№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Чак Паланюк

13 падказак пісьменніку (13 writing tips)

Эсэ

Пераклад з ангельскай Сяржук Мядзведзеў

Неяк дваццаць гадоў таму, на Каляды, мы з сяброўкай выбраліся на шпацыр па цэнтральных вуліцах Портлэнда. Вялікія ўнівермагі: “Meier & Frank”, “Fredrick and Nelson”, “Nordstrom”’ы... за кожнай вялікай вітрынай ўсё было проста і прыгожа: адзёжка на манекенах або бутэлечкі з парфумай у гурбачках штучнага снегу. А вось вітрыны крамы “J.J. Newberry”, ліха іх бяры, яны былі пад завязку набітыя лялькамі, блішчынкамі, шуфлікамі, наборамі адкрутак, падушкамі, пыласмокамі, пластмасавымі вешалкамі і тушканчыкамі, шаўковымі кветкамі, слодыччу – усім, чым толькі можна. І на кожным з сотняў гэтых тавараў і таварчыкаў вісеў выцвілы чырвоны кардонны кружок цэнніка. Мая сяброўка доўга на ўсё гэта глядзела, а потым сказала:

– Філасофія афармлення вітрыны ў іх, напэўна, простая: калі табе здаецца, што нечага не стае, дадай яшчэ.

Яна зрабіла трапную заўвагу ў трапны момант, і вось, праз дваццаць гадоў, я ўсё яшчэ яе памятаю, бо яна мяне тады вельмі пацешыла. Усе тыя прыгожыя вітрыны... я ўпэўнены, яны былі стылёвыя і густоўныя, але як ні стараюся – ну не магу я прыгадаць, як яны выглядалі.

Дык вось мэта гэтага майго эсэ – дадаць яшчэ. Злучыць у адно “каляднае” нагрувашчванне ідэяў, спадзеючыся, што якая-небудзь з іх апынецца карыснай. Я нібы пакую падарункі для чытачоў – кладу слодыч, вавёрачку, кнігу, пару цацак, каралі... і спадзяюся, што разнастайнасць – гарантыя таго, што нешта будзе поўнай дурнёй, а нешта можа трапіць у яблычак.

Падказка першая: Два гады таму, калі я пісаў першае з гэтых эсэ, я карыстаўся адным метадам – метадам куханнага таймеру. Калі б не гэты метад, вы б ніколі й не ўбачылі гэтага эсэ. А метад просты: калі не хочацца пісаць, пастаўце куханны таймер на гадзіну (або на паўгадзіны) і сядайце пісаць, пакуль час не выйдзе. Калі і тады ў вас не з’явіцца жадання пісаць, то праз гадзіну вы ўжо вольныя. Але звычайна да таго часу, як гадзіннік зазвініць, вы ўжо настолькі ўцягваецеся ў працэс, і вам так гэта падабаецца, што вы не можаце спыніцца і пішаце далей. Замест таймеру можна загружаць бялізну ў пральную машыну і вымяраць час па ёй. Дайце галаве адпачыць ад пісьмова-разумовай працы, рабіце перапынкі папраць бялізну або памыць посуд – гэта спрыяе ўзнікненню новых ідэяў і новаму бачанню падзеяў. Калі вы не ведаеце, аб чым пісаць далей... памыйце сарцір. Змяніце пасцельную бялізну. Дзеля ўсяго святога, сцярыце пыл з кампутара. Лепшая ідэя абавязкова прыйдзе.

Падказка другая: Вашая аўдыторыя нашмат меншая, чым вы сабе ўяўляеце. Не бойцеся эксперыментаваць з формай і храналогіяй падзеяў. На маю думку, маладзейшыя чытачы ганяць шмат якія кнігі не таму, што яны дурнейшыя за старэйшых, не, проста сённяшні чытач больш вытанчаны. Кіно зрабіла нас такімі прыдзірлівымі да чытва. І шакаваць чытача цяпер нашмат складаней, чым вы можаце сабе ўявіць.

