№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Вольга Такарчук

Жаданне Сабіны (Życzenie Sabiny)

Апавяданне

Пераклад з польскай Юльян Гайдук


А цяпер пра Сабіну, якая раз на тыдзень прыбірае ў доме доктара M., яго жонкі – пані Ёлі – i дачкі Казі. Прыбірае ўжо некалькі гадоў, а таму гэтых прыбіранняў было ўжо некалькі сотняў, адно падобнае да іншага. Спачатку кабінет доктара, прыёмны пакой для пацыентак, прыбіральня. Пасля – пакоі і вялікая кухня, а таксама спальні наверсе – адна сужэнства M., другая Казі. Часамі, – гасцінны пакой, пераважна ў святы, уік-энды, падчас імянінаў. Ёсць таксама дзве веранды – задняя і пярэдняя. У абедзвюх трэба падмятаць і мыць падлогу з гладкай кафлі.

Пяцьдзесят з нечым прыбіранняў штогод; пяць-шэсць разоў на год трэба мыць усе вокны; пылачысціць і паліраваць тэракотавую падлогу – нейкія дваццаць разоў на год; выбіваць дываны – тры-чатыры разы. Сабіна вельмі добра ведае тут кожную плоскасць, кожны прадмет. Некаторыя яна вельмі шануе (драўляную стальніцу, таршэр з вітражным абажурам), другія не пераносіць (латунны посуд, якім абстаўлены ўвесь камін, вечна забруджаная паверхня пліты), трэція проста любіць (ружовы дыван у пакоі Казі, беззаганна белую кафлю ў лазенцы).

Сабіна прыходзіць у пятніцу – дзень, калі ў яе дома хлапцы разаграюць сабе ўчорашнія бліны. У доме доктара ў гэты дзень рыба – яна пасля шкрабе падгарэлую патэльню. Сабіна з’яўляецца ранкам. Яна прыязджае чырвоным гарадскім аўтобусам з Падгожа да густоўнага катэджу доктара M. Яна адчувае сябе вельмі добра, едучы гэтым аўтобусам праз увесь Валбжых, нібы едзе ў вандроўку, і заўжды шкадуе, што гэтае падарожжа з маркотнага, аблупленага, смуроднага Падгожа ў цяністае, язмінавае Шчаўна – такое кароткае. Сабіна займае месца ля акна ці – калі тлумна – месца для інвалідаў, пасажыраў з дзецьмі і цяжарных жанчынаў. Бо Сабіна цяжарная. Яна амаль пастаянна цяжарная, мае пяцёх сыноў – адны хлапцы! – i цяжарнасць з’яўляецца яе натуральным станам. Яна ніколі не ванітавала, у яе не было галавакружэнняў, раптоўных зменаў настрою, ненармальнага апетыту. Яна ні паўнее, ні худнее. Сабіна не пераймаецца сваім целам. Укладвае яго зранку ў трыкатажны касцюм альбо квяцістую паркалёвую сукенку і так ходзіць увесь дзень, да самага вечару. Дзесьці там, усярэдзіне, пад слоем паркалю, яе цела пільнуе свае ўласныя інтарэсы. Не варта ім пераймацца.

Зрэдку, аднак, Сабіна аглядае сваё цела ў вялікім люстры доктаркі ў яе спальні і глядзіць, ці выглядае жывот інакш, чым звычайна. Вядома ж, што на дзяўчынак жывот робіцца шырокі, круглы i мяккі. На хлопца – наадварот: выступае наперад, востра выпірае і цвёрды, як мяч. Калі на гэтых агледзінах яе нядаўна заспела пані Ёля, доктарка, Сабіна збянтэжылася, пачырванела i зрабіла выгляд, што чысціць люстра. “Цяжарнасць табе пасуе, – сказала доктарка. – Добра выглядаеш”.

