№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Марцін Святліцкі

Канцэнтрацыйны садок

Вершы

Пераклад з польскай Віялета Пачкоўская

Касабланка

(Casablanca)

Некаханы не здраджвае,
некаханы ходзіць, звонячы ў кішэні непатрэбным ключом.
З брамы высоўваецца дзядок, падазрона падобны да Богарта.
Цэлю проста ў тваё сэрца, сыне.
Ты ж ведаеш, што гэта найменш чуйная кропка ўва мне.
У суседняй падваротні знайшлі сямідзесяцігадовую Мэрылін Манро.
Яна здолела прахрыпецьтолькі ПУ-ПУ-ПІ-ДУ.
Некаханы не здраджвае,
некаханы ходзіць, звонячы ў кішэні непатрэбным ключом.
— Каго любіш?
— Люблю двух буслоў!
Я пазашлюбнае дзіця Богарта і ММ.
На гэтым усё.

З-Забойства

(M-Morderstwo)

Яна ж ляжыць з нажом у спіне.
Крыху на кіліме, крыху на падлозе.
Ледзь сагнуўшыся. Вось так.
Крыкі.
Сведкі як рыбіны, якіх хвіліну таму навучылі гаварыць...
Яна ж ляжыць з нажом у спіне.
Забойца йдзе спакойна калідорам.
Адчыняе дзверы. Выходзіць у сад.
Паўз клумбы, праз веснічкі, на вуліцу.
Сядае ў трамвай. Едзе ў трамваі, едзе, чытае газету,
даязджае да кальца, вяртаецца дамоў, паварочвае ключ у замку.
Яна ж ляжыць з нажом у спіне.
Яна ж ляжыць з нажом у спіне.
Крыху на кіліме, крыху на падлозе.
Сціпла сагнуўшыся. Вось так.
Крыкі (...) сведкі як рыбіны, якіх хвіліну таму навучылі гаварыць.
Яна ж ляжыць з нажом у спіне.
Яна ўстае, абтрасаецца.
Апранае камуфляж, вешае праз плячо калаш.
Выходзіць на вуліцу, выкатвае гаўбіцу.
Сядае ў трамвай, едзе ў трамваі, едзе, чытае газету, даязджае да кальца.
І ЛУПІЦЬ
У ЯГОНЫЯ ДЗВЕРЫ...................

Караль Кот

(Karol Kot)

Снег у касцёлах, снег у падваротнях, снег пад гарой Касцюшкі.
Я маю цень, я бачыў — я агледзеўся.
Я маю сіні цень на снезе.
Маю плашч, завялікі, цямнейшы за порткі.
А пад плашчом — прылада.
Не, не захінай, не захінеш, пакінь.
Ну, яшчэ крыху адкрый.
Люблю, калі крывавіш, бо старыя жанчыны — не.
Спіна, званочак, званочкі.
Званочкі ў касцёлах, званочкі ў брамах, званочкі пад гарой Касцюшкі.
Гузік з арлом. Трэнер секцыі па стральбе сцвярджае,
што не возьме мяне ў зборную.
Я моцна размахнуўся і ссек адначасова — хлопца, снег, паветра,
свой хрыбетнік, сцябло.
Снег ідзе, снег ідзе.
Маршырую праз сон.
Памнажаюся.

Студзень

(Styczeń)

Марціна Барана


Новая энэргія страсянула забітых.
Яны знаходзяць сабе працу, жытло, жанчыну.
Здзіраюць са сценаў фарбу,
малююць дзверы і вокны.
Кладуцца ў ложак і дрыжаць.
Іх жанчыне здаецца, што яны ў ёй,
а яны дрыжаць, проста так.

Першы падсрачнік.
Канечне: ніякіх табе пацалункаў гарачых.
За акном Пачвара, трамваі як танкі.
У тваім жываце пад маёю рукой варухнулася.

