№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Іосіф Бродскі (Иосиф Бродский)

1940 - 1996

Іосіф Бродскі
Расійскі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры 1987 году.

Нарадзіўся ў Ленінградзе. Бацька, Аляксандр Бродскі (1903–1984), быў ваенным фотакарэспандэнтам, пасля дэмабілізацыі ў 1950 м працаваў фатографам і журналістам у некалькіх ленінградскіх газетах. Маці, Марыя Вольперт (1905–1983), працавала бухгалтаркай. Маленства Іосіфа прыйшлося на час вайны, блакады, эвакуацыі ў Чарапавец, потым – пасляваеннай беднасці; у гэты час бацькі не было побач.

У 1955 годзе, скончыўшы сем класаў і пачаўшы восьмы, Бродскі кінуў школу і паступіў чаляднікам фрэзероўшчыка на завод “Арсенал”. Гэтае рашэнне было звязанае як з праблемамі ў школе, так і з жаданнем Бродскага фінансава падтрымаць сям’ю. Спрабаваў паступіць у школу падводнікаў, не атрымалася. У 16 гадоў загарэўся ідэяй стаць лекарам, месяц працаваў памочнікам у моргу пры абласной лякарні, але ў выніку адмовіўся ад медыцынскай кар’еры. Апрача гэтага, цягам пяці гадоў пасля сыходу са школы Бродскі працаваў абпальшчыкам у кацельні, матросам на маяку, рабочым у пяці геалагічных экспедыцыях. У той жа час ён вельмі многа, але беспарадкава чытаў – перадусім паэзію, філасофскую і рэлігійную літаратуру, пачаў вучыць ангельскую і польскую мовы.

У 1958 г. Бродскі з сябрамі разглядаў магчымасць уцёкаў з СССР на скрадзеным самалёце, але потым адмовіўся ад гэтае задумы.

Канец 50-х – пачатак 60-х – гэта часы знаёмстваў (Я. Рэйн, А. Найман, У. Уфлянд, Б. Акуджава, Г. Ахматава і інш.) і першых буйных публічных выступаў.

У 1962 годзе Бродскі сустрэў маладую мастачку Марыну Басманаву, якой прысвечаны не адзін верш паэта. Яны расстаюцца канчаткова ў 1968 годзе, пасля нараджэння агульнага сына Андрэя Басманава.

У 1963–1964 гадах у газетах друкуецца спачатку паклёпніцкі артыкул пра Бродскага, а потым падборка чытацкіх лістоў, якія патрабавалі пакараць “дармаеда”. На гэты перыяд прыпадае спроба самагубства (што, магчыма, было звязана не толькі з пераследам але і з разрывам з Марынай Басманавай). Пераслед не скончыўся на словах, і 13 лютага 1964 году Бродскага арыштавалі па абвінавачанні ў дармаедстве. 14 лютага ў яго здарыўся першы сардэчны прыступ. З гэтага часу пастаянная стэнакардыя заўжды нагадвала яму пра магчымасць блізкай смерці. Бродскага на пяць гадоў адправілі на прымусовае пасяленне ў Каношскі раён Архангельскай вобласці (в. Норанская). Але гэты выпадак суду над паэтам не застаўся без увагі, і праз паўтара году пад ціскам сусветнай грамадскасці (у прыватнасці пасля звароту да савецкага ўраду Ж.-П. Сартра і іншых замежных пісьменнікаў) пакаранне было скасаванае.

1965 – Бродскі па рэкамендацыі Чукоўскага і Б. Вахціна быў прыняты ў саюз пісьменнікаў СССР.

1972 – вымушаная эміграцыя, Вена, Лондан, прафесар на кафедры славістыкі Мічыганскага універсітэта ў г. Эн-Арбар.

1981 – пераязджае ў Нью-Ёрк.

На эміграцыі працягвае пісаць, у тым ліку і на ангельскай мове, займаецца літаратурнымі перакладамі.

1987 – Бродскі стаў лаурэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, якая была дадзеная яму за “ўсеабдымную творчасць, насычаную чысцінёй думкі і яркасцю паэзіі”. У адным з інтэрв’ю казаў пра сябе: “Я габрэй, расійскі паэт і ангельскі эсэіст”.

У Расію Бродскі так і не вярнуўся, нягледзячы на шматлікія запрашэнні ў пачатку 1990-х.

Іосіф Бродскі памёр ад інфаркту ўначы на 28 студзеня 1996 году ў Нью-Ёрку. Пахаваны ў адным з найулюбёнейшых гарадоў – Венецыі – на могілках вострава Сан-Мікеле.

Чытайце таксама

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Мішэль Луё

Мішэль Луё

Французскі пісьменнік

Амбраз Бірс

Амбраз Бірс

Амерыканскі пісьменнік і журналіст, выбітны публіцыст-сатырык свайго часу.

Франк Варжак

Франк Варжак

Французскі пісьменнік.

834