго я магу ўзгадаць.

Кей: А што ты думаеш наконт паэтаў-гомасэксуалістаў?

Букоўскі: Гомасэксуалісты далікатныя, дрэнная паэзія таксама далікатная. Гінзберг змяніў сітуацыю, зрабіўшы гомасэксуальную паэзію паэзіяй моцнай, нават мужнай. Але па вялікім рахунку гомік застаецца гомікам, а не паэтам.

Кей: Давай пагаворым пра больш сур’ёзныя рэчы. Як па-твойму, Мікі Маўс паўплываў на творчае ўяўленне амерыканцаў?

Букоўскі: Сур’ёзна, і не кажы. Мікі Маўс зрабіў нашмат большы ўплыў на амерыканскае грамадства, чым Шэкспір, Мілтан, Дантэ, Рабле, Шастаковіч, Ленін і/ці Ван Гог. Застаецца, толькі рукамі развесці. Дыснэйлэнд застаецца галоўнай прынадай Паўднёвай Каліфорніі, але ж і могілкі – дагэтуль частка нашага жыцця.

Кей: А як табе пішацца ў Лос-Анджэлесе?

Букоўскі: Няважна, дзе ты пішаш, абы быў дах над галавою, друкарская машынка, папера і піва. Можна пісаць хоць у жарале вулкана. Слухай, як думаеш, ці скідваліся б 20 паэтаў па баксе на тыдзень, каб вызваліць мяне з турмы?

Кей: Колькі разоў цябе арыштоўвалі?

Букоўскі: Адкуль я ведаю?! Няшмат, разоў 14-15. Я думаў, я мацнейшы, але шторазу, як яны засоўваюць мяне ў турму, гэта адбіваецца на маіх кішках. Не ведаю чаму.

Кей: Букоўскі, а якой табе ўяўляецца будучыня цяпер, калі ўсе хочуць друкаваць Букоўскі?

Букоўскі: Я валяўся п’яным у парках і, напэўна, буду валяцца далей. А хто такі Букоўскі? Я чытаў пра Букоўскі, і ён, падаецца, не мае ніякага дачынення да мяне. Разумееш?     

Кей: А як на тваю творчасць уплывае алкаголь?

Букоўскі: Хм, падаецца, я не напісаў ніводнага верша цалкам цвярозым. Адно некалькі добрых ці дрэнных вершыкаў нарадзілася пад цяжарам жорсткага пахмелля, калі не ведаеш, што лепш: скончыць жыццё самагубствам ці пахмяліцца.

Кей: Падаецца, ты сёння не ў форме.

Букоўскі: Так. Ужо вечар нядзелі. А перад гэтым напружаная праграма скачак з васьмі забегаў. У мяне было 103 даляры пры канцы сёмага. На восьмым я мог выйграць пяцьдзесят. Але майго каня на паўкорпусы абышла чучка, на якую ставілі 60 да 1, хоць яе даўно ўжо трэба было пусціць на кашэчыя кансервы. Тым не менш, дзень невялікага выйгрышу перарос у ноч п’янства. Пабудзіў мяне журналіст. І калі ты сыдзеш, я збіраюся зноў напіцца. Сур’ёзна.

Кей: Містэр Букоўскі, ці лічыце вы, што хутка нас ўсіх узарвуць?

Букоўскі: Думаю, так. Тут простая матэматычная задачка. Спачатку бераце патэнцыял, дадаяце чалавечы розум. А ў канцы з’яўляецца прыдурак ці вар’ят пры ўладзе, што проста ўзарве нас к чорту. Вось так, усё лагічна.

Кей: А якая, па-твойму, роля паэта ў гэтым сусветным гармідары?

Букоўскі: Мне не падабаецца, як сфармулявана пытанне. Роля паэта ніякая... проста нікчэмная. І калі ён спрабуе вылезці са сваёй шкарлупіны і паказаць нораў, як зрабіў наш любы Эзра [Паўнд], ён усяго толькі атрымае плескача па маленькім ружовым азадку. Паэт, як правіла, мужчына не да канца, ён пястун, не мужык. Ну і, натуральна, для сапраўдных мужыкоў ён не можа быць прыкладам у пытаннях кровапраліцця ці адвагі. Ведаю, такія рэчы вам не даспадобы, але ж я павінен сказаць, што думаю. Калі задаеш пытанні, трэба атрымліваць адказы.

Кей: Табе трэба?

Букоўскі: Ну, не ведаю...

Кей: У глабальным сэнсе. Табе трэба атрымаць адказы?

Букоўскі: Не, вядома ж, не. У глабальным сэнсе мы атрымліваем толькі адно. Надмагільны камень, калі пашэнціць, і зялёную траўку, калі не.

Кей: І мы пакідаем карабель ці спадзяемся да канца?

Букоўскі: Навошта ўсе гэтыя клішэ і штампы? Ладна, я скажу «не». Мы не пакідаем карабель. І хоць гучыць гэта банальна, я лічу, што дзякуючы сіле, натхнёнасці, палымянасці, адвазе і рызыцы некаторых людзей мы можам не даць рэшткам чалавецнасці патануць. Святло не згасне, пакуль яно гарыць. Давайце ж змагацца, як людзі, а не пацукі. Усё, хопіць. Больш не скажу нічога.

 

Арнольд Кей, карэспандэнт Chicago Literary Times у Лос-Анджэлесе.

Надрукавана ў сакавіку 1963 года.

пераклад з ангельскай - Юля Цімафеева

Чытайце таксама

У Афрыку гадзіннік не бяру

Марэк Вадас

У Афрыку гадзіннік не бяру

Ён піша кнігі не дзеля выдання, а дзеля таго, каб сказаць штосьці важнае. Робіць гэта ўжо шэсць разоў. Атрымаў нават прэстыжную славацкую літаратурную прэмію Anasoft litera. Па сюжэты сваіх твораў ён…

Клаўс Элсбергс

Васіль Сёмуха

Клаўс Элсбергс

Паэт, якога любіла моладзь, паэт, які ўзляцеў імкліва, знянацку заспеўшы равеснікаў і старэйшых сталым разуменнем нашага часу, яркасцю, як Курзэмэ ў сонечны дзень, простай, нявыдуманай праўдай свайго жыцця…

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

Ульф Старк

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

— Мая першая дзіцячая кніга выйшла ў пачатку 1970-х. Да гэтага я напісаў два зборнікі вершаў і раман. Агульны культурны клімат быў такі, што я вырашыў пачаць пісаць для дзяцей.

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

812