№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Галіна Крук

"Схаваўшы ў малое вялікае..."

Вершы

Пераклад з ангельскай Алег Лойка


*     *     *


схаваўшы ў малое вялікае,
яна заўсёды трасецца на мытні,
сціскае валізу з налепкамі
ліпкімі ад страху пальцамі:
раптам нехта з іх возьме й прыгледзіцца да яе больш уважліва,
спытае патрабавальна:
— што, дзяўчо, ў цябе там усярэдзіне?
хваляванне здае яе, як шклатару,
здаецца, што ўсе яны,
як на рэнтгене, бачаць у ёй прыхаванае:
гэту скіфскую бабу з пляскатымі грудзямі старэчымі,
гэты корд, увагнаны ў душу, з дзяржальнам інкруставаным,
гэты свавольнай пасмай прыкрыты
лік іконнае Багародзіцы,
гэтыя запхнутыя глыбака ў памяць
рукапісы з выцвілымі ўставамі, паўуставамі
і раскошнымі (для знатака) маргінэсамі...
гэтыя кірылічныя літары, для іхных вачэй нястраўныя,
і — толькі не гавары яе маме —
жыццёвага досведу цяжкія наркотыкі,
кішэнны вібратар, мама-анархія,
перакананне, што тэрарысты маюць таксама рацыю,
забароненая літаратура: ад «перверзіі» да «парнаграфіі» —
як усё гэта ўпісаць ёй у мытную дэкларацыю?

*     *     *


Адной ранняю восенню,
калі назольныя мухі думак
не змогуць дабудзіцца цябе на золку,
на гэтым апошнім плацдарме сну,
з якога ўжо няма куды адступаць,
ты азірнешся на ўсё гэта,
нібы пабачыўшы ўпершыню:
дамок на ўзвышшы
ўвесь парослы дзікай лазою
і расхрыстанымі хрызантэмамі,
аскетычны ложак,
які памятaе ўсе прамоўленыя тут малітвы,
складаны чалавек за сцяной,
з якім не склалася...
прызнай сваю паразу,
прызнай нарэшце сваю паразу!
гэтай раненай восенню,
якая, нібы змагар, што адстаў ад сваіх,
знясілена цягне за сабой крывавы след —
падалей ад людзей,
падалей ад іх асіплага радыё,
якое раз у гадзіну перадае навіны з лініі фронту,
падалей ад лініі фронту,
якая ніколі не бывае прамой, як далягляд,
якая заўсёды ламаная,
як мова на акупаванай тэрыторыі,
як кардыяграма твайго сэрца,
якое яшчэ б’ецца само з сабою
за права не біцца

*     *     *


сніцца мне бамбасховішча на ваколіцы памяці.
апошняе, што захавалася са школьных урокаў ваенкі
— вайны больш ніколі не будзе, — казала настаўніца,
але кожны з вас, дзеці, павінен памятаць:
у выпадку ядзернага выбуху,
ужывання зброі масавага паражэння
ці іншага казусу
трэба спускацца ў бамбасховішча, пазбягаючы панікі,
браць з сабою толькі неабходныя рэчы, нічога лішняга,
цёплую вопратку, на выпадак калі вайна пратрывае да холаду, —
бамбасховічы, каб жа вы, дзеці, ведалі, не ацяпляюцца
— а хіба нам і так там не будзе горача? —
кідаў хтосьці з «камчаткі» дасціпную рэпліку
— а цябе, Грынавец, могуць туды не пусціць увогуле,
месца хопіць не ўсім,
запасы вады і прадуктаў абмежаваныя...
я ўжо ведаю,
ў гэтым армагедоне не ўдасца пазбегнуць панікі,
колькі дзяцей затопчуць
на спуску ў апошняе бамбасховішча?
не ўяўляю сабе, як, Божа, ты будзеш рабіць выбарку, —
кожны дзесяцітысячны?
кожны мільённы?
а як жа пагрэшнасць?
я веру, што абыдзецца без дыскрымінацыі
па поле, па расе, па веравызнанні,
хочацца верыць...
колькі глыткоў паветра кожнаму з іх дастанецца,
пакуль яны будуць чакаць свайго deus ex machina...
— кожны клас, — казала настаўніца, —
трымаецца свайго настаўніка
і яшчэ раз паўтараю, не насіцца ў праходах між нарамі,
мець пры сабе ў нагруднай кішэньцы бірачку з іменем,
напісаным каліграфічным, а не такім, як у цябе, Федчанка, почыркам...
навошта? — здзіўляюся я дагэтуль,
відаць, для таго, каб анёлы
якія будуць выносіць душы (бо ніхто так напраўду не выжыве)
каб анёлы ў белых шатах з чырвоным крыжом
(і паўмесяцам?)
каб анёлы ведалі, як, малы, да цябе звяртацца...

