№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Алешандры Радрыгеш

Правае ці левае? (O direito ou o esquerdo?)

Апавяданне

Пераклад з партугальскай Наста Гвоздзева


Нядаўна я чытаў пра чалавека, які страціў абодва вокі, але нават без іх зарабіў процьму грошай. Я забыўся, як, але зарабіў.

Натанаэл Ўэст. Мільён даляраў.

– Сеньёр Алешандры?

– Так.

– Я толькі каб упэўніцца: Вы сеньёр Алешандры ***?

– Я.

– Добры дзень. Я званю наконт вока.

– Вока?

– Менавіта. Трансплантанту.

– Трансплантанту? Я нічога не ведаю ні пра які трансплантант.

– Вы не атрымалі паведамлення?

– Якога паведамлення?

– Пра Вашае донарства.

– Донарства? Я не...

– Вы сапраўды не атрымалі паведамлення?

– Не памятаю такога.

– Там напісана, каб вы з’явіліся заўтра раніцай. Калі ласка, запішыце адрас.

– Не разумею. З’явіцца для чаго?

– Для донарства.

– Але я ўжо сказаў, мне не патрэбны ніякі трансплантант.

– Мы не разумеем адзін аднаго. Рэцыпіент не вы. Гэта вам трэба стаць донарам вока.

– Донарам? Гэта жарт?

– Вы ўпэўнены, што не атрымалі паведамлення? Хто ведае, можа гэта праз неахайнасць нашай службы рассылкі. Такая капэрта з зялёнымі краямі.

– Я ўпэўнены. Толькі што прагледзеў свае лісты. Што за блытаніна?

– У мяне тут усё напісана. Але ў гэтых запісах бывае часам наблытана.

– Напісана? Але хто пісаў?

– Хто? Ну, кампутар.

– Гэта нейкая лухта. Я нікуды не пайду.

– Але я ўпэўнены... тады... Вы праўда не атрымлівалі паведамлення?

– Не.

– Прашу прабачэння. Гэта праз новых супрацоўнікаў. Ніякай пільнасці да працы. Я магу папрасіць адтэрміноўку, але Вы павінны адказаць па зыску. Запішыце адрас.



– Добры дзень.

– Добры дзень. Тут рэгістрацыя?

– Так. Чым магу дапамагчы?

– Я хачу... мне трэба адказаць па зыску.

– Вы прыйшлі куды трэба. Чаго датычыць Вашая справа?

– Вока.

– Вока?

– Вока. Мне патэлефанавалі і сказалі, што я павінен стаць донарам вока. Але я не даваў згоды ні на якое донарства. Напэўна, адбылася нейкая памылка.

– А вы не ведаеце новых законаў?

– Некаторыя ведаю. Цяжка за ўсімі сачыць. Іх столькі прымаюць, што нельга з упэўненасцю сказаць, што ведаеш усе.

– Добра, вы можаце адказаць па зыску ў судзе першай ступені. Трэба напісаць заяву і прайсці сумоўе.

– А хто праводзіць сумоўе? Вы?

– Не, ну што Вы... Сумоўі праводзіць Спецыяліст. Я ягоная сакратарка.

– А па чым ён спецыяліст?

– Наколькі я ведаю, па розных рэчах. Гэта прафесія шырокага профілю і са шматлікімі магчымасцямі. І, безумоўна, ён спецыяліст па вызначэнні таго, хто павінен, а хто не павінен адказваць па зыску.

– А сумоўе будзе сёння?

– Ні ў якім разе. У нас тут заўжды шмат працы. Мы перагружаныя. Вы атрымаеце паведамленне на дом прыкладна праз два ці тры тыдні. Разгляд Вашай справы адкладаецца да гэтага часу. Ёсць яшчэ нейкія пытанні?

– Не.

– А, яшчэ адно. Вы не пазначылі ў анкеце, якое вока маецца на ўвазе. Правае ці левае?



– Якое у Вас пытанне?

– Вы Спецыяліст?

– Гэта толькі назва пасады. Як на мяне, то адзін бруд. Ніхто гэтага не разумее. Але магло быць і горш, дык хай будзе так, як ёсць. У чым справа?