Сабіна старанна і асцярожна складае кінутую ў фатэль вопратку гаспадыні дома. Блузкі і сукенкі бярэ асцярожна, быццам яны жывыя, быццам яны хатнія жывёлы. Яна вешае іх нa драўляныя почапкі ў шафе. Удыхае пах, які там жыве i якім насычаецца вопратка. Гэта пах спелых кветак, яна не ведае, якіх. Пах жаноцкасці пані доктаркі, далікатны, панадны, неадчэпны. Mенш ахвотна яна развешвае вопратку доктара. І быццам бы тканіна кашуляў i пінжакоў такая ж мяккая, як тканіна сукенак i жаночых касцюмаў, але за секунду перад дакрананнем да іх рука Сабіны на нейкі момант затрымліваецца ў паветры, вагаецца. Здаецца, няма прычыны, каб дазваляць сабе гэтае ваганне, ніякай прычыны, але Сабіна так робіць. Як гэта назваць, гэтыя паўсекунды, калі пальцы супраціўляюцца дотыку? Адчуваннем шорсткай мужчынскай шчакі? Вуглаватасцю мужчынскіх рук? Шорсткасцю броваў ? Рэхам цяжкіх роўных крокаў на сходах? Лёгкім пахам алкаголю?

Пасля гэтага Сабіна зачыняе шафу, кідаючы позірк на свой адбітак у люстры на яе перасоўных дзвярах.

Акурат тады, калі яна сканчае прыбіраць спальню, прыходзіць са школы малая Казя. Яе чуваць ужо з вітальні. Сабіна разам з маці Казі бяжыць уніз прывітацца з дзяўчынкай, забываючы на хвіліну пра ўсё іншае.

     Казя сядзіць на падлозе і развязвае шнуркі. Адказвае на пытанні маці. Усміхаецца Сабіне. У Казі светлыя валасы да плеч, мякка закручаныя ў лёгкія локаны, рабаціністы тварык, чыстыя ясныя вочы. У яе далікатныя вусны, быццам не для ежы, а для птушынага шчабятання, – вузенькія, бледныя. У яе вялікія зубы – гэта кранае. Так думае Сабіна. Бярэ ў яе ранец, каб занесці яго наверх. Пачне прыбіраць пакой Казі, паклаўшы ранец на месца. Казя тым часам абедае, а пасля адразу прыйдзе настаўнік англійскай, яшчэ дзве суседскія дзяўчынкі, i адбудзецца занятак. У залі ўнізе. Сабіне чуваць толькі галасы мужчыны i дзяўчынак, a таксама – іншы раз –тэлевізару, урыўкі чужых дыялогаў, цалкам незразумелыя гарлавыя гукі. I толькі “yes” Сабіна выхоплівае з прыемнасцю.

Гэты час для Сабіны самы прыемны. Казін пакой, Казін пакой, нават слова гучыць як “гогаль-могаль”, як “халва”. Ружовы, увесь ружовы. Мяккі дыван пад нагамі выклікае ў Сабіны святое трымценне. Яна ніколі не наважылася б увайсці сюды ў ботах. На каленях Сабіна выбірае драбнюткія кавалачкі, крышкі печыва. Пасля пылачысціць яго два-тры разы. Сабіне здараецца ў хвіліны слабасці ці смутку, ці як гэта сказаць – Сабіна не ведае, як называць такія рэчы, – асабліва тады, калі... ах, лепш пра гэта не думаць... Сабіне выпадае хвілінку паляжаць на гэтым ружовым дыване, на баку, каб не замінаў жывот. Пакой, калі глядзець на яго з падлогі, здаецца ёй яшчэ больш бяспечным, яшчэ больш утульным. Яна магла б так ляжаць, запускаючы пальцы ў мяккі ружовы мох. Магла б аддацца марам, распаліцца ўсярэдзіне, упасці ў кароткі неглыбокі сон, у якім думкі блытаюцца i мяняюцца месцамі. Yes, yes, кажуць знізу галасы дзяўчынак. Сабіна падымаецца, бо трэба спяшацца. Яна мяняе пасцель у ложку дзяўчынкі, пасцель чыстую, бязвінную. Доўга ўзбівае падушку, каб зрабіць яе больш зручнай для Казінай галавы. Выбівае коўдру, каб пух быў размеркаваны раўнамерна. Пасля, вагаючыся, з задавальненнем выбірае колер навалачак – у шафе Казі іх некалькі: ружовая з парасонамі, светла-блакітная са слонікамі, белая гладкая, ружовая з саціну, гладкая, як лёд, а таксама фактурная баваўняная бялізна з галінкамі бэзу.

