№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Хінемаана Бэйкер

Хатнія роды

Вершы

Пераклад з ангельскай Марыя Мартысевіч

Неўзабаве ў выдавецтве “Крок” (Украіна, Тэрнопаль) пабачыць свет кніга вершаў Хінемааны Бэйкер па-беларуску. Вашай увазе — паэтычны анонс выдання.

 

 шчаслівая пячэнька

(fortune cookie)

 

Бацька прыязджае на яе саракагоддзе. Не думай пра гэта

як пра спробу зачацця, кажа ён ёй. Проста ўяві, што спяшаешся на самалёт.

 

Так будзе меней стрэсу. Планаваць можна ўсё адно,

толькі без гэткай напругі.

 

Тату трапілася “Беражлівы чалавек — свабодны чалавек”.

Ёй трапілася “Ніколі не бяры сякеру, калі трэба забіць муху на лбе сябра”.

 

Апошняя пячэнька тату: “Ты дажывеш да пахілых гадоў

у міры і згодзе ў атачэнні любячых дзяцей і ўнукаў”. Яна мяняецца з ім

 

на “Людзі вядуць лік правінам тых, хто прымушае чакаць іх”.

Потым яна сядзіць ціха, глядзіць у акно.

 

Яна думае пра той пералёт.

Неспакойны пілот, які ўвесь час звяраецца з прыборамі

 

зямля, што плыве з-пад ног з аэрапорта ў аэрапорт

як толькі шасі кранаецца ўзлётнай.

 

  Дзень Вайтангі [1]

(Waitangi Day)

 

Сесіль бярэ камамбер

з раскрытай скрынкі.

 

Яна засмечвае пляж:

сакавіты бісквіт

 

у шакаладнай глазуры

начынены карамеллю

 

пятачкі безэ і гэтая штука —

авальны шэра-жоўты мяч

 

помесь тэніснага і для рэгбі.

Нож пускае з яго фантан

 

малінавага нектару. Мантра Авуляшкі:

усё ад нерваў

 

*

Перамываем косткі шкілетам у шафе:

гэтым мужчынаммары, апошнімвагонам.

 

Сесіль узбівае маскарпонэ, без толку.

Дзе б мы былі без мужчыны

 

што робіць кесарава сячэнне хмызам

за нашымі спінамі? Праверыць трубы,

 

не зацыклівацца на цыкле

надта малы таз

 

пад гэтай надта вялікай талеркай

Надыходзіць адліў, мы фатаграфуем

 

маю дзетку-яйцаклетку

дзетку-рулетку, дзетку-малую-бедку

 

Пітая фарбуе ружовым

расколінкі ёй на зубах.

 

*

Старонка, чырвонае неба,

яго чорны

 

візуальны гонг

Матарыкі [2] провады старога году

 

Намацваем тэрмас

у сухім халодным пяску.

 

Нараніцу я ружовым сікаю,

ружовым какаю.

 

Я пераймяноўваю пса

ў Canis Minor [3].

 

  

сквош-клуб

(the squash club)

 

У дзяцінстве я мела выбар:

чакаць у машыне або

чакаць у сквош-клубе [4].

 

Там быў стол для снукера.

Мая далонь на зялёным сукне

Вяду пальцам па чорным

 

паўколе, ямка для кія

ў блакітнай крэйдзе.

Часам — дваццаць цэнтаў

 

у шчыліне крэсла з плеценай спінкай.

Усё тое месца пахла

як татава спартовая торба

 

налобнік, што ён пакідаў на ноч

ля пральнай машыны.

Я расцягвала пакецік чыпсаў на гадзіны

 

смокчучы іх, як цукеркі.

У жаночай

распранальні

 

бландынка

сушыць валасы.

Твой тата сёння гуляе?

 

На якім корце?

Пах яблыка

ў цёплым струмені з сушылкі.

 

 

хатнія роды [5]

(homebirth)

 

(і)

Грануляваны струменевы гук шырокага дыяпазону,

пачатак яго не рэзкі,

а плаўны, сам гук — працяглы.

Ён шчыльны й працяглы,

са спарадычным тэмпам

якому ўласціва выходзіць

з патугай

 

(іі)

Серыя адрывістых фразаў,

што пачынаюцца з моцнай атакі.

Заканчэнні раптоўныя.

Адпачатку яны сцякаюцца ў цэнтральную паласу

спектральнай прасторы

і маюць шматкротны характар

 

(iii)

Наступная фаза дзве траціны шляху

рытм нарастае, даючы прайсці

выбухному інтэнсіўнаму гуку.

 

(iv)

Схоплівае ўсё цела ад кораня

(нізкая глухая фаза)

да купалу

(размытае рэха званоў)

з цэнтрам, які займае

шырокая паласа белага шуму.

 

 (v)

Перабіўкі з жывёльных гукаў

кваканне

гуд пчалы

 

(vi)

Ніспадальны тон градуюе

рассейваецца

пакідае аддаленыя адгалоскі.

 

(vii)

Напружанасць

перадчуванне

клацальнай фазы

 

(viii)

Спускная фраза

і — сінхронна — вібрацыя

стварае напружанне

штурхае наперад у чаканні

мацнейшай фазы.

 

(ix)

Аддаленыя званы

ствараюць адчуванне пустэчы.

 

 

місіс [6]: манеры

(mrs: manners)

 

шукаю ў сумцы тампон

выцягваю спярша батарэйку

 

каўпачок ад фламастра

потым цыліндрык смактулек

 

на яго наляпілася

наша першая квітанцыя за TV

 

місіс Хінемаана Бэйкер

я думаю пра майстра

 

каторы ставіў талерку

як ён шапялявіў

 

якія ён меў манеры

ці ён машынальна

 

шчоўкнуў асадкай

ці то адчытаў гэта

 

як па кававай гушчы

па пілавінні ў майстэрні

 

па інструменце ў вітальні

і падкрэсліў патрэбнае?