– Мне паведамілі, што я павінен аддаць вока.

– Левае ці правае?

– Якая розніца? Я не хачу аддаваць ніводнага з двух.

– І як вы гэта абгрунтуеце?

– Як абгрунтую? Гэта МАЁ вока. Я з ім нарадзіўся. Гэта частка МАЙГО цела. Яно належыць мне, толькі мне.

– Мусіць, Вы не ведаеце новых законаў. Права на недатыкальнасць уласнага цела больш не існуе. Яго скасавалі. Гэтага можна было чакаць пасля ўсяго, што адбылося. Ніхто і не думаў, што ўсе тыя навуковыя спрэчкі скончацца проста так. Насталі новыя часы. Цяжкія. Мы больш не можам дазволіць сабе раскошы пакінуць прыродзе тую ролю, якая ў сучасных грамадствах павінна служыць усеагульнай карысці. Гэта было б папросту несправядліва. Людзям варта было падумаць пра гэта раней, калі донарства сышло на нуль. Яны ўсе засталіся б са сваімі некранутымі органамі. І Вы таксама.

– Дык я цяпер больш не гаспадар свайму ўласнаму воку?

– Гледзячы на Вашую справу, магу сцвярджаць, што не. З усёй упэўненасцю. Урэшце, для чаго Вам патрэбныя два вокі, калі вы іх не выкарыстоўваеце? Узяць Вашую жонку, да прыкладу.

– А што такое?

– Яна Вам здраджвае! Ды так подла і бессаромна! Усяго некалькі тыдняў таму яна выправілася ўслед за сваім палюбоўнікам у далёкае падарожжа. Калі Вы дома, яна думае, як сустрэцца з ім. А ён не адзін. Іх некалькі. Некалькі! Аднойчы яна прымала аднаго ў залі, калі Вы спалі ў пакоі. Паглядзіце на фатаграфіі. Пазнаяце гэтага? Ён самы. Ваш швагер. У Вашым пакоі. На Вашым ложку. А на гэтай, здаецца, нейкі мотакур’ер. Яшчэ адзін – яе былы аднакурснік. Гэта – нейкі незнаёмец. Пазнаёміліся ў супермаркеце і адразу папраставалі да Вашай кватэры. А вось гэты – вельмі асаблівы. Ваш галоўны супернік на працы. Вы яго падначалены, так жа ж?

– На сённяшні дзень – так, але...

– Сапраўды, было па-іншаму. Тут сказана, што Вы былі шэфам, а ён – практыкантам, але за апошнія пяць гадоў Вы не атрымалі ніводнага павышэння праз яго. Цяпер ён таксама трахае Вашу жонку. Вы ўжо спрабавалі так, як ён робіць з ёй?

– Гэта ўжо занадта. Я хачу падаць скаргу.

– Тут не тое месца. Паспрабуйце супакоіцца. У мяне тут усе доказы. Нікога без іх не выклікаюць. Можаце праверыць. Мы не якая-небудзь там кантора, каб наводзіць паклёп на паважаных людзей. У нас сур’ёзная дзейнасць. Мы дамагаемся, каб усе факты былі засведчаныя дакументамі. Ніводнае абвінавачанне не разглядаецца, пакуль няма доказаў. Гэта справядлівы судовы працэс. Што яшчэ... Вашыя браты падманулі вас, калі дзялілі спадчыну. Вы мелі права на дваццаць пяць працэнтаў пасля смерці бацькі, а атрымалі ўдвая менш. Вы пазычаеце грошы ахоўніку аўтастаянкі перад Вашым домам, а ён ніколі іх не аддае. І шмат чаго іншага, але думаю, больш не трэба працягваць. Гэтыя факты неаспрэчныя. Мы павінны прызначыць аперацыю. Якое гэта будзе вока: левае ці правае?

– А калі б замест вачэй была печань? Калі б я быў алканаўтам, мне належала б аддаць сваю адзіную печань да таго, як зусім знішчыць яе? Гэта мяне напэўна забіла б.