*     *     *


зрэдку да мяне заходзіць чачэнка-смяротніца,
сядае за стол і мы доўга гутарым пра дзяцей,
бо пра што яшчэ могуць быць размовы ў жанчынаў
з такімі прасветленымі тварамі
— учора мой упершыню спытаўся пра смерць, — кажу я, —
і я блытана спрабавала патлумачыць яму, чаму...
— мой мяне разумее без тлумачэнняў, — кажа яна, —
ведаеш, яны цяпер так хутка дарастаюць
да першага стрэлу...
— як да першага прычасця, — думаецца мне,
але гэта ўжо з нашай — soft-версіі — вечнасці
мы так часта спрабуем выхаваць нашых сыноў лагоднымі,
што яны ў рэшце рэшт паміраюць ад страты годнасці
— a la guerre comme a la guerre, —
кажа яна з досведу сваёй французскай філалогіі
і чачэнскай гісторыі,
і мне няма чым запярэчыць з досведу сваёй украінскай,
абцяжаранай недарэчнымі памяншальна-ласкальнымі суфіксамі
і суцэльнымі знакамі мяккасці
мы так рупліва вучым нашых сыноў паліткарэктнасці,
што яны ў рэшце рэшт паміраюць ад ніякаватасці
— свет не пакідае нам іншага выйсця, —
кажа яна развітваючыся,
і я папраўляю яе валасы, што выбіліся,
раскошныя чорныя валасы
пад дабротнымі вайсковымі ботамі —
пройгрышная роля маці
ў касавым расійскім мюзікле

*     *     *


нiхто не скажа табе каханая
калi ты блукаеш пакоямi —
правiльнымi прастакутнiкамi
з адных задушных кутоў бяссоння ў iншыя
праз морак схапiўшыся за галаву замарочаную
ты пытаеш сябе рытарычна —
калi гэта ўсё ўрэшце скончыцца?
чаму нат падобная да
крамянога мурына музыка
плечы нiяк не працiсне
ў сэрца тваё растахканае?
нiхто не цалуе голасу твайго на выхадзе з вуснаў,
на кроў закусаных
голасу голага
нiхто не згадае
нiхто не пазвонiць у дзверы
нiхто не памрэ ад тугi
хiба што кветкi на падваконнi праз месяц пасохнуць
хiба што вецер з часам акно разаб’е незачыненае
хiба што суседскія дзецi праз год прыйдуць спяваць шчодры вечар

*     *     *


Часам нат удаецца прыўзняцца
на некалькi цаляў над брукам
i мякка гайдацца ў паветры
так дзецi
пускаюць па ветры паветраных цмокаў
i мараць ляцець i
заўсёды здараецца ўпасцi балюча
i двойчы
й са свiстам зрываецца шчасце дзiцячае
з верхняе ноты
што iм застаецца тады — шпрыцы
цэлафан
цыгарэты
цырозы
цэйтноты
цi цноты й пякноты
цi кут
цi пакуты й цыкута

а часам бывае мы звешваем ногi з iржавае хмары
i пальцамi водзiм па iх мурашыных маршрутах
Шансон на два куплеты з пройгрышам

два куплеты i пройгрыш
карусель
таго-што-было-раней non stop
штокола за кiмсьцi навек зачыняюцца дзверы
з iржавым iржаннем
бязногiя конiкi рвуцца да прэрый —
навыперадкi
два куплеты i пройгрыш
вачыма лыпаючы
два куплеты i пройгрыш
даганяючы зад наперадзе
працягнi мне руку
кiнь мне ласо свайго погляду
хто ж нас зрабiў такiмi безнадзейна далёкiмi
хто ж нас задумаў такiмi без шансаў пройгрышнымi
на гэтай кружэлцы заезджанай
два куплеты i пройгрыш —
дзе нат каханне пакiнуць здольнае толькi драпiны

*     *     *


Суседскі пад нульку голены хлопчык з дзяцiнства твайго
так i не вырас,
нягледзячы на час,
што нясе нас усё далей ад тых берагоў.
Яго галава, стрыжаная на лета даваеннай машынкай,
не пакрылася зноў мяккiмi каштанавымi кудзеркамi
Не, ён не ўтапiўся,
паблiзу ж не было глыбокай ракi,
быў хiба час, якi млява цячэ, падмываючы берагi.
Яго мацi, забыўшыся, часта выходзiла на парог
клiкаць яго з вясёлых хлапечых забаваў,
з якiх так цяжка ў час вярнуцца дадому, —
i ён не вяртаўся.
Нават уночы.
Нават узiмку.
Нават калi ты зусiм вырасла i заўважыла раптам,
што твайго сына завуць гэтаксама.

*     *     *


тонкая светлалосая дзеўчына кажа табе:
пачакай,

пакуль сцiхне дождж
на старой кружэлцы з заезджанымi дарожкамi,
што вядуць у адным кiрунку
й нiколi наўпопяць
i ты чакаеш,
не гладзiш яе залацiстае рунi,
не iрвеш кiславатага вiнаграду
яе няўмелых цалункаў,
не кажаш:
маленькая ты мая светлакосая,
той дождж называецца час...
падышоўшы ўскрай блiзка да твару яе,
ты заўважаеш шчылiны, праз якiя
яна ўсё глыбей занураецца
у сябе
гэтым часам кружэлка, нiбы Сізіф,
перакотвае кожную кроплю
пустыняю сэрца
безвыходнымi вулкамi рук,
глухiмi задворкамi галасоў
i тут жа пакiдае вас
разгубленых i пастарэлых
пасярод пустой трасы на Эмаўс
i робiцца цiха-цiха па той бок дажджу
 

пераклад з украінскай —  Марыя Мартысевіч

 

© Галина Крук, 2009

 
Пераклад з ангельскай – Алег Лойка © 2009

Чытайце таксама

Ян Руар Лейквол

Ян Руар Лейквол

Нарвежскі пісьменнік.

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

1010