Пасля Сабіна наводзіць парадак нa стале малой – алоўкі i тачылкі, сшыткі, поўныя крамзоляў. Яна прыбірае абгрызкі яблыкаў, паперкі ад цукерак, апельсінавыя лупіны. Выцірае пыл. Акуратна кладзе лялек у ложачкі і вазочкі. Пільнуе, каб на іх былі абодва чаравікі і зашпіленыя ззаду сукенкі. I гэта таксама цудоўны момант кожнай пятніцы – кранаць лялек, папраўляць ім валасы, рассаджваць іх па паліцах. Сабіна не ведае нават, як пра гэта падумаць, толькі ўсміхаецца сама сабе. Бачыць, аднак, што яе пальцы, цвёрдыя i прыпухлыя, не даюць рады пецелькам i спражкам лялечных касцюмчыкаў. У гэты час заўсёды заходзіць пані Ёля. Яна быццам чагосці шукае, але справа ў тым, што яе непакоіць доўгі час, праведзены Сабінай у пакоі Казі.

“Яна інфантыльная, гэтая Сабіна, – неяк сказала яна мужу. – Яна там хіба з лялькамі забаўляецца”. – “Не жартуй”, – адказаў ён абыякава. I дадаў: “Скажы ёй, каб зрабіла аналіз на гемаглабін, я змагу яе агледзець на наступным тыдні”. – Пані Ёля на гэта: “Паставіў бы ты ёй спіральку”. – “Ты ж бачыш, – ён на гэта, – ніколі не паспяваю, бо яна ізноў цяжарная. Скажы ёй, каб прыйшла на ультрагук”.

Парадак наведзены. Цяпер Сабіна п’е ў кухні гарбату і есць печыва. То з цукрам, то какосавае. Пані Ёля ў цеснаватых легінсах толькі перахоплівае, таму што заўсёды на дыеце. Яны размаўляюць урыўкава, Сабіна апавядае ёй пра сваіх хлапцоў, пра тое, што старэйшы ўжо вучыцца ў тэхнікуме, a самы малодшы толькі пачынае хадзіць. Пані Ёля блытае іх імёны, але робіць выгляд, што памятае. Памятае таксама пра тое, што не варта пытаць пра мужа Сабіны. Ведае, што Сабіна будзе тады хлусіць, скажа, што ўсё добра, што працуе, што павесіў дома карнізы, што нават спек пірагі, што падвязаў памідоры на іх дзялцы каля чыгуначных пуцей, што хадзілі ў нядзелю ў касцёл, што ездзілі аўтобусам за горад на сажалку, каб малыя маглі выкупацца. Што не п’е. Не, не скажа, што не п’е. Увогуле не ўспомніць ні пра піццё, ні пра цвярозасць, ні пра іншыя рэчы. А што не згадана, таго не існуе. Уласна, гэта гульня ў неназыванне. Рэдкая здольнасць глытаць словы перад тым, як яны з’явяцца на вуснах, гатовыя да прамаўлення. Пaнi Ёля тады пазірае на яе крадком. Сабіна падносіць да вуснаў шклянку. Ейныя плечы здаюцца тады надзіва вузкімі, кволымі.

Пасля гарбаты – прасаванне. Куча чыстых, цвёрдых ад мыцця касцюмаў. Анучкі i ручнікі. Бялізна. Кожнай шкарпэтцы адшукаць сваю пару, пасля скруціць іх у мяккія кулькі. Выцягванне прасцінаў. Прышыванне адарваных падчас мыцця гузікаў. Дошка для прасавання – гэта стойка, з-за якой Сабіна прыглядаецца да вечару.

