№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Сяргій Жадан

Пісьменнік нічога не павінен

5 лістапада 2008

Пісьменнік нічога не павінен
Кнігаманы і растаманы Усходняй Еўропы чакаюць новых кнігаў Сяргія Жадана, як меламаны чакаюць новага альбому ўлюбёнага гурта, а яго выступаў у родным горадзе – як бушмэны дажджу ў афрыканскай саване. «Робіць Жадана», – канстатуе ўкраінская багема, калі нехта нападпітку гучна пачынае патрабаваць роўнасці і сацыяльнай справядлівасці для ўсіх столікаў у гэтым бары. «Твая мама Жадан ганарыцца табой!» – апускаюць слэм-майстры маладых паэтаў, калі тыя енчаць са сцэны даўгімі ламанымі радкамі нешта мацернае пра наркотыкі, цёлак і агні гатэляў. «Вы чулі, Жадан напісаў “Эфіёпію!”» – шушукаюцца выпускнікі гуманітарных факультэтаў на форумах і чатах. «Што гэта? Проза ці вершы?» – «Вершы». Удакладненне чыста рытарычнае: яны прачытаюць што-кольвек. І будуць чакаць яго з прэзентацыяй у родным горадзе, як дажджу ў саване. Я гутарыла з Сяргіем 17 траўня 2008 году, падчас літаратурна-музычнай акцыі «Драйв» у Мінску, на які ён праліўся чатырохгадовай нормай ападкаў (менавіта столькі часу яго тут не было). Мне вельмі хацелася пагаварыць пра каханне, але Сяргію пра каханне гаварыць не хацелася, таму гутарка атрымалася пра футбол.

Раскажы сваю геаграфію. Дзе ты пабываў за апошні месяц? І куды збіраешся ў наступным?

Месяц таму я толькі вярнуўся з Крыму. Паехаў туды пісаць новы раман. Па прыездзе зразумеў, што ніякі раман пісаць не хачу, буду я вершы пісаць. Я напісаў там новы зборнік – «Эфіёпія». Пасля гэтага ў нас у Харкаве была прэзентацыя анталогіі харкаўскіх пісьменнікаў «Гатэлі Харкава», потым была Масква, потым – вялікі фестываль у Харкаве, які скончыўся тыдзень таму. Потым быў Кіеў, Жытомір, Львоў, і вось – Мінск. (Андрэю Хадановічу, які прынёс каньяк) Гэта што, беларускі? Ну і тхне! (Андрэй Хадановіч, як сядае побач, злацешна: «Грэцкі. “Мэтакса”. Беларускага не было»). У канцы траўня мы з харкаўскім ска-гуртом «Сабакі ў космасе» едзем на прэзентацыі ў Люблін, Варшаву і Кракаў, у мяне выйшаў «Гімн дэмакратычнай моладзі» па-польску. Гэта калі хлопцам дадуць візы. А потым я еду на чэмпіянат Еўропы па футболе ў Аўстрыі. Мяне акурат запрашаюць на літаратурную стыпендыю, і я папрасіў час, калі будзе чэмпіянат.

Пра футбол пісаць будзеш?

Ды не, што ты, я проста для сябе хачу. Я быў у Нямеччыне на чэмпіянаце свету, і мне страшна спадабалася. Сама атмасфера. Я быў першыя паўмесяца – складалася ўражанне, што ў краіне нон-стоп карнавал. Харошая такая атмасфера ненавязлівага свята. У нас ва Украіне так не бывае. Калі нешта святкуецца, то адчуваецца натужнасць, ніякага карнавалу. Ну так, свята, збіраюцца людзі, бухаюць, слухаюць музыку. Няма лёгкасці. У Еўропе гэта захавалася. У 2006 годзе гуляла ўся Нямеччына, усе 80 ці колькі іх там разам з прыезджымі было мільёнаў. І гэта выглядала абсалютна натуральна. Я быў на першых трох матчах украінскай каманды. У Ляйпцыгу, дзе мы прайгралі гішпанцам, Гамбургу і Берліне. Берлін – сам па сабе Вавілон і сталіца свету – у дні Мундыялю быў памножаны на тры, а мо й на чатыры.

А ты не баішся, што Аўстрыя – краіна пенсіянераў і ультракансерватараў – самае заходняе, што ёсць увогуле, – не дасць такога адчування свята?

Можа, так і будзе. Мне цікава параўнаць. Не забывай, што Аўстрыя – гэта краіна аўстрыйскіх пенсіянераў і балканскіх ды турэцкіх тынэйджэраў. І іх там цяпер не менш, чым гэтых пенсіянераў. Я думаю, палова Аўстрыі – гэта эмігранты, легальныя ці не.