 

  

місіс: спыняецца

(mrs:finishing)

 

тонкі, санорны, чы-

сты гук уначы

 

можа, кітайскі званочак

суседзяў, адна нота

 

манатонная нота

можа, сігнал эсэмэс

 

на тэлефоне

ў вітальні

 

далёкая котка

касмічны піск

 

пральная машына спыня-

ецца і — цішыня, цішыня, цішыня

 

 

місіс: твінкл

(mrs:twinkle)

 

Найлепшыя раніцы

прачынацца без будзільніка

але акурат у час

Аблокі прымаюць форму

выспы пад імі

(he kapua whakapuke) [7]

 

Вялікая пляма цвіце над ложкам

на начным століку

мішка грае твінкл

твінкл [8], выцвіла-жоўты

і лысы, з перлінкамі на шыі.

 

Яна сніла, што ёй далі човен

яна кажа для даху з такім нахілам

трэба іншае пакрыццё

бо раней гэта былі

тры асобныя плямы, памятаеш?

 

  

стары бойфрэнд

(old boyfriend)

 

гібон учапіўся гладкімі

чорнымі кіпцюрамі

ў твой заручальны пярсцёнак

 

 

Файфаклок

(He Kaputī)

 

адна стрыечная кажа

я хачу татуяваць губу

але перш завяжу з куравам

 

нельга так проста,

чуеш, сястронка

трэба заслужыць

 

заслужыць, чорцебяры

ты хоць спрабавала

кінуць смаліць

 

ціпа трэба састарыцца

мець дзяцей

ведаць сваю факапапух[11]

да самага хаваікі[12]

 

другая стрыечная кажа

зірні на яе

зусім шкетка стала

скурылася

 

у штатах гэта незаконна

стопудова ё гарады

дзе яны цябе вяжуць

як тока ты твар пакажаш на вуліцу

 

ну і

лухтаааааа

брэшуць а ты вушы развесіла

 

ну калі мы не можам сабе набіць

то хто

дай прыкурыць сястронка

мы – гэта ў сэнсе жэншчыны маоры

каму яшчэ мець татухі, як не нам

 

робі ўільямзу[13]

кажам мы хорам

 

і не кажы

наступную на падбародку зробіць

во дзібіл

 

___________________________

 

Каментар

 

1. Дзень Вайтангі — нацыянальнае свята Новай Зеландыі, якое адзначаецца 6 лютага. У гэты дзень у 1840 годзе ў паселішчы Вайтангі ўлады Брытанскай імперыі падпісалі дамову з некалькімі правадырамі маоры пра тое, што Новая Зеландыя пераходзіць ва ўладанні брытанскай каралевы. Дамова Вайтангі лічыцца пачаткам новазеландскай дзяржаўнасці. Хоць яна і вызначала каланіяльны статус Новай Зеландыі, яна ў той жа час гарантавала роўныя правы для ўсіх жыхароў, хоць не ўсе гэтыя правы ў выніку былі датрыманыя. У вершы гэта сімвал падманутых надзеяў.

2. Матарыкі — Новы год маоры, адзначаецца ў маі або чэрвені (у Новай Зеландыі тады зіма). Для маоры гэта час, калі варта азірнуцца і пераасэнсаваць мінулае. Таксама Матарыкі — гэта сузор’е Плеядаў. З яго з’яўленнем на небе ў Паўднёвым паўшар’і пачынаецца свята. Згадка Матарыкі ў вершы, прысвечаным летняму для новазеландцаў святу, асацыятыўная.

3. Canis Minor (лац.) — Малы Пёс, сузор’е Паўднёвага паўшар’я, найлепш бачнае ў студзені-лютым.

4. Першыя радкі натхнёныя вершам “Купляючы віно” (Buying Wine) амерыканскага паэта Себасцьяна Мэцьюза (Sebastian Matthews, 1965), які пачынаецца так: "У дзяцінстве мы мелі выбар: застацца ў машыне або / ісці за ім у вінную краму…" (‘When we were boys we had a choice: stay in the car or else / follow him into Wine Mart).

5. “Хатнія роды” — верш-вербатым. Паэтка пазычыла тэкст, толькі крыху змяніўшы яго, з экзаменацыйнай працы па курсе “Тэорыя і аналіз электроннай музыкі” сваёй партнёркі Крысцін Ўайт.

6. У Новай Зеландыі “місіс” — размоўнае для “жонкі”.

7. Радок на мове маоры — літаральны пераклад папярэдняй фразы верша. Маецца на ўвазе невялікая выспа Капіці, якую добра відаць з узбярэжжа Новай Зеландыі. Асаблівасці клімату ў гэтым кутку планеты робяцца прычынай таго, што над выспамі часта кандэнсуюцца вялікія аблокі выцягнутай формы. Паводле паданняў, менавіта такое воблака падказала чаўнам маоры падчас іх рассялення па Палінезіі дарогу да Новай Зеландыі. Аатэароа — "Зямля доўгай белай хмары" — другая афіцыйная назва краіны.

8. Twinkle, twinkle, little star… (анг. “Свяці, свяці, зорачка”) — папулярная ангельская дзіцячая песенька.

9. Whakapapa (маоры) — радавод.

10. Hawaiki — міфічная прарадзіма маоры, з якой яны, паводле паданняў, прыплылі ў Новую Зеландыю.

Пераклад з ангельскай – Марыя Мартысевіч © 2016

Чытайце таксама

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Шэрвуд Андэрсан

Шэрвуд Андэрсан

Амерыканскі празаік, аўтар раманаў і апавяданняў.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

994