№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Выдаюць 25-томнік Караткевіча

2 жніўня 2010

Выдаюць 25-томнік Караткевіча
Гэта будзе першае поўнае навуковае выданне з каментарамі. Папярэдні збор пісьменніка (1987–1991) налічваў толькі восем тамоў. Але ўжо пасля яго выхаду свет пабачылі кнігі з творамі, якім не знайшлося месца ў васьмі тамах, – «Галасы маіх сяброў» (пераклады У. Караткевіча), «Творы», якія пры жыцці не друкаваліся, «Свет вачыма Караткевіча» (яго малюнкі) і іншыя.

На наступны год запланаваны выхад двух тамоў, якія ўключаць паэзію 1950-х – 1984 гг.: творы са зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986); творы, якія не ўваходзілі ў зборнікі і якія не друкаваліся пры жыцці аўтара. Таксама з’явіцца дыск з вершамі і песнямі ў выкананні самога Караткевіча.

Усіх дыскаў будзе тры. Іх мяркуюць прыкладаць да канкрэтных тамоў. У другі CD увойдуць выступленні пісьменніка на тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў Беларусі і іншае. Асобным дыскам выйдзе электронная бібліятэка твораў Уладзіміра Караткевіча. Такой бібліятэкай ужо цяпер можна карыстацца на сайце uladzimir-karatkevich.com.

Акрамя вядомых «Каласоў пад сярпом тваім», «Чорнага замка Альшанскага», «Чазеніі», «Ладдзі Роспачы» збор твораў дасць магчымасць пазнаёміцца з тэкстамі, якія ніколі не друкаваліся для шырокай аўдыторыі.

Тры тамы зоймуць сцэнары Караткевіча да мастацкіх і дакументальных фільмаў, лібрэта: «Сведкі вечнасці», «Чырвоны агат», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншыя. Асобную кнігу складуць малюнкі, шаржы, аўтапартрэты Уладзіміра Караткевіча.

Яшчэ два тамы адводзяцца для новых знаходак. Па словах кіраўніка праекту і аднаго з укладальнікаў Анатоля Вераб’я, хутчэй за ўсё, знойдуцца невядомыя раннія вершы і апавяданні Караткевіча, пераклады, а калі пашчасціць, то нешта і з буйной прозы. Да прыкладу, сёлета была апублікаваная невядомая раней рускамоўная аповесць Уладзіміра Караткевіча «Перадгісторыя».

Завяршыць выданне збору твораў мяркуюць да 90-годдзя пісьменніка.
паводле nn.by

Чытайце таксама

Сэкс, джаз і алкаголь: выйшаў даведнік па Вільні шалёных 70-х

Пасля цяжкай працяглай працы выйшаў з друку першы беларускі пераклад славутага рамана "Віленскі покер" Рычарда Гавяліса. Антысавецкі дэтэктыў, эратычны трылер і разам з тым даведнік па аўтэнтычнай Вільні,…

"Габрэйскі акцэнт": прэзентацыя новага нумару часопіса "ПрайдзіСвет"

11 верасня ў кнігарні “логвінаЎ” пройдзе вялікая “афлайнавая” прэзентацыя “Габрэйскага акцэнту” — новага нумару “ПрайдзіСвета” — з удзелам вядомых беларускіх аўтараў і перакладчыкаў.

Прэмію Шэрмана ўручаць 25 кастрычніка

Сёлета на прэмію Шэрмана намінаваліся 32 кнігі, перакладзеныя з 15 моваў.

Па-беларуску выйшаў знакаміты раман албанца Ісмаіла Кадарэ

Максім Мудроў пераклаў на беларускую мову раман Ісмаіла Кадарэ "Хроніка ў камені". Гэтая кніга лічыцца адным з самых вядомых твораў албанскага пісьменніка. А Кадарэ — зорка першай велічыні. Беларусы сталі…

іншыя навіны
192