Падказка трэцяя: Перад тым, як сесці й напісаць чарговы эпізод, добра ўсё абдумайце, вызначце асноўную яго мэту. Як гэты эпізод будзе выглядаць на фоне папярэдніх? Як адаб’ецца на наступных? Наколькі паспрыяе далейшаму развіццю падзеяў? На працы, за стырном, у спортзалі – заўжды абдумвайце гэта. Занатоўвайце новыя ідэі. І толькі калі вы раскладзеце эпізод па палічках – сядзьце і напішыце яго. Не падыходзьце да гэтага тупога, пыльнага кампутара з пустой галавой. І не нудзіце чытача эпізодамі, у якіх зусім ці амаль нічога не адбываецца.

Падказка чацвертая: Заспейце сябе неспадзеўкі. Калі можаце прывесці апавяданне – а лепш дазвольце яму самому прывесці вас – у дзівоснае месца, заспееце чытача неспадзеўкі. Добра падрыхтаваная неспадзяванка мае ўсе шанцы здзівіць нават прыдзірлівага чытача.

Падказка пятая: Калі вы на нечым заселі, вярніцеся й перачытайце папярэднія эпізоды, праглядзіце пакінутых персанажаў або дэталі, якія можна ўваскрасіць, як “закапаны пісталет”. Завяршаючы працу над “Байцоўскім клубам”, я не ведаў, што рабіць з офісным будынкам. Але перачытаўшы першую сцэну, я знайшоў адзін непрыкметны каментар пра сумесь нітрагліцэрыну з парафінам, што гэта быў сумнеўны спосаб зрабіць пластыт. Дробязная заўвага (“...з парафінам у мяне ніколі нічога не атрымлівалася...”) стала ідэальным “закапаным пісталетам”, каб выратаваць маю апавядальніцкую дупу.

Падказка шостая: Няхай раз на тыдзень вашая праца будзе нагодай зладзіць вечарыну – нават калі гэтая вечарына будзе называцца “майстэрняй”. Калі ў вас ёсьць магчымасць правесці час сярод іншых людзёў, якія цэняць і ўхваляюць пісьменніцкую справу, карыстайцеся ёй – гэта збалансуе час, што вы праводзіце на самоце, пішучы. Нават калі вы пасля здолееце прадаць свае творы, колькасць грошай не кампенсуе таго часу, што вы правялі на самоце. Таму зрабіце сабе “аванс” – няхай ваша творчасць будзе падставай быць побач з іншымі людзямі. У канцы жыцця, паверце, вам не захочацца азірацца назад і смакаваць тыя моманты, што вы правялі на самоце.

Падказка сёмая: Будзьце Нязнайкамі. Сотні знакамітых людзёў так робяць. Я даведаўся пра гэта ад Тома Спэнбаўэра, а цяпер вось і вы – ад мяне. Чым даўжэй ваша апавяданне будзе прымаць форму, тым лепш пасля гэтая форма будзе. Не спяшайцеся з канцоўкай. Не прымушайце сябе яе прыдумляць. Усё, што вам трэба, – гэта ведаць, што будзе ў наступнай сцэне, ці ў пары наступных. Не трэба прадумваць кожны момант да самага канца, бо пасля кнігу будзе халерна нудна чытаць.

Падказка восьмая: Калі вам хочацца болей свабоды ў апавяданні, змяняйце раз за разам імёны персанажаў. Персанажы – гэта не сапраўдныя людзі, яны не вы. Спакойна змяняючы іхныя імёны, вы станеце дастаткова раўнадушнымі, каб рабіць з імі ўсё, што заўгодна. Ці яшчэ лепш, прыбярыце якога зусім, калі апавяданне гэтага вымагае.

Падказка дзявятая: Ёсць тры тыпы маўлення – не ведаю, ці праўда, але я пачуў гэта на адным семінары, і мне спадабалася. Ёсць тры тыпы: апісальны, павучальны і эмацыйны. Апісальны: “Сонца было ўжо высока...” Павучальны: “Ідзі, толькі не бяжы...” Эмацыйны: “Ай!” Бальшыня пісьменнікаў карыстаецца збольшага адным, максімум двума з іх. А вы карыстайцеся ўсімі трыма. Чаргуйце. Як у жывым маўленні.