Пад вулканам

(Pod wulkanem)

Калі здымеш чорныя акуляры, свет здзіўляе яшчэ больш.
Ён робіцца сапраўдным.
Патрэбныя фарбы залазяць на патрэбныя месцы.
Змяя па ўсім, што стрэнецца, паўзе, якраз па тваёй назе.
Няма пра нас ні слова ў Канстытуцыі.
Снег выпадзе й схавае ўсё. Пакуль, аднак, убачыць можна горад — чорная косць,
часам асветленая фарамі маленькіх аўто.
Я ўсеўся высока й гляджу.
Вечар. Ужо замкнулі ўсе лунапаркі.
Няма пра нас ні слова ў Канстытуцыі.
Калі здымеш чорныя акуляры, свет здзіўляе яшчэ больш.
Ішоў сабака з намі і смярдзеў.
Усе дакументы спарахнелі — а я здаровы й цэлы.
ПАД ВУЛКАНАМ НАРАДЗІЛАСЯ
ДЗІЦЯ................

Не назаву

(Nie dam tytułu)

У смерці ёсць аўдыёплэер.
Яна ў цёмным купэ
для курцоў. А ўвесь цягнік асветлены, поўны
спацелых, півам пацеючых.

У смерці жаночая інтуіцыя. Вочы
ўтаропленыя ў мае вочы невідушча. Вочы
сустракаюцца ў шыбе. Бледнае святло адно
за акном. Малыя гарады як малыя могілкі.

Вялікі горад як пажар. Тут канцавая станцыя.
Ісці жыць. Прыкідвацца часткай грамадства.
Рабіць. Першай памрэ мова. Не
верыць.

Прывід

(Upiór)

Прайшло колькі дзён. Ужо колькі дзён я езджу на іншы канец горада.
Яшчэ пазаўчора я памятаў, навошта. Сёння не памятаю.
Праз парк, па вялікім зацухмоленым лісці, да самых дзвярэй.
Пазваніць, пастукаць, пастаяць, падумаць, адвярнуцца, адысці.
Гэта ўжо зусім не цярплівасць, гэта рэлігія.
Гэта ўжо зусім не рэлігія — сёння хтосьці варухнуўся ўсярэдзіне.
Заўтра будзе вясна, і я буду стукаць даўжэй.

Аліфант

(Olifant)

Я ўбачыў святло і прыйшоў. Пазваніў — і ты адчыніла.
Я прыйшоў не размаўляць, не сварыцца,
не весці адвечных войнаў.
Я прыйшоў па каханне.
Я ўжо маю адзін нож у спіне, і іншым там месца няма.
Адпадае дылема: кава альбо гарбата?
Я прыйшоў па каханне.
Я ўбачыў святло і прыйшоў. Пазваніў — і ты адчыніла.
Я прыйшоў не размаўляць. Не ўгаворваць.
Не збіраць подпісы. Не піць гарэлку.
Я прыйшоў па каханне.

Перад выбарамі

(Przed wyborami)

Сёння я набыў дзве сцябліны парэю.
Нёс за спінай, трымаючы як кветкі.
Лета з восенню грызецца. Форма ацалела й з падзямелля пнецца.
Усё ўкладаецца ў адну выразную дасканалую форму:
КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫ САДОК.
Сёння я набыў дзве сцябліны парэю.
Нёс за спінай, трымаючы як крыж.
Я настолькі мёртвы, што ажно хаджу, адчуваю.
Бачу, як усё ўкладаецца ў адну выразную дасканалую форму:
КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫ САДОК.

Парасоны

(Parasolki)

Нешта кажу. Я хацеў бы, каб само казалася. Каб само адбывалася.
Каб само пачалося. Каб само скончылася.
Нешта кажу, але ў галаве старыя нумары тэлефонаў, неактуальныя адрасы,
мноства ВЕЛЬМІ вульгарных выразаў.
Не выходзь без ПАРАсона,
НЕ Выходзь без параСОНа.
Аааа ўсё так ідэнтычна трывала яаааак нумар тэлефону на пушцы запалак,
аааа ўсё так ідэнтычна трывала яааааак нумар тэлефону на пушцы запалак аааа


пераклад з польскай —  Віялета Пачкоўская


Пераклад з польскай – Віялета Пачкоўская © 2009

Чытайце таксама

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

Роберт Энтан Ўілсан

Роберт Энтан Ўілсан

Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

785