Дзяўчаткі развітваюцца з настаўнікам і ідуць наверх. Адна цёмнавалосая, вялікавокая. Другая – светлая i пухлая, кроў з малаком. На сходах вызначаюць правілы гульні. Разбіраюць ролі. Я буду сёння Бланкай i Цыганкай. Ты – Kнязёўнай i Сюзаннай. Ты настаўніцай, я лекарам. Ты да мяне прыходзіш з дзецьмі. Не, гуляем у дом. У кожнай з нас дом і дзеці. Мы будзем запрашаць адна адну на шашлыкі. Будзем ездзіць у Туніс.

Сабіна бачыць іх увесь час краем вока. Прас пакідае гладкі след, раўнае ўсё, што крывое.

Дзяўчаткі раскідваюць цацкі, рукамі акрэсліваюць прастору. Цяпер, пераступаючы нябачныя лініі, трэба казаць “дзень добры”, перад імем трэба дадаваць “пані”.

Сабіна бачыць, як яны ўкладваюць лялек на ружовым дыване, як расшпільваюць пецелькі іх сукенак, тыя самыя, якія яна хвіліну таму завязвала, як распранаюць лялек дагала. Не, не дагала, лялька ніколі не можа быць голай. Ружовая напятая скура зграбных барбі з асінай таліяй. Яны не могуць быць голыя, бо ў іх няма сярэдзіны i знадворку, у гэтым іх дасканаласць. Яны як каштоўныя камяні.

Дзяўчаткі не перастаюць гаварыць між сабой, але Сабіна іх не слухае. То бок не чуе словаў, ёй хапае самой мелодыі гэтага шчабятання, птушынай, рытмічнай, пяшчотнай. Рух праса запавольваецца, робіца машынальным. Нудзіцца пад ім белая прасціна.

Што было б, калі б Сабіна раптам кінула гэты прас, калі б радасна ўскочыла, калі б далучылася да трох дзяўчатак? Калі б уселася з імі на ружовым дыване і аддала пластыкавай пяшчотнасці бяспечную, умоўную мацярынскую любоў? Калі б пачала гатаваць і падаваць на стол абед з мноства гузікаў у лялечным посудзе? Што сталася б? Ці не перакуліўся б свет? Ах, Сабіна павінна быць уважлівай – ледзь не прыпаліла каўнерык пана доктара.

Падчас кожнага прасавання Сабіна гуляе ў пэўную гульню, нявінную забаву. Ніхто не можа гэтага заўважыць, бо гульня – у яе ўяўленні, яе фантазія, i, да таго ж, пра яе не раскажаш. Але я паспрабую. Такім чынам, Сабіна ўяўляе, што яна лялька, якая ляжыць на дыване. Яна ведае ўжо, як на ім ляжыцца, таму яна лёгка прыгадвае мягка-цвёрды ружовы мох пад спінай. Яна ведае пах дывану, таму цяпер можа нават адчуць гэты сінтэтычны пах. Ведае, што відаць з дывану, таму можа ўявіць сабе свет ножак крэслаў i стала, скрынак пад шафай, свет, які знянацку стаў вялізным. I бачыць схіленыя над сабой гладкія пыскі дзяўчатак, i чуе іх балбатню, урыўкі не размоваў, а размовак, лагодныя ўскрыкі, замшавыя ўздыхі, тонкі яблычны пах з іх вуснаў. I, што самае важнае, – адчувае дотык іх рук, ручак, пагладжванні маленькіх пальцаў, як птушыныя лапкі, як футрачка ласкі. Гэтыя пальцы зашпільваюць і расшпільваюць гузікі яе фартуха, вяжуць каўнерык пад шыяй. I тады яна адчувае, як увесь свет неяк драбнее. Усё робіцца умоўным, хісткім, усё цурчыць, як вада з сапсаванага крана, i з’яўляецца спачатку ў адным, потым у іншым абліччы. Усё можа здарыцца, хаця адбываецца няшмат. Гэта бадай што шчасце.