Чэмпіянат Еўропы 2012 года будзе праходзіць у Польшчы і Украіне. Як ты думаеш, атрымаецца што-небудзь супастаўнае з заходнееўрапэйскімі воджыгамі?

Я не ведаю, ёсць пагроза, што чэмпіянат у нас проста забяруць. Вельмі слаба вядзецца падрыхтоўка (Андрэй Хадановіч, які сядзіць побач: «Данецк на вышыні, чаго нельга сказаць пра Львоў»). УЕФА ўжо зрабіла нам першую заўвагу, а палякі ўвогуле ніяк не рыхтуюцца. Але забраны чэмпіянат – гэта будзе фактычна пачатак вялікай дэпрэсіі.

Грамадскасць так спадзяецца, што нарэшце адчыняць мяжу, справяць рэйкі, звузяць каляю на 89 мм., пусцяць цягнікі Intercity на Львоў...

Ведаеш, можа, гэта будзе канцом чагосьці харошага – такая вось гвалтоўная інтэграцыя ў Еўропу – а можа, і не. Не хацелася б скочвацца ў геапалітыку, але чэмпіянат можа стаць цудоўным фактарам яднання. Калі на Мундыялі нашы выйшлі ў чвэрцьфінал, чаго не чакаў ніхто, я думаю, для ўкраінцаў гэта была важная ў ментальным плане штука. Пасля кожнага матчу зборнай Украіны ад Львову да Данецку на вуліцы выбягалі натоўпы народу, выязджалі на машынах са сцягамі – і пачыналася масавае бухалава. Апошні раз я такое бачыў падчас памаранчавай рэвалюцыі. Але людзей не можа аб’яднаць палітыка. Палітыка наадварот, раз’ядноўвае. Калі перамагае твая палітычная сіла, гэта значыць, другая палітычная сіла аўтаматычна запісвае цябе ў стан ворага. Яднаюць простыя рэчы. Спорт. Ці мастацтва. Вось памятаю, наша Руслана выйграла Еўрабачанне. Яе мала хто й ведаў да таго, калі шчыра, але якое было свята!

Калі ўжо ты закрануў тэму Еўрабачання... Верка Сярдзючка – трэш ці папса?

Тое, што спявае трансвестыт Данілка, аўтаматычна трапляе на густы і патрэбы насельніцтва Украіны. 30-45% насельніцтва пасуе менавіта такая музыка. Не рок і не папса накшталт «Віягры», а менавіта гэта. Насамрэч ён маркотны клоўн, які не можа выйсці з вобразу, таму што ёсць бабло, якое трэба зарабляць.

Рэчы, якія яднаюць... Пісьменнік Сяргій Жадан яднае сабой даволі вялікую прастору. Якім ты больш пачуваешся: постсавецкім, украінскім, еўрапейскім?

З таго, што ты пералічыла, мне прыемней пачувацца ўкраінскім. Постсавецкі гучыць надта прэтэнцыёзна. Еўрапейскі гучыць прэтэнцыёзна яшчэ болей.

Пісьменнік павінен вандраваць ці пісьменнік павінен сядзець і пісаць?

Я думаю, пісьменнік увогуле нічога не павінен. Калі я адчуваю, што трэба сесці і нешта напісаць, я саджуся і пішу. Але доўга сядзець на адным месцы таксама не надта прадуктыўна.

Бываюць такія моманты, калі чалавек ужо не можа нічога напісаць. А ёсць публіка, ёсць кантракт...

Значыць, не трэба падпісваць кантракты. Ды й публіка не павінна быць нейкім стымулюючым фактарам.

А што цябе стымулюе?

Не ведаю, трэба неяк сфармуляваць... (Андрэй Хадановіч, як сядзіць побач: «Без пафасу і не адкажаш...») Унутраныя нейкія перакананні. Ты адчуваеш нешта ўнутры, што трэба выказаць – сядаеш і пішаш. А датычна таго, што не пішацца... Кепска, калі пісьменнік да гэтага не гатовы. Калі пісьменнік спрабуе гэтую паўзу пераадолець і перасіліць сябе. Тады пішуцца найгоршыя рэчы. А яшчэ горш, калі гэта не паўза, а канец, а аўтар гэтага не разумее. Ну ёсць жа такія пісьменнікі, пра якіх хочацца сказаць: ну чаму ён не перастаў пісаць 20 гадоў таму?