Падказка дзясятая: Пішыце кнігу, якую вам самім было б цікава чытаць.

Падказка адзінаццатая: Фатаграфуйцеся на вокладку, пакуль яшчэ маладыя. Захавайце негатывы й забяспечце сабе на іх аўтарскія правы.

Падказка дванаццатая: Пішыце аб тым, што вас непакоіць. Гэта адзінае, пра што варта пісаць. У сваім курсе лекцыяў “Небяспечнае пісьмо” Том Спэнбаўэр стаіць на тым, што жыццё занадта каштоўнае, каб марнаваць яго на пісанне нудных, звычайных апавяданняў, да якіх вы не маеце аніякага дачынення. Том так шмат рознага казаў, што я і паловы, бадай, не запомніў: і пра ўменне “вызваліцца з-пад прыгону”, якое, як я зразумеў, палягае ў тым, што чытач мусіць пачувацца вольным праз усё апавяданне. І пра “сумаўленне”, якое я зразумеў як схаванае паведамленне між радкоў празрыстага сюжэту. Я не адчуваю сябе ўтульна, пішучы на тэмы, якія сам разумею толькі напалову, і Том пагадзіўся напісаць кнігу пра сваю майстэрню і пра ідэі, якія ён спрабуе данесці. Назва твору “Дзіра ў сэрцы”, і ён плануе завершыць чарнавік да чэрвеня 2006-га, а выдаць кнігу – напачатку 2007-га.

Падказка трынаццатая: Яшчэ адна калядная гісторыя. Амаль штораніцу я снедаю ў адной і той жа закусачнай, але адным ранкам бачу – нейкі мужчына малюе на вокнах калядныя ўзоры. Снегавікоў. Сняжынкі. Званочкі. Санта Клаўса. Ён стаяў за акном, на марозе, выпускаючы пару з рота, і маляваў, чаргуючы пэндзлі і колеры. А ўнутры закусачнай кліенты і афіцыянты назіралі за тым, як ён наносіў чырвоную паверх белай паверх сіняй фарбы на вялікія вітрыны. Дождж за ягонай спінай змяняўся снегам і коса падаў долу пад ветрам.

Валасы розных адценняў шэрага, млявы і зморшчаны, як джынсы на дупе, твар. У перапынках між рознымі колерамі ён піў нешта з папяровага кубачку.

Мы назіраем за ім зсярэдзіны, ямо яйкі з тостамі, і нехта кажа, вось небарака. Кажа, што гэты чалавек, бадай, няўдалы мастак. А ў кубачку, бадай, віскі. Магчыма, у яго майстэрні стала не павярнуцца ад няўдалых карцінаў, і цяпер ён зарабляе на жыццё, упрыгожваючы вітрыны ўбогіх рэстаранчыкаў і прадуктовых крамаў. Эх, небарака. Небарака, і ўсё тут.

А ён усё маляваў, чаргуючы колеры. Спачатку ўвесь снег – белым. Затым крыху чырвонага й зялёнага. Затым – чорным – контуры, каб надаць форму калядным панчохам і елкам.

Афіцыянт ходзіць вакол, разносячы каву, і кажа:

–     Прыгожа, праўда? Хацеў бы і я так...

Зайздросцілі мы гэтаму хлапцу на марозе або спачувалі, няважна – ён маляваў сабе й маляваў. Дадаваў новыя дэталі і колеры. Але калі я зірнуў у акно праз нейкі час, яго ўжо там не было. Малюнкі былі такія яскравыя, яны так добра ўпісваліся ў вітрыны, колеры былі такія насычаныя, што мастак палічыў сваю справу скончанай. Быў ён няўдачнікам або героем, няважна. Ён знік, сышоў назаўжды, і ўсё, што мы бачым, - гэта ягоны твор.

   
Пераклад з ангельскай – Сяржук Мядзведзеў © 2013

Чытайце таксама

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі

Вульф Сосенскі

Вульф Сосенскі

Збіральнік габрэйскага беларускага фальклору.

Роберт Вальзэр

Роберт Вальзэр

Швейцарскі паэт і празаік, пісаў на нямецкай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае яго біяграфія

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

616