Сабіна пад градам маленькіх дотыкаў нечакана адчувае сваё цела, адчувае яго так, быццам яно мапа свету, быццам на ім рэкі, і азёры, i горы, быццам па іх вандруюць статкі антылопаў, сланы, адчувае на ім спёку пустэльняў і марозныя завеі ўсялякіх антарктыдаў. Яе скура ажывае – адказвае прыемным трымценнем. Рука, якая трымае прас, слабее, робіцца вялай (тады яна адстаўляе прас у бяспечнае месца), валасы ж над ілбом быццам цвярдзеюць, прынамсі, яна іх адчувае i дзівіцца таму, як можна адчуваць свае валасы. Рукі трох дзяўчынак апранаюць ляльку.

Прасаване – апошні пункт праграмы. Якраз чуваць адбіўку тэленавінаў. Сям’я M. будзе вячэраць. Званок у дзверы абвяшчае, што па суседскіх дзяўчынак прыйшлі іх мамы. Яны размаўляюць у дзвярах.

Сабіна кладзе грошы ў кішэню касцюму, збірае свае пластыкавыя пакеты – для пакупак у супермаркеце. Яна купіць курыцу на суботні абед, маргарыну i некалькі боханаў хлеба. “Aх, колькі яны ядуць хлеба”, – смяецца яна ў дзвярах пані Ёлі, a праз хвіліну яе ногі шамацяць жвірам дарогі.

“Сабіна, – кліча яе пані Ёля. Хвіліну вагаецца. – Сабіна... Хутка ты ўжо не зможаш працаваць – (Сабіна моршчыць лоб). – Мы падумалі з мужам, што... каб ты сабе прыдумала нейкае жаданне, святочнае ці несвяточнае. І мы яго выканаем. Каб пажадала сабе чагосьці. Чагосьці рэльнага”, – дадае яна паспешліва.

Сабіна не разумее, нахіляе галаву i недаверліва глядзіць.

“Пэўна, ёсць нешта такое, што ты хацела б мець, нешта толькі для цябе, не для тваіх хлопцаў, толькі для цябе”, – удакладняе пані Ёля, a Сабіна смяецца i чырванее. Добра, што ўжо цёмна, і гэтага не бачна. Чырвоная, як бурак.

Я не скажу, што будзе гэтым вечарам. Згадаю толькі пра хуткую вячэру. Пра адмыванне патэльні пасля бліноў, праверку, ці не заваляліся ў ранцах хлопцаў рэшткі бутэрбродаў. Хлапцы валтузяцца на падлозе. Страляюць адзін у аднаго з відэльцаў. Стол, прыкрыты цыратай у кратку, a на ім разлітае малако. Досыць.

Наступнага тыдня Сабіна прыходзіць у новай сукенцы для цяжарных. Свежая і духмяная. Яна падфарбавала рудыя валасы, спляла іх у зручны вузел. Пані Ёля, нейкая ўрачыстая, адчыняе ёй дзверы. Дзівіцца з яе выгляду. Налівае ёй у шклянку апельсінавага соку і кажа: “Дык што? Што за жаданне?”

Але Сабіна ўхіляецца. Скажа пасля, калі прыбярэ. У дзвярах з’яўляецца нават доктар M. са шкляначкай у руцэ.

“Мы ўжо ведаем, хто народзіцца, – кпіць пані Ёля, калі Сабіна складае бруднае начынне ў мыйніцу. – Дзіўна мне, што ты не хочаш ведаць. Я б хацела”, – працягвае пані Ёля i пачынае аповесць пра тое, як яна хадзіла, цяжарная Казяй. Сабіна ведае гэтую аповесць. Усе кабеты, раней ці пазней, апавядаюць, як хадзілі цяжарныя і як нарадзілі. Так павялося. Сабіна прыбірае лазенку, і калі пані Ёля нарэшце знікае, а яе аповесць сціхае ў прасторных памяшканнях дому, Сабіна падымае рукі i нюхае ў сябе пад пахамі. Пасля яна аглядае свой твар у люстры і мяккай туалетнай паперай выцірае лоб, каб не блішчэў. Яна спяшаецца i не паглыбляецца ўжо, як заўсёды, у кожную справу. Яна нават не заўважае, калі вымыла ванну. Прыбірае Казін пакой са звыклай пяшчотай, але сёння ў яе адчуванне, быццам яна высцілае яго для сябе, быццам для сябе агарнула яго ў ружовую нябачную бялізну. I прасаванне ідзе ў яе як па масле: цях-цях, шух-шух. Сабіна напявае, спрыскваючы вадой нягнуткія каўнерыкі доктара. Псссс, скардзяцца каўнерыкі.