(Андрэй Хадановіч, як сядзіць побач, згадваючы нядаўнія тэксты Жадана: «Смерць Еўтушэнкі»?)

«Смерць Еўтушэнкі». Ну, ці нашыя, якія пісалі ў 1960-х геніяльныя рэчы, а ўжо ў 1980-х – рэчы, якіх ім лепей было не пісаць. Але гэта зноў жа суб’ектыўна. Я вось кажу, лепш ім было не пісаць. А камусьці падабаецца.

Ты падпісваеш кантракты?

Непасрэдна перад выданнем. Не ведаю, адкуль пайшла такая інфармацыя, ва Украіне перакананыя, што я знаходжуся ў кабале. Што я вінен выдавецтву, што мяне купілі да канца жыцця. Нядаўна мне прапанавалі падпісаць кантракт на некалькі кніжак наперад, але я адмовіўся. Я пішу кнігу, а потым іду ў выдавецтва і падпісваю кантракт. Ёсьць прыватныя дамоўленасці. Я паабяцаў, што наступныя кнігі выдам у харкаўскім «Фоліо», але што і калі гэта будзе – невядома. Мяне ніхто не прыспешвае. (Паралельна возіцца з мабільнікам). Вось фігня. Можна з твайго тэлефона смску адаслаць? На нумар +380(...). «Hliuchyt’ telefon. Vse duzhe dobre. Ciluju».

Ты згодны, што «пачынаецца ўсё з любві»?

(Афігела) З любві?

З любві. Гэта вершык такі. Усе беларускія дзеці яго на памяць у школе вучаць.

Ну, тут тады таксама трэба адказваць віціявата. Гледзячы з якой любові, любові да чаго: любові да слова, любові да Радзімы. Мае адказы будуць такія ж абстрактныя. Я магу сказаць, так, усё «пачынаецца з любві», ці не, не ўсё «пачынаецца з любві»...

Што для цябе каханне?

Ды што гэта такое? Гэта што, жаночы часопіс?

Не.

Ва Украіне нядаўна анталогія выйшла, называецца «Сто тысячаў словаў пра каханне», я вось Андрэю ў падарунак прывёз. Там дваццаць пяць пісьменнікаў у дваццаці пяці эсэ спрабуюць патлумачыць, вось што такое для іх каханне. І гэта выходзіла неяк банальна. Ну, як бы, што тут можна сказаць? Добра, калі пісьменнікі ўсведамляюць гэтую банальнасць і спрабуюць рэагаваць неяк іранічна.

Ты ўдзельнічаў?

Удзельнічаў, але я не тлумачыў, што такое каханне... (Андрэй Хадановіч, як сядзіць побач: «а проста напісаў сваё найлепшае апавяданне»). Я напісаў такую штуку, набор сітуацыяў, мілосных гісторыяў. Уся фішка там у тым, што калі паміж людзьмі няма кахання, але яны яго імітуюць, спрабуюць аднавіць нейкія мілосныя стасункі, у іх нічога не атрымліваецца. А калі яны кахаюць адно аднога, усё выходзіць на нейкі пазітыў. Пісаць так здаецца мне шчырым. Ты пытаешся пра вельмі простыя рэчы, і таму пра іх цяжка гаварыць.

Ты любіш сваіх чытачоў?

Прынамсі, стаўлюся да іх з павагай. Любоў – гэта, бадай, занадта інтымна.

А герояў? Што ты да іх адчуваеш?

Да герояў я імкнуся ставіцца адносна сумленна. Не надаваць ім тых рысаў, якіх у іх можа не быць. Хочацца, каб яны былі адэкватныя. У любым выпадку, да іх ёсць нейкая павага, а вось кахання не заўсёды хапае, некаторыя героі яго і не патрабуюць.

Асноўныя месцы дзеяння тваіх твораў – цягнікі, вакзалы, гатэлі... (Андрэй Хадановіч, як сядзіць побач: «...матэлі, бардэлі...»). Украіна – нагэтулькі транзітная?

Чыгунка – сама па сабе метафара добрая, яна лёгка паддаецца ўсялякім літаратурным гульням. Думаю, тут візуальны прынцып спрацоўвае. А Украіна не больш транзітная, чым Польшча ці Вугоршчына.

Што такога незвычайнага ў гатэлях Харкава?

Мне проста хацелася назваць анталогію так, як раней анталогіяў не называлі.

Што на табе за жэтоны?

