Французская філосафка-экзістэнцыялістка, пісьменніца, ідэалагіня фемінісцкага руху. Сяброўка й аднадумка Жан-Поля Сартра (абодва былі супраць шлюбу).
Тэарэтыца не толькі фемінізму, але і экзістэнцыялізму. Нароўні з Сартрам, Камю й Мерло-Панці актыўна ўдзельнічала ў выпрацоўцы, станаўленні і распаўсюджванні атэістычнага экзістэнцыялізму. Аўтарка шматлікіх эсэ, раманаў, навелаў, мемуараў, у дадатак таленавітая эпісталярніца. Сузаснавальніца часопіса "Новы час" (Les Temps modernes). Двухтомнае эсэ "Другі пол" (1949), якое было забароненае ў Ватыкане і СССР, хутка ператварылася ў сапраўдную біблію фемінізму і сталася тэарэтычным штуршком да фемінісцкай рэвалюцыі ў другой палове ХХ стагоддзя ў заходнім свеце. Прадмова да эсэ друкуецца па-беларуску ўпершыню.