Ёй удаецца скончыць усё так, як запланавала. Дзяўчынкі на сходах зноў тасуюць свае ролі, усталёўваюць межы свету. Сабіна бачыць са сходаў чубкі іх галоваў. Анёлкі, перапялочкі, веснавыя арэхавыя коцікі, тапалёвы пух.

Тады толькі спускаецца ў кухню. Пані Ёля паліць цыгарэту і чытае нейкі часопіс. У яе такі выгляд, быццам яна чакае Сабіну, гэткая добрая чараўніца. Праз хвіліну з’яўляецца яе муж.

“Дык што? Ці прыйшоў ужо час?” – пытае пані Ёля. I Сабіна кажа. Смела, з кожнай хвілінай усё больш упэўненая ў сабе, нечакана высокая i зграбная. Мышы, думае пані Ёля, цяжарнай кабеце нельга адмовіць, бо ўсё з’ядуць мышы.

Жаданне Сабіны. Яна хоча пагуляць з дзяўчаткамі, хоча быць лялькай, прылегчы на дыване, каб яны яе прычэсвалі i краналі, каб расплялі ёй валасы, каб завязалі ёй пад шыяй касынкі i завязачкі, каб апранулі яе i распранулі (у мяне вось швэдар, спецыяльна ўзяла), каб гладзілі яе па руках і каб прыставілі вуха дя яе жывата і слухалі, як ён там дыхае. “Я ведаю, гэта зноў будзе хлопец”, – кажа яна доктару M. Сабіна жадае дзявочых пяшчотаў, хоча чуць іх шчабятанне не здалёк, а каля самага вуха, хоча быць іх лялькай, іх вялікай, цёплай, пузатай барбі, хоць такіх не бывае ў крамах з цацкамі. Больш за тое, у Сабіны ёсць адчуванне, што так ужо калісьці было – хоць гэта неяк не атрымліваецца выказаць – што яна ўжо была маленькім безабаронным прадметам, i што каб жыць далей, гэта трэба паўтараць, як прычасце ў касцёле. Бо адзін раз не гарантуе збавення. Трэба аддацца сваёй найвялікшай слабасці, каб быць моцным. Таму яна хоча ляжаць на ружовым дыване і аглядаць мэблю знізу, заглядаць пад тахту і пісьмовы стол, дазволіць прадметам вырасці да неба, звесці усіх людзей да дзвюх ног у пантофлях, зноў не разумець, што кажуць. Яшчэ жадае, пры канцы, каб ніхто не дзівіўся гэтаму жаданню, ніхто не смяяўся з яго, і калі з гэтым жаданнем ёсць нейкая праблема, дык яна хутка забудзе i пажадае сабе дэзадарант “Iмпульс”, альбо новыя тоўстыя калготы, альбо срэбны пярсцёнак, альбо сукенку з “India Shop”.

Доктар M. (са шкляначкай у руцэ) пырскае смехам. Пані Ёля шыкае на яго. Глядзіць на Сабіну доўга, з жахліва сур’ёзным выразам твару. Яе вусны злёгку напружаныя, быццам яны дрыжаць. Яна бярэ Сабіну за руку i вядзе наверх, моўчкі. Сабіна толькі цяпер робіцца чырвонай, як півоня, як ружа, як мак, як віно, як яе ўласны язык, як нутро яе цела.


© Olga Tokarczuk, 2009.


Пераклад з польскай – Юльян Гайдук © 2009

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

806