Я іх калісьці ў Вене купіў, калі пачалася ўся гэтая амерыканска-іракская кампанія. Калі амерыканскага жаўнера забіваюць, родным высылаюць іменныя жэтоны, а гэтыя два чапляюць на руку і на шыю.

Ты левы?

Які? (зьбянтэжана смяецца). Не, я не левы, я нармальны. Слова «левы» ўвогуле мае шмат негатыўных канатацыяў, мне не падабаецца, што яно мае палітычную афарбоўку. Я пастараюся не пазіцыянаваць сябе з якімі б там ні было палітычнымі напрамкамі. Але ў светапоглядным і сацыяльным плане менавіта левыя погляды мне найбольш блізкія. Аднак я не стаў бы гэтага дэклараваць, левы я, анархіст ці анарха-камуніст. У сучаснай сітуацыі гэта выглядае смешна неяк. У тэкстах гэта праступае ад імя маіх герояў.

Твае героі – левыя?

Збольшага так. Але зноў жа, іх левізна праяўляецца па-рознаму. Вось у рамане «Дэпэш Мод» героі ўвесь час размаўляюць цытатамі з Маркса, але на справе гэта ж пародыя. Усе яны лузэры, алкаголікі, якія спрабуюць выпусціць, як пару, выгаварыць сваю маргінальнасць, цытуючы Маркса.

Футбольныя фанаты – спрэс правыя. Адкуль у табе любоў да футболу?

Проста футбол мае для мяне значэнне. Гэтая любоў пачалася з дзяцінства, я пісаў пра гэта ў Anarchy in the UKR. Я закаханы ў футбол з чэмпіянату свету 1986 года.

Футбол - філасофія?

Гэта зноў жа клішэ. «Футбол – філасофія...» Як і любая манія, любоў да футболу вельмі суб’ектыўная і рацыянальнаму тлумачэнню не паддаецца. Вось, скажам, ты любіш котак. Ці ты любіш душыць котак. Ты не можаш патлумачыць гэтыя рэчы, але табе гэта неабходна.

У цябе ёсць яшчэ маніі?

Ёсць. Музыка, канечне. Літаратура. Не толькі як занятак, але ўвогуле як чытанне. Не ведаю, гісторыя...

Вершы з тваёй апошняй кнігі «Эфіёпія», як можна заўважыць, у асноўным пра смерць, хоць усё адно скажуць, што яны ў асноўным пра наркотыкі...

І правільна скажуць (смяецца). Наркотыкі – гэта смерць. Таму што гэта вершы пра дарослых людзей. А ў жыцці дарослага чалавека што ёсць? Ёсць жыццё альбо смерць. Там вядзецца пра пераасэнсаванне смерці. Пра адсутнасць страху перад смерцю. Пра смерць як пра нешта натуральнае, што ты сам можаш сабе запраграмаваць. Калі ты робіш пэўны набор жыццёвых камбінацыяў – у выніку табе выскоквае бонус у выглядзе добрай смерці. Нармальна ты сябе паводзіў – табе добрая смерць. Такі індуізм. Ці, хутчэй, нешта будысцкае.

Якая смерць добрая?

Не ведаю. Мабыць, гэта калі цябе хаваюць людзі, якім ты давяраеш. Нешта яшчэ?

Так, табе прыйшоў адказ: «Metal–Dinamo – 2:2!»

Гутарыла Марыя Мартысевіч

Чытайце таксама

Яраслава Ананка, Генрых Кіршбаўм

"Беларуская мова": генетычны перфарматыў

Бабруйскія паштоўкі

Бабруйскія паштоўкі

А вы бывалі ў Бабруйску? У горадзе, дзе адказваць пытаннем на пытанне — норма. Дзе збудаваны з цэглы Розенберга дом "Порт-Артур" экскурсаводы параўноўваюць са Сцяной плачу. А мясцовыя жыхары негабрэйскага…

Адрывак з Ай-Кітабу

Ян Станкевіч

Адрывак з Ай-Кітабу

Гэты матэрыял быў надрукаваны ў часопісе “Крывіч”, № 2(8), 1924. Ён змяшчае ўрывак з Ай-Кітабу, падрыхтаваны да друку Янам Станкевічам, а таксама яго суправаджальны артыкул пра прынцыпы транскрыпцыі...

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Ва Украіне днямі быў прэзентаваны фотапраект Расціслава Шпука "Літаратары ў вобразе бамжоў". 31 траўня ў львоўскай арт-кавярні "Кватэра 35" адкрылася выстава аўтара пад назвай "Без адзнак мастацкага жыцця".…

671