№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Сапфо ( Σαπφώ)

630/612 да н.э. - 572/570 да н.э.

Сапфо

Сапфо – старажытнагрэцкая паэтка-мелік (то бок лірык), якую філолагі эліністычнай Александрыі залічылі да “дзевяці лірыкаў”, вартых крытычнага вывучэння. Разам з Сапфо ў гэты канон увайшлі Алкман, Алкей, Анакрэонт, Стэсіхор, Івік, Сіманід, Піндар і Вакхілід.

Пра жыццё Сапфо вядома няшмат. Нарадзілася яна на в. Лесбас (паводле розных звестак, у г. Мітылены ці г. Эрэс); яе бацька Скамандронім быў прадстаўніком знатнага роду і займаўся гандлем. У шэсць гадоў яна засталася сіратой, і яе аддалі ў школу гетэраў, дзе яна ўжо ў раннім узросце пачала пісаць оды, гімны, элегіі і інш.

У сярэдзіне VII ст. да н.э. у Мітыленах уладу атрымлівае алігархія царскага роду Пенфілідаў, але іх улада ў выніку змовы была зрынутая, і сярод арыстакратычных сем’яў разгарэлася барацьба за верхавенства. У 618 г. да н.э. уладу захапіў Меланхр (якога старажытныя аўтары называюць першым тыранам Мітылен), але праз некаторы час паэт Алкей, яго браты і будучы тыран Мітылен Пітака яго зрынулі. Тыранам робіцца Мірсіл, палітыка якога была скіраваная супраць некаторых прадстаўнікоў старой мітыленскай арыстакратыі, і многім з іх, у тым ліку і Сапфо, давялося пакінуць горад (паміж 612 і 618 гг. да н.э.). Да смерці Мірсіла (паміж 595 і 579 да н.э.) Сапфо жыла на в. Сіцылія, пасля зноў вярнулася ў Мітылены.

Паводле падання, у гэты час ёй захапіўся паэт Алкей (захаваліся фрагменты паэтычнага дыялогу паміж ім і Сапфо), аднак паэтка выйшла замуж за багатага андрыйца Керкіласа, і ў яе нарадзілася дачка, якую назвалі ў гонар маці – Сапфо, Клейс ці Клеіда. Сапфо прысвяціла ёй цыкл вершаў. І муж, і дзіця Сапфо пражылі нядоўга.

Сацыяльны статус жанчыны на в. Лесбас і ў Эялідзе быў больш свабодны, чым у іншых старажытнагрэцкіх рэгіёнах. Жанчыны ў сацыяльнай актыўнасці не мелі амаль ніякіх абмежаванняў: па жаночай лініі магла перадавацца частка сямейнай маёмасці, на востраве захаваліся фіясы – жаночыя супольнасці накшталт мужчынскіх гетэрыяў. Сапфо ўзначальвала такі фіяс – культавае аб’яднанне, прысвечанае Афрадыце, адной з задач якога было рыхтаваць заможных дзяўчат да замужжа. Сапфо навучала дзяўчат музыцы, танцам, вершаскладанню.

Сапфо пісала вершы, якія былі прызначаныя для выканання ў вузкім коле фіяса, а таксама творы, разлічаныя на шырокую аўдыторыю, напрыклад, эпіталаміі, традыцыйныя вясельныя песні, якія адлюстроўваюць развітанне нявесты з дзявоцтвам, прызначаныя для выканання хорам юнакоў і дзяўчат перад уваходам у шлюбны пакой.

Мяркуецца, што гімны Сапфо не мелі дачынення да культу і вылучаліся суб’ектыўным характарам. Іх называлі заклікальнымі (κλητικόι), бо кожны з іх быў звернуты да якога-небудзь бога. Апроч таго, Сапфо прыпісваюць элегіі і эпіграмы.

Складзеныя ў александрыйскі перыяд корпус твораў Сапфо налічваў 9 кніг, размешчаных часткова паводле метрыкі, часткова паводле віду меласу. З твораў Сапфо да нас дайшло толькі 170 фрагментаў, у тым ліку адзін верш цалкам.

Сапфо ўвяла ў вершаскладанне некалькі рытмічных узораў (напрыклад, так званыя вялікая і малая сапфічныя строфы), якія высока цаніліся і яе сучаснікамі, і паэтамі пазнейшага часу (напрыклад, Катулам і Гарацыем).

У старажытнасці існавала шмат паданняў пра стасункі паэткі і яе сябровак і абраннікаў. Да такіх паданняў адносіцца гісторыя пра каханне Сапфо да юнака Фаона, які адмовіў ёй, праз што яна нібыта кінулася ў мора з Леўкадскай стромы ў Акарнаніі. Часам у абраннікі Сапфо залічваюць нават Анакрэонта (які жыў на 60 гадоў пазней за яе) і Архілоха з Гіпанактам (іх жыцці раздзеленыя прамежкам у 150 гадоў).

Паэзія Сапфо высока цанілася яшчэ ў старажытны час. Салон, пачуўшы на бяседзе адзін з вершаў Сапфо, адразу ж вывучыў яго, дадаўшы, што хацеў бы памерці, не ведаючы яго на памяць. Сакрат называў яе сваёй настаўніцаў у справах любові, Платон (у адной з прыпісаных яму эпіграмаў) – дзясятай музай. Паэзія Сапфо значна паўплывала на Катула і Гарацыя.

Чытайце таксама

Джэймс Мэцью Бары

Джэймс Мэцью Бары

Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”

Давід Шульман

Давід Шульман

Празаік, піша па-беларуску і па-руску.

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст

Іда Хегазі Хёер

Іда Хегазі Хёер

Нарвежская пісьменніца.

629