– Мы не варвары. Мы не можам пакінуць ні Вас, ні каго іншага без абодвух вачэй. Курэц страчвае толькі адно лёгкае, і толькі адну нырку выразаюць у аднаго з шырокага кола няшчасных, улічваючы, што вельмі цяжка дакладна вызначыць, хто псуе сабе ныркі, а хто не. Акрамя таго, пагадзіцеся, у Вас жа застанецца другое вока, у той час як які-небудзь сляпы, пазбаўлены зроку бязлітаснай воляй лёсу, зноў зможа разгледзець ці нават убачыць свет упершыню ў жыцці. Кранае, праўда? Вы павінны ганарыцца тым, што паўдзельнічаеце ў гэтым. Ведаеце, пра што я думаю ў такіх выпадках? Ніколі не здагадаецеся. Я думаю пра добрыя манеры, якія даўней былі ў модзе. Цяпер на іх ужо зусім забыліся. Краіна павінна вярнуцца да ранейшага. Трэба вярнуць той час, усю эпоху. Мужчыны ў цыліндрах, жанчыны ў доўгіх сукенках робяць рэверансы вечарамі ў серады, як у часы, калі аўтамабілі заводзілі спецыяльнай ручкай. Ведаеце, што самае лепшае? Вы можаце стаць у чаргу на атрыманне трансплантанту. Трэба толькі паказаць, што Вы вартыя таго, каб вам вярнулі вока, і дачакацца, пакуль які-небудзь няшчасны зробіць глупства, тады мы забярэм у яго вока і ўставім на месца Вашага былога.

– Але я хачу застацца са сваім цяперашнім вокам. Можна мне цяпер пакаяцца?

– Каб засведчыць Вашае перавыхаванне, патрэбны мінімальны тэрмін у шэсць месяцаў. Бюракратычныя перашкоды створаныя супраць хітруноў. Гэта доказ нашага сур’ёзнага падыходу. Запомніце: усё павінна мець пацверджанне. Але, напэўна, яшчэ да гэтага Вы застанецеся без вока. Дык якім вы ахвяруеце, левым ці правым?



– Ну што?

– Нічога. Застануся без вока. Божа...

– Ой, ну што ж Вы так. Гэта не канец свету. У Вас жа застанецца другое вока. Назаўжды застанецца прыгожае, між іншым, вока. Яны у вас абодва прыгожыя.

– Але ж... Сеньёра...

– Што такое?

– Нічога. Вы прывабная.

– Дзякую.

– Сур’ёзна.

– Вы мяне бянтэжыце.

– Гэта сапраўды так.

– Дзякуй яшчэ раз. Ведаеце што? Я Вам раскажу сакрэт. Вы ўмееце захоўваць сакрэты?

– Вядома.

– Вы можаце пачаць Працэс Абскарджання ў Другой Інстанцыі і папрасіць поўнага перагляду справы. Гэта робіцца аўтаматычна. Справа перапыняецца, абвінавачванні тым часам пераглядаюцца. Чыстая маруда, цягнецца гадамі. Тут заўжды не стае людзей. Вы ж тым часам застаецеся пры сваіх вачах.

– А чаму Ваш шэф мне гэтага не расказаў?

– Калі б шмат людзей ведала, закон страціў бы свой сэнс, а колькасць донараў і трансплантацыяў зноў зменшылася б. Пасля, магчыма, прыбралі б гэтую хібу, і ніхто не змог бы пазбегнуць пакарання. Зойдзем у кавярню? Я хутка сыходжу. Засталося толькі адно сумоўе. Можам дамовіцца, куды пойдзем. Я ведаю адно месца, недалёка адсюль. Класнае. Я даўно там не была. Ой, я забылася: каб адказаць па зыску, трэба прызначыць аперацыю. Вам... можна з Вамі на ты? Табе трэба выбраць вока. Гэта не болей, чым фармальнасць. Можна зрабіць гэта цяпер. Пісаць левае ці правае?


© Alexandre Rodrigues, 2009.

Пераклад з партугальскай – Наста Гвоздзева © 2009

Чытайце таксама

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

359